Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Эпоха прыгоннай гаспадаркі/Асноўныя перадумовы беларускай літаратуры
← Прадмова | Асноўныя перадумовы беларускай літаратуры Манаграфія Аўтар: Міхаіл Піятуховіч 1928 год |
Пародыйны клясыцызм у беларускай літаратуры → |
ЭПОХА ПРЫГОННАЙ ГАСПАДАРКІ
АСНОЎНЫЯ СОЦЫЯЛЬНА-ЭКОНОМІЧНЫЯ, КУЛЬТУРНА-ГІСТАРЫЧНЫЯ і ФОРМАЛЬНА-МАСТАЦКІЯ ПЕРАДУМОВЫ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ЭПОХІ ПРЫГОННАЙ ГАСПАДАРКІ.
У канцы XVII в. Беларусь, пасьля разьдзелаў Рэчы Посполітай, увайшла ў склад Расійскай імпэрыі; з аднаго хворага організму яна трапіла ў склад другога, ня больш здаровага.
Жыцьцё Польшчы перад стратай ёю політычнай самастойнасьці характарызуецца паступовым гаспадарчым заняпадам. Невялічкая група магнатаў фактычна ўладала дзяржавай. Пад гэтаю групаю стаяла шматлікая кляса радавой, дробнай шляхты, якая ганарылася сваімі правамі і прывілеямі, сваёй констытуцыйнай роўнасьцю з магнатамі, але фактычна знаходзілася ў поўнай залежнасьці ад іх. Ненормальныя соцыяльныя адносіны ўсім сваім цяжарам клаліся на плечы сялянства і гарадзкіх рамесьнікаў. „Аб‘ядненьне сялянства, якое выражалася ў зьмяншэньні надзелаў ворнае зямлі, павялічэньні бясконных і бескароўных двароў, у зьяўленьні досыць шматлікай клясы сельскіх батракоў,—вось такі досыць смутны малюнак, які ўвогуле назіраецца на Беларусі к канцу політычнай свабоды Рэчы Посполітай“.[1]
Расія ў гэты момант таксама ўяўляла з сябе хворы організм. Сельская гаспадарка, складаўшая сабою грунт экономікі імпэрыі, трымалася выключна на паднявольнай працы прыгоннага „нявольніка“; прыбытковасьць такой гаспадаркі ўсё больш і больш падала, наладзіць яе на капіталістычны спосаб ня было магчымасьці. Пры панаваньні натуральнай гаспадаркі прамысловасьць і гандаль тармазіліся ў сваім разьвіцьці. Царызм бараніў выключна інтарэсы шляхты. І мы бачым, як вялікая тэрыторыяльна і багатая на прыродныя багацьці дзяржава задыхаецца экономічна, а разам з тым і політычна. Вось у гэтую затхлую атмосфэру гнілога вялікага організму трапляе і Беларусь[2].
Беларускае магнацтва і шляхецтва, хоць і пазбаўлена было „залатой вольнасьці“, але засталося, зразумела і ў новых політычных умовах у стане паноў і карысталася як і даўней, соцыяльна-экономічнымі выгодамі. З гэтай прычыны і ў новай дзяржаве паны адчувалі сябе, як і ў Польшчы, нават лепш: пры агульнай адсталасьці Расіі іх тут менш палохала пэрспэктыва рэформ, якія, пад уплывам францускай рэволюцыі, у канцы XVIII в. знаходзілі сабе прыхільнікаў у Рэчы Посполітай. Ураду Кацярыны II шляхта далучаных беларускіх зямель паднесла нават адрас, у якім, між іншым, гаварылася: „Жывучы ня ў Польшчы, адчуваем сябе як-бы ў Польшчы і нават лепш, як у Польшчы“. Толькі невялічкая частка шляхты, прасякнутай польскім патрыотызмам, не змагла прымірыцца са зьменай політычных умоў і, адмовіўшыся ад прысягі на вернасьць новаму ўраду, прымушана была расстацца з сваімі маёнткамі і пакінуць межы Расіі.
Зусім іншае было становішча сялянства. Яно пры інкорпорацыі Беларусі ў склад Расійскай імпэрыі ня толькі не зьмянілася к лепшаму, але нават з часам і пагоршылася. Сяляне, к канцу XVII в. страціўшыя вольнасьці, якімі яны карысталіся ў Літоўска-Беларускай дзяржаве, к гэтаму часу падзяляліся на дзьве групы: вялікую групу прыватна-ўласьніцкіх сялян і меншую—скарбовых. Скарбовым жылося крыху лепш, чым прыватнаўласьніцкім; у іх былі крыху большыя правы і меншыя абавязкі ды павіннасьці; паншчына ў іх адбірала 3—4 дні на тыдзень, тымчасам як у прыватных панскіх маёнтках яна даходзіла з 3 да 7 дзён у тыдзень.
