Над калыскай (Купала — Сьпі, маленькі мой сыночак!..)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Над калыскай
(Насьледаваньне)

Верш
Аўтар: Янка Купала
26.VI.1906
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/76


Сьпі, маленькі мой сыночак!
      Вочкам не міргні;
Сьвеціць месяца кружочак,
      Ты ж аб долі сьні.

Сьпі і слухай песьні гэтай,
      Ды ўспомні калі;
Сьпі, пакуль ня знаеш сьвету,
      Люлі, люлі, сьпі!

Падрасьцеш, дазнаеш гора,
      Папіваеш сьлёз,
Твае сілы зломіць змора,
      Сьпёка ды мароз.

І спаткаесься на сьвеце
      3ь няпраўдай, зь людзьмі.
Сьпі, сыночак! Месяц сьвеце,
      Люлі, люлі, сьпі!

Падрасьцеш — і мусіш ногі,
      Як кожны мужык,
Укруціць ва ўбор убогі,
      Ўбор зь ліповых лык.

У ім помачы папросіш
      Для сябе людской;
Сьпі, пакуль лапцей ня носіш,
      Люлі, родны мой!

Павяду цябе да пана,
      Пастаўлю служыць.
Там ад вечара да рана
      Будзеш ты рабіць.

За сьвіньмі ды за сахою
      Будуць пхнуцца дні;
Сьпі, пакуль ты не слугою,
      Люлі, люлі, сьпі!

Хлеба, грошы ты слугою
      Мала будзеш мець,
Аплявухаў жа за тое
      Ня будуць жалець.

Крывёй вочы заліюцца,
      Ты ж працуй, цярпі!
Сьпі, пакуль не зьдзекуюцца,
      Люлі, люлі, сьпі!

З часам пойдзеш у салдаты —
      Слуга ўжо цару,
За трыццатую ад хаты
      Загоняць гару.

На вайне ж, як забіяка,
      Паліеш крыві;
Сьпі, пакуль ты не ваяка,
      Люлі, люлі, сьпі!

Дамоў вернесься да бацькі,
      Бацька бедзен сам,
Пойдзеш зноў на хлеб батрацкі
      Служыці панам.

Штось ня ўгодзіш, пан багаты
      Гікне: вон ідзі!
Сьпі, пакуль ня гоняць з хаты,
      Люлі, люлі, сьпі!

Ты ж ня рынесься ў канаву
      З гора ды зь бяды, —
Красьці выўчышся на славу,
      Пан будзеш тады…

Што? з напасьці не прапасьці…
      Гулі, гулякі!
Сьпі, пакуль ня ўмееш красьці,
      Люлі, люлі, сьпі!

У вялікія ты людзі
      Выйдзеш зь беднаты, —
Шаблю зьвесіш цераз грудзі,
      Стражнік будзеш ты.

Будзеш катам ты над братам,
      Бяз жалю ані!
Сьпі, пакуль яшчэ ня катам,
      Люлі, люлі, сьпі!

Будзеш пан вялікі зь віду
      І шэльма душой,
Спатыкаць цябе я выйду,
      Ты махнеш рукой.

Чужаком будзеш ты ў хаце,
      На роднай зямлі.
Сьпі, пакуль ты тут пры маці,
      Люлі, люлі, сьпі!

(26.VI.1906.)