Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/На чужыне/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
30. ⁂ Дзяўчыначка-сэрца, сябе ня трывож 31. Мая люба
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
32. ⁂ Хто сказаў: „і я з народам“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая люба (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




31.

МАЯ ЛЮБА.

У любы маёі дый косы ільняныя й вочкі нябескія,
Губкі вышнёвыя;
І шчочкі ружовыя, шыйка і ручкі, як бель лебядзіная,
Грудкі пуховыя;
І голас у любай, як ў лесе зьвінючай, бліскучай крынічанькі
Сьпевы адвечныя;
А ўсьмешка каханай — ў зялёным аксаміце луга мурожнага
Пэрлы сланэчныя.
Ідзець каралеўнаю, добрай, ласкаваю, роўнай паходкаю,
Ціха ступаючы;
Заўсёды ўсьміхаецца думцы захованай, ў сэрцы мілосную
Песьню сьпяваючы.
Вяночкі што-вечару ў рэчку спушчаючы, кажа: „Плывіце вы
Разам з вадзіцаю!
Скажыце каханаму — станем прад богам мы параю шлюбнаю,
Хоць-бы з грамніцамі“.

А гэтак далёкая! Так яно, зорачка захаду раньняя,
Будзе і станецца.
Над нашым каханьнейкам людзі ня сільныя, леты ня ўласныя,
Хай-жа мінаюцца.

Увагі

[правіць]

31. Мая люба.

19 р. …„уласныя“ — у значэньні рас. „властные“.