Экономічнае становішча беларускага прыгоннага сялянства было значна горш, чым, напр., у Маскоўшчыне. Зразумела, і там паншчына мела свае жудасныя бакі, але там была і маленькая аддушына. Канец XVІІІ в. і першая палова XІX в. ў Маскоўшчыне былі эпохай першапачатковага накапленьня капіталу. У гэтых умовах некаторая частка сялянства праўда, ня досыць вялікая, мела магчымасьць атрымліваць заработкі ў гарадох, там разьвіваюцца адхожыя промыслы, і нават зьяўляецца некаторае накапленьне капіталу, зьяўляецца сялянская фабрыка. Беларусь у гэтых адносінах знаходзіцца ў значна горшым становішчы. Яна ў даную пару прыгоннай гаспадаркі блізка што ня мела ўласнай прамысловасьці; выключэньнем зьяўляецца Гораднянскі раён, дзе, па ініцыятыве Тызенгаўзэна, зьявіўся цэлы шэраг фабрык, пераважна тэкстыльных; былі больш дробныя прадпрыемствы і ў некаторых іншых мясцох. Але, наогул кажучы, Беларусь у гэты час была вельмі бедная ў адносінах уласнага капіталу. Пры такіх умовах яна лёгка рабілася арэнай барацьбы двох суседніх капіталаў... У эпоху заняпаду Рэчы Посполітай якраз зараджалася польская прамысловасьць і польскі капітал. З другога боку, такая-ж зьява назіраецца далёка на ўсходзе, навокал Масквы і Пецярбургу. Калі пачалася эпоха разьдзелаў. Беларусь апынулася ў кляшчох абодвух вогнішчаў капіталізму, які толькі нараджаўся. Але сама яна была вельмі слаба натуральнымі рэсурсамі і капіталамі. Эпоха разьдзелаў на гаспадарцы Беларусі адбілася куды мацней, чым на гаспадарцы Польшчы, і Беларусь апынулася пад уплывам двох суседніх рынкаў. Да гэтага трэба дадаць прускую прамысловасьць, якая таксама нараджалася і якая ў сваю чаргу націскала на польскую.[3]
Беларусь, якая зьяўлялася арэнай барацьбы двох капіталаў, адначасна робіцца прадметам самай бязьлітаснай эксплëатацыі. Асабліва яскравай зьяўляецца фінансавая эксплёатацыя яе. У апошнія часы існаваньня Польшчы за поўгода яна ўкладала у польскі скарб 172.835 руб.; за палову 1774 г. Беларусь павінна была ўкласьці ў імпэрскі скарб 587.019 р., што ў год складае больш за мільён рублёў. Такім спосабам, пасьля далучэньня да Расіі, велічыня падаткаў на Беларусі ўзрасла блізка што ў 6 раз.
Фінансавая эксплуатацыя, якой падлягала Беларусь у новым становішчы, была куды большая, чым у складзе Рэчы Посполітай. Гэта эксплёатацыя ўсім сваім цяжарам лягла не на шляхту, але на іншыя групы насельніцтва, асабліва на працоўныя нізы.[4]
Знаходзячыся ва ўмовах бязьлітаснай эксплёатацыі, сялянства Беларусі, пры сваёй жудаснай беднасьці, апусьцілася блізка што да напоўжывёльнага стану. У надзвычайна сумных фарбах малююць яго ўсе тагачасныя крыніцы, асабліва мемуары сучасьнікаў. Мы абмяжуемся толькі двума сьвядоцтвамі розных кругабегаў. У канцы XVІІІ в. расійскі поэта Дзяржавін, атрымаўшы маёнтак у Невельскім павеце і добра знаёмы з Беларусьсю, так апісвае ў сваёй справаздачы ўраду стан прыгоннага беларускага селяніна. "Хотя жители ee (Белоруссии) и употребляют пушной или пополам с мякиной хлеб, покупая оный или брав в займы, но сие и в самые лучшие хлебородные годы обыкновенно в том краю бывает, особенно весной до жатвы. Другие пятую долю ржи с четыремя частями мякины мешают, а иные едят вареный щавель или из отрубей и выжимок вареную кислицу; при чем они по привычке и нужде в довольном равнодушии обретаются".[5]
Такім чынам беларускі селянін жыў звычайна ў голадзе; нават у часы ураджаю жывіўся ён рознымі сурогатамі замест жытняга хлеба. Прайшла палова веку, і ў 40 гадох ХІХ ст. вядомы акадэмік і статыстык Арсеньеў характарызуе стан беларускага селяніна амаль што ў такіх самых рысах, як і Дзяржавін у канцы ХVІІІ в.
