Перайсці да зместу

Мая ліра (1924)/IV/На восень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вецер шалее На восень
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Тайніцу духа
Іншыя публікацыі гэтага твора: На восень.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ВОСЕНЬ.

Пажоўклы ліст, канаючае сонца,
Імгла, туман, плюхота, бездарожжа;
У сэрцы сум і журлівасьць бяз конца, —
Дай волі мне, дай сьвету мне, о Божа!

Палохлівасьць з зацені начніцай выглядае,
І думкі хмарамі спакой мне адбіраюць:
Пара сьмяротных журб… Вось дзева маладая
Зашла ў засьвет, вось дзяцюка хаваюць.

За душачку яе адмоўлю я пацёркі…
Жалосная была абоіх доля бедных:
Любіліся навек, а цешыліся толькі
Тым шчасьцейкам дзён тры — ў жыцьці іх апасьледных.

Сканала цудная ў абоймах небаракі.
Такі ўжо лёс: зайздросна шчасьце небу…
Галосіць звон, жальбы пяюць сьпявакі,
А ён — ён ведае, што сьвет пакінуць трэба;

„Што Бог злучыў, то злучана навекі,
„Ці-ж варта жыць, схаваўшы сваю мілу?
„Не астануся тут нямы я і калекі,
„Няма жыцьця: за ёй пайду ў магілу“.

∗          ∗

Задушкі йдуць, самлела ўжо прырода,
Абмыў ўжо дошч васенну дамавіну,
Стрыбог узяў у рукі ўсё ад Рода,
А Мокша атрасла апошнюю галіну.

Чакае ўсё, калі Дажбог ўладарны
Задзержыць рэкі ў сковы лядаваты.
Калі Пятро у небе гаспадарны
Для бедных душ зачыніць божы хаты.

Спачыне й сьмерць ў зімку у марозну,
Заціхне зьвер, заглохне ў лесе птушка,
У цемру воўк завые так трывожна,
Як-бы сканала гдзе ягоная дачушка.

На голас той Сварог пашлець прадвесьне
І першым Пяруном разваліць моц Стрыбога:
Скрушэе лёд, зямлі пялёнка счэзьне,
І ўсё жывое зноў пагорнецца да Бога.

На гробе маладых Алеся і Аліны
Рунее траўка й красачкі ўзрастаюць,
А душы іх ў таёмныя краіны —
Краіны сноў моў птушачкі лунаюць.

∗          ∗

А на Дзяды я заўтра возьму воску,
У капліцу ў цьвентары у ночы зачынюся
І крыжам трэйчы я да Матуленькі Боскай
З мальбой і каяньнем пакорным упрашуся:

„Пашлі Ты мне, о Збаўцы Маці-Дзева,
„Спакой душы з каханьнем ў чуткім сэрцы;
„Пазволь спазнаць, Княгіня Каралева,
„Як жыці мне, мне сумнаму няверцы…

„Калі ж прад часам я ад журбы і сканаю,
„Дай ведаць мне прычыну цяжкай долі,
„А тайніцу Тваю у сэрцы я схаваю,
„Не скажу тым, ня плакаў хто ніколі.“