Перайсці да зместу

Мікалай Галубовіч (Ластоўскі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мікалай Галубовіч (Неколькі слоў аб паходжаньні гэрбу і протаплястах фаміліі, пана Мікалая Галубовіча, гэрбу „Разходнік“)
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1922
Крыніца: Часопіс «Беларускі Сьцяг», № 4, жнівень-верасень 1922 г., б. 34-38

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мікалай Галубовіч.

Неколькі слоў аб паходжаньні гэрбу і протаплястах фаміліі, пана Мікалая Галубовіча, гэрбу „Разходнік“.

Гэрб Разходнік стаўся радавым знамем фаміліі Галубовічаў, можна сказаць, з няпомных часаў. Сьведкай безпрярэчнай прыналежнасьці гэтага гэрбу Галубовічам можэ быць печатка, каторая ў іх родзе пераходзіць з бацькі да сына. Скептыкі маглі-бы зрабіць закіды, кажучы, што печатка сама па сабе нічога не гаворыць ў карысць гэрбоўнасьці фаміліі Галубовічаў, што, акром печаткі, патрэбны яшчэ дакуманты, сьверджаючыя прыналежнасьць гэрбу і права ўжываньня яго; маглі-бы, агледзіўшы печатку, выказаць сумніў, што да прыпісыванай ей старасьвецкасьці, і, шмат чаго іншага, маглі-бы сказаць скептыкі, але печатка служыць, дзякаваць Богу, не якімасьці там недаверкам, а Галубовічам. Галубовічы-ж, не разьедзеныя чэрвям скептыцызму, самі ведаюць цану і мейсца свайму радавому клейнаду, гісторыя каторага ўгрунтавана на цьвёрдых падвалінах радавых кронік.

Вустная радавая кроніка адносіць паходжаньне печаткі да часоў князя Бая, які ею меўся ашчасьлівіць протаплясту роду Галубовічаў. Але, калі прыходзілася на чыстату гаварыць, то выясьнялася, што пэўныя, вустныя, кронікі Галубовічаў не сягаюць ў цемру мінуўшчыны далей трэйцьяга пакаленьня,

Паза гэтым рубам пачыналіся ўжо легендарныя часы.

Дык і мы, веручы статэчнасьці нашага гэрбоўнага роду, прыймем за пэўнае, што як сама печатка, так і нададзеный ею Галубовічам гэрб, паходжаньнем сваім сягаюць легендарных часаў.

Аб пачатку роду і яго гісторыі радавыя кронікі паміж сабой не згаджаюцца: адны выводзяць род Галубовічаў ад Варагаў, другія ад Рымлян, трэйція, больш скромныя, ад старадаўных крывічанскіх князёў.

Цётка-ж Юстуся (з дому Галубовіч) заўсёды цьвярдзіла, што — ўсе гэрбоўныя роды паходзяць ад Адама, а толькі мужыцкія ад Хама.

Дзеля таго-ж, што цётка Юстуся вочавідкі перакручвала Біблійную генэалёгію, трэба лічыць, што і яе вэрсыя ня пэўная.

Бо кожды, не мужык і не шляхціц, безстаронна прызнаць павінен, што і Хам таксама паходзіў ад Адама, будучы яго патомкам.

Хоць у родзе Галубовічаў ні вояводзкіх, ні сэнатарскіх парсун не бывала, але род гэты ня менш быў слаўны ў сваей ваколіцы як якісь там іншы ў краю.

І гэта заразумелым будзе, калі прымецца пад увагу, што прадзед Трахім, здарова з намі бытуючых Галубовічаў, быў кавалём і разам з гэтым зубным лекарам.

І цяпер дзядзька Пранук, успамінаючы, з немалым патасам апавядае ўдатную апэрацыю, якую нябожчык Галубовіч прарабіў з ім:

„Пракудны чалавек,—апаведае дзядзька Пранук,—„быў нябожчык Трахім, сьвяці Божухна душачцы яго“.

„Калі, бывала, прыходзіў хто да яго ў кузьню з балючым зубом, ён, зазвычай, даваў палажыць на зуб купарвасу, а як не памала гэта—навязываў на зуб струну, прадзеваў канец праз шчаліну ў дзьверах кузьні і прыцягнуўшы хворага ўшчыць да ласкі скажэ—„пастаі там гэтак, Ваша“—а пасьля, знячэўку, пырхане да бела разпаленым жыгалам, ў ровень вачэй, праз дзьверную даску.

