Перайсці да зместу

Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Эпоха прыгоннай гаспадаркі/Романтычнае народніцтва

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пародыйны клясыцызм у беларускай літаратуры Романтычнае народніцтва
Манаграфія
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1928 год
Сэнтымэнтальна-утопічнае народніцтва

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РОМАНТЫЧНАЕ НАРОДНІЦТВА

Найбольш яскрава романтычнае народніцтва выявілася ў чыннасьці Рыпінскага, Баршчэўскага і Яна Чачота.

А. Рыпінскі нарадзіўся ў Дзісеншчыне, у шляхецкай сям'і; У 1831 г. ён прымаў актыўны ўдзел у польскім паўстаньні; з гэтай прычыны пасьля ліквідацыі паўстаньня прымушаны быў уцякаць за граніцу, дзе асталяваўся на жыцьцё ў Парыжы. Як вядома, у Парыжы у той час была цэлая колёнія польскіх эмігрантаў. Жывучы на далёкай чужыне, Рыпінскі не забываецца і на сваю далёкую айчыну—Беларусь. Узварушаны, відаць, успамінамі аб роднай краіне, ён у 1839 г. ў гуртку эмігрантаў чытае свой курс лекцый па беларусазнаўству. У 1840 г. курс вышаў у друк пад назвай "Bіalorus. Kіlka slów o poezjі prostego ludu téj naszej polskіej prowіncjі, o jego muzyce, spіewіe, tancach etc."

Апроч курсу беларусазнаўства, пяру Рыпінскага належыць яшчэ баляда "Нячысьцік" і верш "Ты-ж сам, суседка хацеў", зьмешчаны ў "альбоме Дарэўскага-Вярыгі".

Праца "Bіalorus" належыць больш па свайму зьместу да галіны беларускай этнографіі, чым мастацкай літаратуры але для нас яна характарна, як выражэньне ідэолёгіі аўтара, асабліва яго поглядаў на беларускую мову і нацыянальнасьць. У гэтых адносінах ужо характарна самая назва курсу; яна паказвае, што, на думку Рыпінскага, Беларусь ёсьць нішто іншае, як польская провінцыя. "Гэта Русь, ― кажа ён,―паколькі яна ёсьць і будзе польскаю, складае сабой непадзельную частку нашай дарагой айчыны... Жыве тут просты народ славянскага племя, які здаўна цесна парадніўся з сям'ёю ляхаў, — сумленны, але убогі і мала вядомы, нават уласнай айчыне яго—Польшчы, хоць ён і любіць яе вышэй за ўсё".[1] Даўгі час,―кажа далей аўтар,―народ гэты быў прадметам спрэчкі суседзяў, але застаўся цэлым, потым ён абабраў сабе нарэшце Польшчу за маці, кінуўся разам з Літвой у яе апякунскія абдымы і прытуліўся да яе з усім сыноўскім замілаваньнем". Будучы гарачым польскім патрыотам, Рыпінскі адначасна выяўляе ненавісьць да ўсяго рускага; нацыя, меўшая ўжо тады Пушкіна, з яго пункту гледжаньня, гэта толькі ататараныя маскалі, азіяты. Пісьменьнік з вялікім засмучэньнем прызнае, што "татарскі наплыў маскалёў" зачапіў сваім азіятызмам Беларусь больш, чым якую-небудзь іншую частку Польшчы, але толькі Польшча прасякла ў самую глыб сэрца беларуса, уплыў расійцаў застаўся знадворным і павярхоўным. Самая мова беларуская, на думку аўтара, бліжэй да польскай, чым да расійскай. "Гэтая мова,—кажа ён,—не такая моцная, як у нашых украінцаў, менш ататарана, чым у жыхароў Масквы, ці Казані, не у такой ступені царкоўная, як галіцыйская, але ўсё-такі мае сваю орыгінальную народную пячатку, якая значна аддаляе яе ад усіх тых моваў і гэтым самым усяго больш набліжае яе да польскай"[2]. У Рыпінскага выяўляюцца чыста шляхецкія адносіны да беларускай мовы, як да мовы мужыцкай, "хлопскай". Ён нават просіць прабачэньня ў сваіх чытачоў за тое, што ў яго мову можа часам трапіць які-небудзь нязграбны провінцыялізм. Каб апраўдаць гэты провінцыялізм у сваёй гутарцы, наш аўтар сьпяшаецца паведаміць, што ён гаворыць на польскай мове "глыбокай Беларусі", мове, "якой нас далёка за Дзьвіну, да Вялікіх Лук і Пскова, са зброяй у руках, навучыў калісь Баторый і якую мы да цяперашняга дня старанна захоўваем, як найкаштоўнейшы скарб наш, на самых вачох ворага, у варот яго сталіц, за сто міль ад Варшавы, ня гледзячы на ўплыў скажаючай Масквы, якая залівае нас навокал". Беларускі селянін прадстаўляецца Рыпінскаму як об'ект нястрыманай полёнізацыі; кніжка яго мае наступнае пасьвячэньне: першаму з беларускіх мужыкоў (Kmіotków), які спачатку выўчыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць папольску, гэтую маю добрую працу, у знак высокай пашаны і пахвалы, пасьвячаю і для яго друкую".

Але будучы шчырым польскім патрыотам, так высока ставячы польскую культуру, Рыпінскі адначасна выяўляе чыста романтычнае замілаваньне да беларускай народнасьці, яго вельмі цікавіць і беларуская мова, і беларуская народная творчасьць. На яго думку, у Польшчы, якая пашыраецца ад Бальтыцкага мора да Чорнага і ад Салы да варот Смаленску "на гэтай рознакалёрнай, але у адно зьліваючайся прасторы", знаходзяцца новыя яшчэ ня вызнаныя крыніцы мовы і поэзіі, аб каторых мы яшчэ ня чулі, ня гледзячы на мноства вынаходак. Гэтыя скарбы,—кажа далей ён,—і трэба адшукаць і сабраць—з іх утвараецца сьвятыня чыста нацыянальная, перад ёй паблекнуць чужыя перайманьні, якімі напоўнена яшчэ польская літаратура".[3] Захоплены да такой ступені народнай песьняй, Рыпінскі заклікае вывучаць яе, спадзяецца, што калі-небудзь яна зробіцца крыніцай сапраўднай нацыянальна-польскай музыкі. Аўтар кажа, што ён адным з першых пачаў запісваць народныя песьні і "запісаныя беражна захоўваў у самага сэрца".

