Наша Ніва (1906)/1910/44-45/Кацярынка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Анёл Кацярынка
Апавяданьне
Аўтар: Васіль Стафанік
1910 год
Арыгінальная назва: Катруся
Пераклад: Рамуальд Зямкевіч
Сон
Іншыя публікацыі: Кацярынка (Стафанік/Зямкевіч)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЦЯРЫНКА.

Напісаў Васіль Стэфанык.

Як Кацярынка прыхадзіла да памяці, тады маці садзілася каля яе і жаласна казала:

— Кацярынка, дакуль ты, нябога, будзеш хварэць? Грошы мы растрацілі, другіх зарабіць не заробіш, хаця-б ты і выздаравела. Усе грошы параздавала я шаптунам. Дый німа з гэтаго ніякай пацехі, Праўда шаптуха адгадала усё, што дома робіцца, што ў цябе баліць, але карэньня зусім не памагаюць. Бадай што для цябе і німа ратунку...

Кацярынка лежала некратаючыся. Вадзіла сухенькаю рукой, па твары. Ногці былі сініе як яе вочы і здавалося, што па твары яе бегае многа вачэй сініх, дзіўных, бліскучых. Усімі гэтымі вачамі глядзела Кацярынка на мацеру і патаківала яе смутнай гутарцы.

— Он німа, мая галубка, німа ратунку. А бацька саўсім зажурыўся. Заходзіць у галаву за што цябе пахаваць, як памрэш? Калі паглядзіць на цябе, чарнеець са смутку. Мы, Кацярынка ўсё растрацілі. Мукі ледзь драбінка на дне, зернятка ані воднаго у хаце дый ані зламанаго грошыка. Як бы ты нам памерла, асталіся-б мы як пасярод вады. Хаця-б цябе Бог захацеў да восені дадзержаць... Ай дзеўка, дзеўка, ты і сябе і нас зняволіла!

Маці пачала чэсаць Кацярынку.

— Ты гэтакая гарачая, так кашляеш, што ніхай Бог крые! Ані цябе адзець, ані разчэсаць, ані памыць. Божэ, Божэ, як мы цяжка мучымся! Прашу Бога, каб хоць палавінку гэтай мукі на сябе ўзяць, дый не магу дапрасіцца.

Сьлёзы мацерыны капалі на валасы Кацярыны і прападалі бытцам вада ў пяску.

— Што з цябе зрабілося? Была ты пекная красуня гэтакая, работніца на ўсё сяло! Аж нам душа весялілася, думалі мы, што нам лягчэй будзе, аж вось, глядзі, як лёгка! Каб хаця было што есьці лепшаго, бо усе мы ўсыхаем на бульбі, а ты ўсё-ткі гінеш. А трудна хадзіць па хатах прасіць малака, столькі ўжо я нахадзілася, ажно мне ад стыду вочы гараць.

Маці заплетала ей касу.

— Ня ведаю, на што я табе гэтых кветак накупляла? Уваліла я два злоты як у балота. Ужо пэўне я цябе ў гэтые кветкі на сьмерць убяру...

Расплакаліся абедзьве.

— А ну, дайце, пагляджу на іх.

Маці дала Кацярыні кветкі сініе, белые, зялёные, чырвоные.

Кацярынка перэглядала іх, лёгкі сьмех іграў на яе твары, а сініе, белые, зялёные, чырвоные блескі блудзілі па твары.

— Давай тутака, скорэнька, глядзі, татачка ідзець і скажець што ў цябе пустата ў галаве.

* * *

Кацярынку палажылі на воз, каб яе павязьці да доктара. Маці плачучы падкладала ей падушку пад галаву.

— Каб я не дачакаўся вазіць вас па дактарох! Каб вы выдахлі, пахаваў бы вас раз і збыў бы сабе клопату!

Дзержаў ў аднай жмені лейцы ад аднаконкі ды аж чупрыну ірваў сабе са злосьці.

— А ты, нягодніца, помні, што як я грошы дармо на дактароў разсею, то табе сам амінь зраблю! Я цябе без доктара пахаваю, сам буду табе доктарам. Адкуль жа я вазьму для вас на дактароў, на аптэку ды на чорта рагатаго?! Гэтаго ня вытрымае мая крывавая праца, ой не! Калі я наняў падводу дык лепей ужо адвязу цябе на магілкі, вывярну воз дый збудуся ліха. Божэ, Божэ, што гэта на мяне звалілося ў гэтых днях! Но, канëк, кратайся гэтымі запаўшымі бакамі!

Ударыў пугай каня дый выехаў за вароты.

На вуліцы Кацярынка цікава разгледалася. Ад восені многа зьмянілося. Дзядзька Сымон паставіў новы плот, стары Мікола пакрыў на нова пуню. Кацярынка забылася аб бацькавай злосьці і разгледалася на ўсе бакі.

На полі людзі аралі, сеялі. Жаваранкі над імі пеялі. Чорная земля разсыпалася ад сонца.

Кацярынка пачырванела і пачала сабе укладаць:

— Маю у Бога надзею, што падужаю, што ешчэ вясны не страчу. Зараз такі знайду сабе работу... Божэ, Божэ, падай мне леку якую.

Пэўна была, што вясны не страціць. Бацька сядзеў на перадзе і доўга маўчаў. Нарэшце пачаў гаварыць.