„Затрашчыць, засквярэцца даска. Бухане едкі, сівы дым у вочы і з перапуду тарганецца чалавек, а тут табе зуба як і не бывала… Дык, во, быў доктар на зубы!“, тонам найвышэйшай пахвалы заканчаў сваё апавяданьне аб нябожчыку Трахіму Галубовічу дзядзька Пранук.

Але на адным дзядзьку Прануку не канчаўся почат жывых сьведкаў чынаў і мысьлеў нябожчыка Трахіма.

Цётка Югася гэтак сама любіла апавядаць, як нябожчык Трахім лячыў яе ад трасцы.

— „Было гэта летам, — кажэ цётка Югася, — прыходжу да яго я ў кузьню і кажу — так і так: — сэрца томіць, косці ломіць“…

— „А чым лечышся“, — пытае.

— „Замаўляла, — кажу я, — крапівай ў лазьні парылася, дзевасіл піла“…

— „Дрэнь ўсё гэта“…

Ськінуў скураны фартух і кажэ:

— „Хадзі за мной“.

Іду; ажно прыводзіць ён мяне ў свой садок. Ябланькі, — агрэсьнік, — пчолы ў лежнях гудуць, — камары таўкуцца… Углядаюся… — А ён:

— „Раздзевайся, — кажэ“.

Я йшчэ маладуха была тады. Ведама-ж у моладасьці ды ў нашым жаночым стане — сорамна, дык перэмінаюся.

А ён як не закрычыць:


— „Што я забаўляцца з табой прыйшоў, га?! Раздзевайся“!.

Прымусіў ськінуць ўсё да сарочкі.

— „А цяпер, — кажэ, паказваючы на агрэсьнік, — качайся“.

Я пачала нешта гаварыць.

—„ А то ты гэтак хвора“. — Ды, як не піхне мяне на агрэставы куст, як не качане ды не крутане, раз сюды, раз туды. Дык я ўся як брусьніца чырвоная стала. Крычу…

А ён — дай яму Божухна супакой вечны — кажэ мне:

— „Уставай, ды барджэй дзьмухані ў лежань з пчоламі, а то ізноў па кусьце качаць цябе буду“.

Мне ўжо задача гэта не цяжкой здалася. Падыйшла я да лежня, дзьмуханула… Зазьвінелі Божыя пчоланькі. Я ешчэ раз… Божухна, бацюхна! што апасьля сталася! Увесь рой пчаліны як ня высыпле на мяне. Я ўцекаць, а яны ў плечы, ў грудзі, ў твар… Я сюды, я туды, а ўцячы некуды: садок частаколам абгароджаны, вароцяйкі на запоры… Я ўжо і ў агрэсьнік хавалася і калючак яго ня чула. Бегала, бегала дый самлела. Тады ён мяне вынес адтуль, вадой папырскаў у твар, гарэлкі чарку ўліў у губу. Ачуняла я…

— „Ну, ідзі цяпер, — кажэ, — дамоў, як рыба здарова будзеш“.

— „І што вы скажаця: як рукой ўсію хваробу зьняло“.

Трахім Галубовіч з усіх мер быў чалавекам выдатным, і, што рэдка між людзьмі бывае, ён акуратна перадумаўшы людзкое жыцьцё, знайшоў на ўсе трудныя жыцьцёвыя пытаньня ясныя і здаровыя адповедзі. Свой духовы дабытак ён ня скрыў пад кораб, але ў навуку другім ахвотна дзяліўся ім. Аснаўным прынцыпам яго было: што „хлеб ня ходзіць за брухам, але бруха за хлебам“ і што „яда ляжыць заўсёды ніжэй губы“,

З гэткага акуратнага разуменьня жыцьця, выцекала ня менш правільнае яго паступаньне.

Трудзіўся ён, ад раньня даночы, не шкадуючы на працу сваіх турбот і поту, дык меў ня толькі на бягучы дзень кавалак хлеба, але і, дзе што, спароміў на чорную гадзіну.

— „Крутнёй сьвет пяройдзеш, ды назад ня вернешся“ — гаварываў Трахім Галубовіч… У мысль гэтага, паступаньне яго з людзьмі было на зьдзіў сумленнае; а што: — „шапкай, папкай і сольлю, людзі людзей няволяць“ — абходжаньне яго з людзьмі было ветлае, уважлівае.

