Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Эпоха распаду і ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі/Асноўныя перадумовы беларускай літаратуры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сэнтымэнтальна-утопічнае народніцтва Асноўныя перадумовы беларускай літаратуры
Манаграфія
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1928 год
Драматычныя творы Дуніна-Марцінкевіча

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЭПОХА РАСПАДУ І ЛІКВІДАЦЫІ ПРЫГОННАЙ ГАСПАДАРКІ

АСНОЎНЫЯ СОЦЫЯЛЬНА-ЭКОНОМІЧНЫЯ І КУЛЬТУРНА-ГІСТАРЫЧНЫЯ ПЕРАДУМОВЫ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ЭПОХІ РАСПАДУ І ЛІКВІДАЦЫІ ПРЫГОННАЙ ГАСПАДАРКІ

Пад уплывам экономічнай канечнасьці, галоўным чынам, разьвіцьця прамысловага капіталу, які патрабаваў вольных рабочых рук, 19-га лютага 1861 г. адбылася вядомая рэформа — "вызваленьне" сялян ад прыгону. Але гэта вызваленьне было толькі юрыдычнае; экономічна селянін з аднэй кабалы трапіў у другую, ён, як і даўней, знаходзіўся ў поўнай залежнасьці ад пана. Папершае, зямлі ён атрымаў нават менш, чым урабляў раней: сялянскае зямляўласьніцтва складала ўсяго 30%, а ў паасобных мясцох, напр., на Віцебшчыне, яшчэ менш, усяго 24%, тымчасам, як шляхецкае зямляўласьніцтва даходзіла да 60% усяе зямлі. Падругое, і за гэтыя невялічкія надзелы сялянства павінна было выплаціць скарбу 867 мільёнаў выкупу. Апроч таго, шмат сялян было пасаджана на так званыя жабрацкія надзелы, якія, праўда, даваліся бяз выкупу, але раўняліся ⅓-¼ нормальнага надзелу, складаючы сабою толькі 1¼-1½ дзесяціны. Рэформа, такім спосабам, адразу стварыла на Беларусі вялікую колькасьць ня толькі малазямельных, але і безьзямельных сялян, кутнікаў, якія адразу склалі вясковы пролетарыят і векавечных арандатараў скарбовых, царкоўных і прыватна-уласьніцкіх зямель".[1]

Другая палова мінулага сталецьця пасьля рэформы 19 лютага ў соцыяльна-экономічных адносінах распадаецца на два кругабегі: "Эпоха 60-80 г. г.—эпоха поўнага бытаваньня рэштаў прыгону ва ўмовах падаючай абшарніцкай гаспадаркі і першых спроб самастойнага вядзеньня сялянамі сваёй гаспадаркі. Продукцыя мясцовай прамысловасьці ня мае значэньня. Эпоха 80-90 г. г.-эпоха першых зрухаў у нетрах напалову фэўдальнай гаспадаркі, пераходная".[2]

У першым пэрыодзе ў сялянскай гаспадарцы тэхніка прымітыўная, пануюць натуральныя формы. Гэтыя формы ў злучэньні з залежнасьцю ад пана зьяўляюцца прычынай сялянскай беднасьці: і цяпер, як і даўней, сурогаты замяняюць селяніну хлеб, памяшканьнем зьяўляецца курная і брудная хата і г. д.

Зямляўласьніцкая гаспадарка перажывае стан дэпрэсіі, яна ўсё больш і больш разбураецца і занепадае. "Пануюць яшчэ рэшты фэўдалізму, якія выражаюцца, напр., у адработках. І зямляўласьніцкая гаспадарка пазбаўлена капіталістычных форм, яна носіць характар натуральны. Нават памен між горадам і вёскай, як і раней, носіць яшчэ характар натуральнага (разьлікі натурай, продуктамі, працай і г. д.)".[3]

