Мае ўспаміны аб Жылцы
Мае ўспаміны аб Жылцы Успаміны Аўтар: Макар Краўцоў 1935 Крыніца: «Родны край», 1935, 14 i 21 чэрв. Цыт. паводле Выбраныя творы, 1998 |
Не магу добра ўжо прыпомніць, калі і як сустрэўся я першы раз і пазнаёміўся з нябожчыкам Уладзімерам Адамавічам Жылкам. Помню толькі, што было гэта ў Менску ў часе бальшавіцкай акупацыі ў 1919 годзе. Жылка працаваў летам у сельскагаспадарчай камуне Весялоўцы (б. дача банкіра Браўдэ, вярсты за паўтары ад горада). Я быў настаўнікам, працуючы ў 22-ой беларускай школе на аляксандраўскай вуліцы, але, як сябра Рады БНР, разам з іншымі лічыўся абвешчаным бальшавікамі «вне закона» і трапіць у рукі тагачаснага ЧК для мяне азначала... ведама, што азначала!
Жыў я на Міхайлаўскай вуліцы, 104 сярод менскага беларускага пралетарыяту; работнікі ведалі, хто і што я, але я верыў ім, што не выдадуць, і не памыляўся.
Здарылася раз, што быў я на валасок ад таго, каб патрапіць у рукі чразвычайкі. Яна шукала ўночы дэзертыраў, якіх развялося без ліку шмат. а я, як былы афіцэр ваеннага часу, не рэгістраваўся ў бальшавікоў, і фармальна быў злосным дэзертырам.
Аднаго дня зайшоў да мяне сусед — работнік з бровара нужбіна і сябра народнага суда, папераджаючы, што мне начаваць у сябе дома няварта, бо мінулай ночай зравідована была ўся Міхайлаўская вуліца, і налавілі шмат дэзертыраў. Работнік гэты, як віцэ-старшыня дамовага камітэта (на некалькі дробных дамкоў), быў патрывожаны чразвычайкаю, каб быць панятым пры вобысках.
Дамок, у якім пражываў я, стаяў на адной лініі з домам № 106 у глыбіні падворка і выглядаў, як халодны гаспадарчы будынак пры ім, бо цёмная ноч не дала п’яным чэкістам магчымасці заўважыць над страхою коміны. Падзякаваўшы добраму суседу, я выйшаў у горад, мяркуючы, дзе знайсці начлег на некаторы час, пакуль ЧК робіць вобыскі напавал, дзякуючы сільнаму напору польскага войска на подступах да Менска.
Сустрэўся я з адным вядомым цяпер савецкім паэтам, якога па зразумелай прычыне, не хачу называць. Расказаў яму пра свой клопат, а ён мне раптам прапануе:
— Едзем разам у Весялоўку, там ніякі чорт не здагадаецца, што мы не належым да настаўніцкага персанала сельскагаспадарчае камуны.
Здаецца, што ў Весялоўцы я і сустрэўся першы раз з Жылкам; ён там быў другім, малодшым настаўнікам.
Мы здружыліся, сплючы разам на шырокай скураной канапе і блукаючы па дарожках раскошнай калісьці банкірскай дачы, паложанай над самаю рэчкаю Свіслачай.
Жылка бесперастанку дэкламаваў вершы Блока, Брусава, Раслаўлева, Карынфскага, Бальмонта, Сяргея Гарадзецкага. Мяне дзівіла гэткая маса завучаных ім напамяць вершаў, якія я ў значнай меры чытаў раней. Калі я загасціўся ў Весялоўцы на цэлы месяц, пішучы пакрысе свой расказ «Ахвяра часу», дык нябожчык Жылка здорава такі абрыд мне сваімі дэкламацыямі. Пішу, напрыклад, а тут ён схіляецца над вухам і сваім ціхім машастовым голасам рэцытуе:
Ах, мой синий, васильковый,
Да шелковый поясок...
— Ды кінь ты ўсякіх Гарадзецкіх, — агрызаюся я, — лепш вось гэта:
Прощай, немытая Россия,
Страна рабов, страна господ...