„Дома крестьянские,—піша назіральнік,—здесь бедны, мрачны, без хозяйственных удобств, не отделены от жилья домашних скотов, крестьяне во многих местах не имеют даже порядочной, сытной пищи; хлеб их―смешение муки с непитательными растениями—так называемый пушной хлеб; платье и обувь крестьян не охраняют их достаточно от непогод и суровости воздуха, оттого видно всеобщее бессилье, уныние и бесчувственность ко всему; полевые орудия, ездовая сбруя и весь домашний скарб крестьянина-поразительная вывеска нищеты".[6]
Такія жудасныя экономічныя ўмовы, натуральна, цягнулі за сабой фізычнае выраджэньне беларускай вёскі; прыгоннае сялянства давала паступова зьмяншэньне сваёй колькасьці замест росту. Інстынкт самазахаваньня кідае яго на шлях барацьбы супроць паноў. Зразумела, што форма організаванай барацьбы была для яго недаступна, і яно выяўляе сваю волю да жыцьця ў форме бунтаў. Накіраваныя супраць панскай эксплëатацыі, сялянскія бунты ў 1796 і 1797 г. г., пракаціліся па ўсёй Беларусі; асабліва моцнымі яны былі ў Полацкай провінцыі. Другая, асабліва моцная, хваля бунтаў пракацілася ў часы вайны 1812 г. Сярод сялянства сталі пашырацца чуткі, што прыгон ужо скасаваны Наполеонам, які сапраўды часта выказваўся а сваім намеры вызваліць селяніна ад прыгону; апроч таго, і францускія салдаты вельмі часта падбухторвалі сялян супраць паноў. Проф. Пічэта так характарызуе гэтую хвалю бунтаў. "Рабункі, забойствы, падпальваньне дамоў—звычайныя формы протэсту. Побач з гэтым, нездаволеныя сяляне рабавалі хлебныя сьвірны, забіралі сабе маемасьць. Такога роду бунты былі распаўсюджаны ў Менскай губэрні. Падобныя бунты быліі ў другіх губэрнях".[7]
Паўстаньні сялян супраць паноў адбываюцца і пазьней, у працягу Мікалаеўскай эпохі яны — звычайная зьява. За часы Мікалаеўскага цараваньня вынікла па прыблізнаму падліку 650 паўстаньняў, што ў сярэднім дае на год больш 20 паўстаньняў. Але тыпова тое, што лік паўстаньняў раскладаецца па гадох не роўнамерна, а прогрэсыўна ўзрастае. У 1826 г. налічвалася 85 сялянскіх паўстаньняў, а ў 1845 г. яны дайшлі да лічбы 207. Лёкальныя, спорадычныя паўстаньні ў 1854 і 1855 г.г. перайшлі ў масавае паўстаньне ў сувязі з чуткамі, што хто запішацца ў апалчэньне, той будзе мець волю".[8] Менскі губарнатар таго часу Допэльмайер у сваім абежніку на імя павятовых маршалкаў піша, што "у губэрні амаль што ўсюды існуюць нейкія варожыя адносіны сялян да іх уласьнікаў": ён констатуе далей "страшэнныя і неаднакроць зробленыя забойствы ўласьнікаў сваімі сялянамі". Сапраўды вельмі часта бунты саправаджаліся забойствамі паноў. Беларускі губарнатар, апісваючы немагчымае становішча сялянства, выказвае думку, што такое становішча зьяўляецца небясьпекай для дзяржавы. У такім-жа духу выказваецца і Віцебскі губарнатар у 1835 г.
Апроч паўстаньняў і бунтаў, былі ў сялян і другія спосабы вызваленьня ад панскага ўціску: павялічваюцца іх уцёкі на поўдзень; пашыраюцца самагубствы, якія часам набываюць масавы характар; для такіх сялян, скончыўшых жыцьцё самагубствам, устанаўляецца нават офіцыяльная назва "скоропостижно умершие“; у некаторых паветах такіх "скоропостижно умерших" былі сотні.
Такім чынам, соцыяльна-экономічнае становішча сялянства ў эпоху прыгоннай гаспадаркі ўяўляе сабой жудасную трагедыю,—трагедыю часам крывавую.