У галіне прамысловасьці пануюць рамесьніцкія формы. Праўда, офіцыяльныя крыніцы таго часу (напр., даныя 1866 г.) налічаюць значную колькасьць фабрык і заводаў—4.018, але "фабрыкі і заводы" мелі ўсяго каля 23 тысяч рабочых (22,9); на кожную адзінку прыпадае, такім чынам, у сярэднім 5,7 рабочых; "Фабрыкі і заводы", значыць, прадстаўлялі сабой звычайныя рамесьніцкія майстэрні. У памятнай кніжцы Віцебскай губэрні на 1865 г. зьмешчаны, напр., падрабязны сьпіс "фабрык і заводаў" г. Віцебску, іх паказана 56 з агульнай сумай вытворчасьці ў 175 тыс. рублёў. Па сутнасьці гэта невялічкія майстэрні з колькасьцю рабочых ад 8 да 1 (у сярэднім 3¼). Што да прадпрыемстваў сярэдняга і больш-менш буйнога тыпу, то іх налічалася (паводле даных 1873 г.) усяго 156 з агульнай сумай вытворчасьці каля 7 мільёнаў рублёў і з 9.451 рабочым, прычым на адну толькі Горадзенскую губэрню прыпадае ⅔ гэтых прадпрыемстваў (106); на ўсю Беларусь у цэлым, такім чынам, прыпадала нязначная іх колькасьць.

Але на рубяжы 80 і 90 г.г. адчуваецца ўжо пералом. Уздым пачатку 90 г. быў штурхачом да разьвіцьця прамысловасьці і ў нас. Калі проста прыраўнаваць лічбовыя даныя аб фабрычна-заводзкай вытворчасьці 1866 г. з данымі 1897 г., у які час наша прамысловасьць набыла больш устойлівы характар, то ўздым выразіцца ў павялічэньні ліку фабрычназаводзкіх рабочых блізка ў 2½ разы, з 23 да 56 тысяч, павялічэньні сумы вытворчасьці ў 3 разы, з 19 млн. да 60, і памяншэньні колькасьці фабрык і заводаў з 4 тыс. да 2,7 тыс.

Павевы капіталу выразна адчуваюцца і на вёсцы, прыводзячы тут да дзьвюх процілегласьцяй: з аднаго боку, разьвіваецца кулацтва, з другога боку—пролетарызацыя сялянства. Не знаходзячы працы ў сябе на вёсцы, селянін ідзе на заработкі, асядае ў гарадох. Вёска не магла пракарміць свайго насельніцтва.

Паводле падлікаў Марэса, якія датычаць пачатку 90 г. і зроблены ў кнізе "Влияние урожаев", "дзеля харчаваньня насельніцтва і скаціны патрабуецца 154,8 мільёнаў пудоў хлеба і бульбы, пераведзенай на хлеб. Але сялянскае насельніцтва беларускіх губэрань зьбірае толькі 104 мільёны пудоў; значыць, агульны недахоп кармовых сродкаў для скаціны і насельніцтва выражаецца ў суме 50 мільёнаў пудоў".[4] Гэтыя падлікі выразна сьведчаць а пролетарызацыі беларускага сялянства ў сувязі з разьвіцьцём у нас капіталізму.

Нацыянальна-політычнае становішча Беларусі ў зазначаную эпоху характарызуецца нязьменнай русыфікацыяй, якая асабліва ўзмацнілася пасьля паўстаньня 1863 г.

Гэта паўстаньне зьяўляецца найбольш буйной політычнай падзеяй эпохі. Як вядома, паўстанцы распадаліся на белых і чырвоных. Белыя, якія апіраліся на буйную шляхту і магнатаў, ставілі сваёй мэтай аднаўленьне Рэчы Посполітай у межах 1772 г. Чырвоныя ставілі сваёй задачай нацыянальнае і соцыяльнае вызваленьне "мужыцкай" Беларусі. Ідэалы чырвоных паўстанцаў яскрава выяўлены ў агітацыйна-рэволюцыйнай літаратуры, якая пісалася на беларускай мове і мела звычайна форму адозваў. У процілежнасьць чорнасоценным адозвам, якія пісаліся ўрадам, напр., "Рэч старавойта“, "Бяседа старога вольніка з новымі пра інае дзела",—рэволюцыйныя адозвы паўстанцаў высьвятлялі "мужыцкую праўду", канечнасьць змаганьня з царызмам і панамі.

