Маладая Беларусь (альманах)/3/Парабкі
← Апошняе спатканьне | Парабкі Апавяданьне Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1913 год |
Шчырае каханьне → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Парабкі (Галубок). |
ПАРАБКІ.
Усяго дзесяць рубельчыкаў, згадзілі Прануся на службу у двор.
«Глядзі-ж», казала адыходзючы маці, «глядзі, шануйся: ў людзей гэта ня дома: тут добра, добра, а і не на ласцэ».
«Добра!». гледзючы ў вочы, атказываў ён: «буду буду». А што «буду». так і сам ня ведаў. Ніколі не служыўшы ўсё дзіка паказалася; здаецца, і людзі ня гэтакіе, і ўсе, як адзін, чмыхаюць, абмінаючы яго сірату.
Стоючы як прыклеены пры сьцяне, і агледаючы ўсіх з ног да галавы, ён ня ведаў, што распачаць; заплакаў-бы, ды позна: маці даўно адыйшла; спытацца, тож баяўся, можэ ня можна, і гэтак піракручываючы ў руках шапку, ледзьве не заснуў, каб не адазвалася да яго нейкая кабеціна, што поркалася ў печы, перекідаючы алавешкі, як чорт добрую душу.
«Пэўне есьці хочаш?» адазвалася яна; «вось запалю лямпу, накармлю цябе».
Жоўцінькі аганёк зазіяў у лямпачцэ і асьвяціў твар Прануся. «Еш, хлапец, — нябось галодны, як воўк», і пры гэтых словах паставіла місу с парам на стол.
Пранусь патсунуўся к сталу скінуў армяк і павесіў на цьвек. Крупнік то ёсь, гэта добра», памыёліў ён, «а хлеба то нема, няўжо тут звычай гэтакі?» і так ня ведаючы, як у паноў ядуць, спаражніў місу да капількі.
«Лоўка, лоўка!» прышоўшы ізноў адазвалася яна, угледаючыся на дно міскі.
«Цяпер кладзіся спаць, а заўтра за працу, досыць лынды біць,» і сгасіўшы агонь, вышла ў другую палавіну, пакінуўшы Прануся ў пацёмках.
Разаслаўшы армячок і кінуўшы пад галаву нейкі камок ануч, ён накрыўся гунькай і лёг.
«Гэтаж я і не маліўся», памысліў ён: «ды ці ёсь тут абраз? нешта не бачыў», але як успомніў, што калісь чытаў, што Бог на кожным мейсцу, падняўся, стаў на каленкі і пачаў маліцца, угледаючыся ў цемнату.
Маліўся за нябошчыка бацьку, за матку, і мыслі яго перэбегалі к сваім родным, гдзе хоць бедна, але ціха праводзіў дзяцінны час.
Прыпомнілася тая раптоўная вядомасць аб смерці бацькі, затым хаўтуры, тая глыбокая яма, куды уставілі дамавіну і як нейкі барадаты дзядька закідаў после зямлёй.
Мыслі блукалі там і сям, і нарэшце усё змешалося, бытцам нехта смеяўся, трубіў ражок, нейдзе выў сабака, і сон узяў сваё.
Была ўжо раніца, са двара данасіўся скрып жураўля, мыканьне кароў, а Пранусь яшчэ скорчыўшыся, як вожык, смачна спаў у куточку.
«Годзе спаць!» праз сон пачуў голас кабеціны. Як бы швайкай жыганулі яго, усхапіўшыся на ногі, ён насунуў армяк, патпіразаўся і гатоў быў, як відзіш.
«Які тут хлапец ёсь?» пачуў ён голас з двара і затым у дзверах паказалася лахматая барада.
«Пэўне гэта»? спытаўся барадач. — «Гэты, гэты!» атказала кабеціна. «Ну дык пойдзім, карантыш, будзім разам гараваць.»
Вышлі на двор. «Ну скажы, мой сынок, за сколькі згадзілі цябе?»
— «За дзесяць рублеў!»
— «Трудна, братка, трудна!» пудліва азіраючыся, казаў барадаты дзядзька. «Тут гамані, ды за вуха трымайся, бо прыляціць чмель, за вуха хопіць».
