Перайсці да зместу

Межы (1929)/IV/Перад дарогай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мая Мекка Перад дарогай
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
У дарозе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Перад дарогай (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРАД ДАРОГАЙ

Я сёньня тут, а заўтра дзесьці буду,
А дзе — і сам ня ведаю яшчэ.
І гэта ўсё здаецца мне ўжо цудам,
Ў жылах кроў пановаму цячэ.

Другія мысьлі голаў маю ўскружаць,
Другія вобразы замігаюць ў вачах.
Я еду нюхаць пах прыгожай кветкі-ружы,
Я еду слухаць шэпт і бору, і ручча.

Я еду, каб ісьці па бацькаўскіх сьцяжынках,
Ісьці хутчэй туды, дзе доўга так ня быў.
Я спраўлю там вясёлыя дажынкі,
Хоць сам ня быў ў разгарны час сяўбы.

Шкада, што я далёк ад блізкага для сэрца,
Шкада, што і цяпер ня ў пору пападу.
І для мяне цяпер ужо не разаўецца
Прыгожы, стройны клён, пад цень ня прыме дуб.

Ў куце сваім ня у пору апынуся
І сяйбітом хоць быў — ня ўбачу ўжо сяўбы.
Ў жыцьці сваім я шмат з чым разьмінуўся
І многа дзе, дзе трэба быць, — ня быў.

Ну, што зрабіць, ну, хто цяпер парадзіць, —
Чакаць пары ці ўжо прайшла пара?
Ўсё-ж рад таму, што краю я ня здрадзіў,
Ўсё-ж рад таму, што мне ня здрадзіў край.