На чале чырвоных паўстанцаў стаяў вядомы рэволюцыянэр-народнік Кастусь Каліноўскі—дыктатар Літвы і Беларусі. Гэроічная дзейнасьць Каліноўскага цалкам належыць да беларускай гісторыі, але і ў гісторыі нашага пісьменства варта адзначыць яго адозвы і лісты, прасякнутыя сапраўдным абурэньнем супроць прыгнятальнікаў і абагрэтыя шчырым лірызмам народніка. У якасьці прыкладу можна падаць ліст, які Каліноўскі напісаў ужо з турмы, чакаючы сьмяртэльнай кары. У гэтым лісьце барацьбіт зварачаецца да любага народу у такіх задушэўных словах: "Беларусы, браты мае родныя! З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць. да вас, і можа астатні раз. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, —але ня жаль згінуць за тваю праўду. Прымі, народзе, па шчырасьці маё слова перадсьмертнае, бо яно як-бы з таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тагды ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках, і тагды толькі, памаліўшыся богу, заслужыць неба, бо, узбагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзіва ня ідзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, ня будзе багацьця і ніякай навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу. Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе. Яська, гаспадар з-пад Вільні (псэўдонім Каліноўскага).[5]

Кастусь Каліноўскі — тыповы прадстаўнік актыўна-рэволюцыйнага народніцтва 60 гадоў, якое са зброяй у руках бараніла соцыяльныя і нацыянальныя інтарэсы працоўнага сялянскага люду. Але, як вядома, паўстаньне 1863 г. было задушана Мураўёвым-вешальнікам. Пасьля ліквідацыі яго наступіла паласа самай мрачнай русыфікацыі. Паводле дакладной запіскі Мураўёва, паданай на царскі разгляд 14 мая 1864 г., на Беларусі праводзіліся, пасьля зацьверджаньня гэтай запіскі, такія мерапрыемствы: усюль чыста ўводзіцца расійская мова; усе вышэйшыя службовыя пасады, а таксама пасады, маючыя дачыненьне да народу, замяшчаюцца расійскімі ўрадоўцамі, для чаго з Расіі на Беларусь накіроўваюцца асобы, „пэўныя політычна“; краіна пачынае засяляцца як мага гусьцей расійскім жыхарствам; у мэтах такога засяленьня выкарыстоўваюцца нават стараверы. Ужываньне беларускай мовы ў літаратуры забараняецца ў 1867 г.: у гэтым годзе быў выданы спэцыяльны загад, якім забаронена было друкаваць кніжкі на беларускай мове.

Гэтыя мерапрыемствы балезна адбіліся на беларускай культуры. У працягу цэлых сталецьцяў вытрымаўшая націск полёнізацыі, яна цяпер павінна была адбіваць удары русыфікацыі; аб шырокім нацыянальна-культурным жыцьці не магло быць і гутаркі.

Але і ў багне царскай рэакцыі, пад густым пластом варожых сіл, прабіваюцца сьветлыя струмені народнай энэргіі. Найбольш жыватворчы струмень прадстаўляла беларуская літаратура. Выкліканая да жыцьця ў першай палове XІX ст., яна разьвіваецца і ў другой яго палове. На літаратурнай беларускай ніве працягвае сваю дзейнасьць у 60 і 70 гадох вядомы ўжо нам Дунін-Марцінкевіч, драматычныя творы якога („Пінская шляхта“, „Залёты“) ужо больш цесна зьвязаны з політычна-соцыяльнай дзейнасьцю эпохі, чым яго ранейшыя поэмы. Апроч таго, на літаратурную сцэну выступаюць і новыя сілы. (Багушэвіч, Неслухоўскі, Гурыновіч, Абуховіч, Ельскі, Косіч, Арлоўскі і інш.).

На зьмену актыўна-рэволюцыйнаму народніцтву 60 гадоў, прадстаўніком якога быў Кастусь Каліноўскі, унаступныя дзесяцілецьці зьяўляецца радыкальна-дэмократычнае народніцтва.

