Народ, Беларускі Народ!
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Народ, Беларускі Народ! Верш Аўтар: Максім Багдановіч 1913 |
* * *
Народ, Беларускі Народ!
Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі,—
У ёй нават мовы няма.
Збудзіўшысь ад грознай бяды,
Ўвесь поўны смяротнай жуды,
Ты крыкнуць не вольны «Ратуйце!»
І мусіш ты «Дзякуй» крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!
(1913)
Глядзіце таксама[правіць]
- Narodzie, Białoruski Narodzie! (Polski)