Політычна-нацыянальнае становішча сярмяжнай Беларусі таксама было вельмі сумнае. За Кацярынай ІІ панавала русыфікатарская політыка: беларускія землі ўрад раздаваў рускім паном, асабліва вялікія падарункі дасталіся фаворытам царыцы; замест Літоўскага Статуту заведзена было "Соборное Уложение царя Алексея Михайловича"; выяўлялася імкненьне пашыраць сярод беларусаў праваслаўе за кошт каталіцтва і вуніяцтва; на Беларусі засноўваюцца расійскія школы і г. д. За Паўлам І політыка істотна зьмяняецца ў бок падтрыманьня польскага элемэнту на Беларусі. Узмацняецца польскае зямляўласьніцтва; падтрымліваецца каталіцтва, польская культура. Полёнофільская політыка расійскага ўраду яшчэ больш узрастае за Аляксандрам І; у польскіх патрыотаў абуджаюцца нават надзеі на аднаўленьне з дапамогай цара Рэчы Посполітай. За Мікалаем І політыка зноў крута зьмяняецца ў кірунку насаджэньня расійскай культуры.
Гэта політыка расійскага ўраду, якая ня мела стала вытрыманай лініі і кідалася ў бок то полёнізацыі, то русыфікацыі, зразумела, хваравіта адбівалася на нацыянальным становішчы Беларусі.
Беларуская культура, пасьля росквіту ў XVІ в., пад уплывам полёнізацыі пачала занепадаць яшчэ ў ХVІІ і XVІІІ сталецьці. Беларускае пісьменства, перад тым меўшае такіх выдатных прадстаўнікоў, як Фр. Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі ды інш., за гэтыя два вякі прадстаўляе сабой амаль чысты аркуш. Гэты процэс культурнага заняпаду цягнецца і пасьля інкорпорацыі Беларусі ў склад Расійскай дзяржавы. Беларускі народ, як і даўней, ня меў сваёй інтэлігенцыі, якая перайшла ў польскі або расійскі лягер; беларуская мова, страціўшая яшчэ раней сваё дзяржаўнае і літаратурнае значэньне і зьведзеная на ступень толькі народнага дыалекту, "мужыцкай" гутаркі, прадоўжвала заставацца на гэтай ступені яшчэ і цяпер: і цяпер пры расійскім урадзе, яна, як "мужыцкая", процістаўлялася "панскім". мовам—польскай і рускай. Але цёмны і загнаны беларускі народ, праз вякі ўціску і зьдзеку, як нейкі сьвяшчэнны скарб, пранёс у непарушнасьці галоўныя свае нацыянальныя адзнакі: ён захаваў свой асаблівы бытавы і псыхічны ўклад, свае абрады, сваю творчасьць, галоўнае, сваю мову. У гэтай, вартай дзіву, жывучасьці беларускай народнасьці была зарука адраджэньня і беларускай культуры; адсюль выйшлі і першыя вяшчуны нацыянальнага паратунку.
Яшчэ ў пачатку XІX веку зьяўляюцца першыя парасткі культурна-нацыянальнага беларускага руху; гэтыя парасткі выходзяць з экономічнага і політычнага грунту тагачаснай Польшчы, Расіі і Беларусі.
Польшча, у канцы XVІІІ в. страціўшая сваю політычную самастойнасьць, у асобе сваіх патрыотаў песьціла мару аб аднаўленьні страчанай самастойнасьці. Але было ясна, што для гэтага політычнага і асабліва гаспадарчага будаўніцтва істотна канечнымі зьяўляюцца для Польшчы яе быўшыя "крэсы" і ў першую чаргу Беларусь. На падставе гэтай канечнасьці узьнікае зацікаўленасьць Беларусьсю з боку польскіх патрыотаў.. З другога боку, і Расія таксама імкнулася захаваць Беларусь, як сваю краіну; гэтага патрабавалі яе экономічныя і дзяржаўныя інтарэсы; выходзячы з такіх інтарэсаў, расійскія пісьменьнікі і вучоныя ў 40 і 50 гадох пачынаюць асабліва цікавіцца Беларусьсю; вывучэньнем яе займаюцца Кушын, Эгілеўскі, Кіркор, Шпілеўскі ды інш. Тая беларуская народнасьць, што захавалася дагэтуль, асабліва цікавіць гэтых дасьледчыкаў сваімі тыпова спэцыфічнымі адзнакамі побыту і псыхолёгіі. Напр., Шпілеўскі ў сваіх творах, якія прадстаўляюць сабой зьмяшэньне элемэнтаў навукова-этнографічных і бэлетрыстычных, апісвае побыт беларуса, яго колёрытныя абрады, падае народныя песьні. паданьні, байкі і г. д.
