Тане ў сьлязах асеньняя дарога,
Халодны дзень імжыць па-над сялом,
І патанулі ў золаце разлогі
Пад сумнай восені авеяным крылом.
Халодны дзень імжыць па-над сялом,
А цені кволыя купаюцца ў даліне.
Пад сумнай восені авеяным крылом
Сьлязьмі у сэрцы песьня не астыне.
А цені кволыя купаюцца ў даліне,
У лузе плаваюць абветраным чаўном.
Сьлязьмі у сэрцы песьня не астыне,
Не адцьвіце вяргіняй пад вянком!
Трымціць і сьцелецца над гаем пазалота,
На хмарах просінь сочыцца ў далі.
І ў соннай высі кружаць над балотам,
У шумавіньні тонуць жураўлі.
На хмарах просінь сочыцца ў далі,
На дне душы зьвіваецца у радасьць.
І ў шумавіньні тонуць жураўлі,
Дзе зажурыліся пад шэраньню прысады.
На дне душы зьвіваецца ў радасьць
Журба пунсовая асеньніх журавін…
Дзе зажурыліся пад шэраньню прысады,
Там чары восені я ў радасьці спавіў.
Пад месяц журацца асмуглыя рабіны,
Завялі й плачуць астры пад акном.
І патанулі песьні ў шумавіньні,
Дзе пасьцілаецца лістота дываном.
Завялі й плачуць астры пад акном,
І долу сыплюцца пунсовыя пялёсткі,
Дзе пасьцілаецца лістота дываном.
На дне душы красуе буйны росквіт.
І долу сыплюцца пунсовыя пялёсткі,
Узоры ткуць пад гаем на траве…
А ў сэрцы зорамі цьвіце, красуе-росквіт
І завіваецца ў каралі сонцавей.
1925 г.
|