Не хварэўшы ні разу ў жыцьці, памер Трахім Галубовіч на 86 гаду жыцьця стоючы, Калі пачуў хваробу, ён не лажыўся, хадзіў, спадзяючыся перамагчы слабасьць, і, калі, ноччу на добра ўжо сьціснула яго, хацеў разбудзіць нявестку: падыйшоў да ложка яе, абапёрся аб балясу, працягнуў руку, каб, відаць, пабудзіць, дый так застыг. Раніцой знайшлі яго стаячым каля ложка, але ўжо нежывога. Памылі, прыбралі, ухаўтурылі.

Пасьля Трахіма асталося двох сыноў Петра і Сымон. Старшага Петру нябожчык Трахім адукаваў на здатнага цесьлі. Некалькі дворных палацаў і царквей, выйшоўшых з рук Петры, дагэтуль аздабляюць крывічанскую зямлю. Цесьля ён быў здатны, але, ходзячы на сьвеце не захаваў у цэласьці бацькаўскіх навук. Затое набыў сваё, адменнае, разуменьне людзёў і жыцьця.

Ён казаў: — „Людзі вераць не рабоце, а славам“, ды пацьверджаў гэта прыказкай што: „хвалёная каша і без масла смачна“, Людзі аб ім казалі, што ён—быў—іншы зьверху, чым у сярэдзіне.

Малодшага, Сымона, як слабейшага здароўем, нябожчык Трахім, прыстроіў да доктара ў вучні. Прапрактыкаваўшы, абычаем таго часу, пры лазарэцэ ў доктара 15 гадоў, ён атрымаў пасьведчаньне ў знаньні доктарскага рэмясла. Пасьля стаўся дамовым лекарам ў дварэ мейсцовых магнатаў.

У часе Напольёнскай руіны эміграваў з краю, і, разам са сваім патронам, падарожнічаў па сьвеце: знаў добра Парыж, Рым, Лёндон. Надакучыўшы ўрэшце бадзяньне па сьвеце, вярнуўся на бацькаўшчыну. За сабраныя грошы купіў лясьнічоўку, дзесяцін пяць зямлі, на адзіноце, і там асеў на стала. З усіх сваіх падарожаў па сьвеце і высокіх колігацый вынес філёзофічную формулу, якую кождаму рад цьвердзіў, што — „сьвет — гной, а людзі — сьвіньні“.

Браты неатрымаўшы па бацьку спадку ня мелі чаго дзяліць, і, дзеля гэтага, не было ім аб што сварыцца, але не было ў іх і лішняй блізасьці. Петра быў гаварлівы, а Сымон, наадварот, маўклівы. Малодшы брат адносіўся да Петры з пашанай, як да старшага, старшы да малодшага з ешчэ большай пашанай, як да чалавека бывалага і адукаванага. Жылі браты здалёк ад сябе і, праз гэта, рэдка сабе дакучалі гасьцінай. Зьвязывала іх між сабой, памяць аб бацьку, каторага глыбока абодвы, браты шанавалі.

Трэба адзначыць, што Сымон вярнуўшыся с падарожы не ахвотна браўся за сваё доктарскае рэмясло, кажучы, што — „найлепшы доктар — сам Бог, а самае скутэчнае лекарства—хлеб з маслам“. Але ўсё-ж такі для свайго радавога зельля — разходніку — рабіў вынятак. Разходніку ён прыпісваў розныя цудоўныя ўласьнасьці.

Ён казаў:—„ад расходніку, як і сама яго назова паказвае, разходзіцца ўселякае недамаганьне. А найперш, навар, сабранага ў маі, і ў засені засушанага расходніку, памагае ад цягаты на сэрцы.

— Найболей людзей,—гаварываў Сымон Галубовіч,—хворых сэрцам, душой… З сэрца ідуць усе хваробы. Дайце хвораму чалавеку здаровае серца і ён як Лазар ачуняе“.

Калецтва і пошасьць Сымон не называў хваробамі: першае — нешчасьце, другое — напасць; хвор чалавек калі ў яго душа ные.

І дзеля гэтага лекарскі экзамен пачынаў Галубовіч, прымерам так:

— „Тошна вашэці? Як даўно сэрца ные“?

Калі гэтым шляхам не дабіваўся чаго жадаў, то пачынаў з другой бочкі: ці жывы бацька, маці, ці ўсё здаровы, ці памысна ў сямейцы, як ручыць гаспадарка

І бясёда яго з хворым прыпамінала споведзь з усяго жыцьця,

Не раз Сымон мешаў сваю сьлязу са сьлязой хворага. А канчалася ўсё тым, што даваў жменьку разходніку, залецаючы яго піць не сьпешаючыся, ў цішы-супакою, ды на адзіноце.

