Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Платон Галавач

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Янка Відук Платон Галавач
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Вільгельм Гараўскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Платон Галавач. Нарадзіўся 18 красавіка (н. с.) 1903 году, у вёсцы Пабокавічы, вёрст 15 на захад ад Бабруйску. Сын селяніна. Скончыў Беларускі комуністычны унівэрсытэт (1926 г.). Быўшы студэнтам, езьдзіў узімку 1924—25 г. на працу ў вёску, у Віцебшчыну. Пасьля гэтага, у пачатку 1925 г., пачаў пісаць у „Савецкую Беларусь“ (аб вёсцы ў Межынскім раёне). У 1927 г. вышаў зборнік яго апавяданьняў „Дробязі жыцьця“. Пасьля таго друкаваліся яшчэ яго апавяданьні ў „Маладняку“ і „Чырвонай Зьмене“.

У зборніку „Дробязі жыцьця“ — 4 вялікія апавяданьні.

У апав. „Яўленая“ — выдуманае папом цуда. Сяляне даведаліся аб ашуканстве, і поп засіліўся на вяроўцы ад звону.

У апав. „Загубленае жыцьцё“ — доля беднае сялянскае дзяўчыны-парабчанкі. Паніч ашукаў яе. Яна атруцілася.

У апав. „Рубанаўскі вузел“ — зямляўпарадкаваньне ў вёсцы Рубанаўцы да рэволюцыі і пасьля рэволюцыі. Савецкая ўлада належна разблытвае вузел.

Апошняе ў зборніку апавяданьне — „Абмылілася“. Апісваецца жыцьцё дзяўчыны — дачкі гарадзкога рамесьніка. Яна імкнулася да новага жыцьця, але абмылілася, спаткаўшы на сваёй сцежцы распуснага тыпа з былых паноў, што прымазаўся да партыі.

З пазьнейшых Галавачовых твораў траба адзначыць апав. „Дзьве сьцежкі“. Тут — бацька кулак і яго сын, які пашоў іншаю, рэволюцыйнаю і комуністычнаю, сьцежкаю жыцьця.

У апав. „Кнак“ малюецца страшэнная сялянская цемра і адсталасьць. Людзі атручаюць жыцьцё сваркамі і скандаламі за „кнак“ — царскія грошы, якія страцілі сваю цану.

У апав. „Дасужая“ — жыцьцё беднае сялянскае дзяўчыны. рэволюцыя адчыніла ёй дзьверы да навукі. Яна — рабфакаўка. Апісваецца жыцьцё савецкае вучнёўскае моладзі. Супроцьстаўляецца гэтае жыцьцё жыцьцю „дзяўчыны пад капялюшом“ — з мяшчанскага асяродзьдзя.

Галоўнае ў ідэолёгічным зьмесьце Галавачовых твораў — гэта супроцьстаўленьне новага ладу жыцьця старому ладу жыцьця. Апавядаючы аб мінулым, аўтар малюе сялянскую беднасьць, бяспраўнае становішча працоўнага чалавека, надмерную працу, цемру і забабоны, злосьць, сваркі. Пераходзячы да сучаснасьці, ён паказвае, як цяжка перакуліць усю гэтую спадчыну яшчэ і цяпер, у савецкіх умовах. Але-ж, кажа ён сваімі апавяданьнямі, у гэтых умовах рэлігійны дурнап‘ян зьнішчаецца, і дзед выкрывае папоўскае ашуканства. У гэтых умовах паніч яшчэ можа загубіць няшчасную Ніну, бо яна цёмная, слабая, але цяжэй гэта зрабіць прымазаніку да сучаснасьці Капцюру ў адносінах да Ліды, і ён будзе мець належную ўзнагароду за свае злачынствы. Ды вось ужо, у гэтых умовах, зьяўляецца моцная, сьвядомая і энэргічная барацьбітка за новы лад, „дасужая“ Надзя. У гэтых умовах бацька-кулак не завяжа сьвету свайму ідэёваму сыну, а наадварот — сын-комуністы адбярэ ў гэтага бацькі зямлю і аддасьць яе працоўнай бядноце. Дадатнае ў сялянскім быце Галавач бачыць найчасьцей у жыцьці тэй бядноты, якая ахвотна бярэцца цяпер будаваць новае жыцьцё.

Што да формальна-мастацкіх асаблівасьцяй, дык трэба сказаць, што збудаваны апавяданьні ў Галавача яшчэ не заўсёды з належнаю цьвёрдасьцю і вытрыманасьцю. Заўважаецца некаторая непропорцыянальнасьць частак апавяданьня: ёсьць часам размах на аповесьць, але аўтар уціскае сябе ў асадкі апавяданьня. Апавяданьне разьвіваецца паводле хронікі падзей; найчасьцей падзеі зьвязваюцца, галоўным чынам, з жыцьцём аднэй асобы. Лепш удаюцца аўтару апавяданьні карацейшыя або з кароценькімі жывымі разьдзеламі. Часам у Галавача занадта шмат сур‘ёзнасьці, мала жывасьці, слаба выяўляецца гумар і сатыра, хоць нахіл да іх у некаторых месцах ёсьць зусім выразны і памысны. Аднак-жа, у яго ёсьць пачуцьцё, шчырая спагада да бяздольных людзей, ласка да маладых парываньняў, і ў гэтых месцах апавяданьні яго ажыўляюцца і робяць большае мастацкае ўражаньне. У яго няма лішняе голае тэндэнцыйнасьці. Ён трымаецца здаровага рэалізму. Блізка што няма ў яго і ўхілу ў лішні натуралізм, што заўважаецца часам у Хурсіка, Нікановіча і інш.