Асаблівую каштоўнасьць у гэтым стасунку мае яго "Путешествие по Полесью и белорусскому краю" (1854-1855), дзе аўтар абмалёўвае сваю падарож ад Варшавы да Ігумена (Чэрвеня).
Але значна раней да вывучэньня беларускай народнасьці падыйшлі польскія дасьледчыкі і пісьменьнікі, прычым выдатную ролю ў абуджэньні цікавасьці да Беларусі яшчэ ў самым пачатку XІX в. адыграў Віленскі унівэрсытэт.
Моладзь таго часу, праўда, дзякуючы працы такіх польскіх патрыотаў, як Н. Чартарыскі, стаяўшы ў якасьці куратара на чале Віленскай вучэбнай акругі, Тадеуш Чацкі, Гуго Калантай,—выхоўвалася наогул у польскім напрамку; Віленскі унівэрсытэт у гэтых адносінах быў якраз асяродкам полёнізаванай беларускай інтэлігенцыі, але полёнізацыя тут злучалася з вялікай зацікаўленасьцю і да мясцовага краю — Беларусі.
Пры Віленскім унівэрсытэце існавалі розныя гурткі моладзі, якія побач з польскім патрыотычным кірункам мелі выразны краязнаўчы ўхіл. Такімі гурткамі былі "Шубраўцы" выдаваўшыя „Брукавыя ведамасьці" сатырычнага кірунку; організацыя "Філёматаў", заснаваная А. Міцкевічам, Янам Чачотам, Томашам Занам ды інш.; організацыя "Праменістых", потым "Філарэтаў". Краязнаўчы ўхіл яскрава быў выражаны ў дзейнасьці гэтых гурткоў. Напр., у статуце "Праменістых" было вызначана патрабаваньне― "жадаць дабра сваім адназемцам кожнага стану і ўсяму народу наогул, захоўваць карысныя звычаі сваіх продкаў, кахаць сваю прыродную мову і вучыцца ëй"; а такой прыроднай мовай для большасьці "Праменістых" была мова беларуская. У "Філарэтаў" нават існавала грунтоўна ўкладзеная інструкцыя; як зьбіраць матэрыялы па этнографіі і географіі Беларусі.
Мясцовы беларускі напрамак гурткоў быў настолькі яскрава выражаны, што Варшава, нарэшце, пачала выказваць сваё нездаваленьне. У гэтых адносінах характарным зьяўляецца "Ліст з Варшавы", зьмешчаны ў "Брукавых ведамасьцях" і падпісаны псэўдонімам "Варшаўскі прыяцель". У „лісьце" між іншым гаворыцца: "нават вашы прыхільнікі (Шубраўцаў) скардзяцца, што для палякаў вы пішаце пакітайску, што яны ня могуць разумець вас. Вы пішаце для Літвы, а не для Кароны. Вы клапоціцеся менш аб тым, ці разумее вас Варшава, абы толькі зразумелі вас Вільня ды Літва. Іншы раз вы паніжаеце ваш стыль, каб толькі зрабіцца даступнымі для усіх".
Асаблівую зацікаўленасьць Беларусьсю выяўлялі асобы з дробнай і сярэдняй шляхты; гэтыя пласты насельніцтва блізка стаялі да беларускага народу і яго быту, і ў іх зьяўлялася натуральнае імкненьне пазнаёміцца з носьбітам гэтага побыту. Проф. Ігнатоўскі правільна зазначае: "ён (Віленскі унівэрсытэт) канчаткова полёнізаваў дробную і сярэднюю беларускую шляхту. Але разам з тым унівэрсытэт абуджаў сярод гэтай самай шляхты цікавасьць да Беларусі і беларускай культуры. Ён выпушчаў піонераў беларускага руху. Беларускі рух стаў у неабходную сувязь з польскім адраджэнцкім рухам, бо Беларусь, на думку польскіх патрыотаў, уваходзіла ў склад Рэчы Посполітай ці проста, як провінцыя на ўсходніх граніцах, ці як аўтономная краіна".[9]
Ад зацікаўленасьці да беларуса і яго мовы, якая дыктавалася пэўнымі соцыяльна-політычнымі прычынамі, быў толькі адзін крок да спробаў пісьменства на гэтай мове ў мэтах, каб бліжэй падыйсьці да селяніна. І гэты крок быў зроблены ў самым пачатку XІX веку. Зацікаўленасьць Беларусьсю, якая зарадзілася ў нетрах польска-беларускай шляхты, была калыскай новай беларускай літаратуры.
