Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры (1922)/II
← Гістарычныя ўмовы, пры якіх распачало разыўвацца старадаўнае беларускае пісьменства | Літаратурная чыннасьць Францішка Скарыны Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Мікалай Янчук 1922 год |
Літаратурная чыннасьць Сымона Буднага → |
II.
Паміж дзеячамі старадаўнага пэрыаду беларускага пісьменства першае па часу месца займае вядомы выдавец духоўных кніг на беларускай мове — Францішак Скарына, «дохтар лекарскіх навук», як ён сам сабе называе. Ён радзіўся, мабыць, у канцы ХV сталецьця й памёр каля палавіны ХѴІ-га. Родам быў Скарына беларусін з Полацку, здаецца з шляхоцкага стану, бо меў свой гэрб, хаця яго сваякі належалі да купецкага й мяшчанскага стану. Скарына меў даволі багатую ўласнасьць, якая яшчэ павялічылася, калі ён жаніўся з вілянчанкаю, якая мела ў Вільні ўласны дом. Згодна з тым звычаем, які быў у той час паміж багатых і заможных станаў на Беларусі, Скарына пакіраваўся заграніцу, каб атрымаць там вышэйшую адукацыю, і каля 1504 г. паступіў у Кракаўскі ўнівэрсытэт. Тут Скарына атрымаў, здаецца, доктарскую годнасьць і каля 1506 г. пакінуў Кракаў. Дакладных вестак аб яго жыцьці дагэтуль знойдзена вельмі мала, аднак штоколечы можна прасачыць у прадмовах да яго выданьняў. У 1517 г. мы бачым Скарыну ў Празе Чэскай у веку каля 27 год. Працуе ён там над выданьнем кніг для сваіх братоў-беларусінаў. У гэтай сваёй працы Скарына кіруецца гэткімі матывамі: „Понеже отъ прироженія звѣри, ходящіе въ пустыни, знають ямы своя; птицы — летающіе по воздуху, вѣдають гнѣзда своя, рыбы, плывающіе по морю и во рѣкахъ, чують вири своя, пчелы и тымъ подобная боронять ульевъ своихъ, — такожъ и люди, и где зродилися и ускоромлены суть по Бозѣ, къ тому мѣсту великую ласку имають». Але гэтая «ласка», гэтае каханьне бацькаўшчыны павінны быць чыннымі. Малая заслуга нарадзіцца ў тэй ці іншай краіне. «Не толико сами собѣ народжвомся на свѣтъ, но болѣе ко службѣ. Божіей и посполитого доброго». Вось гэтае «паспалітае дабро» Скарына й паставіў галоўным заданьнем сваёй выдавецкай працы. А дзеля таго, што ён, як сам аб сабе кажа: «Нароженый въ руском языку», то й зразумела, што сваю працу ён пакіроўваў на карысьць „своей братіи Русі, найболѣе съ тое причины, иже мя милостивый Богъ съ того языка на свѣть пустилъ». Ня маючы на ўвазе ніякіх рэлігійна-полемічных мэтаў, як гэта рабілі яго наступнікі (Будны, Цяпінскі і інш.), Скарына, пачынаючы ад 1517 г. і кончачы 1519 годам, выпускае ў Празе адну за другой кнігі Старога Завету невялікімі выпускамі, у малую чвэрць, выгоднымі для карыстаньня; а каб лягчэй было іх разумець, ён выправіў царкоўна-славяншчыну, выкідаючы з яе вельмі застарэлыя словы і уводзячы элементы жывой гутаркі. Агульны загаловак для усіх выданых ім біблейскіх кніг гэткі: «Біблія Руська, выложена докторомъ Францискомъ Скориною изъ славного града Полоцька. Богу ко чти и людемъ посполитымъ къ доброму наученію». Але выданьне вялося не адразу; паасобку выходзілі Псалтыр, кнігі Давіда, Іова, прыповесьці Салямона,Прамудрасьць Ісуса Сірахава й г. д., кончачы прарокам Данілай. З 24-х кніг Старога Завету дагэтуль вядома ў выданьні Скарыны толькі 22; ці былі выдрукаваны і іншыя, гэта пытаньне дагэтуль не разьвязана. Як бы просячы выбачэньня ў чытачоў, што ён ня можа даць больш поўнага й багатага выданьня, Скарына піша: «мы братія не можемъ ли во великихъ послужити посполитому люду руского языка, сіе малые книжки праци нашое приносимо имъ».