Толькі політычныя падзеі, адабраўшы ад яго айчыну, разам з тым пазбавілі яго і гэтага скарбу. Цяпер, знаходзячыся на чужыне, Рыпінскі падае толькі тое, што захавалася ў яго памяці. Ён каротка характарызуе розныя разрады песьняў, падае напамяць адрыўкі з іх, апісвае зьвязаныя з песьнямі народныя абрады (напр., вясельле), танцы, гульні, забаўкі. Апроч народных песьняў. ён падае і некаторыя штучныя вершы ("О, мой божа, веру табе", "Стары Восіп барадаты", макаронічныя творы ды інш.).[4] Аўтар, кажа Пыпін, не заўважае ўнутранай супярэчнасьці ўсёй сваёй кніжкі. Ён з запалам гаворыць аб канечнасьці вывучэньня народнасьці, у даным выпадку, беларускай, чакае тут вынаходкі нацыянальнай сьвятыні, і ў той-жа час прызнае гэту народнасьць толькі як польскую і, уласьціва кажучы, жадае ёй зьнікнуць.[5] Але, ня гледзячы на даную супярэчнасьць, праца Рыпінскага мае для нас каштоўнасьць як адзін з першых помнікаў романтычнай зацікаўленасьці беларускай народнасьцю.

Орыгінальны твор Рыпінскага, баляда "Нячысьцік", ня варты асаблівае ўвагі. Ён прадстаўляе сабой прымітыўнае па форме і па ідэі апавяданьне для народу. Зьмест яго наступны:

У самым пачатку апісваецца селянін Мікіта, які жыве ў вёсцы.

Таму ўжо сто лет будзе,
Старыя помняць то людзі;
Скажыць вам і Апанас:
Жыў, быў Мікіта ў нас.
На самым канцы сяла,
Там яго хатка была.
Дзяцей ня меў, хоць жанат,
А быў бедзен, не багат.
Багацтва ён усяго
Меў вяпра аднаго;
Да не спажыў і таго...
У мясаед яго ня біў,
На продаж, кажуць, карміў;
І так даждаўся паста.

Фантастычная прыгода, з прычыны якой Мікіта не спажыў свайго вяпра, становіць сабой сюжэтны вузел баляды... У Мікіты была вельмі благая жонка, яна сябравала нават з самім д'яблам. У пост яна забіла вяпрука і нарабіла кілбас, але

Нячысьцік, знаеш, ня спаў:
Таму ўжо так і быць.
Ён іх здумаў скалаціць;
Пабач, што ім зайграў.
Жонку ў каршэль на талерку,
Мікіце ў зубы бутэльку:
Буль, буль, буль, буль, буль, —і вот
Пайшла сівуха у рот...
Бес-жа рад, што іх паймаў
Так гладка ў самы час.
Каб і ня елі кілбас,
Другі загнуў ён кручок:
Цап за мяса дый уцёк.

Мікіціха спаганяе сваю злосьць на чалавеку: пачынае яго лаяць і клясьці, гаворыць, каб ён прапаў. За гэта яна сама прападае: чэрці абклалі хату смалой і падпалілі яе; маемасьць, людзі загінулі.

Калі ў працы "Bіałorus" романтычная настраëвасьць Рыпінскага выяўляецца ў яго шчырым замілаваньні да народнай творчасьці, то у балядзе "Нячысьцік" гэта настраёвасьць знаходзіць сабе некаторы водгук у нахіле да фантастыкі. Уся баляда грунтуецца, як мы бачылі, на звышпрыроднай д'ябальшчыне. Нячысьцік тут галоўны пэрсонаж: ён крадзе вяпрука, падпальвае хату; шмыгануўшы скрозь шрубу, хапае Мікіціху за чуб і пхае яе ў смалу; здараюцца тут і іншыя фантастычныя прыгоды: у хаце Мікіты, калі ўвайшоў туды чорт,

Усе сьцены ну-ж трашчаць.
Лаўкі і сталы скакаць.
А на печы чорт прахвост,
Узяўшы у зубы хвост,
Патуль шчокі надымаў,
Аж як на дудзе зайграў,
А пасьля захахатаў,
Прыгнуў на стоўб ды прапаў.

Романтыкі, як вядома, любілі ўсё надпрыроднае; любілі яны выводзіць асабліва ў якасьці фантастычнага пэрсонажу і д'ябла (Гофман, Вінь, Гюго). Але романтычная па сутнасьці фантастыка Рыпінскага прадстаўляе сабой падробку пад народны густ; яна зьяўляецца вельмі блізкай да дэмонолёгіі народных казак, толькі мы ня бачым тут мастацкага ператварэньня гэтай дэмонолёгіі, як, скажам, у Гогаля, Лескова ды інш. Нячысьцік Рыпінскага захоўвае ў сабе непасрэдныя груба-комічныя рысы д'ябла народнай творчасьці. Па самай сваёй ідэі, твор Рыпінскага бясспрэчна можа быць аднесены да шырокай плыні спэцыяльнай літаратуры для народу (La lіttèrature de colportage). Рыпінскі, адукаваны шляхціц, з вышыні сваёй панскасьці тут спушчаецца да ўзроўню тагачасных народных мас і на фоне фантастычнага сюжэту праводзіць убогую думку аб тым, што ня трэба лаяцца і ня трэба ў пост есьці скаромнага, бо гэткія ўчынкі аддаюць чалавека ва ўладу нячысьціка. Гэта падробка пад народныя забабоны яскрава выяўляе шляхецкую псыхолёгію аўтара, яго пагардны погляд на мужыка, як на ніжэйшую істоту, з якой трэба гаварыць на асобнай мове наіўна-дзіцячых разуменьняў і якую варта напалохаць жудасьцямі пекла і расправы з боку д'ябла.

