Народнае
Народнае Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
Я ішоў уздоўж доўгае вёскі,
стомлены гарачынёй падарожны;
я даўно мучыўся ад смагі,
было жніво, і людзі працавалі ў полі, -
і таму зрадзеў,
калі ў пахкім маленькім агародчыку
ўбачыў дзяўчыну,
якая палівала кветкі перад хатай.
Я папрасіў піць.
Дзяўчына ахоча падала мне
конаўку халоднае празрыстае вады,
а сама лагодна следкавала,
як смагла я піў.
Яна была моцнай, чырванатварай
і не мела нічога нябеснага, узносячага,
тонкі капоцік прыкрываў
прудкія малыя грудзі -
як з абразоў галандскіх майстроў, -
якія абяцалі цёплыя зямныя радасці.
Я падумаў:
як добра пакінуць неазначаныя летуценні
і гэтую кволую закаханасць, а вось пакахаць
губамі, рукамі, усім целам
вось такую здаровую, цёплую, як гэта.
Забыцца на ўсё містычнае,
а песціць у вясковым агародчыку
перад хатаю з вокнамі на вуліцу
чырвоныя зямныя адцвітаючыя ружы.
Вечарам жа пасля потнае працы
памыць рукі і ўсесціся
ў коле сям'і за агульную міску
пахучай вячэры.
Так я думаў, калі піў,
і таму на развітанне
пажадаў ёй здароўя
і прыгожага жаніха.
І пайшоў далей, сумуючы, што мой шлях
цяжкі і самотны
і ніколі не быць мне
простым.
(?)