Беларуская літаратура эпохі прыгоннай гаспадаркі зьяўляецца досыць аднастайнай у адносінах да зьместу ды ідэолёгічнага свайго напрамку. Па зьместу яна зьяўляецца народніцкай: у цэнтры яе стаіць вёска, селянін, як прадмет галоўнага інтарэсу яе пачынальнікаў; па ідэолёгіі гэта літаратура яскрава шляхецкая і ў большасьці сваіх твораў полёнофільская. Шлехецкі дух выяўляецца ў ёй парознаму: ён заўважаецца ў нахіле пасьмяяцца з селяніна, выставіць яго ў жартаўліва-комічным высьвятленьні; вызначаецца ён, далей, у ідэалізацыі панства і падфарбаваньні соцыяльна-клясавых адносін шляхты і сялянства, — замест трагічнай колізіі, якую сапраўды ўяўлялі сабой гэтыя адносіны, нам падносіцца манерная да прыкрасалодкасьці ідылія, дзе паны ― гэта нібы бацькі родныя, а сяляне―іх дзеці паслухмяныя; нарэшце асабліва выразна гэты шляхецкі дух выказваецца ў старанным і сыстэматычным замоучваньні соцыяльнага пытаньня і ў імкненьні прыкрыць яго мёртвай маскай сухога дыдактызму. Насычаная ў такім аголеным відзе клясава-шляхецкім зьместам беларуская літаратура данае эпохі адначасна носіць на сабе выразную пячатку нацыянальнашляхецкіх інтарэсаў; яна афарбавана ў яскравы колер польскага патрыотызму, Беларусь лічыцца тут толькі польскай провінцыяй.
Але пры ўсёй сваёй ідэолёгічнай вузкасьці, калі разглядаць рэчы ў гістарычнай пэрспэктыве, беларуская літаратура эпохі прыгоннай гаспадаркі мае агромністае гістарычна-культурнае значэньне. Ужо адзін той факт, што шляхта, адчуваючы патрэбу пісаць на „простай" беларускай мове, уводзіла гэтую мову ў кола літаратурнага ўжытку і тым зварачала ёй былое значэньне—ужо самы гэты факт зьяўляецца значным крокам наперад; падругое, у данай літаратуры выяўляецца поцяг да селяніна, імкненьне пазнаць яго быт і жыцьцё. Вось чаму, разглядаючы гэтую літаратуру з нацыянальнага пункту гледжаньня, прыходзіцца расцэньваць яе як выраз, як першую праяву беларускага так званага несьвядомага адраджэньня. У прадстаўнікоў яго няма і званьня акрэсьленай ідэолёгіі па нацыянальнаму пытаньню, а ёсьць проста эмоцыяльны, бесьсьвядомы поцяг да беларускай народнасьці ды імкненьне пазнаць яе галоўныя адзнакі―мову і творчасьць.
Палягаючая зараз нашаму разгляду літаратура мае і некаторую формальна-мастацкую вартасьць, паколькі ў ёй заўважаюцца сьляды розных літаратурных школ, праўда, толькі сьляды, а ня сталыя напрамкі. У гэтых адносінах тут назіраюцца такія наслаеньні: 1) пародыйны клясыцызм, 2) романтычнае народніцтва і 3) сантымэнтальна-утопічнае народніцтва.
Клясыцызм, які зарадзіўся на глебе арыстократычнай Францыі ў XVІІ сталецьці і потым шырокай ракой так званага псэўдо-клясыцызму разьліўся па ўсёй Эўропе, ня мог разьвіцца на Беларусі; для гэтага тут ня было належных соцыяльных і культурна-гістарычных умоў: беларуская арыстократыя цалкам была сполëнізавана, беларуская культура у момант росквіту клясыцызму знаходзілася ў стане заняпаду. Высокія клясычныя жанры, як трагедыя, поэма, зусім адсутнічаюць у нашай літаратуры. Да нас, як далёкае рэха, даляцелі толькі нязначныя слабыя водгукі клясыцызму: дзьве жартаўлівыя поэмы "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе" напісаныя ў стылі гэроі-комічнага эпосу, прыклад якога даў, сам тэорэтык кірунку Буяло ў сваім твору "Le Lutrіn" (налой) зьяўляюцца пародыямі на высокія клясычныя жанры.
