Ноч была цёмная.
Цяжка і глуха
дождж барабаніў у шыбы акон.
Раптам —
пачула трывожнае вуха
нечыя крокі
(у сне ці праз сон).
Слых навастрыўся да болю
і хруснуў,
сэрца паклікала стаць у дазор.
Борзда на плечы накінуўшы хустку,
дзеўчына босая вышла на двор.
Цемра густая,
хоць выкалі вока,
белага свету нідзе не відно,
толькі вятры запяваюць навокал
і завіваюцца хіжа ля ног.
Помніць дзяўчына:
такою парою
брата забілі на цёмным шляху… Можа й цяпер за крутою гарою
ворагі долю чыю сцерагуць?
Можа ізноўку рыхтуюць забойства,
можа зацеплілі новы пажар?
Сэрца заныла балюча і востра
і скалыхнуўся, як полымя, жах.
Бегма пабегла да новай аборы
(босыя ногі,
халодная гразь).
Варта не спіць…
Вартавыя гавораць…
Значыць,
надзейна пільнуюць калгас.
Нервы напятыя стынуць паволі,
цяжка спадае на плечы каса…
Вецер імчыцца у чыстае поле
І не вяртаецца болей назад.
Сонны спакой ахінае крыламі,
хутка прачнецца клапотлівы дзень,
раннія зоры ўстаюць над палямі,
дзеўчына ціха дахаты ідзе.
… Гэтак асеннімі часта начамі
будзіць трывога на варту ісці —
кожную дробязь сваімі вачамі
трэба дагледзець у гэтым жыцці.
І не дарэмна у цёмныя ночы
б'ецца узрушана сэрца і кроў —
вораг яшчэ прытаіўся і сочыць
кожны няверна настромлены крок.
Хай-жа трывога ніколі не гасне!..
Трэба мець пільнасць і рупнасць ваяк,
каб красавала здабытае шчасце,
слаўная дзеўчына,
радасць мая!
1931 г.
|