Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Манаграфія
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1928 год
Асноўныя соц.-экон., культурна-гістарычныя і формальна-мастацкія перадумовы беларускай літаратуры эпохі прыгоннай гаспадаркі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

Напісаньне гісторыі беларускай літаратуры сустракае значныя перашкоды: няма ня толькі навукова выданых тэкстаў самых твораў пісьменьнікаў, але і наогул поўнага збору іх; замест сталых біографій аўтараў у нас маюцца, толькі кароткія „паслужбовыя сьпісы“ іх; блізкасьць новай беларускай літаратуры да нашага часу затрудняе об‘ектыўна бесстароньнія адносіны да яе і г. д.

Пры такіх умовах ставіць сабе задачу напісаньня грунтоўнай гісторыі беларускай літаратуры было-б бессэнсоўным прадпрыемствам; для выкананьня такой задачы патрэбна доўгая падрыхтоўчая калектыўныя праца, яна не па сілах аднэй асобе.

Наша задача больш скромная: нам хацелася-б асьвятліць у агульных рысах найбольш паважныя моманты ў разьвіцьці новай беларускай літаратуры, даць шэраг паасобных нарысаў, эцюдаў, прысьвечаных творчасьці найбольш выдатных беларускіх пісьменьнікаў, прычым у гэтай творчасьці мы імкнуліся ў першую чаргу абхапіць галоўнае, істотнае: творы, раскіданыя па розных часопісах, прыцягваліся намі толькі эпізодычна, паколькі гэтыя творы мала даступны шырокім колам чытачоў; разбор такіх твораў зьяўляецца бескарысным, ён нічога не гаворыць чытачу, які ня можа капацца ў архіўных скарбах бібліотэкі.

Так, у данай справе нам прападносілася задача хутчэй эсэістага, чым гісторыка. Гісторык павінен даражыць усімі, самымі дробнымі фактамі, бо толькі такая скупнасьць фактаў можа даць поўны і сталы малюнак літаратурнай эволюцыі. Наадварот, у нашым аглядзе прастораў беларускай літаратуры абрысоўваюцца перш за ўсё, горныя верхавіны, роўнядзі застаюцца ў ценю. Надзейным компасам на такім шляху літаратурнага дасьледваньня служыў нам соцыолёгічны мэтод як асноўны і грунтоўны мэтод літаратуразнаўства.

Спадзяючыся ў хуткім часе выпусьціць асобны эцюд, прысьвечаны проблемам гістарычна-літаратурнай мэтодолёгіі, мы абмяжуемся тут толькі кароткім выяўленьнем свайго мэтодолёгічнага „credo“.

Нам прадстаўляецца, што задача літаратурнага дасьледваньня распадаецца на тры моманты.

Першы момант—іманэнтнае дасьледваньне твору (ці творчасьці ў цэлым) самога па сабе з боку зьместу (сюжэт, тэмы, мотывы) і з боку формы (стыль, рытм, композыцыя і г. д.). Другі момант, вынікаючы з першага, дасьледваньне псыхолёгіі аўтара, якая зьяўляецца бліжэйшым і непасрэдным фактарам творчасьці; сюды ўваходзіць дасьледваньне ідэолёгіі, эмоцыянальнасьці, асаблівасьцяй апэрцэпцыі, выабражэньня і г. д. таго ці іншага аўтара.

Нарэшце, трэці—заключны момант—дасьледваньне біосоцыяльнай і гістарычна-культурнай асярэдзіны, якая спараджае пэўны склад псыхолёгіі аўтара, а, значыць, у канчальным выніку і яго творчасьці. Асярэдзіна разумеецца намі ў шырокім сэнсе слова; тут павінны быць улічаны ў першую чаргу, зразумела, соцыяльна-экономічныя, а потым і гістарычна-культурныя ды літаратурныя фактары, пад уплывам якіх склалася індывідуальнасьць аўтара і яго творчасьці. Так, калі першы момант дасьледваньня аналітычны, то два другія моманты сынтэтычныя пераважна; мастацкая творчасьць сынтэзуецца тут са спарадзіўшымі яе індывідуальнасьню аўтара і соцыяльна-культурнай асярэдзінай.

Усебаковае дасьледваньне творчасьці прадпалагае сабой, зразумела, абхапленьне ўсіх вышэй зазначаных момантаў. Але мы, не прэтэндуючы на ўсебаковасьць, у першую чаргу імкнуліся асьвятліць тое, што нам прадстаўляецца найбольш істотным: пераважна намі дасьледуецца тэматыка творчасьці, ідэолёгія ды эмоцыянальнасьць аўтара і тыя соцыолёгічныя фактары, пад уплывам якіх сформаваўся той ці іншы творчы комплекс. Ня ўнікаючы пытаньняў мастацкай формы, мы адводзім ім у нашых эцюдах другараднае месца; мы наўмысьля абмяжоўваемся толькі зазначэньнем найбольш характарных прыёмаў, якія выяўляюць творчую постаць таго ці іншага аўтара.

