Перайсці да зместу

Мы ўсе трое — адно

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мы ўсе трое — адно
Апавяданьне
Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг
1888 (пераклад 1923)
Арыгінальная назва: Dray Wara Yow Dee
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 4-10

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Р. КІПЛІНГ

Мы ўсе трое — адно

Таму што заздрасьць — ярасьць мужа, не пашчадзіць яна ў час мучэньняПрыповесьці Саламона VI, 34.

Мігдалаў і разынак сагіб? Вінагрозьдзя з Кабулю? Ці каня? Удалы канюга! Сагіб сам пабачыць, калі толькі паглядзіць. Яму ўсяго трынадцаць гадоў, тры месяцы, сагіб; ён гуляе ў качалку, ходзіць ў хамуце і пад дамскім сядлом і… — сьвяты Куршад і благаслаўлёныя імамы, то-ж гэта, сам сагіб! Сэрца маё раздулася і вочы мае цешацца. Хай ніколі ты не зазнаеш зьнямогі! Як сьцюдзёная вада ў Тыраху, так спазор на прыяцеля ў далёкай старане. Але што ты робіш у гэтым праклятым краю, на поўдзень ад Дэлі? Сагіб — ты ведаешь-жа прыказку: „Мужчыны-адступнікі, а жанкі—блудніцы“. Ты атрымаў загад? Ага! Загад ёсьць загад толькі датуль, дакуль у чалавека замала сілы, каб непаслухаць яго. О, брат мой; о, дружа мой, мы ў добры час сустрэліся! Ці добра ў цябе на сэрцы, ці здароў ты целам і як маецца твой дом? У шчасьлівы дзень мы ізноў сустрэліся абодвы.

Я павінен ісьці з табой? Вяліка твая ласкавасьць. Ці знойдуцца-ж тут загарадкі для коней? У мяне тры кані, трокі і хлапец канюх. Акром таго не забудзься, што паліція тут лічыць мяне канакрадам. Што ведаюць гэты банкарты аб канакрадах?! Ці памятаеш ты часы ў Пэшавары, калі Камал астукаўся ў вароты Джумруда — ну й прайдоха-ж быў ён — і вывёў коні палкоўнікавых ўсіх, ў адну ноч! Кемал цяпер памёр, але яго пляменік заняўся яго талентам, і коні будуць яшчэ прападаць, калі Кібэрскія стражнікі ня будуць больш чоўкімі.

Супакой Госпадаў і ласкавасьць Яго Прарока, хай будуць над гэтым ломам і над усімі, хто ў ім! Шафіцула, прывяжы сівую кобылу пад дрэва і нацягай вады. Другія коні могуць стаяць на сонцы, але толькі злажы ў двая гунькі на іх. Яны прададуцца дурнаватым афіцэрам, якія гэтак шмат разумеюцца на конях. Кабыла даўно ўжо жаробная; сівы — зусім лядачы чорт; і гняды — ну, ды ты сам ведаеш, што знача закаваны конь. Калі прадам іх, зьвярнуся ў Пуббі, ці, можа стацца, ў Пэшаварскую даліну.

О, дружа сэрца майго, добра бачыць цябе ізноў. Я бажыўся і цэлы дзень лгаў афіцэрам-сагібам аб гэтых конях; і ў губе ў мяне цяпер суха ад доўгага галаканьня. Аугурр! Добрая рэч — табака перад абедам. Не садзі мяне побач з сабой; тут-жа мы не ў нашай старане. Сядзь на паладзе, (вэрандзе), я разсцялю свой кілім тут. Але спярша я напьюся. У імя Бога. Падзякуем Яму тройчы! Вось дык салодкая вада, запраўды, — салодкая, як у нас ў Шыране, дзе ён выплывае з горскіх сьнягоў.