Пранусь паверыў, што тут зімой чмялі жыгалюць, і насунуў пры гэтым ніжэй шапку.
На дварэ было шмат людзей: хто выбіраў гной, хто зганяў ваду, ляніва сноўдалася быдла, падбіраючы дзе недзе растрэсенае сена.
Пранусь з дзядзкам прайшлі двор, і павярнулі за хлявы. «Вось, браце, запражэш жаробку і каменьня пазвозіш туды, а я пайду к пану за інтэрэсам».
Разоў з дзесяток звёз Пранусь, пакуль вярнуўся дзядзька і паклікаў к сабе.
«Дось будзе, пойдзім снедаць, нябось галодзен, як воўк, вось пабачыш нашых працаўнікоў і будзеш ведаць, с кім як абыходзіцца…
Надыйшлі к дзьверам. Барадач атрос снег і нясмела пераступіў парог. Тут уже была сямья вялікая. Чакалі, калі пададуць полудзень. Пранусь, агледаючы ўсіх па асобку, перавёў вочы на сценку і доўга лічыў прусакоў, што шпацыравалі па сцяне.
Нарэшце тры вялізныя місы паставілі на стале і галодные парабкі накінуліся на яду.
«Але-ж сёрбаюць», мысліў Пранусь: «далёка шчырэй як у нас. Асабліва тэты сусед, як смаргане, здаецца з лавы сцягне і каб уже быць пэўным на гэтым мейсцу аднэй рукой трымаўся за лаву, а другую спрытна закідаў у місу.
«Ці пад’еў?» спытаўся барадач, як выйшлі на двор, тут, брат, варон не лічы, а гані, як можэш, бо абмылкі после не паправіш».
За працай дзень не ў знак прайшоў і не агледзіліся, як надыйшоў вечэр.
«Дзядзічка! адазваўся Пранусь, «гдзе вы спіцё, можэ і я з вамі як небудзь прымасціўся бы: аднаму дужа нудна, ўчора ледзве не звар’яцеў, гэтак шорхна было.»
— «Не, браце, танцуй так, як музыка грае: казалі там, ну і там.»
Прыкра было згаджацца, але што-ж зробіш, панура ў вечары ішоў на атпачынак і, як куля, вылятаў на раніцы, весела, смяючыся, убачыўшыся з дзядзькам.
Патроху згоняла с поля снег і гдзе-негдзе рунелася мураўка. Яшчэ тыдзень, другі — і Пранусь павінен быў узяцца за пасту.
«Вось тады будзе шмат спакайней, радуючыся казаў ён: з раніцы пайду, пасьпеваю, хто будзе чуць, гэта ня тоя, што тут: уздыхні, зараз зеркачы авярнулі, там сам сабе пан, вогнішчэ разложыш, тупніш сьвіснеш як дома, чае не ў знак прабяжыць.»
Даўно чэканая пара падыйшла; небо поласкавела, павеселела, сонцэ, як мае быць прыпекло, наляцела птушак, лес зарунеў, быдла рыкаючы весела пабегла ў голе, і Пранусь, як не прытомны, пагайсаў сьледам.
Барадаты дзядзька, седзючы па прыгорку, пыкаючы люльку, глядзеў і радаваўся, як яго памоцнік шпарка бегаў то ў адзін, то ў другі бок за быдлам, зганяючы яго ў вадно мейсцэ.
«Хопіш гора, сынку, хопіш, сколькі ўлезе, над сіратой усякі наздзекаецца, ведаю, бо сам ужыў смаку гэтаго, раней ўстанеш, пазней ляжэш, штурханцоў нададуць, а ты, сірата, як бура, ўсё знясеш.
«Эх жыцьцё! марматаў барадач, плюючы са злосьцю на бакі. Усе мы людзі, а ня ўсім Бог роўнае счасьце даў.
— Пранусь! Пранусь! гукаў ён, ні вынімаючы люлькі з зубоў: «адгані красулю, ды бульбінку хадзі з’еш, дось будзе, дзень вялікі, нагайсаешся», і, разгарнуўшы жар, пачаў даставаць пячоную бульбу.
«А мой сынок, еш жэ еш, чаго чаго, бульбы не бракуе. Бог ведаў, каму бульба, нам, братка, мужыком, каб елі ды цешыліся.
