Перайсці да зместу

Мужнасць (1938)/Мая сяброўка/Вернасць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Радасць Вернасць
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1938 год
Ад шчырага сэрца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вернасьць (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕРНАСЦЬ

Малая!
Дай тваю руку!
Ты нечага, здаецца, тужыш?
Дзівачка!
На тваім вяку
Я самым верным буду мужам.

Мне падабаецца
твой смелы спрыт,
твая заўзятасць да работы,
калі на вусны ад зары
усмешка скрадзецца употай,

а вочы возьмуцца гарэць
агнямі дрэў,
травы
і кветак…
Цяплом іх можна абагрэць
халодныя краіны свету.

За гэта смешнае цяпло,
за спрытныя
малыя рукі,
за гібкі стан,
за весялосць,
за песні радасці і скрухі —

я аддаю табе навек,
на поўнае тваё ўладанне
глыбіні самых стромкіх рэк,
дарог шырокіх скрыжаванні,

кірункі чатырох вятроў,
вышыні гор,
усплёскі мора,
усе напевы ўсіх лясоў
і ўсе над светам зоры,

Ніколі толькі не аддам
за слаўнае тваё жыццё
рэспублікі,
дарованае нам
за смерць братоў,
за смерць сясцёр.

Яна збудована сям‘ёй комун,
рукамі нашымі,
тваімі,
мы палажылі ў яе грунт
і сэрца нашае
і імя.

І хай паквапяць груганы
на край узрошчаны напасці —
я першы выйду бараніць
краіну сонечнага шчасця,

Як бачыш,
на тваім вяку
я верны буду аж да скону.
Давай-жа мне тваю руку,
мая малая жонка.

1933 г.