У нас на поўначы ўсе здаровы і жывуць добра — Хода-Бакш і другія. Яр Хан прышоў з конямі з Курдзістану — трыдцаць шэсьць гадоў толькі, дый то палавіна з іх трочныя поні — і проста сказаў, што вам, англійцам, трэба было-бы паслаць гарматы, каб адправіць эміра ў пекла. Цяпер пятнадцаць граніц на Кабульскай дарозе; а ў Даксе, калі Яр Хан думаў, што ўжо са ўсімі пакончыў, губэрнатар атабраў у яго ўсіх яго Балкаўскіх жарабцоў! Гэта вялікая несправядлівасьць і Яр Хан ўвесь кіпіць ад злосьці. А з другіх — Махбуд Алі ўсё яшчэ ў Пуббі, і Бог яго ведае, што ён такое там грызмоліць. Туглук Хан у турме за справу на Калхацкай паліцэйскай вартоўні. Фэйц Бэг прыязджаў ў канцы году з Ізмаэль-Кі-Дхэру з бухарскім паясом для цябе, мой брат; але ніхто ня ведаў дзе ты: ты зьнікуль ня даў аб сабе ведама. Мае зродныя браты нанялі новую пашу каля Пакпатану і будуць гадаваць там мулаў для ўрадовых абозаў, а на рынку апавядаюць гісторыю аб адным сьвятару. Ого! Такая ўжо салёненькая справа! Слухай. —

Сагіб, чаму ты гэта пытаеш? Адзеньне маё бруднае, таму што пыл на дарозе. Вочы мае сумныя ад сонечнага блеску. Ногі мае распухлі, таму што ежа тут благая. Хай агонь спаліць твае грошы! Нашто яны мне? Я багаты і думаў, што ты мой прыяцель; але ты, як другія, сагіб. Калі чалавек сумны — дай яму грошы, кажуць сагібы. Калі якая крыўда звалілася на яго галаву — дай яму грошы, кажуць сагібы. Гэткія ўсе сагібы, і ты такі-ж самы, навет ты…

Не, не глядзі на ногі гнядога. Шкада што я вучыў цябе разпазнаваць ногі ў коней. Разьбіт на ногі? Хай будзе так. Дык што-ж з гэтага? Цяпер дарогі цяжкія. І кабыла кульгае? Яна нясе падвойны цяжар, сагіб.

А цяпер, прашу цябе, дазволь мне пайсьці. Вялікую ласкавасьць і пашану выказаў мне сагіб і асьцярожна намякнуў, што коні гэты крадзеныя. Можа быць ён пажадае адправіць мяне ў Тану[1]. Паклікае мяцельшчыка і адправіць мяне з адным з гэтых яшчарападобных стражнікаў?.. Я прыяцель сагіба… Я піў ваду ў засені дому яго, а ён ачарніў аблічча маё. Чаго-ж трэба чакаць яшчэ? Можа сагіб дасьць мне восем анн[2], каб падсаладзіць крыўду і — завяршыць зьнявагу?

Даруй мне, брат мой! Я ня ведаў — я ня ведаю і цяпер што гавару. Так, я ілгаў табе! Я пасыплю попелам галаву сваю — бо кабач я! Коні разьбілі ногі свае ў часе доўгіх падарожаў з даліны ў гэтае месца, і мае вочы пасьвялі, і цела маё баліць, таму што я ня спаў, і сэрца маё высушана сумам і ганьбай. Але таму, што ганьба была мая, то бажуся Богам-адплатчыкам правасудзья — Аллахам — аль Мумітам — і помста мая будзе!

Ня першы раз сягоньня мы размаўлялі паміж сабой з адкрытай душою, і нашы рукі панураліся ў адну і тую-ж місу, і ты быў мне братам. І за гэта-то я плачу табе ілжой і няўдзячнасьцю — як патанец. Слухай цяпер! Калі гора на душы лішне цяжкое каб насіць, то яно можа быць палегчана славамі і, апрыч таго, душа вернага чалавека, як студня, і камень прызнаньня, кінуты туды, тоне ў ей так, што яго ніхто больш і няўбачыць.

З даліны прышоў я пяхатой, міля за міляй, з агнём у грузёх, падобным агню пякельнаму. А чаму? Няўжо ты так хутка забыўся нашы звычаі, паміж гэтых людзей, якія прадаюць жонак і дачок сваіх за серабро? Вярніся самной на поўнач і пабудзь яшчэ раз паміж намі. Вярніся, калі гэта справа мая будзе закончана, я сам прыду па цябе. Квет фруктовых дрэваў цяпер у нас па ўсей даліне, а тут толькі пыл і сморад. Там прахалодлівы вецяр вее ў тутавых гаёх, і руччы цякуць з сьнегавой вадой, а караваны праходзяць ўверх і прыходзяць ўніз, і сотні агнёў мігцяцца ў глыбіне праходу. Малаткі стукаюць па калочках разкінутых палаткаў, і трочныя коні ціснуцца адзін да гднаго ў дымцы вячорнага туману. Добра цяпер на поўначы, Пойдзем ізноў туды са мной. Вернемся да нашага народу. Пойдзем!

