Навязі і кудмяні
← Эпітэт сьмерці «Кастуся» | Навязі і кудмяні Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1926 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 107-108 |
Праф. М. К. Любавскі і акад. С. Платонов аб Крывічох → |
Навязі і кудмяні. Да сягоняшняга дня можна заўважыць у нашых вяскоўцаў, мужчын і жанок, шнурочак, абвязаны каля цэўкі рукі, або на назе каля шчыкаладкі. Гэта „навязі“, ці як іх у царкоўнай і гістарычнай пісьменнасьці называюць „наузы“. Аб славэтным полацкім князю-чараўніку, Ўсеславе, апавядаюць, што пры нараджэньні варажбіты загадалі бацьком налажыць на яго нейкія „наузы“ каторыя і насіў ён праз усё свае жыцьцё на галаве. Знача вера ў навязі ў нас прадаўная. Навязі навязуюць цяпер або ад „сурокаў“, або „зарочныя“.
„Сурочныя“ навязі абараняюць, паводле народнага вераньня, ад „благога вока“ і ад „суроку“, знача благога моманту, гэта ёсьць такога моманту ў каторы кождае пажаданьне можа споўніцца. Карэнь ў гэтым слове „рок“—час, і прыстаўка „су“, якая абазначае зьбег часаў, зыход, стык, або ў данным здарэньні падвойны стык: пажаданьня і моманту ў каторы ўсякае пажаданьне выпаўняецца. Дзеля таго-ж што кожды чалавек мае сваіх ворагаў, то заўсёды знаходзіцца пад небасьпекай якога колечы благога пажаданьня, праклёну, пад сваім адрэсам, і, таму, асьцярожлівы чалавек павінен насіць ахаронную навязь. Гэткая ёсьць ідэя „сурочных“ навязаў.
„Зарочныя“ навязі навязуюцца дзеля задуманай мэты, або ад хваробы. Прыкладам жнеі навязуюць „навязі“ ад разшырэньня жыл, якое часта атрымліваецца ад перапрацаваньня ў часе жніва ў цэўцы рукі, або ад надмернай хадзьбы—ў нагах. Навязуюць навязі і ад усякіх іншых хвароб прыпісываных „сурокам“. Але найцікавейшыя навязі робленыя з якой колечы прызарочанай самому сабе пастановай. Гэткая навязь носіцца на левай руцэ да моманту пакуль ня будзе дасьцігнута мэта.
„Кудмень“, гэта якая колечы дробная рэч, прыкладам пацярка, гладкая як колечы аформленая костачка, камяшок, завушніца, мэдалік, крыжык, пярсьцёнак, наагул рэч ў якую вераць, што яна прыносіць шчасьце таму каторы мае яе пры сабе. Кудмяні носяць у сэкрэце ад другіх, бо думаюць, што з разкрыцьцем сэкрэту кудмень траціць сваю сілу. Мне ведамы прыклад, калі бацька ўміраючы перадаў сыну такі кудменчык, каторы пераходзіў у іх родзе з пакаленьня ў пакаленьне, гэта была круглая, жоўтая мэталічная бляшачка з атворынай у сярэдзіне і з арнамантам у форме недагнутых лацінскіх літар S, які ішоў, ад сярэдзіны да краёў, абапал бляшкі.
Як навязі так і кудмяні прыпісуецца насіць на голым целе, прыкл. на руцэ, назе, ці шыі, а з апавяданьня аб князю Ўсеславе мы ведаем, што навязі бывалі ношаны і на галаве.
Маральнае значэньне зарочных навязяў вельмі вялікае. Чалавек, які даў сабе на што зарок, дзякуючы навязі, ўтрымлівае ў памяці сваю пастанову і імкнецца каб яе выканаць. Магчыма так-жа, што і навязі, робленыя ад хвароб, іграюць ролю самагіпнозы.
О. У.