Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Паўлюк Трус

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Алесь Салагуб Паўлюк Трус
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Сяргей Фамін

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паўлюк Трус. Нарадзіўся ў 1904 г. ў в. Нізку, Узьдзенскага раёну, на Меншчыне, у беднай сялянскай сям‘і. Дзед яго, чалавек няпісьменны, хацеў, каб і ўнук такім астаўся і працаваў на гаспадарцы. І бацька, хоць і пісьменны чалавек, згаджаўся з дзедам, толькі маці настоіла: „чужыя-ж дзеці вучацца, няхай і ён пралазіць у людзі“.

Скончыўшы сямігодку, Паўлюк Трус год праседзеў дома, Пачалася грамадзянская вайна, польская окупацыя. У часе наступленьня Чырвонае арміі на Варшаву яго забралі ў абоз; прабыў там тры месяцы.

Седзячы дома, ён шмат чытаў і зьбіраў народную творчасьць.

У 1923 г. паехаў паступаць у Менскі пэдтэхнікум. Выпадкова пазнаёміўся з Коласам, прачытаў яму свае вершы, і Колас вельмі падтрымаў яго і дапамог паступіць у Беларускі пэдагогічны тэхнікум.

Цяпер Паўлюк Трус — студэнт Беларуск. дзярж. унівэрсытэту.

Друкуецца з 1923 г. Піша вершы. У 1925 г. вышаў з друку першы яго зборнік „Вершы“. У 1927 г. вышаў другі зборнік „Ветры буйныя“.

У рэцэнзіі на зборнік „Вершы“ А. Бабарэка пісаў[1]: Паўлюк Трус — гэта буйная крыніца з беларускіх нетраў, гэта буйны вецер ад маладога жыцьця“. Бабарэка, далей, піша: „Тая народная музычнасьць і тая насычанасьць народнымі вобразамі, параўнаньнямі, сакавітымі эпітэтамі і іншымі ўкрасамі, якія робяць верш П. Труса лёгкім, пявучым, мяккім і пяшчотным, — усё гэта кажа, што поэта мае грунт для сваёй творчасьці і выкіроўваецца на свой уласны творчы шлях“[2].

У зборніку „Вершы“ (1925 г.) Паўлюк Трус, як і Чарот у першы пэрыод маладнякоўскай творчасьці, пяяў аб тым, што „бор старажытны зруйнованы“, „мы спарахнелае спалім“ („Пасьля буры“). У вершах „Юны змаганец“ Паўлюк Трус дае лірыку змаганьня, услаўляе паўстанцаў. У вершах „[[Астрожнік (Трус)|Астрожнік“ — услаўленьне паўстанца; комсамольца, якога расстрэльваюць палякі; тут у поэты — шчырае пачуцьцё і патос змаганьня.

У другім разьдзеле зборніка Вершы — любоўная лірыка. Каханьне ў творчасьці Паўлюка Труса — здаровае сялянскае каханьне. Тут-жа адчуваюцца моцныя ўплывы народнае творчасьці; у вершах «З поэмы „Сірата Алеся“» ёсьць добрыя апрацаваньні народных песень.

Трэці разьдзел зборніка — „Хараство прыроды“. Тут — любоў да прыроды і сялянскае працы.

У зборніку „Ветры буйныя“ (1927 г.) — ветры буйныя, просінь, залаты вечар, туман, лісты пажоўклыя, поле… Настроі засмучоныя. Смуткам вее і ад ніцых лоз і ад постаці жанчыны, што з разьбітымі ў кроў нагамі варочаецца на сяло між жытнёвага мора з калыскаю за плячыма; журыцца і сасна на кургане. Шмат романтыкі (З поэмы „Цыганка“). Матчын дар у поэты — песьні, якія пяяла яна яму малому ў часе жніва; ён успрыняў пералівы песень, водгульле іх і цяпер гучыць у яго душы, і ён сам хоча пяяць пра цыганку-чараўніцу Марыулу і дае малюнак табару ўначы, пераказвае цыганскія думкі-мары.

І ў гэтым зборніку — насьледваньне народным песьням. Тут — сьлёзы, брусьніцы, ветры буйныя, крыніцы, ніцыя лозы… Сумны малюнак: белыя бярозы ў марозе і сьлёзы ў дзяўчыны. Ва ўсё гэтае ўплятаюцца асабістыя перажываньні песьняра, лірыка каханьня і да т. п. Сінь, крыніца, туман і даліны — і так да канца зборніка. Занадта шмат сьлёз і сіні, яны ёсьць ледзь ня ў кожным вершы.

Тымчасам — вершы добрыя, прыгожыя, мілагучныя, напісаныя з вялікім адчуваньнем хараства, пра якое поэта пяе.

Трэба яшчэ адзначыць, што Паўлюк Трус піша трыолеты, сонэты, рондо і інш. Шкада, тымчасам, што масавы чытач, незнаёмы з вершаскладальнай тэрмінолёгіяй, напэўна, не зразумее, чаму, напрыклад, верш мае назву „Трыпціх“ (стар. 109), дый ня знойдзе тлумачэньня ня толькі ў кароткім слоўніку чужаземных слоў, але нават і ня ў кожным курсе поэтыкі. Калі М. Багдановіч даваў некаторым сваім вершам назвы паводле формы вершаў, дык ён гэтым хацеў зьвярнуць увагу, што пабеларуску можна пісаць рондо, тэрцыны і г. д. Дубоўка, здаецца, першы з нашых поэтаў даў „трыпціх“. Але ці варта далей у нашых масавых зборніках надпісваць, што гэта сонэт, а гэта трыолет, а гэта трыпціх? Лепш даваць назву вершу паводле зьместу, ці паводле галоўнага мотыву, ці паводле настрою, з якім ён пісаны, а не паводле формы, аб якой 99%, чытачоў ніколі ня чулі.


  1. Маладняк“, № 10 (1), 1926 г., стар. 110.
  2. Там-сама.