Гэтая праца мела на ўвазе перш за ўсё народную асьвету. Вось чаму першаю кніжкаю ў ліку пражскіх выданьняў Скарыны зьявілася ў 1517 г. Псалтыр, па якой, як ведама, вучыліся граматы; з гэтай-жа прычыны спробы перакласьць Псалтыр на беларускую мову пачаліся яшчэ ў XV сталецьці, калі не раней.[1]
У прадмове да Псалтыры Скарына й празначае сваё выданьне «дѣтем малымъ», як «початок всякое доброе науки, грамоты, еже добре чести и мовить учить». Сьледам за Псалтырай пачалі выходзіць і іншыя кнігі Старога Завету, зноў асобнымі выданьнямі, крыху большага фармату; усе яны з прадмовамі на тагочаснай беларускай мове.
Псалтыр, як падручнік да славянскае граматы, Скарына выдрукаваў на славянскай мове. Жадаючы аднак, каб народ лепш мог разумець яго выданьні, Скарына выкідае з гэтай царкоўна-славянскай мовы словы, якіх няма ў жывой народнай мове, і ўводзіць народныя словы, асабліва ў тлумачэньнях на палёх, аб чым ён гэтак піша: «Положилъ есми на боцѣхъ нѣкоторыи слова для людей простых русскимъ языкомъ, что которое слово знаменуеть».
Затое ўсе іншыя выданыя Скарынаю ў Празе кнігі Ст. Завету, як ён сам кажа, былі ім «выложены на рускій языкъ», г. зн. перакладзены на тагочасную беларускую мову. Мэта іх выданьня замыкаецца галоўным чынам у тым, каб зрабіць іх даступнымі для магчыма большага ліку «своей братии рускихъ», каб даць ім духоўную літаратуру. Але гэта ня ўсё. Погляд Скарыны на значэньне кніг сьвятога пісьма ня толькі царкоўны. Ён шукае ў іх ня толькі боскай, але й жыцьцёвай мудрасьці. Гэтак, напрыклад, у прадмове да кнігі «Премудрости Ісуса сына Сирахова», Скарына кажа: «Елико кратъ въ ней будеши чести, по кажномъ чтеніи нового нѣчто научишся, чего жь есь предъ тымъ не умѣлъ. Вся бо Соломонова и Арестотелева, божественная и житейская мудрость въ сей книзѣ краткими словы замкнена есть. Прото жъ и я для похвалы Божіей и для посполитого доброго и размноженія мудрости, умѣнія, опатрености, разуму и науки приложил есмь працу выложити книгу сію на рускій языкъ». Сьвятыя кнігі, як тлумачыць Скарына, — «пожитэчны суть всякому человѣку, мудрому и безумному, богатому и вбогому, младому и старому, наболѣй тымъ они же хотять имѣти добрые обычае и познати мудрость и науку». Трэба толькі патрапіць знайсьці гэтую мудрасьць і навуку, тым больш, што яна часта бывае захована ў «причтахъ», якія «иными словы всегда иную мудрость и науку знаменують, а иначей ся разумѣють, нежели молвены бывають, и больши во собе сокрытых таин замыкають, нежели ся словами пишуть. Есть бо въ сихъ причтахъ сокрыта мудрость, якобы моць въ драгомъ камени, и яко злато въ земли, и ядро въ орѣху. Кто ю знайдеть, сей знайде милость и достанеть благословенія оть Господа. И пріидетъ къ нему все доброе посполу съ нею: Хвала и честь безчисленая моцію ся».
Кажучы аб навуцы, Скарына разрожнівае навуку боскую й навукі сьвецкія, якія ў свой чарод дзеліць на практычныя й адцягненыя (абстрактныя). Да ліку першых ён залічае прыродазнаўства, важнасьць якога даводзіць сьв. пісьмом. Скарына адзначае, што кніга прыповесьцяў Салямонавых зьмяшчае «размолвеніе о прироженіи древъ, и былинъ, звѣрей, птицъ, гадовъ и рыбъ». Значыцца вельми ёсьць карысна чытаць гэтую кнігу. Кіруючыся гэткім поглядам, ён карыстаецца кожным здарэньнем, каб у сваіх тлумачэньнях даць памагчымасьці больш гэткіх пазнаньняў, напр. — гістарычных, геаграфічных і інш. Гэтак, успамінаючы аб краінах Ханаанскай і Іудэйскай, Скарына дае геаграфічнае апісаньне Зямлі Абяцанай. Кнігу Юдыфь ён пачынае кароткім нарысам на простай беларускай мове аб царствах старавечнага усходу: Асырыйскім, Мідыйскім і Пэрсыдзкім.
