Перайсці да зместу

На Заходнім фронце без перамен (1931)/На Заходнім фронце без перамен

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На Заходнім фронце без перамен
Раман
Аўтар: Эрых Марыя Рэмарк
1932 год
Арыгінальная назва: Im Westen nichts Neues (1928)
Пераклад: Хвядос Шынклер

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Гэтая кніга не зьяўляецца ні абвінавач-
ваньнем, ні споведзьдзю. Яна толькі робіць
замер расказаць аб пакаленьні, якое было
зьнішчана вайной, хоць і ўнікнула яе гранат.


I

Мы разьмясьціліся ў дзесяці кілёмэтрах пазадзі фронту. Учора нас зьмянілі; зараз нашы страўнікі поўны фасоляй і ялавічынай; мы пад’елі і здаволены. Нават на вячэру кожны з нас здолеў набраць поўны кацялок; акрамя таго, у нас падвойныя порцыі каўбасы і хлеба. Такога выпадку ўжо даўно ня было: кухар, з чырвонай, як памідор, галавой, проста навязваецца з ежай; кожнага хто праходзіць паўз яго, ён заклікае апалонікам і адным махам дапаўна налівае ягоны кацялок. Ён у вялікім замяшаньні, бо ня ведае, як спаражніць сваю паходную кухню. Т’ядэн і Мюлер прыдбалі сабе па рукамыйнай лаханцы і налілі іх поўна да ўскрайку, на запас. Т’ядэн робіць гэта з ненажэрнасьці, Мюлер — з прадбачлівасьці. Куды Т’ядэн усё гэта падзяе — загадка. Ён як быў, так і застаецца сухарлявым селядцом.

Але самае галоўнае тое, што нам далі таксама падвойныя порцыі тутуну. На кожнага дзесяць цыгар, дваццаць папярос і два кавалкі жавальнага тутуну, — гэтага зусім досыць. Я памяняў свой жавальны тутун на папяросы Катчынскага, дзеля чаго ў мяне атрымалася сорак штук. Гэтак ужо магчыма пратрымацца дзень.

Уласна, гэткі падарунак нам зусім не рыхтавалі. Прусакі зусім ня так велікадушны. Усім гэтым мы абавязаны непаразуменьню.

Два тыдні назад мы павінны былі зьмяніць на перадавых позіцыях адну з рот. На нашым вучастку было параўнаўча спакойна, і таму да дню нашага звароту капцёр атрымаў поўную норму продуктаў і прыгатаваў ежы на ўсе сто пяцьдзесят штыхоў.

Але якраз у апошні дзень на нашу долю прыпала надзвычай многа ангельскіх гаўбіц і цяжкіх знарадаў, якія бесьперастанку білі па нашых акопах, дзеля чаго мы панесьлі цяжкія страты, і нас зьвярнулася толькі восемдзесят чалавек. Нас зьмянілі ўначы і мы зараз-жа раскватэраваліся, каб раней за ўсё як сьлед паспаць. Уласна, Катчынскі мае рацыю; на вайне было-б ня так ужо кепска, каб было больш сну. На позіцыях пра гэта думаць не выпадае, а спаць адзін раз на два тыдні — гэта доўгі тэрмін.

Было ўжо а поўдні, калі першыя з нас павыпаўзалі з баракаў. Праз паўгадзіны кожны ўзброіўся кацялком, і мы зьбіліся перад кухняй, ад якой несла тлустым і апэтытным пахам. Наперадзі, вядома, — самыя галодныя: маленькі Альбэрт Крон, найбольш разважны ад усіх нас, а таму ўжо яфрэйтар; Мюлер 5-ы, які цягае ’шчэ за сабой падручнікі і марыць пра выпускныя зкзамены; у часе гураганнага агню ён вывучвае на памяць лекцыі па фізыцы; Леер, які носіць бараду і вельмі схільны да дзяўчат з публічнага дому для паноў афіцэраў; ён прысягае пры гэтым, што, згодна загаду па арміі, яны абавязаны насіць шаўковыя кашулі і папярэдне браць ванну, прымаючы гасьцей, пачынаючы ад палкоўніка і вышэй; чацьверты — я, Паўль Боймэр. Усе чэцьвера — дзевятнаццаці гадоў, усе чэцьвера — трапілі на вайну з аднае школьнае лаўкі.

Шчыльна з намі — нашы сябры. Т’ядэн, худы сьлесар, адных гадоў з намі, самы пражорлівы ад усяе роты; ён садзіцца за ежу хударлявым і адыходзіць разьдзьмуты, як цяжарны клоп. Гайе Вэсттус, тых-жа гадоў, рабочы на торфараспрацоўках, які лёгка можа заціснуць у руцэ цэлы салдацкі хлеб і запытацца: — здагадайся, што ў мяне ў кулаку? — Дэтэрынг — селянін, які марыць толькі пра сваю гаспадарку і пра сваю жонку, і, нарэшце, Станіслаў Катчынскі, галава нашай кампаніі, моцны, хітры, калматы, сарака гадоў, з зямлістым тварам і блакітнымі вачыма, з пахілымі плячмі і дзіўнай здольнасьцю дагадвацца пра небясьпеку, што насоўваецца, пра магчымасьць раздабыць добрую ежу і прымайстравацца з найвялікшымі выгодамі.

Наша група стаяла першай у чарзе перад паходнай кухняй.

Мы пачыналі ўжо траціць цярплівасьць, бо кухар, які нічога не падазраваў, працягваў стаяць і чакаць.

Нарэшце Катчынскі закрычаў яму:

— Ну, адчыняй сваю супавую крамку, Гэнрых! Ясна-ж, што фасоля даўно ўжо гатовая.

Той вяла паківаў галавой:

— Сьпярша ўсе зьбярэцеся.

Т’ядэн усьміхнуўся:

— Мы ўсе тут.

Унтэр-афіцэр яшчэ нічога ня ведаў.

— Гэта-б было вам на руку. А дзе-ж усе астатнія?

— Табе ня прыдзецца іх карміць: у палявым лазарэце ды брацкай магіле.

Кашавар быў ашаломлены, даведаўшыся пра здарэньні. Ён завагаўся:

— А я вось наварыў на сто пяцьдзесят чалавек!

Кроп тхнуў яго ў рэбры:

— Тады мы хоць аднаго разу будам сытымі. Ну, жыва, пачынай!

Раптам Т’ядэну ўспала на розум нейкая думка. Яго востры мышыны твар, як звычайна, зазьяў. Вочы звузіліся ад хітрасьці, шчокі зядзёргаліся, і ён падышоў бліжэй:

— Дзяцюк, дык ты хлеба таксама атрымаў на сто пяцьдзесят чалавек?

Унтэр-офіцэр, ашаламлёны і зьбянтэжаны, пацьвердзіў кіўком галавы.

Т’ядэн схапіў яго за шынэль:

— Каўбасу таксама?

Падобная да памідору галава зноў заківала.

У Т’ядэна задрыжэлі сківіцы:

— Тутуну таксама?

— Так, так, увесь харч.

Т’ядэн зьзяючы, азірнуўся.

— А ліха яго вазьмі, ну і шанцуе-ж нам! Дык гэта ўсё для нас! У такім выпадку кожны атрымае, — пачакайце, — ну, вядома, якраз падвойныя порцыі!

Тут памідор абвясьціў:

— Гэта ня пройдзе…

Аднак мы ажывіліся і прасунуліся наперад.

— Чаму-ж ня пройдзе, маркоўка? — запытаўся Катчынскі.

— Што належыць на сто пяцьдзесят чалавек, — нельга даць на восемдзесят.

— А гэта мы табе зараз пакажам, — прабурчэў Мюлер.

— Наконт полудню будзе па вашым. Але паёк я магу даць толькі на восемдзесят чалавек! — супярэчыў памідор.

Катчынскі раззлаваўся:

— Ці ня час цябе зьмяніць? Вось што! Ты атрымаў харч не на восемдзесят чалавек, а для другой роты. Ну і выдавай яго! Другая рота — гэта мы!

Мы ўзялі хлапца ў работу. Яго ўсе ня любілі, бо ён ўжо двойчы быў вінен у тым, што мы атрымалі полудзень у акопах са спазьненьнем і халодны: ён баяўся падвесьці сваю кухню ў часе артылерыйскага агню даволі блізка, і нашаму днявальнаму даводзілася рабіць больш доўгі шлях, чымся ў іншых ротах. Бульке з першай роты быў куды лепшым. Праўда, ён растлусьцеў, як хамяк узімку, але ён цягнуў, калі было патрэбна, свае катлы да самай першай лініі.

Настрой у нас быў самы прыдатны, каб пачаць, але ў гэты час вынырнуў наш ротны камандзір. Ён даведаўся пра прычыны нашых спрэчак і спачатку сказаў толькі:

— Так, учора мы мелі вялікія страты…

Потым, глянуў у казан, ён дадаў:

— Бабы нібы і нішто.

Памідор пацьвердзіў:

— Варыліся з тлушчам і мясам.

Лейтэнант паглядзеў на нас. Ён ведаў, пра што мы ўсе думаем. Ён ведаў і яшчэ шмат чаго, бо ён вышаў з нашага асяродзьдзя і прыбыў у роту ўнтэр-офіцэрам. Ён яшчэ раз падняў покрыўку катла і панюхаў.

Абыходзячы, ён сказаў:

— Прынясеце мне таксама талерку! А пайкі раздаць. Яны нам спатрэбяцца!

Памідор зрабіў дурны твар.

Т’ядэн скакаў вакол яго.

— Ды цябе-ж ад гэтага не паменшае? Ён робіць так, нібы інтэнданцтва — яго ўласнасьць. А цяпер пачынай, стары абжора, ды, глядзі, не пралічыся!..

— Заткні глотку! — агрызнуўся памідор. Ён быў выбіты з каляіны. Усё ішло насуперак яго разуменьням, ён перастаў пазнаваць сьвет. І нібы, жадаючы давесьці, што яму ўсё абыякава, ён самавольна выдаў яшчэ па паўфунта штучнага мёду на чалавека.

Дзень сёньня сапраўды выдатны. Нават пошта прышла, і амаль кожны атрымаў два-тры лісты і газэты. Паволі мы накіроўваемся на палянку, пазадзі баракаў. Кроп нясе пад пахай круглае донышка ад бочкі з-пад маргарыны.

Справа, на ўскрайку лажку пабудаваны агульны клёзэт — закрыты, моцны будынак. Але гэта для новабранцаў, якія яшчэ не навучыліся знаходзіць выгоду ў кожнай рэчы. Мы-ж шукаем чаго-небудзь лепшага. Паўсюду раскінуты яшчэ невялікія пабудовы на аднаго, якія служаць тэй-жа мэце. Яны чатырохкантовыя, чыста зробленыя, цалкам з дрэва, зусім закрытыя, з беззаганна выгодныя сядзеньнем. Збоку на сьценках ёсьць ручкі, так што іх можна пераносіць.

Мы ссоўваем тры гэткіх домікі ў кружок і выгодна рассажваемеся. Раней чым праз дзьве гадзіны мы адсюль ня выйдам.

Я яшчэ памятаю, як, быўшы новабранцам у казармах, мы спачатку саромеліся, калі нам трэба было карыстацца агульным клёзатам. Дзьвярэй там ня было. Дваццаць чалавек сядзяць адзін ля аднаго, нібы ў чыгуначным вагоне. Іх можна аглядзець адным поглядам: салдат заўсёды павінен быць пад наглядам.

За гэты час мы навучыліся куды больш, чым заціскаць гэтую няшчасную сарамлівасьць. Скора і шмат чаго іншага зрабілася для нас звычайным.

Але тут на свабодзе гэты занятак зьяўляецца проста ўцехай. Я цяпер ня ведаю, чаму мы раней павінны былі праходзіць сьціпла паўз такія рэчы. Гэта-ж натуральна, як ежа і пітво. І, бадай, ня варта было-б завельмі шмат казаць пра гэта, калі-б гэтыя рэчы ня гралі ў нашых умовах такую важную ролю, і калі-б такія адносіны да іх не зьяўляліся для нас навіной — для астатніх усё гэта ўжо даўным даўно было зразумела само сабою.

Для салдата яго страўнік і страваваньне ежы ўяўляецца справай куды больш важнай, чым для ўсякага іншага, і гэтая галіна — крыніца трох чвэртак яго слоўнага багажу; выраз найвышэйшай радасьці і найглыбейшай прыкрасьці знаходзіць тут неабходную моц.

Немагчыма іншым спосабам выразіцца так дакладна і яскрава. Нашыя родныя і нашы настаўнікі будуць зьдзіўлены, калі мы зьвернемся дахаты, але тут гэта — унівэрсальная мова.

Для нас усе гэтыя зьявы, дзякуючы сваёй адкрытай шчырасьці, набылі сваю першабытную прыгажасьць. Больш таго, яны зрабіліся для нас нагэтулькі зразумелымі, што прыемнае выкананьне цэніцца ў такой-жа меры, як скажам, моцна зроблены бліндаж, які не паддаецца знарадам. Нездарма ўзьніклі словы «клёзэтная балбатня», гэтыя мейсцы на вайсковай службе зьяўляюцца куткамі для плётак і замяняюць сабой сталы столік ва ўлюбёным шынку.

Тут мы адчуваем зараз сябе лепш, чым калі-б знаходзіліся ў раскошнай прыбіральні, са сьценкамі з белых кахляй. Там, можа быць, толькі гігіенічна, тут-жа проста добра.

Гэтыя дзівосныя бяздумныя гадзіны! Над намі распасьцёрлася блакітнае неба. На горызонце вісяць ярка асьветленыя жоўтыя назіральныя балёны і белыя воблачкі выбухаў. Зрэдку, прасьледуючы лётніка, яны высока ўзьлятаюць у паветры, як снапы.

Толькі аддаленай навальніцай даносіцца да нас заглушаная здань фронту. Гудзеньне чмялёў, што ляцяць паўз нас, ужо заглушае яе.

А наўкол нас распасьцёрся квітнеючы луг. Калышуцца кволыя вяночкі траў, на іх усаджваюцца капусьніцы, яны пырхаюць пад мяккім, цёплым ветрыкам позьняга лета. Мы чытаем лісты, газэты і курым. Мы здымаем фуражкі і кладзем іх каля сябе. Вецер бавіцца нашымі валасамі, гуляе нашымі словамі і думкамі.

Тры скрыні стаяць сярод агністых, чырвоных палявых макаў.

Мы кладзем донышка з-пад маргарыну на каленкі. Такім чынам у вас ёсьць удалая падстаўка для гульні ў скат, у Кропа заўсёды з сабой карты. Мы гуляем партыю ў «шыбэрамш». Так можна было-б сядзець бясконца.

З бараку да нас даносяцца гукі гармоніку. Зрэдку мы адкладаем карты і глядзім адзін на другога. Тагды хто-небудзь гаворыць: — Эх, хлопцы, хлопцы!.. — або: — магло-б быць і горш. І мы на момант змаўкаем. Ва ўсіх нас жыве адно моцнае адчуваньне, кожны з нас чуе яго, але няма патрэбы ў вялікай колькасьці слоў. Лёгка магло-б здарыцца, што сёньня мы ўжо не сядзелі-б у нашых доміках, мы былі надзвычай блізка ад гэтага. І таму ўсё здаецца новым і моцным — чырвоныя макі і добрая ежа, пацяросы і летні ветрык.

Кроп пытаецца:

— Ці ня бачыў хто-небудзь з вас яшчэ раз Кемэрыха?

— Ён ляжыць у брацтве сьв. Юзэфа, — адказваю я.

Мюлер лічыць, што ў яго прастрэлена бядро. Добрая прычына, каб накіравацца на бацькаўшчыну.

Мы парашаем наведаць яго пасьля поўдня.

Кроп вымае ліст:

— Я мушу перадаць вам прывітаньне ад Канторэка.

Мы сьмяемся. Мюлер кідае сваю папяросу і кажа:

— Вось-бы яго сюды на фронт!

Канторэк быў нашым клясным настаўнікам, маленькі, суворы чалавек, у шэрым сурдуце, з тварам зямлярыйкі. Ён быў амаль аднаго росту з унтэр-офіцэрам Гімэльштосам, — «Пагрозай Клёстэрбэргу». Між іншым, ці-ж ня сьмешна, што прычынай шматлікіх няшчасьцяў, у большасьці выпадкаў на сьвеце зьяўляюцца нярослыя людзі? Яны куды энэргічней і абрыдлівей, чым людзі высокага росту. Я заўсёды сьцярогся, каб ня трапіць у часьці з нярослымі ротнымі камандзірамі; у большасьці выпадкаў гэта праклятыя скурадзёры.

Канторэк трымаў перад намі на лекцыях гімнастыкі такія доўгія прамовы, што нарэшце ўся наша кляса, пад яго камандай, накіравалася ва ўправу акруговага вайсковага начальніка і заявіла пра сваю гатоўнасьць пайсьці на вайсковую службу. Я яшчэ бачу яго перад сабой, ён бліскае на нас вачмі праз акуляры і пытаецца расчуленым голасам:

— І вы-ж не адстанеце, таварышы?

Такія выхавальнікі часта трымаюць свае пачуцьці напагатове ў жылетнай кішэні і штогадзінна выдаткоўваюць іх. Аднак у той час мы яшчэ ня мелі аб гэтым уяўленьня. Адылі, адзін з нас вагаўся і не жадаў ісьці разам з намі. Гэта быў Юзэф Бэм, тлусты, дабратлівы хлапец. Але потым і ён здаўся на ўгаворы, — ды інакш і быць не магло. Магчыма, шмат хто думаў таксама, як і ён, але ніхто не адважваўся вылучыцца, бо ў той час нават бацькі заўсёды былі напагатове прамовіць слова «трус». Людзі ня мелі нават драбнюткага ўяўленьня пра тое, што нас чакала. Найбольш разважнымі зьяўляліся, уласна, бедныя і простыя людзі; яны адразу ўспрынялі вайну як няшчасьце, у той час як больш заможныя згубілі голаў ад радасьці, хоць іменна ім і трэ’ было-б за іншых уразумець яе вынікі.

Катчынскі сьцьвярджае, што гэта ад адукаванасьці, якая робіць іх бязглуздымі. А калі Кат што-небудзь скажа, дык ён ад гэтага не адступіцца.

Дзякуючы дзіўнай выпадковасьці, Бэм быў першым з тых, што загінулі. У часе атакі ён атрымаў стрэл у вочы і мы пакінулі яго, мяркуючы, што ён забіты. Забраць яго мы не маглі, бо мы былі адкінуты і мусілі адступаць. Пасьля поўдня мы раптам пачулі, што ён кліча, і ўбачылі як ён поўз наперадзе акопаў. Відаць, ён раней проста страціў прытомнасьць. Таму што ён нічога ня бачыў і вар’яцеў ад болю, ён поўз, ня шукаючы заслоны, і варожыя стрэлы даканалі яго раней, чымся хто з нас прысьпеў яго адцягнуць.

Зразумела, нельга ставіць гэтага ў якую-небудзь сувязь з Канторэкам: што здарылася-б з сьветам, калі-б мы ўжо гэта называлі віной? Існавалі тысячы Канторэкаў, якія ўсе былі пэўныя ў тым, што яны найвыгоднейшым для сябе спосабам твораць дабро.

Але для нас іменна ў гэтым — іх банкруцтва.

Але для нас-жа восемнаццацігадовых хлапчукоў, яны павінны былі служыць настаўнікамі і кіраўнікамі, якія вядуць да сталасьці, да сьвету працы, абавязку, культуры і процэсу, да будучыні. Мы ня раз кпілі з іх і ўладжвалі ім бяскрыўдныя каверзы, аднак у глыбі душы мы ім усё-ж верылі. Зразуменьнем аб аўторытэце, носьбітамі якога яны зьяўляліся, у нашых думках спалучаліся вялікая празорлівасьць і чалавечыя веды, але першы забіты якога мы ўбачылі, разьбіў гэтае перакананьне. Мы зразумелі, што наша пакаленьне больш добрароднае, чымся іхняе: яны фарсілі толькі фразамі і прызвычаеннасьцю. Першы-ж гураганны агонь давёў нам нашу памылку, і пад гэтым-жа агнём згінуў паданы нам сьветапогляд.

У той час, як яны ўсё яшчэ пісалі і балбыталі, — мы бачылі лазарэты і паміраючых; у той час, як яны сьцьвярджалі, што служэньне дзяржаве зьяўляецца вышэйшым абавязкам, — мы ўжо ведалі, што страх перад сьмерцю мацнейшы за яго. Мы для гэтага не зрабіліся мяцежнікамі, дэзэртырамі, трусамі — яны-ж так ахвотна хапаліся за гэтыя эпітэты! Мы любілі нашу бацькаўшчыну таксама, як і яны, і мы сьмела ішлі хоць у якую атаку, але цяпер мы ўжо навучыліся адрозьніваць, мы адразу навучыліся глядзець па-новаму. І мы ўбачылі, што ад іхняга сьвету нічога не засталося. Мы раптам жахліва адчулі, што мы адны; і мы павінны былі адны асіліць гэта.

Перад тым, як ісьці да Кемэрыха, мы складваем яго рэчы: яны яму згодзяцца ў дарозе.

У палявым лазарэце вялікая работа: як і заўсёды нясе карболкай, этэрам і потам. У бараках да сяго-таго прывычайваемся, але тут можа зрабіцца ніякавата.

Мы даведваемся пра Кемэрыха. Ён ляжыць у агульнай палаце і сустракае нас слабым выразам радасьці і бяспомачнага ўзбуджэньня. У той час, калі ён быў няпрытомным, у яго скралі гадзіньнік.

Мюлер ківае галавой:

— Я табе заўсёды казаў, што гэткі добры гадзіньнік ня трэ’ было браць з сабой.

Мюлер крыху нячулы і цяжкі на розум. Інакш ён-бы прытрымаў язык: кожнаму-ж ясна, што Кемэрых ужо ніколі ня выйдзе з гэтай палаты. Ці знойдзе ён свой гадзіньнік, гэта зусім абыякава: самае вялікшае, што можна зрабіць, — гэта паслаць гадзіньнік яго родным.

— Як маешся, Франц? — запытваецца Кроп.

Кемарых апускае галаву.

— Ды нішто, толькі гэты пракляты боль у назе!

Мы глядзім на коўдру. Нага яго ляжыць у дротаванай шыне. Ад гэтага коўдра вельмі ўзьнялася. Я наступаю Мюлеру на нагу, бо ён гатовы сказаць Кемэрыху тое, аб чым сказаў нам санітар: што ў Кемэрыха ўжо няма нагі. Яна ампутавана.

Ён мае жудасны выгляд: жоўты, бляды, а на твары ўжо прыкметны тыя чужыя цені, якія мы так добра ведаем, таму што нам даводзілася бачыць іх сотні разоў. Уласна кажучы, гэта нават ня рысы, а хутчэй адзнакі. Пад скурай ня пульсуе жыцьцё, яно выціснута да граняй цела, сьмерць прабіваецца з сярэдзіны і ўжо заўладала вачыма. Перад намі ляжыць наш таварыш Кемэрых, які яшча нядаўна смажыў разам з намі каніну і хаваўся ў варонцы ад знарадаў; гэта яшчэ ён, і ўсё-ж гэта ўжо ня ён. Яго вобраз змыўся і зрабіўся нявыразным, як фотографічная плеўка, на якой было зроблена два здымкі. Нават голас яго гучыць, як попел.

Я ўспамінаю аб тым, як мы тады ад’яжджалі. Яго маці, добрая, тоўстая жанчына, прывезла яго на вагзал. Яна плакала бесьперастанку, ад гэтага яе твар разьмяк і апух. Кемэрых сароміўся гэтага, бо яна ўладала сабой менш за ўсіх астатніх і літаральна зыходзіла тлушчам і вадой. Да таго яна чамусьці ўчапілася за мяне, увесь час хапала мяне за руку і ўпрашвала даглядаць там яе Франца. У яго быў амаль заўсёды дзіўны твар, і косьці да таго мяккія, што пасьля месячнага паходу з ранцам, у яго зрабілася плюскатай ступня. Але як можна дагледзіць за кім-небудзь на вайне!

— Цяпер ты паедзеш дахаты, — гаворыць Кроп, — водпуску табе давялося-б чакаць яшчэ прынамсі месяцы са тры-чатыры!

Кемэрых ківае. Я не магу спакойна глядзець на яго рукі: яны мэрам з воску. Пад падногцямі застрэў бруд з акопаў, ён здаецца сіня-чорным, як атрута. Мне ўспала на розум, што яго пазногці будуць доўга расьці, зданьнёвым сутарэньневым ростам, калі Кемэрых ужо даўно сканае. Я ўяўлю сабе карціну: яны выкрыўляюцца штопарам і ўсё растуць і растуць, а разам з імі і валасы на чэрапе, што памалу пачынае развальвацца пасьля яго сьмерці, — як трава на ўрадлівай глебе, зусім як трава. Як з гэтым пагадзіцца?

Мюлер нахіляецца:

Мы прынесьлі твае рэчы, Франц!

Кемэрых паказвае рукой:

— Пакладзеце іх пад ложак.

Мюлер выконвае. Кемэрых пачынае зноў пра гадзіньнік.

Як-бы яго супакоіць, не абудзіўшы ў ім ніякага падазрэньня?

Мюлер выпрастваецца, трымаючы ў руках пару авіяцыйных ботаў. Гэта прыгожыя ангельскія боты з мяккай жоўтай скуры, якія даходзяць да каленак і зашнуроўваюцца да самага верху. Завідная рэч! Мюлер ад іх прыходзіць у захапленьне, ён ставіць падэшвай да сваіх нязграбных бацінак і пытаецца:

— Ты хіба хочаш з сабой ўзяць боты, Франц?

Мы ўсе ўтрох думаем пра адно і тое-ж: нават калі-б ён і ачуняў, ён мог-бы насіць толькі адзін бот, — значыць яны ня былі-б яму патрэбны. Пры сучасным становішчы рэчаў шкода пакідаць іх тут: санітары сьцягнуць іх зараз-жа, як толькі ён сканае.

Мюлер кажа зноў:

— Ці не пакінеш ты іх тут?

Кемэрых ня хоча. Гэта яго лепшая рэч.

— Мы маглі-б іх замяніць, — зноў прапануе Мюлер, — такая рэч тут вельмі-б згадзілася-б!

Аднак Кемэрых не паддаецца.

Я наступаю Мюлеру на нагу; ён ня хоцькі ставіць боты пад ложак.

Мы яшчэ некаторы час гутарым з Кемэрыхам і пасьля разьвітваемся:

— Ачуньвай, Франц!

Я абяцаю заўтра прыйсьці ізноў. Тое-ж гаворыць і Мюлер; ён думае пра шнураваныя бацінкі і дзеля таго хоча іх упільнаваць.

Кемэрых стогне. У яго пал. Мы затрымліваем санітара і ўгаварваем яго зрабіць Кемэрыху ўпырскваньне.

Ён адмаўляецца:

— Калі кожнаму даваць морфі, дык нам траба мець цэлыя бочкі ў запасе.

— Ты, відаць, прыслугоўваеш толькі офіцэрам, — гаворыць Кроп з нянавісьцю.

Я сьпяшаюся ўмяшацца і для пачатку даю санітару папяросу. Ён бярэ яе. Тады я пытаюся:

— А хіба ты можаш рабіць упырскваньне?

Ён абражаны:

— Калі вы не даеце веры, дык чыго-ж вы просіце?

Я сую яму ў руку яшчэ пару папярос:

— Услужы нам!

— Добра ўжо, — гаворыць ён. Кроп уваходзіць разам з ім, ён яму нездавярае і хоча прасачыць за ім. Мы чакаем знадворку.

Мюлер зноў пачынае пра боты:

— Яны-б мне акурат падышлі. У гэтых чаўнох я намульваю сабе булдыр за булдыром. Як ты мяркуеш, пратрымаецца ён да заўтрага, да пачатку заняткаў? Калі ён памрэ ўначы, — ня бачыць нам гэтых ботаў…

Выходзіць Альбэрт.

— Як вы мяркуеце? — пытаецца ён.

— Зроблена, — адказвае Мюлер.

Мы зварочваемся ў свае баракі. Я думаю пра ліст, які заўтра мне давядзецца пісаць Кемэрыхавай маткі. Мяне трасе, мне хацелася-б выпіць кілішак гарэлкі. Мюлер рве траву і жмякае яе. Раптам маленькі Кроп кідае сваю папяросу, шалёна растаптвае яе, азіраецца з нейкім зьмянёным і растроеным тварам і мармыча:

— Праклятыя сволачы!.. Гэтыя праклятыя сволачы!..

Мы ідзем даволі доўга далей. Кроп супакоіўся. Мы ведаем, што з ім здарылася — гэта франтавое шалёнства, з кожным з нас гэта здаралася.

Мюлер пытаецца ў яго:

— Што, уласна кажучы, піша Канторэк?

Ён сьмяецца:

— Што мы, маўляў, жалезная моладзь.

Мы ўсе ўтрох зласьліва сьмяемся. Кроп лаецца: ён рады што можа гаварыць.

Але, так думаюць яны, гэтыя сотні тысяч Канторэкаў. Жалезная моладзь! Моладзь… Кожнаму з нас ня больш як дваццаць год. Але ці маладыя мы? Моладзь… Гэта даўно было… Мы — старыя.


II

Мне неяк дзіўна думаць, што дома, у скрынцы пісьмовага стала, ляжыць пачатая драма «Саул» і пачатак вершаў. Шмат вечароў патраціў я на гэта, дый амаль усе мы займаліся тым-жа, але цяпер мне гэта выдаецца да таго нерэльным, што я немагу сабе гэтага нават яскрава ўявіць.

З таго часу, як мы тут, наша ранейшае жыцьцё адцята, хоць мы нічога не зрабілі для гэтага. Іншы раз мы імкнемся знайсьці тлумачэньне ўсяму гэтаму, але гэта нам не ўдаецца. Іменна нам, дваццацігадовым, асабліва Кропу, Мюлеру, Лееру, мне, — нам, якіх Канторэк называў жалезнай моладзьдзю. Больш старыя людзі моцна зьвязаны з мінулым, яны маюць пад сабой глебу, у іх ёсьць жонкі, дзеці, служба, інтарэсы, якія да таго моцны, што вайна ня можа ўжо іх разбурыць. А ў нас, дваццацігадовых, ёсьць толькі бацькі, ды ў кагосьці каханая дзяўчына. Гэтага ня шмат, бо ў нашым узросьце моц бацькоў здаецца найбольш слабай, а дзяўчына зусім не пануе над усім астатнім. Апрача гэтага ў нас нічога няма. Крыху лятуцьлівасьці, мімалётныя захапленьні і школа. Далей наша жыцьцё не пайшло. І вось ад усяго гэтага нічога не засталося.

Канторэк, напэўна, сказаў-бы, што мы стаялі якраз на парозе быцьця. Так, падобна да гэтага. Мы яшчэ ня пусьцілі карэньняў. Вайна ўсё змыла. Для іншых, для старэйшых, яна — толькі перапынак, яны могуць разважаць скрозь яе. Мы-ж захоплены ёй і ня ведаем, чым усё гэта павінна скончыцца. Мы ведаем, дый то толькі на час, што мы дзіўным і няпрыемным спосабам падмануты, хоць гэта нас ужо больш і не засмучае.

Калі Мюлеру хочацца мець Кемэрыхавы боты, дык гэта ня значыць, што ў яго менш спачуваньня, чым у кожнага іншага, які ад гора не пасьмеў-бы аб гэтым думаць. Толькі ён умее адрозьніваць. Калі-б боты мелі для Кемэрыха якую-небудзь вартасьць, дык Мюлер згадзіўся-б скарэй бегчы басанож па калючым дроце, чымся разважаць пра тое, як-бы іх атрымаць. Але зараз гэтыя боты зьяўляюцца рэччу, якая ня мае нічога агульнага са становішчам Кемэрыха, тады як Мюлер мог-бы добра імі карыстацца. Кемэрых памрэ, — дык ці ня ўсёроўна, хто іх атрымае? Чаму-б не прэтэндаваць на іх Мюлеру? А калі Кемэрых памрэ, будзе запозна. Таму Мюлер ужо цяпер ужывае патрэбныя захады. Іншых узаемаадносін мы болыш не разумеем, таму што яны штучныя. Для нас верны і важны толькі факты. А добрыя боты — рэдкая рэч.

Раней гэта было ўсё інакш. Калі мы зьявіліся да акруговага вайсковага начальніка, мы былі проста групай з дваццаці школьнікаў, з якіх шмат хто ўпяршыню ў гэты дзень за кампанію з усімі астатнімі пайшоў памаліцца, раней чым ступіць на двор казармы. У нас ня было цьвёрдых плянаў на будучае, думкі пра кар’еру і профэсію мала ў каго настолькі аформаваліся, каб зьяўляцца яскравым плянам існаваньня; затое мы былі паўнюткі няясных ідэй, якія ў нашых вачох надавалі жыцьцю і нават вайне амаль романтычны характар.

Мы набылі вайсковую падрыхтоўку за дзесяць тыдняў, і за гэты час нас перапрацавалі больш глыбока, чым у дзесяць год знаходжаньня ў школе. Мы даведаліся, што вычышчаны гузік мае больш значэньня, чым чатыры тамы Шопэнгауэра. Спачатку са зьдзіўленьнем, потым з прыкрасьцю і ўрэшце, з абыякавасьцю мы ўпэўніліся, што ня дух мае рашаючае значэньне, а шчотка для ботаў, ня мысьль, а сыстэма, ня вольнасьць, а субордынацыя. Мы з захапленьнем і па сваёй ахоце зрабіліся салдатамі, але з намі зрабілі ўсё, каб вытруціць з нас і гэта. Пасьля трох тыдняў для нас ужо не здавалася незразумелым, што ў якога-небудзь поштальёна над намі больш улады, чым раней у бацькоў, выхавальнікаў і ўсіх сьвяціл культуры, пачынаючы ад Платона і канчаючы Гётэ. Сваімі маладымі зоркімі вачыма мы ўбачылі, што клясычнае разуменьне нашых настаўнікаў аб радзіме тут ператварылася ў такое адмаўленьне ад асобы, якога-б мы ніколі-б не патрабавалі ад апошняга слугі. Аддаваць чэсьць, станавіцца ва фронт, маршыраваць, браць на каравул, направа, кругом, ляскаць шпорамі, лаянка і тысячы прычэпак, — мы ўяўлялі сабе сваю задачу іншай, але ўбачылі, што нас рыхтуюць на геройства, як цыркавых коняй. Мы скора прызвычаіліся да гэтага. Мы нават зразумелі, што частка з усяго гэтага неабходна, але затое другая ў такой-жа ступені непатрэбная. У салдата на гэты конт нюх тонкі.

Групамі па тры-чатыры хлапцы наша кляса была расьсеяна па аддзаленьнях, разам з фрызьляндзкімі рыбакамі, сялянамі, рабочымі і рамесьнікамі, з якімі мы хутка пасябравалі. Кроп, Мюлер, Кемэрых і я трапілі ў дзевятае аддзяленьне, якім камандваў унтэр-офіцэр Гімэльштос. У казарме ён слыў за скурадзёра і ганарыўся гэтым. Нізкі, аспаваты чалавек, які праслужыў некалісь дванаццаць гадоў, з лісавымі закручынымі вусамі, па профэсіі паштальён. Ён асабліва ўзяў у работу Кропа, Т’ядэна, Вэстгуса і мяне, таму што ён адчуў захаваную непакорлівасьць.

Аднойчы раніцой я чатырнаццаць разоў прыбіраў яго ложак. Кожны раз ён знаходзіў які-небудзь недахоп і раскідаў яго. Я на працягу дваццаці гадзін, з невялікімі перапынкамі, да мяккасці начысьціў пару старажытніх скамянелых ботаў, так што сам Гімэльштос ня меў да чаго прычапіцца; я, па яго загадзе, начыста вышараваў капралавы пакой зубной шчоткай; Кроп і я ўзяліся, па яго распараджэньні, ачысьціць двор ад сьнегу пры дапамозе ручной шчоткі і шуфлямі, і мы ня кінулі-б працы да тэй пары, пакуль не замерзьлі, каб выпадкова не зьявіўся лейтэнант, які прагнаў нас, як сьлед вылаяўшы Гімэльштоса. Нажаль, гэта мела толькі той вынік, што Гімельштос яшчэ больш раззлаваўся на нас. На працягу чатырох тыдняў узапар, кожную нядзелю я нёс караул і на працягу таго-ж часу быў днявальным па казарме; пры поўным узбраеньні я рабіў па рыхлым, мокрым, сьметнікавым полі практыкаваньні: «устаць, крокам марш, кладзіся», да таго часу, пакуль не ператварыўся ў камяк бруду і ня выбіўся з сіл; праз чатыры гадзіны пасьля гэтага я павінен быў паказаць Гімэльштосу сваё бяззаганна вычышчанае абмундыраваньне, хоць рукі я нацёр да крыві; я, Кроп, Вэстгус і Т’ядэн, без рукавіц, пры моцным марозе, трымалі чвэрць гадзіны вінтоўку «на караул», і за намі сачыў Гімэльштос, які чакаў нашага наймаленькага руху, каб констатаваць правіну; а другой гадзіне ўначы ў аднэй кашулі я восем разоў зьбег з другога паверху казармы на двор за тое, што мае сподні зьвісалі на некалькі сантымэтраў ніжэй за ўскраек табурэткі, на якую кожны з нас павінен быў складаць свае рэчы. Побач мяне бег дзяжурны ўнтар-офіцэр Гімэльштос і наступаў мне на пальцы; пры штыховых практыкаваньнях я меў партнёрам Гімэльштоса, прычым мне ў рукі даваўся цяжкі жалезны кій, а яму лёгкая драўляная стрэльба, так што яму няцяжка было зьбіваць мне рукі да сінякоў; нарэшце я аднойчы дайшоў да такога шалёнства, што не разважаючы, кінуўся на яго і з такой сілай ударыў яго ў жывот, што ён расьцягнуўся лоўка. Калі ён надумаў паскардзіцца на мяне, ротны камандзір пасьмяяўся з яго і параіў яму быць больш ўважлівым: ён ведаў свайго Гімэльштоса і мэрам быў рады гэтаму выпадку. З мяне атрымаўся выдатны лазутчык па шафах; паступова я пачаў шукаць роўнага сабе ў прысяданьнях; нас пачынала трэсьці, як толькі мы чулі яго голас, але ўсё-ж мы не пакарыліся гэтаму ашалеламу паштоваму каню.

Аднаго разу, у нядзелю, у лягерах, калі Кроп і я несьлі праз двор з прыбіральні вядро на жардзіне, а Гімэльштос, пачысьціўшыся і прыфасоніўшыся напагатове да пагулянкі, праходзіў паўз нас, ён спыніўся перад намі і спытаўся, як падабаецца гэта работа, — мы зрабілі выгляд, што спатыкнуліся, і вылілі яму вядро на ногі.

Ён дайшоў да дзікай злосьці, але чаша нашае цярплівасьці была перапоўнена.

— За гэта пойдзеце ў цытадэлю! — крычаў ён.

Кроп ня вытрымаў.

— Сьпярша будзе расьледваньне, і тады мы дамо свае паказаньні, — сказаў ён.

— Як вы размаўляеце з унтэр-офіцэрам! — зароў Гімэльштос. — Вы з глузду зьехалі? Пачакайце пакуль вас запытаюцца. Што вы зьбіраецеся рабіць?

— Выкласьці ўсю праўду пра пана ўнтэр-офіцэра, — адказаў Кроп і ўзяў рукі па швох.

Цяпер толькі Гімэльштос заўважыў што здарылася, і, ні гаворачы ні слова, пайшоў. Праўда, раней чым зьнікнуць, ён пагразіўся:

— Я вам гэта прыпомню! — Але ўлада яго над намі скончылася. Ён яшчэ раз наважыўся прарабіць практыкаваньне на сьметнікавым полі «кладзіся, устаць, крокам марш!» Мы выконвалі яго загады (бо загад застаецца загадам і яго трэ’ выконваць), але рабілі гэта так марудна, што Гімэльштос гатовы быў дайсьці да роспачы. Паслухмяна асядалі мы на каленкі, пасьля на руку і г. д., а ён між тым у шаленстве падаваў другую каманду. Ён пасьпяваў асіпнуць раней, чымся мы пасьпявалі ўспацець. Ён пакінуў нас у спакоі. Праўда, ён называў яшчэ нас нягоднікамі. Але тут захоўвалася ўжо частка павагі.

Было таксама шмат прыстойных, больш рассудных капралаў, і такіх было нават большасьць. Але кожны з іх раней ад усяго імкнуўся як мага больш пратрымацца на бясьпечным месцы ў тыле, а гэта можна было зрабіць толькі будучы строгім з новабранцамі.

На нашу долю прыпала такая казарменная шліфоўка, якой немажліва сябе ўявіць, і нам часта даводзілася раўсьці ад ашалеласьці. Шмат хто з нас захварэў у гэтых абставінах, Вольф нават памёр ад запаленьня лёгкіх. Але мы-б зрабіліся ўсеагульным паглумішчам, калі-б пакорліва ўсё выконвалі. Нас зрабілі жорсткімі, недаверлівымі, бязжаласьлівымі, помстлівымі, грубымі, — і гэта было добра, бо іменна гэтых уласьцівасьцяй нам не хапала. Калі-б нас паслалі ў акопы бяз гэтай падрыхтоўкі, дык, мабыць, большасьць з нас звар’яцела-б.

А цяпер мы былі падрыхтаванымі да таго, што нас чакала. Мы не зламаліся, мы здолелі прыстасавацца; нашы дваццаць год, якія нам шмат да чаго былі перашкодай, тут прыйшлі нам на дапамогу. Але самым значным было тое, што ў нас прачнулася моцнае, практычнае пачуцьцё зьлітаванасьці, якое пасьля, у акопах, вырасла ў найлепшае, што прынесла вайна — у таварыскасьць!

Я сяджу на Кемэрыхавым ложку. Яму ўсё горш і горш. Наўкола нас вялікая тузаніна. Прыбыў санітарны цягнік, і параненыя, здольныя да пераезду, эвакуююцца. Праз Кемэрыхаў ложак праходзіць доктар. Ён нават ня кінуў вокам на Кемэрыха.

— Наступным разам, Франц! — кажу я.

Ён прыпаднімаецца, абапіраючыся на падушку локцямі.

— Яны мяне ампутавалі.

Дык ён ўжо ведае пра гэта! Я ківаю і кажу:

— Радуйся, што хоць так адрабіўся!

Ён маўчыць.

— Ты мог-бы пазбавіцца абедзьвюх ног, Франц! — працягваю я. — Вэгелер страціў правую руку. Гэта куды горш. Цяпер ты паедзеш дамоў.

— Ты думаеш?

— Вядома!

Ён паўтарае:

— Ты думаеш?

— Бязумоўна, Франц! Табе толькі трэба ачуняць пасьля опэрацыі.

Ён робіць мне знак, каб я наблізіўся. Я нахінаюся над ім і ён гаворыць шэпатам.

— Я гэтаму не даю веры!

— Не кажы глупства, Франц! Дні праз два ты сам пабачыш. Не такая ўжо сур’ёзная справа — ампутаваная нага; тут вылечваюць і не такія рэчы.

Ён паднімае руку.

— Глянь сюды на гэты палец.

— Гэта ад опэрацыі. Ты толькі харчуйся добра, тады пачнеш ачуньваць. Вас добра кормяць?

Ён паказвае на місу напалову яшчэ поўную. Я абураюся:

— Франц, ты павінен есьці. Ежа — гэта самае галоўнае. Тут-жа кормяць вельмі добра.

Ён адмахваецца ад мяне. Пасьля невялікай паўзы ён павольна гаворыць:

— Некалісь-ці я жадаў зрабіцца старэйшым лясьнічым.

— Дый ты і цяпер здолееш заняцца гэтай справай, — спацяшаю я яго. — Цяпер робяць раскошныя протэзы, ніхто і не заўважыць, што ў цябе няма нагі. Яны прымыкаюць да мускулаў. Пры протэзах для рук можна рухаць пальцамі і працаваць, нават пісаць. Апрача таго, у далейшым будуць вынайдзены ўсё новыя і новыя ўдасканаленьні.

Ён ляжыць праз некаторы час моўчкі. Потым гаворыць:

— Ты можаш узяць для Мюлера маі бацінкі.

Я ківаю і думаю пра тое, што-б сказаць яму, каб яго падбадзёрыць? Яго губы стушаваліся, рот зрабіўся большым, зубы тырчаць з роту і здаецца што яны нібы з крэйды. Цела яго растае, лоб робіцца больш пукатым, сківіцы выдаюцца. Шкілет праціскаецца скрозь скуру. Вочы ўжо праваліліся. Праз некалькі гадзін ён сканае.

Ён ня першы, якога я бачу такім, але мы з ім выгадаваліся разам і гэта ўсё-ж дае некаторую розьніцу. У школе ён часьцей за ўсё насіў цынамонавы гарнітур з паскам. Гарнітур гэты быў дужа пацёрты на локцях. На лекцыях гімнастыкі ён быў самы хвацкі ад нас. Валасы ў яго рассыпаліся па твары, як шоўк, калі ён набіраў вышыню. Канторэк дзеля гэтага ганарыўся ім. Папярос Франц не пераносіў. Скура ў яго была вельмі белай, і ў ім наогул было нешта, што нагадвала дзяўчыну.

Я кідаю погляд на свае боты. Яны вялікія і нязграбныя. Штаны запрўлены ў сярэдзіну, калі ўстаеш, дык у гэтых шырокіх трубах выдаешся шырокім і дужым. Але калі мы ідзем у лазьню і распранаемся, у нас зноў, нечакана, тонкія ногі і вузкія плечы. Тады мы перастаем быць салдатамі, а робімся амаль хлапчукамі; ніхто-б нават ня даў веры, што мы ўмеем насіць ранцы. Дзіўныя моманты, калі мы бываем аголенымі; тагды мы робімся «цывільнымі», і нават амаль што адчуваем сябе імі.

Франц Кемэрых паказваўся ў лазьні маленькім і тонкім, як дзіцё. Цяпер ляжыць ён тут. Але чаму?.. Варта было-б увесь сьвет прывесьці да гэтага ложка і сказаць:

— Гэта Франц Кемэрых, дзевятнаццаці з паловай год. Ён ня хоча паміраць. Ня дайце яму памерці!

Мае думкі блытаюцца. Гэта паветра, насычанае карболкай і гарэлым, забірасцца ў грудзі і цісьне, нібы ліпучая густая каша.

Зьмяркаецца. Кемэрыхаў твар блякне, ён прыпаднімаецца з падушкі, ён да таго бледны, што здаецца, нібы ён сьвеціцца. Рот павольна кратаецца. Я набліжаюся да яго. Ён шапоча:

— Калі вы знойдзеце мой гадзіньнік, — адашлеце яго дамоў.

Я не супярэчу яму. Няма больш чаго. Яго ўжо нельга пераканаць. Я поўны пачуцьця балючай беспараднасьці. Гэты лоб з праваленымі скронямі, гэты рот, у якім засталіся толькі адны зубы, гэты завостраны нос! А дома тлустая жанчына, якая плача, якой я мушу пісаць. Ах, калі-б гэты ліст быў ужо адосланы!

Санітары праходзяць міма з бутэлькамі і вёдрамі. Адзін падыходзіць, кідае на Кемэрыха дапытлівым вокам і зноў адыходзіць. Відаць, што ён чакае; напэўна яму патрэбны ложак.

Я падсоўваюся бліжэй да Франца і кажу, быццам гэта можа яго выратаваць:

— Можа быць, ты трапіш у дом адпачынку ў Клёстэрбэрдзе, Франц, між віллаў? Тады ты зможаш глядзець праз акно, у далічыню, да дрэў на горызонце. Цяпер самы лепшы час, зараз сьпее збожжа; увечары, на захадзе сонца, палі выдаюцца пэрлямутравымі. А таполевая алея ўздоўж кляшторнай рэчкі, у якой мы лавілі калючак. Ты зможаш тады зноў наладзіць акварыум і разводзіць рыб, ты зможаш выходзіць нікога ня пытаючыся, і нават, калі пажадаеш, ты зможаш граць на роялі.

Я нагінаюся да яго твару, які ляжыць у прыцёмку. Ён яшчэ дыхае, зусім ціха. Яго твар мокры, ён плача. І чорт-жа мяне таргануў за язык з маёй неразумнай гаворкай!

— Ну, Франц! — я абдымаю яго за плечы і прыціскаючыся тварам да яго твару. — Ты, можа, засьнеш цяпер?

Ён не адказвае. Сьлёзы зьбягаюць па ягоных шчоках. Я хацеў-бы іх выцерці, але мая насоўка вельмі брудная.

Праходзіць гадзіна. Я напружана сяджу і назіраю за выразам яго твару, чакаючы: можа ён захоча яшчэ што-небудзь сказаць.

Хоць-бы ён адкрыў рот і закрычэў! Але ён толькі плача, адвярнуўшы галаву ў бок. Ён нічога не гаворыць аб сваёй матцы і сёстрах — усё гэта ўжо засталося пазаду; цяпер ён самотны з сваім невялічкім, дзевятнаццацігадовым жыцьцём, і ён плача, таму што жыцьцё пакідае яго.

Гэта самае жаласнае і цяжкое расстаньне, якое мне калі-небудзь даводзілася бачыць, хоць ня лепш было з Тыджэнам, які дзікім голасам клікаў сваю матку; гэта быў дужы, як мядзьведзь, хлапчына; ён з вылупленымі ад жуду вачыма адганяў доктара ад свайго ложка цесаком да таго часу, пакуль ня выбіўся з сіл.

Раптам Кемэрых застагнаў і пачаў хрыпець.

Я ўскокваю, выбягаю з палаты і пытаюся:

— Дзе доктар, дзе доктар?.. — Убачыўшы яго белы халат, я назаляю: — Ідзеце хутчэй, інакш Франц Кемэрых сканае.

Ён вызваляецца і пытаецца ў аднаго з санітараў:

— У чым справа?

Той адказвае:

— Ложак дваццаць шосты, ампутацыя бядра.

Ён бурчыць:

— Адкуль мне ведаць пра гэта? Я сёньня ампутаваў пяць ног.

Ён адштурхнуў мяне і гаворыць санітару: — Паглядзеце! — а сам зьнікае ў опэрацыйнай.

Ідучы разам з санітарам я трасуся ад шаленства. Той глядзіць на мяне і заўважвае:

— Адна опэрацыя за другой ад пяці гадзін раніцы, скажу я табе. За адзін сёнешні дзень шаснаццаць чалавек памерла. Твой семнаццаты. Напэўна будзе цэлых двадцаць…

Я слабну. Я трачу сілы. Я не хачу больш лаяцца. Гэта ня мае сэнсу! Мне хацелася паваліцца і ніколі больш не ўставаць.

Мы ля ложка Кемэрыха. Ён мёртвы. Твар яго мокры ад сьлёз. Вочы засталіся напоўадчыненымі, яны жоўтыя, як гузікі з рогу.

Санітар тыча мяне ў рэбры.

— Возьмеш з сабой яго рэчы?

Я ківаю сьцьвярджальна.

Ён працягвае:

— Мы павінны яго зараз-жа прыбраць; нам патрэбен яго ложак. Нават прысенак завалены параненымі.

Я бяру рэчы і адшпільваю ў Кемэрыха распазнавальны білет. Санітар пытаецца пра вайсковую кніжку. Яе няма. Я кажу, што яна павінна быць у канцылярыі і адыходжу. А ззаду ўжо перакладаюць Франца на насілкі.

Перад адчыненымі дзьвярыма я адчуваю цемрадзь начы, і вецер здаецца мне збавеньнем. Я дыхаю як мага глыбей і, як ніколі, чую на сваім твары цёплае і пяшчотнае паветра.

Раптам мне прыходзіць у галаву думка пра дзяўчат, пра квітнеючыя лугі, пра белыя воблакі. Мае ногі ў нязграбных ботах рухаюцца наперад. Я іду шпарчэй, я бягу. Салдаты трапляюцца мне насустрач, іх гутаркі ўзбуджаюць мяне, хоць я іх і не разумею. Зямля прапітана сіламі, якія скрозь падэшвы пранікаюць у мяне. Ноч патрэсквае электрычнасьцю, фронт глуха грыміць, як барабанны бой. Мае члены гнуткі, я адчуваю моц у суставах, я з шумам уцягваю ў сябе паветра. Ноч жыве, я жыву. Я чую голад, але ён вялікшы, чымся ад страўніка.

Мюлер стаіць перад баракам і чакае мяне. Я перадаю яму боты. Мы ўваходзім, і ён мерае іх.

Яны яму якраз да нагі.

Ён рыецца ў сваіх запасах і прапануе мне кавалак цудоўнай лівэрнай каўбасы. Да таго-ж зьяўляецца і гарачая гарбата з ромам.


III

Да нас прыбыла папаўненьне. Прабоіны запаўняюцца, і саламяныя матрасы ў бараках хутка пакрываюцца ляжачымі. Гэта ў большасьці старыя людзі, але да нас прыслалі таксама дваццаць пяць чалавек моладзі датэрміновага прызыву. Яны амаль на год маладзейшыя за нас. Кроп штурхае мяне:

— Бачыў ты гэтых дзяцей?

Я ківаю галавой. Мы выпучваем грудзі, голім адзін аднаго на панадворку, засоўваем рукі ў кішэні, разглядаем новабранцаў і адчуваем сябе старымі ваякамі.

Катчынсекі далучаецца да нас. Мы ідзем праз канюшні і падыходзім да людзей з папаўненьня, якім у гэты час даюць процігазы і кофэ. Кат пытаецца ў аднаго, самага маладога з іх:

— Даўно не атрымлівалі добрае ежы?

Той крывіць твар.

— Раніцой хлеб з рэпы, на полудзень поліўка з варанае рэпы, у вечары катлеты з рэпы і салата з рэпы.

Катчынскі пасьвіствае з выглядам знаўцы.

— Хлеб з рэпы? Вам пашэнціла: цяпер хлеб даюць ужо з пілавіньня. Ну, а што ты думаеш наконт бабоў? Ці ня хочаш атрымаць порцыю?

Хлапец чырванее:

— Няма чаго дражніць.

Катчынскі адказвае:

— Бяры свой кацялок.

Мы з цікавасьцю ідзем усьлед. Ён вядзе нас да кадушкі, якая стаіць ля яго матраца. Сапраўды, кадушка напалову поўная бабоў з ялавічынай. Катчынскі стаіць перад ёй, мэрам генэрал, і гаворыць:

— Глядзі пільна, не варонь. Вось пароль прусакоў!

Мы ашаломлены. Я пытаюся:

— Ліха на тваю галаву, Кат, як табе пашанцавала?

— Памідор узрадваўся, што я ўзяў у яго ўсё гэта. Я аддаў яму за гэта тры кавалкі парашутнага шоўку. Праўда, бабы астылі, але на смак цудоўны.

Ён міласьліва выдае хлопцу порцыю і кажа:

— Калі ты наступным разам прыйдзеш сюды з сваім кацялком, — у левай руцэ ў цябе павінна быць сыгара або папяросы. Зразумеў?

Потым ён зварочваецца да нас:

— Вы, вядома, атрымаеце і так.

