Перайсці да зместу

Магіла льва (1927)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Магіла льва
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Магіла льва.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯНКА КУПАЛА

МАГІЛА

ЛЬВА



ВЫДАНЬНЕ ЦБ МАЛАДНЯКА

— МЄНСК — 1927 —

ЯНКА КУПАЛА


МАГІЛА ЛЬВА


Выданьне ЦБ МАЛАДНЯКА
МЕНСК — 1927


Галоўлітбел № 21162.

У ліку 3000 экз.


Менск, 2-я друкарня БДВ № 914.

МАГІЛА ЛЬВА

(З народнага паданьня)

I

Нам продкаў кемкасьць захавала
Шмат весьцяў дзіўных з быўшых год,
Хоць гэтых весьці ўжо ня мала
Ў няпамяць кінуў сам народ.

Усё-ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцьця…
Няхай-жа гэтыя калосьсе
Мінуць скараньне нябыцьця!

Няхай той час, што згінуць мусіў
У беспрасьветнай векаў мгле,
Для бяспрыпыннай Беларусі
Хоць толькі ў песьні ажыве.

Зьбіраць начнём зярно к зярняці
Былое ў думках ускрашаць.
Каб быт на новы лад пачаці,
І сеўбу новую пачаць.

Пачнём дакапывацца самі
Разгадку нашых крыўд і бед,
Што леглі цёмнымі лясамі
На нашай долі з даўных лет.

Пачнём някратаны паданьні
Сачыць пад бацькаўскай страхой,
Шукаць ад раньня і да раньня,
А толькі хай шукае свой.

II

Над быстрым Днепрам, дзе сягоньня
Стаяць Магілева муры,
Драмала пушча ў сотні гоняў,
Змагала громы і віхры.

На дрэва дрэва нагінала,
Адно к другому прыгняла,
Сукі з сукамі пасплятала
І з ветрам гутарку вяла.

Ваўкоў, дзікоў, ласёў, мядзьведзяў
Была там днёўка і начлег
У летні час і ў галаледзьдзе,
І ў зімавы глыбокі сьнег.

Людзей ня знаў лес гэты хмурны,
Зайздросна сьцежкі свае крыў
Адно сваім дном Днепра бурны
З вясны да восені у даль плыў.

А з пушчы вырваўшысь на поле
Шумеў і грозны слаў праклён,
Што не даваў яму лес волі —
Давіў гальлём з усіх старон.

У гэтай пушчы з перадвекаў —
Што так драмала ўдоўж і ўшыр,
Сялібу меў сабе Машэка,
Разбойнік страшны на ўвесь мір.

III

Даўней ня зналі так марнеці,
Як мы марнеем з году ў год.
Асілкаў шмат было на сьвеце,
Быў шмат дужэйшы наш народ.

Асілкам гэтакім адроду
Машэка быў у сваёй радні, —
Дзіцём нясьці ўжо мог калоду,
Якой трох сталых — не маглі.

Але хоць сілу меў такую, —
Нікому крыўды не рабіў, —
Натуру меў ён залатую,
Як-бы ягнём, патульны быў.

Чаму ён так зьмяніўся з часам,
Што да разбойства давяло,
І да крыві людзкой стаў ласым,
Сваё пакінуўшы сяло?

Ці дома хлеба меў замала.
Ці крыўду вызнаў ад каго,
Ці мо прастору не ставала,
І ў пушчы стаў шукаць яго? —

Ўсё гэта ня было прычынай,
Але, як вестка падае,
Была прычынаю дзяўчына.
Машэка гінуў праз яе.

IV

У вёсцы тэй, дзе жыў ён змалку,
Дзе пасьціў, дзе араў, касіў.
На воку дзеўку меў, Натальку,
Аб ёй адной ён толькі сьніў.

Былі з сабою адналеткі,
На прызьбе рыліся ў зямлі,
На сенажаці рвалі кветкі,
Ўдагонкі разам часта йшлі.

Як толькі ён яе дагоніць,
Як пёрка носіць на руках,
Сьмяецца, весела гамоніць,
Хоць там дзяўчыну мучыць страх.

Калі ўжо сталі падрастаці,
К рабоце трэ‘ было ісьці,
Дык ці то ў полі, ці то ў хаце
Умелі той таго найсьці.

Аб чым з сабой тады ўдваёчку
Снавалі думкі, сеўшы ў рад, —
Пытаць аб гэтым трэба ночку
І за вакном вішнёвы сад.

Жылі… Дзянькі за днямі гналі
Так ад вясны і да вясны,
Пасьля і самі не спазналі,
Як палюбіліся яны.

V

Каханьне лёгкая прынада
Для сэрцаў чуткіх, маладых,
Хоць-бы гнязьдзілася ў ім здрада
Хоць гэта-б яду быў кяліх.

Усе мы п‘ем яго з дурноты,
Жывём ні явай і ні сном.
А прападзе к яму ахвота —
Тады — па часе ўжо — плюём.

На гэту вудачку каханьня
Папаў Машэка, як ня свой;
Ані спакою ні прыстаньня
Ня меў ён з гэтаю бядой.