Навукі адцягненыя (абстрактныя) Скарына называе «вызволеными» (artes liberales), якіх налічвае сем, і ўсе яны бяруць свой пачатак у бібліі: «Ту наученіе седьми наукъ вызволеныхъ достаточное». Першая з іх — навука «граматика или поруски говорячи грамота»; дзеля яе навучэньня, як вышэй ужо казалася, павінна служыць Псалтыр. Дзеля навучэньня «лоіки, она же учить з доводомъ разознати правду отъ кривды, чти книгу Іова, или посланія Апостола Павла». Кніга Іова асабліва карысна, і «всякому человѣку потребна чести, понеже есть зерцало житія нашего, лекарство душевное, потѣха всѣмъ смутным, наболѣй тымъ, они же суть въ бѣдахъ и въ немоцахъ положены. Прото жъ я, Францишекъ Скорининъ сынъ з Полоцка, в лекарскихъ наукахъ докторъ, знаючи сее, иже есть найвышшая мудрость размышленіе смерти, и познаніе самого себе, и въспоживаніе на придущіе речи, казалъ есми тиснути книгу сію». Далей: «Аще ли же помыслиши умѣти риторику, еже есть красномовность, чти книги Соломонавы. А то суть три науки словесные» — (г. зн. граматыка, лёгіка, рыторыка). Дзеля навучэньня «музыки, то есть пѣвницы», прыгодна ўся Біблія: «премножество стиховъ и пѣсней светыхъ по всей книзѣ сей знайдеши», а асабліва ў Псалтыры й Песьні-Песьняў. — «Любо ли ти есть умѣти аритметику, еже вократцѣ а неомылне личить вучить, четверти книги Моисеевы часто чти», — бо яны зьмяшчаюць лік кален іудэйскіх. — «Пакъ[2] ли же имаши предъ очима науку геометрію, еже по-руски сказуется землемѣреніе, эти книги Ісуса Наувина», — дзе кажацца аб падзеле Зямлі Абяцанай паміж жыдоўскімі каленамі. — «Есть и астрономія, или звѣздочети, — найдешъ на початку книги сее (бібліі) о сотвореніи солнца и мѣсеца, и звѣздъ; найдешъ во Іcycѣ Hayвинѣ, яко стояло солнце на единомъ мѣстѣ за цѣлый день. Знайдешъ во книгахъ Царствъ, иже солнце поступило неколико ступневъ. Знайдешь во светомъ Евангеліи о новосотвореной звѣздѣ часу нароженія нашего Спасителя Ісуса Христа». Быццам баючыся паказацца абскурантам (цёмным чалавекам), які ўсе навукі ўпіхае ў рамкі бібліі, — аўтар робіць гэтую агаворку: «Болѣе воистину чудитися превеликой Божіей моци мусишъ, нижли учитися». І кончыць гэтую частку словамі: «А то суть седьмъ наукъ вызволеныхъ».