Першае пытаньне, што паўстае ў сувязі з пастаўленай намі задачай даць агульную характарыстыку літаратурнага процэсу на Беларусі—гэта пытаньне аб падзеле гісторыі беларускай літаратуры на пэрыоды. Вядома, што проблема пэрыодызацыі зьяўляецца досыць складанай. Існуюць розныя прынцыпы падзелу гісторыі літаратуры на пэрыоды. Назіраецца, напрыклад, так званы мяшаны тып пэрыодызацыі: у аснову падзелу кладуцца розныя факты і гістарычна-культурнага і мастацкага парадку. Але паколькі пры данай сыстэме адсутнічае адзінае fundamentum divisionis, яна супярэчыць элемэнтарным патрабаваньням лёгікі і асаблівае ўвагі не заслугоўвае. Больш цікавымі зьяўляюцца чыстыя тыпы пэрыодызацыі; яны будуюцца на розных прынцыпах. Адным з такіх прынцыпаў зьяўляецца прынцып аналістычны, ці хронолёгічны. Паводле гэтага прынцыпу, у аснову падзелу кладуцца пэўныя хронолёгічныя адрэзкі (сталецьці, дзесяцілецьці ды інш.). На такім прынцыпе будуюць свае агульныя курсы гісторыі літаратуры ў нямецкай навуцы Рыхард Мэйер, у расійскай Энгельгард ды інш. Недахватам гэтага прынцыпу зьяўляецца поўная ўмоўнасьць падзелу.

Другім прынцыпам пэрыодызацыі ёсьць гетэрогенны прынцып, паводле якога ў аснову падзелу літаратурнага матэрыялу кладуцца фактары культурна-гістарычнага і соцыяльна-экономічнага парадку. На такім прынцыпе будуюць свае працы Венгеров, Коган, Фрыче ды інш. Гетэрогенны прынцып выклікае абвяржэньні. Зазначаюць, што пры такім прынцыпе не абхапляюцца спэцыфічныя адзнакі літаратуры, як мастацкай творчасьці. Зараз, як вядома, усё больш і больш узмацняецца формальна-мастацкі мэтод літаратурных досьледаў. Паралельна з гэтым высоўваецца аўтогенны прынцып пэрыодызацыі: у аснову падзелу кладуцца адзнакі літаратуры як такой, адзнакі літаратурных форм і зьместу. Трэба сказаць, што аўтогенны прынцып усё больш і больш пашыраецца ў заходня-эўропэйскай навуцы. Можна паказаць, напрыклад, на працу Робэрта Рымана: Des neunzehne Jahr hundert der Deutschen Literatur. Робэрт Рыман будуе свой агульны агляд нямецкай літаратуры апошняга сталецьця на падставе аўтогеннага прынцыпу пэрыодызацыі. Ён намячае такія пэрыоды ў разьвіцьці нямецкай літаратуры данага часу: „Die Romantik“, „Der Pessimismus“, „Die politische Dichtung“, „Klassizismus und Realismus“, „Naturalismus und Impressionismus“. Гэткія загалоўкі ў працы Рымана гавораць самі за сябе. Аўтогеннага прынцыпу пэрыодызацыі трымаюцца ў сваіх працах таксама Бэрнгард Фэр, В. Штамлер ды інш.[1]

З нашага пункту гледжаньня форма ў мастацкай творчасьці зьяўляецца соцыяльнай катэгорыяй; яна ўяўляе сабой вытворную соцыяльна-экономічных фактараў. Свае вобразы, стылістычныя прыёмы кожны мастак, як вядома, чэрпае пераважна з акаляючай яго соцыяльнай асярэдзіны; сама композыцыя твору заўжды носіць на сабе адбітак гэтай асярэдзіны: даўно заўважана, напрыклад, што ва ўмовах вясковых абставін пераважна ўтвараюцца статычныя формы композыцыі, у абстаноўцы гораду, наадварот, разьвіваецца форма дынамічная. Так, самая форма мастацкіх твораў уяўляе сабой соцыяльную зьяву. Нам думаецца з гэтай прычыны, што і пры пабудове агульнага курсу беларускай літаратуры трэба ісьці ад базісу да надбудовы. Вось чаму наша схэма разьвіцьця новай беларускай літаратуры зьяўляецца схэмай соцыолёгічнай. Літаратурны процэс на Беларусі, з нашага пункту гледжаньня, у канчальным выніку азначаецца фактарамі соцыяльна-экономічнага і гістарычна-культурнага парадку.

Гісторыю беларускай літаратуры новага часу можна, думаецца нам, падзяліць на чатыры асноўныя пэрыоды:

1) пэрыод прыгоннай гаспадаркі, які хронолёгічна супадае з першай паловай XIX стагодзьдзя.

2) Пэрыод распаду і ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі, які прыпадае прыблізна на другую палову зазначанага сталецьця.

3) Пэрыод, які пачынаецца з рэволюцыі 1905—6 гадоў.

4) Пэрыод сучаснага пісьменства, якое пераважна разьвіваецца пад знакам Чырвонага Кастрычніка.

У данай першай частцы нашых нарысаў будзе разгледжана творчасьць пісьменьнікаў, якія ўжо адыйшлі ў нябыт,—гэта значыць, творчасьць першага, другога і часткаю трэцяга з вызначаных намі пэрыодаў; наступны разьдзел нашых эцюдаў будзе прысьвечаны творчасьці пісьменьнікаў, якія зараз зьяўляюцца нашымі сучасьнікамі. Такі падзел выклікаецца самым характарам матэрыялу: творчасьць пісьменьнікаў, адыйшоўшых у нябыт, уяўляе сабой закончанае цэлае, да гэтай творчасьці можна аднесьціся больш об‘ектыўна, можна зрабіць тое ці іншае абагульненьне адносна яе; наадварот, творчасьць сучасьнікаў знаходзіцца яшчэ im Werden, у вадносінах да яе можа быць падыход ня столькі навукова-дасьледчы, колькі суб‘ектыўна-крытычны: Такія меркаваньні мэтодолёгічнага характару прымусілі нас разьбіць нашу працу на дзьве часьці.





  1. Сакулин.—„Синтетическое построение истории литературы“, Москва, 1925, стар. 108.