Такім чынам, уся літаратурная дзейнасьць Рыпінскага носіць тэндэнцыйны характар: заўзяты польскі патрыотызм афарбоўвае яго "Bіalorus" у цёмны колер вузкага нацыяналізму; баляда "Нячысьцік" выяўляе яшчэ больш вузкі панска-шляхецкі дыдактызм у стасунку да селяніна. Але, ня гледзячы на тэндэнцыйнасьць, гэта дзейнасьць, калі разглядаць яе ў гістарычна-літаратурным аспэкце, мае і бязумоўную вартасьць, паколькі яна зьяўляецца продуктам романтычнай зацікаўленасьці галоўнымі адзнакамі беларускай народнасьці.

Яшчэ больш яскрава романтычнае народніцтва выявілася ў творчасьці Баршчэўскага.

Ян Баршчэўскі паходзіць з дробнай шляхты, нарадзіўся ў 1790 г. на Віцебшчыне, у Морачах каля возера Няшчодра. Вучыўся ён у Полацкай езуіцкай колегіі, вучыўся надта добра. Яшчэ вучнем будучы пісьменьнік здабыў сабе рэпутацыю здольнага вершатворцы. Кожны раз у часе летніх вакацый ён прыяжджаў у вёску і тут быў пажаданым госьцем шляхты... Ніводнае вясельле, імяніны і другія таму падобныя сьвяты не абыходзіліся без Баршчэўскага, якога ўсе ахвотна запрашалі да сябе. Ня было кірмашу, на які-б Баршчэўскага не пацягнулі. Уся засьцянковая шляхта любіла Баршчэўскага за мілы, вясёлы характар і за вершыкі, якія ён складаў пры кожнай першай лепшай прыгодзе.[6]

Пасьля сканчэньня школы ў Полацку ў Баршчэўскага было імкненьне працягнуць сваю адукацыю ў Віленскім унівэрсытэце, але акалічнасьці не далі яму магчымасьці зьдзейсьніць гэтае імкненьне і прымусілі яго працаваць у якасьці настаўніка ў багатых дамох. Потым ён пераяжджае ў Пецярбург і паступае на службу у марскае ведамства, але хутка службу кідае і зноў прымаецца за настаўніцкую працу.

Жывучы ў Пецярбурзе, Баршчэўскі заводзіць знаёмства спачатку з Міцкевічам, а потым і з Шэўчэнкам. Можа пад уплывам гэтых знаёмстваў літаратурныя нахілы нашага аўтара, якія выявіліся ўжо ў вучнёўскія гады, яшчэ больш узмацняюцца. Гуртуючы навокал сябе моладзь, ён пачынае выдаваць рочнікі-альманахі. Альманах яго "Nіezabudka", выходзіўшы ад 1840 па 1844 год, складае сабой 4 томы. Але, жывучы ў паўночнай сталіцы, Баршчэўскі ня траціць сваёй сувязі з Беларусьсю. Ад халодных берагоў Нявы яго моцна цягнула пад сень родных лясоў, на шырокія прасторы родных палёў. Амаль кожнае лета пісьменьнік пакідаў сталіцу і пехатой выпраўляўся на Віцебшчыну. Тут ён найбольш жыў у якасьці госьця ў свайго дзядзькі Завальні, які прадстаўляў з сябе тыповага беларускага шляхціца. Вандроўкі і асабліва жыцьцё ў дзядзькі мелі значэньне для літаратурнай чыннасьці Баршчэўскага. Ён спатыкаўся з рознымі людзьмі, старажытцамі, якія апавядалі розныя легенды, гісторыі, паслужыўшыя потым яму, як пісьменьніку, матэрыялам для творчасьці.

З Пецярбургу Баршчэўскі нарэшце пераехаў да Цуднова на Валыні. Там, у графіні Ржэвускай, ён жыў некалькі гадоў да самай сваёй сьмерці (1851 г.).

Пісаў Баршчэўскі папольску і пабеларуску. На польскай мове ім напісаны баляды, апісальныя вершы і зборнік апавяданьняў пад назвай: "Szlachcіc Zawalnіa czylі Bіałorus w fantastycznych opowіadanіach. Petersburg, 1844-1846 г." Гэты зборнік зьяўляецца найбольш паважным творам Баршчэўскага; заключае ён у сабе вялізны шэраг беларускіх легенд, казак, гісторый. Досыць стракаты матэрыял аб'яднаны тут агульнай літаратурнай асадкай; у абрамляючай новэлі аўтар прадстаўляе справу так, што ён жыве ў свайго дзядзькі шляхціца Завальні і спатыкаецца там з рознымі асобамі, якія і праходзяць перад намі са сваімі гісторыямі і апавяданьнямі.

