Наш палетак
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Наш палетак Верш Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка) 1906 Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/58953 |
Наш палетак паміж межаў,
З-за каторых цьвіце збожжа,
А наш скравак штось залежаў,
Наш загон зысьці ня можа.
Ці то глеба да нічога?
Ці то рукі ў нас слабыя,
Што ня маем зерня свога,
Што мы ходзім, як сьляпыя?
Глеба чорна, ў руках сіла,
Толькі нашых гаратаяў
Некась мара ўсё звадзіла
Гэн за межы да выраяў…
Наш сявец ня раз там кідаў
Залатое зерне з жмені,
Ён ня раз там плёны выдаў,
А у нас расьлі каменьні.
Наш палетак не араты,
Палынамі цьвіце ніва.
Ну-ка, братцы, кумы, сваты,
Да работы станьма жыва!
Хто араці добра зможа,
Хто разоры скора ладзіць,
Хто шчасьліва сее збожжа,
Хто гароды добра садзіць, —
Жыва, жыва за работу!
Без аглядкі, хто што можа,
Усе роўны без расчоту,
Усіх праца буцзе гожа!
(1906)