Перайсці да зместу

Мужнасць (1938)/Мая сяброўка/Вясёлыя песні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трывога Вясёлыя песні
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1938 год
Прызнанне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясёлыя песьні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСЁЛЫЯ ПЕСНІ

I

Ад першай нашай стрэчы
і па астатні дзень
мы ходзім кожны вечар
на мора паглядзець.

У гэты час —
пад поўнач,
з усіх канцоў зямлі,
нагружаныя поўна,
прыходзяць караблі.

Абвеяныя ветрам,
абмытыя вадой,
матросы ў шэрых гетрах
спяшаюць за табой.

Як гонар свой,
нясу я
тады тваю руку.
Падумаеш —
красуня,
хусцінка на баку!

Такіх за мною трыста
хадзіла па слядах,
як сходзілі на прыстань
мы ў дальніх гарадах.

Табе мо‘ невядома,
што нашых маракоў
вітаюць,
як знаёмых,
ля кожных берагоў.

Мы з вольнае краіны,
адной на цэлы свет,
і кожная дзяўчына
глядзіць нам доўга ўслед.

Любую з іх за жонку
я мог сабе узяць,
А ты смяешся звонка,
не хочаш і гуляць.

Не задавайся надта:
праз некалькі гадзін
мяне чакае вахта —
давай-жа паглядзім,

як поначы на прыстань
з усіх канцоў зямлі
высокія ўрачыста
прыходзяць караблі.

II

Ад першай нашай стрэчы
і па астатні дзень
мы ходзім кожны вечар
на мора паглядзець.

У гэты час —
пад поўнач,
з усіх канцоў зямлі,
нагружаныя поўна,
прыходзяць караблі.

Абвеяныя ветрам,
абмытыя вадой,
матросы ў шэрых гетрах
вітаюцца са мной.

Як гонар свой,
тады ты
нясеш маю руку,
раўнівы і сярдзіты.
з наганам на баку.

Падумаеш —
прыгожы,
адзін на цэлы свет!
У шырачэзным клёшы,
значок на рукаве!

Ты паглядзі на прыстань —
матросамі кішыць,
адно маргну,
і трыста
за мною пабяжыць.

Табе мо‘ невядома,
які ў мяне пасаг? —
Заводы,
шахты,
домны
і русая каса.

Не дарам строяць жарты
чужыя маракі —
магу любога заўтра
узяць у прымакі.

Не задавайся-ж вельмі:
праз некалькі гадзін
мне трэба на цагельню —
давай-жа паглядзім,

як поначы на прыстань
з усіх канцоў зямлі
высокія ўрачыста
прыходзяць караблі.

1934 г.