Перайсці да зместу

Маладняк — Янку Купалу (1925)/II/«Мужык»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З жыцьцёпісу Я. Купалы „Мужык“
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Моладзі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мужык (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МУЖЫК

Што я мужык, усе тут знаюць,
І як ёсць гэты сьвет вялік,
З мяне сьмяюцца, пагарджаюць,
Бо я мужык, дурны мужык.

Чытаць, пісаць я ня умею,
Ня ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею —
Бо я мужык, дурны мужык.

Бо з працы хлеб свой дабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
І сьвята рэдка калі знаю —
Бо я мужык, дурны мужык.

Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Ня маю грошы на патрэбу, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Заліты потам горкім вочы,
Ці я малы, ці я старык, —
Працую, як той вол рабочы, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Як хвор ды бедзен — сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я бяз дохтара лячуся, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
І, як сабака, сьвет пакінуць, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век мой тут вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! бо я мужык!

15 мая 1905 году.