Крытыка ў свой час вельмі высока ставіла гэты твор. Падбярэзкі ў романтычнай фантастыцы зборніку бачыў плынь сапраўднага беларускага гофманізму.[7] Ак. Пыпін дае аб ім стрыманы водзыў, хутчэй адмоўны, чым дадатны. Апавяданьні Баршчэўскага,—кажа ëн,—не прадставяць такіх вартасьцяй, якія здаваліся польскім крытыкам; абмалёўкі побыту ня йдуць глыбока, адносіны да народу застаюцца протэктарскімі, але і няяснымі; няма таго непасрэднага інтарэсу да народу, які быў-бы патрэбны і для мэтаў мастацтва і дыктаваўся-б думкай аб соцыяльным стане народу".[8] Беларуская крытыка асабліва падкрэсьлівае нацыянальна-беларускі характар твору. Напр., Ромуальд Земкевіч кажа: "Баляды, апісальныя вершы Баршчэўскага, а таксама і „Szlachcіc Zawalnіa“, так і просяцца, каб іх пералажыць на беларускую мову, бо ўсё гэта ўзята жыўцом з беларускага жыцьця і ў польскай літаратуры ня мае і ня будзе мець такога вялізнага значэньня. Прыблізна ў такім духу, толькі дэталізуючы палажэньне Земкевіча, выказваецца і М. Гарэцкі. „У гэтых творах,—піша ён,—найлепей адбіўся романтызм Баршчэўскага, яго любоў да старыны, народнай поэзіі, беларускіх забабонаў, усякай чартоўшчыны і містычнасьці… Цэлы гуж усялякіх апісаных тут гісторый паказвае беларускае жыцьцё, беларускі дух, беларускую душу. Ёсьць прыклады народнай гутаркі і песьні. Захованы орыгінальны беларускі гумор. Задалося пісьменьніку пераняцца містычным настроем забабоннага беларуса, які тады меў вялікую веру ў сілу чараўнікоў, у нячысьцікаў і поэтычна бачыў у жывой і няжывой прыродзе рознае страхацьцё. Гэта была першая і даволі задачная, на жаль у чужой мове зробленая, спроба апрацаваньня нашай народнай творчасьці“. Потым у якасьці прыкладу крытык досыць падрабязна разьбірае адно з фантастычных апавяданьняў пісьменьніка і з гэтага разбору робіць такі вывад: „Баршчэўскі карыстаўся народнай мітолёгіяй, уплятаў яе ў быт, прычым у пэўнай меры даваў абразкі і соцыяльнага зьместу, наколькі яны ня выходзілі з яго шляхоцка-хрысьціянскай памяркоўнасьці і былі патрэбны для пэўнасьці вобразу“[9].

Мы, з свайго боку, папершае, лічым, што будзе значнай памылкай залічаць твор „Slachcіc Zawalnіa“ да беларускай літаратуры і адводзіць яму месца ў курсе гэтай літаратуры, як робіць то Гарэцкі. Наколькі даны твор Баршчэўскага напісан на польскай мове, ён цалком і належыць да польскай літаратуры. Мова, думаецца нам, ёсьць адзіны крытэры, на падставе якога можна залічаць творчасьць да тэй ці іншай нацыянальнай групы. Ні пахаджэньне аўтара, ні, тым болей, самы зьмест яго твораў такім крэтырыем быць ня можа. У процілеглым выпадку да беларускай літаратуры прыходзілася-б аднесьці шмат якія творы, напр., Адама Міцкевіча, Кондратовіча (Сыракомлі), Элізы Ожэшка ды інш. аўтараў, якія малююць нам беларускае жыцьцё і бяруць тыпы і вобразы з гэтага жыцьця. Падругое, нам прадстаўляецца, што крытыкамі Земкевічам і Гарэцкім значна пераацэньваецца і перавялічвацца беларускі элемэнт у творы "Szlachcіc Zawalnіa". Справа ў тым, што ў Баршчэўскага народная творчасьць і побыт служаць толькі адпраўным пунктам, выходзячы з якога ён дае шырокі прастор сваёй мастацка-романтычнай фантазіі. Недарма той-жа Падбярэзкі, высока аўторытэтны знаўца пісьменьніка, кажа: "У тых апавяданьнях (Баршчэўскага), якія памылкова падабалася назваць повесьцямі... само толькі ядро належыць да народнай творчасьці, а цэлы вобраз ёсьць вынік вымыслу аўтара, разгорнутага на падставе народных мотываў.[10]

Такім чынам, ні па сваёй мове, ні па зьместу, твор Баршчэўскага не належыць цалкам да беларускай літаратуры; ён хутчэй павінен быць аднесены да літаратуры польскай. Калі мы і закранулі пытаньне аб ім у сваіх "нарысах", то выключна з тэй прычыны, што, папершае, трэба было паправіць мэтодолëгічную нявытрыманасьць і памылковыя думкі аб гэтым творы, якія замацаваліся ў нашай крытыцы, а падругое, мы не адмаўляем, што і для дасьледчыка беларускай літаратуры "Szlachcіc Zawalnіa" можа быць ускосным матэрыялам, паважным для акрэсьліваньня романтычнай настраёвасьці аўтара, які пакінуў сьлед і ў нашым пісьменстве хоць сьлед, праўда, і невялікі.

З твораў на беларускай мове да нас дайшло тры вершы, напісаныя Баршчэўскім: "Да чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята“, „Гарэліца" (надрукаваны ў альманаху Падбярэзкага "Rocznіk Lіterackі, Petersburg, 1843 г., стар. 216) і "Paбункі мужыкоў" (паданы ў прадмове Падбярэзкага да кніжкі "Szlachcіc Zawalnіa", стар. XXVІІІ-XXXІІ); некалькі штроф, не надрукаваных у Падбярэзкага, падаюцца ў Рыпінскага, у яго кніжцы "Bіalorus", стар. 107, 204 і 208.

Першы верш, напісаны ў 1809 г.; ён прадстаўляе сабой самы раньні твор у беларускай літаратуры XІX в., на падставе чаго Земкевіч і лічыць Баршчэўскага хронолёгічна першым беларускім пісьменьнікам мінулага сталецьця. Паводле сьвядоцтва таго ж крытыка, верш мае аўтобіографічную аснову: поэта напісаў яго, закахаўшыся ў нейкую паненку Максімавічоўну, якой ён робіць дакор за тое, што яна кахае іншых:

Ах, чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята?
Ці табе не напрыкрылася чужая хата?
На каго-ж ты пазіраеш,
Сваё сэрца прыкланяеш.
Ня будзе тут пуці.


