Перайсці да зместу

Найміт на небе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Найміт на небе
Народная песьня

запіс 1889 (пераклад 1924)
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2 (8), красавік-сьнежань 1924 г., б. 14-16

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Найміт на небе.[1]

Дзе заснуў найміт бязроды,
Свой злажыў жывот гаротны?
На гразкім балоце ў пушчы,
У цёмнай пушчы на дрыгвіне,
5. На дрыгвіне у лясочку;
Пад плячмі вадзіцы сажань,
Пад каленкамі крыніца,[2]
Пад баком вады зноў локаць.
На руках зязюля плача,
10. На вачах салоўка скача,
Авяльга пяе на пальцы,[3]
Авяльга на ускаленках,
Травянічка[4] на павеках;
Ды ня чуе бедны найміт,
Ня ўстае з зямлі гаротны!
15. Каб узьняць з зямлі найміта,
Прылынулі два анёлы,
Паднялі слугу на плечы,
І ўзялі яго на рукі,
Панясьлі слугу на неба,
20. Насупроць харом Марыі,
Да ўспарожкаў Божай Дзевы.
Вось, узяў найміт за клямку,
Бразнуў ў залаты заворы.
І сказала Сьвят-Марыя:
25. „Ты вайдзі ка мне, нябожа,[5]
Ой, вайдзі, ды сядзь на ўслоне!“
І глядзеў я ды ўзіраўся,
Як мяне вось тут пасадзяць?
Аж падалі ўслонец срэбны
30. Ды з сярэбраным падножкам:[6]
„Сядзь, нябожа, у выгодзе,
Шмат стаяў жывым ты, бедны“.
І глядзеў я ды ўзіраўся,
Што у рукі мне паложаць?[7]
35. Аж падалі мне у рукі
Пшон пірог і піва кухаль:
„Еш пірог ты, кмецю Божы,
Еш пірог і пій-жа піва!
Шмат разоў ты быў галодзен,
40. Быў галодзен, глытаў сьліну“.
І глядзеў я ды ўзіраўся,
Хто за мной усьлед дыбае?
Аж прышлі усьлед за мною
Гаспадар мой, гаспадыня;
45. Меру-локаць ён трымае
І трубку кужалю пад пахай:
„Ты прыступ да нас, нябожа,
Ды вазьмі сваю заплату!“
Я сказаў тут гаспадару:
50. „Гаспадару, гаспадынька,
Гаспадынька, красна пташка!
Затрымай сабе свой кужаль
І насі сукно трынітна:
Бо няўмела ты плаціці,
55. Награджаць пад сонцам ясным;
Мне Марыя заплаціла,
Сьвят нябёсмі наградзіла“.
І глядзеў я ды ўзіраўся,
Дзе абодвых іх пасадзяць?
60. Аж падалі пень смаловы
Са смаловенькім падножкам:
„Сядзь, во тут ты, гаспадару!
Сядзь, ты побач, гаспадынька!
Хутка дроў для вас нашчэпяць,
65. Хутка вам цяпло загнецяць,
Ды ў агні вас ня часіну,
Ня другую пражыць будуць“.[8]


  1. Эстонскае слова „ori“ ў істоце азначае „раб“, „прыгоннік“, але з кантэксту відаць, што мова ідзе аб найміце багатага селяніна.
  2. Незразумелае эстонскае слова (säsu).
  3. Літэральна: іграў на інструмэнце. — Зоолёгічнае найме птушкі „peoleo“, якая упамінаецца ў вершы 11 і 12. Oriolus Galbula L. (па нямецку Pirol).
  4. Kulu-lindu; kulu — няскошаная леташняя трава.
  5. У тэксце песьлівая форма: orjakene=„рабочак“.
  6. ўласьціва: з сярэбранай перакладкай.
  7. Літэральна: прынясуць
  8. Пераклад В. Л.