................

Адкуль узяўся сум мой? Хіба ж разьдзірае чалавек сэрца сваё і паліць яго кавалачкамі на павольным агні зашто небудзь другое, акром жанкі? Ня сьмейся, брат мой, бо і твой час прыдзе. Яна была з племя Абазаяў, і я узяў яе таму, каб спыніць калатню паміж нашымі і племем Гхора. Я ужо не малады? Сівізна кранула маю бараду? Праўда. Мне ня трэбыло жаніцца. Так, але я любіў яе. Ведаеш што кажа Рахман: „У тым, у чыё сэрца ўходзіць любоў, астаецца варьяція, і нічога больш… Поглядам вачэй сваіх яна цябе і ўзяла палон, бяз выкупу, і нічога больш“.

Памятаеш ты песьню якую пяюць Узбэкі Эміра, калі смажаць барана на ражне ў Пандыйскім абозе?

Абазаі сабакі, а іх жанкі рабыні грэху! У яе быў палюбоўнік з яе-ж племя, але аб гэтым бацька яе нічога не сказаў мне. Дружа мой, праклінай за мяне ў сваіх малітвах, як праклінаю я ў кождай сваей малітве імя Даўд Шаха, Абазая, галава якога ўсё яшчэ на яго шыі, рукі якога ўсё яшчэ ў нарамках яго — Абазая, каторы ўчыніў імя маё пасьмешышчам паміж жанок малога Маліканда.

Месяцы цераз два пасьля вясельля я выбраўся ў Індастан — ў Чэрат. Я пашоў толькі на дванадцаць дзён, але сказаў ей, што прабуду пятнадцаць дзён, Гэта таму, каб выпрабаваць яе, дзелятаго, што напісана: „Не здавайся на няпэўнае“. Узьбіраючыся па гарэ, зьмеркам, я пачуў мужчынскі голас, які пяяў каля дзьвярэй майго дому; гэта быў голас Даўд Шаха, а песьня, якую ён пяяў была: „Дрэй-уара-йоу-ди“ — „Мы ўсе трое — адно“. Бытцам пятлю накінулі на маё сэрца і ўсе чэрці пачалі цягнуць яе да болі, вышэй сіл маіх. Я падкраўся моўчкі да самага верху дарогі, але кнот стрэльбы аей адвільжэў ад дожджу і я нямог застрэліць Даўд Шаха. Акром таго ў мяне на думцы было забіць такжа і жанку. І гэтак ён пяяў, седзячы каля дзьвярэй майго дому; і як толькі жанка адчыніла іх і падыйшла да яго, я кінуўся паўзьці на жываце, паміж каменьня. У мяне быў толькі мой нож. Раптам з пад маей нагі пакаціўся камень, і палюбоўнікі глянулі ў ніз. Ён, акінуўшы сваю стрэльбу ўцёк ад майго гневу, дзеля таго, што баяўся ўтраціць жыцьцё, якое было ў ім. Але жонка асталася нярухомай навет і тады, калі я стануў проста перад ей і крыкнуў: „О, жанчына, як называецца тое, што зрабіла ты?“ А яна без ўсякага страху, хоць і ведала мысьлі мае, засьмяялася, кажучы: „Гэта драбніца! Проста я кахала і кахаю яго; а ты сабака і скатакрад, які бадзяецца ноччу. Удар!“ І я, ўсё яшчэ асьлеплены прыгажосьцю яе, — таму што, о брат мой, жанкі Абазаяў дужа прыгожы — сказаў: „Хіба-ж ты не баішся?“ А яна: „Нічога не баюся, акром страху таго, што не памру“. Тады я крыкнуў: „Ня бойся!“ І яна пахіліла сваю галаву, а я адсек яе каля самай шыйнай косьці, гэтак, што яна пакацілася да ног маіх. Пасьля запальчывасьць майго племя абхапіла мяне, і я адрэзаў ей грудзі, каб людзі малога Мэліканда ведалі які яе быў праступак, і кінуў яе цела ў гэрскі ручэй, які бяжыць ў Кабуль раку. Дрэй-уара-йоў-ди! Дрэй-уара-йоў-яі Цела без галавы, душа бязь сьвету і маё ўласнае амарочанае сэрца — мы ўсе трое — адно, — мы ўсе тое — адно! У тую-ж ноч, ані крыхі не адпачыўшы, кінуўся я ў Гхор даведацца, дзе Дауд Шах. Мне сказалі там: „Ен пашоў у Пуббі па коней. Чаго ты хочаш ад яго? Паміж нашымі вёскамі згода цяпер“. Я адказаў: „Гэй! Згода зрады і каханьня, якое меў да Гурэль чорт Атала“. Пасьля гэтага я тройчы выстрэліў ў вароты, засьмяяўся і пашоў.

