Нам добра. Цёпла. Зямля ў пажары…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Нам добра. Цёпла. Зямля ў пажары…
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1921
Крыніца: http://old.knihi.com/carot/


 * * *

Нам добра. Цёпла. Зямля ў пажары.
Дым чорны ўецца аж да нябёс.
Крыжы. Магілы. Вайна. Ахвяры.
Рагочуць людзі. А поўна слёз.

Чырвона неба. Зямля чырвона.
Адны баяцца чырвоных хварб.
Другія мкнуцца на клікі звона.
Багатым помста. Бяздольным скарб.

Замоўклі песні. Шумяць дубровы.
Прыгожы, вольны куток глухі.
Адно чужыя равуць каровы.
Шукаюць пашы іх пастухі.

Патухлі зоркі. Гарыць у дыме.
Чырвона сонца — вітае рань.
Яно засвеціць. Народ падыме.
Смялей да працы. Загіне здань.

(1921)