На Вялікдзень (Ластоўскі)
На Вялікдзень Абразок Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1915 Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 11, 19 марца 1915 г., б. 1 |
На Вялікдзень.
Сярод цёмнае ночы, а поўначы глухой, з грудзей сьвятынь, будаваных с каменя, ударуць званы і разнясуць радасную вестку хрысьціянам:
Хрыстос уваскрос!
Уваскрос ласкавы Бог!
Уваскросла забітая, за праўду, спрадвечная Праўда, ўваскрос Бог любові.
І гук званоў Вялікодных тысяча дзевяцьсот пятнаццаты раз павесьціць хрысьціянскаму сьвету Яго завет:
Любіця бліжніх!
Любіця бліжніх!
Палыне гул звановы па сёлах, па вёсках, праз узлескі, на шырокае поле, — палыне завет Яго:
Любіця бліжніх!
У цёмным бару, у нетрах пушч гул перакоціцца…
Прага аконцы бедных хацінак ўплыве голас звановы разам с першымі праменямі яснаго сонейка, каторае асьвеціць недастаткі, безпатолю, злыбеду…
Хрыстос ўваскрос!
Любіця бліжніх!
А спыніцца гул трыумфальны ў чырвоных ад крыві туманах, перад полем засланым пабітымі. Замрэ і моўкне. Не пасьмее там вялікі звон прагугнавіць далейшы завет Яго:
І ворагоў вашых!
Ю. В.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.