Перайсці да зместу

Мужнасць (1938)/Мая сяброўка/Дзеўчына совецкае краіны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Апошняя стрэча Дзеўчына совецкае краіны
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1938 год
Экзотыка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзеўчына савецкае краіны.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ СЯБРОЎКА

ДЗЕЎЧЫНА СОВЕЦКАЕ КРАІНЫ

Дзіўныя твае занадта вочы,
немагчыма нават разгадаць:
цёмныя,
як восеньскія ночы,
светлыя,
як морская вада.

Не сказаў-бы,
што і стан твой гнуткі…
Што-ж мяне пародніла з табой?
Можа тонкія,
абветраныя рукі,
што прапахлі сонцам і вясной?

Можа косы русыя,
Дзяўчына,
што на старце вецер расплятаў?
Я не ведаю нічога аб прычынах
І пра гэта думаць перастаў.

Я цябе прымаю,
быццам песню,
што праходзіць праз маё жыццё:
бурную,
як ранняе прадвесне,
ясную,
як поначы касцёр.

Несціханая твая гамонка,
апавітая жывым цяплом,
адклікаецца у рытмах звонкіх,
у радках маіх ласкавых слоў,

І тваю шумлівую вясёласць,
поўную напружанага жыцьця,
я прабую выспеваць уголас,
вынесці у песнях на прасцяг.

Каб твае пачуцці і настроі,
чым заўсёды маладосць жыве,
супраць нашых ворагаў,
як зброю,
загартоўвалі мой грозны верш.

Толькі, пэўна, з гэтае прычыны
заручыў нас тэнісовы старт…
Дзеўчына совецкае краіны,
ты мая найлепшая сястра!

І няхай пакеплівыя вочы
немагчыма нават разгадаць —
цёмныя,
як восеньскія ночы,
светлыя,
як морская вада, —
Я цябе прымаю,
быццам песню,
што праходзіць праз маё жыццё:
бурную,
як ранняе прадвесне,
ясную,
як поначы касцёр.

1933 г.