Перайсці да зместу

Мужнасць (1938)/Слова краіне/Летні дзень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перамога Летні дзень
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1938 год
Палёт
Іншыя публікацыі гэтага твора: Летні дзень.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕТНІ ДЗЕНЬ

За драўлянымі млынамі,
Дзе канчаюцца масты,
Шырачэзнымі лістамі
Ахінуліся кусты.

Ад крутых віроў глыбокіх
На пясчаны перакат,
Прамяністая ад спёкі,
Выгінаецца рака.

Перад поплавам на градах —
Мак высокі і густы,
Там камандуе парадам
Сам сланечнік залаты.

А за рэчкаю,
На правых,
На высокіх берагах,
Знепакоіліся травы
У някошаных лугах.

Луг заліўся галасамі,
Да яго ва ўсе канцы
Вышлі роўнымі радамі
Загарэлыя касцы.

У кашулях ярка-белых,
У чырвоных паясах…
І на голас іх запела,
Адгукнулася каса.

Не пракосы, а — палосы
Выжынае чыста сталь,
І навостраныя косы
Асыпаюць звонам даль.

Слава травам,
Слава кветкам,
Слава летнім яркім дням
І засеяным палеткам,
І пакошаным лугам!

Слава людзям дружнай працы,
Слава ім! —
Мінуць вякі,
Будзе так-жа выгінацца
Шкло празрыстае ракі;

Будзе мак цвісці на градах,
Будзе ў сэрцы з веку ў век
Несці творчай працы радасць
Непакорны чалавек.

1936 г.