Катчынскі незаменны, бо ён мае шостае пачуцьцё. Паўсюды ёсьць такія людзі, але ніхто іх не адрозьнівае з першага погляду. У кожнай роце яны ёсьць — па адным па два. Катчынскі самы выдатны ад усіх якіх я ведаю. Па профэсіі ён, здаецца, шавец, але гэта ня мае ніякага значэньня; ён ведае хоць якое рамяство. Добра быць у сяброўстве з ім. У лік ягоных сяброў уваходзім мы, Кроп і я, і напалову Гайе Вэстгус. Ва ўсякім выпадку Вэстгус зьяўляецца хутчэй выканаўчым органам, бо ён працуе пад камандай Ката, калі замышляецца справа, для якой патрэбны моцны кулак. За гэта ён атрымлівае сваю долю.

Мы ўтрох прыходзім, напрыклад, уначы ў зусім невядомае нам паселішча, дзе адразу-ж бачна, што ўсё, акрамя сьцен, разрабавана. За кватэру нам служыць маленькая, цьмяная фабрыка, якую толькі прыстасавалі для гэтае мэты.

У ёй стаяць ложкі, праўдзівей толькі касьцякі ад ложкаў; драўляныя казлы, абцягнутыя драцянай сеткай.

Драцяная сетка жорсткая. Коўдраў, каб пакласьці пад сябе, у нас няма. Наша адзіная коўдра нам патрэбна, каб пакрыцца.

Палотнішча ад палаткі завельмі тонкае.

Кат бачыць становішча спраў і гаворыць Гайе Вэстгусу: — Пойдзем разам! — Яны выпраўляюцца ў зусім невядомыя нам мясьціны. Праз паўгадзіны яны прыходзяць з бярэмамі саломы. Цяпер мы маглі-б паспаць у цяпле, каб ня было такога страшэннага чаду.

Кроп пытаецца ў артылерыста, які даўно ўжо ў гэтай мясцовасьці:

— Ці няма тут якой харчэўні?

Той сьмяецца:

— Яшчэ чаго! Тут нічога не дастанеш. І скарынкі ад хлеба ня знойдзеш.

— Хіба тут не засталося нікога з жыхароў?

Ён сплёўвае на падлогу:

— Ёсьць некалькі, але яны самі круцяцца каля кожнай паходнай кухні і жабруюць.

Кепскія справы. Значыць нам прыдзецца тужэй зацягнуць паясы і чакаць заўтрага, калі прыйдзе харч.

Адылі я бачу, што Кат бярэцца за фуражку і пытаюся:

— Куды ты, Кат?

— Пайду агледжу мясцовасьць.

Ён ідзе да выхаду.

Артылерыст зьняважліва ўхмыляецца.

— Ідзі, паглядзі. Ды, глядзі, не надсадзіся!

Мы кладземся расчараваныя і разважаем аб тым, ці не распакаваць нам непарушныя пайкі. Але гэта за вельмі рызыкоўна. Тады мы спрабоўваем заснуць.

Кроп ломіць напалам папяросу і адну палову дае мне. Т’ядэн расказвае пра сваю нацыянальную страву, круглыя бабы з салам. Ён супроць прыгатаваньня гэтае стравы без бабовых стручкоў. Але галоўнае — абавязкова варыць усё разам, і бронь божа — бульбу, боб і сала ў паасобку! Нехта бурчыць, што ён з Т’ядэна зробіць бабовую поліўку, калі апошні зараз-жа ня сьціхне. Пасьля гэтага ў вялікім пакоі сьціхае. Толькі дзьве сьвечкі мігцяць у рыльцах бутэлек, ды паплёўвае артылерыст.

Мы пачынаем ужо драмаць, калі адчыняюцца дзьверы і ўваходзіць Кат.

Мне здаецца, што я бачу сон: у яго пад пахай дзьве баханкі хлеба і ў руцэ — запэцканы крывёю мех з канінай.

У артылерыста люлька вывальваецца з роту. Ён мацае хлеб:

— Вось дзіва! Сапраўдны хлеб, і яшчэ цёплы!

Кат аб гэтым не гаворыць. У яго ёсьць хлеб, а да астатняга яму няма справы. Я ўпэўнены, — калі яго прывесьці ў пустэльню, ён ня больш як за гадзіну адшукае вячэру з фінікаў і смажаніны з віном.

Ён ляконічна гаворыць да Гайе:

— Насячы дроў.

Потым ён вымае з-пад шынэлі патэльню, а з кішэні жменю солі і нават кавалак сала: ён усё прадбачыў. Гайе распальвае на падлозе вогнішча. Яно патрэсквае ў пустой фабрычнай залі. Мы вылазім з ложкаў.

Артылерыст вагаецца. Ён разважае, ці варта яму выказаць сваю пахвалу ў надзеі, што і яму кавалак перападзе. Але Катчынскі нават не глядзіць на яго, быццам гэта пустое месца. Тады ён з праклёнамі выходзіць.

Кат ведае спосаб сасмажыць каніну так, каб яна зрабілася мяккай. Яе ня трэба адразу класьці на патэльню, інакш яна сьцьвярдзее. Спачатку яе трэба праварыць у невялікай колькасьці вады. Мы зьбіраемся ў кружок, з нажамі ў руках, і набіваем свае страўнікі.

Вось які Кат! Калі праз год дзе ў якой мясцовасьці хоць-бы толькі на працягу аднэй гадзіны будзе мецца што-небудзь пажыўнага, дык іменна ў гэты час, нібы рухомы нябачнай сілай, возьме фуражку, выйдзе, накіруецца проста, як па компасе, туды, куды належыць, і адшукае ўсё.

Ён усё знаходзіць: калі холадна — невялікую пячурку і дровы, сена і салому, сталы і крэслы, але раней за ўсё жратву. Гэта сапраўды загадкава. Можна падумаць, што ён стварае яе проста з паветра. Самым яго выдатным нумарам было адшукваньне чатырох бляшанак з омарамі. Хоць-бы мы, ва ўсякім разе, палічылі-б за лепшае топленае сала.

Мы сабраліся на сонечным баку ля баракаў. Пахне дзёгцем, летам і потнымі нагамі.

Кат сядзіць побач мяне, яму хочацца пагутарыць. Сёньня ўдзень мы прымушаны былі на працягу гадзіны практыкавацца ў аддаваньні чэсьці, бо Т’ядэн нядбайна аддаў чэсьць аднаму майёру. Кат гаворыць:

— Вось пабачыш, мы прайграем вайну, бо мы праз пару добра навучымся аддаваць чэсьць.

Кроп падыходзіць бліжэй, басанож і з закасанымі штанамі. Ён раскладае свае вымытыя шкарпэткі на траву, для прасушкі.

Кат глядзіць на неба, выпускае громкі гук і гаворыць пагаджальна:

— Кожны бабок дае свой тон.

Яны пачынаюць спрачацца. Адначасова яны б’юцца аб заклад бутэльку піва з поваду вынікаў паветранага бою, які адбываецца над намі.

Кат не прапускае выпадку выказаць сваю думку, якую ён, у якасьці старога франтавіка, выказвае ў рытме:

— Адна для ўсіх заплата, адны выгоды — вайну-б забылі мы назаўсёды.

Кроп, наадварот, філёзоф. Ён прапануе, каб абвяшчэньне вайны мела характар народнае ўрачыстасьці, з білетамі на ўваход і музыкай, як у часе бою быкоў. Потым на арэну выпушчаюцца міністры і генэралы абедзьвюх краін у трусіках, узброеныя дубінамі. І той бок, міністры якога застануцца жывымі, лічыцца пераможцай. Гэта было-б прасьцей і лепш, чымся тут, дзе змагаюцца зусім іншыя людзі.

Гэта прапанова выклікае ўхваленьне. Потым размова пераходзіць на «цуканьне», пад якое падпадаюць новабранцы ў казарме.

Пры гэтым уяўляецца карціна. Гарачы поўдзень на казарменным двары. Сьпека нярухома зьвісла над пляцам. Казармы нібы вымерлі. Усе сьпяць. Чутны толькі практыкаваньні барабаншчыкаў: яны недзе разьмясьціліся паблізу і практыкуюцца няёмка, аднатонна,бязглуздна. Якое сугучча: паўдзённая сьпека, казарменны двор і барабанныя практыкаваньні!

Вокны казармы пустыя і цьмяныя. З некаторых зьвісьлі паласатыя нагавіцы, якія сушацца. З нудой заглядваем у гэтыя вокны. У пакоях прахалодна.

О, цьмяныя, затхлыя пакоі капральства, з жалезнымі ложкамі і коўдрамі ў клетку, з шафкамі і табурэткамі, што стаяць перад імі! Нават вы можаце быць жаданымі; тут, далёка, вы зьяўляецеся казачным адлюстраваньнем радзімы, вы, з вашай прасторай, якая поўна пахам адстоеных страў, сну, тутуну і вопраткі!

Катчынскі апісвае іх узьнеслымі словамі і шырокімі гэстамі.

Чаго-б мы толькі ня далі, каб зьвярнуцца туды! На большае мы нават і марыць не адважваемся…

Гадзіны ранішніх заняткаў. З якіх частак складаецца зброя дзевяноста восьмая? Гадзіны гімнастыкі пасьля поўдню. Ігракі на роялі, наперад. Левае плячо наперад. Накіроўвайцеся на кухню чысьціць бульбу.

Мы захапіліся ўспамінамі. Раптам Кроп сьмяецца і кажа:

— У Лене перасадка.

Гэта ўлюбёная гульня нашага ўнтэр-офіцэра. Лена — гэта станцыя з перасадкай. Каб нашы адпусьнікі не маглі там разьбегчыся, Гімэлыштос прывучыў нас рабіць перасадку ў памяшканьні казармы. Мы павінны былі завучыць, што ў Лене трэба патрапіць на наступны цягнік па дадзеным ходзе. Ложкі былі для нас падземным ходам, і кожны станавіўся з левага іх боку. Потым чулася каманда: — У Лене перасадка! — і ўсе маланкападобна залазілі пад ложак і зьяўляліся на другім яго баку. Гэта практыкаваньне мы рабілі гадзінамі.

Між тым зьбіты нямецкі самалёт. Як комэта ён падае ўніз, ахутаны дымам. Кроп праіграў бутэльку піва і нездаволена перабірае свае грошы.

— Гімэльштос у якасьці лістаносца, відаць лагодны чалавек, — кажу я, калі расчараваньне Альбэрта ўляглося. — Як магло здарыцца, што, зрабіўшыся ўнтэр-офіцэрам, ён зрабіўся скурадзёрам?

Пытаньне гэта прымушае Кропа зноў ажывіцца.

— Гэта не адзін толькі Гімэльштос, ёсьць шмат іншых. Як толькі яны атрымоўваюць галун або шаблю, яны адразу робяцца іншымі людзьмі, нібыта яны абжэрліся бэтону.

— Гэта ад мундыру, — выказваю я сваю думку.

— Прыблізна так, — гаворыць Кат і рыхтуецца казаць вялікую прамову, — але прычына захавана ў іншым. Вось бачыш, калі ты навучыш сабаку жэрці бульбу, і потым падсунеш ёй кавалак мяса, дык ён усё-ж ткі схопіць кавалак мяса, бо гэткая яго ўжо натура. Калі ты дасі чалавеку кавалак улады, дык ён абыйдзецца акурат таксама: ён схопіцца за яе. Гэта робіцца зусім міжвольна, чалавек перш за ўсё зьвер, а потым ужо набывае глянец прыстойнасьці, як блін — бляск масла. Вайсковая служба ў тым і месьціцца, што заўсёды адзін мае ўладу над другім. Бяда іменна ў тым, што ў кожнага праз пару шмат улады; унтэр-офціэр можа цукаць радавога, лейтэнант — унтэр-офіцэра, палкоўнік — лейтэнанта так, што той з глузду зьедзе. А з прычыны таго, што ён гэта ведае, ён ужо загадзя імкнецца назапасіцца добрых звычак. Возьмем найпростую справу: мы зварочваемся з заняткаў і галодныя, як сабакі. А тут раздаецца каманда: «Запявай!» Ну, песьня сьпяваецца абы як, бо кожны рады, што яшчэ можа хоць зброю несьці. Роту вяртаюць назад і прымушаюць займацца яшчэ гадзіну для пакараньня. На зьвяртаньні зноў загадваюць: «Запявай!» І цяпер сьпяваюць як трэба. Для чаго-ж гэта робіцца? Ротны камандзір настоіў на сваім проста таму, што ў яго на гэта ёсьць улада. Ніхто не папракне яго, наадварот, на яго скажуць, што ён умее быць строгім. Гэта толькі дробязь, але ёсьць шмат і іншых спосабаў, пры дапамозе якіх з чалавека дзяруць скуру. Цяпер я ў вас запытаюся: каб быў чалавек на цывільнай службе, дзе-б ён мог дазволіць сабе падобнае, не атрымаўшы за гэта па мордзе? Гэта магчыма толькі на вайсковай службе. Вось бачыце, і гэта кожнаму затуманьвае галаву. І чым менш яму трэ’ было гаварыць на цывільнай службе, тым мацней гэта цяпер б’е яму ў галаву.

— Яны кажуць, што гэта дысцыцліна, — заўважвае Карж зьневажальна.

— Падставы ў іх заўсёды знойдуцца, — буркае Кат. — Магчыма яно і так, але дысцыпліна выяўляецца ў цуканьні. Растлумач ты гэта сьлесару, батраку або рабочаму, раскажы ты гэта простаму радавому, — а такіх з нас большасьць, — ён убачыць толькі, што з яго лупяць скуру, а потым ён трапляе на фронт і там ужо дакладна даведваецца, што было неабходна і што не. Так, калі простых салдат тут усё вытрымлівае, дык гэта, скажу я вам, нячувана! Гэта проста нячувана!

Кожны з гэтым згодны, бо ўсе ведаюць, што толькі ў акопах спыняецца падцягваньне, але што за некалькі кілёмэтраў ад фронту яно пачынаецца зноў, выяўляючыся ў цалкам бяссэненых рэчах, нашталт аддаваньня чэсьці і параднай маршыроўкі. Бо існуе жалезны закон: салдат ніколі не павінен заставацца бяз справы.

Але вось зьяўляецца Т’ядэн, з чырвонымі плямамі на твары. Ён да таго ўзрушаны, што заікаецца. Зьяючы, ён адбівае:

— Гімэльштос на дарозе сюды, ён накіраваны на фронт!

Т’ядэн асабліва злосны на Гімэльштоса, бо той паводле ўласнага мэтоду выхоўваў яго ў запасным батальёне. Т’ядэн хварэе на нятрыманьне мачы ўначы. Гімэльштос рашуча заявіў, што гэта ад гультайства, і абраў варты яго спосаб, каб вылечыць Т’ядэна.

Ён знайшоў у суседнім бараку салдата, які таксама хварэў на нятрыманьне мачы, па імені Кіндэрфатэр. Ён зьмясьціў яго разам з Т’ядэнам. У бараках ложкі былі разьмешчаны па звычайным узоры, — адзін над другім, прычым матрацы былі з сеткі. Гімэльштос разьмясьціў абодвух салдатаў так, што адзін быў на верхняй койцы, а другі — на ніжняй. Сподняму, вядома, даводзілася кепска. Затое наступным вечарам яны памяняліся месцамі, — ніжні, у выглядзе ўзнагароды, атрымліваў верхнюю койку. Гэта было самавыхаваньне па Гімэльштосу.

Выдумка была подлая, але сама думка добрая. Нажаль, гэта не дапамагло, бо само меркаваньне было памылковым: адбывалася гэта зусім не ад гультайства. Гэта мог прыкмеціць кожны, паглядзеўшы на хваравіты колер іхняй скуры. Справа скончылася тым, што адзін з іх спаў на падлозе; прычым ён, вядома, рызыкаваў застудзіцца.

Гайе між тым таксама ўсеўся побач з намі. Ён прыплюшчвае вочы, гледзячы на мяне, і ў задуменьні трэ свае кулакі. Мы разам з ім перажылі найлепшы дзень нашага казарменнага жыцьця. Гэта было напярэдадні адпраўленьня на фронт. Мы былі залічаны ў адзін з палкоў з вялікім парадкавым нумарам. Перад адпраўкай мы сьпярша былі адасланы назад у гарнізон для абмундзіраваньня, але не ў вэрбавальнае дэпо, а ў іншую казарму. На другі дзень ледзь золак меркаваўся наш ад’езд. Увечары мы прырыхтаваліся да таго, каб паквітацца з Гімэльштосам. У гэтым мы прысягнулі два тыдні назад. Кроп нават пайшоў далей, парашыўшы ў мірны час паступіць на службу ў паштовае ведамства, каб пазьней, калі Гімэльштос зноў будзе лістаносцам, зрабіцца яго начальствам. Ён загадзя цешыўся з таго, як ён будзе кпіць з яго. У гэтым і месьцілася прычына, чаму Гімэльштос ня мог нас прывесьці да пакорлівасьці: мы заўсёды лічыліся з тым, што калі-ні-калі ды прыцісьнем яго, самае позьняе — па сканчэньні вайны.

А мы хацелі як сьлед намуліць яму бакі. Што магло нам пагражаць, калі ён нас не пазнае? А заўтра раніцою мы ўсёроўна накіроўваемся на фронт.

Мы ведалі, у якім шынку звычайна ён бывае па вечарох. Зьвяртаючыся адтуль у казарму, ён павінен быў праходзіць па цёмнай, незабудаванай вуліцы. Там мы яго і чакалі, захаваўшыся за крушняй каменьня. Я захапіў з сабой прасьцірадла. Мы дрыжэлі ад чаканьня і ад думкі, што ён будзе не адзін. Нарэшце, мы пачулі яго крокі, якія мы досыць добра вывучылі, бо чулі іх кожнае раньне, калі ён расхінаў дзьверы і роў: «Уставаць!»

— Адзін? — прашаптаў Кроп.

— Адзін!

Мы з Т’ядэнам пачалі падкрадвацца з-за крушні каменьня. Вось бліснула спражка на портупэі. Гімэльштос быў трохі пад чаркай: ён нешта напяваў. Нічога не падазраючы, ён пасоўваўся наперад.

Мы схапілі прасьцірадла, у адзін скок здагналі яго, накінулі яго яму на галаву і прыгнулі яго лоўка, так што ён спыніўся нібы белы мех, ня маючы магчымасьці падняць рук. Сьпяваньне сьціхла.

У наступны момант падбег Гайе Вэстгус і адвінуў нас назад, каб быць першым. Ён стаў у выгодную позу, накшталт сыгнальнай мачты падняў руку, шырокую як рыдлёўку, і адважыў па белым мяху такі ўдар, які зваліў-бы быка.


Гімэльштос паваліўся, адляцеў на пяць мэтраў і пачаў раўсьці. Мы ўлічылі гэта загадзя, а таму захапілі з сабой падушку. Гайе прысеў, паклаў падушку сабе на каленкі, схапіў Гімэльштоса за тое месца, дзе павінна быць галава, і прыціснуў яго да падушкі. Роў адразу-ж зрабіўся больш глухім. Гайе даваў яму час ад часу зьвесьці дух. Тады з горла вырываўся цудоўны праразьлівы крык, які зараз-жа зноў заглушаўся.

Цяпер Т’ядэн адшпіліў у Гімэльштоса шлейкі і спусьціў штаны. Пры гэтым гарапнік ён трымаў у зубах. Потым ён устаў на ногі і пачаў дзейнічаць.

Гэта быў дзіўны малюнак: Гімэльштос на зямлі, нахіліўшыся над ім і трымаючы яго галаву на сваіх каленках — Гайе, з дзьябальскі ашчэраным тварам і расчыненым ад радасьці ротам, потым уздрыгваюць паласатыя сподні, з нагамі ў выглядзе літары Х, якія вырабляюць пры кожным удары самыя орыгінальныя рухі ў спушчаных штанох, і пад усім гэтым, нібы дрывасек, — Т’ядэн, які ня ведае стомы. Нам давялося яго проста адарваць, каб засталося і на долю іншых.

Нарэшце, Гайе зноў паставіў Гімэльштоса на ногі і ў заключэньне даў яму яшчэ поўху прыватным парадкам. Здавалася, што ён зьбіраецца сарваць зоркі з неба, так ён размахнуўся правай рукой, каб адважыць яму аплявуху. Гімэльштос перакінуўся. Гайе зноў падняў яго, паставіў на месца і адважыў яму другую першагатунковую аплявуху левай рукой. Гімэльштос выў і кляў нас на ўсе лады. Яго паласаты зад быў асьветлены месяцам.

Мы зьніклі галёпам.

Гайе яшчэ раз азірнуўся і сказаў з зласьлівым задавальненьнем, ня зусім зразумела:

Помста — гэта крывяная каўбаса.

Нарэшце Гімэльштос павінен быў-бы радавацца, бо яго словы, што адзін павінен выхоўваць другога, прынесьлі належны плод у адносінах да яго самога. Мы зрабіліся паслухмянымі пасьлядоўцамі яго мэтодаў.

Ён так і не даведаўся каму быў абавязан гэтай пацехай. Ва ўсякім разе, ён набыў дзякуючы гэтаму прасьцірадла: зьвярнуўшыся праз некалькі гадзін мы не змаглі яго знайсьці.

Гэты вечар быў прычынай таго, што наступным раньнем мы паехалі ў параўнаўча бадзёрым настроі. І адзін барадач да глыбіні душы расчулены нашым учынкам, назваў нас геройскай моладзьдзю.


IV

Мы павінны ісьці ўперад на шанцавыя работы. З надыходам ночы надыходзяць грузавікі.

Стаіць цёплы вечар, і змрок здаецца нам хусткай, пад аховай якой мы гэтак добра сябе адчуваем. Ён зьбліжае нас адзін з адным; нават скупы Т’ядэн дарыць мне папяросу і дае агню.

Мы стаімо шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго, сядзець ні прыходзіцца нікому. Адылі, мы да гэтага і не прызвычаіліся. Мюлер нарэшце задаволены: ён надзеў свае новыя боты.

Маторы пачынаюць гудзець, машыны тарахцяць і грукацяць. Вуліцы зьезджаныя і поўныя калдобін. Агню запальваць нельга, таму нас кідае з боку ў бок, і мы ледзь не вылятаем з машыны. Гэта нас мала абыходзіць. Чым мы рызыкуем? Паламаная рука ўсё-ж лепш, чым дзіра ў чэраве, і шмат хто з нас спадзяецца іменна на такі выпадак, каб трапіць дамоў.

Побач нас рухаецца доўгі абоз з амуніцыяй. Ён сьпяшаецца і ўвесь час выпярэджвас нас. Мы кідаем у іх бок вострыя слоўцы, яны адказваюць нам тым самым.

Вось вырысоўваецца сьценка аднаго дому, які стаіць у баку ад вуліцы. Я нагастраю вушы.

Ці не памыліўся я? Я зноў яскрава чую гусінае гэганьне. Погляд на Катчынскага, зваротны погляд ад яго: мы зразумелі адзін аднаго.

— Кат, я чую там кандыдата ў кацялок…

Ён ківае:

— Будзе зроблена, калі будзем ехаць назад. Я ведаю тут усе хады.

Зразумела, Кат ведае ўсе хады. Ён ведае кожнага гуся на дваццаць кілёмэтраў наўкола.

Мы дасягаем разьмяшчэньня артылерыі. Гарматы замаскаваны ад аэроплянаў кустамі, нібы для якой вайсковай урачыстасьці. Гэтыя палашы мелі-б радасны і мірны выгляд, калі-б у сярэдзіне іх ня было гармат.

Паветра робіцца густым ад дыму гармат і туману. На языку адчуваецца горкі прысмак пораху. Нашы машыны ўздрыгваюць ад грохату стрэлаў, гучна разносіцца сьледам за імі рэха. Усё ўстрасаецца. Выраз нашых твараў няпрыкметна зьмяняецца. Хоць мы і накіроўваемся ня ў самыя акопы, а толькі на акопныя работы, усё-ж на твары кожнага з нас напісана: тут фронт, мы знаходзімся ў яго межах.

Аднак мы яшчэ не адчувалі ніякага страху. Хто бывае на перадавых позыцыях так часта, як мы, той робіцца тоўстаскурым. Толькі маладыя новабранцы ўзбуджаны.

Кат навучае іх:

— Гэта была трыццацімілімэтравая. Вы гэта чуеце па стрэлу: зараз будзе выбух.

Аднак глухі водгук выбухаў не даходзіць сюды. Ён глушыцца гудзеньнем фронту. Кат прыслухоўваецца:

— Сёньня ўначы будзе калатня.

Мы ўсе прыслухоўваемеся. Фронт неспакойны. Кроп кажа:

— Томі[1] ўжо страляюць.

Стрэлы ясна чутны. Гэта ангельскія батарэі, разьмешчаныя правей нашага вучастку. Яны пачалі на гадзіну раней звычайнага. Пры нас яны адкрывалі агонь роўна а дзесятай гадзіне.

— Чаго гэта яны надумаліся? — крычыць Мюлер. — У іх напэўна, гадзіньнік як сьлед сьпяшаецца!

— Будзе калатня, я вам кажу! Я адчуваю гэта ва ўсіх костках.

Кат паціскае плячыма.

Каля нас раздаюцца тры стрэлы. Адсьвет агню касым праменьнем прарывае туман, гарматы гудуць і грахочуць.

Нас апанавалі дрыжыкі і мы рады, што заўтра раніцою мы зноў будзем у бараках.

Нашы твары не блядней і не чырваней, чымся звычайна; яны таксама не нацягнуты і ня сумны, і ўсё-ж яны іншыя. Мы адчуваем, быццам у нашай крыві нейкі контакт. Гэта не дарэмныя словы, а сапраўднасьць. Гэта фронт, адчуваньне фронту, якое надае гэты контакт. З таго моманту, як пачынаюць сьвісьцець першыя гранаты, як паветра рвецца ад стрэлаў, — у нашых жылах, у нашых руках, у нашых вачох, зьнянацку зьяўляецца затоеннае чаканьне, напружанасьць слыху, узьнятая бадзёрасьць, асабліва гастрыня ўсіх адчуваньняў. Цела адразу прыходзіць у поўную гатоўнасьць.

Мне часта здаецца, быццам гэта ўстрэсенае вібруючае паветра налятае на нас на бязгучных крыльлях; ці быццам гэта сам фронт, які выдзяляе электрычнасьць, што мобілізуе невядомыя нам нэрвовыя напружаньні.

Кожны раз тое самае: мы накіроўваемся на перадавую лінію, і мы проста салдаты — у добрым або кепскім настроі; потым паказваюцца першыя артылерыйскія батарэі, і кожнае слова нашых размоў гучыць інакш.

Калі Кат стаіць перад баракамі і гаворыць: «Сёньня будзе калатня»… — дык гэта толькі яго асабістая думка — і ўсё; калі ён гэта гаворыць тут, дык яго фраза набывае гастрыню, як штых пры сьвятле месяца; яна ўразаецца ў думкі, яна блізка да нечага неасьвядомленага, што прачнулася ў нас, з тым-жа значэньнем: «будзе калатня. Быць можа, гэта наша сярэдзіннае жыцьцё, якое ўстрасаецца і ўзьнімаецца да самаабароны.

— Для мяне фронт — жудасны вір. Калі знаходзішся яшчэ далёка ад цэнтру, яшчэ ў зацішнай вадзе, адчуваеш яго моц, якая засмоктвае, павольна, нязьбежна ўцягвае ў сябе, не дапушчаючы супраціўленьня.

Але ад зямлі, ад паветра да нас прылівае моц інстынкту самазахаваньня. І больш за ўсё ад зямлі. Ні для каго зямля ня мае такога значэньня, як для салдата. Калі ён надоўга цяжка прытуляецца да яе, калі ён тварам і ўсімі членамі глыбока зарываецца ў яе ў сьмяртэльным страху перад агнём, — тады яна яго адзіны прыяцель, яго брат, яго маці. Ён вылучае свой страх і свае крыкі ў яе маўчаньне і яе цішу, яна ўсмоктвае іх у сябе і зноў адпушчае яго на новыя дзесяць сэкунд жыцьця, зноў прымае яго і шмат іншых — але назаўсёды.

Зямля, зямля, зямля!

Зямля з сваімі зморшчынымі і ямамі, і паглыбленьнямі, у якія можна ўціснуцца, зарыцца. Зямля! Ты давала нам у сударгах страх у хаосе зьнішчэньня, у сьмяртэльным грохаце выбухаў вялізарную радасьць нанова набытага жыцьця. Шалёны віхор амаль разьдзёртага існаваньня, растварыўшыся ў цябе, перадаваўся нашым рукам, якія знайшлі ў табе паратунак, і яны зарываліся ў цябе і губы нашы ўпіваліся ў цябе ў маўклівым, дрыжачым шчасьці выйгранай хвалі.

Пры першым грохаце гранат мы часткай сваёй істоты адразу адкатваемся назад на тысячу гадоў. У нас абуджаўся інстынкт жывёлы, які вёў нас і абараняў. Ён дзейнічаў міма нашае сьвядомасьці, куды хутчэй, куды надзейней, куды беспамылковей, чымся наша сьвядомасьць. Гэтага нельга вытлумачыць. Ідзеш і ні аб чым ня думаеш, як раптам кладзешся ў ямку, і над табой праносяцца асколкі. Але немагчыма давесьці сабе таго, ці пачулася набліжэньне знараду, ці проста нашла думка легчы. Калі-б пакладацца толькі на сьвяджомасьць, дык мы і ператварыліся-б у кучу разадранага мяса. Яно было чымсьці зусім іншым, гэта яснавіднае пачуцьцё, якое цягне нас выратоўвае раней, чым мы зразумеем, што здарылася. Калі-б гэтага чуцьця ня было, дык ад Фляндрыі да Вогэзаў ужо даўно не засталося-б жывым ніводнага чалавека.

Мы накіроўваемся на позыцыі хмурнымі або добрадушнымі салдатамі, — узыходзім на зону, дзе пачынаецца фронт, і вось кожны з нас робіцца чалавекам-зьверам.

Рэдкі лес прымае нас у свой цень. Мы праяжджаем паўз паходныя кухні. За лесам мы выгружаемся. Машыны адыходзяць назад. Яны зноў прыедуць па нас заўтра перад сьвітаньнем.

Над лугам, на вышыні чалавечых грудзей, разлёгся туман і гарматны дым. Зьверху сьвеціць месяц. Па вуліцы цягнуцца войскі. Сталёвыя шлемы мігцяць матавым водблескам у зьзяньні месяца. Галовы і вінтоўкі выступаюць з белага туману, — галовы ківаюць і рулі вінтовак хістаюцца.

А далей, наперад, туман рассейваецца. Галовы ператвараюцца ў фігуры; курткі, штаны і боты выступаюць з туману, як з малочнай саджалкі. Яны формуюцца ў колёну. Колёна крочыць проста наперад. Фігуры ствараюць клін, ужо нельга адрозьніць іх адну ад аднае, толькі цьмяны клін сунецца наперад; ён дзіўна запаўняецца галовамі і вінтоўкамі, што выплываюць з туману. Рушыць колёна, людзей няма.

Па папярочнай вуліцы праяжджае лёгкая артылерыя і зарадныя скрыні. У коняй на сьвятле месяца бліскаюць сьпіны. Іх рухі прыгожыя, яны ўзьнімаюць галовы, бачна як блішчаць іхнія вочы. Гарматы і павозкі соўгаюцца міма і зьнікаюць у месячным ляндшафце, коньнікі ў сталёвых шлемах здаюцца рыцарамі мінулых часоў, у гэтым нейкая хвалюючая прыгожасьць.

Мы накіроўваемся ў парк на перадавых позіцыях. Некаторыя з нас, згінаючыся, бяруць на плечы гострыя жалезныя кіі, іншыя прасоўваюць гладкія жалезныя прэнты ў скруткі дроту і цягнуць іх з сабой. Паклажа нязручная і цяжкая.

Глеба пад нагамі робіцца ўсё больш зрытай. Пярэднія перадаюць:

— Увага! Налева глыбокая варонка!

— Памалу, акопы!

Нашы вочы напружаны, нагамі і кіямі мы намацоўваем глебу раней, чым абапёрціся на яе зусім цяжарам цела. Раптам процэсія спыняецца; налятаеш тварам на скутак дроту ў папярэдняга і лаешся.

На дарозе сустракаюцца разьбітыя знарадамі павозкі. Новы загад:

— Кінуць папяросы і люлькі!

Мы падышлі ўшчыльную да акопаў.

Тым часам зрабілася зусім цёмна. Мы абыходзім лясок, і вось перад намі вучастак фронту.

Нявыразнае чырвонаватае сьвятло стаіць на горызонце, ад аднаго краю да другога. Яно ўвесь час рухаецца, устрасаемае агнём гармат. Асьвятляльныя ракеты высока ўзьнімаюцца над ім — срэбныя і чырвоныя, покаюць і рассыпаюцца дажджом белых, зялёных і чырвоных зорак. У паветра ўзьлятаюць францускія ракеты. Яны расхінаюць шоўкавы парашут і потым павольна апушчаюцца ўніз. Яны асьвятляюць усё як удзень, іх бляск дасягае нас. Мы бачым як рэзка на зямлі выдзяляюцца нашы цёні. Цэлую хвіліну яны плывуць у паветры, да таго як згаснуць. Адразу-ж усюды ўзьнімаюцца новыя, паміж іх зноў зялёныя, чырвоныя, сінія.

— Пагана! — бурчыць Кат.

Грохат гармат узмацняецца да суцэльнага заглушанага выцьця, потым зноў распадаецца на паасобныя групы выбухаў. Суха трашчаць залпы кулямётаў. Над намі паветра напоўнена нябачнымі скрыгатаньнямі, выцьцём, сьвістам і шыпеньнем. Гэта дробна-калібравыя знарады; але ў перамежку гудуць і буйныя чэмоданы. Яны праразаюць ноч і падаюць далёка за намі. Яны выпушчаюць рыклівы, хрыпаты аддалены вокліч, як алені ў часе спараваньня, і пракладаюць сабе шлях высока над выцьцём і сьвістам дробных знарадаў.

Прожэктары пачынаюць рысаваць па чорным небе. Яны коўзаюцца, быццам гіганцкія лінейкі, якія звужаюцца пры канцы. Адна спынілася і толькі зьлёгку ўздрыгвае. Зараз-жа да яе далучаецца другая. Яны скрыжаваліся, паміж іх чорная казюрка, якзя імкнецца схавацца: аэроплян. Ён губляе ўпэўненасьць, ён асьлеплены і дрыжыць.

Мы забіваем жалезныя слупы на роўнай адлегласьці адзін ад аднаго. Два чалавекі трымаюць скрутак, а іншыя разматваюць калючы дрот. Гэты агідны дрот, з штычна прылягаючымі адзін да аднаго доўгімі шыпамі. Я ўжо адвык ад разматваньня і пісажу сабе рукі.

Праз некалькі гадзін работа скончана. Але ў нас яшчэ ёсьць час да прыходу грузавікоў. Большая частка з нас кладзецца і сьпіць. Я імкнуўся зрабіць тое-ж самае. Аднак халаднавата. Прыкметна, што знаходзішся паблізу мора, увесь час прасынаешся ад холаду.

Урэшце мне шэнціць моцна заснуць. Раптам прачнуўшыся, нібы ад штуршка, я ніяк не магу сьцяміць, дзе я знаходжуся. Я бачу зоркі, бачу ракеты што ўзьлётваюць угару, і на адно мгненьне ствараецца ўражаньне, быццам я заснуў на ўрачыстасьці ў садзе. Я ня ведаю, раніца цяпер або вечар, я ляжу ў бледнай калысцы змроку і чакаю пяшчотных слоў, якія павінны гучаць ласкава і шчыра. Няўжо я плачу? Я выціраю вочы. Гэта так цудоўна! Хіба я дзіцё? Кволы малы! Гэта цягнецца толькі адну сэкунду, потым я пазнаю сылюэт Катчынскага. Ён сядзіць спакойна, гэты стары салдат, і курыць люльку, — люльку з вечкам, зразумела! Калі ён бачыць, што я прачнуўся, ён гаворыць:

— Здорава ты ўздрыгнуў! Гэта быў толькі запальны знарад. Ён прасьвісьцеў там у кустох.

Я прыпаднімаюся і адчуваю сябе дзіўна самотным. Добра, што Кат тут. Ён задумліва глядзіць на фронт і кажа:

— Цудоўны фэйервэрк, калі-б гэта ня было так небясьпечна!

Адзаду нас разрываецца знарад. Некалькі новабранцаў спуджана падскакваюць. Праз дзьве хвіліны зноў бліскае выбух, ужо бліжэй. Кат выбівае люльку.

— Цяпер пастраляюць.

Ужо пачалося. Мы адпаўзаем назад у непарадку. Наступны знарад падае ўжо сярод нас.

Двое-трое ўскрыкваюць. На горызонце ўзьнімаюцца зялёныя ракеты. Гразь узьлятае ўгару, гудуць асколкі. Чутно як яны шчоўкаюць, калі грукат выбуху ўжо даўно сьціх.

Каля нас ляжыць ахоплены страхам новабранец з бялявай галавой. Ён сьціснуў твар рукамі. Яго шлем адкаціўся ўбок. Я падбіраю яго і хачу надзець яму на галаву. Ён глядзіць на мяне, адштурхвае шлем і падпаўзае да мяне, хаваючы, як дзіцё, галаву мне пад рукі, усутыч да грудзей. Яго вузкія плечы дрыжаць. Плечы, якія былі ў Кемэрыха.

Я дазваляю яму шукаць у сябе аховы. Аднак, каб шлем на што-небудзь-бы згадзіўся, я напяльваю яго яму на азадак, не з свавольства, а з перасьцярогі, бо гэтая частка цела больш за ўсё выпукліваецца. Хоць тут і тоўсты пласт мяса, але параненьні заду вельмі хваравітыя, прыходзіцца па месяцох ляжаць на жываце ў лазарэце і пасьля таго напэўна абавязкова кульгаць.

Недзе здорава хлюпнула. У перамежках паміж выбухамі чутны крыкі.

Нарэшце, робіцца зацішней. Знарады кладуцца цяпер за намі, б’юць па апошніх рэзэрвных акопах. Мы парашаем аглядзецца. Чырвоныя ракеты лётаюць па небе. Мабыць будзе атака.

У нас усё як і раней спакойна. Я прыпаднімаюся і ўстрасаю новабранца за плечы.

— Прайшло, малы, яшчэ раз усё абышлося добра.

Ён зьбянтэжана аглядаецца. Я кажу яму:

— Ты хутка прызвычаішся.

Ён заўважвае свой шлем і надзявае яго. Паволі ён апрытомнівае. Раптам ён вогненна чырванее, — ён у замяшаньні. Памалу ён працягвае руку назад і балюча глядзіць на мяне. Я адразу разумею ў чым справа: гарматная ліхаманка. Сур’ёзна кажучы, я ня з тэй мэтаю клаў шлем як раз на тое месца, але ўсё-ж ткі я яго ўцешваю:

— Тут сароміцца няма чаго. Не такія людзі, як ты, пры першых баявых хрэзьбінах накладвалі ў штаны! Ідзі ў кусты і скінь сподні. Вось і ўсё!

Ён зьнікае. Робіцца зацішней, але крыкі не змаўкаюць.

— Што там адбываецца, Альбэрт? — пытаюся я.

— Дзьве колёны трапілі пад агонь.

Крыкі працягваюцца. Гэта ня людзі: людзі ня могуць так жудасна крычаць.

Кат гаворыць:

— Параненыя коні.

Я яшчэ ніколі ня чуў, як крычаць параненыя коні, і ледзь магу даць веры гэтаму. Гэта крык усяго быцьця гэтага замардаванага стварэньня ад дзікага, страшэннага болю. Мы бляднеем. Дэтэрынг выпростваецца. — Скурадзёры! Скурадзёры! Ды прыстрэльце-ж іх!

Ён селянін і любіць коняй. Ён прымае гэта да сэрца. І нібы знарок амаль сьціхае артылярыйскі агонь. Тым выразьлівей крыкі жывёлы. Ужо ня ведаеш адкуль яны зыходзяць у гэтай ціхай срэбраватай мясцовасьці, яны нябачны, зданьнёвы, паўсюды, паміж небам і зямлёй, яны бязьмерна нарастаюць. Дэтэрынг шалее і крычыць:

— Застрэльце іх! Застрэльце-ж іх! Ліха на вашу галаву!

— Трэба-ж сьпярша падабраць людзей, — гаворыць Кат.

Мы ўстаем і глядзім туды. Убачыўшы жывёл мы адчуваем яшчэ большы цяжар. У Мэйера ёсьць бінокль. Мы бачым цьмяную групу санітараў і вялікія чорныя камякі, якія рухаюцца. Гэта параненыя коні, але паранены ня ўсе. Некаторыя носяцца галёпам воддаль, падаюць і зноў бягуць. У аднаго разадрана чэрава, кішкі зьвісаюць доўгімі маткамі. Ён заблытваецца ў іх, падае і зноў паднімаецца.

Дэтарынт хапае вінтоўку і меціцца. Кат штурхае яе ўгару.

— Ты в глузду зьехаў!..

Дэтэрынг уздрыгвае і кідае вінтоўку вобземлю.

Мы паселі і заторкваем вушы. Але гэтыя жудасныя жальбы, стоны і енкі даходзяць да нашага слыху. Яны пранікаюць паўсюды.

Мы наўчыліся шмат чаго пераносіць. Але тут нас прыбівае пот. Хочацца ўстаць і бегчы, усёроўна куды, абы толькі ня чуць гэтага выцьця. А гэта-ж нават ня людзі, а толькі коні!

Ад цьмянага клубка зноў аддзяляюцца насілкі. Потым раздаюцца асобныя стрэлы. Камяні ўздрыгваюць і робяцца больш плюскатымі. Нарэшце!

Аднак гэта яшчэ ня ўсё. Людзі ня могуць наблізіцца да параненых жывёлін, якія ў страсе разьбягаюцца, з шырокай расчыненай ад болю ляпай. Адна з фігур апускаецца на калені. Стрэл. Адзін конь падае, яшчэ адзін… Апошні абапіраецца на пярэднія ногі і круціцца кругам, седзячы, на выпрастаных пярэдніх нагах: відаць у яго раскрышаны хрыбет. Салдат падбягае да яго і прыстрэльвае. Павольна,

пакорліва ён апускаецца на зямлю.

Мы аднімаем рукі ад вушэй. Крыкі сьціхлі. Толькі працяглае, заміраючае ўздыханьне яшчэ вісіць у паветры. У ім зноў ракеты, сьпеў гранат і зоркі, — гэта здаецца нават амаль дзіўным.

Дэтэрынг ідзе і сыпле ашалелыя праклёны:

— Хацеў-бы я ведаць, чым вось яны вінны?

Ён зноў падыходзіць да мяне. Голас яго гучыць узрушана, амаль урачыста.

— Кажу вам, гэта найвялікшая подласьць, што жывёле даводзіцца быць на вайне!

Мы ідзем назад. Час нашым грузавіком прыбыць. Неба заўважна пасьвятлела. Трэцяя гадзіна раніцы. Вецер сьвежы і халоднаваты: золкам нашы твары набываюць шэры водцень.

Мы прабіраемся наперад цугам, праз акопы і варонкі, і зноў трапляем у паласу туману. Катчынскі непакойны. Гэта дрэнная адзнака.

— Што з табой Кат? — пытаецца Кроп.

— Я-б хацеў, каб мы былі ўжо дома!

Домам ён называе баракі.

— Цяпер ужо нядоўга, Кат!

— Ня ведаю, ня ведаю… — гаворыць ён нэрвуючыся.

Мы праходзім траншэі і выходзім потым на луг. Выплывае лясок; тут кожны корч зямлі нам знаёмы. Вось ужо могілкі, з могілкавымі ўзгоркамі і чорнымі крыжамі.

У гэты момант адзаду раздаецца сьвіст, потым выцьцё, трэск, грукат. Мы нахіляемся. На сто мэтраў паперадзі нас узьлётвае вобалак дыму.

У наступную хвіліну ад другога выбуху паволі ўзьнімаецца над верхавінамі кавалак лесу, угору плывуць тры-чатыры дрэвы, пры гэтым яны рашчапляюцца на трэскі. Ужо шыпяць, як кацельныя вінтылі, чарговыя гранаты. Моцны агонь.

— Пад заслону! — крычыць нехта. — Пад заслону!

Лугі роўныя, лес завельмі далёка і небясьпечны; іншай заслоны ў нас няма, апрача могілак ды могілкавых узгоркаў.

Мы ўпацёмку кідаемся туды, і кожны адразу-ж, быццам яго гоніць вецер, прыцішаецца за могілкавай наспай.

Кожная сэкунда дорага. Ноч робіцца вар’яцкай. Усё хвалюецца і люцее. Цемра, чарнейшая за ноч, налятае на нас з гіганцкім гарбом і праносіцца над намі. Успышкі выбухаў палымнеюць над могілкамі.

Выйсьця няма. Пры блеску выбухаў я асьмельваюся глянуць на лугі. Яны становяць сабою разбушаванае мора, полымя ад гранат, што выбухаюць, узьнімаецца фронтам. Ня можа быць, каб хто-небудзь зьвярнуўся адтуль.

Лес зьнікае. Ён стоўчаны, падраны, раскірзаны… Нам трэба заставацца тут на могілках.

Наперадзі нас разрываецца зямля. Дажджом падаюць камяні. Я адчуваю штуршок. Мой рукаў разадраны асколкам. Я сьціскаю кулак. Ніякага болю. Але гэта не заспакойвае мяне, пакалечаньні цела прычыняюць боль значна пазьней. Я абмацваю руку. Яна запэцкана але не пашкоджана. Раптам мяне б’е па чэрапе так, што мне здаецца нібы я трачу прытомнасьць. «Толькі-б ня страціць прытомнасьць!» — я апускаюся ў чорнае нябыцьцё і адразу-ж зноў ачуньваю. Асколак ударыў па маім шлеме, ён прыляцеў здалёк і ня мог прабіць яго. Я абціраю гразь, што заляпіла мне вочы. Перад мной разварочаная яміна. Я няясна бачу яе. Знарады рэдка трапляюць у адну і тую-ж варонку, таму я кідаюся туды. Адным скокам я перабягаю адлегласьць, прыгінаюся да зямлі, як рыба, раптам зноў сьвіст, я шпарка згінаюся крукам, шукаю прыкрыцьця, намацваю зьлева нейкі прадмет, прыціскаюся да яго, ён паддаецца, я стагну, зямля разрываецца, паветра б’е мне па вушох, я паўзу пад прадмет, закрываюся ім. Гата дрэва, заслона, заслона — мізэрная ахова ад знарадаў, што сыплюцца з усіх бакоў.

Я адчыняю вочы; мае пальцы абхапілі чыйсьці рукаў, руку. Паранены. Я крычу яму — няма адказу. Труп. Мая рука працягваецца далей, у адломкі дрэва. Цяпер я ўспамінаю, што мы ляжым на могілках.

Аднак агонь мацней за ўсё астатняе. Ён зьнішчае ўсякія роздумы і я ўсё глыбей зарываюся пад труну, яна павінна абараніць мяне, хоць-бы ў ёй ляжала сама сьмерць.

Наперадзі зьзяе варонка. Я ахапляю яе вокам, як кулакамі, я мушу адным скокам трапіць туды. Аж раптам удар па твары, чыясь рука схапіла мяне за плячо. Няўжо ажыў нябожчык? Рука трасе мяне. Я паварочваю галаву, пры імгненным сьвятле я ўтаропліваюся ў твар Катчынскага. Яго рот шырока адчынены, і ён крычыць. Я нічога ня чую, ён трасе мяне і сунецца далей. Уміг нарастаючы яго голас дасягае да майго слуху:

— Газ, га-аз, га-ааз. Перадавай далей!

Я хапаюся за супроцьгаз… Крыху воддаль ад мяне нехта ляжыць. Я думаю толькі пра адно: той там павінен ведаць. — Газ, га-аз! — Я клікаю, падсоўваюся да яго, удараючы па скрынцы процігазу. Ён нічога не заўважвае. Яшчэ раз, яшчэ раз — ён толькі нагінаецца. Гэта новабранец. Я зьбянтэжана гляджу на Ката. Ён трымае маску перад сабой — я таксама выцягваю сваю, шлем падае ўбок, я нацягваю маску на твар, падсоўваюся да свайго суседа, раней за ўсё хапаю яго супроцьгаз, выхопляваю маску, нацягваю яе яму на галаву, ён хапаецца за маску, я адпускаю яе і здразу кладуся ў варонку.

Глухія выбухі газавых гранат зьліваюцца з грукатам выбуховых знарадаў. У прамежках паміж выбухаў гучаць звон, гонгі, мэталічныя ляскаўскі, якія паўсюды разносяць вестку: газ-га-аз, га-а-аз…

Адзаду мяне нешта плюхнула — раз, другі. Я праціраю запацелыя акуляры маёй маскі. Гэта Кат, Кроп і яшчэ нехта. Мы ляжымо ўсе чэцьвера, у цяжкім, поўным чаканьня напружаньні і дыхаем як мага павольней.

Гэтыя першыя хвіліны ў масцы — рашаючыя. Ці не прапускае яна паветра — у гэтым пытаньне жыцьця і сьмерці. Я ведаю страшныя малюнкі з лазарэту: атручаныя газамі, марудна паміраючы ад задушэньня, выплёўваюць па кавалачках спаленыя лёгкія.

Я дыхаю асьцярожна, прыціснуўшы рот да патрону. Цяпер на зямлі сьцеляцца выпарэньні, зьбіраючыся ў кожнае паглыбленьне. Накшталт белай шырокай мэдузы, яны запаўзаюць у нашу варонку, яны ўсмоктваюцца ў яе. Я штурхаю Ката: лепш выпазьці на гару і ляжаць там, а ня тут, дзе больш за ўсё зьбіраецца газу. Але нам не шанцуе: зноў пачынаецца гураганны агонь. Здаецца — не знарады грымяць, а лютуе сама зямля.

З трэскам і сьвістам нешта чорнае ляціць да нас. Яно цяжка бразнула ля нас: выдраная з зямлі труна.

Я бачу як Кат кратаецца і падпаўзаю да яго. Труна ўпала на выцягнутую руку чацьвертага, які сядзіць у нашай яміне. Вольнай рукой ён наважваецца зьдзерці з сябе маску. Кроп у час падскоквае да яго, моцна праціскае яго руку да сьпіны і з сілай яе трымае.

Кат і я імкнемся вызваліць параненую руку. Покрыўка труны трэснула і трымаецца зусім нямоцна, нам лёгка яе зьдзерці і выкінуць мерцьвяка. Ён кулем падае ўніз, потым мы спрабоўваем рассунуць ніжнюю частку труны.

На шчасьце паранены траціць прытомнасьць, і Альбэрт можа нам дапамагчы. Цяпер нам няма чаго асьцярагацца, і мы работаем як умеем да таго часу, пакуль труна не пачынае з уздыхам паддавацца падсунутай пад яе рыдлёўкай.

Пачало віднець. Кат бярэ кавалак покрыўкі, падкладае яго пад разьбітую руку, і мы перавязваем яе бінтамі з усіх нашых індывідуальных пакетаў. Большага мы зараз ня можам зрабіць.

Мая галава ў супроцьгазе гудзе і трашчыць, яна гатова трэснуць. Лёгкія напружаны, яны атрымліваюць усё тое-ж гарачае скарыстанае дыханьне, жылы на скронях напухлі, я адчуваю, што задыхаюся.

Шэрае сьвятло прасочваецца ў нашу яміну. Вецер дзьме над могілкамі. Я высоўваюся за край варонкі.

У бруднаватым сьвітаньні я бачу перад сабой адарваную нагу, бот зусім цэлы. Я пасьпяваю ў адзін міг разглядзець усё гэта. Але вось за некалькі мэтраў ад мяне нехта падымаецца. Я праціраю акуляры супроцьгазу, але дзякуючы маёй узрушанасьці яны зноў зараз-жа цьмеюць.

Я прыглядаюся: там чалавек бяз супроцьгазу.

Я чакаю некалькі сэкунд. Ён ня падае, ён азіраецца, нечага шукаючы, і робіць некалькі крокаў. Вецер разьдзьмуў газы, паветра чыстае. Я з хрыпам таксама зрываю маску і валюся; нібы халодная вада ўліваецца ў мяне паветра, вочы гатовы трэснуць, хваля захліствае мяне… Прытомнасьць на хвіліну гасьне.

Выбухі сьціхлі. Я паварочваюся да варонкі і раблю знакі іншым. Яны выбіраюцца і зрываюць з сябе маскі. Мы зьбіраемся ля параненага, адзін бярэ яго перавязаную руку. Мы хутка клыпаем прэч.

Могілкі ўсе разварочаны. Паўсюды раскіданы труны і мерцьвякі. Яны яшчэ раз былі ўмярцьвены; але кожны расшматаны труп выратаваў каго-небудзь з нас.

Плот разбураны, рэйкі пракладзенай за ім палявой чыгункі раскіданы і тырчаць, загнутыя ўгару. Перад намі ляжыць нехта. Мы спыняемея, толькі Кроп ідзе далей, вядучы параненага.

Той, што ляжыць на зямлі — новабранец. Яго сьцягно акрываўлена; ён да таго зьнясілены, што я хапаюся за сваю пляшку, у якой у мяне ром з гарбатай.

Кат затрымлівае маю руку і нахіляецца над ім:

— Куды табе трапіла таварыш?

Ён водзіць вачыма, ён завельмі слабы, каб адказаць.

Мы памалу разрэзваем яго штаны. Ён стогне.

— Ціха, ціха, зараз будзе лягчэй…

Калі ў яго прастрэлены жывот, дык яму нельга даваць піць. Там усё цэла. Гэта добра! Мы раскрываем сьцягно. Яно становіць сабой месіва з мяса і адломкаў касьцей. Трапіла ў самы сустаў. Хлапец ужо ніколі ня здолее хадзіць.

Я праціраю яму скроні абвільгочаным пальцам і даю яму глытнуць. У вачох яго паказваецца жыцьцё. Цяпер мы толькі заўважаем, што і правая яго рука ў крыві.

Кат раскубвае як мага шырэй мэрлю з двух пакетаў, каб пакрыць ёй усю рану. Я шукаю тканіны, каб абвязаць па версе. У нас больш нічога не засталося, таму я спушчаю ў параненага штаніну, каб скарыстаць для перавязкі кавалак яго сподняў. Аднак у яго іх няма. Я бліжэй прыглядаюся да яго; гэта ўсё той самы бялявы хлапец.

Кат між тым выцягнуў з кішэні аднаго забітага яшчэ некалькі індывідуальных пакетаў, і мы асьцярожна перавязваем параненага. Я кажу хлапцу, які пільна глядзіць на нас:

— Зараз мы пойдзем за насілкамі.

Тут ён адчыняе рот і гаворыць шэпатам:

— Застанься тут…

Кат кажа:

— Мы зараз зьвернемся, мы прынясем для цябе насілкі.

Цяжка сказаць ці зразумеў ён нас. Ён, як дзіцянё, скуголіць пазаду:

— Не пакідайце.

