Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/На чужыне/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
37. Нязнаны госьць 38. Матчын дар
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
39. Змора
Іншыя публікацыі гэтага твора: Матчын дар (Гарун, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




38.

МАТЧЫН ДАР.

Як радзіла маці мяне ў цёмну ночку,
Дык дала скрыпіцу: „На, іграй, сыночку!
Грай сабе на шчасьце, грай на добру долю,
Грай на век даўгуткі, грай на вольну волю“.

Помню, дзіцянёткам з тугай я ня знаўся,
Жыў, як тая птушка, граў і забаўляўся;
Дзень мне быў спакойны, ўночы сон бязгрэшны,
А цяпер застаўся я на век няўцешны.

Ой, чаму-ж, матуля, жыцьце-скрыпку дала,
Як-жа шанаваці, дый не навучала?
Гэта-ж падзівіся — я адкрыцца мушу,
Што сапсуў скрыпіцу, што згубіў я душу.

Здаўна, сівакрыла, шчасьця я ня маю,
Долі я ня бачу, радасьці ня знаю.
Граю, праўда, граю!… А на сэрцы важка,
А у сэрцы больна, аж трываці цяжка.

Тыя ня прыходзяць песьні-весялушкі,
Як пяе зямліца, як шчабечуць птушкі.
Жаль з нудой заплачуць, глуха як зайграю…
Маю я скрыпіцу, а душы — ня маю!

Увагі

[правіць]

38. Матчын дар.

5 р. …„З тугай“ зам. „з тугой“ выданьня 1918-га году прынята для захаваньня памеру вершу на падставе аўтарскай папраўкі, якая была ім зроблена на выдрукаваным у „Нашай Ніве“ паасобніку вершу (Рукапісы А. Гаруна XV. 2. 25/34 б).

10 р. „Як-жа шанаваці“. У выд. 1918-га г. было: „Як іх шанаваці“. Папраўка ўнесена на тэй-жа падставе, як і папярэдняя (гл. 5 радок).