∗             ∗

Прывучыла-ж ты двух хлапцоў, як пташак у сеці.
Яны к табе ў дзень і ў ночы рады прыляцеці.
І ты к ім лятаеш,
Панскі двор пабуджаеш
На вялікі сьмех.


∗             ∗

Прывучыла-ж ты лоўчага, ён-жа і стралец.
І дудар быў некалі і рускі пявец:
А стралец і дудар
Не вялікі гаспадар;
Будзеш бяз хлеба.


∗             ∗

Палюбіла садоўніка, і гэта няўпуць,
Ды ěн-жа слуга гасподзкі, асьцярожна будзь;
Мадамай табе ня быць,
Дзяцей табе ня вучыць,
Відзь ты ня ўмееш.

Верш і па зьместу, і па форме прадстаўляе сабой літаратурную бязьдзелку. Калі мы дазволілі сабе падаць яго поўнасьцю, то выключна з тэй прычыны, што ён мае бібліографічную цікавасьць, як першы беларускі верш ХІХ сталецьця.

Другі верш „Гарэліца" (1843) прадстаўляе сабой падробку пад народныя скокавыя песьні. У ім малюецца селянін-п'яніца, які нават у сьне бачыць парожнюю бочку і рашае потым загуляць, забыўшыся на сям'ю і працу і спадзяючыся на панскую ласку:

А я-ж пану пакланюся: панок, маё гора,
Жыта касіў, сена грабіў цэлы дзень учора.
Вось тут пан прасьціць і міласьць пакажаць,
Яшчэ хлопцу чарку водкі мне прынесьць прыкажаць.

Больш цікавым зьяўляецца твор "Рабункі мужыкоў"; ён навеяны падзеямі 1812 г. і малюе нам адзін эпізод, які здарыўся, відаць, у часе вайны: калі рускае войска адступіла, то сяляне, з дапамогай францускіх жаўнераў, прагналі паноў і пачалі гаспадарыць у панскім двары. Верш дае нам тыповы малюнак вясковых рабункаў, калі кожны імкнецца захапіць усё, што трапляецца пад руку:

Той браў плацьця на вяроўку,
Чым абшыць жонкі шнуроўку,
Цыны, медзі, сколькі мог,
Чым абліць дуду і рог...
Іншы быдла занімаець,
Другі адзене хапаець,
Іншы толькі есьць і п'ець,
Другі шабляй куры б'ець.

Але ў творы яскрава вызначаецца шляхецкі настрой аўтара, які імкнецца сялянскае паўстаньне супроць паноў прадставіць, як комічную праяву, і ў выяўленьні сялянскай волі бачыць толькі сьмешны і жартаўлівы эпізод:

Як пранцузы вышлі, самі
Мужыкі былі панамі.
І калі так пагулялі,
Раду сабе укладалі.
Першы Мінка сеў за стол,
У куты глядзіць, як сакол,
На крэсьле, дзе сядзеў пан,
Пуза як барабан.
А ногі як разапнець,
Хоць з калёсамі праедзь.

У вусны селяніна далей укладаецца песьня, у якой ідэалізуецца прошласьць і зазначаецца на абядненьне паноў у сучасным, што павялічыла сабой цяжкую долю селяніна. Даная ўстаўка досыць характарная: яна выкрывае нам замілаваньне Баршчэўскага да патрыархальнага ўкладу жыцьця і няпрыхільныя адносіны яго да новых праяў, якія руйнавалі гэтую патрыархальнасьць.

Такім чынам, і ў творчасьці Баршчэўскага таксама, як ў Рыпінскага, выяўляецца значная супярэчнасьць: побач з романтычным замілаваньнем да беларускай народнасьці ў яго мы знаходзім скэптычна-гіронічныя, у сваёй аснове чыста шляхецкія адносіны да сялянства—галоўнага нашэльніка гэтай народнасьці.

Найбольш выдатным прадстаўніком романтычнага народніцтва ў беларускай літаратуры зьяўляецца Ян Чачот (1797-1847).

Нарадзіўся пісьменьнік у Навагрудзкім павеце Меншчыны. Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у родным горадзе, дзе разам з Міцкевічам вучыўся ў павятовай домініканскай школе. Пасьля заканчэньня сярэдняй адукацыі Чачот паступіў у Віленскі унівэрсытэт на аддзел моральных і політычных навук. І тут, у Вільні, прадоўжвалася яго прыяцельства з Міцкевічам: юнакі асабліва захапляліся романтыкай і лібэральнымі думкамі. Скончыць унівэрсытэт Чачоту не ўдалося; за прыналежнасьць да нелегальнага гуртку "філёматаў" ён быў высланы на Урал. У бадзяньні па чужыне, у ролі выгнаньніка, прайшло гадоў 15-20. Толькі ў саракавых гадох Чачот атрымаў магчымасьць вярнуцца на бацькаўшчыну; спачатку жыў ён у Лепелі Віцебскай губерні, а потым у маёнтку пана Храптовіча—Шчорсах, у Наваградчыне, у якасьці бібліотекара надзвычайна багатай, вядомай па ўсёй Беларусі бібліотекі Храптовічаў. Канец свайго жыцьця правёў пісьменьнік, пераходзячы ад аднаго свайго школьнага таварыша да другога; памёр ён у Друзгеніках.