Больш спрыяльныя ўмовы для свайго разьвіцьця меў на Беларусі романтызм, які вынік на глебе дэклясаванай фэўдальнай шляхты пад уплывам соцыяльна-політычнай рэакцыі, надышоўшай у Эўропе пасьля Вялікай Францускай рэволюцыі. І на Беларусі мелася такая дэклясаваная шляхта, і моцна адчувалася рэакцыя былі, такім чынам, фактары романтычнага сьветаадчуваньня з яго ідэалізмам, адрывам ад дзейснасьці, лётам фантазіі ў вобласьць мары ды інш. атрыбутамі. Але трэба сказаць, што, дзякуючы агульнаму культурнаму заняпаду, і романтызм на Беларусі ня мог выявіцца ва ўсёй шырыні сваёй філëзофскай думкі ды складанасьці сваіх формальна-мастацкіх дасягненьняў. Зазначаныя вышэй соцыяльныя фактары―наяўнасьць дэклясаванай шляхты і ўплыў рэакцыі―у галіне літаратурнай мелі у нас вынікі, аналёгічныя тым, што назіраюцца ў заходня-эўропэйскай літаратуры, але толькі больш дробныя і вузкія.
Проф. Замоцін, азначаючы романтызм, як яскрава выяўлены ідэалістычны сьветапогляд, углядае тры асноўныя мотывы ў раскрыцьці гэтага сьветапогляду: індывідуалізм, нацыяналізм і універсалізм. Індывідуалізм―увага да чалавечай індывідуальнасьці, культ моцнай асобы і неабмежаванай асабістай свабоды; романтычны нацыяналізм, гэта—поэтызацыя нацыянальнай старасьветчыны, зварот да народнай творчасьці і культ самабытнага нацыянальнага разьвіцьця; романтычны універсалізм—ідэя ўсеагульнага дабра, думкі аб агульных проблемах быцьця і г. д.[10]
Калі прыняць гэту зграбную схэму романтызму і дапасаваць яе да романтызму беларускага, дык выявіцца ўся яго павярхоўнасьць і вузкасьць. Індывідуалізм і унівэрсалізм зусім не знайшлі сабе водгуку у беларускім романтызьме, у ім можна заўважыць толькі некаторыя адзнакі романтычнага нацыяналізму: зацікаўленасьць беларускай народнасьцю у яе спэцыфічных праявах і асаблівае замілаваньне да народнай творчасьці. Перад намі, такім чынам, замест шырокай літаратурнай плыні—толькі выходзячая з гэтай плыні няглыбокая і вузкая ручайка, якая выявілася ў форме романтычнага народніцтва. Але і гэтая ручайка на паверхню беларускага літаратурнага жыцьця, якое толькі яшчэ адраджалася, выплыла з некаторым спазьненьнем. У той час, калі ў заходня-эўропейскіх літаратурах романтызм разьвіваецца ў канцы XVІІІ і першай чвэрці XІX в., асабліва ў 20 і 30 гадох яго, літаратурная дзейнасьць беларускіх романтытыкаў прыпадае на 40 гады. Узятыя ў хронолёгічным аспэкце беларускія романтыкі зьяўляюцца, такім чынам, толькі эпігонамі гэтага напрамку.
3 яшчэ вялікшым спазьненьнем выявілася на беларускай глебе сантымэнтальная манера падыходу да дзейснасьці.
Сантыменталізм, як вядома, зьявіўся ў XVІІІ ст. ў Ангельшчыне, як выражэньне сьветаадчуваньня новай клясы―прамысловай буржуазіі. У процілежнасьць сухой разумовасьці клясыцызму, які грунтаваўся на рацыяналізьме картэзіянства, новы напрамак высунуў культ пачуцьця, які выявіўся ў дзьвюх формах: у форме палкага пачуцьця (Sturm und Drang-Perіod) і ў форме супакойнай пачуцьцëвасьці яе мірных энтузіястаў (Стэрн, Рычардсон). Пачуцьцёвасьць, якая даходзіла да свайго роду гіпертрофіі сэрца, надворным шляхам выяўлялася ў здольнасьці праліваць сьлёзы. Гэта пачуцьцёвая сьлязьлівасьць — характарная адзнака сантымэнталістых. "Стэрн гаворыць аб захапленьні сьлязьмі, jоу of grіef, і сам ён плакаў над стрэчаны маслом і птушкай-вязьнем; Юнг адкрыў "філëзофію сьлёз", а сантымэнталістым працярэблены шлях: паліліся сьлёзы, зьявіўся дар сьлёз бяз смутку. Ідольфскія таямніцы (1794) М. У. Рэдкліф наводнены імі; гэроіня роману, Эмілія, ня можа бачыць месяца, чуць звон гітары, арганаў, шэпт сосен, каб не паплакаць".[11] Апроч пачуцьцёвасьці, другімі адзнакамі сантымэнталізму, як выражэньня сьветаадчуваньня буржуазіі, зьяўляліся: культ сямейнага жыцьця, строгая мораль, якая грунтавалася на рэлігійнасьці і ўпэўненасьці, што дабрачыннасьць рана ці позна атрымае сваю нагароду, а хіба—кару; адсюль—дыдактызм і прыём ігры контрастаў (абмалёўка персонажаў дабрачынных і злачынных); можна зазначыць яшчэ імкненьне да прастаты і праўдападобнасьці і дэмократызм, спачуваньне "уніжаным і абражаным", паколькі інтаресы дробнай буржуазіі не разыходзіліся яшчэ рэзка з інтарэсамі больш буйной.
