Перайсці да зместу

Мой завет

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мой завет
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1922 год
Крыніца: Газэта «Раніца», № 13 (22), 20 студня 1922 году, б. 2
Рубежыцкая кантора

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мой Завет.

Замест прыслоўя.

Даю я вам, мае вы браточкі, завет апошні. Калі сьмерць мяне спаткае ў старонцы роднай, дык пахавайце мяне сярод лесу цёмнага, каб наўкола магутныя дубы і грабы маю магілу акружалі, каб белая бярозка лісьцямі прыветна шапатала, каб краскі цьвялі ліловыя, каб хаўтурны звон, апошні звон, лес званіў. Хай птушкі песьняй вясёлай вечна лес напоўняюць. Каб лёгка былоб- мне ляжаць пад лясной зямлей. Каб чуў я, як хмары зьбяруцца, пярун заграхоча… Завые забушуе бура над лесам…

А ён, мой родны лес, лес палескі, зашуміць па мне…

Пад шум яго хаўтурны лёгка будзе мне сном вечным спачываць…

Дык памятайце, браточкі, мой завет апошні… Але калі злажу галаву сваю на чужыне, дык ня забудзьце, хоць косьці мае калікольвек, на маю старонку, ў мой родны лес, лес палескі, перанясіце!

Дзяргач.