Мая ліра (1924)/I/Арганы жаляцца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Не памёр: нарадзіўся Арганы жаляцца
Абразок
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
З кнігі выжш. асягн. дух.
Іншыя публікацыі гэтага твора: Арганы жаляцца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АРГАНЫ ЖАЛЯЦЦА…

… Тоны арганаў сьлёзы наводзяць на зрэнкі мае. Льюцца жальбы — як тыя воды вясновай парой…

Сыной мой родны, адзіночак мой! Табе іншая музыка йрае; — сьвіст куляў, гром гармат, лязг шабляў, трэск карабінаў, стогн раненых… Божа-ж мой, ратуй маю пацеху! Ен згіне ў гэным пекле. Во й арганы загаласілі, як-бы гаруюць па кім…

Сьлёзы мае, сьлёзы, адыдзіце ад мяне. Ня зможыце выліць вы тэй жальбы, што набалела на сэрцы; Ня вернецца сын мой — адзіночак, ня ўстане з магілы сябрамі прыцісьнены: чуе мае сэрца. Злучыцца дух ягоны з братавым, той мяне асіроціў нядаўна, пакінуў адным на сьвеце: ах, чуе нядобрае маё сэрца. Мальвіся мая, Мальвіся! Пачуй ты ў сваей дамавіне грабовай той енк, што рвець мне грудзі безнадзейна! Чаго Вы стогнеце, арганы? Мальвіся вас ня чуе: яна ад вясны ўжо у Бога… Яна пытаецца Божухну, дарагонькая, чаму адабраў Ен жыцьцё маладому Янку? Умалі Яго, каб ня браў да сябе апошняга сыночка, каб міналі яго кулі сьмерценосныя, пошасьці страшэнныя, голад і холад балючы…

Божанька! Як тут многа сьвятла, дым кадзільны наводзіць дзіўныя мары. Чаму сонца, крадучыся з вакна, крывавіць ўсё — і гэтыя звоі дымаў, і абразы, і аўтар, і афяры? Кроў, усюды кроў — і сьлёзы мае з крывёй… Арганы жаляцца і хліпочуць… Няўжо гэта жальба да Бога? Чаму, чаму гэтак упакорыў нас, Божа? Чаму мы ўсе так нешчасьлівы? Чаму так усе нас губяць, а і мы самі губім сябе? Няўжо грэх наш так вялікі, што патрэба аж гэткай пакуты? А мо‘ Ты і сам згубы нашай шукаеш? Ці-ж вечна панаваць у нас будзе людзкая завісьць і злоснасьць? Калі-ж адвядзеш ты ад нас благое вока чужака? Ці-ж мы будзем вечна пасынкамі ў людзей благіх? Божа, Ты ня маеш літасьці над грэшным нашым народам, а за тое ня маеш, што мы грэху свайго не пазналі… Вазьмі і сына майго на афяру! Божа, не дазволь мне блюзьніць!..

Кончыцца Бязкроўная Афяра. Ксёндз чытае апошнія малітвы. Арганы вядуць урачыстую гармонію: — казаў-бы зашумела пушча ад ветру, загаварыў бор, гоніць вецер у далечыню ўсенька… Асушы-ж Ты, Божа, сьлёзы мае; прымі іх як малітву, бо інакшай я ня знаю.

Барані „ад мору, голаду вайны і пошасьці“.