«Не спешайся, не спешайся! звольна: над каркам не стаяць», казаў ён, гледзючы на дзіцянё, патпершы рукамі бараду.
«Расьці сынок, расьці! шануйся, падрасьцеш, якім яшчэ чалавекам будзеш, казаў — маці жыва, так вось на яе не запамінай: яна-ж цябе гадавала, гаравала; нябось, ня ўломак, прыгожы, як ягадка.
А тут што? тут вось адбразгаеш сваё, ды да дому… свой хлеб хоць не такі смашны, але ім не падавішся. Праўду кажу, праўду, тут ня ўслужыш, я ўжо спрактыкаваўся, было усяго.
Жыву і чэкаю, як вол доўбні».
Тым чамам сонцэ не ў знак апушчалася над лесом, і быдла пачало паглядаць у той бок, дзе хлявы.
«Ганяй, дось будзе, дзень аджылі, дзякуй табе, Божэ!» камандаваў дзед. Ідучы з дзядзькам, Пранусь углядаўся на хату, с каторай выпаўзаў стужкай дым і пры гэтым мысліў, што зараз сядуць вячэраць, то ўжо мух лавіць ня будзе, а патчэпіць самую большую лыжку і ну яе і туды і сюды.
Жывёлу угналі у двор і размясцілі па хлявох.
«Ну пойдзім, зачэрпнім, што дадуць!» адазваўся дзядзька і атчыніў на кухні дзьверы. Там была сама гаспадыня.
«Во і мы тут, панічка, галодные, як ваўчкі», збедніўшыся адазваўся ён: «калі ласка крупнічку лыжачку, я ня проч, ды і хлопчык не аткіне». Як падалі вячэру і уставілі на стол, падыйшло яшчэ пяцёх парабкаў і звольна паселі на даўгіх лавах.
«Ну хлапец! мая панюхна», адазваўся барадач, «каб бачылі, што з яго вырабляецца, матыль ды толькі, бяжыць ды бяжыць, увесь час на нагах.
Крыкніш на сабаку: «Жук, у шкодзе», пакуль той Жук раскурстаецца, ён ужэ бяжыць; дзяцюк, так дзяцюк, а галава, гляньце, як цэбар, мазгоў поўнінька ў ей, гэта не раўня нашым валапякам.
А гамонка, каб чулі, праўду рэжэ, бытцам с ксёнжкі чытае, пракурор ды і толькі.
Кажуць мужык, дык анучка, вось не! — ён з якім хочэш панам разгаманіцца.»
— «Ну дось жэ, дось хваліць!» адазвалася гаспадыня. «Табе на руку старому абібоку, цяпер толькі сядзі, ды варон лічы, што ляцяць над полем, вось гэтак век зжыў, нічога ня робючы, вандруеш па сьвеці, як Марка па пеклі».
«Які там сьвет!» з крыўдай, атказаў барадач. Толькі ўсяго і бачыў мужыка чорнаго, мужыка рудога, хату с патпоркай, хату без патпоркі. З нас усякі так, у брудах радзіўся, бруд еў, у брудах памёр, мужыкі ня людзі, так і чэзнуць без пары».
— «Ну а чаго вам лепшаго? сілу маеш, зарабі, гарэлкі ня пі, капейку збярэш», сакатала пані.
— «Хто яе пье, ніхай на яе звод, тут кашуля паўзе з плеч, лата на лаце і ў лаце дзюрка, не да гарэлкі, калі так горка!»
— «Усе вы так кажыце, а як дабраўсяб каторы, то як свіня нарежыцца».
— «Праўда, панічка, праўда! Пад’еў так уставай», пірарваў размову парабак Халімон.
Гаспадыня закусіла палец і вытрэшчылася. Відаць Халімонава, размова не спадабалася:
Ей хацелася пагаманіць, даняць, высказаць, што мужыкі і так здурэны, а тут Халімон слова рэкнуў, паказаў спіну, і ўсе за ім.
Застаўся толькі Пранусь.
Сьцямнела. Кругом было ціха, ціха, толькі праз атчыненае вакно данасіўся хрыпаты голас дзеркача.