У гэты хвіліны, браце і дружа сэрца майго, месяц і гвёзды стаялі, як краплі крыві надамной, і ў губе чуў я смак сухой зямлі. І не пераламіў я хлеба, а напіткам маім быў дождж Гхарскай даліны, які біў мене ў твар.

У Пуббі я знашоў Мабуба Алі, пісара, сядзеўшага на складанай сваей пасьцелі, і здаў яму зброю, згодна вашаму праву. Але я не бядаваў, таму што ў сэрцы маім была пастанова забіць Даўд Шаха голымі рукамі; так вось, — як чалавек зрывае ягады з грозьдзяў. Мабуб Алі сказаў: — „Даўд Шах толькі што пашоў пасьпешна ў старану Гэшавару, і будзе скупляць коні па дарозе ў Дэлі, бо кажуць, што Бомбэйская кампанія конак купляе іх цэлымі апражкамі, па восем канёў на вагон. І ан казаў праўду.

Тады я ўбачыў, што маё прасьледаваньне будзе рэч ня лёгкая, бо вораг мой уцёк у вашы валаданьні, каб збавіцца ад майго гневу. Але хіба гэта уратуе яго? Хіба я яшчэ ня жывы? Хоць-бы ён уцёк на поўнач у Дору і сьнягі, ці на поўдзень да Чорнай Вады, паганюся за ім, як каханец па сьлядох сваей каханкі, і падыйду да яго і абніму яго чула. — Ах! так ужо чула! — і скажу: „Добра зрабіў ты, такжа добра будзе заплачана табе“. І ўжо з гэтых абоймаў Даўд Шах ня выйдзе з тхненьнем ў ноздрах сваіх. Аугурр! Дзе коўшык? Я магу піць, як жаробная кабыла на першым месяцы.

Ваша права? Што мне ваша права? Калі жарабцы брыкаюцца бягучы, то хіба-ж яны бачаць гранічныя капцы; ці хіба каршуны Алі Мусжыда не крануць падліны таму, што яна ляжыць ў засені Гхор Кутры?[3] Справа пачалася за вашай граніцай, а скончу я яе там, дзе Бог захоча. Ці тут, ці ў маей старане, ці ў пекле. Усе мы трое — адно.

Слухай цяпер, павернік смутку сэрца майго, і я раскажу табе ўсю маю пагоню. Я пасьпяшыў ў Пэшавар з Пуббі, і бегаў па вуліцах Пэшавару, як бяздомны сабака, шукаючы ворага свайго. Раз, мне здаецца, я бачыў яго, як ён амываў морду сваю ў ручве фантану, на вялікім пляцу; але калі я падышоў бліжэй, ён зьнік. Я думаю, што гэта быў ён, і што, пазнаўшы мяне, ён уцёк.

Дзяўчына з рынку сказала мне, што ён хацеў ісьці да Ноўшару. Я спытаў яе: „О, сэрца сэрца майго, ці прыходзіць да цябе Даўд Шах”? А яна адказала мне: „Ведама прыходзіць“. Я сказаў: „Мне вельмі-бы хацелася бачыць яго, дзелятаго што мы прыяцелі і ўжо ня бачыліся з сабой цэлых два гады. Схавай мяне, прашу цябе, тут ў засені тваіх акяніц, і я пачакаю яго прыходу“. Дзяўчына-ж адказала мне: „О, Патанец, паглядзі мне проста ў вочы". І я абярнуўся і, абапершыся на грудзі яе, глядзеў ей проста ў вочы, божучыся, што кажу праўду Боскую. Але яна сказала: „Ніколі прыяцель ня чакае прыяцеля з гэткімі вачамі. Лжы Богу і Прароку, але жанчыну ты не ашукаеш! Ідзі згэтуль. Нічога ня здарыцца з Даўд Шахам з маей віны.

Я задушыў-бы гэну дзеўку, каб не баяўся вашай паліцыі; і мая пагоня тады-бы пайшла на нішто.

