Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/Праявы роднага/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
55. Салавейка 56. Дзяўчаці
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
57. Асеньні сьпеў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзяўчаці (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




56.

ДЗЯЎЧАЦІ.

Цябе спаткаў і сам ня знаю,
Ад сэрца шчырага кажу,
Якую, дзеўча, думку маю
І сьпеў аб тым які злажу.

Здаецца, нешта ўскаланула
Ў душы маёй ты неўзнарок,
Былога струны закранула, —
Зьвіняць ледзь чутна аддалёк.

Ці-ж будзе час, што нам спаткацца
Яшчэ раз здарыцца калі,
І струны сэрца разбрымяцца
У тыя песьні, што былі?

Ніхто ня скажа! Толькі знаю
І не ўтаюся ад цябе:
Няхай цябе я не спаткаю, —
Пакінеш сьлед ты па сабе.

І ў час, калі гадзінай шарай,
Сярод бязьлюдзьдзя, пустаты,
Нуда абляжаць чорнай хмарай,
Праменьнем сонца будзеш ты!