Кат азіраецца і шапоча:

— Ці ня лешш проста пусьціць у справу рэвольвэр, каб спыніць гэта?

Хлапец бадай ці перанясе перавозку, і ад сілы — ён працягне яшчэ некалькі дзён. Аднак усё ранейшае будзе за нішто ў параўнаньні з часам, які яму яшчэ застаўся перажыць. Цяпер ён аглушаны і нічога не адчувае. Праз гадзіну ён ператворыцца на крыклівы камяк нясьцерпных пакут. Дні, якія ён яшчэ можа пражыць, будуць поўнымі шалёных пакут. А хіба ня ўсёроўна, пражыве ён іх ці не?..

Я ківаю:

— Так, так, Кат, трэба ўзяць рэвольвэр.

— Дай сюды! — гаворыць ён і застаецца на месцы. Я разумею: ён адважыўся. Мы азіраемся, але мы ўжо не адны. Перад намі зьяўляецца купка людзей. З варонак і магіл выглядаюць галовы.

Мы дастаем насілкі.

Кат ківае галавой.

— Такія маладыя хлапчукі! — Ён паўтарае: — Такія маладыя, бязьвінныя хлапчукі…

Нашы страты аказаліся меншымі, чым можна было меркаваць: пяць забітых і восем параненых.

Гэта быў нядоўгі, выпадковы абстрэл. Два нашых забітых ляжаць у аднэй з разварочаных магіл, нам застаецца толькі засыпаць іх зямлёй.

Мы ідзем назад. Моўчкі мы пасоўваемся цугам адзін за адным. Параненых здаюць на санітарны пункт.

Раніца пахмурная, санітары бегаюць з нумарамі і білетамі, параненыя стогнуць.

Пачынае капаць дождж.

Праз гадзіну мы даходзім да нашых грузавікоў і забіраемся ў іх. Цяпер нам раскашней.

Дождж павялічваецца. Мы разгортваем палотны палатак і кладзем іх сабе на галаву. Дождж барабаніць па іх і цячэ далоў. Абапал дарогі цурчаць дажджавыя ручаі. Машыны плёскаючы праяжджаюць па ямінах, і мы ў паўсьне хістаемся з боку ў бок.

Два чалавека паперадзі нас трымаюць у руках доўгія, што сканчаюцца вілкамі, кіі. Яны сочаць за тэлеграфнымі правадамі, якія вісяць упоперак вуліцы так нізка, што могуць сарваць нам галовы. Два чалавекі тут-жа падхопліваюць іх сваімі двойчастымі кіямі і паднімаюць іх высока над намі.

Мы чуем іх крык: — Увага! Провад! — і ў паўсьне мы згінаем калені і потым зноў выпростваемся.

Аднастойна калышуцца машыны, аднастойна паўтараюцца крыкі, аднастойна барабаніць дождж. Ён льле на шыны, галовы і на галовы забітых там, наперадзі, на цела маленькага новабранца, рана якога завельмі вялікая для яго сьцягна, ён льле на магілу Кемарыха, ён льле на нашыя сэрцы.

Недзе раздаецца выбух. Мы ўздрыгваем, нашы вочы пашыраюцца, рукі зноў гатовы перакінуць цела праз сьценкі машыны ў прыдарожную канаву. Далей нічога няма. Адны монотонныя ўскрыкваньні:

— Увага! Провад!

Мы апушчаемся на каленкі, мы зноў у паўсьне.


V

Цяжка забіваць вошы па аднэй, калі іх у цябе сотні. Яны даволі цьвёрдыя і ціскаць іх пазногцем дакучае. Таму Т’ядэн прымацаваў дротам да агарку сьвечкі пакрыўку ад бляшанкі з-пад ваксы. У гэтую маленькую патэльню скідваюць вошы, чутны лёганькі трэск і ўсё гатова.

Мы садзімся ў кружок, кашулі ў нас на каленках, верхняя частка аголенага цела — у цёплым паветры, рукі за работай. У Гайе вошы выдатныя: у іх на галоўцы чырвоны крыж. Таму ён сьцьвярджае, што падчапіў іх у лазарэце ў Тургуце, і нават нібы ад галоўнага доктара. Ён хоча скарыстаць для змазкі ботаў іх сала, якое паступова зьбіраецца ў бляшанай пакрыўцы, і на працягу паловы гадзіны рагоча з свайго жарту.

Аднак сёньня ён вялікім посьпехам не карыстаецца; нас цікавіць нешта іншае.

Чуткі спраўдзіліся. Гімэльштос тут. Ён зьявіўся ўчора, мы ўжо чулі гэтак знаёмы нам голас. Тут яму прыдзецца шмат з чаго зьдзівіцца. Т’ядэн на працягу доўгага часу разказвае нам, як ён мяркуе адказваць Гімэльштосу. Гайе задумліва глядзіць на свае вялізарныя кулакі і падміргвае мне. Зьбіцьце Гімэльштоса было самым яркім здарэньнем у яго жыцьці: ён казаў мне, што часта бачыць гэта здарэньне ў сьне.

Кроп і Мюлер гутараць; Кроп набываў сабе поўны кацялок сачавіцы, мусіць на сапёрнай кухні.

Мюлер прагавіта заглядвае ў яго, але стрымліваецца і пытаецца:

— Альбэрт, што-б ты рабіў, калі-б вось зараз замірыліся?

— Міру няма, — коратка абвяшчае Альбэрт.

— Не, а калі будзе, — пярэчыць Мюлер, — што-б ты зрабіў?

— Дэмобілізаваўся-б, — бурчыць Кроп.

— Гэта зразумела. А потым?

— Напіўся-б, — гаворыць Альбэрт.

— Не кажы глупства. Я пытаюся сур’ёзна.

— Я і адказваю сур’ёзна, — кажа Альбэрт. — Што яшчэ можна зрабіць?

Кат зацікавіўся пытаньнем. Ён патрабуе ад Кропа сваёй долі сочавіцы, атрымлівае яе, потым доўга думае і гаворыць:

— Напіцца, вядома, можна, але потым на бліжэйшы вагзал — дамоў да маткі. Падумай толькі, мір, Альбэрт!

Ён рыецца ў сваёй сумцы, дастае фотографію і паказвае яе нам. — Мая старая. — Потым ён яе хавае і пачынае лаяцца. — Праклятая ўшывая вайна!

— Табе добра казаць, — пярэчу я, — у цябе сынок і жонка.

— Правільна, — сьцьвярджае ён, — я мушу клапаціцца пра іх, каб ім было чаго есьці.

Мы сьмяемся.

— У гэтым недахопу ня будзе. Кат, у крайнім выпадку ты рэквізьнеш.

Мюлер галодны і ўсё ячшэ нездаволены. Ён раптам адрывае Гайе Вэстгуса ад яго ваяўнічых мар.

— Гайе, што-б ты зрабіў, калі-б зараз быў мір?

— Яму варта было-б адшлёпаць цябе па задніцы за тое, што ты пачынаеш такія размовы, — кажу я. — З чаго ты гэта?

— З чаго каравячы гной трапляе на страху? — ляконічна адказвае Мюлер і зноў зьвяртаецца да Гайе Вэстгуса.

Гайе ня можа адразу сьмяціць, у чым справа, ён нахіляе свой аброслы валасамі чэрап:

— Ты думаеш аб тым, калі ня будзь больш вайны?

— Правільна! Ты здорава ўсё разумееш.

— Тады ў нас зноў будуць жанчыны. Ці-ж ня так?

Гайе аблізваецца.

— Ну, вядома!

— Чорт пабяры! — гаворыць Гайе і яго твар расплываецца. — Тады падчапіў такую моцную дзяўчыну, такога сапраўднага кухоннага драгуна, і адразу-ж нікуды больш, як у пасьцель!

Усе маўчаць. Малюнак вельмі прывабны. У нас на скуры бегаюць мурашкі.

Нарэшце, Мюлер зьбіраецца з духам і пытаецца:

— А пасьля?

Паўза. Потым Гайе абвяшчае некалькі пакрыўджана:

— Калі-б я быў унтэр-офіцэрам, дык я-б застаўся ў прусакоў на звыштэрміновай.

— Гайе, ты жартаўнік! — кажу я.

Ён спакойна пярэчыць:

— Ты калі-небудзь рэзаў торф? Паспрабуй вось!

Потым вымае з-за халявы лыжку і цягнецца да Альбэртавага кацялка.

— Хужэй за акопы ў Шампані, таксама нічога ня можа быць, — пярэчу я.

Гайе жмакае і ўхмыляецца:

— Затое там гэта цягнецца больш часу. І ўйсьці адтуль нельга.

— Але паслухай, Гайе, дома-ж лепш!

— Крыху так, — гаворыць ён і з адчыненым ротам паглыбляецца ў думкі.

Па выразе яго твару можна адгадаць пра што ён думае. Мізэрная хатка на балоце, цяжкая работа зранку да вечару, мізэрная заработная плата, брудная батрацкая вопратка…

— На вайсковай службе ў мірны час ніякіх клопатаў, — паведамляе ён. — Штодня гатовая ежа, і нічога ня робіш, маеш свой ложак, кожных восем дзён чыстую бялізну, як кавалер там які, правіш сваю ўнтэр-офіцэрскую службу, носіш прыгожы мундыр; увечары ты вольны чалавек і ідзеш у шынок.

Гайе надзвычай ганарыцца сваімі ідэямі. Ён закаханы ў іх.

— А калі ты праслужыш сваіх дванаццаць год, — атрымліваеш пэнсіённае пасьведчаньне і робішся жандарам. Тады можаш увесь дзень гуляць.

Ён нават успацеў смакуючы наперад сваю будучыню.

— Уяві сабе, як цябе тады будуць частаваць. Тут чарка коньяку, там поўлітра віна. З жандармам кожнаму прывабна быць у добрых адносінах.

— Ты-ж ніколі ня будзеш унтэр-офіцэрам, Гайе! — кідае яму Кат.

Гайе зьбянтэжана пазірае на яго і маўчыць. Яго думкі зараз поўны яснымі восенскімі вечарамі, нядзельнымі днямі ў стэпе, вясковымі званамі, вечарамі і начамі прабаўленымі з вясковымі дзяўчатамі, грачанамі блінамі з вялікімі вочкамі тлушчу, гадзінамі бесклапотнай балбытні за кухлем піва.

З такім мноствам малюнкаў ён ня можа так хутка справіцца, таму ён бурчыць, раззлаваны.

— І што за глупства вы заўсёды пытаеце?

Ён напяльвае кашулю праз галаву і зашпіляе сваю куртку.

— А штоб ты пачаў рабіць, Т’ядэн, — крычыць Кроп.

Т’ядэн ведае толькі адно: сачыць за тым, каб ад яго ня высьлізнуў Гімэльштос.

Яму, мабыць, больш за ўсё жадалася-б замкнуць яго ў куфры і што раньня накідацца на яго з доўбняй. Ён зьвяртаецца да Кропа:

— На тваім месцы я пастараўся-б зрабіцца лейтэнантам. Тады-б ты здолеў так расцукаць яго, што ў яго-б у азадку вада загатавалася-б.

— А ты, Дэтэрынг? — працягвае дапытвацца Мюлер. З сваімі пытаньнямі ён проста ўроджаны настаўнік.

Дэтэрынг неразгаворлівы. Але гэтая тэма прымушае яго падумаць над адказам. Ён глядзіць угару і гаворыць толькі адзін сказ:

— Я-б акурат прысьпеў на жніво, — і в гэтым ён устае і адыходзіць.

У яго шмат клопатаў. Яго жонка мусіць даглядаць гаспадарку. Да таго ў яго яшчэ забралі двух коняй. Кожны дзень ён чытае атрыманпыя газэты, каб даведацца ці ня было дажджу ў яго Ольдэнбурскім краі. Гэта можа перашкодзіць уборцы сенажаці.

Гімэльштос у некаторым замяшаньні. Ён проста падыходзіць да нашай групы. Т’ядэнаў твар накрываецца плямамі. Ён плазма кладзецца на траву і ад хваляваньня заплюшчвае вочы.

Гімэльштос у некаторым замяшаньні. Ён зьменшвае крокі. Усё-ж ткі ён набліжаецца да нас. Ніхто ня робіць ніводнага руху, каб падняцца. Кроп з цікавасьцю пазірае на яго.

Вось ён стаіць перад намі і чакае. Таму, што ніхто нічога ня кажа, ён гаворыць:

— Ну?..

Праходзіць некалькі сэкунд; Гімэльштос, відаць, ня ведае, як яму трэба трымацца. Больш за ўсё яму хапелася-б адразу на нас пакрычэць. Адылі, ён, здаецца, ужо зразумеў, што фронт не казарменны двор. Усё-ж ён наважваецца нешта зрабіць і зьвяртаецца не да ўсіх нас, а да аднаго, спадзяючыся такім спосабам лягчэй атрымаць адказ. Кроп да яго бліжэй за ўсіх. Таму ён абірае яго.

— Дык значыць і вы тут?

Але Альбэрт не палае сяброўскімі пачуцьцямі да яго. Ён каротка адказвае:

— Крыху больш часу за вас, мяркую.

Рудаватыя вусы ўздрыгваюць.

— Вы хіба мяне не пазнаеце?

Цяпер Т’ядэн адчыняе вочы:

— Пазнаем.

Гімэльштос зьвяртаецца да яго.

— Ды гэта-ж Т’ядэн, ці-ж ня так?

Т’ядэн падымае галаву:

— А ці ведаеш ты, хто ты такі?

Гімэльштос зьбіты з панталыку:

— З якога часу гэта мы сталі на ты? Мы яшчэ разам не ляжалі ў канаве ля дарогі.

Ён відаць ня ведае, як яму высьці з гэтага становішча. Гэтай адкрытай варожасьці ён не чакаў. Аднак ён асьцярожны; відаць яму нехта ўжо расказаў пра стрэлы ў сьпіну.

Т’ядэн пры запытаньні аб прыдарожнай канаве ад ашаленьня робіцца нават дасьціпным.

— Не, гэта толькі адзін ты там ляжаў.

Цяпер закіпае Гімэльштос. Т’ядэн хутка выпярэджае яго. Яму неабходна выказацца.

— А ты што з сябе ўяўляеш, хочаш ведаць? Сукін ты сын, вось хто ты! Я ўжо даўно хацеў табе гэта сказаць.

Цяпер разьюшыўся і Гімэльштос.

— Ты чаго хочаш, шчанё, брудны тарфяны д’ябал? Устаць! Рукі па швох, калі з вамі размаўляе начальства!

Т’ядэн велічна ківае.

— Можаце ісьці, Гімэльштос! Ідзеце прэч!

Гімэльштос заўсёды абаронца статуту. Больш зьняважаным ня мог-бы быць і сам кайзэр. Ён рычыць:

— Т’ядэн, я загадваю вам у парадку службовай дысцыпліны: ўстаньце!

— Яшчэ што? — пытаецца Т’ядэн.

— Вы выканаеце мой загад, ці не?

Т’ядэн, сам таго не падазраючы, адказвае з халодным сэрцам і рашуча вядомай лаянкай адначасова агаляе свой азадак.

Гімэльштос адлятае ад яго:

— Вы адкажаце перад палявым судом!

Мы бачым як ён ідзе ў кірунку да канцэлярыі.

Гайе і Т’ядэн дзіка рагочуць. Гайе так сьмяецца, што ў яго раптам ссоўваецца з месца ніжняя сківіца і ён застаецца з бездапаможна расчыненым ротам. Альбэрту прыходзіцца паправіць ударам кулака.

Кат заклапочаны:

— Калі ён удасьць цябе, — будзе кепска.

— Ты думаеш, ён гэта зробіць? — пытаецца Т’ядэн.

— Напэўна! — кажу я.

— Самае малае, што ты можаш зарабіць, гэта пяць дзён суровага арышту, — абвяшчае Кат.

Але Т’ядэна гэта ня пужае.

— Пяць дзён карцэру — гэта пяць дзён спакою.

— А калі цябе пашлюць у цытадэлю? — дапытвае больш грунтоўна Мюлер.

— Тады на гэты час для мяне ня будзе вайны.

Т’ядэн шчасьлівец. Для яго ня існуе клопатаў.

Ён адыходзіць разам з Гайе і Леерам, каб не патрапіць пад гарачую руку.

Мюлер усё яшчэ ня скончыў сваіх запытаньняў. Цяпер ён падступае да Кропа.

— Альбэрт, калі-б ты сапраўды трапіў дамоў, што-б ты пачаў рабіць?

Кроп цяпер пад’еўшы і таму больш уступлівы.

— Колькі, уласна кажучы, вас тады было ў клясе?

Мы падлічваем: з дваццаці сем забіта, чацьвёра паранена, адзін у вар’яцкім доме. Гэтак ад сілы набярэцца чалавек дванаццаць.

— Трое зрабіліся лейтэнантамі, — гаворыць Мюлер. — Думаеш яны дазволяць Канторэку рабіць ім заўвагі?

Мы гэтага ня думаем, ды і мы таксама не дазволім рабіць нам заўваг.

— Дык па-твойму, ці захавана адзінства дзеі, часу і месца ў драме «Вільгэльм Тэль»? — успамінае раптам Кроп і голасна рагоча.

— Якія былі задачы Гетынгенскага хаўрусу? — пытаецца нечакана Мюлер з асаблівай строгасьцю.

— Колькі дзяцей было ў Карла адважнага? — спакойна пытаюся я.

— Вы ў жыцьці ні да чаго ня будзеце прыдатны, Боймэр! — вішчыць Мюлер.

— Калі была бойка ля Замы? — хоча ведаць Кроп.

— У вас няма моральных асноў, Кроп. Садзецеся! Тры з мінусам, — адрабляюся я.

— Якія задачы лічыў Лікург найважнейшымі для дзяржавы? — шапоча Мюлер і робіць выгляд, нібы папраўлае пэнснэ.

— Як трэба сказаць: «Мы, у якасьці немцаў, баімся толькі бога і больш нікога», ці проста: «мы — немцы?..» — задаю я пытаньне.

— Колькі жыхароў у Мэльбурне? — шчабеча Мюлер.

— Як-жа вы зьбіраецеся жыць, калі вы гэтага ня ведаеце? — абурана пытаюся я ў Альбэрта.

— Што трэба разумець пад «шчапленьнем» — казырае ў сваю чаргу той.

Ня шмат запомнілі мы з усяго гэтага барахла. Да таго-ж гэта і не згадзілася нам. Аднак у школе ніхто нас не навучаў, як на дажджу і ў непагадзь запаліць папяроску, як распаліць вогнішча з мокрых дроў, альбо што штых лепш за ўсё ўторкваць у жывот, бо пры ўдары ў рэбры ён можа там застрэць.

Мюлер гаворыць у задуменьні:

— Усёроўна нам давядзецца сесьці на школьную лаву.

Я лічу гэта немагчымым.

— Быць можа, мы будзем проста здаваць дыплёмны экзамен.

— Для гэтага патрэбна падрыхтоўка. А калі ты здасі, што тады? Быць студэнтам ня шмат чым лепш. Калі ў цябе няма грошай.

— Усё-ж гэта лепш. Але, апрача глупства, там нічаму не навучаць.

Кроп згаджаецца з намі.

— Як можна прымаць усё на сур’ёз пасьля таго, як мы пабывалі тут?

— Але-ж ты мусіш мець якую профэсію! — дадае Мюлер, зусім як Канторэк сваёй уласнай пэрсонай.

Альбэрт чысьціць сабе пазногці нажом. Мы зьдзіўлены яго акуратнасьцю. Але гэта толькі ад бязуважлівасьці. Ён адкідае нож і абвяшчае:

— У гэтым вось і справа… Кат, Дэтэрынг і Гайе зноў зьвернуцца да свайго рамяства, таму што яны займаліся ім і раней. Гімэльштос таксама. У нас-жа сваёй профэсіі ня было. Як-жа пасьля ўсяго гэтага, — ён робіць гэст у бок фронту, мы здолеем прыўчыць сябе да якой-небудзь справы?

— Варта было-б зрабіцца рант’е і жыць сабе ды пажываць у поўнай самоце ў лесе, — кажу я, але адразу-ж стыдаюся гэтай марнай думкі.

— Што толькі будзе, калі мы зьвернемся назад?.. — гаворыць Мюлер і сам палохаецца…

Кроп паціскае плячыма.

Ня ведаю, абы зьвярнуцца, а там пабачым.

Ні ў каго з нас, па сутнасьці няма адказу.

— А што-ж можна рабіць? — пытаюся я.

— У мяне ні да чаго няма ахвоты, — адказвае стомлена Кроп.

— Прыйдзе дзень, калі ты ўсёроўна сканаеш… навошта тады ўсё гэта? Я наогул не даю веды, што мы зьвернемся назад.

— Калі я пра гэта думаю, Альбэрт, — кажу я праз некаторы час і перакідаюся на сьпіну, — дык мне жадаецца, калі я толькі пачую слова «мір», і калі гэта сапраўды будзе мір, — учыніць нешта неймавернае… да таго мне гэтая думка стукае ў галаву. Што-небудзь такое, што было-б роўнаважна нашаму мадзеньню ў гэтым згубным балоце. Я толькі не магу нічога надумаць. Усё, што ўяўляецца мне магчымым, усе гэтыя гісторыі з профэсіяй і навучэньнем, пэнсіяй і іншым, — ад усяго гэтага мяне ванітуе, бо ўсё гэта ўжо было і ўсё зрабілася агідным. Я нічога не магу надумаць, нічога не магу надумаць, Альбэрт!

Раптам мне ўсё пачынае здавацца безнадзейным і ня пэўным.

Кроп таксама раздумвае над гэтым.

— Нам наогул усім давядзецца цяжка. Ці ня прымусіць гэта каго-небудзь падумаць там, на радзіме? Два гады, якія прайшлі ў страляніне і ў кіданьні гранат, — гэтага-ж нельга скінуць з сябе, як старую панчоху!

Мы прыходзім да заключэньня, што ўсім аднолькава кепска; ня толькі нам тут. Паўсюды і ўсім, хто знаходзіцца ў такім-жа становішчы: аднаму больш, другому менш. Гэта агульны лёс нашага пакаленьня.

Альбэрт выказвае гэта.

— Вайна зрабіла ўсіх нас ні да чаго ня прыдатнымі.

Ён мае рацыю. Мы ўжо ня моладзь. Мы ўжо ня хочам штурмаваць сьвет. Мы ўцекачы. Мы ўцякаем ад саміх сябе. Ад нашага жыцьця. Нам было восемнаццаць год, і мы пачыналі любіць сьвет і жыцьцё; а нас прымусілі страляць ва ўсё гэта. Першая граната, што выбухнула, трапіла нам у сэрца. Мы аддзелены ад дзейнасьці, ад імкненьняў, ад прогрэсу. Мы ўжо ў гэта ня верым; мы верылі ў вайну.

У канцылярыі пачынаецца ажыўленьне. Гімэльштос, відаць, паставіў усіх на ногі. На чале процэсіі ідзе трушком тоўсты фэльдфэбэль. Пацешна, што фэльдфэбэлі чамусьці ўсе тоўстыя.

За ім сьледам прагнучы помсты Гімэльштос. Яго боты зіхацяць на сонцы.

Мы паднімаемся. Фэльдфэбэль сапе:

— Дзе Т’ядэн?

Вядома, ніхто гэтага ня ведае. Гімэльштос злосна пазірае на нас.

— Вы напэўна ведаеце. Толькі ня хочаце казаць. Кажэце зараз-жа! — Фэльдфэбэль шмыгае вачыма па бакох: Т’ядэна нідзе няма. Ён намагаецца павярнуць справу ў другі бок. — Праз дзесяць хвілін Т’ядэн павінен зьявіцца ў канцылярыю.

З гэтым ён адыходзіць. Гімэльштос цягнецца за ім.

— У мяне такое прадчуваньне, што ў наступны раз на шанцавых работах я кіну скрутак дроту на Гімэльштосавы ногі, — разважае Кроп.

— Мы яшчэ зробім над ім шмат штуковін, — сьмяецца Мюлер.

Я іду ў баракі і паведамляе Т’ядэну аб становішчы спраў, каб ён мог зьнікнуць.

Потым мы зьмяняемся месцамі і зноў пачынаем гуляць у карты. Гэта мы можам: гуляць у карты, ваяваць і лаяцца. Ня шмат для дваццаці гадоў, — завельмі шмат для дваццаці гадоў.

Праз паўгадзіны Гімэльштос зноў ля нас. Ніхто не зварочвае на яго ўвагі. Ён пытаецца пра Т’ядэна. Мы ціскаем плячыма.

— Ты-ж павінен быў шукаць яго! — настойвае ён.

— Хто гэта ты? — хоча даведацца Кроп.

— Ну, ты, і твой сусед, і ўсе хто тут.

— Я-б папрасіў вас ня тыкаць нас, — гаворыць Кроп у тоне палкоўніка.

Гімэльштос нібы з неба зваліўся.

— Хто-ж вас тыкае?

— Вы.

— Я?

— Ага.

— Гэта яго бярэ за жывое. Ён недаверліва глядзіць на Кропа таму, што ён ня мае ніякага ўяўленьня пра тое, чаго той хоча. Усё-ж у гэтым выпадку ён не давярае сабе і зноў зварочваецца да нас:

— Хіба яго не знайшлі?

Кроп кладзецца на траву і пытаецца:

— Вы былі ўжо калі-небудзь на фронце?

— Гэта ня ваша справа! — адразае Гімэльштос. — Я патрабую адказу.

— Добра, — адказвае Кроп і падымаецца. — Паглядзеце вось туды, дзе маленькія вобалачкі. Гэта выбухі францускіх шрапнэляй. Мы былі там учора. Пяцёра забітых, васьмёра параненых. Гэта было нязначнай справай. Калі вы наступным разам пойдзеце з намі, дык ніжнія чыны, раней чым памерці, будуць падыходзіць да вас, станавіцца ва фронт і ветліва пытацца: «Дазвольце адлучыцца, дазвольце падохнуць». Такіх людзей, як вы, мы толькі і чакаем!

Ён зноў садзіцца і Гімэльштос зьнікае як мэтэор.

— На тры дні арышту, — прадказвае Кат.

— Наступным разам пачну я, — кажу я да Альбэрта.

Але цяпер ужо канец. Увечары, у часе пераклічкі, адбываецца допыт. У канцылярыі сядзіць наш лейтэнант Бэртынк і выклікае аднаго за адным.

Я таксама мушу зьявіцца ў якасьці сьведкі і вытлумачыць, дзеля чаго Т’ядэн паўстаў супроць начальства.

Гісторыя пра Гімэльштосавы лекі нятрыманьня мачы робіць уражаньне. Гімэльштоса выклікаюць, і я паўтараю свае паказаньні.

— Гэта верна? — пытаецца Бэртынк у Гімэльштоса.

Той хоча выкруціцца, але, калі Кроп дае свае паказаньні, ён нарэшце прымушаны здацца.

— Чаму-ж ніхто не паведаміў аб гэтым сваячасова? — пытаецца Бэртынк.

Мы маўчым, ён сам павінен разумець, які сэнс мае скарга на тую дробязь у гарнізоннай службе. Ці могуць наогул быць скаргі на вайсковай службе? Ён гэта вельмі добра бачыць і спачатку дае часу Гімэльштосу, яшчэ раз энэргічна растлумачыўшы яму, што фронт — не казарма.

Потым ён навальваецца з падвоенай моцай на Т’ядэна, які, праслухаўшы доўгую пропаведзь, атрымлівае тры дні простага арышту. Кропу, падміргнуўшы яму, ён прызначае адзін дзень арышту.

— Інакш нельга, — гаворыць ён з жалем. Гэта разважны хлапец.

«Просты арышт» — штука ня кепская. Арыштнае памяшканьне знаходзіцца ў былым птушніку. Там яны абодвы могуць прымаць гасьцей, і мы ўжо ўмовіліся прыйсьці да іх. Пры «суровым арышце» яны былі-б пасаджаны ў склеп. Раней нас прывязвалі да дрэва, але цяпер гэта забаронена. Іншы раз з намі абыходзяцца ўжо як з людзьмі.

Праз паўгадзіны пасьля гэтага, як Т’ядэна і Кропа садзяць за драцяныя краты, мы ўрываемся да іх. Т’ядэн вітае нас кукарэканьнем. Потым мы дацямна гуляем у скат. Т’ядэн, вядома, выйграе, дурны нягоднік!

Калі мы ўстаем, каб пайсьці, Кат пытаецца ў мяне:

— Што ты думаеш пра смажаную гусячыну?

— Рэч ня кепская, — кажу я.

Мы ўзьбіраемся на двуколку для знарадаў. Падарожжа каштуе дзьве папяросы. Кат дакладна помніў месца. Хлеў належыць штабу палка. Я бяруся здабыць гуся і выслухоўваю інструкцыі. Хлеў знаходзіцца за сьценкай, і ён зачынены простай засаўкай.

Кат падстаўляе мне руку, я станаўлюся на яе і пералажу праз сьцяну. Кат застаецца на варце.

Некалькі хвілін я стаю, чакаючы каб вочы прызвычаіліся да цямна; потым я адрозьніваю хлеў. Я ціха падкрадаюся да яго, намацваю засаў, адсоўваю яго і адчыняю дзьверы.

Я бачу дзьве белых плямы… Два гуся. Гэта няёмка: схопіш аднаго — закрычыць другі. Значыць трэба абодвух. Пры вядомай хуткасьці гэта павінна ўдацца.

У адзін скок я кідаюся да птушак. Аднаго гуся я схапіў адразу, другога на момант пазьней. Як шалёны, я б’ю іх галовамі аб сьцену, каб аглушыць. Але, відаць, у мяне мала сілы. Гусі хрыпяць і б’юцца лапамі і крыльлямі. Я заўзята змагаюся, але, чорт пабяры, якая сіла ў гусей! Яны так рвуцца, што я хістаюся з боку ў бок. У пацёмках іх белыя пёры маюць агідлівы выгляд, у руках я трымаю крыльлі, амаль-што баюся, што паднімуся да неба, быццам у мяне ў руках два паветраных балёны.

Вось ужо падняўся шум: аднаму з гусей пашанцавала набраць паветра і ён тарахціць як будзільнік. Я не пасьпяваю ачухацца, як ён выскоквае да дзьверы. Я атрымліваю ўдар, падаю на зямлю і чую злоснае рычаньне. Сабака! Я кідаю погляд ў бок і бачу, што ён хоча схапіць мяне за глотку. Я зараз-жа заміраю і імкнуся ўцягнуць падбародак у каўнер.

Гэта дог. Праходзіць цэлая адвечнасьць, пакуль ён адсоўвае ад мяне сваю морду і садзіцца побач. Аднак, калі я пачынаю рухацца, ён рычыць. Я чакаю. Адзінае, што я магу зрабіць, гэта паспрабаваць дастаць рэвольвэр. Ва ўсякім разе, я павінен выбрацца адсюль раней, чым прыдуць людзі. Сантымэтр за сантымэтрам я прасоўваю сваю руку.

— Мне здаецца, што праходзяць гадзіны. Кожны, нават самы слабы рух выклікае злоснае рыканьне; я перастаю рухацца, потым зноў адважваюся. Калі ўрэшце я трымаю рэвольвэр, мая рука пачынае калаціцца. Я прыціскаю яе да зямлі і вырашаю: падняць рэвольвэр, стрэліць раней, чым ён пасьпее схапіць і бегчы.

Я дыхаю памалу і заспакойваюся. Потым я стрымліваю дыханьне і ўзьнімаю рэвольвэр. Раздаецца стрэл. Дог з візгатаньнем адскоквае ў бок. Я дасягаю дзьвярэй хлеву і перакульваюся праз аднаго з зьбегшых гусей.

Спосьпеху я хапаю яго, адным махам перакідваю праз сьцяну і сам ускараскваюся на яе. Не пасьпяваю я пералезьці, як дог зноў зьяўляецца непашкоджаным і налятае на мяне. Я стрымгалоў звальваюся з таго боку сьцяны. За дзесяць крокаў ад мяне стаіць Кат з гусем у руках. Ледзьве ўбачыўшы мяне, ён кідаецца бегчы, я — за ім.

Нарэшце, мы можам зьвесьці дух. Гусь мёртвы. Кат прыкончыў яго ў момант. Мы хочам яго зараз-жа засмажыць, каб гэтага ніхто не заўважыў. Я дастаю з бараку гаршчок і дроў, і мы забіраемся ў маленькі пакінуты домік, які служыць нам для падобных мэт. Мы шчыльна завешваем адзінае акно. Тут ёсьць нешта накшталт камінка, на цэглінах ляжыць жалезны пласток. Мы распальваем агонь.

Кат скубе гуся і падрыхтоўвае яго. Мы клапатліва адкладваем у бок пер’е. Мы хочам зрабіць з яго дзьве невялічкія падушачкі з надпісам: «Сьпі спакойна пад гураганны агонь».

Шум артылярыйскай кананады гудзе вакол нашага схову. Водбліск агню асьвятляе нашы твары, цені скачуць на сьцяне. Іншы раз раздаецца заглушаны гром. Тады наша халупа ўздрыгвае. Бомба з аэропляну. Аднаго разу мы пачулі аддаленыя крыкі. Відаць, лучыла ў барак.

Аэропляны гудуць, тарахценьне кулямётаў робіцца больш громкім. Але ад нас на двор не пранікае ніякага сьвятла, якое можна было-б заўважыць…

Мы сядзімо адзін насупроць другога, Кат і я, два салдаты ў падраным абмундыраваньні, і смажым сярод начы гуся. Мы мала гаворым, але мы поўны пяшчотнай абыходлівасьці адзін да аднаго, якая, як мне здаецца, бывае толькі ў закаханых. Мы — два чалавекі, дзьве малюпасенькія іскры жыцьця, а там — ноч і кола сьмерці. Мы сядзімо на яго мяжы, зацкаваныя і змардаваныя, нашы сэрцы б’юцца ва ўнісон, і час гэты падобны да таго месца, дзе мы знаходзімся: асьветленыя кволым агнём, калыхаюцца сьвятло і цені нашых адчуваньняў. Што ведае ён пра мяне, што ведаю я пра яго? Раней у нас ня было ніводнай падобнай думкі, цяпер мы сядзімо перад гусем і адчуваем сваё быцьцё. І мы да таго блізкія адзін да аднаго, што нам нават няма ахвоты пра гэта казаць.

Шмат трэба часу, каб засмажыць гуся, нават калі ён малады і тлусты. Таму мы падменьваем адзін аднаго. Адзін аблівае яго, а другі ў той час сьпіць. Памалу разносіцца найцудоўны аромат.

Гукі звонку зьліваюцца ў тонкую стужку, ператвараючыся ў сон, у якім, аднак, ня цалкам тоне памяць. У паўсьне я бачу, як Кат паднімае і спускае лыжку; я люблю яго, яго плечы, нязграбную схіленую постаць, — і ў той-жа час я бачу за ім лясы і зоркі, і ласкавы голас гаворыць словы, якія нясуць мне спакой, мне — салдату, што ў сваіх ботах, з сваёй амуніцыяй і хлебнай сумкай ідзе, маленькі, пад высокім небам па простай дарозе, мне — салдату, які хутка на ўсё забываецца і толькі зрэдку сумуе, і які ўсё ідзе і ідзе далей пад шырокім небам.

Маленькі салдат і ласкавы голас, і калі-б яго прыгалубілі, ён, магчыма, ужо ня здолеў-бы зразумець гэтага, салдат у вялікіх ботах і з засыпаным зямлёю сэрцам, салдат, які маршыруе, таму што ён носіць боты і забыўся на ўсё, апрача маршыроўкі. Хіба на горызонце ня кветкі і не ляндшафт, такі спакойны, што яму — салдату хочацца плакаць? Хіба там не ўстаюць малюнкі, якіх ён ня губляў, бо ніколі і не валадаў імі, малюнкі, якія хвалююць, але ўжо прайшлі паўз яго? Хіба ня там яго дваццаць год?

Ці ня мокры ў мяне твар, і дзе я? Кат стаіць ля мяне. Яго гіганцкі пахілены цень ахінае мяне, як радзіма. Ён ціха гаворыць, ухмыляецца і зьвяртаецца да агню.

Потым ён пытаецца:

— Гатова?

— Так, Кат!

Я скідаю марыва сну. Пасярод пакою сьвеціцца цынамонавая смажаніна. Мы дастаем свае відэльцы-складанцы, сьцізорачкі і адразаем сабе кожны па ножцы. У дадатак мы маем салдацкі хлеб, які мы мачаем у сок. Мы ядзімо паволі, адчуваючы поўную асалоду.

— Табе падабаецца, Кат?

— Смачна! А табе?

— Смачна, Кат!

Мы браты, і мы прапануем адзін аднаму самыя лепшыя кавалкі. Пасьля я закурваю папяроску, а Кат цыгару. Засталося яшчэ шмат.

— А як ты думаеш, Кат, калі мы занясем кавалак Кропу і Т’ядэну?

— Ёсьць! — гаворыць ён. Мы адразаем порцыі і рупліва закручваем іх ў газэты. Рэшту мы зьбіраемся занесьці ў барак, але Кат сьмяецца і кажа: — Т’ядэн!

Я разумею, што мы павінны занесьці ім усё да рэшты. Мы накіроўваемся да птушніка, каб абудзіць іх. Перад тым мы падбіраем пер’е.

Кроп і Т’ядэн прымаюць нас за ласкавых фэй. Пасьля пачынаюць працаваць іх сківіцы. Т’ядэн згроб у абедзьве рукі крыло, якое ён трымае ля роту як гармонік, і жуе. Ён высмоктвае тлушч з лапы і гаворыць, чаўкаючы:

— На гэта я ніколі не забудуся!

Мы зварочваемся ў свой барак. Зноў над намі высокае неба з зоркамі і перадсьвітальны змрок. Я іду пад імі, салдат у вялікіх ботах і з поўным страўнікам, — маленькі салдат у досьвітным ранку, але побач мяне, пахілены і нязграбны, ідзе Кат, мой таварыш.

Абрысы баракаў вырастаюць перад намі ў змроку, нагадваючы пра моцны, добры сон.


VI

Ходзяць чуткі, што нібы рыхтуецца наступленьне. Нас накіроўваюць на фронт раней за два дні, чым меркавалася. Па дарозе нам стрэлася пабітая знарадам школа. Ля яе падвойнай, высокай сьцяны пакладзены зусім новыя, сьветлыя, непафарбаваныя дамавіны. Яны яшча пахнуць смалой, хваінамі і лесам. Іх, прынамсі, штук сто.

— Гэта добра прадугледжана для наступленьня, — гаворыць зьдзіўлены Мюлер.

— Гэта для нас, — бурчыць Дэтэрынг.

— Не кажы глупства! — накідваецца на яго Кат.

— Добра яшчэ, калі ты яшчэ атрымаеш труну, — усьміхаецца Т’ядэн. — На тваю нязграбную фігуру даволі будзе і палотнішча ад палаткі.

Астатнія таксама жартуюць, — невясёлыя жарты…

— Што-ж нам яшчэ застаецца рабіць? Дамавіны сапраўды для нас! У гэтых справах організацыя ня зблышыць.

Наперадзе ўсюды клякоча. У першую ноч мы спрабоўвалі орыентавацца. З прычыны таго, што параўнаўча ціха, то мы чуем, як бесьперастанку, да самага відна, грукацяць за фронтам тране транспорты ворага. Кат гаворыць, што яны не адыходзяць, а падвозяць войска, амуніцыю, знарады.

Ангельская артылерыя атрымала падмацаваньне: гэта мы зараз-жа чуем. Управа ад фэрмы стаіць, прынамсі, на чатыры дваццаці-з-паловай мілімэтравых батарэй больш, а за таполевым гаем пастаўлены мінамёты. Апрача таго, прыбыў цэлы шэраг гэтых маленькіх францускіх агідных лёгкіх гармат з разрыўнымі гранатамі.

Мы ў прыгнечаным настроі. Праз дзьве гадзіны пасьля таго, як мы забраліся ў бліндажы, па нашых акопах пачынае біць нашая артылерыя. Гэта ўжо ў трэці раз за чатыры тыдні. Калі-б гэта былі толькі промахі, ніхто-б і ня супярэчыў-бы, але справа ў тым, што гарматы вельмі знасіліся. Яны трапляюць проста па нашым вучастку, — да таго часта бываюць няверныя прыцэлы. У нас за ноч дзеля гэтага двое параненых.

Фронт — гэта клетка, у якой даводзіцца нэрвуючы чакаць, што здарыцца. Мы ляжым пад бліндажам і напружана перажываем невядомасьць. Над намі пануе выпадак. Калі ляціць знарад, я магу нахіліцца — і гэта ўсё; куды ён трапіць, я не магу дакладна ведаць, не магу гэтага адхіліць.

Гэта той рок, яві робіць нас бязуважнымі. Некалькі месяцаў сядзеў у бліндажы і гуляў у скат. Праз некаторы час устаў і пайшоў даведацца знаёмых у другім бліндажы. Калі я зьвярнуўся, — ад першага бліндажу нічога не засталося: ён быў ушчэнт разьбіты цяжкім знарадам. Я зьвярнуўся да другога і падышоў якраз у час, каб дапамагчы яго адкопваць: яго пасьпела засыпаць. Як выпадкова тое, што я магу быць забітым ці параненым, так выпадкова я магу застацца і жывым. Я магу быць расьціснутым пад бясьпечным бліндажам, а ў чыстым полі я магу, застаючыся некранутым, вытрымаць дзесяцігадзінны гураганны агонь. Кожны салдат застаецца жывым толькі дзеля тысячы выпадкаў. І кожны салдат верыць у выпадковасьць.

Нам даводзіцца сачыць за сваім хлебам. З таго часу, як акопы ўжо ня трымаюцца ў ранейшым парадку, лік пацукоў значна ўзрос. Дэтэрынг сьцьвярджае, што гэта найвярнейшая адзнака набліжэньня падзей.

Пацукі тут асабліва агідны, яны праз пару ўжо вялікія. Яны належаць да тых, якіх называюць трупнымі пацукамі. У іх агідныя, злосныя мордачкі, і становіцца моташна, калі бачыш іх доўгія голыя хвасты.

Яны, відаць, вельмі галодныя. Яны пажэрлі хлеб амаль-што ва ўсіх нас. Кроп старэнна завярнуў свой паёк у палотнішча ад палаткі і паклаў сабе пад галаву, але яму не даводзіцца спаць, яны поўзаюць па яго твары, спрабуючы дастаць хлеб. Дэтэрынг уздумаў перахітраваць іх; ён прымацаваў да столі тонкі дрот і навязаў да яго свой клунак з хлебам. Уначы, накіраваўшы туды сьвятло ад свайго кішанёвага ліхтарыка, ён убачыў, што дрот хістаецца: на хлебе сядзеў тлусты пацук.

Нарэшце мы знаходзім выйсьце. Кавалкі хлеба, абгрызеныя зьвяр’ём, мы акуратна вырэзваем. Кідаць хлеб мы ні ў якім разе ня можам, інакш нам няма чаго будзе есьці на заўтра.

Адрэзаныя кавалкі мы складаем на зямлі, пасярод памяшканьня. Кожны з нас узбройваецца лапатай і кладзе яе ля сябе. Дэтэрынг, Кроп і Кат трымаюць напагатове свае кішанёвыя ліхтарыкі.

Ужо праз некалькі хвілін мы чуем першае скрыгітаньне і драпаньне. Гукі ўзмацняюцца. Цяпер ужо шмат маленькіх лапак. Але вось запальваюцца кішанёвыя ліхтарыкі, і ўсе б’юць па чорным клубку, які разьлятаецца. Поўны посьпех. Мы выкідваем пачыкрыжаных пацукоў за акно і зноў кладземся сьцерагчы іх.

Яшчэ аднаго разу шэнціць нам наладзіць бойню. Потым зьвяр’ё, мабыць, нешта заўважае, або чуе кроў. Яны больш ня ідуць. Але ўсё-ж ткі наступнай раніцай мы бачым, што яны падабралі ўсе рэшткі хлеба.

На суседнім вучастку яны напалі на двох вялікіх катоў і сабаку, загрызьлі іх на сьмерць і паласаваліся імі.

Наступны дзень нам выдаюць галяндзкі сыр. Кожны атрымлівае амаль па палове сыру. Гэта з аднаго боку і добра, бо сыр смачны, з другога боку і кепска, бо гэтыя грубыя чырвоныя галы заўсёды служаць для нас адзнакай набліжэньня бойні. Наша прадчуваньне ўзмацняецца, калі нам даюць яшчэ і гарэлкі. Мы яе п’ем, аднак наш настрой працягвае заставацца брыдкім.

Увесь дзень мы спаборнічаем у страляньні аб заклад па пацукох і швэндаемся бяз справы. Запасы патронаў і ручных гранат папаўняюцца. Мы аглядаем нашы штыхі.

Штых, праўда, страціў цяпер сваё значэньне. У атаку часта ходзяць толькі з ручнымі гранатамі і рыдлёўкамі. Завостраная рыдлёўка зьяўляецца больш шматбаковай зброяй. Ёй можна выцяць ня толькі пад падбародкам, але і сячы. Атрымліваецца важкі ўдар, асабліва калі наўскасяк, паміж пляча і шыі. Тады лёгка можна расьсачы чалавека да самых грудзей. Штых па ўдары часта застрае. І каб яго вызваліць, даводзіцца науступаць праціўніку на жывот, а ў гэты час ня цяжка атрымаць і самому ўдар. Дый, да таго-ж, штых часта ломіцца.

Уначы даецца сыгнал аб пачатай газавай атацы.

Мы чакаем наступленьня і ляжымо ў масках, гатовыя іх зьдзёрці, як толькі зьявіцца першы цень.

Раніца ўжо займаецца, але нічога яшчэ не адбылося. Чутно толькі бесьперапыннае, нэрвуючае грыменьне за лініяй праціўніка. Усё цягнікі, цягнікі, грузавікі і грузавікі, — што концэнтруецца там? Наша артылерыя ўвесь час б’е туды, але там усё той-жа шум і грукат, усё той-жа…

У нас стомленыя твары, і мы пазіраем адзін на аднаго.

— Будзе так як на Соме; тады мы сем дзён і начэй былі пад гураганным агнём, — гаворыць Кат пахмурна. Ён ужо больш не жартуе, ад таго часу як мы тут, і гэта пагана, бо Кат — стары фронтавік, і ў яго ёсьць чуцьцё. Толькі Т’ядэн рад з вялікіх порцый і рому; ён нават сьцьвярджае, што мы спакойна зьвернемся і нічога ня здарыцца.

Нам здаецца, што ён амаль што мае рацыю. Дні ідуць адзін за адным. Я сяджу ўначы ў сакрэце. Угару ўзьнімаюцца асьвятляльныя ракеты і парашуты. Я ў бесьперапынным пільным напружаньні, маё сэрца стукае. Усё зноў і зноў я кідаю погляд на гадзіньнік з сьветлавым цыфэрблятам; стрэлка ня хоча пасоўвацца. Сон прымушае зводзіць вейкі, я варушу пальцамі на нагах, каб не заснуць. Ніякіх здарэньняў да маёй зьмены; толькі бесьперапыннае грыменьне там, за фронтам. Мы паступова заспакойваемся і ўвесь час гуляем у скат. Можа нам і сапраўды пашанцавала?

На небе ўвесь дзень мноства прывязных азростатаў. Ходзяць чуткі, што супроць нас будуць ўжыты танкі і аэропляны, прыкомандыраваныя да пяхоты. Адылі, гэта нас менш цікавіць, чым тое, што расказваюць пра новыя гарматы для кіданьня агню.

Сярод начы мы абуджаемся. Зямля гудзе. Мы пад моцным агнём. Мы прыціскаемся да куткоў. Можна адрозьніць выбухі знарадаў усіх калібраў.

Кожны хапаецца за свае рэчы і імкнецца праверыць, ці на месцы яны. Бліндаж трасецца, ноч поўніцца ровам і мігценьнем. За сьвятлом гэтых імгненных успышак мы паглядваем адзін на аднаго і ківаем галовамі, з бледнымі тварамі і сьцятымі губамі.

Кожны з нас чуе, як цяжкія знарады зрываюць бруствэры акопаў, як сьценкі абвальваюцца і рашчапляюцца бэтонавыя накаты. Мы адрозьніваем глухі шалёны ўдар, падобны на ўдар лапы разьюшанага зьвера, калі знарад трапляе ў акоп. Раніцою мы бачым, што некаторыя новабранцы зьзелянелі і іх ванітуе. У іх яшча замала практыкі.

У акоп памалу ўліваецца агідлівае шэрае сьвятло, і ўспышкі выбухаў робяцца бляднее. Надыходзіць раніца. Цяпер да артылярыйскага агню дамешваюцца выбухі мін. Яны выклікаюць самае вар’яцкае ўстрасаньне, якое толькі можна сабе ўявіць. Паўсюды дзе яны падаюць, — брацкія магілы.

Выходзіць зьмена. Назіральнікі ўвальваюцца ў акоп — дрыжачыя залепленыя гразёю. Адзін моўчкі кладзецца ў куту і пачынае есьці, другі ландштурміст усхліпвае. Ён двойчы быў выкінуты праз бруствэр парывам паветра ад выбуху, атрымаўшы аднак толькі нэрвовае ўзрушаньне.

Новабранцы прыглядаюцца да яго. Гэта вельмі заразьлівая гісторыя. Трэба сачыць за імі. У некаторых ужо пачынаюць падзёргвацца губы.

Добра, што ўжо зусім разьвіднела: можа атака будзе а поўдні.

Агонь ня ціхне. Ён б’е таксама і пазадзі нас. Наколькі можна ўбачыць, — паўсюды ўзьлётваюць фонтаны гразі і жалеза. Пад абстрэлам вельмі шырокая зона.

Атакі ўсё няма, але выбухі ня спыняюцца. Мы паступова глухнем. Амаль ніхто не гаворыць. Да таго-ж і нельга пачуць адзін аднаго.

Наш акоп амаль разбураны. Шмат у якіх мясцох ён узвышаецца толькі на паўмэтра, ён абсеены дзірамі, варонкамі і купкамі зямлі. Акурат перад нашымі байніцамі рвецца знарал. Адразу робіцца цёмна. Нас засыпала зямлёй і мы мусім адкопваць сябе. Праз гадзіну ўваход зноў свабодны і мы адчуваем сябе больш бадзёрымі, бо папрацавалі.

Наш ротны залазіць да нас і паведамляе, што разбураны два бліндажы. Новабранцы, убачыўшы яго, заспакойваюцца. Ён кажа, што сёньня ўвечары паспрабуюць дастаць провіянту.

Гэта гучыць прыемна. Ніхто пра гэта не падумаў, апрача Т’ядэна. «Нешта зноў зьвязвае нас са зьнешнім сьветам; калі будуць дастаўляць провіянт, — значыць справы ўжо не такія кепскія», — думаюць новабранцы. Мы не разчароўваем іх, мы ведаем, што провіянт ня менш важны за амуніцыю, і толькі таму яго і падводзяць.

Аднак гэта не ўдаецца. Накіроўваецца другі атрад. Але ён таксама зварочваецца. Нарэшце робіць спробу Кат, але нават ён, ня гледзячы на ўсе падзеі, прыходзіць ні з чым… Ніхто ня можа прыйсьці, ні водзін сабачы хвост дастаткова ня тонкі, каб прасьлізнуць скрозь такі агонь.

Мы тужэй зацягваем паясы і жуём кожны кавалак у тры разы больш часу. Але гэта не памагае: нам балюча хочацца есці. Я парашаю захаваць скарынку: мякаць я выядаю, а скарынку кладу ў сухарную сумку. Калі-ні-калі я забіраюся туды.

Ноч нязносная. Мы ня можам спаць, мы пільна ўглядаемся наперад і мадзеем. Т’ядэн шкадуе, што мы аддалі пацуком абгрызеныя імі гімі кавалкі хлеба. Мы павінны былі-б спакойна прыбраць іх. Ніхто-б зараз не паграбаваў імі. Вады нам таксама не хапае, але пакуль гэта ня так ужо адчувальна. Пад раньне, яшча перад золкам, адбываецца пярэпалах: у дзьверы ўрываецца цэлая зграя пацукоў, якія ратуюцца, і паўзуць угару па сьценах. Кішанёвыя ліхтарыкі асьвятляюць пярэпалах. Усе крычаць, лаюцца і б’юць чым папала па зьвяругах. У нас прарываюцца накопленыя на працягу шматлікіх гадзін ашалеласьць і роспач. Твары скрыўлены, рукі размахваюцца, каб выцяць, зьвяругі вісчаць, нам цяжка спыніцца, мы гатовы кінуцца адзін на аднаго.

Гэта здарэньне нас зьнясілела. Мы зноў паляглі і чакаем.

Дзіўна, што ў нашым бліндажы яшчэ няма страт? Гэта адзін з нямногіх глыбокіх акопаў, які яшчэ застаўся цэлым. Да нас упаўзае ўнтар-офіцэр; ён прынёс з сабой хлеба. Тром сьмельчаком усё-ж пашэнціла ўначы прабрацца і дастаць крыху харчу. Яны расказалі, што вучастак абстрэлу дасягае амаль да самага пункту разьмяшчэньня нашых баракаў. Даводзіцца зьдзіўляцца, адкуль вораг бярэ столькі знарадаў.

Мы мусім чакаць і чакаць. А паўдні адбываецца тое, чаго я гэтак сьцярогся. У аднаго з новабранцаў нэрвовы прыпадак. Я ўжо даўно сачыў, як ён бесьперапынна скрыгітаў зубамі, сьціскаў і расьціскаў кулакі. Мы вельмі добра ведаем гэтыя зацкаваныя выскокваючыя з орбіт вочы. Перад гэтым ён неяк сьцішыўся. Ён скурчыўся нібы спарахнелае дрэва.

Цяпер ён устае, няпрыкметна крадзецца праз усё памяшканьне, некалькі хвілін марудзіць і раптам кідаецца да выйсьця. Я заступаю яму дарогу і пытаюся:

— Ты куды?

— Я зараз зьвярнуся, — гаворыць ён і хоча прасьлізнуць паўз мяне.

— Пачакай крыху. Агонь ужо пачынае слабнуць.

Ён прыслухоўваецца, і вочы яго крыху сьвятлеюць. Потым погляд яго зноў мутнее, як у шалёнага сабакі, ён маўчыць і спрабуе мяне адціснуць.

— Хвілінку, таварыш! — крычу я. Кат навострывае вочы. У той момант, калі новабранец мяне адштурхвае, Кат хапае яго, і мы абодва яго моцна трымаем.

Ён зараз-жа пачынае бушаваць.

— Пусьцеце мяне, я хачу пайсьці адсюль, хочу пайсьці!

Ён ня слухае нас, рвецца, рот пакрываецца пенай і выкідвае словы — задохнутыя, бяссэнсныя словы. Гэта прыпадак акопнага страху. Яму здаецца, нібы ён тут задыхаецца і ён ахоплены інстынктыўным жаданьнем выбрацца адсюль прэч. Калі-б мы яго адпусьцілі, ён пабег-бы куды вочы глядзяць, бяз усякай заслоны. Ён ня першы.

