Перайсці да зместу

Маладняк — Янку Купалу (1925)/II/Шляхам гадоў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Арлянятам Шляхам гадоў
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Юбіляру
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шляхам гадоў (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЛЯХАМ ГАДОЎ

(5/V 1905-15/V 1925)

Ад шчырага сэрца пасьвячаю
усім хто добрым словам успомніў
мяне ў дзень юбілею.

Як пацерку да пацеркі, за годам год
На шнур жыцьця ўсё ніжа, ніжа;
Адна з тых пацерак сьцюдзёная, як лёд,
Другая цёплая, як сонца летні ўсход,
А трэцяя — як той чарвяк з-пад крыжа.
Адна далей, другая сэрцу бліжай,
Адна, як кветка, а другая, як асот,
А ўсе вісяць на шыі…
Дваццаць толькі год
Прашло з тых пор, калі ў прадвесьні,
Успомніўшы сваю бяду і свой народ,
Жывая думка зазьвінела буйнай песьняй.
А многа зьмен за летам лета, за зімой зіма
Праз гэты час на беларускія нясьлі загоны:
Былі праблыскі і была благая цьма.
.................
Перш-на-перш дзевяцьсоты пяты год, калі законы
Маскоўскага цара на вісяльню вялі
Дзяцей скаваных Беларускае зямлі,
А там — рэакцыя чарнейшая ад ночы
Кроў выпівала з сэрца, асьляпляла вочы;
Калі здавалася, што гэтак будзе без канца
Гуляць нагайка над „забраным“ краем,
Што людзі „лепшыя“, як зблукшая аўца,
Той за маскоўскім, іншы за варшаўскім раем
Імкнуцца будуць вечным тым звычаем,
Што атрымалі ад прадажных продкаў,
Якія за шляхоцкія адзнакі,
Або за царскія чыны, ў прымакі
Плылі ў чужыншчыну сьляпой паводкай.
.................
Далей… цары карон з сабой не падзялілі:
Год чатырнаццаты абліў крывёй зямлю,
І беларускія сыны на прадзедаў магіле
Ліць кроў пашлі за бацькаўшчыну, толькі-ж… не сваю.
Палілі хаты ім і ў бежанцы, як жабракоў пагналі
Туды — ў Сібір — жалобнай — сьлёзнай хваляй.
Бацькі і маткі там ад голаду каналі,
Ад роднага адлучаны дабра,
А дзеці іхнія кроў верна пралівалі
За веру рускую і рускага цара.
.................
І рухнула вайна цароў за царскія кароны,
І іншы запалаў на сьвеце дым чырвоны:
Чырвоны сьцяг узьняўся над Масквой,
Аж па за межы водблыск гэты пакаціўся
Рабочы тут пісаў закон жалезны свой:
Адважна рызыкуючы працоўнай галавой,
Упобач з селянінам за ланцуг свой мсьціўся.
То Рэволюцыя запела на ўвесь сьвет:
„Паўстань пракляцьцем катаваны!“
.................
Ды ўсіх бед
Яшчэ ня ўсьпеў пазбыць край зрабаваны:
Зьняўцеку панскі конь пачаў нам гоні дратаваць.
І ўбачылі засмучаныя нашы вочы,
Як дні праяснасьці зьмяніліся на ночы,
Як зноў бізун па Беларусі стаў сьвістаць;
Крыві нявіннай пацякла рака,
Крывёй пажараў аблілося неба.
Так дзякавала панская рука,
Што некалі — ці трэба, ці ня трэба —
Мы паншчыну на іх рабілі, як маглі.
І хлеба лусты ім свае апошнія нясьлі,
А маткі нашы мамкамі для іх былі.
................
Але мінулася і гэта ліхалецьце,
Хоць і ня ўсе ў сваю зышліся хату дзеці:
Адных магіла ўжо ня верніць нам,
Другія і сягоньня іншым б‘юць паклон багам,
Ад трэціх-жа гранічны слуп нас аддзяляе.
Відаць, што доля ўжо такая…
................
Вось так шляхамі год дагэтуль я ішоў
З аднэю думкаю аб шчасьці Беларусі;
То блукаўся паміж абшараў і крыжоў,
То, як сланэчнік к сонцу яснаму імкнуўся…
Сягоньня ўжо працярабіўся гэты шлях:
На гонях родных не пануе нелюдзь,
З душы спадае перад будучынай жах,
Да новага жыцьця сьцягі віднеюць.

На чорных пажарышчах дзён мінулых
Народ разбуджаны сабе сам ладзіць гаспадарку…
B веру, не прадасьць ён за чужую скварку
Ані сваёй зямлі, ані сваіх дум чулых.

Я веру, песень маіх кліч бунтарскі
Знаходзіць водгук будзе ў сэрцах братніх,
Як і дагэтуль голас мой песьнярскі
Не заміраў бяз водгульля астатнім.

Што думаў селянін, што парабак-работнік думаў,
Падслухаў іх і ў песьню шчыра пераліў,
А ўжо яны пад гоман вольных шумаў,
Мне свой прыхільны вотклік падалі.

Дык-жа шумі, красуй у волі родны Край!
Зьвіні ў свой звон, селянска-пролетарскі звон!
Сьпявай ты, Беларусь, у радасьці сьпявай!
Твайго Народу сёньня права і закон.

Менск. Май. 1925 г.