Дзеля гэтага я толькі разсьмяяўся і пашоў; а яна, высунуўшыся ў цемнаце з аконнай краты, праводзіла мяне высьмеўкамі праз усю вуліцу. Імя яе Джамун[4]. Калі я пакончу з тым чалавекам, то вярнуся ў Пэшавар, і яе палюбоўнікі ня будуць больш дабівацца яе хараства. Яна нябудзе больш Джамун, а будзе Ак, калека паміж дрэваў. Го-го! Будзе яна Ак!

У Пэшавары я купляў і вінагрозьдзя, і мігдалы і сушоныя фрукты дзелятаго, каб мэта маіх падарожаў была зразумела ўраду і каб ня было ніякай затрымкі ў дарозе. Але калі я прышоў у Ноўшару, то яго ужо там ня было. Я затрымаўся на дзень у Ноўшары, і ноччу, калі я спаў паміж сваіх коней нейкі голас казаў мне ў вушы. Усю ноч шэптаньне разлягалася ў галаве маей, не спыняючыся. Я спаў на жываце, як сьпяць чэрці, і магчыма таму, голас гэты быў голасам чорта. Ен казаў: „Ідзі на поўдзёнь, і ты наткнешся на Даўд Шаха“. Слухай-жа, брат мой і першы паміж прыяцелямі, — слухай! Хіба апавяданьне маё доўгае? Падумай-жа як цягнуўся час для мяне. Я прайшоў пехатой кождую лігу дорогі ад Пуббі да гэтага месца; і ад Ноўшары маім павадыром былі толькі голас і жаданьне помсты.

Я прыйшоў да Утток ракі, але яна ня была для мяне перашкодай, Го! го! Чалавек можа ўсякае слова абярнуць на двоя, навет калі ён ў вялікім няшчасьці. І Утток рака ня была уттокам (перашкодай) мне, і я пачуў голас гучней ад гуку вод, што біліся аб высокую скалу: „Ідзі направа“. Тады я пашоў ў Пандіхаб; і ў тыя дні сон быў атабраны ад мяне зусім, і галава тэй жанчыны з племя Абазаяў была перадамной і ў ночы і ў дзень, якраз такой, як калі яна звалілася да ног маіх. Дрэй-уара-йоў-ді! Дрэй-уара-йоў-ді! Агонь, попел і ложа маё, мы ўсе — троё адно, мы усё трое — адно!

Я быў далёка ад зімовага шляху караванаў, якія ішлі на Сіалкот, к поўдню ўдоўж чугункі і па вялікаму гасьцінцу к лініі абозаў; але ў Пандіхабе адзін сагіб купіў у мяне белую кабылу за добрую цану і сказаў мне, што нейкісь Даўд Шах праехаў з конямі ў старану Шахпура: Тады я ўбачыў, што голас праўду казаў, і борзка ськіраваўся да Саляных гора. Жалум быў разьліты, але я нямог чакаць і, калі пераплываў яго, то буланы жарабец мой быў аднесен ручвом і ўтапіўся. На гэты раз Бог загневаўся на мяне — кажу не аб тым, што я ўтраціў скацежыну, аб якой мала думаў, а вось аб якой благой крыўдзе: паказалася, што пакуль я быў на правым беразе, заганяючы коні ў ваду, Даўд Шах быў на левым; таму што — Алхіяс! Алхіяс! — капыты кабылы маей разкідалі гарачы попел вогнішча яго, калі мы перайшлі на той бераг досьвіткам. Але ён уцёк. Ногі яго былі акрылены страхам сьмерці. І я ськіраваўся на поўдзень ад Шахпура, гэтак хутка, як ляціць каршун. Я не адважваўся спачыць, каб не прамінуць здарэньня помсты, якая ставовіць маё права. Я прайшоў сьпярша берагам ракі Жалум, таму што думаў, ён захоча мінуць пустыню Рэхна. Але зараз-жа каля Сахіваля я зьвярнуў на дарогу ў Жанг, Самундры і Гужэру і ішоў датуль, пакуль ноччу сівая кабыла ня ўпёрлася грудзьмі ў загарадку жалезнай дарогі, якая ідзе ў Монтомэры. Гэтае месца было Окара, і галава жанчыны з роду Абазаяў ляжала на пяску каля ног маіх.

