Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/Праявы роднага/50-51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
49. Муляру 50-51. Вясна
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
52. Вецер
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясна (Дзе дадуць — зраблю пазыку…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАЯВЫ РОДНАГА.

50-51.

ВЯСНА.

I.

Дзе дадуць — зраблю пазыку
І найму сабе музыку, —
Дудара з яго дудою,
Каб іграў ён моцна ёю.

Грайка, грай! я засьпяваю,
Што цяпер на сэрцы маю…
І дудар ужо іграе,
Маё сэрца так сьпявае:

„Прападзі мая жуда,
Ўсё, што церпіць небарак,
Ўсе нястаткі ды бяда, —
Я шчарнеў, глядзі, і так,

Толькі вус адзін бялявы…
Годзе мучыць! Я хачу
Сілы, працы, і забавы,
І вясельля у ваччу“…

А з чаго-ж я узбуяўся?
Бо вясна ідзець да нас:
Як убачыў, — засьмяяўся
І вясёлы стаў на час…

Грайка, грай! бо сэрца скача,
Яму трэба моцна граць;
А жуда няхай паплача, —
Час яе і забываць…

II.

… Вясна прыйшла!
Што чакалі, выглядалі,
Да сябе даўно гукалі, —
У бляску сонца, ў зеляніне,
У прыгожасьці, ў ярыне,
Сама-пекнасьць, сама-сьвята,
І прыгожа, і багата,
Да нас прыйшла!
Я вітаю
Яе ў сонцы, ў зеляніне,
Што на роднай на краіне
Гоніць бляскам сваім ноч,
Гоніць сьнег і хмары проч;
Яна радасьць мне і сьвята,
Ёй я дзякую багата
І вітаю!