Але Жылка ўжо абарваў Гарадзецкага і замест Лермантава перайшоў на Блока. Часамі ён цэлымі гадзінамі дэкламаваў мілых яго сэрцу расейскіх паэтаў, і тады была толькі адна рада: — Алесь, скрыпку! — крычу я старшаму настаўніку весялоўскае камуны. Алесь пачынае іграць які-небудзь раманс, і Жылка адразу сціхае.
Па-беларуску Жылка тады не пісаў, да чаго я стараўся заахвоціць яго, чуючы, што яго любоў да паэзіі мусіць выклікаць у ім парыў да напісання чаго-небудзь.
Першы яго верш прыпамінаю сабе ўжо не то ў тыднёвіку «Рунь», выходзіўшым пад рэдакцыяй Купалы пры паляках у 1920 годзе, не то ў газеце «Звон»; верш кароценькі, лірычны, крыштальна адшліфаваны. Пражываў у падвальнай кватэры і стары загадчык двара Весялоўкі. Бальшавікі ўсё збіраліся яго выселіць, лічачы, відаць, беднага банкірскага аконама небяспечным контррэвалюцыянерам. Неяк у адзін вельмі цёплы летні вечар гэты чалавек вярнуўся з гораду вельмі сумны, зайшоў у пакой, дзе былі мы з Жылкам, і расказаў, як ён дачуўся, што ўночы ЧК мае яго выкінуць з двара. Было даволі позна. Развітваюся з Жылкам і аконамам, хачу вяртацца ў горад.
— Куды ты ўночы папрэш? — стрымлівае Жылка. — Плюнь, цябе ж не зачэпяць...
Але я рашуча кіруюся да дзвярэй. Жылка бярэ шапку і выходзіць следам.
— Давай пераначуем на лоне прыроды, — прапануе ён.
— Што? Усю ноч па лесе бадзяцца?
— Ды не! Хадзем! — кажа ён.
Прайшоўшы метраў з сорак весялоўскаю сенажацяй, затрымліваемся каля трох копак сена, залазім у адну з іх знізу і храпем да свету. Раніцай даведваемся, што чэкісты прыяджалі, пашумелі і пакінулі аконама з жонкаю і дзяцьмі на месцы.
Помню, раз заехаў конна ў Весялоўку адзін Жылкаў знаёмы — нейкі чырвоны камандзер, кіруючыся на фронт пад Радашковічы: гаварыў благою расейскаю моваю з вельмі выразным беларускім акцэнтам.
— Што гэта за камісар? — пытаюся ў Жылкі, калі той ад’ехаў.
— Чырвоны сатрап! — кінуў Жылка два словы ў адказ.
Ноч з 7 на 8 жніўня 1919 года была апошняю для нас у Весялоўцы. Нараніцы нас па-вайсковаму штурхае Алесь:
— Гэй, братва, не спі! Чуеш?
Гляджу на гадзіннік — палова дзесятае. За акном іграе сонца, а гэткі гром?!
О, гэты гром добра знаёмы з вялікай вайны!.. Зусім недзе блізка грымяць гарматы. Хутка апранаюся, вылятаю на двор на бераг Свіслачы, лезу на густую высокую вольху — глянуць у заходні бок, адкуль далятае да вушэй гэты гром. над галавою высока пралятае аэраплан. Але чый? Раптам — жж! жж! У вушах знаёмы посвіст куляў. І ў гэты самы момант на другім беразе рэчкі, ледзь не пад самым маім носам, схапляецца на ногі нябачаная мною дасюль шэрая тыральера бальшавіцкіх стральцоў.
Нейкі камандзер ці камісар блытаецца з канём, махае шашкаю, дарэмна стараецца затрымаць адступленне. Польская артылерыя крые ўжо па заходняй акраіне горада. З правага боку на гасцінцы траскаціць кулямёт бальшавіцкага панцырнага самахода...
Каменем спадаю з вольхі. Змешваюся з радамі перабрыўшых мелкую Свіслач чырвонаармейцаў. адзін з іх, трымаючы на вяровачцы стрэльбу на плячах, пытаецца:
— Товарищ, махорка есть?