«А і ты тут? з радасьцю адазваўся Пранусь, гледзючы ў цёмны абшар. Можа ты с Красналук, завітаў сюды, з матчыным жаданьнем, а можа твой брат дзеркачыў у нас у хмызнячку.
Ну яшчэ раз дзергані, яшчэ, яшчэ!»
І яму ўспомнілась родная вёска, маці дзеці і, хоць беднае, але спакойнае жыцьцё.
«Скоро Пятрок, пасля Каляды, годзік адматаюся, а там мае грошыкі сюды, куплю коніка, пайду зарабляць, а мо, пашчаслівіцца.
І, мысліўшы пра новае жыцьцё, яму стала дужа радостна, як ён узяўшы у пана грошыкі, пойдзе к матцэ і скажэ: вось, мамачка, я прышоў, я, грошы зарабіў, вось яны, а ці ведаеш, што купіць намысліў? коніка, мамачка, коніка, буланчыка. Эх, запрагу, ды ў лес, дроў набяру вывязу, мамка, аднаго рубельчыка перахапаю, другога, і гэтак будзем змагацца з бядой. Служыць ня буду, ня буду!
І так у гэткіх салодкіх думках заснуў, палажыўшы галаву на падваконніку.
«Чаму-ж ты тут спіш?» спыталася увыйшоўшы ахмістрыня. «Мусіць то нудзішся, дамоў зажадаў?!»
Пранусь атскочыў ад вакна, зняў с калка армячок і хацеў прылегчы ў кутку.
«А не, а не! не пара, жывёлу выганяй, у полі выспішся усё роўна у дваіх гультаіце».
Пранусь зняў пугу, торбу і вышоў на двор. На дварэ напаткаўся барадач з заспанымі вачыма.
«А! і ты тут! вось маладзец, ну атчыняй варота, едзе чорт з балота».
Вароты са скрыпам атчыніліся і скаціна пабегла ў поле, а барадач ідучы ззаду, зацягаваў нейкую песьню, закоціўшы вочы к небу.
Пранусь бег у прыскочку пазіраючы ў той бок, дзе былі Красналукі.
Эх бардзей бы мухі белые, тады і я не парабак, конь буланы, сам гаспадар, толькі абы Бог дапамог, і бытцам то трымаючы у руцэ лейцы, пугаўём сьцёбаў сябе па ярмачку і крычаў: но, но, но!
Барадач здалёку пазіраў на хлапца, і ў душы сьмеяўся з яго дзяціннай забавы, а таго ня ведаў, што тут была саўсім сталая думка.
«Туды, сынку, туды!» камандаваў дзед, прыплюшчыўшы вока, «гані, гані красулю, у шкоду пойдзе. Вось так! вось так! ну а цяпер хадзі тко сюды, у мяне і сальца скібінка ёсь».
Пранусь угрыньнем падбег к дзеду, весяла пазіраючы яму ў вочы. «Як табе лепі падабаіцца, ці са скуркай, ці не.
— «У мне ўсё роўна, як дасьцё, так і добра». Дзед, атшматаўшы кавалак сала, падаў Пранусю, а сам сквапна углядаўся, як спраўлялася галоднае дзіцянё.
«Не спешайся, сынку, не спешайся! ў карк ніхто не валіць.
А любіш, гапцюль, сала, нібы кот. Гэтаж кума, дай Божэ ей здароўе, патрактавала, а ты пэўне падумаў, што пані раздабрухалася… не, гэткай ласкі ні водзін не даслужыўся. Тут так: добра, добра, а не-каленкам, ды вон. Ну пагонім дамоў, пара, здаецца».
Пранусь ўзарваўся як пчала і заляскаў пугай па мураўцэ. «Дамоў! дамоў!» разлегался яго звонкі голас па полі.
«Ну, ты напаі быдла, а я пайду гляну, можа крупнік заждаўся на нас», і барадач зацюхціў лапцямі па зямлі, падымаючы слупы пылу за сабою.
«Што выхартаваўся?» спыталася пані, як убачыла яго пакалмачэную бараду у дзьверах.
Заві хлапца сюды! трэба пабачыць яго»
— «Зараз, панюхна зараз! Эй, карантыш, сюды, сюды, косьці, госьці, гвоздзі, ўсё паядзім»!
Пранусь увыйшоў. «А, і ты тут, ну а як жэ служба? я і не пыталася».
