Нашы дні (1937)/Да тыдня «Беларускай культуры»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Іскры Ільіча“ Да тыдня „Беларускай культуры“
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
Да 15-е гадавіны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да тыдня беларускай культуры.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ТЫДНЯ „БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ“

Быў такі час ліхі
У забытай, галоднай краіне,
У краіне сахі,
Саламянай страхі,
Дзе век-векам жылі на мякіне.

Безыменны быў край,
І народ свайго імя не ведаў.
Ветру песні пеў гай,
Ды хадзіў смутны бай
Старасвецкі ад прадзедаў-дзедаў.

Лад тут ладзіў бізун,
Ды свістала па спіне нагайка;
На імшарах — багун,
На Палессі — каўтун.
Вось і слынь наша ўся, наша байка.

Бо хто-ж ведаў, скажы,
Аб забытым народзе і краю?
Цемра зману, ілжы
Тут стаўлялі крыжы,
Як слупы па дарозе да раю.

І былі песняры
І складальнікі розных гісторый,
На шурпатай кары
Клалі знак ведзьмары
На людскую нядолю і гора.

Часы шлі ды плылі,
Абдзіралі народ ліхадзеі.
Так вякамі жылі
На „тутэйшай“ зямлі
Без прасветліны і без надзеі.


∗     ∗

Прайшлі гады
Нуды, бяды,
Нястачы,
Плачу і жуды.
У бурны год
Паўстаў народ,
Пайшоў на звод
Пан-абармот.

Разгарнуўся
Голы, босы,
Край ачнуўся
Безгалосы,
У вясёлках,
У блісканні
Заірдзела
Увосень ранне
У агністых,
Палкіх словах
Прамяністасць
Далеч новых.

У бунтарскай завірусе
Быў ратунак
Беларусі.

Край вышаў з цёмных нетраў
У подыхах віхуры,
Ачысціла паветра
Кастрычніцкая бура.


∗     ∗

Змоўкнуў звон хаўтурны
На старых капліцах,
Забурлілі бурна
Новыя крыніцы,

Загулі заводы,
Трактары ў калгасах
Гімны пра паходы
Рабочага класа.

Зарунелі гоні
Сталінскім засевам,
І спявае сёння
Край наш іншым спевам.

А ў Маскве чырвонай
Падрахункі, чыткі:
Беларусь гамоніць
Праз свае здабыткі.

Ды гамоніць стала
З волі дыктатуры.
Пройдзена-ж нямала
Па шляху культуры.


∗     ∗

Былі пуціны розныя,
Блуканні без пуцін,
Пуціны ў часы грозныя
Схадзіліся бы ў клін,

Шырокія і вузкія —
Крывы быў іх разлог,
Краіна-ж беларуская —
Пярэсмыкі дарог.

З іх два найболей бітыя,
Вядомыя шляхі,
Другія ўсе размытыя,
Палын і лапухі.

Адна старая, цёмная,
Дарога абдзірал —
На захадзе, за Нёманам,
Лютуе капітал.

Другая — шыр бязмежная,
На ўсход у новы свет,
Бурлівая, мяцежная,
Як волатаўскі след.

Сагнана цьма халодная,
І шыр усім відна,
Жыві-ж, пуціна ўсходняя:
Ты наша, ты адна!

1931 г.