Перайсці да зместу

Матчын дар (1918)/На чужыне/Муляру

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Жыцце Муляру
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1918 год
Вясна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Муляру (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Муляру.


— Муляр, слухай! Што кладзеш ты?
— Дол сьмяротны, бачыш, — склеп.
„От, як скончу усе да рэшты,
„Буду мець рубель на хлеб.“
— Слухай, муляр: пакідай ты
Сьмерці сховы мураваць —
Хай ні знаць іх! Уставай ты,
Пойдзем жыцце будаваць.
Бачыш: людзі, як бездомкі.
Ходзяць скрозь без уласных хат?
Я работнік спрытны, емкі,
Пойдзем муляр, пойдзем, брат!
Возьмем кельні, малаточкі,
Дзьве рыдлеукі, вінкель, шнур,
Гукнем: «людзі, галубочкі!
«Хто ахвочы класьці мур?
«Мур вялікі, вольнай волі,
«Мур высокі да нябес,
«Мур братэрства, роунай долі,
«Мур для радасьці без сьлез?»
От, убачыш, прыйдуць людзі
На успамогу у грамадзе;
Кожан цэглу класьці будзе…
От дзе праца загудзе!
Сьцены зробім чыста, гладка,
Як с крышталю, столь як шкло,
Скажуць людзі: „вось дык хатка!
«Роунай у сьвеці ні было!»
Будзем есьці у гэнай хаці
Смачны, чысты, пульхны хлеб.
Пойдзем, муляр, пойдзем, браце,
Хай другі канчае склеп!