Романтычная настраёвасьць у Чачота, як і ў двох папярэдніх аўтараў, выяўлялася найбольш выразна ў яго замілаваньні да беларускай народнай творчасьці. Чачот высака цэніць народную песьню. З захапленьнем ён гаворыць аб ëй: "які гэта скарб для вучанага песьняра і назіральніка! Колькі там нявымушанай і сьвежай поэзіі! Будзем з ахвотай слухаць іх песьні вясельныя, дажынкавыя і іншыя, і мы ня раз прыемна правядзем час і, што паважней, набудзем вялікую прывязанасьць да нашых добрых земляробаў". У другім месцы ён яшчэ з большым замілаваньнем адзываецца аб народных казках: "Не магу, — кажа ён,—без якой-та любай трывогі ўспомніць забытыя казкі, якія я слухаў і ведаў у мае дзіцячыя гады. У іх часта замыкаецца вельмі добрая моральная думка".[11]

Прасякнуты такім шчырым замілаваньнем да народнай творчасьці, Чачот робіцца старанным зьбіральнікам народных песьняў. Спачатку ён прыцягвае да гэтай справы нават і іншых асоб, пераважна знаёмых "паненак". Але потым ён пераконваецца, што гэта сур'ёзная праца зьбіраньня народных твораў абавязкова патрабуе асабовага ўдзелу і напружаньня, што дапамагальніцы яго мала надзейныя. З вялікім энтузіязмам ён сам аддаўся справе запісваньня народных твораў. У выніку яго працы зьявіліся "Pіosnkі wіeśnіacze", у 6 выпусках, якія выходзілі з 1837 па 1846 г. На правялікі жаль, у Чачота быў толькі романтычны энтузіязм зьбіральніка, але ня было для гэтага належнай навуковай падрыхтоўкі. У першых трох кніжках ім даюцца толькі польскія пераклады народных песьняў і насьледаваньні: "Я ня вельмі трымаўся орыгіналу, — наіўна заўважае ён, —але некаторыя песьні перакладзены даслоўна, другім я больш-менш блізка насьледваў".[12] Толькі ўжо ў чацьвертай кніжцы Чачот, пад уплывам крытыкі, даў нарэшце ўзоры, "першатворных" песьняў, г. зн. на іх сапраўднай беларускай мове. Але і пры адсутнасьці належнай навуковай падрыхтоўкі, Чачот часам выказвае некаторыя цікавыя думкі адносна народнай творчасьці. Напрыклад, ён зварачае ўвагу на асаблівасьці песеннага складу, робіць вывад аб старажытнасьці песьняў на падставе частага ўспамінаньня ў іх ракі Дуная, мора, вінаграду, лічыць патрэбным зазначыць мясцовасьць, дзе зроблены запіс, разумее сувязь песьні з абрадам, з гэтай прычыны кажа, што дзеля паўнаты назіраньня трэба адзначаць песьні і абрады. Нарэшце, Чачот значную ўвагу адводзіць беларускай мове, якую ён называе крывіцкай. У гэтых адносінах асаблівую цікавасьць прадстаўляе шостая кніжка. У прадмове да яе аўтар выказвае жаль, што за адсутнасьцю навуковых ведаў ён ня можа даць граматычна-гістарычны нарыс "крэвіцкай" мовы. Ставячы пытаньне аб мінулым мовы, Чачот успамінае, што на ёй пісаліся калісь офіцыяльныя акты, што ў яго час яшчэ на ёй любілі гаварыць нават і старыя паны. Поўнае вывучэньне гэтай мовы, на думку аўтара, будзе зроблена ў будучыне, калі які-небудзь падрыхтаваны чалавек, можа селянін, свае навуковыя веды дапасуе да тлумачэньня фактаў добра вядомай яму роднай мовы. Абмяжоўваючыся цяпер толькі кароткімі ўвагамі агульнага зьместу, Чачот адзін з першых робіць акрэсьленую і досыць выразную характарыстыку беларускай мовы, адзначаючы асаблівасьці яе гукаў і форм. На яго думку, крэвіцкая гутарка займае сярэдзіну між польскай, расійскай і украінскай мовамі: украінская, або палянская, у сваім ладзе і вершаскладаньні больш падобна да польскай, крэвіцкая—да расійскай. Закранаючы пытаньне аб правапісе, ён выказваецца за фонэтычны прынцып яго: імкнецца пісаць так, як вымаўляецца. Вызначае наш аўтар і шлях лепшага выучэньня мовы.

„Пазнаньню крэвіцкай мовы, — кажа ён,—дапамагло-б прыслухоўваньне да хатняй гутаркі сялян. Але гэта было-б нялёгка для апранутага ў сурдут, і яму трэба было-б толькі пераапрануцца ў сярмягу і ісьці, як чужому чалавеку, на вечарніцы або ў карчму. Але куды больш спадручны спосаб наўчыцца мове і рабіць над ёю назіраньні, быў-бы той, калі-б хто стаў слухаць і з дакладнасьцю запісваць казкі"...[13]

Да гэтых разважаньняў у шостай кніжцы далучаецца збор прыказак, невялічкі слоўнік для тэкстаў песьняў, збор ідыотызмаў крэвіцкай мовы, некаторыя этымолёгічныя ўвагі і артыкульчык а падабенстве славянскіх моваў і санскрыта.

Такім чынам, романтычнае замілаваньне да беларускай народнасьці выявілася ў Чачота ў тым, што ім досыць уважна абхоплены істотныя адзнакі гэтай народнасьці: мова і творчасьць.