Адтуль я ськіраваўся ў Фацільку, і там мяне назвалі варыятам затое, што я прывёў туды загнаныя коні. Але голас казаў мне, што рабіць, і я ня быў варьят; я толькі змарыўся, таму што нямог знайсьці Даўд Шаха. Было напісана каб я не знайшоў яго ні ў Раніі, ні ў Багадургарху, і я прыйшоў у Дэлі з захаду; але там такжа я не знайшоў яго. Дружа мой, я бачыў многа дзіўных рэчаў у сваіх падарожах. Я бачыў чарцей, гізаваўшых па Рэхніцкай пустыні, як гізуюць жарабцы вясной. Я чуў, як Джынны пераклікаліся паміж сабой з нораў сваіх у пяску, і чуў, як яны праляталі перад абліччам маім. Німа ніякай нечысьці, кажуць сагібы? Яны вельмі разумны, але яны няведаюць усяго аб чарцях і конях. Го! го! Я кажу табе, каторы сьмяецца з майго няшчасьця, што я бачыў чарцей сярод белага дня, гагочучых і скачучых на мялінах Чанаба. І ты думаеш, што я баяўся іх? Брат мой, калі хаценьне чалавека ськіравана на адну толькі рэч, ён не баіцца ні Бога, ні чалавека, ні чорта. Калі мне ня ўдасцца тут даканаць помсты, я разабью вароты раю прыкладам стрэльбы сваей, прасяку нажом сваім дарогу ў пекла, і зажадаю ад тых, хто верхаводзіць там, цела Даўд Шаха. Якая любоў бывае гэтак глыбока як ненавісьць?

Не кажы. Я ведаю мыслі ў сэрцы тваім. Хіба бялок гэтага вока пасьвянуў? Як тутніць кроў у гэтых жылах? Німа шалу ў целе маім, а ёсьць толькі агонь жаданьня, каторы зьядае мяне. Слухай!

На поўдзень ад Дэлі край быў ужо зусім невядомы мне, дзеля гэтага я нямагу сказаць дзе я ішоў, але я прайшоў многа гарадоў. Я ведаў толькі, што мне трэба было ісьці на поўдзень. Калі коні выбіваліся з сіл, я кідаўся на зямлю і чакаў сьвітаньня. Сну не было самной у гэтых падарожах; і гэта было вельмі цяжка. Ці знаеш ты, брат мой, мукі бязсоньніцы, якую німа сіл перамагчы, калі косьці ныюць ад яе і скура на віскох хоча разарвацца ад змучаньня, і усё-ж ткі німа і німа сну? Дрэй-уара-йоу-ді! Дрэй-уара-йоу-ді! Вока сонца і вока месяца і мае ўласныя не счыняючыяся вочы — мы ўсе трое — адно! ўсе трое — адно!

У адным горадзе, найменьня якога я не памятаю, голас клікаў мяне ўсю ноч. Гэта было дзесяць дзён таму назад. Але ён ізноў змануў мяне.

Я прышоў сюды з месца, каторае называецца Хамірпур, і гэткая доля мая, што тут я сустрэў цябе, на радасьць сваю, на змацаваньне дружбы нашай. Гэта добрая азнака. З радасьці, што ўзіраюся на аблічча тваё, змучаньне пакінула ногі мае, і смутак доўгай дарогі забыты. Супакоілася і сэрца маё, бо ведаю, што канец ўжо блізкі.

Можа я знайду Даўд Шаха ў гэтым горадзе, па яго дарозе на поўнач, дзелятаго што гаранін заўсёды вяртаецца да сваіх гораў, калі будзіцца вясна. А ці ўбачыць ён гэты горы нашага краю? Напэўна я наганю яго! Напэўна, мая помста ўдасцца! Напэўна, Госпад трымае яго ў далоні рукі сваей, каб падаць яго мне. Ніякай шкоды не станецца з Даўд Шахам, пакуль я не прыду да яго, таму што я лакну забіць яго. Гранат саладзей за ўсё, калі мякіш з трудом ачышчаецца ад скуры. Ніхай гэта будзе днём, каб я мог бачыць аблічча яго і каб радасьць мая была поўнаю.

І калі я закончу справу сваю, і слава мая будзе ачышчана, я ўздзякую Богу, дзержбіту вагаў праўды, і засну. Ад ночы да раніцы і ад раніцы да ночы і ўзноў ўсю ноч буду я спаць тады, і ніякі сон не патрывожыць мяне. А цяпер, о, брат мой, аповесьць мая скончана.

Пераклаў В. Л.


  1. Паліцэйская вартоўня.
  2. сярэбраная манэта.
  3. Караван сарай у Пэшавары.
  4. Стройнае, прыгожае дрэва. Кождая простытутка у Індыі „павянчана“ з тым або другім дрэвам.
  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.