Перайсці да зместу

Мужнасць (1938)/Мая сяброўка/Ад шчырага сэрца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вернасць Ад шчырага сэрца
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1938 год
Песня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ад шчырага сэрца.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АД ШЧЫРАГА СЭРЦА

Ты спіш…
За акном асыпаюцца зоры,
ідуць безупынна вятры,
у садах
калышуцца дрэвы,
ажыны гавораць,
у ставах шуміць
веснавая вада.

Пакой твой
напоўнілі
цёмныя цені,
святло,
цішыня
і легенды вясны.
Ты спіш…
Да цябе праз высокія сцены
прыходзяць спакойныя
добрыя сны.

Прачнуўшыся заўтра,
ты іх прыгадаеш,
работа заспорыцца
ў спрытных руках,
і моўчкі на вуснах тваіх,
маладая,
усмешка вясёлая
будзе блукаць.

І ты не падумаеш
можа ніколі,
што гэта каханне маё
берагло
і сон твой спакойны,
і рук тваіх холад,
і вуснаў тваіх,
палахлівых,
цяпло.

Ты лёгкую шапачку
моўчкі адзенеш,
вясёлая выйдзеш
з другімі гуляць.
Авацыяй вас
мая крыўда не стрэне,
і зайздрасць услед вам
не будзе крычаць.

Я вас прывітаю,
як друг і таварыш,
аднолькава роўна
ўсміхнуся усім,
з другою вясёлаю
стану у пары
і буду ад шчырага
сэрца прасіць:

Няхай над галовамі вашымі
неба
раскрые крутыя далоні свае,
няхай урадлівая,
тлустая глеба
вам шчодра
багаты свой плён аддае;

Няхай дыванамі
лістоў каляровых
вятры будуць
вашы шляхі высцілаць,
няхай вам спяваюць
лясы і дубровы,
няхай вам
дажджы залатыя шумяць;

Няхай для цябе
асыпаюцца зоры,
ідуць безупынна вятры,
у садах
калышуцца дрэвы,
ажыны гавораць,
у ставах шуміць
веснавая вада!

1935 г.