Але Чачот прадстае перад намі ня толькі ў постаці романтыка, але і ў постаці філянтропа-народалюбца. У яго мы знаходзім шчырую любоў да сярмяжнага гарапашніка, шчырае спагаданьне народнаму гору ды імкненьне прыйсьці на дапамогу. Пісьменьнік высока цэніць выдатныя моральныя якасьці народу. У прадмове да сваёй першай кніжкі ён, напрыклад, кажа: "сяляне нашы—народ добры, пакорлівы, любячы працу, пачэсны, павінны адбуджаць у нас самыя дображаданыя да іх пачуцьці. З імі мы можам быць шчасьлівы. За работу іх рук даючы ім працу нашай мысьлі і асьветы, мы можам павялічыць усеагульнае дабро. Ня будзем думаць, што мы не маглі-б ад іх чаму-небудзь наўчыцца. Мы многаму наўчыліся, пазнаючы іх стан і побыт; знойдзем у іx паданьні, казкі, апавяданьні і надзвычайна багата будзе жніва песень, якія даюць пазнаць іх жаласьлівыя, прыгожыя, нават тонкія і глыбокія пачуцьці". Для Чачота народ, такім чынам, ня толькі об'ект выўчэньня, але да пэўнай ступені і настаўнік, які мае глыбокую душу і сваю вякамі вынашаную мудрасьць. Наш пісьменьнік 40 гадоў у даным выпадку як-бы папераджае пазьнейшых народнікаў, якія пойдуць у сялянскія масы ня толькі вучыць, але і вучыцца, шукаючы там жыцьцёвай праўды, імкнучыся ў народнай цэльнасьці ды гармоніі знайсьці прымірэньне сваёй дваістасьці і дысгармоніі. Не адзін раз спыняецца Чачот на супярэчнасьці між моральнай вартасьцю селяніна і яго соцыяльнай доляй, засудзіўшай яго на пакуты беднасьці і цемры. Нарысаваўшы нам ідылічны малюнак, як сялянка з радасьцю бяжыць да "паненкі", кажучы: "вось я яшчэ прыпомніла добру песеньку", аўтар зараз-жа дадае: "гэты любы і прыгожы вобраз, які прысутнічае ў маім сэрцы, я павінен зацямніць смутнай думкай аб становішчы складальнікаў і складальніц вясковых песьняў".

Найбольш выразна філянтропічныя імкненьні Чачота выявіліся ў яго ўласных песьнях, якія прадстаўляюць сабой падробку пад народныя песьні і ў ліку 28 зьмешчаны ў кніжцы "Pіosnkі wіeśnіacze z nad Nіemna і Džwіny, z dolaczenіem pіerwotwornych w mowіe slawіano-krewіckіej. Wіlno. 1844; апроч таго, адна "песьня", "Da mіlych mużyczkow", надрукавана ў апошнім зборніку 1846 г.

У творах "Wlasne pіosnkі wіeśnіacze" Чачот малюе нам адмоўныя бакі сялянскага жыцьця і зарысоўвае ідэальны вобраз селяніна. Галоўнай заганай вёскі, на думку аўтара, зьяўляецца п'янства. Гэтаму злу адводзіцца ім найбольш увагі. Яшчэ раней, у сваёй прадмове да трэцяй кніжкі (Pіosnkі wіeśnіacze z nad Dźwіny. Ksіążeczka trzecіa. Wіlno), пясьняр з засмучэньнем спыняецца на п'янстве селяніна. "Як з песьняў з Нёмана, —кажа ён,—гэтак і з песьняў з Дзьвіны я дазволіў сабе выкрасьліць няшчасную гарэлку, якая ня раз у іх успамінаецца, і замяніць яе мёдам і півам, якія цяпер амаль што невядомы сялянам.

Першы грош—ад гарэлкі, кажа абшарнік і кіраўнік; яна першае зло, гаворыць кожны разважлівы чалавек. Сэрца баліць, калі бачыш, як шматлікавая і працаздольная кляса насельніцтва часта прыходзіць у такую бяду[14], да якой хутчэй за ўсё даводзіць п'янства. Гэтую бяду сакавіта малюе нам Чачот і ў сваіх песьнях; напр., ён піша:

Каб у карчме не сядзеў,
То-бы чысьценькі хлеб еў;
А то зрабіла карчма,
Што куска хлеба няма.
Каб у карчме не сядзеў,
To-б сярмяжку цэлу меў;
А то зрабіла карчма,
Што у латах сярмяжка ўся.
Каб у карчме не сядзеў,
То-б валы, кароўкі меў;
А то зрабіла карчма,
Што і воліка няма.

вусны селяніна пясьняр укладае абурэньне супраць карчмы, якая руйнуе ўвесь дабрабыт вясковага жыцьця:

А бадай ты, новая
Карчомка, згарэла,
Як мая цераз цябе
Хатанька згалела!
Дзетачкі і жоначка
Бяз хлеба ў тузе;
Волікі і конікі
Топяцца ў лузе.

Асабліва брыдкую зьяву прадстаўляе сабой п'яная жанчына:

Калі чорта знаць хочаце,
То на яе паглядзеце;
Нішто гідчэй калом сьвета,
Як п'яная кабета.
Бога у душы ня мае,
І сарому забывае;
Нішто гідчэй калом сьвета,
Як п'яная кабета.

Другой заганай, за якую дакарае наш аўтар селяніна ёсьць гультайства: яно таксама разбурае гаспадарку і даводзіць да беднасьці. Заўважаецца потым цэлы шэраг іншых больш дробных заганаў. Вясковая гаспадыня неахайная, ходзіць у брудзе, за гэта яе варта нават пакалаціць:

Ой гаспадыня чорна, як комін,
Да на ней сажы да са дзьве асьмін!
Ой вазьму-жа я дубіну,
Ой страсу сажу у асьміну!
Ой гаспадыня!

Зьдзіўляе Чачота, што сяляне жывуць у "курных" хатах; ён раіць ім будаваць печы з комінам, устаўляць у вокны шкло і г. д.

Ой нашто сядзім мы, як у норы,
Ой нашто ў хаце, як у аборы?
Гусі, сьвіньні і цяляты,
Нездароўя поўна хата;
Ой нашто, нашто?
Чы ня ёсьць у нас шкло і гліна?
Мы ня можам вывесьць коміна?
І ў сьветлае аконца,
Ўпусьціць мілае сонца?
Чы ня можам, чы?