— К сожалению, не курю, — адказваю яму.
Праз пару крокаў — Весялоўка. Алесь частуе чырвоных ваякоў махоркай. Салдаты шпургаюць стрэльбы ў кусты і даюць драла. Аконам выцягвае адну з іх з куста, лаецца: — Далей кідайце, на сенажаці, с... сыны, а тут няма чаго складу зброі рабіць.
Жылка ўжо запрог каня і пакурэў у Менск. Буржуазная моладзь, сабраная для працы ў камуне, адпушчана алесем дамоў. Сам ён рашыў застацца ў аконама.
Пру сцежкаю праз сенажаць, кіруючыся проста на хату, дзе мая кватэра. Два чырвонаармейцы, раззброіўшыся, бягуць за мной.
Гадзіны каля 12-e, у поўдзень, горад ужо ў руках пазнанцаў і легіянераў.
Калі ўжо зусім заціхла страляніна, іду на кватэру Жылкавых бацькоў. Частуюць... нібыта чаем з белаю цукроваю патакаю.
— Вось жыццё! — бядуе сухотная на выгляд, як і сам Жылка, яго маці.
— Дыктатура пралетарыяту! — весела падхапляе бацька Жылкі, крыху сіваваты, не то таксама аконам, не то агароднік на выгляд. старыя гаварылі чыстаю беларускаю моваю...
А ўвечары мы з Жылкам былі ўжо на сходзе беларусаў, дзе закладаўся часовы нацыянальны камітэт. сабралася сотні з паўтары душ.
Пры паляках Жылка мала прабываў у Менску, бо ўся іх сям’я выехала недзе ў правінцыю. Колькі разоў яшчэ мы сустрачаліся з Жылкам у Менску. Я быў заняты працаю ў Беларускай Вайсковай Камісіі ды супрацоўніцтвам у газеце «Беларусь». Жылка, як беларускі эсэр, быў ворагам як вайсковае нашае фармацыі, так і наогул усяе арыентацыі на польшчу, якое тады шчыра трымалася частка нашае інтэлігенцыі, носячыся з вельмі рожавымі надзеямі. Жылка мякка, па-прыяцельску кідаў няраз мне ў вочы:
— Беларускія эндэкі!
Гэта адносілася да ўсіх, хто верыў тады ў беларускае вызваленне пры падмозе Польшчы. «Беларускія эндэкі» азначала ў вуснах Жылкі не што іншае, як цяперашняе бальшавіцкае «нацдэмаўцы».
Цераз два гады, у траўні месяцы 1921 года сустрэўся я з Жылкам у Вільні, на Вострабрамскай, 7, у фактычнага рэдактара «Нашае думкі», далейшае рэдагаванне якой той перадаваў мне. Жылка прачытаў некалькі сваіх вершаў. Рэдактар зазначыў, што ў іх ёсць такія і гэткія шурпатасці і вершы забракаваў.
Праз нейкі час я з поштаю атрымаў ад Жылкі з Гарадзеі пісьмо ў рэдакцыю вершам. Верш нішто сабе, але ў адным-двух месцах гэткая нястройнасць, што псуецца ўсё. Я выправіў верш, як мог, і змясціў у газеце. Калі пазней мы сустрэліся з Жылкам, дык ён спытаўся:
— Чаму ж ты ўжо сам і не падпісаўся пад маім пісьмом? Гэтак ды яго адчыканіў!
Ідэалогіі Жылка трымаўся лева-эсэраўскай. Я жартаваў часам у гутарцы з ім, што гэта здаравеннае пробы ўсё ж такі той самы бальшавізм. З якім жа цяжкім сэрцам павінен быў гэты хваравіты з выгляду лірык змяніць свой ідэалістычны светагляд, каб скіраваць з Чэхіі ў Менск, не сустрэць там ніякага поля для творчасці і закончыць жыццё недзе на выгнанні, як беларускі «нацдэм»?!
Не павінна загінуць памяць аб Жылцы ў гаротным нашым народзе, які гэтак любіла яго тонкая душа!
Краўцоў Макар