Трэба сказаць, што ў славянскіх краінах сантымэнталізм, трапіўшы ў іншую соцыяльную асярэдзіну, выявіўся толькі часткова. Напр., у расійскай літаратуры ён быў успрыняты шляхтай пераважна як літаратурная школа, а не як цэльная сыстэма сьветаадчуваньня. Карамзін і Жукоўскі, галоўныя прадстаўнікі расійскага сантымэнталізму, ад заходня-буржуазнай ідэолёгіі гэтага напрамку ўспрынялі толькі тыя элемэнты, якія адпавядалі сьветаадчуваньню паміраючага фэудалізму: яны ўспрынялі ідэалізм, рэлігійнае прымірэньне з жыцьцём, павышаную эмоцыянальнасьць.
На беларускай глебе сантымэнталізм, які зьявіўся з вялікім спазьненьнем, толькі ў сярэдзіне мінулага сталецьця, набыў яшчэ больш вузкую форму сантыментальна-утопічнага народніцтва, але ў гэтым народніцтве, як мы пабачым далей, знайшлі сабе выражэньне ўсе характарныя адзнакі сантымэнталізму наогул; у ім выявіліся: пачуцьцёвасьць, даходзіўшая да сьлязьлівасьці, моральны дыдактызм, злучаны з рэлігійнасьцю; прыëм ігры контрастаў; імкненьне да праўдападобнасьці; дэмократызм ды інш.
Абагульняючы наш кароткі ўступ да разгляду беларускай літаратуры эпохі прыгоннай гаспадаркі, можна акрэсьліць ніжэйпаданыя прадпасылкі гэтай літаратуры.
1) Соцыяльна-экономічнае жыцьцё Беларусі ў зазначаную эпоху характарызуецца адсталасьцю сваіх форм: пануе амаль выключна прыгонная натуральная гаспадарка пры надзвычайна слабым разьвіцьці прамысловасьці.
2) Беларуская літаратура данае эпохі ёсьць выразны продукт патрыархальна-дваровай культуры: у ëй яскрава выяўлена польска-шляхецкая псыхолёгія.
3) Агульная соцыяльна-культурная адсталасьць Беларусі ў гэты час знаходзіць сабе ў галіне літаратурнай некаторую паралель у адсталасьці літаратурных формаў, якія пераважна маюць характар літаратурнага эпігонства.
- ↑ Проф. М. Довнар-Запольский—„Народное хозяйство Белоруссии 1861—1914“. Минск, 1926, стар. 1.
- ↑ Проф. У. Ігнатоўскі—„Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст.“ Менск, 1925 г., стар. 7.
- ↑ Довнар-Запольский, іbіd. 3-4 стар.
- ↑ Ігнатоўскі, іbіd. стар. 8.
- ↑ Ігнатоўскі, іbіd. стар. 20.
- ↑ Довнар-Запольский, іbіd. стар. 7.
- ↑ В. И. Пичета. История крестьянских волнений в России", Минск, 1923 г., стар. 76.
- ↑ Ігнатоўскі, іbіd. стар. 94.
- ↑ İbіd, 37 стар.
- ↑ Романтизм двадцатых годов XІX ст .л. в русской литературе", т. ІІ. Изд Вольфа СПБ-М. 1913 г., стар. 15-19.
- ↑ Академик А. Н. Веселовский. В. А. Жуковский. Поэзия чувства и „сердечного воображения". СПБ. 1904 г., стар. 35.