Гэтае паняцьце аб „семи наукахъ вызволеныхъ“, бадай-што, упяршыню было апавешчана Скарынаю на пачатку XVI сталецьця ўсім усходня-славянскім пляменьням. Некаторыя з гэтых навук, асабліва першыя тры, у наступным сталецьці сталіся падвалінамі школьнай схоластычнай паўдзённа-заходняй адукаванасьці на Беларусі. Але апрача вызваленых навук, біблія, як здаецца Скарыне, карысна й для тых, хто жадае пазнаёміцца з «законами и правы, ими же люде на земли справоватися имають». — «Ту справа всякого собранія людского и всякого града, еже вѣрою, соединеніем ласки и згодою посполитое доброе помножено бываеть». Мы ўжо бачым, як гэты кліч да згоды і еднасьці пярэчыў тагочасным спрэчкам і нязгодзе. Нарэшце біблію можна разглядаць з гістарычнага погляду: «Аще ли же коханіе имаши вѣдати о военныхъ а о богатырскихъ дѣлехъ, чти книги Судей или книги Махавеевъ; болѣе и справедливе въ нихъ знайдеть, нежели во Александріи[3] или во Трои[4]. Пакъ ли же вократцѣ свѣдати хощеши много тысещей лѣтъ лѣтописець, эти книги Паралипомелона». Гэтыя гістарычна-літаратурныя ўвагі ў вуснах беларускага кніжніка вельмі цікавы, бо дзякуючы ім выяўляюцца вядомыя літаратурныя традыцыі і ўплывы. Палачанін, які цалкам аддаўся духоўнаму пісьменству на пачатку ХVІ сталецьця, гаворыць аб «богатырскихъ дѣлехъ», як аб нечымсь агульнавядомым тагочаснаму беларускаму грамадзянству; успамін яго аб «Александріи» і «Троянских дѣяніяхъ» — сьведчыць, што й гэтыя апошнія былі ўсім добра вядомы. З гэтага відаць, як бязгрунтоўным ёсьць погляд, быццам Беларусь ніколі ня ведала багатырскага эпасу, і быццам сьляды яго, якія спатыкаюцца ў беларускіх казках, занесены сюды з чужацкай нівы, а не зьяўляюцца довадам традыцыяў народнага эпасу.[5] З другога боку, успамін аб сярэднявечных заходня-эўрапейскіх рыцарскіх аповесьцях сьведчыць, што яны былі вельмі папулярнымі на Беларусі ў старадаўны пэрыад нашага пісьменства, і вызначае шлях, па якім яны прышлі ў Маскоўшчыну праз Чэхію, Польшчу й Беларусь. Аб гэтым кажуць і іншыя факты. Гэтак, напрыклад, у прыватнай бібліатэцы гр. Рачынскага ў Пазнані знайшоўся беларускі рукапісны зборнік XV сталецьця, у якім зьмешчана аповесьць з сярэдніх вякоў аб Атыльле, рыцарская аповесьць аб Трыстане й «літоўскія», ці справедлівей, беларускія летапісы, аб якіх успамінае Скарына, калі ён гаворыць аб біблейскіх гістарычных кнігах.
Будзе мо‘ здавацца дзіўным, калі мы скажам, што Скарына ў сваіх стара-заветных выданьнях часамі выкладаў свае думкі ў вершаванай форме. А тымчасам, як чалавек з вялікім літаратурным нахілам, ён не хацеў сабе адмовіць і ў гэтай прыемнасьці, хаця ўзораў тагочаснай беларускай літаратуры ён бадай-што зусім яшчэ ня меў. Напрыклад, у кнізе Іова ён уставіў, як дадатак, гэткі чатырохрадковы верш:
«Богу въ Тройци единому ко чти и ко славѣ, |
У кнізе Эсьфір, успамінаючы аб вядомай гісторыі Эсьфіры й Мардахея з Аманам, Скарына ў вершаванай форме высказвае гэткую думку, якая напамінае народныя пагаворкі:
«Не копай подъ другомъ своимъ ямы — |
А ў кнізе „Усход“, дзе гаворыцца аб законадаўчасьці Маісея, Скарына выкладае вершамі дзесяць запаведзяў:
«Вѣруй въ Бога единого |
Гэтыя раньнія спробы вершаваньня вельмі напамінаюць нам тыя многалікія духоўныя канты й псальмы, напалову народнага пахаджэньня, якія ў сівой мінуўшчыне былі гэтак папулярны й засталіся гэткімі й да сёньнешняга дня паміж беларускім народам. У свой час вуніяцкія манахі — базыліяне, сабралі гэтыя вершы й, далучыўшы да іх свае ўласныя, выдалі з нотамі пад загалоўкам: «Богогласника». Кніжкі гэтага «Богогласника», у пачаеўскім выданьні 1825 г., часам можна было спаткаць на Беларусі яшчэ 25 год таму назад.
Складаньне вершаў асабліва пашыралася у ХVII сталецьці на Беларусі і Ўкраіне, дзе над ім практыкаваліся ў школах, праходзячы курс «піітыкі» (навука аб складаньні вершаў). Гэты звычай быў запазычаны з Польшчы з іезуіцкіх школ.
