Наша Ніва (1906)/1912/10/Перапіска ў беларускай мове
З нашаго жыцьця. Перапіска ў беларускай мове Публіцыстыка Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1912 год Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 10, 8 (21) сакавіка 1912 г., б. 1 |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Перапіска ў беларускай мове |
З нашаго жыцьця.
Гэтымі днямі давялося мне быць ў аднэй тарговай фірме, каторая мае ясны національны не-беларускі характэр і вядзе сваю работу па ўсім блізка нашым краю, а з гэтай прычыны мае шырокую перапіску з рознымі людзьмі. Калі я туды прыйшоў, мне адразу кінулося ў вочы лежачае на стале пісьмо, пісанае да гэтай фірмы ў беларускай мове. Загаварыўшы аб гэтым пісьме, я даведаўся, што гэта ня первае ўжо такое пісьмо і што ўсё часьцей ў пісьмах бывае беларуская мова. Гэта мяне зацікавіло, і я пачаў распытывацца ў другіх фірмах і інстытуціях грамадзянскаго характэру, ці не атрымліваюць і яны пісем ў беларускай мове. Паказалося, што ўсюды, дзе я пытаўся, такіе прыпадкі часьцей ці радзей здараліся.
Чэсць і слава тым людзям, каторые так паступаюць. Яны зразумелі, што гэта—йшчэ адзін крок да дарогі, ідучы па каторай адалеем мы здабыць грамадзянскіе правы для сваей мовы ў сваей роднай зямлі. Датуль, пакуль мы, беларусы, не прагаворым самі ў сваей мове да тарговых фірм і інстытуцій, яны самі не парупяцца гаварыць да нас па нашаму. А калі зачнем звертацца да іх ў нашай мове, то яны, хочучы мець у нас пакупцоў на свой тавар, будуць гаварыць з намі па нашаму, надрукуюць каталогі у нашай мове і, заместа опалячываньня, або абрусеньня нас праз таргоўлю і крамы, будуць служыць нашай справе. Тые людзі, каторые дагэтуль зверталіся да тарговых фірм па беларуску. паказалі ім, што з намі трэба лічыцца; яны паказалі, што і мы—сіла. Калі беларусы пачнуць па беларуску звертацца да тарговых нотатуцій, да дактароў, да адвакатоў і да ўсіх іншых, хто ад іх зарабляючы жыве і багацее, тады хутка знойдуцца беларускіе таргобые фірмы, беларусы адвакаты, беларусы дактары.
Гістарычные варункі нашаго гаротнага народу злажыліся так, што, гонячыся за прывілеямі і магнацкай лакай, пакінула нас наша інтэлігенція. — ўся блізка шляхта сталася польскай, гарады так сама страцілі наш беларускі характэр, але русьняк беларус заняў зямлю, ён і ёсць той „народ“, у каторага руках сіла, з мазаля катораго корміцца і горад і двор і інтэлігенція. І вос мы, беларусы, як сіла народная, можэм і павінны вымагаць, каб інтэлігенція, якой бы націі яна сама ні была, шанавала-бы нас, як людзей, і пашану гэту выказывала, шануючы нашу мову.
Праўда, што у наш час, калі на беларуса за кожнае слова сказанае, ці напісанае ў роднай мове, спад кожнаго куста сіпіць нейкая гадзіна, то нават на тое, каб прагаварыць ў роднай мове, трэба грамадзянскай адвагі; але, дзякаваць Богу, як бачым, не з адных толькі палахлівых людзей складаецца беларускі народ. Пачатак ўжо зроблен, і шлях паказан; ніхай-жэ і ўсе сьвядомые беларусы гэтак сама робяць.
Власт.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.