Ой, дзеячы! ой, галубочкі!
Багаты-ж вамі родны край,
Вы спрытна верыце, браточкі:
Той—у Кастрычнік, гэты—ў Май.
У мне ўжо добрага нічога
Гатоў ня бачыць дзе хто з вас,
Альбо вось гэтулькі благога,
Што й не падлічыце зараз.
Вучоны з доўбняю на плечах,
Заместа людзкай галавы,
Мне даць рыхтуецца па нечым
І грозіць гіканьнем савы.
Цыган з шулерскае газэты
Пляце, што хоча, так і ся!
І ён прэ ў нашыя поэты,
Хоць безнадзейна, — небарак.
А колькі бабскага пляткарства
Прайшло… прайдзе… нашто лічыць?
Сабе шукайце вы лякарства,
Сабе сьпяшайцеся лячыць.
Народнай справы вы факіры,
Пустой палітыкі майстры!
Вам не разьбіць чароўнай ліры.
Душы ня выняць без пары!
Пакіньце мне спакой бяз славы,
Яе ад вас я не хачу —
— Пішу сабе дзеля забавы,
За плёткі жартам заплачу.
Бо тым душа мая й багата,
Што ў сэрцы ёсьць шчасьлівы лёс:
Дзень Дабравешчаньня—мне сьвята,
Народ Расьпяты — мой Хрыстос!