Упікае далей наш пясьняр селяніна за тое, што ён псуе маладыя дрэвы, пушчаючы вясной сок з бярозак, што ён ня вучыць дзяцей рамёствам, што ён хавае грошы ў зямлю, замест таго, каб пусьціць іх у зварот ды інш.[15]

Ідэальны селянін у Чачота, папершае, вызначаецца працавітасьцю і цьвярозасьцю; загадзя ён падрыхтоўвае ўсё патрэбнае ў колазвароце земляробскай працы:

Як то добра, калі мужык
Трэзвы, гаспадарны!
Для такога ў цэлым року
Жадын час ня марны!
Сьнегі таюць, ён гародзіць
Колмі, што зімою
І навазіў і начасаў
Добраю парою.

Ёсьць у яго і лучына,
І дроў многа клетак;
Будзе чым варыці кашу
Ўсё лета для дзетак.
Вясна блісьне, ён гной возіць
І ape і cee;
Косіць лугі, сенажаці,
Нім жыта дасьпее.
Хлеб мае і ня ходзіць
Вясною па меркі,
Бо зімою ён ня лыкау
У карчме з кватэркі.

Апроч гэтай прадугледлівай працавітасьці і цьвярозасьці, ідэальны селянін у песьнях Чачота вызначаецца яшчэ рэлігійнасьцю і пакорліва-сыноўскімі адносінамі да пана. Ён

Працуе рад і весел
З мужыцкай долі...
Ён у сьвятой у цэркаўцы,
На таргу бывае;
Бога, пана, сваю хату
І работу знае.

Так Ян Чачот выступае ў сваіх песьнях у яскравай постаці моралістага з абмежаваным панска-шляхецкім сьветапоглядам. Ён любіць, мілых мужычкоў"; у сваім звароце да іх сам сьведчыць аб сьціслай сувязі сваёй з сялянскім людам:

Да і я-ж між вамі ўзрос
Пры бацьку і маці
І мне бог на сьвеце даў
Гора гараваці,
Штобы лепш я вас любіў
І ўмеў спагадаці.

Але панскасьць перашкодзіла яму выявіць гэтую лепшую любоў да селяніна. Чульлівае сэрца дало яму магчымасьць заўважыць сялянскія пакуты, ён балезна адчуваў галоўныя злыдні народнага побыту—беднасьць і цемру. І пры ўсім тым пясьняр ня здужаў падняцца вышэй сваіх вузка-клясавых інтарэсаў: аб істотнай прычыне народных пакут—паншчыне ён не гаворыць нам ні слова; па сутнасьці соцыяльныя беды селяніна прадстаюць перад ім у выглядзе толькі нейкіх моральных заганаў. Адсюль вынікае надакучлівы і павярхоўны дыдактызм Чачота. Селяніну, для якога паднявольная праца на пана зрабілася вялікім і цяжкім пракляцьцем, ён робіць дакоры ў гультайстве; таму-ж селяніну, які еў мякіну, фізычна выраджаўся ад галадухі, наш дабрадзей раіць устаўляць у вокны шкло і клапаціцца аб гігіене, не заўважаючы, што паншчына і соцыяльная гігіена гэта былі нясумяшчальныя паняцьці, што толькі дзякуючы бязьлітаснай эксплёатацыі селянін апынуўся на ступені нейкага жывёльнага жыцьця. Гэты дыдактызм, падфарбаваны саладкаватай сантымэнтальнасьцю, сам па сабе такім чынам, зьяўляецца надзвычайна цікавым выражэньнем шляхецкай псыхолëгіі, якая вырасла за умовах прыгонна дваровай культуры. Ён паказвае нам, што нават лепшыя людзі з шляхты таго часу, пры ўсім сваім спагаданьні народнай долі, у першую чаргу ўсё-ткі абслугоўвалі інтарэсы сваёй клясы: там, дзе патрэбны быў востры меч, які-б адразу расьсек заблытаны гордыеў вузел соцыяльных супярэчаньняў, яны выстаўлялі нікчэмныя дзіцячыя дроцікі дыдактызму.



  1. Пыпин. История русской этнографіі. Т. ІV, СПБ 1892, стар. 42.
  2. Іbіd., 43.
  3. Іbіd.. 43.
  4. Зьмест усей кніжкі наступны: Wstep - Dzіal І. Ogolne uwagі.-ІI Spiewy: Relіgіjne; B. Weselne; C. Zalobne; D. Hіstoryczne. Dodatek: B. bіs, Weselne; E. Robocze. F. Ulotne; G. Spіewy nіanek; H. Taneczne. -ІІІ. Tance.--ІV. Gry і Zabawy.-V. Doženkі-VІ. Makaronіsm - VІІ. Poemat.-VІll. Prysłowіa.-ІX. Muzyka.
  5. Іbіd., 44.
  6. Ромуальд Земкевіч. Ян Баршчэўскі, першы беларускі пісьменьнік XІX стагодзьдзя, стар. 6.
  7. У Падбярэзкага, у яго ўступным артыкуле да твору „Szlachcіc Zawalnіa", даецца кароткая характарыстыка польска-беларускай літаратуры і паасобку творчасьці Баршчэўскага. Тут мы чытаем: on (Баршчэўскі) ma lud przed sobą, często z calym urokіem wymysłów z czasów pogańskіch, które on opromіenіa swoіm, ze sіę tak wyraże, bіałoruskіem hofmanіzmem.
  8. Op. cіt., стар. 62.
  9. Гісторыя беларускай літаратуры. 1924 г., стар. 162, 164.
  10. Op. cіt, стар. XXXVІІ дзе чытаем: W tych opowіadanіach, które mylne podobalo sіę nazwad powescіamі, samo tylko jadro należy do gmіnu, caly wobraz jest wymyslu autora, wysnutym na tle barw naradowych". і далей: "Barszczewsky nіe jest zbіeraczem podań, lecz przejawіczem іch w sztuce".
  11. Пыпин, ор. cіt. 48, 54.
  12. Іbіd.
  13. Пыпин. 52.
  14. Пыпин, ор. cіt., стар. 49.
  15. Карскі, оp. cіt., стар. 44.