— «А нішто сабе, але каб свая гаспадарка была, ведама лепі», бойка атказаў Пранусь.
— «Што-ж бы гэта было, каб усякі сваю гаспадарку меў, гдзе-ж бы работніка набралася?
Так вось, маленькі гаспадарок, да восені паганяе быдла, а после я цябе сюды забяру, да цяжкай працы; слабы яшчэ, а для мяне якраз паслугач.»
— «Добра, пані, добра!» марматнуў Пранусь перажовываючы на астатку нейкі храшч, што нінацкам папаў на зубы.
«Пойдзім братка», адазваўся барадач.
Вось, дзядізчка, казала пані, ў паслугачы забярэ, мусіць горш далёка будзе».
— «Чуў сынку, чуў, я толькі маўчу, ды думаю, што з гэтаго будзе? Тут ня ўежна, ды улежна, а там хоць часьцей зловіш пірапечку, дык і гупліка падвабіць, толькі трымайся.
Гэта, брат, не навіна! На што ўжо мне старому у злосьці калі уклеіла мешалкай па зубох, то вось адзін па адным тры зубы выбраліся, і здаровые, як звон. Ну і маўчу, як бы нічога не было. Ці адзін наздзекаецца над бедным!.
Нас усюды бьюць. Пашоў раз у горад; іду вуліцай, вядома пасярэдзіне, аж дзесяцкі за карк, сюды кажэ, я гоц у бок, аж-на, табе-узбіўся на нагу нейкай пані, і што, здаецца, пашкодзіў, калі лапцем крыху наступіў на ваксаваны боцік, дык як яна, браце, пачала вудзіць мяне парасолікам, аж пыл курэў, па той раз — плаці — ні пайду.
Так і табе. Пакуль малы, — сілы німа, а будзе сіла, права німа, ну і ануча анучай.
Але кажуць ісьці за паслугача, ідзі, атказаў німа», і дзед закінуўшы на патліцу шайку, уздыхнуў і запеў:
Вып’ю я чарку, забуду пра гора, засьмягшые губы хоць чуць прамачу. |
«Вось песьня, дзядзічка, так песьня, нейдзе чуў яе, бытцам та татка мой піяў, але ня ўспомню; маленькі быў. Навучыце, дзядзечка мяне, навучыце, натта-ж падабалася».
Прануся больш не пусьцілі з борадачом, казалі, каб спраўляўся калі хочэ служыць — адзін.
«Спраўляюся, спраўляюся!» марматаў ён, патрасаючы кулакамі, седзючы на выгоне і прыслуховываючыся к рэху, бытцам то чэкаў атказу атаго, c кім cварыцца.
«Вам патрэбен, а мне не! Пабачым, ці доўга пабудзе? Зараз пойдзе гамонка, што сметану зласаваў, то падмазку зьеў, то ступіў не так, то глянуў не так, ня ўгодзіш, каршун вас дзяры.
А дзіця, што дзіця, каму пажаліцца, Богу аднаму вядомы здзек над ім.
Хіба памру, то замоўчу, а жыць буду, скажу праўдачку ў вочы».
Пранусь першы раз на сваім жыцьці увыйшоў у пакоі: застыў ў задзівеньні і замыеліўся.
Гэта ня тоя, што ў нашых куранках, тут і цёпленька, і сьветленька, падлога бліскучая, суфіты гладкіе, і абразы ласкавейшые, як нашы. А птушак — птушак, жоўцінькіх і чырвонінькіх, свяргочуць, як у лесі.
«Шкода німа дзядзькі, а то разам паглядзелі бы, як жывуць людзі, але што чужым багацьцем глуміць галаву, мне мая куранка так сама не благая».
Пранусю казалі скінуць лапці, і на мейсце іх далі нейкіе скураные боты, сказаў бы з аборамі, дык не, далёка не яны, і цянейше і чорные, а не рудые. Усклаўшы іх, ён доўга марудзіў, пакуль прылаўчыўся укручываць, а после набраўся прыкрасьці, пакуль ашмуляліся пяты, з непрывычкі скура муліла пальцы і дужа высака выціскаліся ў гару пяты.