І Галубовічаў разходнік славіўся вельмі далёка. І дзівіліся людзі, што памочан ён на ўселякія недамаганьня.

Брат, Петра, быў высокага суда аб доктарскіх здольнасьцях свайго брата, чаго не скрываў перад людзьмі, а асабліва ў цёплай, дружнай кампаніі, калі поўная чара кружала па стале. Ён тады, хітра падмігаючы, зазвычай, забіраў голас аб сваім браце. Кажучы аб разходніку намекаў, што ўплывае не сама па сабе зёлка і не братняе ўменьне лячыць, а што галоўная заслуга лекарства выцекае з іх радавога клейнаду. Якая містычная зьвязь істнавала паміж зёлкай і гэрбам Разходнік, ён такі і сам, на перакор свайму глыбокаму пераконаньню, ня ўмеў высказаць.

Абычаем словаахвотлівых людзей, ён лёгка пераходзіў з тэмы на тэму і ад пахвал свайму брату, незначна перакідаўся да гутаркі аб самім сабе. Спыніўшыся на гэтай тэме, Петра выварачываўся нутром наверх, фантазыя яго разгаралася, словы набіралі яркай барвістасьці і сказы востра зарысаваных абрысаў. Такая гутарка заваражвае слухачоў, зварушае ў іх найглыбей затаёнае і пацягае да інтымнай шчырасьці.

Духовую структуру Петры добра адтваралі яго будынкі: проста, нават рэзка ў агульным рысунку зазначаныя, яны ўражалі розмахам і сілай мастацкай кампазыцыі, а ў загібах і канчынах — нечаканымі, поўнымі стройнасці і містыкі, дробнымі аздобамі. Яго будынкі — гэта былі наскрозь мастацкія, наскрозь прасякнутыя багатай індывідуальнасьцю творы, нажаль ня меўшыя і не маючыя яшчэ дагэтуль сваіх цаніцеляў.

Петра перабіваўся, як кажуць, з дня на дзень: яго жыцьцё было няўпыннай барадзьбой з горам, каторае ні на момант не пераставала яго гнясьці. Перад людзьмі Петра апраўдваўся са сваей беднасьці тым, што — падпеччу ў яго завяліся злыдні. Але чым крапчэй ціснула Петра бядота з гаротай, тым ярчэй працавала яго фантазыя. У цяжкіх варунках жыцьця ўмысловая творчасьць была для яго адзінай патоляй.

Прычына неўдачніцтва Петры, крылася ў тым, што ён не цаніў малой абыдзеннай работы, не прыкладаў да яе свайго розуму і сэрца — збываў яе абыяк і абычым. На вялікіх-жа работах, мала, або і саўсім нічога не зарябляў, бо клаў залішне многа працы на мастацкую старану работы, за якую яму нічога не плацілі.

„Петра — чалавек з хворым сэрцам“, сказаў бы яго брат.

І, запраўды, сэрца ён меў хворае: яму хацелася пабудаваць такую царкву, — каб усе свае думы — лятуценьня пераліць ў яе. Царкву гэну ён выкалыхаў у сваей душы аграмаднай з шатропадобнымі стрэхамі і застрэшкамі, з прыбудоўкамі і надбудоўкамі. Калі ў размовах, хваліў датыхчасовые свае будоўлі, то Петра сам перад сабой крывадушыў: ён цаніў толькі тую царкву, якую насіў у сваіх грудзёх, ды ў думах. Пабудаванае, выкінутае ўжо з галавы, мала яго цікавіла.

Аднак пабудаваць задуманую царкву не ўдалося Галубовічу: сьмерць заскочыла яго зьнячэўку і патушыла гарэўшый ў яго душы чароўны агонь.

Дзеці Петры закінулі бацькаўскі талент, лічучы яго непаплатным і прыспасобіліся да іншай, больш усьціжнай, працы.

Сымон Галубовіч, здакучыўшы адзінотай, на шостым дзесятку лет сваіх, ажаніўся, ўзяўшы за сябе маладую, 20 гадоў, Югасю Дзямідзянку. Жылі яны даладна і згодліва, проста на зьдзіў людзём, але дзяцей у іх не было.

Сымону-ж, як на грэх, хацелася мець патомства. Пробавалі лекаў, хадзілі пехатой на одпусты — не памагала. І ўжо, немаль быў памірыўся Сымон са сваей бяздзетнасцю, як: ні с таго, ні з гэтага, на дзесятым гаду сужэнства, жонка яму апавесьціла радасную навіну, што яна „пры надзеі“.

Власт.