Перайсці да зместу

Мая ліра (1924)/V/Што занадта — нездарова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Брату настаўніку Што занадта — нездарова
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Вось як (Прыпеўкі)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТО ЗАНАДТА — НЕЗДАРОВА.

Занадта адпачыўку — душы аслабленьне,
Занадта суматохі — духа вар‘яценьне.
Занадта абароту — другім кошт вялікі,
Занадта супакою — свінскія навыкі.
Шмат каханьня занадта розум ачмучае,
А занадта лякарстваў сьмертухну зсылае.
Занадта хто субтэльны: хоча ашукаці,
Хто занадта суровы: тыранам трэ‘ зваці.
Празмеру хто ашчадны, той лакомцам будзе,
Хто занадта адважны, хвальком завуць людзі.
Зашмат каму багацтва — калода у ногі,
Зашмат чэсьці хто мае — нявольнік убогі.
Занадта раскошы — ціхенька у гроб заганяе,
Хто занадта разумны, кепствамі канчае.
Занадта многа веры — згубная дакука,
Занадта многа сэрца — сабе й людзям мука.
Занадта абецаньня — радосна дурному,
Занадта сабіраньня — прыдасца другому.
Занадта многамоўны — сакрэту ня мае,
Занадта жартаўлівы — лепшых высьміхае,
Зашмат многа павагі — гордасьці знак шосты,
Калі ты надта добры — скажуць, што запросты.
Надта каму падацца — то сябе паніжыць,
Занадта дэлікатны усім чыста збрыдзіць.