Не, такі ліпаўкі далёка раскашнейшые, разуваючыся ў вечары казаў ён. Там ні стуку ні груку, а тут ідзеш і азіраешся, бытцам ззаду на пяты паступаюць.»
Пражыўшы тыдзень, другі на лягчэйшым хлебе, ён нібы крыху ўжо звыкся і толькі часьценька нудзіўся па свайму барадачу, катораго дзён колькі пад рад не бачыў.
Праца хоць была не цяжкая, але ўвесь дзень на нагах, туды штурхель, сюды штурхель, там прымі, туды пастаў, змяці пыл, мый падлогу, а то бяжы ў мястэчка, атпачынку німа, толькі ў ночы.
Пранусь лічыў дні, калі будуць Каляды, і часамі спатыкаючыся з дзядзькам, казаў яму, што асталося ўже дзесяць дзён, а то сем, і менш таго.
«Не задоўга сынку, не задоўга», атказываў ён.
— «Учора, дзядзічка, страху набраўся, і мысліў, што будзе гасцінца, аж бач не, Бог злітаваўся надамной, далі-далі ды ня многа.»
— «Што, нябось загінула што небудзь! Гэтак, гэтак, бывае запрапасціцца, ну і даюць, на каго больш увагі, а после — тыц — нашлося, туляюцца як ваўкі, воч негдзе падзець, задобрыць ўжо хочуць, але крыўду с сэрца не дастаць.»
— «Ну што-ж было с табой? я і забыўся».
— «А вось нехта зласаваў сметану, ды так, што толькі збан застаўся, як сіраціна адзін, ну, ведама, да мяне, ты ды ты!»
Аж после выявілася, сама гаспадыня забылася ключы, а нехта дабраўся і страпежыў ўсю, як мае быць, сметану, ды масла салятырку згроб у дадатак.
І пакуль там разбіралі справу пра масла і сметану, мне добра уклеілі па зубох і цяпер ныюць, бытцам хто цэглай абязвечыў.
«Чытаў сынок ксёнжкі?»
— «Чытаў».
— «Памятуеш, што Хрыстос казаў: даруй вінавайцы і не рабі помсты, так і ты, пажаліўся мне і дось».
Надыйшоў дзень Каляд, Пранусь з дзедам радзіліся, як быць.
«Ведаеш, сынок», казаў дзед; «натта-ж жадаю убачыць вашу вёску, зямельку, і ўсё, што толькі маіце…»
— «Пабачым, дзядзічка, пабачым, вось толькі бы разлічыцца.»
— «Ты сынок, маленькі яшчэ, але я цябе шчыра люблю за твой розум; сэрца маё вось так і хіліцца да цябе сіраціны.»
— «Пойдзім дзядзічка разам атсюль, пойдзім; я не гультай, буду працаваць, і дзядзька што небудзь яшчэ здалееце».
— «Каб бачыў, сынок, лясы павярнуў за свой век, гэтымі круччамі, яшчэ і цяпер сіла ёсьць, усяго не аддаў ім, толькі зубы прышлося волей ня волей заставіць на памятку, што выляцелі ат спагаднай рукі пані.
Мне ў жыцьці ня пуціць; нас толькі было двое, я ды брат, і той загінуў за крывавы мазоль.
Казалі, дзеткі засталіся, а гдзе, Бог сьвяты ведае…»
Пранусь слухаў і маўчаў; мыслі яго блукалі у роднай вёсцэ, гдзе год таму назад усіх пакінуў, як адыходзіў ва чужы хлеб.
— «А што, дзядзічка, за здарэньне было з братам..?»
— «А вось, дзеткі, ня тут кажучы, шула ў лесі абярнулася і ніжывога дасталі, і як там далі было, ня ведаю; далёка тады быў я…»
— «А!!… і майго-ж татку дрэва прыбіла, як я быў маленькі.»
— «Ад раптоўнай смерці сціражы нас, Божэ», зняўшы шапку, шаптаў дзед. А ці памятуеш хоць крыху, які быў твой татка?»
— «Не памятую, не памятую, адно толкі засталося, як нашу Насту ён калысаў, то піяў: Люлі люлі люлі! прыляцелі куры, селі на вароцех у чырвоных боцех….»