— Глядзі, дзень як золота, а ты едзеш па дактарох!

Звярнуўся да Кацярынкі.

— Скажы мне, дзеўка, што я маю с табой рабіць? Ляжыш і ляжыш, ды ні жыцьця ні сьмерці. Я грошы трачу ды трачу і ўсё ні на што. Як бы я ведаў, дзе для цябе лекоў шукаць, шукаў бы, а гэтак — што я знаю, калі-б табе ўжо туды або сюды! І табе было-б лепей і нам лепей...

Кацярынка плакала.

— Ты, нябога, не плач, німа чаго плакаць, бо гэта праўда! Ты сабе памраш і ня думаеш; ці-ж гэта ня лепей гніць у землі? Такое сягоньня лёгкае жыцьцё, што лепей памерці і не бедаваць цэлы век на чужым полі! Ужо грошай я напазычаўся ды ешча пазычу на хаўтуры, а на старасць жыды выганяць з хаты. Ай, каб я ведаў, што ня будзе для цябе лекоў, зараз вярнуўся-б да хаты. Добра каб хоць трошкі асталося на хаўтуры.

Кацярынка захадзілася ад плачу і кашляла на ўсё поле.

Бацька выцягнуў з запазухі яблык і неяк нясьмела падаў дачцэ. Ніколі ей ешчэ не даваў ніякіх ласункоў.

— Не плач, нябога, я табе ня ўраг. Я толькі кажу, каб дармо грошы ні страціць, каб сябе ні скалечыць, як бы табе ні памагло. Дык ты сама, дзетка, бачыш, што німа адкуль. Я бы для цябе палец адсек і не шкадаваў бы. Я за цябе маю чэсць у людзей як за хлопца, бо ты работніца на ўсё сяло. Дзетка, я на цябе хухаў як на пенку, дый бачу, што памрэш. Гэта відна вачамі, што для цябе німа выхаду. Ай, нябога, нябога, відаць будзем без цябе... Ай, будзем, будзем...

Стары сьціх.

— Памру, памру, ужо бачу, што нема для мяня выхаду — шэптала Кацярына.

Яны ўежджалі ў горад.

* * *

Варочаліся дамоў. Сусед Мікола разам з імі.

— Ён мне такое нагаварыў, што дзе, дзе-е-е! Мужыку да дахтароў ні варта хадзіць. Каб, кажа, многа піла малака ды мяса нейкае лёгкае ела, каб трунак добры папівала, каб хлеба белаго — што толькі на сьвеце ёсьць, то і сказаў. Можа бы тое панам памагло, але у нашым стане то ні паможа! Досіць таго, што як ён пачаў прыгаварываць, дык я і ня слухаў да канца. Ці было-б што з гэтага, як бы я даслухаў? Ніхай памірае, як цяпер ёсьць. Ніхай выпьець гэтай медыцыны, што я узяў ў аптэцы, дый або ніхай выхварэе, або як сама хочэ.

— А вы думаеце — казаў сусед — што дахтары даюць мужыку такога лекарства як пану або жыду? Бадай вы так здаровы былі. Мужыку ўкіне што небудзь і будзь здароў! Або яму хочацца для мужыка пашукаць добраго лекарства? Пан заўсёды дзяржыць за панам!

— Калі-б гэта было каму нам параіць, а так што? Пацалуеш пана ў руку і чакай пакуль скажуць плаціць...

— Найлепей было дазнацца у старой Пазі. Яна, кажуць, пайшла да дохтара і як пачаў ей толькі шукаць лекарства, сказала яму сьмела; Ай, пан доктар, дайце мне апошняго лекарства. Я, кажа, бедная баба, ні маю за што лячыцца, дык дайце мне апошняго лекарства. Доктар на гэта паглядзеў цікава на бабу дый кажа: А ты адкуль ведаеш? Ай, кажë баба, адкуль ведаю так ведаю але дайце мне гэтакі рэцэпт на апошняе. Як пачала прасіць, як пачала, дык даў ей і да сягоньня ходзіць...

— Калі бо не стало розуму запытацца. Вы думаеце што панам так лёгка гаварыць як вам здаецца, Кажы раз, два, дый проч забірайся, уцекай!

— Пайшла баба з гэтым рэцептам у аптэку. Дала аптэкару, а сама, ня бойся — мудрая, глядзіць як ён гэту леку будзе рабіць. То, казала, як ён сабе капнуў гэтаго лекарства на ладонь, дык праз руку прайшло. Але гэта толькі ледзь сотаму удаецца гэткаго лекарства дастаць. А мужыкам толькі такое лекарства здалося што або сюды або туды.

— Ах, гора мне, што я ні распытаўся бабы, як трэба было гэтаго лекарства прасіць! А так я і грошы пусьціў і нічога ні паможа... Вось і глупства зрабіў!

— Так здаецца, што для вашай дзеўкі німа выхаду. Гляньце як яна гарыць? Нічога з яе ня будзе, бытцам з гэтаго лістка, што адарваўся з дрэва...

— Ай, нічога ня будзе, нічога і грошы пайшлі. Каб я хоць Пазі быў запытаўся...

— Вось і відзіце на што гэта лекарства. Аптэкар мае сваю аптэку і памірае...

З украінской мовы перэклау

Ромуальд Земкевіч.