Перайсці да зместу

Наш голас

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наш голас
Артыкул
Аўтар: Макар Краўцоў
1919
Крыніца: Звон. 1919. 27 жніўня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бальшавікі скончылі свае крывавыя опэрацыі у Менску, як венікам вымецена цэлая армія усялякіх камісараў „Западной обласьці" адгэтуль, з самога сэрца Беларусі, дзе год таму, з лішкаю, прагрымело адважна, ня ўзіраючыся на нямецкую окупацыю, вешчае спово аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ідэалёгі “белорусской автономии", беларусы „так сабе”, беларусы „через ѣ", — гэтыя „тоже бѣлоруссы" не адважыліся тады прылучыць свой голас да „сепаратычных" дэклярацыяў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, шукаючы ўсялякіх довадаў, хапаючыся за іх, як топленік за саломінку, каб толькі як нібудзь не дапусьціць „отторжения от России”...

Могуць падумаць, што ідэялёгі расійскай недзялімасьці баранілі, як яны кажуць, „завоевания Великой Русской Революции", што яны баяліся, каб як-нібудзь беларускія незалежнікі ня зьнішчылі соцыяльных правоў і здабыткаў працоўнае нашае беднаты. Але ж не. Яны гэтаго не маглі казаць і не казалі, бо незалежнасьць Беларусі абвяшчалі сацыялісты мо' й ня горшыя за іх і, разумеецца, ніякіх соцыяльных прычынаў жаху іх шукаць ня трэба. Тым болей, што дэклярацыя аб незалежнасьці чорным па белым гаварыць аб самых шырокіх соцыяльна-палітычных правох працоўных масаў Беларусі.

Дэмонстрацыйны выхад „земцаў" і „думцаў" з Рады Рэспублікі і вайна з „сепаратызмам" — справа іх палітычнае орыентацыі.

Але годзі з імі сварыцца, годзі воража глядзець на тых, аб кім толькі і можна сказаць, як аб тым эвангэльскім чалавеку, што быў сьляпым ад нараджэння: „ні ён ня вінават і не бацькі яго".

Уся наша шчыра дэмократычная (а ў большасьці мо’ й соцыялістычна думаючая) народная інтэлігэнцыя, што паходзіць проста ад цела і крыві народу працоўнага, мела няшчасьце за сто з лішкаю гадоў маскоўскага ў нас панавання, значна змаскалець, немаль дашчэнту асымілявацца і захварэць на вялікаросаў.

Гэта хвароба коле ў галаве, як над, але гэтак сама, як і чад, яна хутка праходзіць і нам здаецца, што час ісцалення надыйшоў.

Ён надыдзе яшчэ і для тое значнае грамады шляхцюкоў, якія за часы панавання Польшчы мелі „гонар" і няшчасьце асымілявацца на іншы лад. А вышэйшыя станы павінны самы зразумець і вызначыць сябе, калі ім ня хочацца, каб іх давяла да гэтаго стыхійная народная бура.

Сярод нас не павінно быць мяжы недавернасьці, што быццам дзеліць нас на „бѣлоруссов“ і „бялорусаў". Гэта так толькі здаецца, гэта грэх мінуўшчыны, політычнага над намі ўціску і культурнаго нашаго заняпаду. Адною магутнаю грамадой, зьяднаўшыся ў адзін моцны, непераможны моноліт, павінны дружна мы стаяць на варце дзяржаўна-палітычнай незалежнасьці, вольнасьці і шчасьця Бацькаўшчыны. Бо хмары, якія адвечна засьцілалі ад нас небо і сонцаву яснату, робяцца, вось, бялейшымі. Яны радзеюць.

Беларусы! Намі трэба бараніць сваю долю і незалежнасьць самым.

Хто мае вушы каб пачуць—хай чуе!

Хто пачаў адчужацца – хай вертаецца да свайго роднага, дадому.