Гэтак шырока разьвінуў дохтар Скарына сваю літаратурную й выдавецкую працу за якіх-колечы 2-3 гады свайго прабываньня ў Празе. Матар‘яльнае падтрыманьне для свае выдавецкае працы ён адтрымліваў паміж іншым з Вільні. Напрыклад, на адным экзэмпляры першай кнігі яго выданьня, Псалтыры 1517 г., ёсьць прыпіска: «а то ся стало накладомъ Богдана Онькова сына, радцы мѣста Виленьского». Гэткія-ж прыпіскі спатыкаюцца і ў іншых кніжках яго выданьняў.
Пачынаючы ад 1525 году, дохтар Скарына стаў сталым жыхаром Вільні, але ня спыніў свае выдавецкае працы, гэтак удала распачатай у Празе. Ён знайшоў у Вільні «христолюбцевъ» — апякуноў кніжнае справы ў асобах вышэй памянёнага Богдана Онькова й Якуба Бабіча. Як сам Скарына сьведчыць[6], ён завёў у Вільні друкарню «въ дому почтивого мужа Якуба Бабича, найстаршего бурмистра славного и великого места Виленского». Тут ён распачаў выданьне кніг Новага Завету, але пасьпеў выдрукаваць толькі «Апостала 1525 г.» і выпусьціў гэтак званую «Малую подорожную книжицу», дзе зьмяшчаліся і псальмы, і акафісты, і дробныя службы. Апрача гэтага некаторыя кнігі засталіся пасьля Скарыны ў рукапісах, нарыхтованы да друку. Варункі складаліся для яго ў Вільні ўсё горш і горш. Пачалася судовая валакіта за маентнасьць са сваякамі, якая закончылася канфіскацыяй яго ўласнасьці; у дадатак да гэтага, страшэнны пажар Вільні ў 1530 г., у часе якога згарэла ⅔ гораду, зьнішчыў i друкарню Скарыны: згарэлі й яго выданьні. Зруйнаваны гэткім чынам выдавец і сейбіт народнае асьветы на Беларусі зыходзіць са сцэны зусім забыты. Толькі праз 2-3 дзесяцілецьці пазьней была, як належыць, ацэнена яго асьветная праца, як пачынальніка кніжнае справы на Беларусі. Плёнам гэтай працы карысталіся і іншыя суседнія краіны — Валынь, Падолія, Галіччына, Украіна, Вэнгрыя, Чэхія, Румынія й нават сама Маскоўшчына. У канцы ХVІ ст., часткай пры дапамозе ўцёкшых з Масквы друкароў, друкаваньне кніг зноў распачалося ў Вільні й шырока разьвінулася ў руках практычных і багатых братоў Мамонічаў, якія праслынулі сваімі выданьнямі ня толькі на Беларусі, але й заграніцай. Але гэта было чыста гандлёвае прадпрыемства, далёкае ад ідэёвых імкненьняў Скарыны. У гісторыі беларускай літаратуры і мовы іх выданьні ня маюць асаблівага значэньня, бо яны ня ўносілі з сабою нічога новага.
Беларусь павінна гардзіцца імем свайго сына Скарыны, як аднаго з найбольш раньніх працаўнікоў, які ахвяраваў усё сваё жыцьцё на справу асьветы народу. Дохтар Скарына сваімі выданьнямі ўліваў сьвежы струмень у царкоўнае жыцьцё; ён дапамагаў разьвіцьцю сьвядомых адносін да царкоўных кніжак і да рэлігіі; а што для нас найважней, так гэта тое, што Скарына першы даў у рукі народу зразумелую літаратуру й прабуджаў у гэтым народзе замілаваньне да асьветы й да роднага слова.
- ↑ Гл. выведы акад. Е. Ф. Карскага: „Западно-русскіе переводы Псалтыря въ XV-XVI вѣкахъ“ Варшава, 1896 г.
- ↑ Зноў, яшчэ, з другога боку.
- ↑ „Александрія“ — сярэднявечная фантастычная аповесьць аб Александры Македонскім.
- ↑ „Троянскія дѣянія“ — сярэднявечная аповесьць аб Траянскай вайне.
- ↑ Гл. Е. Ф. Карскага — „Слѣды бѣлорусского эпоса въ бѣлор. народн. поэзіи“ (Отціск „Zbornika“ ў чэсьць славіста Ў. Ягіча, выд. у Берліне 1908 г.). А. М. Лабады: „Бѣлорусская народная поэзія и русскій былевой эпосъ“ - у журнале „Этнографическое обозрѣніе“, кн. ХХV, 1895 г. (Масква).
- ↑ У канцы выданага ім у Вільні «Апостала»