Таму што ён моцна буяніць і вочы яго ўжо заходзяцца, — нічога не дапамагае, і мы вымушаны зьбіць яго і такім чынам прымусіць яго прыйсьці да розуму. Мы робім гэта хутка, бяз жалю і дасягаем таго, што ён на час сьціхае. У астатніх твары робяцца зьбялелымі, трэба спадзявацца, што гэта іх апрытоміць. Такі гураганны агонь не пад сілу гэтым няшчасным хлапцом; яны трапілі з палявога зборнага пункту адразу ў гэтую бойню, ад якой можа пасівець нават паджылы чалавек.

Пасьля гэтага здарэньня затхлае паветра яшчэ больш адбіваецца на нашых нэрвах. Мы нібы сядзімо ў сваёй уласнай магіле і чакаем, каб нас прысыпала зямлёй.

Раптам нязвычайны грукат і блісканьне. Бліндаж трашчыць па ўсіх швох пад ударам знараду, на шчасьце, лёгкага, якому не паддаецца бэтонавы накат. Раздаецца страшэнны мэталічны звон, сьцены хістаюцца, зброя падае, падаюць шлемы, зямля, бруд і пыл. Яскравы чад пранікае ў наш схоў. Калі-б мы сядзелі не пад трывалым бліндажом, а пад лёгкім накатам, накшталт нядаўна збудаваных, дык з нас ніхто не застаўся-б жывым.

Адылі і так даволі пагана. Новабранец зноў шалее. Да яго далучаюцца два іншыя. Адзін вырываецца і бяжыць. Ледзь управіліся з двума астатнімі. Я кідаюся за зьбеглым і разважаю пра тое, ці магу я стрэліць яму ў ногі. Раптам раздаецца сьвіст. Я адразу кладуся на зямлю, і калі я зноў устаю, — сьценка акопу аблеплена гарачымі асколкамі, кавалкамі мяса і шматкамі абмундыраваньня. Я лезу назад.

Той, першы, мусіць сапраўды звар’яцеў. Калі яго пушчаюць, ён як казёл наскокам б’ецца галавой аб сьценку. Уначы мы яго паспрабуем адвесьці ў тыл. Пакуль што мы яго зьвязваем тута, але так, каб у выпадку атакі аго можна было адразу-ж разьвязаць.

Кат прапануе згуляць у карты; паспрабуем, а мо’ тады і лягчэй зробіцца. Але з гэтага нічога ня выходзіць: мы прыслухоўваемся да кожнага блізкага выбуху, памыляемся ў падліку вочкаў, або не адказваем па масьці. Даводзіцца ўсё гэта кінуць. Мы сядзімо зараз нібы ў шалёна гудучым катле, па якім б’юць з усіх бакоў.

Яшчэ адна ноч. Цяпер мы ўжо атупелі ад напружаньня. Гэтае сьмяртэльнае напружаньне, як тупы нож, скрэбае нас па сьпіне. Ногі ня хочуць кратацца, рукі дрыжаць, наша цела — гэта тонкая скура, якая накрывае ледзь прыціснутае вар’яцтва і бясконцавы лямант, што нястрымана прабіваецца наскрозь. На нас ужо няма мяса і няма цягліц, мы ўжо ня можам глядзець адзін на аднаго з страху перад чымсьці невядомым. Мы моцна сьціскаем губы: пранясе, пранясе, магчыма выратуемся.

Раптам блізкія выбухі спыняюцца. Агонь працягваецца, але цяпер знарады кладуцца пазадзі нашых акопаў. Мы хапаемся за ручныя гранаты, кідаем іх за бруствэр, выскокваем наверх. Гураганны агонь спыніўся, затое пазадзі нас узмоцнена пялёскае загараджальны агонь. Вораг пачынае атаку.

— Ніхто-б ня даў веры, што ў гэтай перакапанай пустэльні могуць быць людзі; але цяпер паўсюды з акопаў паказваюцца сталёвыя шлемы; за пяцьдзесят мэтраў ад нас ужо пастаўлены кулямёт, які зараз-жа пачынае тарахцець.

Драцяныя загарожы зьнішчаны. Але яны дзе-ні-дзе ’шчэ трымаюцца. Мы бачым як набліжаюцца атакуючыя. Наша артылерыя грукаціць. Тарахцяць кулямёты, ляскаюць вінтовачныя стрэлы.

Вораг працярэблівае сабе дарогу да нас. Гайе і Кроп бяруцца за ручныя гранаты. Яны кідаюць іх з вялікай хуткасьцю, іх падаюць ім ужо з аднятымі запаламі. Гайе кідае на шэсьцьдзесят мэтраў, Кроп — на пяцьдзесят. Гэта праверана загадзя і мае вялікае значаэньне. Тыя там, бягучы, ня могуць нам нічога зрабіць, пакуль яны не падыйдуць да нас на трыццаць мэтраў.

Мы бачым скажоныя твары, плюскатыя шлемы. Гэта французы. Яны даходзяць да рэштак драўлянай загарожы, але яны панесьлі ўжо значныя страты. Цэлы рад іх ужо скошаны ля нас кулямётам, але потым у шмат каго з нас робіцца нейкая замінка з зараджаньнем — і вось яны ўжо ля нас.

Я бачу, як адзін з іх наторкваецца на рагатку, высока ўзьняўшы твар. Цела асядае, рукі вісяць, нібы ён зьбіраўся маліцца. Пасьля цела падае назад, і на дроце толькі вісяць адрубкі адарваных рук.

У той момант, як мы кідаемся назад, сьпераду ад нас з зямлі ўзьнімаюцца тры чалавечых твары. Пад адным з шлемаў цёмная загостраная бародка і два вокі, якія нярухома глядзяць на мяне. Я ўзьнімаю руку, але не магу кінуць гранаты ў гэтыя дзіўныя вочы. На працягу аднаго шалёнага моманту ўвесь бой, як цырк круціцца вакол мяне і гэтых двух нярухомых вачэй. Пасьля галава насупраць выпростваецца, зьяўляецца рука. Адзін рух — і мая граната ляціць проста ў яго.

Мы бяжымо назад, шпураем рагаткі ў акопы і пакідаем пазадзі сябе гранаты, якія сычаць і забясьпечваюць нам агнём адступленьне. З бліжэйшых позіцый б’юць кулямёты. Мы ператварыліся ў небясьпечных зьвяроў. Мы не змагаемся, мы ўдзельнічаем у зьнішчэньні, мы шпураем гранаты ня ў людзей, — хіба ведаем мы што-небудзь у гэты момант пра іх? Там за намі гоніцца, выцягваючы рукі, у шлеме, сама сьмерць. Упяршыню за тры дні мы бачым яе твар, упяршыню за тры дні мы можам абараніць сябе ад яе, у нас закіпае шалёная злосьць, мы ўжо не ляжым бездапаможнымі на эшафоце, мы самі можам цяпер зьнішчаць і забіваць, каб выратаваць сябе, выратаваць сябе і адпомсьціць.

Мы прысядаем за кожны выступ, за кожную драцяную загарожу і кідаем пад ногі тым, што наступаюць, гранату за гранатай, пасьля адбягаем далей. Грукат ручных гранат улівае падвойныя сілы ў нашы рукі, у вашы ногі. Схіліўшыся, як каты, мы бяжым, захліснутыя гэтай хваляй, якая нас нясе, якая ператварае нас у бандытаў, у забойцаў, у д’яблаў, магчыма прыўмнажае нашы сілы страхам, шалам і прагай да жыцьця, якое змагаецца за сваё існаваньне. Калі-б там, разам з тымі, быў-бы бацька, — не вагаючыся шпургнуў-бы яму ў грудзі гранату!

Першая лінія акопаў займаецца ворагам. Але ці акопы гэта? Яны разбураны, зьнішчаны, застаюцца толькі паасобныя часткі. Яміны і варонкі, злучаныя праходамі зносін, і больш нічога. Аднак страты ворага ўсё павялічваюцца. Яны не разьлічвалі на гэткае супраціўленьне.

Настаў поўдзень. Сонца прыпякае, пот разьядае нам вочы, мы выціраем яго рукавом, іншы раз разам з крывёю. Вось трапляюцца першыя, што хоць крыху захаваліся, акопы. Яны занятыя, людзі рыхтуюцца да контр-атакі і прымаюць нас у свае шэрагі. Наша артылерыя бярэцца ўзмоцнена біць і затрымлівае наступленьне.

Шэрагі перасьледвальнікаў спыняюцца. Яны ня могуць ісьці далей. Наступленьне адбіта нашай артылерыяй. Мы чакаем. Агонь выносіцца на сто мэтраў, і мы зноў кідаемся наперад. Побач мяне аднаму яфрэйтару адрывае галаву. Ён бяжыць яшчэ некалькі крокаў, у той час, як кроў фантанам б’е з аго шыі. Справа не даходзіць да ручнога бою: вораг адступае. Мы зноў дасягаем сваіх акопаў і ідзем наперад.

О, гэты пералом! Мы дасяглі было ратавальных рэзэрвных акопаў і зьбіраліся забрацца туды, зьнікнуць, і вось трэба павярнуць назад і зноў кідацца ў гэты жах.

Калі-б у гэты момант мы ня былі аўтоматамі, мы-б засталіся ляжаць на месцы, змардаваныя, бязвольныя. Але нас гоняць наперад. Пазбаўленыя волі, але поўныя злосьці і звар’яцеласьці, мы хочам забіваць, бо цяпер там нашыя сьмярцельныя ворагі. Іх зброя і гранаты накіраваны супроць нас. Калі мы ня зьнішчым іх, дык яны зьнішчаць нас!

Цынамонавая зямля, разьдзёртая, раскіданая цынамонавая зямля, якая блішчыць пад праменямі сонца. Па ёй соўгаюцца, ня чуючы зморанасьці, глухія да ўсяго аўтоматы. Наша дыханьне падобна да маханьня крыльляў. Нашы губы сухія, галовы цяжэй чымся пасьля начы гульбы, — так нясемся мы наперад; і ў нашых спусташоных, зьдзіраўленых душах балюча адбіваецца вобраз цынамонавай зямлі пад палкім сонцам з ляжачымі на ёй у сугробах салдатамі, якія хапаюць нас за ногі і крычаць, калі мы пераскокваем праз іх.

Мы страчваем усякае пачуцьцё адзін да аднаго, мы ледзь пазнаем таварыша, калі яго постаць прамільгне ў нашых ачмурэлых вачох. Мы нячулыя мерцьвякі, якія дзякуючы нейкім небясьпечным чарам яшчэ могуць бегчы і забіваць.

Адзін малады француз адстае. Яго наганяюць. Ён паднімае рукі. У аднэй у яго рэвольвэр. Не зразумела — зьбіраецца ён страляць ці здавацца, — удар лапаткай расьсякае яму твар. Другі бачыць гэта і спрабуе бегчы. Штых упіваецца яму ў сьпіну. Ён падскоквае, раскідае рукі ў бакі, шырока расчыняе крыклівы рот, хістаецца. На яго сьпіне, вагаючыся, тырчыць штых. Трэці кідае зброю, прысядае, закрыўшы вочы рукамі. Яго пакідаюць у тыле разам з іншымі пленнымі для прыбіраньня параненых.

У часе перасьледваньня мы зьнянацку трапляем у разьмяшчэньне праціўніка.

Мы нясемся да таго блізка ад ворага, што трапляем туды амаль што разам з ім. Дзякуючы гэтаму ў нас мала страт. Пачынае страчыць кулямёт, але ручная граната прымушае яго замаўчаць. Тымчасам гэтых некалькі сэкунд было даволі, каб у нас аказалася пяць чалавек параненых у жывот. Кат ударам прыкладу ператварае ў кашу твар аднаго з сцалелых кулямётнікаў. Другіх мы запорваем раней, чымся яны пасьпелі выхапіць свае ручныя гранаты. Пасьля мы прагна п’ем ваду, прыгатаваную для ахаладжваньня кулямёта.

Паўсюды ляскаюць абцугі для дроту, стукаюць дошкі, якія перакідваюцца праз яміны, мы па вузкіх подступах пранікаем у акопы. Гайе расьсякае сваёй лапатай глотку вялізарнаму французу і кідае першую гранату: на некалькі сэкунд мы прысядзем за бруствэрам, вучастак акопу, што перад намі, пусьцее. Наўскасяк, праз кут, ляціць другая граната і пракладае нам свабодную дарогу. Мы бяжым наперад, не перастаючы кідаць гранаты ў бліндаж, зямля ссоўваецца, грохае, дыміцца, стогне, і мы натыркаемся на сьлізкія кавалкі мяса, на мяккія целы, я падаю на чыйсьці распораты жывот, на якім ляжыць новае, чыстае офіцэрскае кэпі.

Бой прыпыняецца. Сувязь з праціўнікам рвецца. Таму што мы тут ня можам доўга пратрымацца, дык пад заслонай сваёй артылерыі мы адыходзім на свае позіцыі. Ледзь мы пра гэта даведваемся, як з вялікім сьпехам кідаемся да бліжэйшага бліндажу, каб перад адыходам набраць консарваў, галоўным чынам бляшанак са смажанай ялавічынай і маслам.

Мы шчасьліва зварочваемся. Тымчасам праціўнік не пачынае другое атакі. Больш за гадзіну мы ляжым, цяжка дыхаем і адпачываем. Усе маўчаць. Мы да таго змарыліся, што ня гледзячы на моцны голад, забыліся на консэрвы. Толькі з часам мы зноў рабіліся падобнымі да людзей.

Ворага мясныя консэрвы слынны на ўвесь фронт. Яны, часам, служаць нават галоўнай прычынай, якая штурхае нас на напад зьнянацку, бо ўвогуле наша харчаваньне досыць паганае: мы заўсёды галодныя.

Усяго нам пашанцавала захваціць пяць бляшанак. Як добра іх кормяць там, гэта раскоша ў параўнаньні з нашым, калі мы заўсёды галодныя, харчуемся мармалядай з рэпы. Мяса там колькі хочаш, трэба толькі патрапіць узяць яго. Гайе ў прыдатак захапіў тонкі францускі белы хлеб і заткнуў яго за пояс, як лапату. Адзін канец яго крыху ў крыві, але-ж яго можна адрэзаць.

Гэта вялікае шчасьце, што мы можам зараз паесьці: нашы сілы яшчэ згадзяцца нам. Быць наеўшыся таксама важна, як і мець добры бліндаж; таму мы так прагавіта накідваемся на ежу. Яна можа адратаваць наша жыцьцё.

Т’ядэн прыдбаў ужо дзьве пляшкі коньяку. Мы пушчаем у кругавую.

Прайшла вячэрняя праверка. Надыходзіць ноч, з варонак узьнімаецца туман. Здаецца, быццам яміны напоўнены зданьнёвымі таямніцамі. Белая імгла ў жудасьці распаўзаецца наўкола, раней чымся адважыцца пераступіць праз край. Пасьля доўгія пасмы цягнуцца ад варонкі да варонкі.

Халаднавата. Я стаю на варце і пільна гляджу ў ноч. У мяне прыгнечаны настрой, як заўсёды пасьля атакі, і таму мне цяжка заставацца адным з сваімі думкамі. Гэта, уласна кажучы, нават і ня думкі; гэта ўспаміны, якія ахапляюць мяне цяпер, пры маёй слабасьці, і ствараюць нейкі дзіўны настрой.

Узьлётваюць асьвятляльныя ракеты, і я бачу малюнак: летні вечар, я стаю пад колёнадай сабору і гляджу на высокія кусты роз, што квітнеюць пасярод невялічкага садочку, дзе пахаваны целы патэраў. Наўкола мяне каменныя вобразы сьвятых. Нікога няма; вялікая ціша ахапіла гэты квітнеючы квадрат саду. Сонца награе тоўстыя шэрыя камні, я кладу на іх руку і адчуваю цяплынь. Над правым кутом чарапічнага даху ўзьнімаецца зялёны купал, які ўразаецца ў матавую, мяккую блакітнасьць вечару. Паміж яркіх асьветленых невялічкіх колён круглай галярэі халаднаваты паўзмрок, які ўласьцівы толькі цэрквам. Я стаю там і думаю аб тым, што ў дваццаць гадоў я буду ведаць самыя хвалюючыя рэчы, што зыходзяць ад жанчын.

Малюнак надзвычай блізкі, ён разчульвае мяне хутчэй, чымся бляднее на сьвятле наступнай ракеты.

Я хапаю сваю вінтоўку і стаўлю яе на новае месца. Руля вільготная. Я моцна агортваю яе і расьціраю вільгаць пальцамі. Там, сярод лугавін, за нашым горадам, ўсьцяж ручаю, узьнімаўся рад старых таполяў. Яны былі бачны здалёк, і, ня гледзячы на тое, што яны расьлі толькі на адным баку, яны называліся тапалёвай алеяй. Яшчэ дзецьмі мы любілі іх, з незразумелае нам прычыны яны вабілі нас да сябе, мы днявалі ля іх і прыслухоўваліся да іх ціхага шолаху. Мы сядзелі пад імі на беразе ручаю і апушчалі ногі ў сьветлы шыбкі струмень вады. Чысты пах вады і мэлёдыя ветру ў таполях панавалі над нашай фантазіяй. Мы іх вельмі любілі і ўспаміны пра гэтыя дні ўсё яшчэ прымушаюць біцца маё сэрца.

Як дзіўна, што ўсе ўспаміны, якія ўзьнікаюць у мяне, маюць дзьве ўласьцівасьці. Яны поўны цішай, гэта самае моцнае, што ў іх ёсьць, і нават тады, калі ў сапраўднасьці гэта ўспаміны пра здарэньні, якія зусім не папоўнены цішай, яны здаюцца мне ўвасабленьнем цішы. Гэта бязгучныя зьявы, якія гавораць мне поглядамі і гэстамі, моўчкі, бяз слоў, і ў іх маўчаньні ёсьць нешта, што ўзрушае, прымушае мяне хапацца за рукаў, за вінтоўку, каб не падпасьці пад гэтую спакусу, у якой хацела-б растварыцца маё цела, уліцца ў непарушаныя сілы, што стаяць пазаду фактаў.

Яны гэтак спакойны, таму што яны незразумелы для нас. На фронце няма спакою, і ўлада фронту даходзіць так далёка, што мы ніколі ня выходзім з яе межаў. Нават у аддаленых рэзэрвах і на адпачынку вушы нашы не пераставалі чуць гул знарадаў і заглушанае гудзеньне агню. Мы ніколі ня былі гэтак далёка ад фронту, каб яго ня чуць. Аднак апошнімі днямі грохат канонады быў нязносным.

Ціша была прычынай таго, што вобразы мінулага выклікалі ў нас ня столькі жаданьняў, сколькі суму, — няўважнай, бязвыходнай тугі. Яны былі, але яны ня зьвернуцца назад. Яны — у мінулым, яны — іншы сьвет, які для нас зьнік. На казарменным двары яны выклікалі ў нас бурнае палкае жаданьне зьвярнуцца да іх. Тады яны былі яшчэ зьвязаны з намі, мы належалі да іх, і яны — да нас, хоць мы і былі разлучаны адзін ад аднаго. Яны ўставалі ў салдацкіх песьнях, якія мы расьпявалі, калі накіроўваліся ў поле на заняткі. Між золаку і чорнага сылюэту лесу яны былі палкімі ўспамінамі, якія жылі ў нас і зыходзілі ад нас.

Але тут, у акопах, яны для нас згублены. Яны ўжо ня зыходзяць ад нас: мы мёртвыя, і яны мігцяць далёка на горызонце. Гэта міраж, загадкавы водблеск, які наведвае нас, якога мы баімося і ў які мы безнадзейна закаханы. Ён моцны, і таксама моцна наша жаданьне, але яно недасяжна і мы гэта ведаем. Яно гэтак-жа дарэмнае, як надзея зрабіцца генэралам.

І нават калі-б нам зьвярнулі іх, гэтыя карціны нашага юнацтва, мы ўжо ня ведалі-б што рабіць з імі. Пяшчотныя і патаемныя сілы, якія мы чэрпалі з іх, ня могуць адрадзіцца зноў. Мы прабывалі-б у іх, любілі-б іх і былі-б расчулены іхняй прысутнасьцю. Але гэта было-б тое самае, як калі-б мы задумаліся перад фотографіяй памерлага таварыша: гэта тыя-ж рысы, той-жа твар, і дні, якія прабаўлены з ім разам, набываюць у нашых успамінах зманлівай жывучасьці. Але ўсё-ж гэта ня ён сам. Мы ня былі-б зьвязаны з тым жыцьцём, як раней. Не ўсьведамленьне яго прыгожасьці і гармонічнасьці прыцягвала нас да іх, але тое агульнае, тое ўсьведамленьне зроднасьці з рэчамі і зьявамі нашага быцьця, якое абмяжоўвала нас і перашкаджала яскрава разумець сьвет нашых бацькоў, бо мы былі па-свойму моцна адданыя ім, і кожная дробязь выдавалася нам як неяк непарыўна зьвязаная з бясконцасьцю. Магчыма, гэта была толькі перавага нашай маладосьці; мы яшчэ ня ўмелі бачыць межаў і нідзе не дапушчалі абмежаваньняў; у нашай крыві было чаканьне, якое зьлітоўвала нас у адно з бегам нашых дзён.

Цяпер мы пахаджвалі-б сярод малюнкаў нашага юнацтва, нібы вандроўнікі. Мы спалены фактамі, мы навучыліся адрозьніваць, як гандляры, і падначальвацца нязьбежнаму, як мясьнікі. Мы ўжо не бесклапотныя, мы страшэнна абыякія. Мы маглі-б туды зьвярнуцца, але хіба мы маглі-б жыць?

Мы беспарадныя, як дзеці, і дасьведчаны, як старыя, мы грубыя, сумныя і павярхоўныя. Я думаю мы загінулі.

Маім рукам робіцца холадна, па скуры прабягаюць дрыжыкі, а ноч цёплая. Толькі туман халодзіць, гэты няпрыветны туман, які падцікоўваецца да забітых і высмоктвае з іх апошнія рэшткі жыцьця. Заўтра яны будуць бледнымі і зялёнымі, і іх кроў застыне і зробіцца чорнай.

Бесьперапынна ўзьлятаюць усё новыя асьвятляльныя ракеты і кідаюць сваё бязьлітаснае сьвятло на скамянелы ляндшафт, усеены кратарамі і застыглымі камлыгамі, як месяц. Кроў пад маёй скурай улівае ў думкі жах і непакойства. Яны робяцца слабымі і дрыжачымі, яны хочуць цяпла і жыцьця. Яны ня могуць больш цярпець усяго гэтага без пацехі і самападману, яны мяшаюцца перад аголеным малюнкам роспачы.

Я чую стукат кацялкоў і адразу ўзьнімаецца моцная патрэба ў гарачай ежы, яна аблегчыць, супакоіць мяне. Праз сілу я прымушаю сябе пачакаць да зьмены.

Пасьля я іду ў бліндажы і знаходжу там кацялок з кашай. Яна тлуста згатавана і добрая на смак; я неадкладна зьядаю яе. Адылі я ўсё-ж ткі сьцішаны, хоць у іншых настрой узьняўся, бо суняўся агонь.

Мінаюць дні, і кожная гадзіна няўцямная і тымчасам гэтак натуральная. Атакі саступаюць контр-атакам, і паволі большае лік забітых на раскапаным полі паміж акопаў. У большасьці выпадкаў шанцуе дабрацца да параненых, якія ляжаць недалёка ад нас. Але шмат каму з іх даводзіцца доўга-доўга ляжаць, і мы чуем як яны паміраюць.

Аднаго мы дарэмна шукаем два дні ўзапар. Ён напэўна ляжыць на жываце і ня можа павярнуцца. Інакш нельга растлумачыць чаму мы ня можам знайсьці яго: бо толькі калі крычаць з ротам прыціснутым усутыч да зямлі — бывае так цяжка адрозьніць адкуль даносіцца крык.

У яго, відаць, цяжкае параненьне, адно з тых жудасных параненьняў, якое ня так моцна, каб хутка зьнясіліць цела і прывесьці чалавека ў паўпрытомны стан, але і ня так слабое, каб можна было лёгка цярпець боль з надзеяй на хуткую палёгку. Кат мяркуе, што ў яго ці пакрышана лагво, або куляй пашкоджаны хрыбет. Грудзі, напэўна, не кранутыя, інакш ён ня меў-бы столькі сілы, каб крычаць. Пры іншых параненьнях мы пабачылі-б як ён рухаецца…

Ён паступова сіпне. Голас гучыць так трагічна, нібы ён зыходзіць адусюль. Першай начы ад нас тройчы выходзілі людзі. Але, калі ім здавалася, што яны спаймалі кірунак адкуль ідуць гукі і паўзьлі туды, голас гучаў з процілеглага боку.

Мы дарэмна шукаем да самых досьвіткаў. На працягу ўсяго дня мы разглядаем мясцовасьць у бінокль: нічога не прыпадае выкрыць. На другі дзень чалавек крычыць цішэй; можна здагадацца, што вусны і рот у яго перасохлі.

Наш ротны абяцаў таму, хто яго знойдзе, водпуск у першую чаргу і тры дадатковых дні. Гэта моцная прываба, але мы і без яе зрабілі-б усё магчымае, таму што гэтыя крыкі страхатлівыя. Кат і Кроп яшчэ раз накіроўваюцца пасьля поўдня. Пры гэтым Альбэрт зварачваецца з прастрэленым вухам. Усё дарэмна: яны не знайшлі яго.

Ясна можна расчуць, што ён крычыць. Спачатку ён толькі клікаў на дапамогу, другой начы ў яго, відаць, узьняўся пал, ён размаўляў з сваёй жонкай і дзецьмі, мы часта чуем імя Элізы, якое ён паўтарае. Сёньня ён толькі плача. Над вечар голас слабне да крактаньня. Але ён яшчэ ціха стогне праз усю ноч. Мы так добра чуем таму, што вецер дзьме ў кірунку да нашых акопаў. Раніцой, калі мы ўсе лічым, што ён даўно супакоіўся, раздаецца ’шчэ раз яго прадсьмяротнае хрыпеньне.

Дні палючыя, а забітыя ляжаць непахаванымі. Мы ня можам перацягнуць усіх, мы ня ведаем куды іх падзець. Іх хаваюць гранаты. У шмат каго жываты раздуюцца як галы. Яны сіпяць, рыгаюць і рухаюцца. У іх брузуюць газы.

Неба блакітнае і бясхмарнае. Пад вечар робіцца парна, і гарачыня ўзьнімаецца ад зямлі. Калі на нас дзьме вецер, ён нясе да нас цяжкі і няпрыемна салодкаваты пах крыві, — трупныя выпарэньні з варонак, якія выдаюцца сумясьсю з хлёраформу і гніцьця і выклікаюць у нас млоснасьць і ванітаваньне.

Ночы зрабіліся пакойнымі, і ў нас пачынаецца паляваньне на мядзяныя кольцы ад гранат і на шоўкавыя парашуты францускіх ракет. Чаму так цэняцца трубкі ад знарадаў, ніхто, ўласна кажучы, ня ведае. Тыя, што назапашваюць іх, проста сьцьвярджаюць, што яны вельмі каштоўны. Ёсьць людзі, якія набіраюць іх столькі, што праз сілу кульгаюць пад іхным цяжарам назад з акопаў.

Гайе, прынамсі, мае на гэта свае прычыны: ён хоча паслаць іх сваёй нарачонай замест падвязак для панчох. Гэта выклікае ў фрысьлянцаў нястрыманую вясёласьць; яны пляскаюць сябе па каленках: ну і жартаўнік гэты Гайе, да д’ябла, хіцёр хлапец! Асабліва Т’ядэн ніяк ня можа ўціхамірыцца; ён бярэ самае вялікшае кольца і штохвілінна прасоўвае ў яго сваю нагу, каб давесьці, сколькі яшчэ застаецца свабоднага месца.

— Гайе, паслухай, ну і ногі ў яе павінны быць! — Яго думкі забіраюцца некаль вышэй. — І азадак-жа ў яе павінен быць, як у сланя!

Ён ніяк ня можа дайсьці да меры.

— Вось з гэткай я-б з ахвотай пагуляў у пляскачкі.

Гайе зьзяе з таго, што яго маладая прыцягвае да сябе столькі ўвагі; ён самадавольна і каротка абвяшчае:

— Ядраная штучка!

Шаўковыя парашуты можна было-б скарыстоўваць больш практычна. З трох або чатырох можна пашыць блюзку, гледзячы па памеры грудзей. Кроп і я карысталіся імі як насоўкамі. Астатнія пасылаюць іх дахаты.

Калі-б жанчыны бачылі, з якой небясьпекай дастаюцца гэтыя тонкія анучкі, яны-б жахнуліся.

Кат прысьпеў Т’ядэна, калі той з поўным спакоем спрабуе зьбіць кольцы з знараду, які не парваўся. У кожнага другога ён абавязкова выбухнуў-бы, але Т’ядэну, як заўсёды, шанцуе.

На працягу ўсяго раньня перад нашымі акопамі пырхаюць два матылі. Іх жоўтае крыльле ўкрыта чырвонымі кропкамі. Што толькі магло прывабіць іх сюды? Нідзе ня бачна ніводнай расьліны, ніводнай кветкі. Яны садзяцца на зубы аднаго з чэрапоў. Так бесклапотны, як яны, і птушкі, якія даўно ўжо прызвычаіліся да вайны. Кожнае раніцы між акопаў узносяцца ўгару жаўранкі. Летась мы нават назіралі, як яны выседжвалі яйкі і выводзілі пісклят.

Пацукі ўжо ня турбуюць нас у акопах. Яны бегаюць там наперадзе — мы ведаем чаму. Яны тлусьцеюць. Калі мы прыкмячаем аднаго з іх, мы адразу-ж прыстрэльваем яго. Уначы мы зноў чуем грыменьне за позыцыямі ворага. На працягу дня нас абстрэльваюць звычайным агнём, — таму мы можам заняцца прыборкай акопаў. Забаўкі ў нас таксама ёсьць: на гэта турбуюцца лётнікі. Шматлікія паветраныя бойкі штодня маюць сваіх гледачоў.

Зьнішчальнікі нам падабаюцца, але выведныя самалёты мы ненавідзім, як чуму, бо яны наклікаюць на нас артылярыйскі агонь. Праз некалькі хвілін пасьля іх зьяўленьня нас пачынаюць абсыпаць шрапнэльлю і гранатамі. У выніку аднаго дня мы трацім адзінаццаць чалавек, у тым ліку пяцярых санітараў. Двое з іх так пакрышаны, што Т’ядэн сьцьвярджае нібы іх можна саскрэбці са сьценак акопаў лыжкай і пахаваць у кацялок. У другога адарвана ніжняя частка жывата разам з нагамі. Ён упёрся, мёртвы, грудзьмі ў акоп. Яго твар жоўты, як цытрына. У вуснах яшчэ дыміць папяроска. Яна дыміць аж да тае пары, пакуль ня гасьне на губах.

Мы часова кладзем забітых у вялікую варонку. Яны ўжо ляжаць у тры рады адзін на адным.

Зьнянацку зноў пачынаецца гураганны агонь. Мы зноў сядзімо ў напружанай скамянеласьці бязьдзейнага чаканьня.

Атака, контр-атака, наступленьне, контр-наступленьне — усё гэта словы, але што яны хаваюць за сабой! Мы страчваем шмат людзей, у большасьці новабранцаў. На наш вучастак зноў пасылаецца папаўненьне. Гэта адзін з новых палкоў, амаль цалкам з маладых людзей апошніх прызываў. Яны не атрымалі ніякай падрыхтоўкі, а прайшлі толькі некалькі тэорытычных практыкаваньняў, раней чымся трапілі на фронт. Яны, праўда, ведаюць, што такое ручная граната, але аб заслоне яны ня маюць ніякага ўяўленьня, а, галоўнае, яны ня ўмеюць адшукваць яе. Грудок мусіць быць, прынамсі, на паўмэтры ўвышкі, каб яны маглі яго прыкмеціць.

Хоць мы і маем вялікую патрэбу ў папаўненьні, але новабранцы надаюць нам куды больш клопатаў, чым карысьці. Ва ўсіх атаках яны бездапаможныя і гінуць як мухі. Сапраўдная позыцыйная вайна патрабуе ведаў і практыкі, трэба ўмець прыстасоўвацца да мясцовасьці, трэба ўмець распазнаваць палёт знарадаў, трэба загадзя ведаць куды яны трапяць, як яны расьсяюцца і як бараніцца ад іх.

Гэтая моладзь амаль што нічога з усяго гэтага ня ведае. Яна гіне, таму што ня ўмее адрозьніць шрапнэль ад гранаты. Маладыя новабранцы падаюць, як касой падрэзаныя, таму што ў сьмяртэльным страху хаваюцца ад рову бясьпечных вялікіх чамаданаў, якія кладуцца далёка пазадзі, але тымчасам ня чуюць ціхага сьвісту- гудзеньня дробных знарадаў, што ляцяць проста ў акоп. Яны, як авечкі, ціскаюцца адзін да аднаго, замест таго, каб разьбегчыся па бакох, і нават параненых іх яшчэ прыстрэльваюць, як зайцаў, з аэроплянаў.

Гэтыя зьбялелыя, падобныя да рэпы, твары, рукі, якія жалка чапляюцца, поўная адчаю харобрасьць гэтых няшчасных хлапчукоў, якія ня гледзячы ні на што ідуць наперад і атакуюць; бедныя хлапчукі да таго запужаны, што яны не адважваюцца голасна крычаць і з раздзёртымі грудзьмі і з распоратымі чэравамі, з адарванымі нагамі і рукамі заклікаюць сваю матку і адразу змаўкаюць, як толькі на іх глянем.

Іх мёртвыя, пахаладзелыя, загостраныя твары маюць тую жудасную адсутнасьць выразу, якая бывае ў мёртвых дзяцей.

Пачынае ляскатаць у глотцы, калі бачыш, як яны ўскокваюць, бягуць і падаюць. Хочацца іх біць за тое, што яны такія дурныя, і хочацца ўзяць іх на рукі і панесьці адсюль, бо ім няма чаго тут рабіць. На іх надзеты шэрыя курткі, штаны і боты, але ў большасьці абмундыраваньне завялікае, яно вісіць на іх мехам, плечы іх вельмі вузкія, целы вельмі малыя, не знайшлося такога абмундыраваньня, якое-б было да меркі гэтым дзецям.

На аднаго старога салдата прыпадае пяцьдзесят новабранцаў.

Раптоўная газавая атака ўносіць шмат каго з іх. Яны зусім не ўяўляюць, што іх чакае. У адным з бліндажоў мы знаходзім цэлы натоўп іх з сінімі тварамі, з счарнелымі вуснамі. У аднэй варонцы яны завельмі рана скінулі з сябе маскі; яны ня ведалі, што газ больш за ўсё трымаецца ля самай зямлі; калі яны пабачылі другіх бяз масак на гары, яны зьдзёрлі свае маскі і так наглыталіся газу, што спалілі сабе лёгкія. Іх становішча безнадзейна, яны з-за няведаньня гінуць у крывавых сутычках і ад задушлівых газаў.

У адным акопе я зьнячэўку спаткнуўся з Гімэльштосам. Мы ратуемея ў тым самым бліндажы. Затаіўшы дых, мы ўсе ляжым адзін ля аднаго і чакаем пачатку атакі.

Ня гледзячы на мацнейшае ўзбуджаньне, у той момант, калі мы выбягаем, мяне раптам прыцінае думка: «Я ня бачу Гімэльштоса». Я шпарка зварочваюся назад у бліндаж і бачу, што ён захаваўся ў куток, у яго нязначны пісаг, але ён прыстаўляецца параненым. У яго твар як у пабітага. Ён калоціцца ад страху. Праўда, ён тут навак. Але мяне абурае тое, што моладзь выйшла з бліндажу, а ён усё яшчэ тут.

— Прэч! — сычу я.

Ён ня кратаецца, вусны яго дрыжаць, вусны трасуцца.

— Прэч! — кажу я зноў.

Ён падціскае пад сябе ногі, туліцца да сьцяны і шчэрыць зубы, як сабака.

Я хапаю яго за руку і хачу прымусіць яго ўзьняцца. Ён скавыча.

Тады мае нэрвы ня вытрымліваюць.

Я ўчапляюся ў яго глотку, я трасу яго як мех, так што галава яго целяпаецца з боку ў бок, і крычу яму ў твар:

— Паскуда! Ці выйдзеш ты адсюль, сабака, скура, ці будзеш ты яшчэ хавацца? — Ён застыг. Я таўку яго галавой у сьцяну. — Быдла! — Я выткнуў яго нагамі пад рэбры. — Сьвіньня! — Я выштурхваю яго галавой наперад.

Якраз да нас набліжаецца наступная шарэнга. З імі ідзе лейтэнант.

Ён бачыць нас і крычыць:

— Наперад, наперад, далучайцеся да нас!

І тое, чаго не магло зрабіць маё біцьцё, зрабілі яго словы. Гімэльштос пачуў голас начальніка, нібы прачнуўшыся, азірнуўся і далучыўся да шарэнгі.

Я іду за ім сьледам і бачу як ён скача. Ён зноў зрабіўся спраўным Гімэльштосам з казарменнага пляцу, ён нават выпярэдзіў лейтэнанта і бяжыць далёка паперадзе.

Гураганны агонь, заслонны агонь, міны, газ, танкі, кулямёты, ручныя гранаты — усё словы і словы, але яны месьцяць у сябе ўсю жудасьць сьвету.

Нашы твары пакрыліся шкарупінай бруду, нашы думкі спустошаны; калі трэба ісьці ў атаку, шмат каго даводзіцца расштурхваць кулакамі, каб яны прачнуліся і ішлі наперад. Вочы ў нас пагасьлі, рукі сьпісяжаны, каленкі крывавяць, локці падзёрты да крыві.

Ці мінаюць тыдні, ці месяцы, гады? Па бескаляровых тварах канаючых мы бачым як ляціць час ля нас, мы ядзім, бяжым, кідаем гранаты, страляем, забіваем, кладземся, мы паслаблі і атупелі і нас падтрымлівае толькі тое, што тут ёсьць яшчэ больш слабыя, больш атупелыя, больш бездапаможныя, якія шырока расчыненымі вачмі глядзяць на нас, як на багоў, бо мы іншы раз умеем унікнуць сьмерці.

У нязначныя лікам гадзіны спакою мы інструктуем іх:

— Бачыш той гаршчок, што ляціць? Гэта — міна! Заставайся на месцы: яна праляціць паўз цябе. Калі-ж яна ляцела-б вось так, тады трэба было-б бегчы! Ад яе можна ўбегчы!

Мы прывучаем іх слых да крывадушнага гудзеньня дробных знарадаў, яны павінны пазнаваць іх па гуку, які падобны на камарыны сьпеў; мы імкнемся ім давесьці, што яны небясьпечныя, небясьпечнейшыя, чым буйныя знарады, якія чутны здалёк. Мы паказваем ім, як трэба хавацца ад аэроплянаў, як прыкідвацца мерцьвякамі, калі атакаваўшыя выбіваюць нас з позыцый, як вырываць запал з ручных гранат, каб яны рваліся за паўсэкунды да паданьня; мы навучаем іх як трэба з хуткасьцю маланкі хавацца ў варонцы; мы паказваем ім як разбураць акоп скруткам ручных гранат; мы растлумачваем ім розьніцу паміж гранатамі прапіўніка і нашымі і працягласьць іх згараньня; мы зьвяртаем іх увагу на асаблівы гук знарадаў з атрутнымі газамі, навучаем іх хітрыкам, якія могуць выратаваць іх ад сьмерці.

Яны слухаюць і гатовы пераймаць нашу навуку, але калі надыходзіць час прыстасаваць яе да справы, — ад хваляваньня і страху яны ўсё робяць ня так.

Гайе Вэстгуса выносяць з разадранай сьпіной; пры кожным удыху скрозь рану пульсуе лёгкае. Я пасьпяваю паціснуць яму руку.

— Скончана, Паўль! — стогне ён і ад болю кусае сабе рукі.

Мы бачым, як людзі працягваюць жыць з ададранымі чарапамі; мы бачым, як бягуць салдаты, у якіх адарваны ногі; мы спатыкаемся на чалавечыя адрубкі, ратуючыся ў бліжэйшай яміне; адзін яфрэйтар прапоўз два кілёмэтры на руках, цягнучы за сабой расьціснутыя каленкі, другі ішоў на перавязачны пункт і рукой падтрымліваў вантробы, што вывальваліся з жывата; мы бачым людзей бяз роту, бяз ніжняй сківіцы, бяз твару; мы сустракаем аднаго, які на працягу двох гадзін заціскае зубамі артэрыю на сваёй руцэ, каб не сьцячы крывёй. Сонца ўзыходзіць, надыходзіць ноч, знарады вішчаць. Жыцьцё падыходзіць к канцу.

Аднак кавалачак разварочанай зямлі, на якім мы ляжым, супыняе націск праціўніка; толькі некалькі соцень мэтраў аддадзена. На кожны мэтр прыпадае па мерцьвяку.

Нас зьмяняюць. Грузавікі адвозяць нас адсюль, мы стаімо моўчкі, і калі да нас даходзіць голас: «Увага! Провад!» — мы згінаем каленкі. Было яшчэ лета, калі мы ехалі сюды. Дрэвы ’шчэ былі зялёныя, цяцер яны маюць выгляд асеньніх, а ноч шэрая і вільготная. Машыны спыняюцца. Мы злазім — разрозьненая кучка, рэштка ад шматлікіх імёнаў. У баку стаяць цьмяныя фігуры людзей і выклікаюць нумары палкоў, рот. І на кожны выклік адлучаецца кучка, невялічкая, драбнюткая кучка брудных, бледных салдат — жахліва мізэрная кучка, жахліва мізэрная рэштка.

Нехта выклікае нумар нашае роты. Мы чуем, што гэта наш ротны камандзір. Значыць ён выбраўся адтуль, яго рука ляжыць у павязцы.

Мы падыходзім да яго, і я пазнаю Ката і Альбэрта. Мы становімся побач і глядзім адзін на аднаго.

Яшчэ раз і яшчэ раз мы чуем, як выклікаюць нумар роты. Ён можа доўга клікаць: яго не пачуюць ні ў лазарэтах, ні ў варонках.

Яшчэ раз:

— Другая рота, сюды!

Пасьля цішэй:

— Нікога болыш няма з другой роты?

Ён маўчыць, і голас яго робіцца яшчэ больш сіпатым, калі пытаецца: — Гэта ўсё? — і загадвае: — Адзін за адным разьлічыся!

Шэрае раньне. Было яшчэ лета, калі мы прыйшлі сюды, і нас было сто пяцьдзесят чалавек. Цяпер восень, мы мерзьнем, лісьце шамаціць, галасы змарнела лапочуць: — Першы, другі, трэці, чацьверты — і на трыццаць трэцім абрываюцца. І марудна цягнецца маўчанка, пакуль пытаецца голас: — Яшчэ хто?.. — і чакае, а пасьля гаворыць зусім ціха: — Па-ўзводна! — але абрываецца, можа толькі а выса абрываецца, можа толькі скончыць:

— Другая рота… — і праз сілу: — Другая рота, крокам марш!

Адна шарэнга, адна кароткая шарэнга цягнецца досьвіткам…

Трыццаць два чалавекі.


VII

Нас пасылаюць глыбей, чым звычайна, у тыл, на палявы зборны пункт, дзе нам трэ’ будзе фармавацца. Нашай роце патрэбна папаўненьне — звыш сотні чалавек.

Тымчасам, свабодныя ад службы, мы шлындаемся нічога ня робячы. Праз два дні да нас прыбывае Гімэльштос. З таго часу як ён пабыў у акопах, ён страціў сваю фанабэрлівасьць. Ён прапануе нам памірыцца з ім. Я гатовы, бо бачыў, што ён вынес з поля Гайе Вэстгуса, у якога была разадрана сьпіна. Толькі Т’ядэн недаверлівы і стрыманы.

Але ён пераможаны, калі Гімэльштос паведамляе, што ён будзе замяняць кашавара, які ад’яжджае ў водпуск. У доказ гатага ён зараз-жа дастае для нас два фунты цукру і паўфунта масла спэцыяльна для Т’ядэна. Ён нават патурбаваўся аб тым, каб нас у бліжэйшыя дні прызначылі на кухню для чысткі бульбы і буракоў. Мы атрымліваем ад яго лепшыя афіцэрскія стравы.

Такім чынам, у даны момант мы маем дзьве рэчы, якія складаюць шчасьце салдата: добрую ежу і спакой. Калі падумаць — гэта ня шмат. Гады з два таму назад мы-б з пагардай аднесьліся да іх. Цяпер-жа мы амаль задаволеныя. Да ўсяго прызвычайваешся, нават да акопаў.

Гэтая звычка зьяўляецца прычынай таго, што ўсё хутка забываецца намі. Пазаўчора мы шчэ’ былі пад агнём, сёньня мы гарзуем і шлындаем па вуліцах, заўтра мы зноў накіроўваемея ў акопы. У сапраўднасьці-ж мы нічога не забываем. Да таго часу пакуль нам даводзіцца быць на позыцыі, у дзейнай арміі, дні, якія прайшлі на фронце, пагружаюцца ў нас нібы каменьне, і яны дужа цяжкія, каб можна было зараз задумацца над імі. Калі-б мы зрабілі гэта, яны-б забілі нас — я гэта заўважыў, — жах можна пераносіць, пакуль проста схіляешся перад ім, але забівае, калі пачынаеш пра яго разважаць.

Падобна да таго, як рабіліся мы зьвяр’ём, калі ідзем наперад, бо гэта адзінае, што нас падтрымлівае, так тут на спакоі, мы рабіліся лёгкадумнымі, свавольнікамі і гультаямі. Інакш і немагчыма: гэта пільная патрэба. Мы хочам жыць, чаго-б гэта нам ні каштавала: мы ня можам абцяжарваць сябе пачуцьцямі, якія бадай вельмі дэкорацыйны ў мірных умовах, але тут яны былі-б толькі маной. Кемэрых забіты, Гайе Вэстгус памірае, а целам Ганса Крамэра ў дзень страшнага суду будзе нямала клопатаў, нялёгка будзе скласьці яго з дробных кавалкаў у адно, у Мартэнса адарваны ногі, Мэйер забіты, Гемерынг забіты, сто двадцаць чалавек недзе ляжаць з цяжкімі параненьнямі; усё гэта жудасна, але што нам да таго? Мы-ж жывыя. Калі-б мы маглі іх выратаваць, — так тады мы кінуліся-б наперад, хоць-бы нам пагражала і сама сьмерць. У нас-жа вось д’ябальская настойлівасьць, хай калі мы толькі гэтага захочам; страху ў нас ня шмат — боязьнь сьмерці, праўда, ёсьць, але гэта іншая справа, гэта ідзе ад цела.

Але нашы таварышы мертвыя, мы ня можам ім дапамагчы, яны цяпер супакоены. Хто ведае, што яшчэ давядзецца нам перажыць? І вось мы хочам гарэзаваць, спаць або жэрці колькі ўлезе, і піць, і курыць, каб нашы дні ня былі пустымі. Жыцьцё коратка.

Жудасьць фронту згладжваецца, як толькі паварачваемся да яго сьпіной. Мы помсьцімся яму подлымі і зласьлівымі жартамі: калі хто памірае, — мы кажам, што ён «зашчаміў сабе азадак», і так гаворым мы аба ўсім. Гэта выратоўвае нас ад вар’яцтва; і пакуль мы яшчэ маем сілы гэта так прымаць, — мы можам супраціўляцца. Мы нічога не забываем. Тое, што пішуць ў газэтах пра «гумар» салдат, якія наладжваюць танцулькі, як толькі яны выходзяць з паласы абстрэлу, — мана. Мы робім усё гэта не таму, што поўныя гумару, — мы бадзёрымся таму, што інакш мы ня вытрымалі-б. Аднак гэтая хітрая штука ня доўга праіснуе: наш гумар з кожным месяцам набывае ўсё больш і болыш горкі прысмак.

І я ведаю: усё, што цяпер, калі мы на вайне, засела ў нас глыбока, як камень, — зноў усплыве пасьля вайны, і толькі тады пачнецца раскладаньне на жыцьцё і сьмерць.

Дні, тыдні, гады, якія праводзім мы тут, зьвернуцца ’шчэ раз, і нашы забітыя таварышы паўстануць тады і будуць ісьці з намі, нашы галовы прасьветляцца, у нас будзе мэта наперадзе, побач з намі будуць нашы забітыя таварышы, а пазадзі нас — гады фронту… Але супроць каго?..

Нядаўна тут недзе быў прыфронтавы тэатр. На сьцяне яшчэ вісяць пярэстыя афішы, якія вешаюць пра спэктакль. Шырока раскрыўшы вочы стаю я з Кропам перад імі. Мы ніяк ня можам уцяміць, што яшчэ існуюць падобныя рэчы. На афішы намалявана дзяўчына, апранутая ў сьветлую летнюю сукенку і з чырвоным глянсаваным паскам вакол ляжак. Аднэй рукой яна абапіраецца на балясы, а другой трымае саламяную шляпу. На ёй белыя панчохі і белыя пантофлі, стройныя пантофлі са спражкамі і на высокіх абцасах. Пазадзі яе сьвеціцца сіняе мора з белымі грэбнямі хваляй. З боку сьвятла ўразаецца бухта. Гэта цудоўная дзяўчына з тонкім носам, чырвонымі вуснамі і доўгімі нагамі, надзвычайна чыстая, выпеставаная; яна, бязумоўна, бярэ ванну два разы на дзень, і ў яе ніколі ня бывае бруду пад пазногцямі, хіба толькі крыху пяску з пляжу.

Побач яе стаіць мужчына ў белых майтках, у сіняй блюзе і ў морскай кепцы, але ён цікавіць нас куды менш.

Дзяўчына на сьцяне здаецца нам нейкім цудам. Мы зусім забыліся на тое, што такія рэчы яшчэ існуюць на сьвеце, і зараз мы ледзьве даем веры сваім вачом. Прынамсі, мы некалькі гадоў ня бачылі нічога падобнага, нічога што хоць здалёк нагадвала-б жыцьцярадаснасьць, прывабнасьць і шчасьце. Гэты мірны час, якім ён павінен быць, — узбуджана адчуваем мы.

— Глянь толькі на гэтыя лёгкія пантофэлькі! Яна-б ня здолела прайсьці ў іх і аднаго кілёмэтру, — кажу я і адчуваю, што я сказаў глупства, бо проста бязглуздна думаць пра маршыроўку, гледзячы на такі малюнак.

— Сколькі ёй можа быць гадоў? — пытаецца Кроп.

Я мяркую:

— Ня больш за дваццаць два, Альбэрт!

— Тады яна старэй за нас.

— Не, ёй ад сілы семнаццаць, запэўняю цябе!

Нас ахопліваюць дрыжыкі.

— Альбэрт, вось-бы нам, як ты мяркуеш?

Ён ківае:

— Дома ў мяне таксама ёсьць белыя майткі.

— Белыя майткі, — кажу я, — але такую дзяўчынку…

Мы аглядаем адзін аднаго. Нам ганарыцца няма чым — аблезлае, латанае, бруднае абмундыраваньне на кожным з нас. Безнадзейна параўноўваць сябе з ім.

Тады мы перш за ўсё саскрабаем са сьцяны маладога кавалера ў белых майтках, як мага засьцерагаючыся, каб не пашкодзіць дзяўчыне. Гэтым ужо сёе-тое дасягнута. Пасьля Кроп прапануе:

— Трэба было-б пайсьці ў камеру пачысьціцца ад вошай.

Я ня зусім згодны з ім, бо ад гэтага псуюцца рэчы, а вошы праз дзьве гадзіны зьяўляюцца зноў. Але пасьля таго, як я зноў кідаю погляд на малюнак, я згаджаюся. Я нават іду далей:

— Трэба таксама паспробаваць па чыстай кашулі.

Альбэрт невядома чаму заяўляе:

— Яшчэ лепш-бы дастаць анучы.

— Магчыма і анучы. Пойдзем, паспытаем шчасьця.

Але тут прыцягнуліся Леер і Т’ядэн; яны заўважаюць афішу і адразу-ж наша размова набывае даволі-ткі брудны водцень. Леер у нашай клясе першым меў зносіны з жанчынай. Ён расказваў нам аб гэтым запальваючыя падрабязнасьці. Ён па-свойму захапляецца малюнкам, і Т’ядэн патурае яму.

Мы не адчуваем пры гэтым асаблівай агідлівасьці. Хто не пахабнічае, той не салдат; толькі ў даны момант гэта нам ня зусім падабаецца, таму мы адыходзім убок і накіроўваемся ў ачышчальную камеру з такім пачуцьцём, нібы гэта дзіўны магазын мужчынскіх мод.

Дамы, у якіх мы раскватэраваны, знаходзяцца недалёка ад каналу. На другім баку каналу саджалкі, абсаджаныя таполевымі гайкамі, на тым беразе каналу ёсьць і жанчыны.

У дамох на нашым баку ніхто ня жыве. Але на тым баку дзе-ні-дзе паказваюцца жыхары. Увечары мы купаемся. Усьцяж берагу да нас набліжаюцца жанчыны. Яны ідуць паволі і не адварочваюцца, хоць у нас і няма трусікаў.

Леер крычыць ім нешта. Яны сьмяюцца і спыняюцца, каб паглядзець на нас. Мы кідаем да іх на ламанай францускай мове першыя фразы, якія ўспалі на розум, перашкаджаючы адзін аднаму, сьпяшаючыся, каб яны не пайшлі. Фразы ня вельмі далікатныя, але адкуль нам узяць іншых?

Паміж іх ёсьць танклявая брунэтка. Відаць, як бліскаюць яе зубы, калі яна сьмяецца. У яе шпаркія рухі, а спадніца свабодна ўецца вакол яе ног. І хоць вада халодная, мы ахоплены вясёласьцю і імкнемся іх зацікавіць, каб яны не пайшлі. Мы спрабуем жартаваць, і яны адказваюць нам, але мы нічога не разумеем; мы сьмяемся і падміргваем. Т’ядэн больш разважны. Ён бяжыць дахаты, прыносіць салдацкі хлеб і паднімае яго над галавой.

Гэта дасягае поўнага посьпеху. Яны ківаюць і робяць знакі, каб мы пераправіліся да іх. Але нам гэта не дазволена. Ступаць на той бераг забаронена. Паўсюды на мастох вартавыя. Бяз пропуску ня пройдзеш. Таму мы тлумачым ім, каб яны прыйшлі да нас, але яны матаюць галавой і паказваюць на масты. Іх таксама не прапушчаюць.

Яны паварачваюцца і паволі ідуць угару ля каналу, увесь час усьцяж берагу. Мы суправаждаем іх наўплаў. Прайшоўшы некалькі соцень мэтраў, яны загінаюць убок і паказваюць на дом, які выглядае з дрэў і кустоў. Леер пытаецца ці ня тут яны жывуць.

Яны сьмяюцца: так, там іх дом.

Мы крычым ім, што хочам прыйсьй да іх, калі варта нас не заўважыць, Уначы. Гэтай ноччу!

Яны паднімаюць рукі, складаюць іх, закрываюць рукамі твар і вочы. Яны зразумелі. Танклявая брунэтка выконвае па з нейкага танцу. Блёндынка шчабеча:

— Хлеб — добра.