«Мусіць то, дзядзічка, і ня ведаеце, дзе пахаваны брат, а я таткіну магілку як цяпер бачу, націснутую каменьнем.»
— «Так, браце, так, ціснуць нашы грудзі пры жыцьці ціснуць і па смерці…»
— Пані клічэ… пабягу, адазваўся Пранусь…
— «Вось здружыліся!» адазвалася яна; «як вас ужо і развесці, ня ведаю, хіба вадою прыдзецца.»
— «А не! панічка не варта; самі пойдзім», адазваўся Пранусь…
«Ну дык з Богам! Параска, калі людзі здараюцца…
— «Каліж рушыце?»
— «А хоць і зараз, дзень вялік».
— «Добра!…» і пані выйшла у другую палавіну, а Пранусь без шапкі выбег на вуліцу.
«Дзядзічка!» захлебываючыся з радасці казаў ён; «расстаўляй кішаню, грошы зараз дадуць, ужо я нарыхтаваў усё к ладу.»
— «Ці-ж так?» ня веручы пытаўся дзед: «ну, калі ў дарогу, то ў дарогу; старцу сяло не ў наклад.»
— «А папалуднаваць трэба, я сваё не дарую»…
После паўня іх разлічылі і далі падводу да мястэчка.
Пранусь, стоючы на снягу, глядзеў як масціўся на санках дзядзька, а после і кажэ: «хоць і дрэннінька было тут, але падзякаваць мы павінны; так ня можна».
Барадач не зразу скрануўся, абмацаўшы скрыўленую сківіцу, і пустое мейсцо ў зубах, ён усё чмыхаў ў нос, але як убачыў, што Пранусь скрыўся ў дзверах, пайшоў і сам туды.
«Даруйце нам», казалі яны; можа мы ўгнявілі паноў, ведама, простые людзі…
Подабаўся дужа паном дзяцінны падзякуй, у ім яны бачылі шчырую не падрабляную праўду і за гэта Пранусь дастаў гасцінца два рублі, а барадач рубель.
Скрануліся…
Мінуўшы браму, барадач зьвярнуўся да Прануся і кажэ: «ведаеш, сынку, хоць і казала пані, што я гультай пьяніца, але гэта не праўда, сам жэ бачыў, год разам жылі, капейкі не пусьціў нікуды, збіраў, як мог, і праз гэткае жыцьцё, дзякаваць Богу, маю з сабой капейку, ўсё, сынку, табе атдам, не пакінь толькі мяне старога.»
Пранусь маўчаў і цалаваў дзеда рукі. «Пакуль буду жыць, не пакіну, дзядзічка, вас.»
Прысхалі ў Красналукі і ўвыйшлі ў хату. Маці з радасці аслупела, як бачыла, што сын як сарока падбег к ей.
Пыталася пра ўсё, што толькі прышлося яму убачыць на службе.
«А хто-ж будзе гэта?» спыталася яна у Прануся, паказываючы на бородача, што поркаўся па клумках.
Пранусь з малога да вяліка давёў маццэ пра асаблівую шчырасьць гэтаго чэлавека і пры гэтым сказаў, што даў слова не пакінуць яго аж да смерці, як бы ні жылося.
Старая угледалася на госьця і ня ведала, што распачаць, твар яго надта быў падобны да нябошчыка мужа і наводзіў на яе сэрцэ тую боль, каторая крыху прызабылася.
Далі болі разгутарыліся, пра жыцьцё яго брата.
«Не памятую, казаў барадач, хлопцамі ў свет разыйшліся, казалі людзі памёр пад дрэвам, а дзе і як, ня ведаю…
Адна памятка ў мяне ёсь, крыжык выцінаны, надта даўны, гэта яшчэ бацька, як нас благаславіў то абодвым на шыі панадзеваў, мой то вось дзе, а братні, пэўне разам у магіле.»
Глянуўшы на крыжык, у старой затрэсліся рукі і слёзы пасыпаліся з вачэй, нічога ні кажучы яна павела рукою па грудзях, дастала аттуль крыжык і кажэ: ня гэты?
Барадач глянуў і заплакаў. Гэты сам, гэты, знача тут мой брат жыў і памёр, так во гдзе яго кроў, во як. Хапіў Прануся на рукі і пачаў моцна цалаваць…