Народніцтва вынікла на глебе распаду прыгоннай гаспадаркі, выкліканага разьвіцьцём прамысловага капіталу. "Зьнішчэньне прыгону, — кажа Плеханаў, — паставіла перад мысьлячымі людзьмі ў Расіі цэлы шэраг пытаньняў, якіх нельга было разьвязаць, ня выясьніўшы сабе наперад, як жыве, што думае і куды імкнецца наш народ. Усе нашы мірныя і рэволюцыйныя, легальныя і нелегальныя грамадзкія дзеячы разумелі, што характар іх дзейнасьці павінен азначацца характарам і складам народнага жыцьця. Адсюль вынікла натуральнае імкненьне вывучыць народ, выясьніць яго становішча, сьветапогляд і патрэбы. Пачалося ўсебаковае дасьледваньне народнага жыцьця".[6]

Істотна зьмяняюцца цяпер адносіны шляхты да народу. У момант росквіту прыгону якая-небудзь Салтычыха, вядома, не магла і ставіць пытаньня аб законнасьці свайго шляхецкага дабрабыту; цяпер, калі захісталіся самыя асновы гэтага дабрабыту, калі пад напорам капіталу затрашчэла па ўсіх швох шляхецкая гаспадарка, істотна зьмянілася і самая псыхолёгія шляхты. Як заўжды бывае, крызіс экономічны пацягнуў за сабою і крызіс сьвядомасьці. Выразам крызісу гэтай шляхецкай сьвядомасьці зьявілася "псыхолёгія каючагася шляхціца", на падставе якой узьнікае ідэя расплаты з народам. У каючымся шляхціцу перш за ўсё і чутней за ўсё быў голас сумленьня. Ён пытае сябе: адкуль у яго асьвета, адкуль культурныя імкненьні, адкуль тонкасьць густу і найшляхетныя пабудкі, і на ўсё ў яго гатовы адзін адказ: "усё, адтуль-жа, усё з умоў прыгоннага стану, у якім цэлыя вякі таміўся народ".[7]

Побач з каючымся шляхціцам на сцэну гісторыі выступае розначынец,—разумовы пролетары, настрой якога зьяўляецца процілежным настрою пана-шляхціца мінулых гадоў. Прымушаны змагацца за кавалак хлеба, розначынец настроены опозыцыйна дзяржаўнаму ладу, які забясьпечваў толькі правы сытых і багатых; у сваіх опозыцыйных настроях розначынец імкнецца абаперціся на народныя масы; ён старанна вывучае народ, яго побыт і псыхолёгію.

Вёска, народ стаіць і ў цэнтры народніцкай літаратуры, якая ўтвараецца пераважна розначынцам. Народніцкая літаратура разьвіваецца галоўным чынам пад знакам грамадзкіх, а не мастацкіх інтарэсаў. У ёй заўважваецца нават некаторы антыэстэтызм, але пры ўсім гэтым даная літаратура мае вялізарнае значэньне: яна рысуе нам не індывідуальныя характары, але побыт працоўных мас, рысуе рэальна, без усялякіх прыкрасаў, але гэты рэалізм абагрэты шчырым пачуцьцём і сур'ёзнасьцю думкі, якая шукала выйсьця з ненормальнага соцыяльнага тупіка.

У беларускай літаратуры, дзякуючы агульнай экономічнай і культурнай адсталасьці, плынь радыкальна-демократычнага народніцтва выявілася са значным спазьненьнем у 80-90 г. мінулага сталецьця, але праваднікі гэтай плыні загартоўваліся ў атмосфэры гэроічнай эпохі канца 60 і 70 г. г. Адсюль і беларуская літаратура набывае ўсе характарныя адзнакі народніцкага кірунку.



  1. Ігнатоўскі. Стар. 112.
  2. Довнар-Запольский. Стар. 232.
  3. Іbіd., 233.
  4. Довнар-Запольский. Стар. 136.
  5. Ігнатоўскі, стар. 110.
  6. Плеханов. Сочинения под редакцией Рязанова М. П., т. Х. ("Народники-беллетристы, стар. 9).
  7. Андреевич. Опыт философии русской литературы. Москва, 1922 стар 269, 270.