Мы палка сьцьвярджаем, што мы яго прынясем. Яшчэ і іншыя добрыя рэчы. Мы выкатваем вочы і тлумачым рукамі. Леер ледзь не патануў, стараючыся растлумачыць словы «кавалак лівэрнай каўбасы». Калі-б было патрэбна, мы паабяцалі-б ім увесь провіянцкі склад. Яны адыходзяць і яшчэ раз абарачваюцца да нас. Мы караскаемся на наш бераг і сочым у які дом яны ўваходзяць: бо, магчыма яны ашукваюць нас. Потым мы плывем назад.

Бяз пропуску ніхто ня можа прайсьці праз мост. Таму мы вырашылі проста ўначы пераплысьці на другі бераг каналу. Узбуджэньне, якое ахапіла нас, ня можа ўгамавацца. Мы ня можам усядзець на адным месцы. Ідзем у шынок. Там акурат ёсьць піва і нейкі пунш.

Мы п’ем пунш і выдумляем розныя фантастычныя гісторыі. Кожны з ахвотай верыць другому і нецярпліва чакае чаргі, каб схлусіць яшчэ ямчэй.

Нашы рукі непакойныя, мы выкурваем безьліч папярос, пакуль Кроп ня кажа:

— Уласна кажучы, мы маглі-б прынесьці і ім некалькі папярос. — Мы кладзем папяросы ў свае фуражкі і захоўваем ім.

Неба робіцца зялёным, як нясьпелы яблык. Нас чэцьвера, але туды можна пайсьці толькі ўтрох; дзеля гэтага нам трэба вызваліцца ад Т’ядэна, і мы частуем яго ромам і пуншам да таго часу пакуль ён не пачынае п’янець. Калі пачынае змрочыць, мы ідзем па хатах, вядучы Т’ядэна ў сярэдзіне. Мы распалены і гатовы на ўсякія прыгоды. Мне прыпадзе танклявая брунэтка — гэта вырашана. Мы іх ужо разьмеркавалі.

Т’ядэн падае на саламяны матрац і пачынае храпець. Раптам ён прасынаецца і гэтак хітра захмыляецца, што мы путаемся і думаем, што ён прыкінуўся п’яным, і мы дарэмна выдаткаваліся на пунш. Але ён адкідаецца і працягвае храпець.

Кожны з нас бярэ па цэлай баханцы салдацкага хлеба і загортвае яе ў газэтную паперу. Мы бярэм з сабой і папяросы і, апроч таго, тры добрых порцый лівэрнай каўбасы, атрыманай сёньня ўвечары. Гэта зусім прыстойны падарунак.

Спачатку мы засоўваем усе рэчы ў боты, боты мы павінны ўзяць з сабой, каб там на беразе не напароць ногі на дрот або чарапкі. Нам прыдзецца плысьці, а таму мы ня можам захапіць з сабой вопратку. Адылі, ужо цёмна, ды ісьці недалёка.

Мы выступаем, нясучы боты ў руках. Мы шпарка спаўзаем у ваду, кладземся на сьпіну і плывем, трымаючы боты з іх зьмесьцівам над галовамі.

На тым беразе мы асьцярожна вылазім, вымаем скруткі і нацягваем боты. Рэчы мы бярэм пад паху.

Так, мокрыя, голыя, у адных ботах, мы трушком адпраўляемся ў дарогу. Мы адразу знаходзім дом: ён цямнее сярод кустоў. Леер падае, спатыкнуўшыся на пень, і расьсякае сабе локаць. — Нічога! — гаворыць ён бясклопатна. Вокны зачынены вакяніцамі. Мы цікуем вакол дому і імкнемся заглянуць у шчыліны. Пасьля мы трацім цярпеньне. Кроп раптоўна робіцца нерашучым:

— А што, калі ў іх там зараз які-небудзь маёр?

— Тады мы дамо ходу, — сьмяецца Леер! — Хай ён прачытае вось тут нумар нашага палка! — І ляскае сябе па азадку.

Уваходныя дзьверы адчынены. Нашы боты нарабілі шуму. Нейкая дзьвер адчыняецца, за ёй мільгае сьвятло. Напужаная жанчына крычыць. Мы гаворым: — Pst, pst! Camarade, bon ami![2] і прысягаючыся ўзьнімаем угору нашы скруткі.

Дзьверы расчыняюцца насьцеж — сьвятло сьлепіць нас, а пасьля мы бачым і двух іншых. Нас пазнаюць, і тры жанчыны рагочуць, аж заходзяцца, з нашага выгляду. Яны так рагочуць, што прысядаюць і курчацца, стоячы ля вушака дзьвярэй. Якія ў іх гнуткія рухі.

— Un moment![3]

Яны зьнікаюць і праз некалькі хвілін выкідаюць нам часткі вопраткі, якімі мы як-небудзь прыкрываемся. Пасьля гэтага нам дазваляюць увайсьці. У пакоі гарыць невялікая лямпа, цёпла і зьлёгку пахне парфумай. Мы разгортваем нашы скруткі і перадаем ім. У іх запальваюцца вочы: відаць, што яны галодныя.

Пасьля гэтага мы ўсе адчуваем некаторую замяшанасьць. Леер гэстамі паказвае, што трэба есьці. Тады зноў наступае ажыўленьне. Яны прыносяць талеркі, нажы і накіроўваюцца на прынесеныя рэчы. Перад тым як зьесьці кожны кавалачак каўбасы, яны спачатку зьдзіўлена ўзьнімаюць яго ўгару, а мы горда сядзімо тут-жа.

Яны засыпаюць нас словамі на сваёй мове. Мы разумеем вельмі мала, але мы адчуваем, што словы іх прыязныя. Магчыма мы паказваемся ім вельмі маладымі. Танклявая брунэтка гладзіць мяне па валасох і гаворыць тое, што звычайна гавораць усе францускія жанчыны:

— La querre — grand malheur, pouvres garsons[4].

Я моцна трымаюся за яе руку і прыціскаюся ротам да яе далоні. Пальцы ахопліваюць мой твар. Зусім блізка нада мной яе вочы, кволая смуглявасьць скуры і чырвоныя вусны. Рот кажа словы, якіх я не разумею. Я таксама ня зусім разумею яе вочы: яны кажуць больш, чымся мы чакалі, калі ішлі сюды.

Побач ёсьць яшчэ пакоі. Праходзячы, я бачу Леера, які абдымае блёндынку. Ён трымае сябе шумна. Ён ведае чаго хоча. Але я… я ахоплены чымсьці далёкім, патаемным і імпэтным, і цалкам аддаюся яму. Мае жаданьні — гэта дзіўная сумесь патрэбы і зьбянтэжанасьці. У мяне пачынае кружыцца галава. Тут няма нічога такога, што магло-б мяне падтрымаць. Нашы боты мы пакінулі перад дзьвярыма, замест іх нам далі пантофлі, і вось цяпер не засталося нічога, што нагадвала-б мне аб упэўненасьці і дзёрзкасьці салдата: няма ні зброі, ні портупэі, ні мундзіра, ні фуражкі. Я апушчаюся ў невядомае. Хай будзе як будзе, таму што мне ўсё-ж крыху страшна, ня гледзячы ні на што.

Танклявая брунэтка кратае брывамі, калі задумаецца, але яны зусім нярухомыя, калі яна гаворыць. Момантамі яе голас ня выліваецца ў словы і траціцца зусім, або праносіцца паўз мяне: дуга, шлях, комэта. Што ведаю я пра ўсё гэта, што ведаў я пра ўсё? Словы гэтае мовы, якія я ледзь разумею, напаўняюць мяне спакоем, у гэтым спакоі зьнікае цынамонавы, напалову асьветлены пакой, і толькі твар нада мной жыве, застаючыся ясным.

Які шматгранны твар, што яшчэ поўгадзіны назад быў чужым, а цяпер поўны пяшчоты, якая зыходзіць не ад яго, а ад начы, ад сьвету, ад крыві, які як-бы злучыліся ў ім у адно.

Прадметы ў пакоі зьмяняюць выгляд. Яны робяцца дзіўнымі, і я адчуваю амаль пашану да маёй белай скуры, калі на яе падае сьвятло ад лямпы і калі яе гладзіць халаднаватая смуглявая рука.

Як ўсё гэта не падобна на тое, што адбываецца ў салдацкіх публічных дамох, куды нас адпушчаюць, і дзе стаіш у доўгай чарзе. Мне ня хочацца думаць пра іх, але незалежна ад маёй волі паўстае ў памяці, і я палохаюся ад думкі, што я магчыма ўжо ніколі не змагу пазбавіцца такіх успамінаў.

Пасьля я адчуваю вусны танклявай брунэткі, цягнуся да іх насустрач, закрываю вочы і жадаў-бы, каб усё зьнікла: вайна і жудасьць, і подласьць, і каб я прачнуўся маладым і шчасным. Я згадваю вобраз дзяўчыны на афішы, і на сэкунду мне здаецца, што ад стрэчы з ёй залежыць маё жыцьцё.

І я яшчэ глыбей апушчаюся ў абдымкі, якія мяне ахопліваюць — магчыма, здарыцца цуд.

Нейкім чынам мы зноў разам. Леер вельмі вясёлы. Мы сардэчна разьвітваемся і ўлазім у свае боты. Ночнае паветра ахаладжвае нашы распаленыя целы. З цемразі выступаюць агромністыя таполі і шумяць лісьцем. Месяц высока ў цебе і ў вадзе каналу. Мы не бяжым, мы ідзем побач павольным крокам.

Леер кажа:

— За гэта ня шкода і цэлай баханкі!

Я не магу адважыцца загаварыць, я нават не адчуваю радасьці.

Раптам мы чуем крокі і хаваемся ў хмызьняку.

Крокі набліжаюцца і падыходзяць усутыч да нас. Мы бачым голага салдата ў ботах. Так як і мы, ён нясе скрутак пад пахай, і галёпам сьпяшаецца наперад. Гэта Т’ядэн у поўным парадзе. Але ён ужо зьнік.

Мы сьмяемся. Заўтра ён будзе лаяцца на нас.

Нікім не заўважаныя, мы дабіраемся да сваіх саламяных матрацаў.

Мяне выклікаюць у канцылярыю. Ротны камандзір дае мне адпускны білет і пасьведчаньне на білет. Ён жадае мне шчаснай дарогі. Я гляджу на які тэрмін мне дадзены водпуск. Семнаццаць дзён — чатырнаццаць на водпуск і тры на дарогу. Гэтага зусім мала і я пытаюся, ці нельга атрымаць пяць дзен на дарогу. Бэртынг паказвае на мой білет. Тут я бачу, што мне ня трэба зараз-жа зьвяртацца на фронт. Па сканчэньні водпуску мне трэба зьявіцца на курсы ў лягерах.

Шмат хто зайздросьціць мне.

Кат дае мне добрыя парады, як мне назаўсёды ўвільнуць з фронту.

— Калі ў цябе ёсьць галава на плячох, дык табе ўдасца там зачапіцца.

Уласна кажучы, мне было-б прыямней паехаць толькі праз восем дзён, бо гэты час мы яшчэ прабавімся тут, а тут, да праўды, добра.

Мне, вядома, даводзіцца пачаставаць хлапцоў у шынку. Мы ўсе крыху п’яныя. Я сумнею. Я буду адсутнічаць шэсьць тыдняў. Бязумоўна гэта вялікае шчасьце, але што будзе, калі я зьвярнуся? Ці пабачу я ўсіх зноў? Гайе і Кемэрыха ўжо няма, — хто наступны?

Мы п’ем, і я пазіраю то на аднаго, то на дугога. Альбэрт сядзіць поруч са мною і курыць. Ён падбадзёрваецца. Мы заўсёды былі разам. На супраць мяне згарбаціўся Кат з пахілымі плячыма і з сваімі шырокімі вялікімі пальцамі і лагодным голасам, Мюлер з выпнутымі зубамі і брахлівым сьмехам, Т’ядэн з мышынымі вочкамі, Леер, які адгадаваў сабе бараду і выглядвае на саракагадовага.

Над нашымі галовамі — густы дым. Чым-бы быў салдат бяз тутуну? Палкавая крамка — гэта наш прытулак, піва — больш, чым пітво, яно адзнака таго, што мы без сьцеражлівасьці можам выцягваць і скарачаць цягліцы. Мы так і робім. Мы выцягнулі ногі далёка наперад і дабрадушна плюем вакол сябе, ні на каго не зважаючы. Якое ўсё гэта можа мець значэньне, калі заўтра ад’яжджаеш!

Уначы мы ’шчэ раз накіроўваемся на той бок каналу. Мне амаль страшна паведаміць танклявай брунэтцы, што я ад’яжджаю і што калі я зьвярнуся, мы напэўна, будзем дзе-небудзь далёка і, такім чынам мы больш ніколі не пабачымся. Але яна толькі ківае галавой і не шкадуе. Спачатку я не магу гэтага зразумець, але потым даведваюся ў чым справа. Леер мае рацыю. Калі-б мне прыпадала ехаць на фронт, тады-б яна сказала: — Pouvre garson! — але водпуск — пра яго ня варта гутарыць, ён значна менш цікавы. Ну яе да д’ябла з яе балбытаньнем і шчабятаньнем! Чакаеш цуда, а выходзіць уся справа ў салдацкім хлебе.

Наступнай раніцою, пабыўшы ў ачышчальнай камеры, я крочу да палявой чыгункі. Альбэрт і Кат праваджаюць мяне.

На станцыі мы даведваемся, што да адпраўкі ’шчэ дзьве гадзіны. Ім абудвум трэба ісьці заступаць на дзяжурства.

Мы разьвітваемся.

— У добры час Кат! У добры час Альбэрт!

Яны адыходзяць і яшчэ машуць мне рукамі. Іх постаці меншаюць. Кожны іх крок, іх рух мне добра знаёмы. Я здалёк магу пазнаць іх. Потым яны зьнікаюць.

Я саджуся на свой ранец і чакаю.

Раптам мяне ахапляе шалёнае ахапленьне. Хутчэй, хутчэй выбрацца адсюль!

Я валяюся на розных вагзалах, я стаю перад рознымі супавымі катламі, я сяджу на розных драўляных лаўках, але вось перада мной разгортваецца ляндшафт, такі сумны, няпрыемны і знаёмы! Ён плыве паўз мяне ў вячэрніх вокнах. Вёска, дзе нізка пахілены саламяныя стрэхі, пабеленыя вапнай хаткі, нівы, якія блішчаць пэрлямутрам у касых праменях сонца, фруктовыя сады, амбары і старыя ліпы.

Назвы станцый ператвараюцца для мяне ў разуменьні, ад якіх уздрыгвае сарца. Цягнік грукаціць і грукаціць, я стаю ля акна і трымаюся за драўляную раму. Гэтымі назвамі атулена было маё юнацтва.

Плоскія лугі, палі, двары. Павозка самотна цягнецца на фоне неба па дарозе, што ідзе паралельна горызонту. Шлягбаум, перад якім чакаюць сяляне, дзяўчаты ківаюць галавой, дзеці гуляюць ля чыгуначнага насыпу, дарогі вядупь у глыбіню краіны, роўныя дарогі, без артылерыі.

Цяпер вечар, і калі-б ня грукаў цягнік, я пачаў-бы крычаць. Роўнядзь шырока распасьціраецца перада мной, у слабай сіні ў воддалі пачынаюць вымалёўвацца сілюэты ўзгоркаў. Я пазнаю характарную лінію Долбэнтэргу, гэтага шчарбатага грэбня, які стромка абрываецца там, дзе канчаецца верхавіна лесу. За ім павінен быць горад.

Але цяпер залацістае чырвонае сьвятло апошнім водблескам акідвае сусьвет, цягнік грукоча праз стрэлку, пасьля праз другую, і зданьнёва цьмяныя стаяць там таполі, у воддалі, адзін за адным, доўгімі радамі, якія створаны з ценю, сьвятла і суму.

Поле памалу паварочваецца разам з імі, цягнік абыходзіць іх, прамежкі зружваюцца, яны зьліваюцца ў адну пляміну і на працягу моманту я бачу толькі адзін таполь; пасьля з-за пярэдняга дрэва зноў выступаюць астатнія, і яны доўга стаяць на горызонце, пакуль іх не заслоняць першыя дамы.

Шлягбаум. Я стаю ля акна, я не магу адарвацца ад яго. Іншыя зьбіраюць свае рэчы, рыхтуючыся выходзіць. Я пераказваю назву дарогі, якую мы перасякаем: Брэмэрштрасэ, Брэмэрштрасэ.

Вэлёсыпэды, экіпажы, людзі рухаюцца ўнізе. Гэта шэрая вуліца і шэры тунэль. Ён ахапляе мяне нібы абдымкі маткі.

Потым цягнік спыняецца, і вось вагзал з яго тлумам, крыкамі, плякатамі. Я бяру свой ранец, зашпіляюся, бяру ў рукі вінтоўку і, спатыкаючыся, зыходжу па прыступках.

На пэроне я азіраюся. Сярод людзей, якія сьпяшаюцца, я нікога ня ведаю. Міласэрдная сястра прапануе мне чаго-небудзь выпіць. Я адварочваюся: завельмі ўжо яна ўсьміхаецца мне, уся пранікнутая паважнасьцю таго, што робіць:

— Паглядзеце, я даю салдату кавы!

Яна гаворыць мне «таварыш». Толькі гэтага неё хапала!

Там за вагзалам, побач з вуліцай шумуе рака; бурапенячы яна вырываецца з шлюзаў мосту ля млыну. Чатырохвугольная вартавая вежа стаць побач. Перад ёй вялікая разьвесьлівая ліпа, а за ёй — захад.

Тут мы часта сядзелі — ці даўно гэта было? Мы пераходзілі праз мост і дыхалі халаднаваты, гнілы пах застоенай вады; мы нахіляліся над спакойнай вадой па гэты бок шлюзу, дзе на палях мосту вісяць зялёныя кручаныя расьліны і вадаросты, а на тым баку шлюзаў у сьпякотныя дні мы бавіліся разьбегамі пены і балбыталі пра сваіх настаўнікаў.

Я пераходжу праз мост і гляджу направа і налева; у вадзе ўсё яшчэ поўна вадаростаў і, як раней, яна спадае сьветлай дугой; у будынку вежы, як і раней, стаяць прачкі з голымі рукамі перад разасланай бялізнай, і гарачыня ад жалязкаў пыхае з адкрытых вокнаў. Сабакі бегаюць па вузкай вуліцы, перад дзьвярыма дамоў стаяць людзі і глядзяць на мяне, калі я, брудны і нагружаны клумкамі праходжу паўз іх.

У гэтай цукерні мы елі марожанае і вучыліся курыць папяросы. На гэтай вуліцы, што мільгае паўз мяне, я ведаю кожны дом, колёніяльную краму, аптэкарскі магазын, пякарню.

І вось я стаю ля цынамонавых дзьвярэй з забруджанай ручкай, і пальцы мае цяжэюць.

Я адчыняю іх. Насустрач мне так дзіўна падыхае прахалодай! Ад гэтага вочы мае робяцца няўпэўненымі.

Пад маімі ботамі рыпаюць усходкі. На гары ляскае дзьвер, нехта глядзіць праз балясы. Гэта адчыніліся дзьверы ў кухню. Яны там якраз пякуць аладкі з бульбы: у доме пахне імі, да таго-ж сёньня субота, а гэта, мабыць, мая сястра зьвесілася праз балясы. Я на момант адчуваю зьбянтэжанасьць і схіляю галаву, потым здымаю шлем і гляджу ўгару. Так, гэта мая старэйшая сястра.

— Паўль! — крычыць яна. — Паўль!

Я ківаю галавой. Мой ранец бразгаецца аб балясы, мая вінтоўка цяжэе.

Яна парыўчыста адчыняе дзьверы і крычыць:

— Маці, маці, Паўль прыехаў!

Я не магу ісьці далей.

— Маці! маці! Паўль прыехаў!

Я прытуляюся да сьцяны і прыціскаю свой шлем і вінтоўку. Я сьціскаю іх з усяе сілы, але я ні кроку не магу ступіць далей. Усходы адплываюць з маіх воч, я выцінаю сябе прыкладам па нагах і гнеўна сьціскаю зубы, але нічога не магу адказаць на сястрыны словы, нічога не магу. Я балюча намагаюся засьмяяцца і загаварыць, але не магу вымавіць ніводнага слова і так стаю тут на ўсходах, няшчасны, бесспарадны, ахоплены сударгай, і супроць жаданьня сьлёзы няспынна цякуць па маім твары.

Мая сястра варочаецца і пытаецца:

— Што з табой?

Тады я зьбіраю сілы і клыпаю ў прасенак. Я стаўлю вінтоўку ў куце, ранец кладу ля сьцяны і накрываю яго сваім шлемам. Я вызваляюся таксама і ад амуніцыі. Пасьля я кажу злосна:

— Дай-жа мне ўрэшце насатку!

Яна дастае яе з камоду, і я выціраю твар. Нада мной на сьцяне вісіць шкляная скрынка з пярэстымі матылямі, якія я некалісьці зьбіраў.

Цяпер я чую матчын голас. Ён даходзіць з спальні.

— Хіба яна ня ўстала ’шчэ? — пытаюся я ў сястры.

— Яна хворая, — адказвае тая.

Я ўваходжу да яе, даю руку і кажу, насколькі магу спакойна:

— Вось і я, маці!..

Яна, ня рухаючыся, ляжыць у паўзмроку, пасьля спалохана пытаецца, і я адчуваю як яна абмацвае мяне вачыма.

— Ты паранены?

— Не, я ў водпуску.

Мая маці вельмі бледная. Я баюся запаліць сьвятло.

— Глядзі, я ляжу і плачу, — гаворыць яна, — замест таго, каб радавацца.

— Ты хворая, маці? — пытаюся я.

— Я сёньня трохі ўстану, — гаворыць яна і паварочваецца да маёй сястры, якая раз-по-раз убягае на кухню, баючыся, каб у яе там нешта не прыгарэла.

— Адкрой слоік з брусьнічным варэньнем. Ты-ж гэта любіш? — пытаецца яна ў мяне.

— Так, маці, я даўно гэтага ня еў!

— А мы быццам адчувалі, што ты прыедзеш, — сьмяецца сястра.

— Акурат твая ўлюбёная страва: бульбяныя аладкі, а цяпер нават і брусьнічнае варэньне!

— Да таго-ж субота, — заўважваю я.

— Прысядзь да мяне, — гаворыць маці.

Яна разглядае мяне. Яе рукі бледныя і хворыя, такія тонкія ў параўнаньні з маімі! Мы гаворым толькі некалькі слоў, і я ўдзячны ёй за тое, што яна нічога ў мяне не распытвае. Дый што казаць? Усё, што было магчыма, здарылася, я зьвярнуўся цэлы і сяджу побач з ёю. А на кухні стаіць мая сястра, гатуе вячэру і сьпявае.

— Мой любы хлопчык! — ціха гаворыць маці.

У нашай сям’і мы ніколі ня былі асабліва пяшчотнымі адзін да аднаго, гэта ня прынята ў беднякоў, якія прымушаны шмат працаваць і ў якіх шмат клопатаў. Да таго-ж яны гэтага і не разумеюць, яны ня любяць часта пераказваць тое, што і так даўно ўжо вядома. Калі мая маці гаворыць да мяне: «Мой любы хлопчык!» — дык гэтага так шмат, як самыя палкія выразы ў іншых. Я цьвёрда ведаю, што слоік з брусьнічным варэньнем у яе адзіны і што яна захавала яго для мяне, таксама як і ўжо старое на смак пячэньне, якім яна мяне зараз частуе. Яна, напэўна, набыла яго як-небудзь выпадкова і адразу-ж адклала для мяне. Я сяджу ля яе ложка. Скрозь вокны бачны залаціста-цынамонавыя каштаны, насупраць, у садзе ля гасьцініцы. Я павольна дыхаю і кажу сабе: «Ты дома, ты дома!» Але замяшаньне не пакідае мяне, я яшчэ магу да ўсяго прызвычаіцца. Вось мая маці, мая сястра, вось мая скрынка з матылямі і піяніна з чырвонага дрэва, але я яшчэ ня зусім прачухаўся. Усё аддзелена нейкай плеўкай і адлегласьцю. Таму я іду, дастаю свой ранец, прыношу яго да ложка і пачынаю выкладаць тое, што я прывёз: цэлы сыр, які Кат прыдбаў для мяне, дзьве баханкі салдацкага хлеба, тры чвэрткі фунта масла, дзьве банкі лівэрнага паштэту, адзін фунт топленага сала і мяшочак рысу.

— Гэта напэўна спатрэбіцца.

Яны сьцьвярджаюча ківаюць.

— Тут з гэтым кепска? — асьвядомліваюся я.

— Так, цяжкавата. А хіба ў вас усяго гэтага шмат?

Я пасьмейваюся і паказваю на прывезеныя рэчы.

— Гэтак шмат у нас, вядома, бывае не заўсёды, але мы перабіваемся.

Эрна выносіць прыпасы. Мая маці зьнячэўку сьціскае мяне за руку і пытаецца перарывістым голасам:

— Было вельмі кепска там, Паўль?

«Маці, што я магу адказаць табе? Ты гэтага не зразумееш, ніколі ня скеміш… Дый ня трэба табе гэтата разумець! «Ці было кепска?» — пытаешся ты, ты, маці!»

Я матаю галавой і кажу:

— Не, маці, ня вельмі. Нас шмат там разам, таму ня так ужо кепска.

— Так, але нядаўна быў тут Генрых Брэдэмэйер, які расказваў, што там жудасна з гэтым газам і ўсякімі іншымі рэчамі.

Гэта гаворыць мая маці. Яна гаворыць: «З газам і ўсякімі іншымі рэчамі». Яна ня ведае пра што гаворыць, яна толькі баіцца за мяне. Ці магу я ёй расказаць як аднойчы мы знайшлі тры варожых акопы, дзе людзі застылі ў розных позах, бы забітыя адным ударам? На бруствэрах і ў бліндажох, там, дзе іх прысьпела сьмерць, стаялі і ляжалі людзі з сінімі тварамі.

— Ах, маці, ці мала балбочаць! — адказваю я. — Гэты Брэдэмэйер скажа вось, сам ня ведае што. Ты бачыш, я здаровы і нават патлусьцеў.

Трапятлівая клапатлівасьць маткі зноў зьвяртае мне спакой. Цяпер я зноў магу рухацца і гутарыць, прыслухоўвацца да слоў, не баючыся што мне прыдзецца раптам прытуліцца да сьцяны, таму што сьвет стане раптоўна мяккім як гума, і жылы нямоцнымі як цэра.

Мая маці хоча ўстаць. Я іду ў кухню да сястры.

— Што з ёй? — пытаюся я ў сястры.

Яна паціскае плячыма.

— Яна ўжо два месяцы ляжыць, але нам загадалі ня пісаць табе пра гэта. У яе было некалькі дактароў. Адзін сказаў, што гэта ўсё-ж ткі рак.

Я накіроўваюся да акруговага коменданта на яўку. Паволі іду я па вуліцах. Там-сям хто-небудзь заводзіць са мной гутарку. Я затрымліваюся не надоўга, бо мне ня хочацца шмат гаварыць.

Калі я зварочваюся з казармы, я чую як мяне нехта кліча. Я абарочваюся, увесь ахоплены думкамі, і стыкаюся з майёрам. Ён накідваецца на мяне:

— Вы што, ня ўмееце браць пад казырок?

— Прабачце, пан майёр, — кажу я ў замяшаньні, — я вас не заўважыў.

Ён крычыць яшчэ галасней:

— Вы да таго-ж ня ўмееце выказвацца прыстойна.

Мне хочацца ўдарыць яго па твары, але я бяру сябе ў рукі, інакш мой водпуск пойдзе прахам. Я станаўлюся ва фронт і кажу:

— Я не заўважыў пана майёра.

— Тады прашу быць уважлівей! — кідае ён. — Як ваша прозьвішча?

Я дакладваю.

Яго чырвоны, грубы твар усё яшчэ ўзбураны.

— Якой часьці?

Я рапортую па статуце. Але яму ўсё яшчэ недастаткова.

— Дзе стаіцё?

Але цяпер ужо з мяне хапае і я кажу:

— Паміж Лянгемаркам і Біксшутам.

— Як гэта? — пытаецца ён, крыху зьбіты з панталыку.

Я тлумачу яму, што з гадзіну таму назад прыбыў у водпуск, і спадзяюся, што пасьля гэтага ён ад мяне адчэпіцца. Але я памыляюся. Ён яшчэ больш шалее.

— Вам, напэўна, жадаецца тут завесьці прыфрантовыя парадкі? Што? Гэта вам так ня мінецца. Тут, хвала богу, яшчэ пануе парадак!

Ён камандуе:

— Дваццаць крокаў назад, крокам марш!

Я ўвесь дрыжу ад абурэньня. Але я нічога не магу супроцьставіць майёру: ён загадае арыштаваць мяне, варта яму толькі пажадаць. Я адлятаю назад, падыходжу да яго, не даходзячы на шэсьць крокаў, аддаю яму чэсьць па ўсіх правілах і апушчаю руку толькі пасьля таго, як прайшоў шэсьць крокаў.

Ён зноў кліча мяне і цяпер спагадліва паведамляе мне, што на гэты раз ён зьмяняе гнеў на ласку.

Я раблю выгляд, што я вельмі ўдзячны.

— Ідзеце! — камандуе ён.

Я бяру налева кругом і адыходжу.

Гэта мне сапсавала вечар. Я сьпяшаюся дахаты, скідаю ў куток абмундыраваньне. Адылі, гэта і так уваходзіла ў мае пляны. Потым я выцягваю з камоды маю цывільную вопратку і апранаюся.

Я зусім адвык ад яе. Гарнітур зрабіўся мне крыху закароткі і завузкі: я вырас на вайсковай службе. Я дазнаюся цяжкасьцяй з каўнерыкам і гальштукам. Нарэшце сястра завязвае мне гальштук.

Які лёгкі гэты гарнітур! Адчуваеш сябе так, нібы на табе тоькі сподні ды кашуля.

Я аглядаюся ў люстры. Дзіўнае відовішча! На мяне з зьдзіўленьнем глядзіць загарэлы, некалькі ўзросшы конфірманд.

Маці цешыцца, што я апрануўся ў цывільнае: ад гэтага я ёй выдаюся больш блізкім. Аднак, майму бацьку было-б больш прыемна, калі-б я застаўся ў вайсковай форме. Яму жадалася, каб я так пайшоў да яго знаёмых. Але я адмаўляюся.

Добра дзе-небудзь спакойна сядзець, напрыклад, насупраць, у садзе рэсторанчыка, пад каштанамі, ля кегельбану. Лісьце падае на стол і на зямлю. Яго яшчэ ня шмат. Гэта толькі першае. Перад мной стаіць шклянка з півам: на вайсковай службе прызвычаішся піць. Шклянка напалову ’шчэ поўная, у мяне яшчэ ёсьць некалькі прахалодных глыткоў і, апрача таго, калі я пажадаю, — магу загадаць сабе яшчэ і другую шклянку, і трэцюю. Тут не прадбачыцца ні трывогі, ні гураганнага агню. Гаспадаравы дзеці гуляюць на кегельбане, а гаспадараў сабака паклаў мне галаву на каленкі. Неба блакітнае, паміж лісьця каштанаў узвышаецца зялёная званіца царквы св. Маргарыты.

Тут добра, і мне падабаецца ўсё гэта. Але з людзьмі я ня ўмею ладзіць. Адзіная, хто ні пра што ня пытаецца, гэта мая маці. Але ўжо з бацькам справа іншая. Яму хочацца, каб я расказаў пра тое, што робіцца на фронце, яго жаданьні здаюцца наіўнымі і неразумнымі, у мяне няма ўжо з ім агульнае мовы. Ён бесьперастанку хоча што-небудзь слухаць. Я разумею, — што ён ня ведае, што пра гэткія рэчы нельга расказваць, і мне таксама хочацца зрабіць яму прыемнае, але я баюся пераводзіць гэтыя факты на словы, я баюся, што яны вырастуць да вялізных памераў, і тады я ўжо ня здолею асіліць іх. Што было-б з намі, калі-б мы ўсьвядомілі ўсё, што адбываецца там, наперадзе?..

Такім чынам, я абмяжоўваюся толькі тым, што расказваю яму некалькі вясёлых гісторый. Але ён цікавціцца ці ўдзельнічаў я ў ручным баі. Я кажу, што не, і ўзьнімаюся, каб пайсьці. Аднак гэта не пасабляе. На вуліцы, дзе я некалькі разоў здрыгануўся, таму што рып трамваю нагадвае мне набліжэньне гранат, нехта спыняе мяне, ляснуўшы мяне ззаду па плячы. Гэта мой настаўнік нямецкае мовы, які накідваецца на мяне са звыклым пытаньнем:

— Ну, як там справы? Жудасна, жудасна, ці-ж няпраўда? Так, гэта цяжка, але мы павінны трымацца. У вас там, прынамсі, усяго хапае, як я чуў. Вы добры маеце выгляд. Паўль, вы паправіліся. Тут, вядома, горш і гэта цалкам зразумела: лепшае-ж мы заўсёды аддаем сваім салдатам!..

Ён цягне мяне да свайго стала. Мяне з пашанай прымаюць, нейкі дырэктар працягвае мне руку і гаворыць:

— Дык вы прыбылі з фронту? Ну, які там настрой? Добры, добры, праўда?..

Я тлумачу яму, што кожнаму хочацца дахаты.

Ён голасна рагоча:

— Я думаю! Але спачатку трэба прыціснуць француза! Вы курыце? Вось бярэце, калі ласка! Обэр, прынясеце нашаму маладому воіну піва!

Нажаль, я прыняў цыгару, таму мушу застацца. Усе гэтак зычлівыя да мяне, супроць гэтага нічога ня скажаш. Ня гледзячы на гэта, я адчуваю сябе раздражлівым і з асаблівай пасьпешнасьцю зацягваюся і пушчаю дым. Каб, прынамсі, не застацца бяз справы, я адным разам выпіваю шклянку піва. Мне зараз-жа даюць другую: гэтыя дюдзі ведаюць, што яны абавязаны салдату. Яны спрачаюцца, якія мы павінны правесьці анэксіі. Дырэктар з жалезнай цэпкай на гадзіньніку хоча забраць больш за ўсіх: усю Бэльгію, вугальныя раёны Францыі і вялікія кавалкі Расіі. Ён прыводзіць важкія довады, чаму мы павінны ўсё атрымаць, і застаецца непахісным да тэй пары, пакуль астатнія не згаджаюцца з ім. Пасьля ён пачынае паказваць, дзе трэба зрабіць прарыў у Францыі, і ўвесь час зварочваецца да мяне:

— Вы толькі пасуньцеся там крыху наперад з нашай адвечнай пазыцыйнай вайной. Выбівайце іх хутчэй, тады будзе мір.

Я адказываю, што на нашу думку прарыў немагчымы. У іх там занадта вялікія рэзэрвы. Акрамя таго, вайна — нешта іншае, чым тут мяркуюць.

Ён пераканаўча пярэчыць і даводзіць мне, што я нічога ў гэтым не разумею.

— Вядома, кожны чалавек у паасобку… — гаворыць ён, — але тут справа залежыць ад суцэльнага. Вы-ж аб гэтым ня можацё меркаваць. Вы бачыце толькі свой маленькі вучастак, і таму вы ня маеце кругавіду. Вы выконваеце свой абавязак, вы ахвяруеце сваё жыцьцё. Гэта годна вялізарнейшай пахвалы: кожны з вас заслугоўвае па жалезным крыжы, але перш за ўсё трэба прарваць варожы фронт у Фляндрыі, а пасьля зматаць яго зьверху.

Ён сапе і выцірае сваю бараду.

— Яго трэба тут зматаць, з гары да нізу, а пасьля на Парыж!

«Хацеў-бы я ведаць, як ён сабе гэта ўяўляе?» — думаю я і перакульваю трэцюю шклянку піва; ён зараз-жа заказвае прынесьці мне чарговую.

Але я ўстаю. Ён суне мне ў кішэню ’шчэ некалькі цыгар і адпушчае мяне з сяброўскім пашлёпваньнем па плячы:

— Усяго найлепшага! Спадзяюся хутка пачуць ад вас што-небудзь цікавага.

Я ўяўляю сабе водпуск інакшым. Год назад гэта і было інакшым. Вядома, я зьмяніўся за гэты час. Між цяперашнім і ранейшым ляжыць цэлая бездань. Тады я яшчэ ня ведаў вайны. Мы займалі больш спакойныя вучасткі. Цяпер я заўважваю, што, сам таго ня ведаючы, страшэнна змардаваўся. Адны пытаюцца, другія ня пытаюцца, і з выгляду іх бачна, што яны ганарацца гэтым; іншы раз яны нават гавораць з выглядам разуменьня таго, што пра гэта нельга пытацца. Яны мяркуюць, што яны нешта разумеюць.

Ахватней за ўсё я застаюся ў самоце. Тады мне ніхто не перашкаджае. Бо ўсе заўсёды спыняюцца на адным і тым-жа, што справы там кепскія, або што справы добрыя, адны глядзяць так, іншыя гэтак, але нарэшце яны пераходзяць да пытаньняў асобы таго існаваньня. Я раней жыў, мусіць, вось якраз гэтак сама, але цяпер гэта для мяне чужое.

Яны пра пару шмат расказваюць мне. У іх ёсьць клопаты, мэты, жаданьні, якіх я ня здольны ўспрыняць так, як яны. Часам я сяджу з кім-небудзь з іх у маленькім садочку ля гасьціньніцы і спрабую растлумачыць, што ўласна кажучы, ўсё месьціцца ў тым, каб вось гэтак спакойна сядзець. Яны гэта, вядома, разумеюць, згаджаюцца, знаходзяць гэта-ж, але толькі на словах, толькі на словах. Яны, праўда, гэта адчуваюць, аднак толькі на палову, другая-ж частка іх істоты зраслася з іншым, і гэтыя часткі да таго разьдзелены, што ніводзін з іх ня можа ўспрыняць гэтага ўсёй сваёй істотай. Дый я сам не магу добра выкласьці сваёй думкі.

Калі я бачу іх гэткімі ў пакоях, у канторах, на службе, — мяне нястрымна цягне да ўсяго гэтата, мне хочацца дайсьці да ўсяго і забыцца на вайну, але мяне адразу адштурхвае пустэча і вузкасьць іх існаваньня. Як можна гэтым запоўніць жыцьцё? Гэта трэба разбурыць. Хіба можа гэта існаваць у той час, калі там, над варонкамі гудуць зараз асколкі і высока ўзьнімаюцца асьвятляльныя ракеты, параненых адносяць назад на насілках, і таварышы схіляюцца ў акопах. Тут іншыя людзі, — людзі, якіх я ня ўмею правільна разумець, якім я зайздрошчу і якімі я грэбую. Я павінен думаць пра Ката, пра Альбэрта, пра Мюлера, пра Т’ядэна, пра тое, як маюцца яны там. Быць можа, яны сядзяць у палкавой крамцы, або плывуць па канале… Хутка яны ізноў будуць пасланы на перадавыя позыцыі.

У маім пакоі за сталом стаіць цынамонавая канапа. Я саджуся на яе.

Па сьценах вісяць прымацаваныя цьвічкамі карцінкі, якія я некалісьці выразаў з часопісаў. Паміж іх паштоўкі і малюнкі, якія мне некалісьці спадабаліся. У куце стаіць невялікая жалезная печка. На процілеглай сьцяне — паліцы з маімі кнігамі.

У гэтым пакоі я жыў да таго, як зрабіўся салдатам.

Кнігі я купляў паступова на тыя грошы, якія зарабляю сваімі рукамі. Сярод іх шмат антыкварных, — напрыклад, усе клясікі. Кожны том каштуе адну марку і дваццаць пфэнігаў у цьвёрдай сіняй аправе. Я іх купляў цалкам, бо ставіўся-жа да гэтага сур’ёзна, у «выбраных творах» я не даваў веры выдаўцам, — ці выбралі яны сапраўды самае лепшае. Таму я купляў «поўныя зборы». Чытаў іх з праўдзівай стараннасьцю, але большасьць з іх мала чаго казала мне. Я прыахвоціўся да іншых кніг, сучасных, якія, вядома, каштавалі куды даражэй. Некаторыя з іх я набыў ня зусім сумленным спосабам: я іх браў на чытаньне і не аддаваў, бо ня мог разьлічыцца з імі.

На аднэй паліцы поўна падручнікаў. Аб іх мала клапаціліся і яны дужа зачытаныя. Шмат старонак выдзерта, — зусім зразумела нашто. А ўнізе складзены сшыткі, папера і лісты, малюнкі і накіды.

Мне хочацца ўдумацца ў тагочасную пару. Яна яшчэ тут, у пакоі. Я адчуваю гэта зусім яскрава, сьцены захавалі яе. Мае рукі ляжаць на сьпінцы канапы. Цяпер я разьмяшчаюся з выгодамі, выпростваю ўгару ногі і прытульна сяджу ў куточку, у абдымках канапы. Маленькае акенца расчынена насьцеж. Скрозь яго бачны малюнак вуліцы з узвышанай пры канцы званіцай.

На стале стаіць некалькі вазонаў. Асадкі, алоўкі, чарапашыны ў якасьці прэс-пап’е, чарнільніца — тут нічога не зьмянілася.

Усё будзе таксама, калі мне пашчасьціць зьвярнуцца назаўсёды па сканчэньні вайны. Я таксама буду сядзець тут, глядзець на пакой і чакаць.

Я ўсхваляваны; але гэтага не павінна быць, бо гэта ня правільна. Я жадаю зноў спрабаваць гэта пачуцьцё ціхай імкнёнасьці. Гэта пачуцьцё магутнага, нявымоўнага парываньня, якое было ў мяне раней, калі я падыходзіў да сваіх кніг. Віхур жаданьняў, што ўзьнікаюць у стрыкатых вокладак кніг, зноў павінен ахапіць мяне, ён павінен разгладзіць цяжкую, зьмярцьвелую, валавяную камлыгу, якая ляжыць недзе ў мяне ў сярэдзіне, і зноў абудзіць нецярплівасьць перад будучым, акрыленую радасьць міру думкі; ён павінен зьвярнуць мне страчаную гатоўнасьць майго юнацтва.

Я сяджу і чакаю.

Мне ўспала на думку, што я павінен пайсьці да Кемэрыхавай маткі; Мітэльштэдта я таксама павінен наведаць; ён, напэўна, у казарме. Я гляджу ў акно. За асьвятленай сонцам вуліцай вымалёўваецца расплыўчасты і лёгкі ланцужок узгоркаў. Яна ператвараецца ў яркі восенскі дзень, і я сяджу ля агню і ем разам з Катам і Альбэртам печаную бульбу ў шалупінах.

Але пра гэта я ня хочу думаць. Я адганяю гэту думку. Пакой павінен загаварыць, ён павінен мяне прыняць, і я хочу адчуць, што я належу да яго, хочу слухаць, каб ведаць, калі я зноў накіруюся на фронт. Вайну змываюць хвалі радаснага звароту на радзіму, вайна далёка, яна не жарэ нас, яна ня мае над намі ніякай улады, акрамя аднэй — зьнешняй!

Кнігі стаяць адна ля аднае. Я яшчэ ведаю і памятаю ў якім парадку стаўляў іх. Я прашу іх вачыма:

— Размаўляйце са мной, прымеце мяне, прымі мяне, ты, маё мінулае, ты, бесклапотнае, прыгожае, прымі мяне зноў!

Я чакаю і чакаю.

Вобразы мільгаюць паўз мяне, яны не адбіваюцца глыбока ў памяці. Гэта толькі цень і ўспаміны.

— Нічога… нічога…

Маё непакойства ўзрастае.

Застрашальнае пачуцьцё адарванасьці раптоўна ўзьнімаецца ў мяне. Я не магу зноў знайсьці сябе, я адарваны ад жыцьця; як я ні прашу, як ні імкнуся да гэтага, нічога ня рушыцца. Бязуважна і тужліва я сяджу як засуджаны, а мінулае адварочваецца ад мяне. У той-жа час я праз пару баюся ўпрашаць яго, бо ня ведаю, што тады можа здарыцца. Я салдат і мушу з гэтым лічыцца.

Я млява ўстаю і гляджу ў акно. Потым я бяру адну з кніг і гартаю яе, каб пачытаць. Але я адкладаю яе і бяру другую. У ёй ёсьць падкрэсьленыя месцы. Я шукаю, гартаю, бяру новыя кнігі. Ужо перада мною ляжыць цэлая груда. Да яе далучаюцца новыя, і вось старонкі, сшыткі, лісты.

Моўчкі я стаю перад імі, як перад судом. Сконфужаны.

Словы, словы, словы — яны не даходзяць да мяне!

Паволі я стаўляю кнігі на іх месца.

Мінулае!

Я выходжу ціха з пакою.

Аднак я не паддаюся. Я, праўда, не заходжу больш у свой пакой, але я пацяшаю сябе тым, што некалькі дзён не вызначаюць яшчэ канчатку. У маёй уладзе потым будуць цэлыя гады. Тымчасам я іду да Мітэльштэдта ў казармы. Мы сядзімо ў яго пакоі; там такое паветра, якога я ня люблю, але якое для мяне звыклае.

У Мітэльштэдта навіна. Яна мяне адразу электрызуе. Ён апавядае, што Канторэк быў прызваны як ляндштурміст.

— Уяві сабе, — кажа ён і дастае пару добрых папярос, — прыходжу я сюды з лазарэту і ў першы-ж момант стыкаюся з ім. Ён прыцягвае да мяне сваю лапу і квакае: «А, Мітэльштэдт, як справы?» Я гляджу на яго ўпрост і адказваю: Ляндштурміст Канторэк, сяброўства сяброўствам, а служба, — службай! Гэта вы і самі павінны добра ведаць. Станьце па правілах, калі размаўляеце з начальствам! Трэба было-б табе бачыць яго твар! Сумесь салёнага гурка са смарчком. Нерашуча, але ён ўсё-ж імкнуўся яшчэ раз узяць сяброўскі тон. Тады я ахаладзіў аго болыш рэзка. Тут ён даў ходу свайму самаму моцнаму козыру і сказаў фамільярна: «Я магу пахадайнічаць, каб вы маглі здаць дыплёмны экзамен». Ён наважваецца мне напомніць, ты разумееш… Тады я ўзлаваўся, і я яму таксама напомніў: «Ляндштурміст Канторэк, два гады назад вы ўгаварвалі нас пайсьці да акруговага комэнданта, між іншым і Юзэфа Бэма, які, уласна кажучы, гэтага не хацеў. Ён лёг на полі бойкі за тры месяцы да тэрміну яго прызыву. Ня было-б вас — ён дачакаў-бы прызыву. А цяпер ідзеце! Мы ’шчэ пагутарым!» Мне ня цяжка было перавесьціся ў яго роту. Перш за ўсё я ўзяў яго а сабой у цэйхгаўз і паклапаціўся, каб яму далі прыгожую экіпіроўку. Ты яго зараз убачыш.

Мы накіроўваемся на дзядзінец. Рота пастроена. Мітэльштэдт камандуе «вольна» і праводзіць агляд.

Тут я заўважаю Канторэка і праз сілу стрымліваюся ад рогата. На ім нешта накшталт мундыру з выцьвілай сіняй тканіны. На сьпіне і рукавох — вялікія цьмяныя латы. Мундыр, напэўна, належыць якому-небудзь гіганту. За тое на ім кароткія пашмуляныя штаны: яны даходзяць толькі да сярэдзіны лытак. Башмакі зноў-жа вельмі вялікія, сьцьвярдзелыя, старыя стопкі з загнутымі ўгару насамі, якія шнуруюцца з бакоў. Фуражка-ж дужа маленькая, страшэнна брудная, проста жабрацкая кепка. Агульнае ўражаньне самае сумнае.

Мітэльштэдт стаіць перад ім.

— Ляндштурміст Канторэк, хіба так чысьцяць гузікі? Вы, здаецца, ніколі не навучыцеся. Нездавальняюча. Канторэк, нездавальняюча!

Унутры я рагачу ад задавальненьня. Акурат такім-жа чынам Канторэк папікаў Мітэльштэдта ў школе, гаворачы дакладна такім-жа тонам:

— Нездавальняюча, Мітэльштэдт, нездавальняюча!

Мітэльштэдт папікае далей:

— Зірнеце вось на Бэхтэра. Вось узор, ад якога вы можаце навучыцца!

Я ледзь даю веры вачом. І Бэхтэр тут, Бэхтэр, наш школьны швайцар, і ён служыць узорам. Канторэк кідае на мяне вокам, мэрам, хоча мяне праглынуць. Я-ж толькі халоднакроўна ўхмыляюся ў кепцы твар, нібы я яго зусім і ня ведаю. Які дурны ў яго выгляд ў вёсцы і ў гэтай форме. І перад гэтым вось мы адчувалі паганскі страх, калі ён усьсядаў на катэдры і алоўкам адзначаў каго-небудзь з нас, патрабуючы цьвёрдых ведаў францускіх дзеясловаў, якія ў Францыі нам ўсё-ж ні да чаго ня прыдаліся. Не прайшло яшчэ і двух гадоў — і вось перад намі стаіць ляндштурміст Канторэк, адразу пазбаўлены сваіх чараў, з сагнутымі каленкамі і рукамі, як дужкі ад гаршчка, з кепска начышчанымі гузікамі і ў сьмяхотным убёры, — зусім невыбражальны салдат. Я ніяк не магу аднавіць у сваёй памяці пагрозьлівай постаці на катэдры, і мне-б вельмі жадалася ведаць, што я пачаў-бы рабіць, калі-б гэты мізэрны чалавек калі-небудзь асьмеліўся сказаць мне, старому салдату:

— Боймэр, скажэце мінулы час, няскочнае трываньне ад дзеяслова aller[5]!

Між тым Мітэльштэдт пачые групавае навучаньне, Канторэка пры яго гэтым ён міласьліва прызначае яго камандзірам аддзяленьня.

На гэта ёсьць асобныя прычыны.

У часе страявых заняткаў камандзір аддзяленьня павінен заўсёды знаходзіцца на дваццаці кроках наперадзі свайго аддзяленьня. Калі даецца каманда: «Кругом марш», дык шарэнга павінна зрабіць толькі поўны паварот, у той час як аддзяленны камандзір, які дзеля гэтага раптам застаецца на дваццаць крокаў пазадзі шарэнгі, павінен бокам праштурхоўвацца наперад, каб зноў стаць за дваццаць крокаў паперадзе свайго аддзяленьня. Нарэшце выходзіць сорак крокаў марш-маршам. Ледзьве ён пасьпее заняць сваё месца, як зноў чуецца каманда: «Кругом марш» — і яму зноў даводзіцца стрымгалоў прабегчы сорак крокаў. Такім чынам аддзяленьне спакойна робіць толькі паварот і прасоўваецца на некалькі крокаў, а аддзялённы камандзір бегае ўзад і наперад, як кольца на прутку фіранкі. Усё гэта робіцца па адным з вытрабаваных рэцэптаў Гімэльштоса.

Канторэк ня можа чакаць ад Мітэльштэдта нічога іншага, бо аднойчы пакінуў яго на другі год, і Мітэльштэдт быў-бы дурным, каб не скарыстаўся выпадкам, пакуль яго зноў не накіравалі на фронт. Магчыма, сапраўды лягчэй паміраць, калі вайсковая служба дала гэтую прыемную магчымасьць.

Тымчасам Канторэк кідаецца, як загнаны вяпрук.

Праз некаторы час Мітэльштэдт дае яму перадахнуць, а потым пачынае гэтулькі важнае практыкаваньне, як поўзаньне. На каленках і локцях, трымаючы бразгатку, паводле ўсіх правілаў, валочыць Канторэк паўз нас дзівосную фігуру. Ён моцна сапе, і яго сапэньне гучыць для нас як музыка.

Мітэльштэдт падбадзёрвае і пацяшае ляндштурміста Канторэка цытатамі настаўніка Канторэка:

— Ляндштурміст Канторэк, мы маем шчасьце жыць у вялікі час, таму мы павінны ўсе зьлітавацца ў адно цэлае і навучыцца перамагаць усю цяжкасьць гора.

Канторэк затым выплёўвае брудны кавалачак дрэва, што трапіў яму ў рот і маўчыць.

Мітэльштэдт пахіляецца і гаворыць пранікліва:

— І пасярод дробязяй ніколі не забывацца на вялікія падзеі, ляндштурміст Канторэк!

Дзіўна, як Канторэк ня трэсьне ад злосьці, асабліва цяпер, калі пачынаюцца гімнастычныя практыкаваньні, у часе якіх Мітэльштэдт надзвычай удала копіруе яго. Прытрымліваючы яго за заднюю частку штаноў, каб прымусіць пры практыкаваньні на папярэчных брусох трымаць падбародак проста над перакладзінай, ён сыпле пры гэтым мудрыя выслоўі. Акурат таксама рабіў з ім Канторэк.

Потым прыводзіцца разьмеркаваньне нарадаў:

— Канторэк і Бэхтэр, па хлеб! Вазьмеце з сабой тачку.

Праз некалькі хвілін абодва выпраўляюцца з тачкай. Абураны Канторэк трымае галаву пахіленай далоў. Швайцар ганарыцца, што атрымаў лёгкі нарад.

Хлебапякарня знаходзіцца на другім канцы гораду. Такім чынам яны абодва павінны прайсьці праз увесь горад з канца ў канец.

— Яны ўжо некалькі дзён робяць гэта, — сьмяецца Мітэльштэдт. — Знайшліся аматары, якія спэцыяльна чакаюць, каб на іх паглядзець.

— Цудоўна! — кажу я. — Але няўжо ён ня скардзіўся?

— Спрабаваў. Наш камандзір вельмі сьмяяўся, калі пачуў пра гэтую гісторыю. Акрамя таго, я заліцаюся да яго дачкі.

— Ён не дапусьціць цябе да экзамену.

— На гэта мне напляваць! — адказвае Мітэльштэдт з халодным сэрцам. — А яго скарга ня мела вынікаў, бо я давёў, што ён атрымлівае найбольш лёгкія нарады.

— А хіба ты ня мог яго пасур’ёзьней узяць у работу? — пытаюся я.

— Ну, на гэта я лічу яго вельмі дурным, — адказвае Мітэльштэдт ганарыста і велічна.

Што такое водпуск? Стан страчанай роўнавагі, пасьля якой наступнае робіцца яшчэ больш цяжкім. Ужо цяпер дамешваецца гора растаньня. Мая маці моўчкі глядзіць на мяне; яна лічыць дні, я ведаю; з кожным днём яна больш смутная. Зноў на адзін дзень менш! Яна схавала мой ранец, яна ня хоча, каб ён быў ёй напамінкам.

Гадзіны пралятаюць шпарка, калі пачынаеш разважаць. Я бяру сябе ў рукі і іду праводзіць маю сястру. Яна выпраўляецца на рэзьню, каб дастаць некалькі фунтаў костак. Гэта вялікае шчасьце, і ўжо з раньня становіцца доўгая чарга людзей. Шмат хто млее.

Але нам не пашанцавала. Пасьля таго, як мы прачакалі, зьмяняючы адзін аднаго, тры гадзіны, чарга разыходзіцца. Косткі ўсе разданы.

Добра, што я атрымліваю харчаваньне. Я прыношу яго матцы, і ў нас ёсьць сякі-такі харч для ўсіх.

Усё цяжэй рабяцца дні, усё пужлівей вочы маёй маткі. Яшчэ чатыры дні. Я павінен ісьці да Кемэрыхавай маткі.

Нельга апісаць гэтага. Трапятлівая жанчына, якая ўсхліпвае, тармошыць мяне і крычыць:

— Навошта ты жывеш, навошта-ж ты жывеш, калі ён забіты? — Яна аблівае мяне сьлязьмі і галосіць:

— Навошта наогул вы там, — гэткія дзеці, як вы, — навошта? — Яна апушчаецца на крэсла і плача. — Бачыў ты яго, ці бачыў ты яго, як ён памёр?

Я кажу ёй, што куля трапіла яму ў сэрца і ён памёр адразу. Яна глядзіць на мяне і сумняваецца:

— Ты хлусіш. Я ведаю лепш за цябе. Я адчувала, як цяжка яму было паміраць. Я чула яго голас, я адчувала яго страх па начох. Скажы праўду, я хачу ведаць, я павінна ведаць!

— Не, — кажу я, — я быў побач з ім. Ён быў забіты адразу.

Яна просіць мяне ціха:

— Скажы мне. Ты павінен сказаць! Я ведаю, ты хочаш мяне гэтым супакоіць, але хіба ты ня бачыш, што ты мяне яшчэ больш мучыш, чымся калі-б ты сказаў праўду? Я не магу цярпець гэтага няведаньня! Скажы мне, як гэта здарылася, хоць як-бы жудасна гэта ня было! Гэта ўсё-ж будзе лешш, чым тое, што я ўяўляю сабе.

Я ёй ніколі гэтага не скажу, хоць-бы яна пасекла мяне на кавалкі. Я спачуваю ёй, але яна таксама здаецца мне некалькі дурнаватай. Павінна-ж яна задаволіцца гэтым! Кемэрых усёроўна застанецца мерцьвяком, — будзе яна ведаць праўду, ці не. Пасьля таго, як бачыш столькі забітых, цяжка зразумець гэткае гора па адным. І я кажу некалькі нецярпліва:

— Ён быў адразу забіты. Ён нават не пачуў гэтага. Яго твар быў зусім спакойны.

Яна маўчыць. Потым павольна пытаецца:

— Ты можаш прысягнуць на гэта?

— Так!

— На ўсё, што ў цябе ёсьць сьвятога?

Ах, божа, што ў мяне яшчэ засталося сьвятога? Гэта-ж так зьменна ў наш час!

— Так, ён памёр адразу.

— Ты сам ня зьвернешся, калі гэта няпраўда.

— Я не зьвярнуся, калі ён памёр не адразу.

Я гатоў узяць на сябе ’шчэ бог ведае што. Але яна, здаецца, верыць мне. Яна стогне і доўга плача. Я павінен ёй расказаць як гэта было, і выдумляю гісторыю, ў якую я сам амаль што веру.

Калі я адыходжу, яна цалуе мяне і дарыць мне яго портрэт. На ім ён, у сваёй форме новабранца, абапёрся на круглы стол, ножкі яго зроблены з бярозавых галін. Пазадзі на палатне намаляваны лес. На стале стаіць куфэль з півам.

Апошні вечар дома. Усе маўклівыя. Я рана кладуся спаць і абдымаю падушку, прыціскаю яе да сябе і ўтуляю ў яе галоў. Хто ведае, ці давядзецца мне яшчэ калі ляжаць на пухавіку!

Мая маці яшчэ раз позна прыходзіць у мой пакой. Яна думае, што я сплю і я ўдаю што гэта так. Размаўляць, ня спаць абодвум вельмі цяжка.

Яна сядзіць амаль да раньня, хоць у яе болі, і яна часта курчыцца. Нарэшце я не магу больш вытрымаць і нібы абуджаюся.

— Ідзі спаць, мама! Ты застудзішся тут.

Яна гаворыць:

— Паспаць я пасьпею пазьней.

Я прыпаднімаюся.

— Я-ж ня зараз яшчэ выпраўляюся на фронт, маці! Я павінен сьпярша прабыць чатыры тыдні ў барачным лягеры. Адтуль я яшчэ, магчыма, прыеду як-небудзь у нядзелю.

Яна маўчыць. Пасьля ціха пытаецца:

— Ты вельмі баішся?

— Не, маці!

— Я хацела табе ’шчэ сказаць: сьцеражыся жанчын у Францыі. Яны там благія.

Мама, мама! Для цябе я ўсё яшчэ дзіцёнак! Чаму я не магу пакласьці галаву табе на каленкі і плакаць? Чаму я павінен заўсёды быць больш моцным і заўсёды валадаць сабой? І мне жадалася-б хоць аднаго разу паплакаць, каб мяне ўцяшалі. Я-ж у сапраўднасьці не на шмат больш чым дзіцёнак: у шафе вісяць яшчэ мае кароткія дзіцячыя штаны. Прайшло так ня шмат часу! Чаму ён мінуў?

Я кажу, як мага спакойней:

— Там, дзе мы разьмясьціліся няма жанчын, маці!

— Ты сьцеражыся там у акопах, Паўль!

Мама, мама! Чаму я не магу ўзяць цябе ў свае абдымкі і памерці разам з табой? Якія мы гаротнікі!

— Так, маці, я буду сьцерагчыся.

— Я буду штодня за цябе маліцца, Паўль!

Мама, мама! Давай устанем і пойдзем назад, скрозь гады, назад да таго часу, пакуль усё гэта гора не перастане ціснуць, — назад, калі мы былі з табой, былі сам на сам, мама!

— Можа ты патрапіш атрымаць пасаду, на якіх ня будзе такіх няпрыемнасьцяй?

— Так, маці, магчыма я прыладжуся на кухні. Гэта цалкам магчыма.

— Зрабі гэта! Хай другія гавораць што хочуць…

— Я на гэта не зварочваю ўвагі, маці!

Яна ўздыхае. Яе твар вырысоўваецца белай плямай сярод цемрадзі.

— Цяпер ты павінна ісьці спаць, мама!

Яна не адказвае. Я ўстаю і накрываю ëй плечы сваёй коўдрай. Яна абапіраецца на маю руку: у яе болі. Я адводжу яе. Некаторы час я застаюся ў яе.

— Ты павінна паздаравець, маці, да майго звароту.

— Так, так, маё дзіцятка!

— Вы не прысылайце мне нічога, маці! У нас там хапае ежы. Тут усё гэта больш прыдасца.

Якой няшчаснай ляжыць яна на сваёй пасьцелі, яна, якая любіць мяне больш за ўсё на сьвеце!

Калі я ўжо хачу пайсьці, яна гаворыць мне сьпехам:

— Я табе яшчэ прызапасіла дзьве пары сподняў. Яны з добрай шэрсьці. Яны будуць грэць. Не забудзься запакаваць іх.

Ах, мама, я ведаю, чаго варты былі гэтыя дзьве пары сподняў, якіх клопатаў, беганіны і просьб! Ах, мама, мама, як вытлумачыць тое, што я павінен паехаць ад цябе? Хто яшчэ можа загадваць мне, акрамя цябе? Я сяджу яшчэ тут, ля цябе. Нам трэба яшчэ так многа сказаць адзін аднаму, але мы ніколі гэта зрабіць ня здолеем!

— Спакойнай ночы, маці!

— Спакойнай ночы, дзіцё маë!

У пакоі цёмна і ціха. Я чую матчына дыханьне і тыхканьне гадзіньніка. За акном гуляе вецер. Шумяць каштанавыя дрэвы.

У прысенку я натыркаюся на свой ранец, ужо прыгатаваны, бо я заўтра павінен выехаць вельмі рана.

Я ўпіваюся зубамі ў падушку, сударгава сьціскаю рукамі жалезныя прэнты майго ложка. Мне ня трэ’ было сюды ехаць. Там я быў бязуважным і часта адчуваў безнадзейнасьць; цяпер гэтага ўжо ніколі ня будзе. Я быў салдатам, а цяпер усё ў мяне ў сярэдзіне — суцэльны боль, — боль аб сабе, аб маёй матцы, аб усім, што ня мае канца.

Мне ня варт’ было ехаць у водпуск.


VIII

Я яшчэ памятаю гэтыя баракі ў лясным лягеры. Тут Гэмільштос выхоўваў Т’ядэна. Зараз я тут амаль што нікога ня ведаю; як заўсёды, усё зьмянілася. Толькі некаторых я бачыў раней мімаходзь.

Службу я выконваю механічна. Увечары я заўсёды бываю ў салдацкім клюбе, там ляжаць газэты, якіх я, адылі, ня чытаю, але там ёсьць рояль, на якім я ахвотна іграю. Прыслугоўваюць дзьве дзяўчыны, адна з іх маладая.

Лягер акружаны высокай драцяной агарожай. Калі мы позна зварочваемся з салдацкага клюбу, мы павінны мець з сабой пропуск. Хто ў добрых адносінах з вартай, — праходзіць, вядома, і без яго.

Паміж кустоў пад’ялынцу і бярозавым лесам мы штодня праводзім ротныя заняткі на палянцы. Гэта жыцьцё зноснае, калі не патрабаваць большага. Бяжыш наперад, кідаешся вобземлю, і ад твайго дыханьня калышуцца былінкі і кветкі на палянцы. Сьветлы пясок, калі разглядаеш яго зблізу на зямлі, чысты, як у лябораторыі, складаецца з безьлічу драбнюткіх асколкаў краменю. Міжвольна хочацца апусьціць у яго руку.

Але прыгажэй над усім лясы з сваімі бярозавымі ўскрайкамі. Яны кожны момант зьмяняюць афарбоўку. Вось ствалы, бліскаюць чысьцюткай белатой, і паміж іх шоўкавіста і лёгка гойдаецца маляўнічая зеляніна лісьця; у наступны момант усё гэта набывае водцень апалавай блакітнасьці, якая срабрыста цягнецца ад ускрайку і адціскае зелень, але ў момант яна гусьцее амаль да чарнаты, калі паўз сонца праходзіць воблака. І гэты цень бяжыць, як здань паміж аблеклых цяпер ствалоў, аддаецца пасьля па лузе да горызонту, тымчасам як бярозы ўжо стаяць нібы сьвяточныя сьцягі з белымі дрэўкамі пад чырвона-залатымі палотнішчамі, раптам пачынаючага палымнець лісьця.

Я часта захапляюся гэтай ігрой кволага сьвятла і празрыстых ценяў, настолькі, што амаль прапушчаю паўз вушы словы каманды; калі знаходзішся ў самоце, — пачынаеш назіраць прыроду і любіць яе. А ў мяне тут ня шмат знаёмых, і я ня маю асаблівай патрэбы да іх. Мы дужа мала ведаем адзін аднаго, каб рабіць што большае, чымся гандзюрыць па вечарох, гуляць у «сямнаццаць і чатыры», або звадзіць плёткі.

Ля нашых баракаў разьмешчаны вялікі лягер рускіх. Ён, праўда, аддзелены ад нас драцянай агарожай, але, ня гледзячы на гэта, палонным удаецца прабірацца да нас. Яны здаюцца дужа ня сьмелымі і боязкімі, большасьць барадатых і высокага росту; яны выгадваюць зацкаваных, пакорлівых санбэрнараў.

Яны цікуюць вакол нашых баракаў і рыюцца ў баках для адкідаў. Можна сабе ўявіць, што яны там знаходзяць! Харчаваньне ў нас благое і дрэннае. Нам даюць буракоў, парэзаных на шэсьць частак і згатаваных у вадзе, поліўку з морквы, якая да таго яшчэ і брудная; гнілаватая бульба лічыцца вялікімі прысмакамі; а самай лепшай стравай — рэдкая рысавая крупеня, у якой павінна плаваць дробна парэзанае валовае сухажыльле. Але яно парэзана да таго дробна, што знайсьці яго ніяк не ўдаецца. Ня гледзячы на гэта, мы ўсё, вядома, зьядаем. Калі зрэдку трапляе багатыр, які ня мае патрэбы на паёк, дык знаходзіцца дзесяцера іншых, якія з ахвотай возьмуць яго порцыю. Толькі недаедкі, якіх нельга забраць на лыжку, выліваюцца ў бакі для адкідаў. Туды-ж трапляе зрэдку і шалушіна з буракоў, цьвілыя скарынкі хлеба і розны бруд.

Гэтыя рэдкія, мутныя, брудныя памыі і прыцягваюць палонных. Яны сквапна выбіраюць іх з сьмярдзючых бакаў і нясуць, хаваючы пад свае кашулі.

Дзіўна бачыць зблізу нашых ворагаў. У іх твары, якія прымушаюць разважаць. Добрыя, сялянскія твары, шырокія ілбы, густыя, як поўсьць, валасы. Добра-б было скарыстаць іх на ворыве, касавіцы, зборы яблыкаў! Яны выглядаюць яшчэ больш добрадушнымі, чымся нашы фрызьлядзкія сяляне.

Сумна глядзець на іх рухі, на тое, як яны выкленчваюць чаго-небудзь паесьці. Яны ўсе вельмі паслаблі, бо ім даюць есьці акурат столькі, каб не памерці з голаду. Мы самі ўжо не атрымліваем дастаткова, каб насыціцца. Яны хварэюць на крываўку. З баязьлівым позіркам яны паказваюць крадком крывавыя кашулі. Іх сьпіны, шыі схілены, калені падгінаюцца, вочы глядзяць скоса, зьнізу ўгару, калі яны працягваюць руку і нешматлікімі словамі, якія яны вывучылі, просяць, — просяць гэтым кволым, ціхім басам, які нагадвае цёплую печку і пакой на радзіме.

Ёсьць людзі, якія адштурхваюць іх нагой, і яны падаюць, але такіх ня шмат, большасьць, нечапае і праходзіць паўз іх. Хай-бы толькі яны не глядзелі так на чалавека. Колькі пакуты ў гэтых двох маленькіх шчылінах, якія можна прыкрыць пальцамі, — у гэтых вачох.

Увечары яны прыходзяць у баракі і «гандлююць». Усё, што яны маюць, яны мяняюць на хлеб. Іншы раз ім шанцуе, бо ў іх добрыя боты, а ў нашых кепскія. Скура на іх высокіх ботах надзвычай мяккая, як юхта. Нашы сялянскія сынкі, якія атрымліваюць з дому прыпасы, могуць дазволіць сабе набыць гэтыя боты. Кошт іх за пару — ад двох да трох салдацкіх баханак хлеба, або адна баханка і невялікая цьвёрдая конская каўбаса.

Але амаль што ўсе рускія ўжо даўно аддалі тыя рэчы, што прынесьлі з сабой. Яны носяць мізэрныя лахманы і імкнуцца памяняць дробныя рэчы, якія яны зробяць з асколкаў знарадаў і адломкаў шрапнэльных кольцаў. Гэтыя рэчы, вядома, даюць ім дужа мала даходу, хоць на іх выраб і патрачана шмат працы. Іх аддаюць за два кавалкі хлеба. Нашы сяляне, калі сьпіраюцца за цану, скупыя і хітрыя. Яны трымаюць перад носам палоннага кавалак салдацкага хлеба і каўбасы да таго часу, пакуль той не зьбялее ад прагнасьці і не закоціць вочы. Тады яму робіцца ўсё роўным. Яны забіраюць сваю здабычу з усёй цырамоннасьцю, на якую яны толькі здатны, яны дастаюць свой таўсты сьцізорык, памалу і з аглядкай адразаюць сабе кавалак хлеба і кавалак цьвёрдай добрай каўбасы і насычаюцца, узнагароджваючы сябе за ўсё.

Я часта стаю на варце ля рускіх. У цемрадзі бачна, як соўгаюцца іх постаці, яны нагадваюць хворых буслаў, вялікіх птушак. Яны падыходзяць усутыч да кратаў і прыціскаюцца да іх тварамі, уціскаючы пальцы ў дрот. Часта яны стаяць па некалькі чалавек урад. Яны ўдыхаюць вецер, які павявае з палёў і лясоў.

Яны рэдка размаўляюць, перакідаючыся толькі двума-трыма словамі. Яны адносяцца адзін да аднаго па-брацку, чымся мы.

Але магчыма гэта для таго, што яны адчуваюць сябе больш няшчаснымі, чымся мы. А тымчасам для іх вайна ўжо скончылася. Але сядзець і чакаць крываўкі, — гэта таксама ня жыцьцё.

Ландштурмісты, якія іх ахоўваюць, расказваюць, што спачатку яны былі больш ажыўлёнымі. Сьпярша, як гэта заўсёды бывае, у іх былі ненатуральныя адносіны адзін да аднаго, і часта пры гэтым адбываліся кулачныя расправы і разаніна. Цяпер яны зусім атупелі і зрабіліся бязуважнымі. Большасьць нават пакінула онаніраваць: да таго яны паслаблі. А было, што яны гэтым займаліся цэлым баракам.

Яны стаяць ля кратаў. Калі адзін адыходзіць, яго месца адразу займае другі. Большасьць з іх маўчыць, толькі некаторыя выпрашваюць хоць-бы мундштукі ад скуранай папяросы.

Я бачу іх цьмяныя постаці. Іх бароды разьвяваюцца па ветры. Я нічога ня ведаю пра іх, акрамя таго, што яны палонныя, і іменна гэта мяне патрасае. Іх жыцьцё нязноснае. І ў ім ня было віны: калі-б я ведаў больш пра іх, як іх зваць, як яны жывуць, чаго яны чакаюць, што іх гняце, тады маё ўзрушаньне мела-б мэту і магло-б выліцца ў спачуваньне. Цяпер-жа я ў іх адчуваю толькі боль жывой істоты; страшэнную маркотнасьць жыцьця і бязжаласьлівасьць людзей.

Загад зрабіў з гэтых спакойлівых фігур нашых ворагаў, другі загад мог-бы ператварыць іх на нашых сяброў. На нейкім стале падпісалі дакумант людзі, якіх ніхто з нас ня ведае, і на шмат год нашай мэтай зрабілася тое, што раней заслугоўвала зьнявагі сьвету і вышэйшай кары. Як можна адчуваць варожасьць гледзячы на гэтых людзей з дзіцячымі тварамі і апостальскімі бародамі? Кожны унтэр-офіцэр для новабранца і кожны настаўнік для вучняў больш злы вораг, чымся яны. І ўсё-ж мы-б зноў стралялі па іх і яны па нас, калі-б яны апынуліся на свабодзе.

Я палохаюся: мне пра гэта нельга разважаць, гэты шлях вядзе ў прорву. На гэта яшчэ ня прысьпеў час, але я не хачу выпусьціць гэтай думкі, я хачу яе захаваць, замкнуць яе да таго часу, пакуль ня скончыцца вайна. Сэрца маё б’ецца хутчэй: ці ня ў гэтым мэта, тое вялікае, тое адзінае, пра што я разважаў у акопах, чаго я шукаў, як апраўданьня быцьця пасьля гэтай катастрофы ўсяго чалавецтва, ці не задача гэта для будучага жыцьця, вартага гэтых гадоў жаху?

Я вымаю свае папяросы, разломваю кожную на дзьве часткі і аддаю іх рускім. Яны кланяюцца і запальваюць іх. Цяпер на некаторых тварах мігцяць чырвоныя кропкі. Яны пацяшаюць мяне; гэта нібы маленькія акенцы ў цёмных вясковых хатах, якія даюць зразумець, што пазадзі — пакоі, поўныя ўтульнасьці.

Дні мінаюць. Адным туманным раньнем зноў хаваюць рускага: цяпер памірае амаль штодня некалькі чалавек рускіх. Я акурат стаю на варце ў момант яго пахаваньня. Палонныя сьпяваюць. Яны сьпяваюць хорам, і гэта гучыць так, нібы гэта не галасы, а арганы, якія знаходзяцца далёка ў пустцы.

Пахаваньне адбываецца хутка.

Увечары яны зноў стаяць ля краткаў і вецер даносіць да іх пах бярозавага гаю.

Зоры сьвецяць холадна.

Цяпер я ведаю некаторых з іх, якія добра размаўляюць панямецку. Сярод іх ёсьць адзін музыкант. Ён расказвае, што быў скрыпачом у Бэрліне. Калі ён даведаўся, што я крыху граю на роялі, ён дастае сваю скрыпку і грае. Другія паселі, абапіраючыся сьпіной на краткі. Ён стаіць і грае. Хвілінамі ў яго аніякавы выраз твару, які бывае ў скрыпачоў, калі яны заплюшчваюць вочы. Пасьля ён кратае свой інструмант у такт ігры і ўсьміхаецца мне.

Ён грае, напэўна, народныя песьні, бо астатнія ледзь выразна падпяваюць яму. Яны зараз падобны да цьмяных узгоркаў, якія гучаць глыбокім падземным гудам. Голас скрыпкі стаіць над намі, як стройная дзяўчына, ён ясны і самотны. Галасы змаўкаюць, а скрыпка застаецца. Яе гук здаецца тонкім у ночнай цемрадзі, нібы яна замярзае. Трэба стаяць вельмі блізка, у пакоі гэта было-б лепш; тут, на паветры, робіцца журбліва, калі яна гэтак самотна блукае…

Я не атрымліваю ў нядзелю водпуску, бо я толькі нядаўна быў у працяглым водпуску. Таму ў апошнюю нядзелю перад маім ад’ездам мяне наведваюць бацька і старэйшая сястра. Мы увесь дзень сядзімо ў салдацкім клюбе. Куды яшчэ-б маглі мы пайсьці? У баракі няма ахвоты. А поўдні мы шпацыруем па лесе.

Час цягнецца балюча марудна; мы ня ведаем пра што гаварыць, таму мы гутарым пра матчыну хваробу. Цяпер ужо ясна, што гэта рак. Яна ляжыць у больніцы і павінна хутка опэравацца. Дактары спадзяюцца, што яна ачуняе, але мы ніколі ня чулі ’шчэ, каб рак вылечвалі.

— Дзе-ж яна ляжыць? — пытаюся я.

— У больніцы св. Луізы, — гаворыць бацька.

— У якім разрадзе?

— У трэцім. Нам спачатку паведамяць колькі будзе каштаваць опэрацыя. Яна сама пажадала легчы на трэці: яна гаворыць, што там ёй будзе з кім гутарыць. Акрамя таго, гэта каштуе менш.

— Так яна ляжыць там у агульнай палаце? Толькі-б яна магла ўначы спаць!

Бацька ківае галавой. Твар яго змучаны і ўвесь у зморшчках. Мая маці шмат хварэла. Праўда ў больніцу яна клалася толькі тады, калі ад яе гэтага вымагалі. Але ўсё-ж ткі гэта нам шмат каштавала, жыцьцë майго бацькі, уласна кажучы, усё пайшло іменна на гэта.

— Калі-б толькі ведаць, колькі будзе каштаваць опэрацыя! — гаворыць ён.

— А вы хіба не даведаліся?

— Проста — не. Гэта-ж не выпадае. А мо’ доктар пакрыўдзіцца: ён-жа будзе опэраваць маці…

«Так, — думаю я з горкасьцю. — Гэткія мы, гэткія ўсе бедныя людзі. Яны не асьмельваюцца запытацца пра цану і за лепшае бяруць мучыцца ў клопатах, але іншыя, для якіх гэта зусім ня так значна, знаходзяць цалкам натуральным дагаворвацца аб цане загадзя. На іх доктар не пакрыўдзіцца».

— Перавязкі пасьля таксама будуць каштаваць дужа дорага, — гаворыць бацька.

— Хіба бальнічная каса ня плоціць за гэта? — пытаюся я. — Маці ўжо там даўно хварэе… У вас ёсьць грошы?

Ён адмоўна матае галавой.

— Не, але цяпер я магу зноў працаваць звыштэрмінова.

Я ведаю: ён будзе да поўначы стаяць ля свайго стала і фальцаваць, клеіць і выкройваць. А восьмай гадзіне ён паесьць чаго-небудзь з таго благога харчу, які яны атрымліваюць па картках. Пасьля гэтага ён прыме парашку ад болю галавы і зноў будзе працаваць.

Каб яго крыху забавіць, я расказваю яму некалькі гісторый, якія мне ўспалі на розум, салдацкія анекдоты пра генэралаў, фэльдфэбэляў, што так ці інакш траплялі ў няёмкае становішча.

Потым я праводжу абодвух на чыгуначную станцыю. На разьвітаньне яны даюць мне шклянку з варэньнем і скрутак з бульбянымі аладкамі, якія яшчэ маці смажыла для мяне.

Пасьля яны ад’яжджаюць і я зварочваюся назад.

Увечары я намазваю варэньнем аладкі і ем. Яны здаюцца мне ня смачнымі. Тады я выходжу, каб аддаць аладкі рускім. Пасьля мне ўспала на розум, што мая маці сама смажыла іх і што ў яе, можа быць, былі болі, калі яна стаяла ля гарачай пліты. Я кладу скрутак назад у ранец і бяру толькі дзьве штукі для рускіх.


IX

Мы едзем некалькі дзён. Зьяўляюцца першыя аэропляны. Мы праяжджаем паўз транспортныя цягнікі. Гарматы, гарматы!.. Мы перасаджваемся на палявую чыгунку. Я шукаю свой полк.

Ніхто добра ня ведае, дзе ён разьмешчаны. Начую, дзе прыпадзе, здабываю раніцою харчу і атрымліваю вельмі блытаныя паказаньні. Пасьля я зноў выпраўляюся ў дарогу з ранцам і вінтоўкай.

Калі я прыходжу, нікога з нашых ужо няма ў разбураным мястэчку. Я даведваюся, што мы ўвайшлі ў склад лятучай дывізіі, якую перакідваюць туды, дзе становішча няўстойлівае. Гэта ня цешыць мяне.

Мне расказваюць пра буйныя страты, якія мы панесьлі. Я спрабую даведацца пра Ката і Альбэрта. Пра іх ніхто нічога ня ведае.

Я чакаю далей і блукаю наўкола. Гэта дзівоснае адчуваньне. Яшчэ адну ноч, яшчэ другую я вандрую як індэец. Пасьля я здабываю пэўныя весткі і а поўдні зьяўляюся ў палкавую канцылярыю.

Фэльдфэбель затрымлівае мяне тут. Рота зьвернецца праз два дні. І няма сэнсу пасылаць мяне да яе.

— Як правялі водпуск? — пытаецца ён. — Добра, га?

— Ды як сказаць, — кажу я.

— Так, так, — уздыхае ён.

— Калі-б ня трэба было зьвяртацца назад… Другая палова з-за гэтага заўсёды сапсутая.

Я бадзяюся па аколіцы да тае пары, пакуль на другі дзень не зварочваецца рота, шэрая, брудная, змораная і хмурная.

Я ўсхопліваюся і праціскаюся паміж іх. Мае вочы шукаюць: вось Т’ядэн, вось сапе Мюлер, а вось і Кат з Кропам! Мы расьцілаем побач свае саламяныя матрацы. Я адчуваю на сабе нейкую вінаватасьць, калі я гляджу на іх, хоць і бяз жадных да таго падстаў. Перад гэтым, як легчы спаць, я дастаю астачу бульбяных аладак і варэньня, каб пачаставаць іх.

Абедзьве верхнія аладкі крыху забросьнелі, але іх яшчэ можна есьці. Я бяру іх сабе і даю больш сьвежыя Кату і Кропу.

Кат жуе і пытаецца:

— Яны, напэўна, ад маткі?

Я сьцьвярджальна ківаю галавой.

— Добра, — гаворыць ён. — Гэта можна даведацца па смаку.

Я амаль гатовы плакаць. Я не пазнаю сябе. Але ўсё зноў будзе добра тут, з Катам і Альбэртам і іншымі. Тут маё праўдзівае месца.

— Табе пашанцавала, — шэпча мне Кроп перад тым як заснуць. — Гавораць, што мы накіруемся ў Расію.

— У Расію? Там-жа больш няма вайны!

У аддаленьні грыміць фронт. Сьцены баракаў дрыжаць.

Праводзіцца генэральная чыстка. Адзін агляд ідзе за другім. З усіх бакоў нас рэвізуюць. Усе падраныя рэчы заменьваюць на новыя. Пры гэтым я атрымліваю зусім новую куртку, а Кат — нават усё абмундыраваньне. Ходзяць чуткі, што будзе мір, аднак другая вэрсія больш верагодная: што мы будзем грузіцца ў Расію. Але на што нам у Расіі новае абмундыраваньне? Нарэшце, высьвятляецца: чакаюць прыезда кайзэра. Вось прычына ўсіх гэтых аглядаў.

На працягу васьмі дзён можна было падумаць, што мы знаходзімся ў казармах для новабранцаў, так нас апрацоўвалі і прымушалі практыкавацца. Усе злосныя і нервовыя, бо празьмерная чыстка нам не дае нічога, а стройная маршыроўка — і таго менш. Іменна гэткія рэчы назаляюць салдатам больш за акопы.

Нарэшце, надыходзіць доўгачаканы момант. Мы стаімо сьмірна і зьяўляецца кайзер. Нам цікава, які ён з сябе. Ён ідзе ўсьцяж фронту, а я некалькі расчараваны: па портрэтах я ўяўляў яго больш вялікім і магутнейшым, і перад усім — з грымотным голасам.

Ён раздае жалезныя крыжы і размаўляе з тым-другім. Потым мы адыходзім. Т’ядэн гаворыць зьдзіўлена:

— Гэта самы галоўны начальнік, які толькі ёсьць. Перад ім кожны павінен станавіцца ва фронт. Усе без выключэньня. — Ён разважае: — перад ім Гіндэнбург таксама павінен станавіцца ва фронт, так?

— Ну, так, — падцьвярджае Кат.

Т’ядэну гэтага не хапае. Ён раздумлівае некалькі часу і пытаецца:

— Ці павінен кароль станавіцца ва фронт перад кайзерам?

Ніхто дакладна гэтага ня ведае. Мы мяркуем, што не. Яны абодвы да таго ўладныя, што тут ужо напэўна, ня можа быць і гутаркі пра ставаньне ва фронт.

— Якую лухту ты здумляеш? — гаворыць Кат. — Галоўнае тое, каб ты сам станавіўся ва фронт.

Але Т’ядэн зусім расчараваны. Яго, дужа бедная ў іншых галінах, фантазія работае да зьнясіленьня.

— Слухай вось, — заяўляе ён, — я проста не магу ўявіць сабе, што кайзэру даводзіцца хадзіць у клёзэт таксама, як і мне!

— Даю табе слова, што даводзіцца, — сьмяецца Кроп.

— У цябе вошы пад чэрапам, Т’ядэн! — гаворыць Кат. — Ідзі вось сам у клёзэт, тады ў цябе, магчыма, праясьніцца ў галаве, і ты пакінешм разважаць як грудное дзіцянё.

Т’ядэн зьнікае.

— Аднаго-б мне хацелася даведацца, — гаворыць Альбэрт, — ці была-б вайна, калі-б кайзэр сказаў «не».

— Я ўпэўнен, што была-б, — заўважаю я. — Гавораць, што ён сьпярша зусім не жадаў яе.

— А калі-б ня ён адзін, а, магчыма, дваццаць або трыццаць чалавек у сусьвеце сказалі-б «не»?

— Тады зразумела, магчыма, — згаджаюся я, — але яны вось якраз і жадалі яе!

— Сьмешна выходзіць, калі паразважваеш, — гаворыць далей Кроп. — Мы знаходзімся тут, каб бараніць сваю радзіму. Хто-ж правы?

— Магчыма, і тыя, і другія, — кажу я, сам не даючы веры сваім словам.

— Ну так, — разважае Адлер, і я па яго твары бачу, што ён хоча загнаць мяне ў тупік, — але нашы профэсары, пастары і газэты гавораць, што толькі мы правы, і трэба спадзявацца, што гэта так і ёсьць, — але і францускія профэсары, патэры і газэты сьцьвярджаюць, што толькі яны правы. У чым справа?

— Гэтага я ня ведаю, — кажу я, — у кожным разе вайна працягваецца і кожны месяц да яе далучаюцца новыя краіны.

Зноў зьяўляецца Т’ядэн. Ён усё ’шчэ ўзрушаны і зноў адразу-ж уступае ў гутарку, даведваючыся як, уласна кажучы, наогул узьнікае вайна.

— У большасьці выпадкаў з таго, што адна краіна моцна абражае другую, — адказвае Альбэрт з выглядам перавагі.

Але Т’ядэн таўстаскурны.

— Краіна? Гэтага я не разумею. Гара ў Нямеччыне ня можа абразіць гару ва Францыі. Або рака, ці лес, або поле пшаніцы.

— Ты дапраўды нагэтулькі дурны, ці толькі ўдаеш з сябе дурня? — бурчыць Кроп. — Я-ж ня гэта хачу сказаць. Адзін народ абражае другога.

— Тады мне няма да гэтага ніякае справы, — пярэчыць Т’ядэн. — Я сябе абражаным не адчуваю.

— Ну, як табе растлумачыць, — гаворыць Альбэрт раззлаваўшыся. Справа зусім ня ў гэткім вясковым пудале, як ты!

— Тады тым больш мне можна адправіцца дахаты? — настойвае на сваім Т’ядэн, і ўсе рагочуць.

— Эх, дурыла, гэта-ж уся дзяржава! — крычыць Мюлер.

— Дзяржава, дзяржава! — Т’ядэн хітравата ляскае пальцамі. — Палявыя жандары, поліцыя, зьбіральнікі падаткаў — вось наша дзяржава. Калі ты маеш да гэтага дачыненьне, дык калі ласка!

— Верна! — гаворыць Кат. — Ты ўпяршыню сказаў штосьці правільнае, Т’ядэн! Дзяржава і радзіма — гэта сапраўды вялікая розьніца.

— Аднак гэта зьвязана адно з адным, — разважае Кроп. — Няма радзімы без дзяржавы.

— Справядліва, але падумай толькі — мы-ж амаль усе простыя людзі. І ў Францыі большасьць людзей таксама рабочыя, рамесьнікі, або дробныя служачыя. Навошта францускаму сьлесару, або шаўцу, нападаць на нас? Не, уся штука ва ўрадах. Я ніколі ня бачыў француза да таго як трапіў сюды, і з большасьцю французаў справа акурат такая-ж. У іх таксама мала пытаюцца, як і ў нас.

— Навошта-ж тады наогул вайна, — пытаецца Т’ядэн.

Кат паціскае плячыма.

— Ёсьць людзі якім вайна на карысьць.

— Ну, я вось да іх, у кожным разе, не належу! — Ухмыляецца Т’ядэн.

— І ні ты, і ніхто з нас.

— Дык хто-ж? — настойвае Т’ядэн. — Кайзеру-ж яна таксама не на карысьць. У яго-ж ёсьць усяго, што яму патрэбна.

— Не кажы, — пярэчыць Кат. — Вайны ў яго да гэтага часу ня было. А для кожнага вялікага імпэратара патрэбна, прынамсі, хоць адна вайна, інакш ён ня ўславіцца. Зірні вось у свае падручнікі.

— Генэралы таксама набываюць славу дзякуючы вайне, — гаворыць Дэтэрынг.

— Яшчэ вялікшай як кайзэр, — падцьвярджае Кат.

— Вядома, за ўсім гэтым хаваюцца іншыя людзі, якія хочуць зарабляць на вайне, — бурчыць Дэтэрынг.

— Я лічу, што гэта хутчэй свайго роду ліхаманка, — гаворыць Альбэрт. — Ніхто гэтага, уласна кажучы, не жадае, але раптам пачынаецца. Мы не жадалі вайны, іншыя сьцьвярджаюць тое-ж самае, ня гледзячы на гэта, палова сусьвету ўцягнута ў вайну.

— Там у іх больш хлусьні, чым у нас, — пярэчу я. — Успомні вось проклямацыі ў палонных. У іх было сказана, што мы жарым бэльгійскіх дзяцей. Малайцоў, якія пішуць такія рэчы, варта-б было вешаць! Вось праўдзівыя вінаватыя.

Мюлер устае.

— Ва ўсякім разе, лепш што вайна адбываецца тут, горш было-б, калі-б гэта было ў Нямеччыне. Зірнеце вось на пакапаныя ў варонкі палі!

— Гэта справядліва, — згаджаецца таксама Т’ядэн. — Але ’шчэ лепш было-б, каб вайны зусім ня было.

Ён пахаджвае і ганарыцца, што асадзіў нас — добраахвотнікаў. І яго пункт погляду дапраўды зьяўляецца тут тыповым. З ім заўсёды стыкаешся і нічога слушнага адказаць ня можаш. Нацыянальнае пачуцьцё салдата выяўляецца ў тым, што ён тут, але на тым яно і сканчаецца. На ўсё астатняе ён глядзіць практычна, выходзячы з свайго ўласнага добрабыту.

Альбэрт з прыкрасьцю кладзецца на траву.

— Лепш не размаўляць зусім пра ўсё гэтае паскудзтва!

— Усёроўна гэтым нічога ня зьменіш! — падцьвярджае Кат.

У дадатак да ўсяго даводзіцца зьвярнуць усё новае абмундыраваньне, нам даюць зноў наша старае рызьзё. Добрыя рэчы былі даны толькі на парад.

Замест адпраўкі ў Расію, мы зноў ідзем на перадавыя позыцыі. Мы праходзім праз невялікі лясок з расчэпленымі стваламі і разварочанай глебай. Дзе-ні-дзе бачны страшэнныя яміны.

— Чорт пабяры, вось дзе дасталася! — кажу я Кату.

— Мінамёты, — адказвае ён і пасьля паказвае ўгару.

На галінах вісяць забітыя. Адзін голы салдат застрэў у разгаліненьні стволу, галава яго яшчэ ў шлеме, але больш ніякай вопраткі няма. Толькі адна палова яго застрэла там угары, верхняя частка цела, якая засталася бяз ног.

— Што тут адбылося? — пытаюся я.

— Яго высадзіла з вопраткі, — адказвае Т’ядэн з бурчаньнем.

Кат гаворыць:

— Гэта пацешна! Нам ужо разы са два даводзілася гэта бачыць. Калі лучыць такая міна, дык чалавека дапраўды нібы вытрасе з яго вопраткі. Гэта дзеяньне паветранага ціску.

Я шукаю далей. Праўда, гэта так. Зьнізу вісяць лахманы абмундыраваньня. У другім месцы прыстала крывавая каша, якая калісьці была чалавекам. А вось цела, у якога толькі на аднэй назе рэштка сподняў і вакол шыі каўнер мундыра. Наогул-жа яно бяз вопраткі. Яна параскідана па дрэве. Абедзьвюх рук таксама няма, яны нібы аддзёрты. Адну з іх я знаходжу на дваццаць крокаў далей, у хмызьняку.

Забіты ляжыць тварам доўка. Там, дзе павінны быць рукі, засталіся глыбокія раны, зямля счарнела ад крыві. Трава пад яго нагамі выдзерта, быццам чалавек яшчэ таптаўся.

— Гэта ня жарты, Кат! — кажу я.

— Асколак знараду ў жываце таксама ня жарты! — адказвае ён, паціскаючы плячыма.

— Толькі не раскісайце! — дадае Т’ядэн.

Гэта адбылося ня так даўно: кроў яшчэ сьвежая. З прычыны таго што ўсе людзі, якія сустракаюцца нам, забітыя, — мы не затрымліваемся, а паведамляем на бліжэйшы перавязачны пункт. Нарэшце, гэта зусім ня наша справа — адбіраць работу ад гэтых жарабцоў з насілкамі!

Мяркуецца выправіць выведнікаў, каб азначыць на якой адлегласьці яшчэ заняты ворагам яго позыцыі. З тэй прычыны, што я толькі-толькі пабываў у водпуску, — у мяне нейкае дзіўнае пачуцьцё да таварышоў… Таму я выказваю жаданьне ісьці з імі. Мы выпрацоўваем плян, паўзем за дротавую загарожу і пасьля разыходзімся, каб паўзьці па адным.

Праз некаторы час я знаходжу плоскую варонку, у якую і скачваюся. Адсюль я пачынаю выглядаць. Мясцовасьць абстрэльваецца кулямётным агнём сярэдняй моцы. Ён скрыжаваны, ідзе з усіх бакоў, але яго хапае, каб не рызыкаваць узьняцца над варонкай.

Распускаецца асьвятляльны парашут. Зямля наперадзі застыгла пры бледным асьвятленьні. Тым гусьцейшы змрок пасьля гэтага. У акопах нядаўна расказвалі, што на гэтым вучастку чорнае войска. Гэта пагана, яго нельга добра разгледзець, потым яны добрыя выведнікі. Як гэта ня дзіўна, але яны таксама бываюць вельмі неасьцярожнымі. Кат і Кроп аднойчы на выведцы перастралялі ўвесь патруль чорнаскурых, бо гэтыя людзі не маглі стрымаць спакусы і курылі ідучы. Кату і Альбэрту аставалася толькі меціцца ў блісканьне агню папяросы.

Ля мяне шлёпае маленькая граната. Я ня чуў як яна набліжалася і страшэнна палохаюся. У гэты-ж момант мяне ахапіў неапісальны страх. Я тут адзін і амаль што бездапаможны ў пацёмках. Магчыма за мною ўжо даўно назіраюць два другіх вокі з варонкі і ручная граната ляжыць напагатове, каб мяне разьдзерці. Я спрабую аваладаць сабой. Гэта ня першая выведка, у якой я ўдзельнічаю, і яна ня дужа небясьпечная. Але яна першая пасьля водпуску і, акрамя таго, мясцовасьць для мяне мала знаёмая.

Я намаўляю сабе, што мае непакойства бяссэнснае, што ў цемрадзі, мабыць ніхто не сьцеражэ, інакш кулі ня сьвісталі-б так нізка.

Дарэмна! Чарадой у непарадку праносяцца думкі ў маёй галаве: я чую папярэджвальны голас маткі, я бачу рускіх з шырокімі бародамі, якія прыціскаюцца да кратаў, узьнікае надзвычай яскравы малюнак карчомкі з крэсламі, што ў ёй стаяць, кіно ў Валянсыене, у маім уяўленьні балюча і агідна стаіць шэрая нячулая руля вінтоўкі, якая моўчкі ідзе сьледам усюды, куды-б я не паварочваў галаву.

Я зьліваюся потам.

Я ўсё ’шчэ ляжу ў сваёй нары. Я гляджу на гадзіньнік: мінула толькі некалькі хвілін. Мой лоб вільготны, вочы мокрыя, рукі дрыжаць, і я ціха кашляю. Гэта ня што іншае, як жудасны прыпадак страху, самага звычайнага жывёльнага страху перад тым, каб высунуць галаву і паўзьці далей.

Як каша распаўзаецца напружаньне і перамагае жаданьне застацца ляжаць. Рукі і ногі прыстаюць да зямлі, я імкнуся адарвацца, але дарэмна. Я прыціскаюся да зямлі, я не магу ісьці далей, я вырашаю застацца тут.

Але адразу-ж мяне зноў узьнімае хваля, хваля сораму, каяньня і — пачуцьця самазахаваньня. Я крыху прыўзьнімаюся, каб азірнуцца. Мае вочы гараць, — так пільна я ўглядаюся ў цемрадзь. Узьлятае асьвятляльная ракета. Я зноў прыгінаюся.

Ва мне адбываецца шалёнае дзікае змаганьне, я хачу выйсьці з нары і ўсё-ж зноў застаюся ў ёй. Я кажу сабе:

«Ты павінен. Гэта-ж твае таварышы! Гэта-ж не які-небудзь дурны загад!» — і зараз-жа: «Мне што да таго? У мяне толькі адно жыцьцё, і яго я магу страціць».

«Гэта ўсё дзеля водпуску», — апраўдваюся я з прыкрасьцю. Але сам не даю веры гэтаму. Я раблюся страшэнна млявым, я паволі прыўзьнімаюся і працягваю наперад рукі, падцягваюся сам і цяпер ляжу на ўскрайку варонкі.

Але тут я спаймаў на вуха нейкі шум і саскокваю назад. Ня гледзячы на грукат артылерыі, шум чуцен даволі ясна. Я прыслухоўваюся: шум пазадзі мяне. Гэта нашы ідуць усьцяж акопаў. Я ўжо чую заглушаныя галасы. Мяркуючы па інтонацыі, гэта напэўна Кат.

Надзвычайная цяплыня адразу пранізвае мяне. Гэтыя галасы, гэтыя нешматлікія ціхія словы, гэтыя крокі ў акопах пазаді мяне адным штуршком вырываюць мяне з жудаснай самоты і сьмяртэльнага жаху, пад уладу якіх я падупаў. Гэтыя галасы нешта больш вялікае, чымся маё жыцьцё, яны больш вялікае, чымся ўспаміны пра матку і самы страх, яны самае моцнае і ратавальнае з таго, што ёсьць у сусьвеце; гэта галасы маіх таварышоў.

Я ўжо больш ня дрыжучы атам быцьця, адзін у пацёмку я належу да іх, і яны да мяне, у нас той самы страх, у нас тое-ж жыцьцё, мы проста і цесна зьвязаны адзін з адным. Мне хацелася апусьціць у іх свой твар, у гэтыя галасы, у гэтыя некалькі слоў, якія мяне выратавалі і якія абароняць мяне.

Асьцярожна я перапаўзаю праз край і падкрадваюся наперад. Я паўзу далей на карачках; усё ідзе добра, я сачу за кірункам, азіраюся і заўважваю рысу заслонавага агню, каб знайсьці дарогу назад. Пасьля гэтага я імкнуся наладзіць сувязь з іншымі.

Я ўсё яшчэ адчуваю страх, але гэта ўжо страх разважны, надзвычайна ўзрослая пільнасьць.

Ноч ветравая, і цені шаволяцца з боку ў бок пры ўспышках гарматнага агню. Дзякуючы цемрадзі бачна і дужа мала і вельмі шмат. Часта я застываю на месцы, аднак беспадстаўна. Так пасоўваюся я параўнаўча далёка наперад і пасьля, зрабіўшы дугу, паварочваю назад. Сувязі мне не пашанцавала наладзіць. Кожны мэтр, які набліжае мяне да нашых акопаў, напаўняе мяне ўпэўненасьцю, але разам з тым і ўзрастаючай пасьпешнасьцю. Было-б пагана быць параненым зараз шалёнай куляй!..

Раптам мяне працінае зноў страх. Я ўжо не магу дакладна вызначыць кірунку. Я ціха прытойваюся ў варонцы і спрабоўваю орыентавацца. Ня раз здаралася, што чалавек спакойна скакаў у акоп і толькі тады даведваўся, што лучыў ня ў свой.

Праз некаторы час я зноў прыслухоўваюся. Я зноў памыліўся. Лябірынт варонак здаецца мне цяпер такім неабсяжным, што ад хваляваньня я зусім бянтэжуся і ня ведаю куды ісьці. Магчыма я пайду паралельна акопам. Гэта можа працягвацца бясконца. Таму я крута паварачваю.

Гэтыя праклятыя асьвятляльныя ракеты! Здаецца, што яны гараць па цэлай гадзіне. Не пасьпееш зрабіць аднаго руху, як ужо ўзьнімаецца новая ракета.

Аднак нічога не дапамагае: я павінен выбрацца. З перапынкамі я прасоўваюся далей, я пайду па зямлі і сьпісяжваю сабе рукі аб асколкі, якія гостры як брытва. Часам мне здаецца, што на горызонце неба робіцца больш сьветлым, але гэта магчыма толькі так, проста выабражэньне. Паступова я заўважваю, што маё жыцьцё пастаўлена на карту.

Выбухае граната. Адразу за ёй дзьве другія. І вось пачынаецца… Артылерыйская падрыхтоўка. Сакатаньне кулямётаў. Цяпер не застаецца нічога іншага, як ляжаць. Напэўна зараз будзе атака. З усіх бакоў узьнімаюцца асьвятляльныя ракеты. Без перапынку.

Я ляжу, прыгнуўшыся, у вялікай варонцы, па пояс ў вадзе. Калі пачнецца атака, я апушчуся ў ваду так, каб толькі не захліснуцца, а твар выпецкаю гразëю. Я павінен прыкінуцца мерцьвяком.

Раптам я чую, як агонь пераносіцца назад. Я зараз-жа апушчаюся ў ваду, ссоўваю шлем на патыліцу. Рот трымаю над самай вадой, каб можна было дыхаць.

Потым я заміраю ў нярухомасьці, таму што разьлягаецца шум, тупат набліжаецца, усё ў сярэдзіне ў мяне ледзянее. Але шум адступае: першы атрад прайшоў. У маім мазгу бушавала толькі адна думка: «Што ты зробіш, калі хто скокне да цябе ў варонку? Я шпарка выхопліваю маленькі кінжал, моцна трымаю яго і хаваю разам з рукой у глеі. «Калі хто скокне ў маю варонку, — б’ецца ў мяне ў думках, — я зараз-жа пракалю яму глотку, каб ён не пасьпеў закрычаць. Інакш нельга. Ён будзе гэтак-жа напалоханы як і я, і ужо з аднаго жаху мы кінемся адзін на аднаго. Таму я павінен быць першым».

Цяпер пачынаюць страляць нашы батарэі. Недалёка рвецца знарад. З гэтага я прыходжу ў шал. Не хапала толькі, каб мяне забіў свой-жа знарад. Я сыплю праклёнамі і скрыгічу зубамі ў гразі: гэта выбух ашалеласьці. Нарэшце я здольны толькі стагнаць і ўпрашаць.

Грукат ручных гранат дасягае да майго слыху. Калі нашы пойдуць у контр-атаку — я выратаваны. Я тулюся галавой да зямлі і чую заглушанае грыменьне, падобнае на аддаленыя выбухі, на горных распрацоўках, і зноў прыўзьнімаю галаву, каб прыслухацца да шуму на зямлі.

Кулямёты тарахцяць. Я ведаю, што нашы дротавыя загарожы трывалыя і амаль не пашкоджаны; частка іх зараджана моцным токам. Кулямётны агонь узмацняецца. Не, яны не прарвуцца і павінны адступіць!

Я зноў згінаюся ў крук, напружваюся як мага. Тупат і гукі чутны зноў. Сярод гукаў чуцен крык. Ворага абстрэльваюць. Атака адбіта.

Трохі павіднела. Паўз мяне сьпяшаюцца крокі. Першыя. Міма! Зноў, другія. Тарахценьне кулямётаў зьліваецца ў непарыўнае гудзеньне. Толькі я зьбіраюся павярнуцца, як раздаецца шум. Чыёсьці цела важка падае да мяне ў варонку і навальваецца на мяне.

Я ні пра што ня думаю, нічога не вырашаю — я ашалела накідваюся на яго і толькі адчуваю як цела ўздрыгвае, пасьля мякне і валіцца, як мех. Калі я апрытомнеў, мая рука ліпкая і мокрая. Той хрыпіць. Мне здаецца, што ён мычыць. Кожны яго ўздых падобны да крыку, грому, але гэта толькі мае жылы, у якіх так стукае. Мне-б хацелася заціснуць яму рот, запхаць яго зямлёй, яшчэ раз ударыць: ён павінен ляжаць ціха, ён выдае мяне; але я ўжо настолькі апрытомнеў і раптам да таго слабну, што ўжо няздольны падняць на яго руку.

Я адпаўзаю ў самы далёкі кут і застаюся там, пільна гледзячы на аго, трымаючы напагатове нож, каб на выпадак, калі ён пашаволіцца, зноў накінуцца на яго. Ён нічога ўжо ня можа зрабіць: я гэта чую па яго хрыпеньні.

Я бачу яго зусім нявыразна. У мяне толькі адно жаданьне: выбрацца адсюль. Калі гэта ня ўдасца, дык потым зробіцца ўжо завельмі відна; аднак, калі я наважваюся падняць галаву, я ўраз пераконваюся ў немагчымасьці гэтага. Кулямётны агонь да таго моцны, што я буду пабіты на рэшата раней, чым пасьпею хоць раз скокнуць.

Я правяраю гэта яшчэ раз пры дапамозе свайго шлему, які я трохі прыпаднімаю, каб вызначыць узровень агню. Амаль у той-жа момант куля выбівае яго з маёй рукі. Такім чынам агонь накіраваны нізка, амаль што на ўзроўні зямлі. Я знаходжуся ня так далёка ад ворагавых позыцый, каб мне пашанцавала праскочыць незаўважаным.

Робіцца ўсё відней і відней. Я чакаю, дрыжучы ад нецярплівасьці, атакі з нашага боку. Мае рукі зьбялелі ў суставах: так моцна я іх сьціскаю, да таго я малю, каб агонь спыніўся, каб прыйшлі мае сябры…

Хвіліна цягнецца за хвілінай. Я не адважваюся больш глядзець на цьмяную фігуру ў варонцы. Напружна я гляджу паўз яе і чакаю, і чакаю. Кулі з сіпеньнем лятуць паўз варонкі, ствараючы суцэльную сталёвую сетку, агонь ня спыняецца, ня спыняецца…

Тут я заўважваю сваю акрываўленую руку і мяне раптам пачынае ванітаваць. Я бяру камяк зямлі і тру ім скуру. Рука робіцца бруднай — так, прынамсі, хоць ня бачна крыві.

Агонь ня меншае. Ён аднолькава моцны з абодвух бакоў. Нашы, напэўна, лічуць мяне даўно загінуўшым.

Настаў сьветлы, шэры, раньні дзень. Хрыпеньне ўсё яшчэ ня спынілася. Я заціскаю вушы, але хутка аднімаю пальцы, бо інакш я не пачую нічога іншага.

Фігура насупраць мяне шаволіцца. Я ўздрыгваю і міжвольна гляджу ў той бок. Цяпер мае вочы нібы прыгвожджаны да яе. Побач мяне ляжыць чалавек з невялічкімі вусікамі, галава адкінута ўбок. Адна рука напалову сагнутая, на яе бясьсільна абаперлася галава. Другая рука ляжыць на грудзях, яна ў крыві.

«Ен мёртвы, — кажу я сам да сябе, — ён павінен быць мёртвым, ён больш нічога не адчувае; тое, што там хрыпіць, гэта толькі цела».

Аднак галава наважваецца ўзьняцца, стогны на момант робяцца галасьней, пасьля лоб зноў апушчаецца на руку. Чалавек ня мёртвы, ён памірае, але ён ня мёртвы. Я падсоўваюся да яго, спыняюся, зноў падсоўваюся крыху бліжэй, ’шчэ, ’шчэ… Жудасны шлях на тры мэтры, доўгі, страшэнны шлях! Нарэшце я ля яго.

Вось ён адкрыў вочы. Ён, напэўна, пачуў мяне і глядзіць на мяне з выразам шалёнага жаху. Цела ляжыць нярухома, але ў вачох такое надзвычайнае жаданьне бегчы, што ’шчэ на момант здаецца нібы ў ім хопіць моцы, каб пацягнуць за сабой усё яго цела, панесьці яго на сотні кілёмэтраў адсюль адным скокам. Цела нярухомае, цяпер бязгучнае хрыпеньне змоўкла, але вочы крычаць, равуць, у іх сконцэнтравана ўсё жыцьцё ў нерастлумачальным усільлі бегчы, у страшэннай агідлівасьці перад сьмерцю, перад мной.

Я кідаюся на калені і абапіраюся на локці.

— Не, не! — шапчу я.

Вочы сачаць за мною. Я не магу зрабіць ніводнага руху, пакуль яны тут.

Вось яго рука паволі спадае з грудзей, толькі на нязначную адлегласьць, яна апушчаецца на некалькі сантыметраў, але гэты рух парушае ўладу вачэй. Я нагінаюся наперад, матаю галавой і кажу шэптам: — Не, не! — Я ўзьнімаю руку: я павінен давесьці яму, што я хачу яму дапамагчы, і гладжу яго па лобе.

Вочы закаціліся, калі да іх дакранулася рука. Цяпер яны страцілі сваю нярухомасьць, павекі апушчаюцца, напружанасьць зыходзіць. Я расшпільваю яму каўнер і кладу яму голаў выгодней.

Рот яго напоўадкрыты, ён хоча сказаць слова. Вусны ў яго пасохлі. У мяне няма з сабой пляшкі, я яе ня ўзяў.

Але на дне варонкі, пад глеем, ёсьць вада. Я спаўзаю туды, вымаю сваю насатку, раскладваю яе, прыціскаю ўніз і чэрпаю жоўтаватай вады, яна прасочваецца праз хусьцінку.

Ен глытае яе. Я дастаю ’шчэ. Пасьля я расшпіляю яму куртку, каб перавязаць яго, калі магчыма. Я павінен гэта зрабіць, хоць-бы і для таго, каб тыя там, калі яны возьмуць мяне ў палон, бачылі, што я хацеў яму дапамагчы, і не расстралялі мяне. Кашуля прыстала і яе нельга адсунуць ўбок: яна расшпілена ззаду. Не застаецца чаго рабіць, як разарваць яе.

Я шукаю нажа і знаходжу яго. Але, калі я пачынаю рэзаць кашулю, вочы яго яшчэ раз адчыняюцца і ў іх зноў лямант і звар’яцелы выраз, і мне даводзіцца іх закрыць, заціснуць і казаць шэптам:

— Я-ж хачу табе пасабіць, таварыш, camarade, camarade, camarade! — паўтараю я гэта слова ўсё выразьней, каб ён зразумеў.

У яго тры коланыя раны. Мае індывідуальныя пакеты прыкрываюць іх. Кроў прасачваецца праз іх. Я прыціскаю іх шчыльней. Тады ён стогне.

Гэта ўсё, што я магу зрабіць. Цяпер мы павінны чакаць, чакаць, чакаць…

О, гэтыя гадзіны! Хрыпеньне пачынаецца зноў. Як доўга памірае чалавек! Ведаю, яго нельга адратаваць. Я, праўда, спрабую разуверыць сябе ў тым, але а поўдні яго стогны зьнішчаюць мае хітрыкі. Калі-б я не згубіў свайго рэвольвэра, калі поўзаў, я-б прыстрэліў яго. Зарэзаць яго я не адважваюся.

А поўдні я адчуваю, што я на мяжы вар’яцтва. Голад мучыць мяне, я амаль плачу з таго, што мне хочацца есьці, але я нічога не магу зрабіць. Некалькі разоў я даю ўміраючаму вады і сам п’ю яе.

Гэта першы чалавек, якога я забіў уласнай рукой, якога я ўбачыў, і сьмерць якога справа маіх рук. Кат, Кроп і Мюлер таксама бачылі гэта, калі яны траплялі ў каго-небудзь. Шмат з кім гэта было, асабліва ў ручным баі.

Але кожны ўздых яго агаляе маё сэрца. Гэтыя гадзіны належаць паміраючаму. У яго нябачны нож, якім ён заколвае мяне: час і мае думкі.

Я-б шмат аддаў за тое, каб ён застаўся жывым. Цяжка ляжаць тут, глядзець на яго і слухаць яго.

А трэцяй гадзіне па поўдні ён сканаў.

Я ўздыхаю з палёгкай, але не на доўга. Хутка маўклівасьць выдаецца больш нясьцерпнай, чымся стогны. Мне хочацца чуць яго стогны, няроўныя, хрыпатыя, або ціхія са сьвістам, або зноў хрыпатыя і голасныя.

Няма сэнсу ў тым, што я раблю. Але мне трэба чым-небудзь заняць час. Я яшчэ раз папраўляю мерцьвяка, каб ён ляжаў выгодней, хоць ён ужо нічога не адчувае. Я закрываю яму вочы. Яны карыя, валасы ў яго чорныя, яны крыху ўюцца на скронях.

Рот пад вусамі пухкі і мяккі, нос з невялікай гарбінкай, скура смуглаватая. Яна цяпер не здаецца гэткай бледнай, якой яна была раней, калі ён яшчэ быў жывы. На момант яго твар выглядае зусім здаровым, потым ён набывае хутка чужыя абрысы твару мерцьвякоў, якія мне часта даводзілася бачыць і якія заўсёды падобны адзін да аднаго.

Яго жонка напэўна думае цяпер пра яго. Яна ня ведае, што здарылася. Мяркуючы па яго выглядзе, ён ёй часта пісаў; яна яшчэ будзе атрымліваць ад яго лісты — заўтра, праз тыдзень, можа які-небудзь заваляўшыйся ліст — праз месяц. Яна яго прачытае, у гэты дзень ён будзе размаўляць з ёй.

Мой стан усё горшае, я ўжо не магу стрымліваць сваіх думак. Які выгляд мае яго жонка? Ці не падобна яна да танклявай брунэткі з таго боку каналу? Ці не набыў я на яе права тым, што здарылася? Калі-б тут сядзеў разам Канторэк! Калі-б мая маці бачыла мяне! Забіты, напэўна, пражыў-бы ’шчэ трыццаць год, калі-б я лепш запомніў дарогу назад. Калі-б ён прабег на два мэтры ўбаку, дык зараз ляжаў-бы ў акопах і пісаў новы ліст сваёй жонцы.

Але далей я трапляю ў тупік: гэта лёс усіх нас, калі-б Камэрых адставіў сваю нагу на дзесяць сантымэтраў убок, калі-б Гайе нахіліўся на пяць сантымэтраў ніжэй…

Маўклівасьць працягваецца. Але я зноў гавару, я павінен гаварыць. Я размаўляю з ім і намаўляю яму:

— Таварыш, я не жадаў цябе забіць! Калі-б ты яшчэ раз скокнуў сюды і трымаўся разважна, я-б гэтага не зрабіў. Але раней ты быў для мяне толькі адцягненым разуменьнем, толькі комбінацыяй, якая месьцілася ў маім мазгу і патрабавала вырашэньня. Гэтую вось камбінацыю я і зьнішчыў. Цяпер толькі я бачу, што ты такі-ж чалавек як і я. Я думаў пра твае ручныя гранаты, пра твой штых, пра тваю зброю, цяпер я бачу тваю жонку, твой твар і тое агульнае, што ёсьць у нас абодвух. Даруй мне, таварыш! Мы заўсёды дужа позна заўважаем на тое, на што варт’ было заўважаць. Чаму нам не гаварыць заўжды, што вы такія-ж няшчасныя, як і мы, што вашыя маткі таксама непакояцца як і нашы, і што ў нас аднолькавы страх перад сьмерцю, і аднолькавае скананьне і аднолькавы боль? Даруй мне таварыш, як мог ты быць маім ворагам? Калі-б мы скінулі гэтую зброю і гэтую формавую вопратку, ты мог-бы быць гэткім-жа маім братам, як і Кат і Альбэрт! Бяры ў мяне мае дваццаць год, таварыш, і ўстань, бяры больш, бо я ня ведаю, што мне цяпер рабіць!

Ціха, на фронце спакойна, чуцен толькі трэск вінтовачнай страляніны. Кулі кладуцца блізка адна ля аднэй, стральба ідзе бяз пляну, але ўсё бярэцца на дакладны прыцэл. Выбрацца мне адсюль немагчыма.

— Я напішу тваёй жонцы, — кажу я сьпехам мерцьвяку, — я напішу ёй, яна павінна ўсё ведаць ад мяне. Я ёй скажу пра ўсё, што кажу зараз табе, яна не павінна пакутаваць, я хачу ёй дапамагчы, і тваім бацьком, і твайму дзіцяці.

Яго куртка яшчэ напалову расшпілена. Лёгка знайсьці яго папернік. Але я не адважваюся адкрыць яе. Там салдацкая кніжка, там яго імя. Пакуль я ня ведаю яшчэ яго імя, я, магчыма, яшчэ здолею на яго забыцца: час сатрэ яго вобраз. Але яго імя — гэта цьвік, які ўваб’ецца ў мяне і ўжо ніколі нельга будзе яго выдзерці. Ён будзе мець моц усё аднаўляць у памяці, гэта заўсёды будзе прыходзіць і паўставаць прада мной.

Нарэшце, я трымаю ў руках яго папернік. Ён высьлізгае з маіх рук і раскрываецца. З яго выпадвае некалькі фотографій і лісты. Я зьбіраю і хачу іх зноў скласьці, але цяжар, які цісьне на мяне, уся няпэўнасьць майго становішча, голад, небясьпека, гэтыя гадзіны, якія праведзены з мерцьвяком, кідаюць мяне ў роспач, я хочу паскорыць разьвязку, павялічыць боль і скончыць з ім. Скончыць, як разьбіваеш аб дрэва руку, якая неасьцярожна ные, ня думаючы на тое, што будзе.

Там фотографія жанчыны і маленькай дзяўчынкі, маленькія аматарскія здымкі. Побач іх засунуты лісты. Я вымаю іх, спрабуючы прачытаць. Большасьць я не разумею: мне цяжка разабраць, дый і кепска ведаю францускую мову. Але кожнае слова прасякае мяне як стрэл у грудзі, як колатая рана.

Я страшэнна ўзрушаны. Але я ўсё-ж бачу, што пісаць да гэтых людзей, як я толькі што зьбіраўся, я не павінен. Гэта немагчыма. Я яшчэ раз гляджу на здымкі. Гэта не заможныя людзі. Я мог-бы не называючы сябе пасылаць ім грошы, калі-б я потым мог што зарабляць. Я хапаюся за гэтую думку: яна, прынамсі, дае мне невялікае апорышча. Гэты забіты зьвязаны з маім жыцьцём. Таму, каб выратаваць сябе, я павінен усё зрабіць, усё абяцаць. Я сьлепа абяцаю, што я буду жыць толькі для яго і яго сям’і, — вільготнымі вуснамі кажу я шэптам яму гэтыя словы. Недзе глыбока крыецца надзея, што гэтак я адкуплюся і, магчыма, усё-ж выбяруся адсюль: маленькія хітрыкі, якія пасьля заўсёды можна будзе пераглядзець.

Таму я разгортваю кніжку і паволі чытаю:

— Жэрар Дзюваль, друкар.

Я пішу адрас алоўкам забітага на конвэрце і потым хутка засоўваю ўсё яму ў кішэню.

«Я забіў друкара Жэрара Дзюваль. Я павінен зрабіцца друкаром, — мігціць у мазгу зусім недарэчная думка, — друкаром, друкаром»…

Пасьля поўдню я спакайнею. Мой страх быў дарэмны. Імя больш не непакоіць мяне. Прыпадак мінае.

— Таварыш, — кажу я мерцьвяку, але я кажу гэта ўжо з усёй рашучасьцю, — сёньня ты, а заўтра я! Але калі я зьвярнуся, таварыш, я буду змагацца з тым, што загубіла нас абодвух: у цябе аднялі жыцьцё, і ў мяне жыцьцё. Я абяцаюся табе, таварыш! Гэтага ніколі больш ня здарыцца!

Праменьні сонца падаюць наўскасяк. Я атрупеў ад зморы і голаду. Учарашні дзень уяўляецца мне як у імгле, я ўжо не спадзяюся выбрацца адсюль. Галава мая ідзе кругам, і я нават не заўважваю, што надышоў вечар. Пачынае зьмяркацца. Цяпер мне здаецца, што вечар надыходзіць вельмі шпарка. Яшчэ адна гадзіна. Калі-б было лета, дык яшчэ тры гадзіны, і яшчэ адна гадзіна.

Раптам я пачынаю дрыжаць ад страху, што мне што-небудзь перашкодзіць зьвярнуцца. Я ўжо ня думаю пра забітага, цяпер ён мне зусім абыякавы. Раптам я паўнюся прагай да жыцьця, і ўсё, што я парашыў раней, зьнікае. Толькі, каб не наклікаць зноў няшчасьця, я мэханічна балбачу далей: — я ўсё зраблю, што я табе абяцаў, — але цяпер я ўжо ведаю, што я нічога гэтага не зраблю.

Раптам мне ўспадае на думку, што мае таварышы могуць страляць у мяне, калі я буду паузьці. Яны-ж ня ведаюць, што гэта я. Я буду крычаць, калі дойдзе да страляніны, каб яны мяне пазналі. Я буду ляжаць перад акопамі да таго часу, пакуль яны мне не адкажуць.

Першая зорка. На фронце, як і раней, спакойна. Я ўздыхаю і з хваляваньня гавару сам да сябе:

— Цяпер бяз глупстваў, Паўль, спакойна, Паўль, тады ты будзеш выратаваны, Паўль!

Калі я кажу сваё імя, мне здаецца, што гэта гаворыць нехта іншы, і словы мае набываюць нейкую ўладу нада мной.

Цемрадзь згусла. Маё ўзбуджэньне сьціхае. З перасьцярогі я чакаю першых ракет. Пасьля я выпаўзаю з варонкі. На забітага я забыўся. Прада мной распрасьцёрлася наступіўшая ноч і бледна асьветленае поле. Я заўважваю наступнае паглыбленьне. У той момант, калі сьвятло гасьне, я сьпяшаюся туды, зноў абмацваю вачмі мясцовасьць, кідаюся ў наступную яміну, хаваюся, паўзу далей.

Я набліжаюся. Раптам пры сьвятле ракеты я бачу як пасярод дротавых загарожаў нешта соўгаецца. Я прытойваюся. У наступны раз я зноў бачу тое-ж самае. Гэта, бясспрэчна, таварыш з нашых акопаў. Але я сьцерагуся да таго часу, пакуль не распазнаю нашых шлемаў. Тады я крычу.

Адразу чутно ў адказ маё імя:

— Паўль, Паўль!

Я зноў крычу. Гэта Кат і Альбэрт. Яны вышлі з насілкамі шукаць мяне.

— Ты не паранены?

— Не, не!

Мы спускаемся ў акоп. Я прашу есьці і прагавіта глытаю ежу. Мюлер дае мне папяросу. Я коратка расказваю, што са мной здарылася. У гэтым няма нічога нязвычната; такія выпадкі бываюць часта. Адзіная цікавасьць у гэтай гісторыі, гэта ночная атака. Але Кат аднойчы ў Расіі праляжаў два дні пазадзі рускіх позыцый, пакуль яму давялося дабрацца да сваіх. Пра забітага друкара я нічога не кажу.

Толькі наступнаю раніцою я ня сьцярпеў. Я павінен расказаць пра ўсё Кату і Альбэрту. Яны абодвы заспакойваюць мяне.

— Тут нічога ня зробіш, інакш ты ня мог абыйсьціся. На тое ты і тут!

Я спакойна слухаю іх, уцешаны іхняй блізкасьцю. Якую бязглузьдзіцу разводзіў я там у варонцы?

— Зірні вось туды! — паказвае Кат.

Ля бруствэру стаяць некалькі трапных стралкоў. У іх вінтоўкі з прыладжанымі да іх тэлескопамі для дакладнага прыцэлу, яны ўважліва азіраюць мясцовасьць. Раз-па-разу ляскаюць стрэлы.

— Пасьля мы чуем крыкі:

— Вось гэтая трапіла!

— Бачыў, як ён падскочыў?

Сэржант Ольрых паварачваецца і ганарыста адзначае свой трапны стрэл. Ён занатоўвае ў сёньнешняй стралковай ведамасьці тры бязумных папады.

— Што ты на гэта скажаш? — пытаецца Кат.

Я матаю галавой.

— Калі ён будзе так меціць і далей, дык сёньня ён будзе ўвечары мець яшчэ адну стрыкатую птушку ў пятліцы, — мяркуе Кроп.

— Або хутка будзе віцэ-фэльдфэбэлем, — дадае Кат.

Мы глядзім адзін на аднаго.

— Я-б ня стаў гэтага рабіць, — кажу я.

— У кожным разе, — гаворыць Кат, — табе карысна іменна цяпер паглядзець на гэта.

— Сэржант Ольрых зноў падыходзіць да бруствэру. Руля яго вінтоўкі паварачваецца з боку ўбок.

— Аб тваім выпадку табе няма чаго дарэмна траціць словы, — заўважвае Альбэрт.

Я і сам цяпер не разумею свайго тагочаснага стану.

— Усё гэта здарылася толькі таму, што мне давялося тады так доўга праляжаць з ім разам, — кажу я. — Нарэшце, вайна ёсьць вайна.

Ольрыхава вінтоўка ляскае суха і адрывіста.


X

Мне пашанцавала атрымаць добрае прызначэньне. У колькасьці васьмі чалавек мы павінны ахоўваць вёску, з якой выселены жыхары, бо яна была пад дужа моцным абстрэлам.

Галоўным чынам мы павінны ахоўваць продуктовы склад, які яшчэ ня вывезены. Харч для сябе нам даводзіцца здабываць самім. Для гэтага мы цалкам здатныя людзі: Кат, Альбэрт, Мюлер, Т’ядэн, Леер, Дэтэрынг, усё наша аддзяленьне. Толькі Гайе забіты. І ўсё-ж нам пашанцавала, бо іншыя аддзяленьні мелі куды больш страт. На кватэру мы абіраем бетонавы склеп, у якім ёсьць спуск па лесьвіцы. Уваход, акрамя таго, заслонены спэцыяльнай батонавай сьцяной.

Цяпер мы разгортваем шырокую дзейнасьць. Нам здарыўся выпадак адпачыць ня толькі целам, але і душой. Гэты выпадак мы скарыстоўваем як мага, бо становішча вельмі сур’ёзнае, каб займацца сантымэнтальнасьцю. Гэта магчыма толькі да тэй пары, пакуль справы ідуць ня зусім кепска. Нам не астаецца нічога іншага, як парабіцца спраўнымі. Да таго спраўнымі, аж мне робіцца страшна, калі на думку выпадкова ўспадзе што з мінулага, даваеннага часу. Праўда, гэтыя думкі надоўга не затрымліваюцца.

Мы павінны як мага спакайней адносіцца да нашага становішча. Таму мы карыстаемся з кожнага выгоднага выпадку, каб палацьвіць яго, і ў непасрэднай блізкасьці бяз жаднага пярэбару, пераплятаюцца ў нас жах і дурацкія жарты. Інакш мы ня можам, мы ўваходзім ва ўсё з галавой. Нават цяпер мы з палкай стараннасьцю імкнёмся да таго, каб стварыць ідылію, вядома ідылію ненажерлівасьці і сну.

Перш за ўсё мы свой прытулак засьцілаем матрацамі, якіх мы нацягалі з пакінутых хат: салдацкі азадак таксама любіць зрэдку пасядзець на мяккім. Толькі пасярод памяшканьня падлога застаецца свабоднай. Потым мы здабываем коўдры і пуховыя пасьцелі, цудоўныя мяккія рэчы. На вёсцы ўсяго гэтага хапае. Мы з Альбэртам знаходзім складаны ложак з чырвонага дрэва, з балдахінам з блакітнага шоўку, аздобленага карункамі. Мы ўспацелі пакуль перанесьлі яго, як малпы, але такой рэчы ніяк нельга ня ўзяць, бо ўсёроўна яна будзе пабіта, патрушчана знарадамі праз якіх два дні.

Я і Кат выпраўляемся ў маленькую выведку па хатах. За кароткі час у нас ужо назьбіраўся тузін яек і два фунты даволі сьвежага масла. Раптам у адным з пакояў раздаецца трэск і скрозь сьцяну з грукатам вылятае жалезная печка, праносіцца паўз нас і на адлегласьць аднаго мэтру ад мяне зноў вылятае праз другую сьцяну. Дзьве дзіры. Яна прыляцела з суседняй хаты, у якую трапіла граната! — Пашанцавала! — жартуе Кат і мы шпарым далей. Але адразу-ж мы натапырваем вушы і кідаемся стрымгалоў. Мы спыняемся нібы зачараваныя: у невялікім хлеве кратаюцца два жывых парася. Мы праціраем сабе вочы і зноў асьцярожна глядзім туды: дапраўды яны там. Мы хапаем іх — сапраўды два парася!

З іх выходзіць найцудоўны полудзень. На пяцьдзесят крокаў ад нашай кватэры стаіць невялікі дом, у якім раней была офіцерская кватэра. На кухні гіганцкая пліта з двума сьпічакамі, патэльнямі, рондлямі і катламі. Тут ёсьць усяго, нават у кладоўцы нарыхтавана дробна насечаных дроў, сапраўдная утопія.

Зранку двое з нас пайшлі ў поле, каб пашукаць бульбы, морквы і маладога гароху. Мы раскашуем, мы плюем на консэрвы з прадуктовага складу. Мы хочам сьвежай гародніны. У кладоўцы ўжо ляжаць два качаны цьвятной капусты.

Парасяты зарэзаны. Гэта зрабіў Кат. Да смажаніны мы хочам прыгатаваць бульбяныя крокеты. Але мы не знаходзім таркі для бульбы. Хутка мы далі рады. У бляшанцы мы цьвіком прабіваем мноства дзірак і ў нас ёсьць тарка. Двое нацягваюць грубыя пальчаткі, каб не пашкодзіць сабе пальцаў аб тарку, двое ’шчэ чысьцяць бульбу. Такім парадкам справа хутка пасоўваецца наперад.

Кат бярэ на сябе прыгатаваньне парасят, моркаўкі, гароху і цьвятной капусты. Да цьвятной капусты ён нават прыгатаваў белай падліўкі. Я смажу крокет, па чатыры адразу. Праз некалькі хвілін я ўжо прыстасаваўся так устрасаць патэльню, што гатовыя з аднаго боку крокеты падскокваюць угору, перакручваюцца ў паветры і зноў падаюць на патэльню. Парсюкоў пражым цалкам. Мы ўсе стаім наўкола іх, як ля алтару.

Тымчасам да нас прыходзяць наведацца двое з радыё-роты, якіх мы ахвотна запрашаем да стала. Яны сядзяць у зальчыку, дзе стаіць рояль. Адзін грае, другі сьпявае: «На Вэзэры». Ён сьпявае з пачуцьцём, але крыху з саксонскім акцэнтом. Ня гледзячы на гэта, пакуль мы гатуем ля камінка ўсе гэтыя смачныя стравы, сьпяваньне захапляе нас.

Паступова мы заўважваем, што перацягнулі на сябе агонь. З назіральных балёнаў прыкмецілі дым з нашага коміну і нас пачынаюць абстрэльваць. Гэта паганыя маленькія скорастрэлкі, якія пакідаюць малюпаценькую дзірачку і так далёка і нізка паліваюць. Усё бліжэй чутно сьвістаньне вакол нас, але ня можам-жа мы кінуць свае стравы. Разбураны гзымс. Два асколкі з візгатаньнем ляцяць угару праз кухоннае акно. Хутка з смажанінай будзе скончана. Але пражаньне крокетаў абцяжарваецца. Выбухі да таго набліжаюцца, што асколкі ўсё часьцей лупцуюць па сьценах дому і ўлятаюць у вокны. Кожнага разу, калі я чую набліжаньне знараду, я з патэльняй і з крокетам апушчаю я на каленкі і прыгінаюся пад аконнай съценкай. Пасьля я адразу выпростваюся і смажу далей.

Саксонцы кінулі іграць: асколак лучыў у рояль. Мы таксама памалу заканчваем сваю работу і організоўваем адступленьне. Пасьля бліжэйшага выбуху два чалавекі, нясучы рондаль з гароднінай, прабягаюць пяцьдзесят мэтраў, якія адлучаюць нас ад нашага прытулку. Мы глядзім як яны зьнікаюць.

Зноў выбух. Усе нагінаюцца, а пасьля двое з нас выпраўляюцца з вялікім гладышом першакласнай бабовай кавы; яны дасягаюць затулку да наступнага выбуху.

Цяпер Кат і Кроп хапаюць наш шэдэўр — вялікую патэльню з румянымі парасятамі. Скавытаньне, укленчаньне — і яны ўжо імчацца праз пяцьдзесят мэтраў па адкрытым полі.

Я дасмажваю свае апошнія чатыры крокеты; пры гэтым мне двойчы даводзіцца прыгінацца да падлогі, але нарэшце, у нас будзе на чатыры крокеты больш, а гэта мая ўлюбёная страва.

Пасьля я бяру вялікую талерку з накладзенай на яе гарой крокетаў і прытуляюся да дзьвярэй. Скавытаньне, грукат, і вось я скачу наперад, трымаючы талерку ў абедзьвюх руках і тулячы яе да грудзей. Я амаль ля мэты, калі чую набліжэньне гуду. Я імчуся як алень, хаваючыся за бетонавай сьцяной. Асколкі шчоўкаюць па сьценках, я падаю па лесьніце ў сутарэньне, разьбіваю сабе локці, але я ня губляю ніводнага крокета, і не перакуліў талеркі.

А другой гадзіне мы пачынаем палуднаваць. Гэта цягнецца да шостай. Да паловы сёмай мы п’ем каву — офіцэрскую каву з продуктовага складу — і разам з тым курым офіцэрскія папяросы і цыгары — усё з таго-ж продуктовага складу. Роўна а палове сëмай мы пачынаем вячэру. А дзесятай гадзіне мы кідаем косткі ад парасят за дзьверы. Потым у нас ёсьць коньяк і ром, зноў-жа з блаславёнага продуктовага складу, і зноў-жа доўгія, грубыя цыгары з залочанымі ярлычкамі. Т’ядэн кажа, што не хапае толькі аднаго: дзяўчатак і офіцэрскага публічнага дому.

Позна ўвечары мы чуем мяўканьне. Ля ўваходу сядзіць маленькая шэрая котка. Мы заманьваем яе і кормім.

З гэтага ў нас зноў зьяўляецца апетыт. Не перастаючы жаваць мы кладземся.

Але ўначы нам робіцца дрэнна. Мы зьелі задужа шмат тлушчу. Сьвежыя малочныя парасяткі дрэнна падзейнічалі на жывот. Пачынаецца бесьперастанная беганіна. Па два, па тры зараз сядзім мы са спушчанымі штанамі на дзядзінцу і сыплем праклёны. Мне самому давялося бегаць дзевяць разоў.

Каля трэцяй гадзіны ночы мы б’ем ракорд: усе адзінаццаць чалавек, варта і госьці, сядзяць адначасова на панадворку.

Хаты, што гараць, бы паходнямі асьвятляюць ноч. Гранаты падаюць і рвуцца. Абозы з амуніцыяй імчацца па вуліцах. І адзін бок продуктовага складу ўзарваны. Ня гледзячы на асколкі ад знарадаў. абозныя, як рой пчол, кідаюцца туды і цягнуць хлеб. Мы спакойна пазіраем на гэта. Калі-б мы пачалі сьпірацца, дык нас-бы ў лепшым выпадку пабілі. Таму мы робім інакш. Мы тлумачым ім, што мы — варта, бо з прычыны таго, што мы ведаем дзе што ляжыць, мы прыносім ім консэрвы і абменьваем іх на тыя рэчы, якіх нам не хапае. Ці ня ўсёроўна? Праз самы кароткі прамежак часу ўсё і так будзе разбурана знарадамі. Для сабе мы дастаем з складу шаколяды і ядзім яе цэлымі пліткамі. Кат гаворыць, што гэта карысна пры вольнасьці.

Амаль чатырнаццаць дзён мінае гэтак: у ежы, піцьці і гандзюраньні. Ніхто нам не перашкаджае. Вёска паступова зьнікае пад гранатамі, а мы жывем сабе ціха, спакойна. Паколькі яшчэ засталася частка прадуктовага складу, — нам абыякава, і проста жадалася-б прабыць тут да сканчэньня вайны.

Т’ядэн да таго далікатнее, што выкурвае цыгары толькі да паловы. Ён фанабэрыста тлумачыць, што інакш ён не прызвычаены.

Кат таксама павесялеў. Першае, што ён кажа ўраньні:

— Эміль, прынясеце ікры і кавы!

Мы наогул пачалі дужа пышыцца. Кожны лічыць другога за свайго лёкая, гукае яго і загадвае:

— Кроп, у мяне чухаецца пад плюснай, спаймайце вош! — Пры гэтым Леер працягвае яму сваю нагу нібы балерына, і Альбэрт цягне яго за нагу ўгору па прыступках.

— Т’ядэн!

— Чаго?

— Можаце стаяць вольна, Т’ядэн! Паміж іншым, трэба казаць не «чаго», а «чаго жадаеце». Так: Т’ядэн!

Т’ядэн адказвае сваёй улюбёнай сакавітай лаянкай.

Мінула ’шчэ восем дзён і мы атрымліваем загад зьвярнуцца. Цудоўнае жыцьцё скончылася. Нас забіраюць два вялікіх грузавых аўтомобілі. Яны высока напакаваны дошкамі. Але мы з Альбэртам ухітроўваемся прыладзіць наверсе сваю пасьцель з блакітным шоўкавым балдахінам, двума матрацамі і каранкавымі капамі. У кожнага ў галовах ляжыць мех з харчовымі прыпасамі. Мы раз-па-разу абмацваем іх, і пругкія каўбасы, банкі з лівэрнай каўбасой, консэрвы, папяросы, — усё гэта прымушае радасна трапятаць нашыя сэрцы. У кожнага з нас набрана па поўным мяху.

Акрамя таго Кроп і я раздабылі два чырвоных машастовых крэслы. Яны стаяць у ложку і мы сядзім на іх нібы ў тэатральнай лёжы. Над намі ў выглядзе балдахіну шоўк ад занавесу. У кожнага ў руцэ доўгая цыгара. Мы едзем і з сваёй вышкі азіраем аколіцы.

Паміж нас стаіць клетка для папугі, якога мы захапілі для нашай коткі. Мы бярэм яе з сабой і яна ляжыць там перад міскай, поўнай мяса і курняўкае.

Паволі коцяцца грузавікі па дарозе. Мы сьпяваем. Пазадзі нас фонтанамі ўздымаюцца выбухі ў зусім пакінутай цяпер вёсцы.

Праз некалькі дзён мы выступаем, каб ачысьціць адно мястэчка. Па дарозе нам сустракаюцца жыхары-уцекачы. Яны вязуць свае манаткі ў тачках і дзіцячых вазочках, нясуць іх на сьпіне. Іх постаці пахілыя, твары поўны заклапочанасьці, адчаю, сьпешлівасьці і пакоры. Дзеці павісьлі на руках матак, часта старэйшая дзяўчынка вядзе малышоў, што кандыбаюць наперад і ўвесь час азіраюцца назад. Некаторыя з дзяцей цягнуць свае мізэрныя лялькі. Праходзячы паўз нас, усе маўчаць.

Мы яшчэ ідзем у паходнай колёне. Французы ня будуць абстрэльваць вёску, адкуль яшчэ ня выйшлі сяляне. Але праз некалькі хвілін раздаецца выцьцё, зямля ўздрыгвае, чутны лямант: знарад трапіў у хвост процесіі. Мы разьбягаемся ўбакі і кідаемся на зямлю, але ў той-жа момант я адчуваю, што пазбаўляюся таго напружаньня, якое ў часе абстрэлу заўсёды прымушае мяне несьвядома рабіць так, як трэба; думка: «Ты загінуў!» мільгае разам з даўкім, жудасным страхам, і ў наступны момант нешта, бы прутам, выцяла мяне па левай назе, і я чую крык Альбэрта. Ён ляжыць побоч мяне.

— Уставай хутчэй, Альбэрт! — крычу я, — бо мы ляжым на адкрытым полі, нічым не заслоненыя.

Ён падскоквае і бяжыць. Я трымаюся ля яго. Нам трэба пералезьці праз жывую агарожу. Яна вышэй за нас. Кроп хапаецца за галіны, я бяру яго за нагу, ён ускрыквае, я падштурхваю яго і ён перакульваецца праз загарадзь. Адным скокам я сьледам за ім і падаю ў сажалку, якая адразу-ж за загарадзьдзю.

Нашы твары аблеплены багавіньнем і глеем, але ў нас добры прытулак. Таму мы апушчаемся ў сажалку да горла. Калі набліжаецца завываючы знарад, мы хаваемся з галавой.

Пасьля таго, як мы робім гэта з тузін разоў, мне робіцца ніякавата. Альбэрт таксама стогне:

— Давай пойдзем, а то я захліпнуся.

— Дзе ты паранены? — пытаюся я.

— Здаецца ў калена.

— Можаш бегчы?

— Думаю, магу.

— Тады наперад!

Мы дабягаем да дарожнай канавы і, схіліўшыся, бяжым усьцяж яе. Агонь гоніць нас. Вуліца ідзе ў кірунку да артылярыйскага дэпо. Калі яно выбухне, дык ад нас не застанецца ні шматочка. Таму мы бярэм новы маршрут — наўскасяк поля.

Альбэрт збаўляе ходу.

— Бяжы, я цябе даганю, — гаворыць ён і кідаецца вобземлю.

Я хапаю яго за руку і ўстрасаю яго.

— Уставай, Альбэрт! Калі ты зараз ляжыш, дык ня здолееш крануцца. Хадзем, я цябе падтрымаю.

Нарэшце, мы дабягаем да невялікага бліндажа. Кроп апушчаецца на зямлю і я перавязваю яго. Рана трохі вышэй за каленка. Потым я аглядаю сябе. Адна штаніна акрываўленая, рука таксама ў крыві. Альбэрт перавязвае мяне сваім пакетам. Ён ужо ня можа крануць нагі і мы абодва зьдзіўляемся, як мы ногул змаглі прыбегчы сюды. Толькі страх мог прымусіць нас. Мы пабеглі б нават і тады, калі б у нас былі адарваныя ногі, на культышках.

Я яшчэ магу крыху паўзьці і агукваю павозку, што едзе паўз нас, якая нас і забірае. Яна поўна параненых. Тут санітарны яфрэйтар. Ён успырсквае нам у грудзі сыроваткі супроць аслупяненьня.

У палявым лазарэце мы дабіваемся, каб нас паклалі разам. Нам даюць рэдзенькай заціркі, мы яе пагардліва і прагавіта зьнішчаем, мы прызвычаіліся да лепшага, але мы згаладалі.

— Ну, цяпер нас адправяць на радзіму, Альбэрт, — кажу я.

— Трэба спадзявацца, — адказвае ён. — Каб толькі ведаць, што ў мяне?

Боль узмацняецца. Перавязкі паляць, як полымем. Мы п’ем ваду кубак за кубкам.

— Наколькі рана вышэй ад калена? — пытаецца Кроп.

— Прынамсі на дзесяць сантымэтраў, Альбэрт! — адказваю я. На праўду-ж яна вышэй толькі сантымэтры на тры.

— Я цьвёрда парашыў, — гаварыць ён праз некаторыя час, — калі ў мяне адрэжуць нагу, я скончу самагубствам. Я не хачу быць калекам.

Так ляжым мы з сваімі думкамі і чакаем.

Увечары нас нясуць у перавязачную. Я палохаюся і пачынаю абмяркоўваць, што мне рабіць. Вядома, што дактары ў палявых лазарэтах вельмі схільны да ампутацый. Пры вялікай сьпешнасьці гэта куды лягчэй, чым рабіць складанае зашываньне. Мне ўспадае на думку Кемэрых. Я ні ў якім разе ня дамся пад хлёраформ, нават калі мне прыдзецца патрушчыць пару чарапоў.

Тымчасам усё ідзе добра. Доктар керпаецца ў ране, ад гэтага ў мяне цёмна ў вачох.

— Не прыкідайцеся! — буркае ён і арудуе далей нажом. Інструманты мігцяць на сьвятле як злосныя зьвяругі. Боль нясьцерпны. Два санітары моцна трымаюць мяне за рукі, але мне шанцуе вызваліць адну з іх і я акурат наважваюся ўдарыць ёй па дактаровых акулярах, але ён заўважвае і адскоквае.

— Захлёраформуйце гэтага хлапца! — крычыць ён шалёна.

Я адразу заспакойваюся.

— Даруйце пан доктар, я буду ляжаць ціха, толькі не хлёраформуйце мяне!

— Ну, вось! — мармыча ён і зноў бярэцца за свае інструманты. Гэта балявы малады чалавек, ад сілы — трыццаці год, у рабаціньні і з нейкімі брыдкімі акулярамі. Я заўважваю, што ён цяпер зьдзекваецца нада мной: ён доўга керпаецца ў ране і раз-по-разу пазіраe на мяне праз акуляры. Я з усёй моцы сьціскаю ручкі насілак: я хутчэй здохну, чым хоць раз хаўкну.

Ён выкалупаў асколак і кідае яго мне. Як я бачу, ён давольны маімі паводзінамі, бо цяпер ён клапатліва глядзіць на мяне і гаворыць:

— Заўтра паедзеце дахаты.

Пасьля маю нагу заліваюць гіпсам. Калі я зноў ляжу разам з Кропам, — я кажу да яго, што заўтра, напэўна прыйдзе санітарны цягнік.

— Нам трэба пагутарыць з лазарэтным фэльдфэбэлем, каб нас паклалі разам, Альбэрт!

Мне ўдаецца пры дапамозе некалькіх ветлівых слоў даць фэльдфэбэлю дзьве цыгары з абручом пасяродку. Ён бярэ і пытаецца:

— У цябе можа ’шчэ ёсьць?

— Яшчэ добрыя прыгаршні, кажу я, — а ў майго таварыша, — я паказваю на Кропа, — таксама. Мы ахвотна перадамо вам іх заўтра праз акно санітарнага цягніка.

Ён, вядома згаджаецца, зацягваецца ’шчэ раз і кажа:

— Добра. Хай будзе так!

Уначы мы ні на хвіліну ня можам заснуць.

У нашай палаце сем чалавек. Адзін цэлую гадзіну сьпявае высокім, надтрэснутым тэнарам псальмы, пасьля пачынае хрыпець.

Другі праходзіць з ложка да акна. Ён ляжыць перад ім, нібы хоча ў апошні раз паглядзець на волю, і там памірае.

Нашы насілкі стаяць на вагзале. Мы чакаем цягніка. Ідзе дождж, а на вагзале няма даху. Коўдры ў нас тонкія. Мы чакаем ужо дзьве гадзіны.

Фэльдфэбэль, як родная маці, спацяшае нас. Ня гледзячы на тое, што мне вельмі дрэнна, я не забываюся на наш плян. Я паказваю на пушачкі з цыгарамі і даю яму адну, як аванс.

У падзяку за гэта ён накрывае нас палаткай.

— Слухай, Альбэрт, — успамінаю я, — наш бальдахін і котка?

— І клюбныя крэслы, — дадае ён.

Так, клюбныя крэслы, абітыя чырвоным мошастам. Па вечарох мы сядзелі на іх як прынцы і зьбіраліся здаваць іх па гадзінах на пракат. За гадзіну папяросу. Мы-б мелі бесклапотнае жыцьцё і разам з тым рабілі выгодныя зьдзелкі.

— Альбэрт, — успадае мне на розум, — а нашы мяхі з ежай?

Мы задумваемся. Гэтыя рэчы прыдаліся-б нам. Калі-б цягнік адыходзіў на дзень пазьней, дык Кат, напэўна, адшукаў-бы нас і прыцягнуў нашы манаткі.

Пракляты лёс! У нас у жываце зацірка з мукі, нікчэмная лазарэтная ежа, а ў нашых мяхох смажаная сьвініна. Але мы да таго паслаблі, што ня можам нават доўга хвалявацца.

Калі прыходзіць цягнік, нашы насілкі зусім мокрыя. Фэльдфэбэль сочыць, каб нас паклалі ў адзін вагон. Тут цэлая куча сясьцёр міласэрдзя.

Кропа кладуць унізе. Мяне паднімаюць, я мушу заняць койку над ім.

— Бронь божа! — схамянуўся я раптам.

— Чаго? — пытаецца сястра.

Я ’шчэ раз кідаю вокам на койку. Яна ўкрыта бялюткім палатном, невабражальна чыстым палатном, на якім бачны яшчэ зморшчы, зробленыя жалязкам. У процілегласьць да гэтага мая кашуля ня мылася ўжо шэсьць тыдняў і вельмі брудная.

— Можа вам самому няёмка легчы? — клапатліва пытаецца сястра.

— Гэта я змагу, — кажу я, аж успацеўшы, — але спачатку здымеце пасьцельную бялізну.

— Чаму-ж?

Я здаюся сабе брудным як сьвіньня. Як-жа мне легчы сюды?

— Але-ж яно зробіцца… — не адважваюся я сказаць.

— Крыху брудным? — пытаецца сястра, падбадзёрваючы мяне. — Гэта нічога: мы пасьля ўсё памыем.

— Не, ня ў тым справа, — кажу я, хвалюючыся. — Я не падрыхтаваны да такога націску культуры.

— За тое, што вы там ляжалі ў акопах, няўжо мы не памыем пасьцельнай бялізны для вас? — Гаворыць яна далей.

Я гляджу на яе. Яна прывабна і малада, чыста вымыта, як усё тут. Нельга даць веры, што гэта прызначана не для аднаго офіцэрства, таму адчуваеш сябе ніякавата і нібы пад пагрозай.

Гэтая жанчына дапытваецца далей, таму я вымушаны пра ўсё сказаць.

— Гэта дзеля… — Я абсякаюся. Мусіць-жа яна зразумець у чым справа!

— Дык што-ж урэшце?

— Дык-жа вошы! — выпальваю я нарэшце.

Яна сьмяецца.

— Хай і яны пажывуць на сваю пацеху.

Ну, цяпер мне ўсёроўна. Я забіраюся на койку і ўкрываюся коўдрай. Чыясьці рука коўзае па маёй коўдры. Гэта фэльдфэбэль. Ён забірае з сабой цыгары.

Праз гадзіну я заўважваю, што мы паехалі.

Уначы я абуджаюся. Кроп таксама кратаецца. Цягнік памалу коціцца па рэйках. Як і раней усё незразумела: койка, цягнік, дахаты.

Я кажу шэптам:

— Альбэрт!

— Ага?

— Ты ня ведаеш, дзе прыбіральня?

Мне здаецца за тымі дзьвярыма направа.

— Я пайду пагляджу.

Цёмна. Я абмацваю край койкі і спрабоўваю паволі зьлезьці. Але мая нага не знаходзіць апорышча, я звальваюся далоў. Гіпсавая нага толькі перашкаджае, і я з трэскам падаю на падлогу.

— Пракляцьце! — кажу я.

— Ты выцяўся, — пытаецца Кроп.

— Ты, здаецца, чуў, — буркаю я. — Мой чэрап!

У канцы вагона адчыняюцца дзьверы. Уваходзіць сястра з сьвятлом і бачыць мяне.

— Ён скінуўся з койкі.

Яна мацае мой пульс і дакранаецца рукой да ілба.

— У вас няма палу.

— Няма, — згаджаюся я.

— Вам чаго прысьнілася? — пытаецца яна ў мяне.

— Так, быццам, — ухіляюся я.

Тады зноў пачынаюцца роспыты. Яна глядзіць на мяне сваімі сьветлымі вачыма, уся яна чыстая і цудоўная. Тым цяжэй мне ёй сказаць чаго мне, уласна кажучы, трэба.

Мяне зноў падымаюць на гару. Гэта можа сумна скончыцца. Калі яна пойдзе, я зараз-жа паспрабую зьлезьці. Была-б гэта старая жанчына, тады лягчэй было-б сказаць ёй, але яна зусім маладзенькая, ёй ад сілы дваццаць пяць год. Не, я не магу ёй гэтага сказаць!

Але тут Альбэрт пасабіў мне. Ён не саромеецца, ды, урэшце, справа не аб ім. Ён гукае сястру. Яна абарочваецца.

— Сястра, ён хацеў… — Але і Альбэрт ня ведае як яму падалікатней сказаць. Там, на фронце, усё гэта называюць сваімі назвамі, але тут, у прысутнасьці такой дамы… Але раптам ён успомніў школьны час і хутка сканчвае: — Яму трэба выйсьці, сястра!

— Ах, вось яно што! — гаворыць сястра. — Дык для гэтага яму ня трэба было з гіпсавай павязкай вылазіць з койкі. Вам чаго трэба? — зварачваецца яна да мяне.

Я сьмяртэльна напалоханы гэтым новым зваротам, бо я ня маю ніякага ўяўленьня як гэтыя рэчы называюцца на медычнай мове. Сястра пасабляе мне:

— Маленькае ці вялікае?

Якая ганьба! Я ўкрываюся потам, як малпа, і кажу зьбянтэжана:

— Так… толькі маленькае.

Мне даюць бутэльку. І то добра! Праз некалькі гадзін я ўжо не адзін, а наступнага дня мы да гэтага ўжо прызвычайваемся і бяз сораму патрабуем тое, што нам трэба.

Цягнік пасоўваецца марудна. Часам ён спыняецца і выгружае мерцьвякоў. Ён спыняецца часта.

У Альбэрта пал. Я адчуваю сябе так сабе. Болі ёсьць, але куды горш тое, што пад гіпсаванай павязкай, напэўна, поўзаюць вошы. Сьверб нясьцерпны, а пачухацца я не магу.

Дні мігаюць у дрымоце. Паўз вокны паволі плыве ляндшафт. Трэцяй начы мы прыбываем у Гэрбэшталь. Я даведваюся ад сястры, што Альбэрта будуць выгружаць на наступнай станцыі, з прычыны таго, што ў яго пал.

— Як далёка ідзе гэты цягнік? — пытаюся я.

— Альбэрт, мы застаемся разам, — кажу я. — Вось пабачыш!

Пры наступным абыходзе сястры я знарок доўга затрымліваю дыханьне. Галава мая робіцца барвянай. Сястра спыняецца.

— У вас баліць што?

— Ага, — стогнучы кажу я, — раптам забалела!

Яна дае мне тэрмомэтр і ідзе далей. Я ня быў-бы вучнем Ката, калі-б ня ведаў як тут зрабіць. Салдацкія тэрмомэтры не разьлічаны на дасьведчаных франтавікоў. Трэба толькі падагнаць жывое срэбра ўгору, тады яно застанецца на тым-жа ўзроўні ў цененькай трубцы і ўжо ня спусьціцца.

Я засоўваю тэрмомэтр пад паху наўскасяк уніз і ўвесь час стукаю па ім пальцам. Такім чынам я падганяю жывое срэбра ўгору.

Выходзіць 37,9 градуса. Але гэтага мала. Асьцярожнае набліжэньне запалкі дае 38,7 градуса.

Калі сястра прыходзіць, я надзьмуваюся, дыхаю няглыбока і парыўна, гляджу на яе нярухомымі вачыма, непакойна варочаюся і шапачу:

— Я не магу гэтага больш сьцярпець!

Яна аднатоўвае мяне на нейкай пісульцы. Я добра ведаю, што бяз пільнай патрэбы ня ўскрыюць маёй гіпсавай павязкі.

Мяне выгружаюць разам з Альбэртам.

Мы ляжым у шпіталі абодвы ў аднэй палаце. Лазарэт перапоўнены раненымі з нашага цягніку. Шмат цяжка параненых. Сёньня мы яшчэ не прайшлі агляду, таму што не хапае дактароў. Па корыдоры няспынна соўгаюцца вазкі на гумовых калёсіках, і на кожным з іх хто-небудзь ляжыць. Пагана ляжаць вось гэтак, выпрастаўшыся на ўвесь рост! Добра ’шчэ, калі ўдасца заснуць!

Ноч праходзіць трывожна. Ніхто ня можа заснуць. Пад раньне мы пакрысе апушчаемся ў дрымоту. Я прасынаюся, калі ўжо зусім відна. Дзьверы адчынены і з корыдору да мяне даходзяць галасы. Іншыя таксама прачнуліся. Адзін, які быў тут ужо некалькі дзён, тлумачыць нам у чым справа:

— Тут, у корыдоры, сёстры ураньні зьбіраюцца на малітву. А каб і вы атрымалі сваю долю, яны адчыняюць дзьверы.

У іх, вядома, самыя лепшыя замеры, але нас мучаць нашыя раны і галоўны боль.

— Як неразумна! — кажу я. — Толькі ўдалося заснуць…

Альбэрт стогне.

Я прыходжу ў шал і крычу:

— Цішэй, вы, там!

Праз хвіліну ўваходзіць сястра, апранутая ў чорнае з белым. Яна падобна да прыгожай грэлкі кавы.

— Зачынеце-ж дзьверы, сястра! — гаворыць нехта.

— Там моляцца, таму і дзьверы адчынены, — пярэчыць яна.

— Але нам яшчэ хочацца спаць!

— Лепш маліцца, чым спаць. — Яна стаіць і наіўна пахмыляецца. — Да таго-ж, зараз ужо сёмая гадзіна.

Альбэрт зноў стогне.

— Зачыніць дзьверы! — крычу я.

Яна зусім зьбянтэжылася; відаць, гэтага яна ня можа сьцяміць.

— Дык моляцца-ж таксама і за вас…

— Усё адно. Зачыніць дзьверы!

Яна зьнікае і пакідае дзьверы адчыненымі. Зноў чутны літаньні. Я зусім шалею і кажу:

— Я лічу да трох. Калі да тэй пары ня спыніцца, я швырну чым пападзе!

— Я таксама, — абвяшчае яшчэ нехта.

Я хапаю бутэльку, добра цэлю і кідаю яе праз дзьверы ў корыдор. Яна покае на тысячу асколкаў. Літаньне прыпыняецца.

Зьяўляецца цэлы натоўп сясьцёр, якія пачынаюць лаяцца.

Яны выходзяць. Тая маленькая, што прыходзіла раней, зьнікае апошняй.

— Паганцы! — шчабеча яна, але ўсё-ж зачыняе дзьверы.

Мы перамаглі.

А поўдні прыходзіць начальнік шпіталю і пачынае крычаць на нас. Ён страшыць нас цытадэляй і шмат іншым. Праўда, начальнік шпіталю гэта тое самое, што і начальнік продуктовага складу, хоць і носіць доўгую шаблю і пагоны, але зьяўляецца, уласна кажучы, толькі чыноўнікам, і нават новабранец ня прымае яго ўсур’ёз за вайскоўца. Таму мы даём яму казаць колькі ён хоча. Што, уласна кажучы, можа здарыцца?

— Хто кінуў бутэльку? — пытаецца ён.

Раней, чымся я пасьпяваю вырашыць — ці адгукнуцца «я», нехта гаворыць:

— Я.

На койцы прыўзьнімаецца чалавек з ускудлачанай барадой. Усе зьдзіўлены з таго, што ён бярэ віну на сябе.

— Вы?

— Ага! Я быў узрушаны тым, што нас дарэмна абудзілі і ня думаў над тым, што я раблю.

Ён гаворыць, як па-напісанаму.

— Як вас зваць?

— Ландвэрац Юзэф Гамахер.

Начальнік адыходзіць.

Усе ледзь стрымліваюць цікавасьць.

— Чаму ты сказаў на сябе? Гэта-ж ня ты зрабіў!

Ён усьміхаецца.

— Гэта-ж ня важна. У мяне ёсьць «паляўнічае пасьведчаньне».

Гэта, зразумела, вядома кожнаму. Хто мае такое «паляўнічае пасьведчаньне», той можа рабіць усё, чаго ён захоча.

— Так, — расказвае ён, — у мяне былі параненьні ў галаву, і пасьля мне выдалі пасьведчаньне, што часамі я трачу прытомнасьць. Гэта вельмі выгодна. Мяне нельга раздражаць. Дык мне з гэтага нічога ня будзе. Давядзецца яму як сьлед пазлаваць! А сказаў я на сябе таму, што кіданьне бутэлек мяне дужа пацешыла. Калі яны заўтра зноў адчыняць дзьверы, дык мы пачнем зноў.

Мы вельмі рады: пакуль з намі Юзэф Гамахер, мы можам рызыкаваць.

Потым за намі прысылаюць бязгучныя плоскія вазкі. Павязкі прысталі да ран. Мы выем як быкі.

У нашай палаце ляжыць восем чалавек. Самае цяжкае параньне ў цёмнавалосага кучаравага Пэтэра. У яго прастрэлена лёгкае. У Франца Вэхтэра, які ляжыць побач мяне, прастрэлена рука. Спачатку рана не здавалася сур’ёзнай. Але на трэцюю ноч ён крычыць нам, каб мы пазванілі. Яму здаецца, што павязка ў яго прамокла ад крыві.

Я моцна званю. Начная сястра ня прыходзіць. Мы прымусілі яе за шмат папрацаваць увечары: нам усім былі накладзены сьвежыя павязкі, пасьля гэтага мы адчувалі страшэнны боль. Адзін патрабаваў, каб яго нагу паклалі вось так, другі — гэтак, трэці прасіў вады, чацьвертаму трэба было падладзіць падушку; тоўстая старуха сястра пачала, нарэшце, бурчэць і ляснула дзьвярыма. Цяпер яна напэўна думае, што нам зноў трэба нешта накшталт таго, і дзеля таго ня ідзе.

Мы чакаем.

Пасьля Франц гаворыць:

— Пазвані вось ’шчэ раз!

Я званю. Яе ўсё яшчэ няма. У нашым аддзяленьні толькі адна дзяжурная сястра, можа яна якраз занята ў іншых палатах.

— Ты ўпэўнены Франц, што ў цябе крывацячэньне? — пытаюся я. — Інакш мы нагукаем на сябе бяды.

— Мокра! Ці ня можа хто запаліць сьвятло?

Але і гэта таксама не ўдаецца. Выключальнік знаходзіцца ля дзьвярэй і ніхто ня можа ўстаць. Я націскаю вялікім пальцам кнопку званка да той пары, пакуль палец не зьнямеў. Можа сястра заснула. У іх да таго шмат работы, і ўсе яны дужа змардаваныя. Ды ’шчэ гэтыя штодзенныя малітвы.

— Ці не пачаць кідаць бутэлькамі? — пытаецца Юзаф Гамахер, які мае «паляўнічае пасьведчаньне».

— Гэтага яна ўжо напэўна не пачуе!

Нарэшце адчыняюцца дзьверы. Уваходзіць сястра, заспаная, і агледзеўшы павязку Франца, яна пачынае сьпяшацца і крычаць:

— Чаму-ж ніхто не паведаміў пра гэта?

— Мы званілі! А хадзіць ніхто з нас ня можа.

Ён страціў шмат крыві і яму робяць перавязку. Раніцою мы бачым яго твар, ён загастрыўся і зжаўцеў, а ўвечары ён меў зусім здаровы выгляд. Цяпер сёстры прыходзяць да нас часьцей.

Іншы раз дзяжураць дапаможныя сёстры Чырвонага Крыжу. Яны дабратлівыя, але недастаткова спрытныя. Перасьцілаючы пасьцель яны часта прычыняюць боль і тады так палохаюцца, што робяць яшчэ бальней.

Манашкі больш надзейныя. Яны ведаюць, як трэба брацца за хворага. Нам хацелася-б, каб яны былі крыху весялейшымі. У некаторых з іх ёсьць, праўда, крыху гумару. Гэтыя проста чароўныя. Хто з нас ня зробіць любой паслугі сястры Лібэрціне, гэтай цудоўнай сястры, якая здольна адным сваім выглядам узьняць настрой усëй палаты, ледзь яна толькі зьявіцца ў дзьвярох? І такіх тут некалькі. Для іх мы гатовы былі-б ісьці ў агонь і ў ваду. Наогул скардзіцца нельга: сёстры ставяцца да нас тут, як да цывільных. Калі ўспамінаем гарнізонныя лазарэты, дык робіцца проста страшна.

Франц Вэхтэр ня можа ачуняць. Аднойчы яго ўвозяць і ён ужо больш не вяртаецца. Юзэф Гамахер тлумачыць:

— Яго мы ўжо больш ня бачым. Яны адвезьлі яго ў палату для сьмяротных.

— Якая палата сьмяротных? — пытаецца Кроп.

— Палата мерцьвякоў.

— Што гэта?

— Маленькая палата пры канцы корпусу. Туды перавозяць тых, хто знаходзіцца пры сьмерці. Там дзьве койкі. Яе ўсе так і называюць: «палата паміраючых».

— Але навошта яны гэта робяць?

— Каб потым было менш клопату. Акрамя таго, гэта выгадней, бо побач пад’ёмная машына ў трупярню. Магчыма, яны робяць яшчэ гэта дзеля іншых, каб ніхто не паміраў у агульнай палаце. Ды ім зручней даглядаць за ім, калі ён ляжыць адзін.

— Але ён сам?

Юзэф паціскае плячыма.

— Звычайна ён больш нічога не заўважвае.

— І кожны ведае пра гэта?

— Хто тут доўга быў, вядома ведае.

Па поўдні на койку Франца Вэхтэра кладуць новага параненага. Праз некалькі дзён яго таксама вывозяць. Юзэф робіць шматзначны гэст. Яшчэ шмат іншых прыносяць да нас і праз кароткі час зноў выносяць.

Часам ля коек стаяць родныя. Яны плачуць або памалу, саромячыся, размаўляюць. Адна старая жанчына ніяк ня хоча адыходзіць; але-ж нельга ёй тут быць праз усю ноч. На заўтра яна прыходзіць на-рана, але ўсё-ж дужа позна: калі яна падыходзіць да койкі, там ужо ляжыць другі. Ёй трэба ісьці ў трупярню. Яблыкі, якія яна прынесла, яна аддае нам.

Маленькаму Пэтэру ўсё горш і горш. Крывая яго тэмпэратуры выглядае вельмі брыдка, і нарэшце, да яго койкі пад’яжджае вазок.

— Куды, пытаецца ён.

— У перавязачную.

Яго паднімаюць. Але сястра схібіла: яна бярэ з круку яго форменую куртку і кладзе яе ў вазок, каб ня прыходзіць другі раз. Пэтэр адразу сьцяміў у чым справа і хоча выбрацца з вазка.

Яны трымаюць яго. Ён ціха крычыць: у яго-ж прастрэленае лёгкае.

— Я ня хочу ў палату сьмяротных!

— Мы-ж вязем вас на перавязку.

— Тады навошта вам мая куртка? — Ён ужо ня можа казаць. Асіплы і ўсхваляваны, ён шапоча:

— Хочу застацца тут!

Але яны не адказваюць і вывозяць яго. Ля дзьвярэй ён хоча выпрастацца. Яго чорная галава ўстрасаецца, вочы поўныя сьлёз.

— Я зьвярнуся! Я зьвярнуся! — крычыць ён.

Дзьверы зачыняюцца. Мы ўсе ўзрушаны, але маўчым. Нарэшце Юзэф гаворыць:

— Так шмат хто казаў, але калі туды патрапіш, — капут!

Мяне опэруюць і два дні ўзапар мяне ванітуе. Косьці ня хочуць зрасьціся, як гаворыць лазарэтны пісар. У другога косьці зрасьліся няправільна і іх давялося разломліваць зноў. Вось гэта гора, дык гора!

Сярод новых параненых два маладых салдаты з плоскімі плюснамі. Пры абыходзе старэйшы доктар выкрывае гэта і з бачным задаваленьнем спыняецца.

— Мы гэта паправім, — гаворыць ён, — мы толькі зробім маленькую опэрацыю і ў вас будуць здаровыя ногі. Аднатуйце сястра!

Калі ён пайшоў, усезнаючы Юзэф папярэджвае:

— Не давайце сябе опэраваць. Гэта толькі навуковае вярозаньне старога. Ён так і накідваецца на кожнага, у каго заўважвае гэтую загану. Ён зробіць вам опэрацыю плоскай ступні і ў вас, праўда, потым гэтай заганы ня будзе, затое вы будуеце крываногім і праз усю жытку будзеце хадзіць абапіраючыся на кійкі.

— Дык што-ж нам рабіць? — пытаецца адзін з параненых.

— Адмовіцца. Вы тут каб лячыць свае раны, а ня плоскія ступні. Хіба ў вас на фронце ня было плоскіх ступняў? Ну, вось бачыце. Зараз вы яшчэ можаце хадзіць, але потым, як вы пабудзеце ў старога пад нажом, вы зробіцеся калекамі. Яму патрэбны матэрыял для досьледаў, для яго вайна, як і для ўсіх дактароў, — найлепшы час. Зірнеце вось у ніжняе аддзяленьне: там поўзае тузін людзей, якіх ён опэраваў. Некаторыя тут з чатырнаццатага і пятнаццатага году, па некалькі ўжо год. Ніводзін з іх ня ходзіць лепш, чымся раней, а амаль усе — горш. У большасьці ногі ў гіпсе. Праз кожныя паўгоду ён зноў іх ловіць і ламае ім косьці. Кожны раз ён упэўнівае, што цяпер добры вынік. Сьцеражэцеся! Ён ня мае права рабіць гэта, калі вы адмовіцеся.

— Ах, сябра, — гаворыць стомлена адзін з іх, — лепш ужо ногі, чымся чэрап. Хіба ведаеш, што з табой здарыцца, калі зноў трапіш на позыцыі? Хай робяць што хочуць, абы мне зьвярнуцца дахаты! Лепш крывыя ногі, чым сьмерць.

Другі з іх, малады чалавек нашага ўзросту, не згаджаецца. Наступнай раніцою галоўны доктар загадвае прывезьці абодвух у ніжні паверх і ўгаворвае, і лае іх да тэй пары, пакуль яны абодва не згаджаюцца. Што-ж яны могуць зрабіць? Яны простыя радавыя, а ён — важная птушка. Іх прыносяць назад захлёраформаванымі.

З Альбэртам справы брыдкія. Яго забіраюць і робяць ампутацыю. Яму адразаюць нагу па сьцягно. З гэтага дня ён амаль зусім не размаўляе. Аднойчы ён гаворыць мне, што застрэліцца, калі пры ім будзе зноў яго рэвольвэр.

Прыбывае новы транспорт. У нашу палату паступае два сьляпых. Адзін з іх малады музыкант. Сёстры, калі яны яго кормяць, ніколі ня маюць ля сябе нажа: ён неяк выхапіў у адной з іх нож. Ня гледзячы на гэтыя перасьцярогі, адбываецца наступнае: увечары, калі яго кармілі, сястру паклікалі ад яго койкі; яна пакінула талерку з відэльцам на яго століку. Ён вобмацкам знайшоў відэлец, схапіў яго і з усяе сілы ўстраміў яго сабе ў грудзі, насупраць сэрца, потым схапіў бот і як мага давай біць ім па ручцы відэльца. Мы клічам па паратунак. Спатрэбілася трое людзей, каб адабраць ад яго відэлец. Тупыя канцы пасьпелі прасякнуць даволі глыбока. Ён праз усю ноч так лае нас, што ніхто ня можа заснуць.

Ураньні ў яго прыпадак гістэрыкі.

Зноў апаражняюцца койкі. Дні ідуць за днямі ў болі і страху, у стогнах і крыках. Нават наяўнасьць пакояў сьмяротных не дапамагае, іх не хапае; людзі паміраюць па начох і ў нашай палаце. Гэта адбываецца хутчэй, чымся сёстры пасьпяваюць заўважыць набліжэньне сьмерці.

Але аднойчы дзьверы адчыняюцца, уяжджае ціхі вазок. На ім бледны, схуднелы, урачыста ўсьсядае са зблытанымі, цёмнымі, кучаравымі валасамі Пэтэр. Сястра Лібэрціна, зьзяючы, падсоўвае Пэтэра да яго ранейшай койкі. Ён зьвярнуўся з палаты сьмяротнікаў. Мы даўно лічылі яго памёршым.

Ён азіраецца:

— Што вы на гэта скажаце?..

І нават Юзэф павінен згадзіцца, што гэткі выпадак ён бачыць упяршыню.

Паступова некаторым з нас дазваляюць уставаць. Я таксама атрымліваю мыліцы, каб сяк-так кандыбаць. Але я мала імі карыстаюся: я не магу зносіць Альбэртавага погляду, калі я перасоўваюся па пакоі. Ён глядзіць сьледам за мной такімі дзіўнымі вачыма… Таму я іншы раз праціскаюся ў корыдор; там я магу спакойна рухацца.

Паверхам ніжэй ляжаць параненыя ў жывот, у сьпіну, у галаву і ампутаваныя на абедзьве нагі. У аддзяленьні направа — параненыя ў сківіцы, атручаныя газамі, параненыя ў нос, вушы, горла. Налева — сьляпыя і параненыя ў лёгкія, у лагво, у суставы, у ныркі, у машонку, у жывот. Тут толькі даведваемся, куды можа быць паранены чалавек…

Двое паміраюць ад аслупяненьня. Скура іх робіцца зьмярцьвелай, усе канцавіны застываюць, жывуць толькі адны вочы. У шмат якіх параненых пашкоджаная частка цела вісіць у паветры, яе падтрымлівае адмысловая падпорка; пад рану кладзецца мяднічка, куды сьцякае гной. Праз кожныя дзьве або тры гадзіны пасудзіну апаражняююць. Іншыя ляжаць у выпроствальных павязках з падвешаным грузам. Я бачу кішачныя раны, якія заўсёды поўны калам.

Лазарэтны пісар паказвае нам рэнтгенаўскія здымкі патрушчаных галёначных костак, накаленьніц і лучкоў.

Здаецца неверагодным, што над такім пашматаным целам яшчэ ёсьць чалавечы твар, у якім адлюстроўваецца штодзеннае цячэньне жыцьця. Але-ж гэта толькі адзін лазарэт, толькі адзін лекавы пункт, а іх-жа сотні тысяч у Нямеччыне, сотні тысяч у Францыі, сотні тысяч у Расіі. Як бяз сэнсу ўсё тое, што калі-небудзь людзі пісалі, рабілі, думалі, калі магчыма вось усё гэтае. Усё было хлусьнёй і драбніцамі, калі культура тысячагодзьдзяў ня здолела адхіліць тое, што цягнула за сабой праліцьцё такога ліку струменьняў крыві, стварэньне соцень тысяч такіх карцэраў пакуты. Толькі лазарэт паказвае, што значыць вайна.

Я малады, мне дваццаць год, але аб жыцьці я ня ведаю нічога, акрамя роспачы, сьмерці, жудасьці і перапляценьня найбяссэнснай бесклапотнасьці з бяздоньнем пакуты. Я бачу, як народы нацкоўваюцца адзін на аднаго і моўчкі, ня ведаючы што робяць, тупа, паслухмяна і бязьвінна забіваюць. Я бачу, як вялізарнейшыя вучоныя розумы сусьвету вынаходзяць сродкі і словы, каб зрабіць усё гэта яшчэ больш утончаным і зацяглым. І разам са мной бачаць гэта ўсе людзі маіх гадоў — у нас і там, на тым баку фронту, і разам са мной перажывае гэта ўсё маё пакаленьне на ўсім сьвеце.

Што пачнуць рабіць нашы бацькі, калі мы паўстанем, пойдзем да іх і патрабуем іх да адказу? Чаго чакаць ім ад нас, калі надыдзе час, што скончыцца вайна? На працягу шматлікіх год нашым адзіным жаданьнем было забойства — гэта было нашай мэтай і нашай існасьцю. Нашае веданьне жыцьця абмяжоўвалася сьмерцю. Чаго яны могуць чакаць пасьля гэтага? І што-ж будзе з нас?

Самы старэйшы ў нашай палаце — Левандоўскі.

Яму сорак гадоў і ён ужо дзесяць месяцаў ляжыць у нашым шпіталі з цяжкім параненьнем у жывот. Толькі за апошнія тыдні ён настолькі ачуняў, што, скурчыўшыся, крыху кандыбае.

Вось ужо некалькі дзён, як ён вельмі хвалюецца. Яго жонка напісала яму з маленькага мястэчка ў Польшчы, дзе яна жыве, што яна назапасіла досыць грошай, каб прыехаць да яго.

Яна ўжо ў дарозе і з дня на дзень павінна прыехаць. Левандоўскі страціў апэтыт да ежы, нават чырвоную капусту са смажанай каўбасой ён, ледзь крануўшыся яе, аддае іншым. Ён увесь час бегае з лістом па палаце, кожны з нас ужо прачытаў яго па некалькі разоў, бог ведае колькі разоў праглядаліся паштовыя штампэлі, ужо ледзь-ледзь можна прачытаць напісанае, — столькі там тлустых плям і сьлядоў ад пальцаў, і адбываецца тое, што нязьбежна павінна было адбыцца: у Левандоўскага ліхаманка і ён зноў прымушаны легчы ў пасьцель.

Ён два гады ня бачыў сваёй жонкі. У яе за гэты час нарадзілася дзіцё, і яна вязе яго з сабой. Але Левандоўскага цікавіць нешта іншае. Ён спадзяваўся, калі прыедзе жонка, атрымаць дазвол выйсьці на шпацыр. Бо зусім ясна: пабачыцца — гэта дужа добра, але калі сустракаешся з жонкай пасьля такога доўгага расстаньня, — хочацца іншага. Усё гэта Левандоўскі на працягу доўгіх гадзін абмяркоўваў разам з намі — на вайсковай службе з гэтых рэчаў сакрэту ня робяць. Ніхто ня бачыць у гэтым нічога дрэннага. Тыя з нас, якія ўжо атрымліваюць дазвол выходзіць, паказалі яму некалькі затулкаў у горадзе, у садох і парках, дзе ніхто не перашкодзіць, адзін нават паведаміў аб адным маленькім пакойчыку.

Але навошта ўсё гэта? Левандоўскі ляжыць у пасьцелі і яго асільваюць клопаты. Жыцьцё для яго страціць усю прывабнасьць, калі прапусьціць гэты выпадак. Мы ўцяшаем яго і абяцаем што як-небудзь уладзім гэтую справу.

Наступнага дня, па поўдні, зьяўляецца яго жонка, маленькая забітая жанчына, з перапалоханымі птушкавымі вачыма. На ёй нейкая чорная накідка з зморшчамі і фальбонамі; бог ведае, ад каго ёй засталося ў спадчыну гэта ўбраньне!

Яна ціха нешта мармыча і нясьмела спыняецца ў дзьвярох. Яе палохае, што нас тут шасьцёра мужчын.

— Ну, Мар’я! — гаворыць Левандоўскі, у хваляваньні глытаючы паветра і кратаючы кадыком. — Можаш спакойна зайсьці, яны цябе не абразяць.

Яна абыходзіць нас і кожнаму дае руку, пасьля яна паказвае дзіцёнка, які ўжо пасьпеў запэцкаць полкі. У яе вялікая вышываная пацеркамі сумка. Яна вымае з яе чыстую хустку і лоўка перакладвае дзіцё. Гэтым яна перамагае першае замяшаньне, і яны абодва пачынаюць гутарыць.

Левандоўскі хвалюецца і ўсё зноў і зноў з выразам страшэннай распачлівасьці глядзіць на нас сваімі круглымі пукатымі вачыма.

Час якраз памысны: доктарскі абход скончыўся, у горшым выпадку ў палату можа прыйсьці толькі сястра. Адзін з нас ідзе на корыдор паглядзець, што робіцца. Ён зьвяртаецца і ківае галавой:

— Ніводнага сабакі ня бачна! Ну, скажы ёй Ёган, ды сьпяшай!

Яны перамаўляюцца на сваёй мове. Жанчына чырванее і выглядае зьбянтэжана. Мы добрадушна пасьмейваемся і робім рукамі абыякавыя гэсты: тут, маўляў, няма чаго сароміцца. Да д’ябла ўсе забабоны: яны створаны для іншага часу. Вось ляжыць столяр Еган Левандоўскі, зьнявечаны салдат, і вось яго жонка. Хто ведае, калі ён з ёй пабачыцца зноў? Ен хоча ёй аўладаць і будзе ёю валодаць, вось і ўсё.

Два чалавекі становяцца за дзьвярыма, каб затрымаць сястру, калі яна выпадкова будзе праходзіць паўз палаты і забавіць яе размовамі. Яны пастаяць там каля чвэрткі гадзіны.

Левандоўскі можа ляжаць толькі на баку, таму нехта падкладвае яму пад сьпіну падушкі. Альбэрту перадаюць дзіцёнка, пасьля мы адварачваемся. Чорная мантыльля зьнікае пад коўдрай і мы пачынаем голасна, з усякімі прымоўкамі гуляць у скат.

Усё ідзе добра. У мяне на руках амаль толькі крыжы. Мы з-за гульні ледзь-ледзь не забыліся на Левандоўскага. Праз некаторы час пачынае тхінкаць дзіцёнак, хоць Альбэрт з адчаем раскачвае яго з боку ўбок. Пасьля лёгкае рыпеньне і шолах, і калі мы азіраемся, мы бачым, што дзіцёнак зноў ужо ў маткі і сасе свой ражок. Усё ўдалося як найлепей.

Цяпер мы адчуваем сябе аднэй вялікай сям’ёй. Жанчына павесялела, а Левандоўскі ляжыць успацелы і задаволены.

Ён распакоўвае вышытую сумку, выцягвае з яе пару добрых каўбас, бярэ нож і, трымаючы яго, як букет кветак, рэжа каўбасу на кавалкі. Шырокім гэстам ён паказвае на нас — і маленькая, недалужная жанчына ідзе ад аднаго да другога, ухмыляецца і надзяляе нас каўбасой. Цяпер яна выдаецца нават прыгожай. Мы называем яе матуляй, а яна рада і ўзьбівае нам падушкі.

Праз некалькі тыдняў я пачынаю кожную раніцу хадзіць у Цэндэраўскі інстытут. Там маю нагу зацягваюць у рамяні і прымушаюць рухаць яе ўзад і ўперад. Рана ўжо даўно загаілася.

З фронту прыбываюць новыя транспорты. Бінтоў ужо ня робяць з тканіны: яны з белага папяровага крэпу. Адчуваецца значны недахоп перавязачнага матэрыялу.

Альбэртава кукса загойваецца добра. Рана амаль закрылася. Праз некалькі тыдняў яго адправяць на протэзны пункт. Ён усё ’шчэ мала гаворыць і стаў куды больш сур’ёзным, чымся раней. Часта ён абрывае размову на палове слова і пільна ўглядаецца наперад. Калі-б ён ня быў разам з намі, ён даўно-б скончыў самагубствам. Але цяпер ён ужо перамог самае брыдкое. Ён часам нават гуляе ў скат.

Я атрымліваю водпуск на лячэньне.

Мая матка нізавошта ня хоча адпускаць мяне. Яна вельмі слабая. Усё куды горш, чымся было ў той раз.

Пасьля мяне зноў накіроўваюць у полк, і я зноў накіроўваюся на фронт. Мне вельмі цяжка разлучыцца з маім сябрам Альбэртам Кропам. Але на вайсковай службе з бегам часу прызвычайваешся да ўсяго.


XI

Мы ўжо больш ня лічым тыдняў. Была зіма, калі я прыбыў на фронт, і пры выбухах гранат камякі мёрзлай зямлі зрабіліся гэткімі-ж небясьпечнымі, як і асколкі. Цяпер дрэвы зноў зазелянелі. Наша жыцьцё працякае між акопаў і баракаў. Мы ўжо з большага прызвычаіліся да гэтага. Вайна — гэта такая-ж прычына сьмерці, як рак або сухоты, як грып або крываўка. Толькі сьмяртэльных выпадкаў куды больш, формы іх больш рознастайныя і жорсткія.

Нашы думкі падобны да гліны: яны месяцца днямі па чарзе — яны лагодныя, калі мы раскашуем спакоем, яны зьмярцьвелыя, калі мы ляжым пад агнём. Разварочаныя палі наўкола ў нас у сярэдзіне.

Усе гэткія, ня толькі адны мы. Усё, што мінула, ня ў лік, ды мы і забыліся на мінулае. Адрозьненьні, створаныя адукацыяй і выхаваньнем, зьнікаюць. Толькі з вялікімі цяжкасьцямі можна іх распазнаць. Праўда, яны часам даюць выгоды, пасабляючы скарыстаць тое ці іншае становішча, але ў іх ёсьць і свае адмоўныя бакі, бо яны ствараюць сумненьні, якія трэба перамагаць. Мы падобны да монет з розных краін; іх пералілі і далі ім цяпер аднолькавую чаканку. Каб вызначыць розьніцу, давялося-б матэрыял дакладна дасьледваць. Мы раней за ўсё салдаты, і толькі на самым апошнім пляне нейкім дзіўным і саромлівым чынам выступае наша чалавечая асоба.

Усе мы складаем адно вялікае брацтва, у якім нейкія водгаласы сяброўства, якое апавядаецца ў народных сьпевах, пачуцьці солідарнасьці злачынцаў, асуджаных на сьмерць, і зьлітаванасьць іх адчаю, спалучыўшыся ў адно, прыводзяць на тую ступень жыцьця, якая ўзьнікае сярод небясьпекі, з напружнага чаканьня пагібелі, надзяляючы нас бяз усякага патосу, мімалётна выйгранымі ад сьмерці гадзінамі спакою. Героічна гэта ці банальна, хто адважыцца гэта вызначыць?

Т’ядэн, даведаўшыся аб варожай атацы, сьпяшаецца даесьці сваю гарохавую пахлёбку з салам, бо ён ня ведае, ці будзе ён жывы праз гадзіну. Мы доўга сьпіраемся ці правільна гэта. Кат гаворыць супроць: ён кажа, што трэба лічыцца з магчымасьцю быць параненым у жывот, і што на поўны страўнік гэта небясьпечней, чымся на пусты.

Гэткія пытаньні для нас — проблемы, мы глядзім на іх сур’ёзна ды яно і ня можа быць інакш. Жыцьцё тут, на мяжы сьмерці, надзвычайна простае, яно абмяжоўваецца самым неабходным, усё астатняе ляжыць у глыбокім сьне; гэта наша прымітыўнасьць — наш паратунак. Былі-б мы складнейшымі, мы-б даўно вар’яцелі, дэзэртыравалі, або былі забітымі. Гэта падобна на экспэдыцыю ў палярныя льды: драбнюткая праява жыцьця паважна служыць толькі змаганьню за існаваньне, і яна хоцькі-ня-хоцькі гэтым абмежавана.

Усё астатняе выгнана, бо яно толькі дарэмна зьнясіляла-б. Гэта адзіны спосаб выратавацца, і я часта сяджу перад самім сабою, як перад чужым, калі загадкавы адсьвет мінулага ў спакойныя гадзіны выдзірае з мяне, як матавае люстра, абрысы майго сучаснага быцьця і тады я зьдзіўлены тым, як нерастлумачальная актыўнасьць, якая завецца жыцьцём, прыстасавалася нават да гэтай формы. Усе іншыя праявы ахоплены зімовым спаньнем, жыцьцё заўсёды на варце сьмерці: яно парабіла нас на мысьлячых зьвярын, каб надзяліць нас зброяй інстынкту, яна надзяліла нас тупасьцю і нячуласьцю, каб мы не зваліліся перад страхам, які пры ясным і сьвядомым мысьленьні перамог-бы нас, яна абудзіла ў нас дух таварыскасьці, каб мы ня кінуліся ў прадоньне роспачы, яна абдарыла нас абыякасьцю дзікуноў, каб мы, ня гледзячы ні навошта, адчувалі кожную частачку дадатнага і назапашвалі яго ў сябе для змаганьня супроць цемрадзі і няўпэўненасьці, што асільваюць нас. Так мадзеем мы ў жорсткай замкнёнасьці на самай паверхні, і толькі зрэдку якое-небудзь здарэньне нараджае іскру сьвятла. І тады раптам прарываецца полымя цяжкай, прыгнечваючай тугі.

Гэта самыя небясьпечныя моманты, якія паказваюць — наша прыстасаваньне штучнае, што гэта ні ў якім разе не спакой, а толькі наймацнейшае імкненьне да яго. У нашых знадворных праявах жыцьця мы ледзь адрозьніваемся ад бушмэнаў, але ў той час, як тыя застаюцца заўсёды як яны ёсьць і фізычным напружаньнем могуць разьвінуць да максымуму свае духоўныя сілы, у нас адбываецца наадварот: нашы сярэдзінныя сілы напружаны не для руху наперад, а для рэгрэсу. Бушманы простыя і натуральныя, мы-ж энаходзімся ў заўсёдным штучным напружаньні.

І з жахам адчуваем уначы, калі прачнешся ад жахлівых постацяй зданьняў, якія нахлынулі зьнянацку, — адчуваем, што мізэрна тая грань, што аддзяляе нас ад цемрадзі, што мы маленькія агенчыкі, якія абаронены толькі кволымі сьценкамі ад навальніцы вар’яцтва і роспачы, у якім мы дрыжым і іншы раз амаль гінем.

У такія моманты тлум бойкі злучаецца наўкола нас шчытным колцам, мы апушчаемся ў сябе і, шырока расчыніўшы вочы, глядзім у змрок.

Толькі дыханьне таварышоў прыносіць нам заспакаеньне і так мы чакаем золаку.

Кожны дзень і гадзіна, кожная граната і кожны забіты падточваюць гэту тонкую апору, і годы хутка зношваюць яе. Я бачу, як памалу яна разбураецца наўкола мяне.

Вось хоць-бы недарэчная гісторыя з Дэтэрынгам.

Ён быў адным з тых, хто выказваў вялікую вытрымку. Але ён, на сваё няшчасьце, пабачыў у адным садку вішню. Акурат мы зьвярталіся з позыцый і гэтая вішня паблізу нашага новага разьмяшчэньня, у тыле на павароце дарогі, паўстала нечакана перад намі ў цьмяным сьвятле раньня. На ёй ня было лісьця, яна ўся была ў белых кветках.

Увечары Датэрынга нідзе ня было бачна. Нарэшце ён прышоў і ў яго руцэ былі дзьве галінкі вішнёвых кветак. Мы пачалі з яго кпіць, пыталіся ці не зьбіраецца ён у сваты. Ён нічога не адказаў і лёг на сваю койку. Уначы мы чулі як ён бразгаў: здавалася, што ён спакоўваецца. Пачуўшы нядобрае, я ўстаў і падышоў да яго

Ён зрабіў выгляд, што нічога асаблівага ня здарылася, але я сказаў да яго:

— Не рабі глупстваў, Дэтэрынг!

— Ды чаго вы! Я проста не магу заснуць.

— Навошта-ж ты хадзіў за вішнёвымі галінкамі?

— Яшчэ-ж не забаронена прыносіць вішнёвыя кветкі? — адказвае ён упарта, і крыху счакаўшы дадае: — Дома ў мяне вялікі фруктовы сад з вішнямі. Калі ў часе іх цьвіценьня паглядзець з гары, з адрыны — сад выглядае цэлай белай посьцілкай. Цяпер час цьвіценьня…

— Можа ты хутка атрымаеш водпуск. Магчыма таксама, што цябе, як земляроба, адпусьцяць на палявыя работы.

Ен ківае галавой, але я бачу, што яго думкі далёка ад гэтуль. Калі гэтыя сяляне ўсхваляваны, у іх бывае дзіўны выраз: напоўпалахлівы і напоўуражаны. Каб разагнаць яго думкі, я прашу ў яго кавалачак хлеба. Ён дае мне беза ўсякай скнэрлівасьці. Гэта падазрона, бо ён наогул дужа скнэрны. Таму я стараюся каб не заснуць. Нічога асаблівага не здараецца і раніцою ён такі-ж як і заўсёды. Напэўна ён заўважыў, што я сачу за ім.

На трэці дзень ён зьнікае. Я заўважваю гэта, але нічога не кажу, каб даць яму магчымасьць адысьціся далей. Шмат каму шчасьціла прабрацца ў Голяндыю.

Аднак у часе пераклічкі яго адсутнасьць выкрываецца. Праз тыдзень мы даведваемся, што ён спайманы палявой жандармерыяй, гэтымі агіднымі вайсковымі поліцэйскімі. Ён накіраваўся ўбок Нямеччыны, — гэта, вядома, было безнадзейнай авантурай, — дый і ўвесь плян быў кепска абмеркаваны. Кожнаму павінна быць зразумела, што ўцекі выклікаліся толькі тугой па радзіме і хвілёвым вар’яцтвам. Але што ведаюць ваенна-палявыя суды, якія знаходзяцца за сотню кілёмэтраў пазадзі перадавых позыцый? Мы больш ужо нічога ня чулі пра Дэтэрынга.

Але гэтае небясьпечнае, затоенае напружаньне вырываецца часам і інакш, як пара з перагрэтага катла. Тут трэба сказаць аб канцы, да якога дайшоў Бэргер.

Даўно ўжо нашы акопы набіты артылярыйскім агнём; перадавыя лініі зрабіліся руховымі, і мы, па сутнасьці, ня ведаем сапраўднай позыцыйнай вайны.

Пасьля атакі і контр-атакі лінія фронту засталася парванай і адбываецца жорсткае змаганьне ад варонкі да варонкі. Перадавая лінія прарвана і паўсюды стварыліся асобныя групы, гнёзды ў варонках, з якіх вядзецца бой.

Мы сядзімо ў адной з варонак, збоку знаходзяцца ангельцы; яны загінаюць флянг і абыходзяць з тылу. Мы акружаны. Здаецца зараз цяжка: над намі нясецца туман і дым, ніхто-б і не зразумеў, што мы здаемся, ды, можа быць, мы зусім і ня хочам здавацца, бо ў гэткія хвіліны сам ня ведаеш, што робіш. Мы чуем як набліжаюцца да нас выбухі ручных гранат. Наш кулямёт абсыпае пярэдні паўкруг. Вада ў кажуху выпарваецца. Мы сьпешліва перадаем адзін аднаму судзіну, кожны з нас мочыцца у яе — такім чынам мы здабываем неабходную вільгаць і можам страляць далей. Але пазадзі нас выбухі ўсё набліжаюцца. Праз некалькі хвілін мы загінем.

Раптам пачынае страляць другі кулямёт, зусім блізка ад нас. Ён у суседняй варонцы: яго прыцягнуў Бэргер, і ў той-жа момант пазадзі пачынаецца контр-атака. Мы прарываемся і аднаўляем сувязь з нашымі.

Калі мы крыху счакаўшы апынуліся пад больш-менш выгоднай заслонай, — адзін з салдат, які хадзіў за продуктамі, расказвае, што за дзьвесьці крокаў ляжыць параненым сабака-пасланец.

— Дзе? — пытаецца Бэргер.

Той тлумачыць яму месца. Бэргер ускоквае і бяжыць, каб прывесьці сабаку або, прынамсі, прыстрэліць яго. Паўгода назад ён не пачаў-бы турбавацца і быў-бы разумнейшым. Мы спрабуем затрымаць яго.

Але, калі ён усур’ёз выпраўляецца, нам застаецца толькі назваць яго вар’ятам і пусьціць яго. Бо гэтыя прыпадкі фронтавай гарачкі небясьпечны, калі чалавека не паваліць і ня трымаць яго моцна. А Бэргер ростам у адзін мэтр і восемдзесят сотых, — самы высачэзны асілак у роце.

Ён такі сапраўды звар’яцеў, бо яму трэба ісьці праз агнёвую заслону, але яго выцяла маланкай, што пагражае ўсім нам, і зрабіла яго няпрытомным. Іншыя ў такія моманты пачынаюць буяніць, зьбягаць: быў адзін такі, што рукамі, нагамі і іртом намагаўся зарыцца ў зямлю.

Шмат хто, вядома, сымулюе такі стан, але і сымуляцыя вар’яцтва зьяўляецца, уласна, паганай адзнакай. Бэргера, які пайшоў, каб прыстрэліць сабаку, выносяць з патрушчаным лагвом, а адзін з салдат, які пайшоў па яго, атрымлівае кулю ў лытку.

Мюлер забіты. Яму ў жывот трапіла асьвятляльная ракета. Ен пражыў ’шчэ з паўгадзіны ў поўнай прытомнасьці, церпячы страшэнны боль. Перад сьмерцю ён перадаў мне свой папернік і пакінуў мне ў спадчыну свае боты — тыя самыя, што ён калісьці атрымаў ад Кемэрыха. Я нашу іх, яны мне якраз да ног. Пасьля мяне іх атрымае Т’ядэн: я абяцаўся яму.

Нам, праўда, давялося пахаваць Мюлера, але яму нядоўга давялося ляжаць спакойна.

Мы пакідаем свае позыцыі. У ворага дужа шмат сьвежых ангельскіх і амэрыканскіх палкоў. У іх дужа шмат корндбіфу і белай пшанічнай мукі. За дужа шмат новых знарадаў. За дужа шмат самалётаў.

Мы-ж зьнясілелі і згаладалі. Наша ежа кепская, і ў яе кладуць да таго шмат сурогатаў, што мы ад яе хварэем. Уласьнікі фабрык у Нямеччыне пабагацелі, — мы-ж паміраем з крываўкі. Прыбіральні заўсёды поўны народу. Варта было-б паказаць людзям, — тым, што засталіся дома, гэтыя шэрыя, жоўтыя няшчасныя, пакорлівыя твары. гэтыя скручаныя постаці, у якіх колікі гоняць кроў з цела і якія з пакрыўленымі і дрыжачымі ад болю вуснамі яшчэ спрабоўваюць жартаваць!

— Няма сэнсу зноў нацягваць штаны!

Наша артылерыя сьцішылася, у яе вельмі мала знарадаў, а каналы гарматаў да таго пацёрты, што не даюць правільнага прыцэлу і часам б’юць па сваіх. У нас вельмі мала коняй. Нашы сьвежыя войскі складаюцца з малакроўных, якія маюць патрэбу ў лячэньні, хлапчукоў. Яны няздольны несьці ранец і ўмеюць толькі паміраць. Паміраць тысячамі. Яны нічога ня ведаюць пра вайну, яны толькі ідуць наперад і даюцца на растрэл. Адзін аэроплян, жартуючы, пастраляў дзьве такіх роты, якія толькі-толькі выгрузіліся з цягніка, раней чымся яны здагадаліся пашукаць заслоны.

— Нямеччына хутка зусім спустошыцца, — гаворыць Кат.

Мы ужо страцілі надзею, што калі-небудзь будзе канец. Мы наогул ні аб чым больш ня думаем. Можна атрымаць кулю ў галаву і быць забітым; можна быць параненым, тады найбліжэйшым этапам зьяўляецца лазарэт. Калі ў лазарэце ня зробяць ампутацыі, тады рана або позна патрапіш у рукі аднаго з штабных дактароў з вайсковай нагародай у пятліцы і пачуеш:

— Што, усяго толькі трохі пакарочаная нага? Калі вы ня з трусоў, — вам на фронце бегаць ня прыдзецца. Гэты чалавек з. в.[6] Ідзеце!

Кат расказвае анэкдот, які абышоў па ўсім фронце, ад Вогэзаў да самай Фляндрыі, — пра штабнога доктара, які на аглядзе чытае прозьвішчы па сьпісе і, калі выкліканы падыходзіць, кажа, ня гледзячы на яго: «З. в. — нам патрэбны салдаты на фронце». Падыходзіць салдат з драўлянай нагой. Доктар кажа: «З. в.».

— І тады, — Кат узьнімае голас, — салдат яму гаворыць: «Драўляная нага ў мяне ўжо ёсьць, але калі я цяпер адпраўлюся на фронт, і ў мяне адарве галаву, тады я дам сабе зрабіць драўляную і зраблюся штабным доктарам».

Мы ўсе глыбока задаволены гэтым адказам.

Ёсьць і добрыя дактары, і іх нават ня мала, але пасьля сотні аглядаў кожны салдат калі-небудзь абавязкова патрапіць да аднаго з шматлікіх герояў, якія імкнуцца ў сваім сьпісе як мага больш пастаўляць гэтых «з. в.», «з. з. в.»[7].

Ёсьць шмат гэткіх анэкдотаў і ў большасьці з іх гучыць яшчэ большая горкасьць. У іх няма нічога хлусьлівага, яны шчырыя і называюць рэчы іх іменем; вайсковая служба поўна падману, несправядлівасьці і подласьці.

Хіба не трагічна тое, што, ня гледзячы ні на што, полк за палком ідуць у бой, які з кожным днём робіцца ўсё больш безнадзейным, і што нават у лініі, якая адступае і радзее, вядзецца атака за атакай?

Танкі, з якіх спачатку кпілі, ператварыліся ў грозную зброю. Аблямаваныя броняй, разгарнуўшыся ў доўгі шэраг, яны коцяцца на нас і лепш за ўсё астатняе ўвасабляюць жах вайны.

Гармат, якія пасыпаюць нас гураганным агнём, мы ня бачым; шэрагі ворага, што наступаюць на нас, складаюцца з такіх самых людзей як і мы, але гэтыя танкі — машыны. Іх ланцужныя істужкі рухаюцца бясконца, як сама вайна, яны нясуць з сабой зьнішчэньне, і калі яны спакойна апушчаюцца ў варонку і зноў вылазяць з яе, як флётылія броняцягнікоў, равучых, здрыгваючых дым броняцягнікоў, або стада сталёвай жывёлы, якая бязупынна пасоўваецца, мы робімся маленькімі перад імі ў сваёй тонкай скуры, перад іх колёсальнай магутнасьцю нашы рукі робяцца саломінкамі, і нашы ручныя гранаты запалкамі.

Гранаты, задушлівыя газы і эскадрыльлі танкаў — разаніна, зьнішчэньне, сьмерць.

Крываўка, грып, тыфус, задуха, згараньне, сьмерць.

Акопы, лазарэт, брацкія магілы — іншага выйсьця няма.

У часе атакі гіне наш ротны камандзір Бэртынк. Ён быў адным з тых фронтавых офіцэраў, якія пры ўсякай небясьпецы бываюць паперадзі. Два гады ён быў з намі і ніводнага разу ня быў паранены, павінна-ж было нарэшце што-небудзь з ім здарыцца. Мы сядзімо ў яміне, акружаныя ворагам. Да чаду ад пораху дамешваецца і смурод нафты і газы. Мы выкрываем двух салдат з варожага боку з прыладай да кіданьня агню. Адзін нясе на сьпіне бак, у другога ў руках кішка, з якой хлышча агонь. Калі яны дойдуць так блізка, што здолеюць дастаць да нас, дык мы загінулі, бо адступаць зараз ніяк нельга.

Мы пачынаем страляць у іх. Але яны падбіраюцца ўсё бліжэй да нас і справа робіцца зусім паганай. Бэртынк у яміне разам з намі. Калі ён бачыць, што мы не трапляем, бо з-за вельмі моцнага агню мы задужа клапоцімся пра заслону, — ён бярэ вінтоўку, выпаўзае з яміны і меціцца, абапёршыся на локаць. Ён страляе і ў той-жа момант аб яго шчоўкае куля. Ён паранены. Але ён застецца ляжаць і ўсё меціцца. На міг ён аднімае руку ад вінтоўкі, потым меціцца зноў. Раздаецца стрэл. Бартынк апушчае вінтоўку, гаворыць: «Добра!» — і скатваецца назад. Задні з двох, што кідаюць агнём, паранены. Ён падае. Кішка вывальваецца з рук другога. Полымя рассыпаецца ва ўсе бакі і чалавек згарае.

Куля трапіла Бэртынку ў грудзі. Праз некалькі хвілін асколак знараду зрывае яму падбародак. У таго-ж асколка хапае моцы, каб разьдзёрці яшчэ і сьцягно Лееру. Леер стогне і апіраецца на рукі. Ён шпарка зыходзіць крывёй. Праз некалькі хвілін ён асядае як апарожненая кішка. Якая яму цяпер карысьць з таго, што ён у школе меў такія добрыя посьпехі ў матэматыцы?

Мінаюць месяцы. Гэта лета 1918 году — самае крывавае і самае цяжкае. Дні стаяць, як анёлы, у золаце і блакіце, і так гэта дзіўна над колам усёзьнішчэньня! Тут кожны ведае, што мы праграем вайну. Мы адступаем, мы не можам больш ісьці ў атаку: пасьля гэтага вялікага наступу ў нас больш няма ні людзей, ні ампутацыі.

Але вайна працягваецца — сьмерць працярэблівае сабе дарогу.

Лета 1918 году. Ніколі ’шчэ жыцьцё, пры ўсёй сваёй мізэрнасьці, не здавалася нам такім жаданым, як цяпер! Чырвоныя макі на лузе перад нашымі баракамі, гладкія жукі на сьцяблох травы, цёмныя вечары ў паўзмрочных, халодных пакоях, чорныя, поўныя таемнасьці дрэвы ў вячэрняй цемрадзі, зоркі ў цурчаньні вады, мары і доўгія сны — о, жыцьцё, жыцьцё, жыцьцё!

Лета 1918 году. Ніколі ’шчэ ня зносілася моўчкі гэтулькі, колькі ў момант выступленьня на фронт. Узьнікаюць дзікія, хвалюючыя чуткі аб міры. Яны непакояць сэрцы, і тым цяжэй гэта выступленьне, цяжэй, як ніколі дагэтуль.

Лета 1918 году. Ніколі ’шчэ жыцьцё ў акопах не здавалася больш горкім і жудасным, як у часе гураганнага агню, калі зьбялелыя твары зарываюцца ў гразь, і рукі сударгава сыціскаюцца ў адно маленьне:

— Не! Не! Толькі не цяпер! Толькі не цяпер, у гэтыя апошнія імгненьні!

Лета 1918 году. Вецер надзеі, які праносіцца па спаленых палёх, шалёная ліхаманка нецярплівасьці, расчараваньня, хваравіты страх перад сьмерцю, балючае пытаньне: чаму, чаму ня ідзе канец? І навошта гэтыя чуткі пра мір?

Тут да таго шмат аэроплянаў, і яны адчуваюць сабе так бясьпечна, што ганяюцца за асобнымі людзьмі, як за зайцамі. На адзін нямецкі самалёт прыпадае, прынамсі, пяць ангельскіх і амэрыканскіх. На аднаго згаладалага, змардаванага нямецкага салдата ў акопах прыпадае пяць дужых і сьвежых на варожым баку. На адну баханку нямецкага салдацкага хлеба прыпадае пяцьдзесят бляшанак з мяснымі консервамі ў ворага. Мы не пераможаны, бо як салдаты мы больш дасьведчаныя і лепшыя, — мы проста расьціснуты і адапхнуты назад сіламі, якія ў шмат раз большыя за нашы.

Мінае некалькі дажджыстых тыдняў — шэрае неба, шэрая вымаклая зямля, шэрая сьмерць. Калі мы выступаем на позыцыі, вільгаць пранікае ў нашы шынэлі і вопратку, — і так праз увесь час, пакуль мы наперадзі. Так мы і абсыхаем. У каго ’шчэ ёсьць боты, той абгортвае іх знадворку мяхамі з-пад пяску, каб гліністая вада не прасякала ў іх хутка. Вінтоўкі іржавеюць, амбундыраваньне псуецца, усё размокла, усё распусьцілася, цягучая, вільготная, алеістая маса зямлі, на якой разьліліся жоўтыя яміны, поўныя вады з сьпіралевымі чырвонымі плямінамі крыві, — і ў гэтых плямінах паволі тонуць забітыя, параненыя і тыя што засталіся жывымі.

Навальніца бушуе над намі; град асколкаў вырывае з шэра-жоўтага хаосу прарэзьлівыя дзіцячыя крыкі параненых, цяжка стогне расшматанае жыцьцё, апускаючыся ў адвечнае маўчаньне.

Нашы рукі — зямля, нашы целы — гліна, нашы вочы — дажджовыя лужыны. Мы ня ведаем ці жывем мы яшчэ.

Пасьля ў нашы яміны запаўзае шэрая і задушлівая сьпека, і ў адзін з апошніх летніх дзён, калі мы адпраўляемся за продуктамі, Кат падае. Мы з ім адны. Я перавязваю яму рану: у яго, мусіць, заструшчана галёнка. Гэта рана з пераломам косьці і Кат стогне. Ён поўны адчаю:

— Цяпер, іменна цяпер!

Я спацяшаю яго:

— Хто ведае, колькі працягнецца гэтая вайна? Цяпер ты, прынамсі, выратаваны!

Скрозь павязку хутка пачынае прасочвацца кроў. Ката нельга пакінуць аднаго і пайсьці па насілкі. Я нават ня ведаю, дзе ёсьць паблізу санітарны пункт.

Кат ня вельмі цяжкі, таму я ўскладаю яго сабе на плечы і іду ў кірунку да невядомага пункту.

Два разы мы адпачываем. У Ката ад пераноскі моцныя болі. Мы гаворым мала. Я расшпіліў каўнер сваёй курткі і цяжка дыхаю, абліваючыся потам, твар эчырванеў з напружаньня. Ня гледзячы на гэта, я сьпяшаюся ісьці далей, бо мясцовасьць небясьпечная.

— Пойдзем далей, Кат?

— Даводзіцца, Паўль!

— Ну, тады наперад!

Я паднімаю яго. Ён стаіць на здаровай назе і трымаецца за дрэва. Я асьцярожна бяру яго параненую нагу, ён падскоквае і я хапаю пад паху таксама і здаровую нагу.

Наша вандраваньне робіцца ўсё цяжэйшым. Зрэдку ля нас з зізгатаньнем праносіцца знарад. Я іду як мага хутчэй, бо кроў з Катавай нагі капае на зямлю. Мы ледзь можам бараніцца ад выбухаў: яны адбываюцца хутчэй, чымся мы пасьпяваем знайсьці заслону.

Для таго, каб перачакаць, мы кладземся ў невялікую варонку. Я даю Кату гарбаты з сваёй пляшкі. Мы выкурваем па папяросе.

— Так, Кат, — кажу я сумна, — цяпер нам усё-ж давядзецца разлучыцца.

Ён маўчыць і глядзіць на мяне.

— Памятаеш Кат, як мы рэквізавалі гуся? І як ты мяне вынес з самага агню, калі я быў яшчэ маленькім рэкрутам і атрымаў першае параненьне? Тады я яшчэ плакаў, Кат. З таго часу мінула амаль тры гады…

Ен ківае галавой.

Мяне апаноўвае жудасьць самотнасьці. Калі Ката эвакуююць, у мяне не застанецца больш сябраў.

— Кат, мы павінны абавязкова пабачыцца, калі дапраўды будзе мір раней, чымся ты зьвернешся.

— Няўжо ты думаеш, што з патрушчанай косткай я ’шчэ раз атрымаю «з. в.»? — пытаецца Кат з горкасьцю.

— Ты вылечышся! Сустаў-жа не крануты. Можа ўсё абыдзецца добра.

— Дай мне ’шчэ папяросу, — гаворыць ён.

— Кат, можа мы пазьней што-якое і прыдумаем?

Мне вельмі тужліва. Немагчыма, немагчыма, каб Кат, мой сябра Кат, з яго пахілымі плячыма і тонкімі, мяккімі вусамі, Кат, якога я ведаю зусім інакш як каго іншага, Кат, з якім я быў усе гэтыя гады, — немагчыма, каб я ніколі больш не пабачыўся з Катам!..

— Дай мне твой хатні адрас, Кат, на ўсякі выпадак. А вось мой: я запішу табе.

Пісульку я хаваю ў свой папернік. Якім самотным я адчуваю сябе, хоць ён яшчэ і сядзіць побач мяне? Ці не прастрэліць мне сабе нагу, каб застацца разам з ім?

Раптам Кат пачынае хрыпець і робіцца зялёным і жоўтым.

— Пойдзем далей! — мармыча ён.

— Я ўскокваю, палаючы жаданьнем яму пасабіць, я паднімаю яго і пушчаюся стрымгалоў. Гэта павольны, асьцярожны бег, каб яго нага ня вельмі маталася.

Мая глотка перасохла, у вачох чырвоныя і чорныя кругі, калі я, сьцяўшы зубы і хістаючыся, дабіраюся ўрэшце да перавязачнага пункту.

Там я падаю на каленкі, але ў мяне яшчэ досыць сілы, каб паваліцца на той бок, дзе здаровая нага Ката. Праз некалькі хвілін я павольна ўзьнімаюся. Рукі і ногі ў мяне дрыжаць, я ледзьве знаходжу сваю пляшку, каб глытнуць. Мае вусны пры гэтым трасуцца. Але я ўхмыляюся: Кат выратаваны.

Праз нейкі час я адрозьніваю бязладны тлум галасоў, які б’е мне ў вушы.

— Ня варта было гэтак старацца! — гаворыць адзін з санітараў.

Я гляджу на яго і нічога не разумею.

Ён паказвае на Ката.

— Ён-жа мертвы!

Я зноў не разумею яго.

— Ён паранены ў галёнку, — кажу я.

Санітар стаіць на сваім:

— Галёнка таксама.

Я абарачваюся. Вочы мае ўсё яшчэ мутныя.

Зноў выступае пот, ён цячэ мне на вочы. Я выціраю яго і гляджу на Ката. Ён ляжыць нярухома.

— Бяз прытомнасьці, — кажу я борзда.

Санітар ціха сьвісьціць:

— Мне гэта лепш ведаць! Ён мертвы. За гэта я чым хочаш закладуся.

Я матаю галавой:

— Немагчыма. Яшчэ дзесяць хвілін назад я з ім гутарыў. Ён у няпрытомнасьці.

Рукі ў Ката цёплыя. Я бяру яго за плечы, каб працерці яму твар гарбатай. Тут я чую, што мае пальцы сталі мокрыя. Калі я выцягваю іх з-пад ягонай галавы, — я бачу, што яны ў крыві.

Санітар пасьвіствае праз зубы:

— Вось бачыш!

Кат няпрыкметна для мяне па дарозе быў паранены яшчэ асколкам у галаву. У яго толькі маленькая дзірка: напэўна гэта быў зусім невялічкі, выпадкова заблукаўшы, асколак. Але і яго было досыць: Кат мертвы.

Я паволі ўстаю.

— Хочаш узяць яго асабістую кніжку і рэчы? — пытаецца ў мяне яфрэйтар.

Я ківаю галавой і ён дае іх мне.

Санітар зьдзіўлены:

— Вы-ж ня родныя?

— Не, мы ня родныя. Не, мы ня родныя.

Ці іду я? Ці ёсьць у мяне ’шчэ ногі? Я паднімаю вочы, я абводжу імі наўкола і паварачваюся разам з імі, я раблю круг, яшчэ адзін, пакуль ня спыняюся. Усё як і раней. Толькі памёр салдат з запасных — Станіслаў Катчынскі.

Потым я трачу прытомнасьць.


XII

Восень. Старых салдат засталося мала. Я апошні з сямі чалавек з нашае клясы.

Усе гавораць аб міры, аб перамір’і. Усе чакаюць. Калі нам давядзецца зноў расчаравацца, тады мы ня вытрываем: надзея дужа моцная, яе ўжо нельга прагнаць, ня выклікаўшы выбуху. Калі ня будзе міру, — будзе рэволюцыя.

Я атрымліваю на чатырнаццаць дзён адпачынак, бо я хваціў крыху задушлівага газу. Я сяджу праз увесь дзень на сонцы ў маленькім садку. Хутка будзе перамір’е: цяпер мы паедзем дахаты.

Тут мае думкі спыняюцца, і я ня маю сілы прымусіць іх рушыць далей. Тое, што цягне мяне туды і чакае мяне там, — гэта пачуцьці: прага да жыцьця, палючая туга па родным краі, кроў, упаеньне выратаваньнем. Але мэты няма ніякай.

Калі-б мы зьвярнуліся ў 1916 годзе, — з болю і сілы нашых перажываньняў нарадзілася-б навальніца. Калі мы зьвернемся цяпер, дык мы прыдзем змардаваныя, з упалым духам, вытхлыя, бяз глебы, і пазбаўленыя надзеі. Мы ня здолеем ужо прыстасавацца да жыцьця.

Ды нас і не зразумеюць, бо наперадзі нас — пакаленьне, якое, праўда, правяло гэтыя гады разам з намі, але якое мела гнёзды і здатнасьць, і цяпер яно зьвяртаецца да сваёй ранейшай профэсіі, дзе забудзешся на вайну, а пазадзі нас ідзе пакаленьне, падобнае да нас ранейшых, але яно будзе чужым нам і адсуне нас убок. Мы лішнія нават для саміх сябе, мы будзем расьці, некаторыя з нас прыстасуюцца, іншыя скорацца, але шмат хто застанецца бездапаможным; гады будуць мінаць, і нарэшце, мы загінем.

Але, магчыма, усё тое, пра што я думаю, навеяна тугой і зьбянтэжанасьцю, і ўсё гэта раскідаецца, як толькі зноў я буду стаяць пад таполямі і прыслухоўвацца да шолаху іх лісьця. Не, немагчыма, каб усё гэта адышло, — тое прыгожае, што хвалявала нашу кроў, нявыразнае, уражальнае, доўгачаканае, тысяча вобразоў будучага, мэлёдыя навеяная снамі і кнігамі, прадчуваньне жанчын, ня можа быць, каб гэта загінула ў гураганным агні, адчаі і ў салдацкіх публічных дамох.

Дрэвы тут пярэстыя і залатыя, ягады рабіны чырванеюць сярод лісьця, праездныя дарогі белай істужкай цягнуцца да самага горызонту, і палкавыя крамкі гудуць, нібы вульлі, слыхамі пра мір.

Я ўстаю.

Я вельмі спакойны. Хай пройдуць месяцы і гады, — яны больш нічога ня возьмуць ад мяне, яны ня могуць больш нічога ўзяць ад мяне. Я да таго самотны, і ў мяне да таго мала надзей, што я магу, магу бязбоязна глядзець наперад. Жыцьцё, якое працягнула мяне праз гэтыя гады, яшчэ ў маіх руках і ў маіх вачох. Ці перамог я яго, я ня ведаю. Але пакуль яно ва мне, яно будзе шукаць сваіх шляхоў, хоча гэтага ці ня хоча маë «я».

Ён загінуў у кастрычніку 1918 году, у дзень, калі на ўсім фронце было так ціха і спакойна, што ваенная зводка абмежавалася аднэй толькі фразай: «На заходнім фронце без перамен».

Ён упаў ніц і ляжаў на зямлі, нібы заснуўшы. Калі яго перавярнулі, дык убачылі, што ён памучыўся нядоўга: яго твар быў да таго спакойны, нібы ён быў давольны, што гэта здарылася.





  1. Так нямецкія салдаты называлі ангельцаў.
  2. То, то. Таварыш, добры прыяцель.
  3. Хвіліначку.
  4. Вайна — вялікае няшчасьце, бедныя хлопчыкі.
  5. Францускі дзеяслоў — ісьці.
  6. Здатны ваяваць.
  7. Зусім здатны ваяваць.