Сябе сам кінуў у няволю
Дзявочых ласк і пустаты;
Пацех меў шмат, цярпеньня болей
То весел быў, то — як струты…

Дзяўчына… ведама, дзяўчына —
Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць;
Любіла-ж, пэўна, хоць часінай, —
У лес па гэта не хадзіць.

Машэка гэтакі асілак,
Што рваў дзярэўе з каранём,
Ў руках яе стаў, як апілак;
Яго забрала хараством.

VI

О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў,
Старонцы нашай бог прыдбаў!
Царэвіч ехаць мог-бы ў сваты
К ей не аднэй, каб толькі знаў.

Душы і сэрцайка такого,
І тэй бязьмернай дабраты
Шукаці хіба толькі ў бога, —
Ў другіх людзей ня знойдзеш ты.

На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем ня кінуў
І не паважыцца кідаць.

Наталька ў вёсцы між сваімі
Найпрыгажэйшаю была,
Грудзямі й шчочкамі, вачымі,
Як мак між макамі цьвіла.

Павеўна як дасьпелы колас,
Ішла наперад у танок,
З грудзей гарачых звонкі голас
Зьмяняла ў песьню — як званок.

Прыхільна хлопцы аглядалі
Яе павабны гібкі стан.
Дый толькі сьціха уздыхалі…
Адзін Машэка быў тут пан.

VII

Той панства меў недаўгавечна,
Канаў пацехі час сьвяты:
Па Днепру выпала канечна
На Украіну гнаць плыты;

Машэку йкраз чарга папала.
Спачатку слухаць на хацеў;
Быць можа на яго-бы стала,
Бо не на жарты сілу меў,

Але Наталька ўгаварыла:
„Едзь! штось заробіш к жаніцьбе“. —
Ну, як тут не паслухаць мілай!
І наш Машэка у жальбе

Па ненаглядненькай дзяўчыне,
Паплыў з плытамі ў край чужы
Таей Дняпровай гладзьдзю сіняй
Ад роднай прадзедаў мяжы.

Зямля сябе ў зелень скрыла.
Лес цёмны з ветрам гаманіў,
Зязюля век людзям лічыла,
А сонца цешылася з ніў.

Машэка плыў, марнеў з нягоды
Аддуху рэдка меў калі,
І думаў, каб хаця ўжо воды
Яго Дняпровы не змаглі.

VIII

Ў дарозе шчасьце паручыла,
Загнаў да Кіева плыты,
Дамоў вертаўся з новай сілай
Пабачыць родныя куты.

Натальку любую сустрэці,
Аджыць агнём яе вачэй,
Бо гэткіх вочак на ўсім сьвеце
Ён ня сустрэў ані ў ваднэй.

Сьпяшыць няўпынна, крок за крокам,
Мінае поле і лясы.
Зямлі сваёй жаданым вокам
Шукае, як канюх расы.

Штось каля Ўзьвіжаньня дабраўся
Дамоў з далёкай чужыны…
О, лепш-бы першай не даждаўся,
Як нарадзіўся ён, вясны!

Бядак дачуўся ад суседаў,
Што ўжо Наталькі маладой
Не засталось даўно і сьледу, —
Як-бы Дняпровай сплыў вадой.

Сплыла і ўся яго надзея
Дажыць у радасьці жыцьцё,
Каханьне ў сэрцы гэтак сеяў,
А жаць прышлося пракляцьцё.

IX

Непадалёк, дзе жыў Машэка,
Быў двор вялікі, а ў двары
Стаялі хорамы ад векаў
Над самым Днепрам, на гары.

Абведзен быў высокім мурам
Палац, як той астрог, кругом,
Столетні ліпы ўкруг панура
Стагналі ночаю і днём.

Баярын тамка жыў багаты.
Яшчэ лятамі малады,
Да сваявольства быў заўзяты,
Пасвойму час губляў з нуды.

Усюды броіў самазбродам,
Тварыў закон свой і свой суд.
Над абнядоленым народам,
Што збыць нямеў сіл сваіх пут.

Паціху толькі ў вёсках людзі
Маркотну гутарку вялі
Аб крыўдах тых, што ім на грудзі
Праз пана каменем ляглі.

О, як адзін хто праз другога
Цярпіць, то йшчэ тут паўбяды,
Але ня скрыці ад нікога
Нам крыўды цэлай грамады!

X

Праз вёску са сваёй дружынай
Баярын гэты ехаў раз.
І ля Натальчынай, хаціны
Ён затрымаўся на папас.

Тут хараство яму дзявоча
Упала ў вочы, бо нідзе
Яго ня бачылі йшчэ вочы
Штось прыгажэй у прастаце.

Як грозны быў, дык стаў лісьлівы
Пачаў к дзяўчыне падсядаць,
Пускаць туман і, як-бы дзівы,
Ёй брэдні ўсякія складаць.

Што гаварылі, чым ёй кадзіў
Ня варта паўтараці тут,
Але з тых пор, як па загадзе
Ён спадабаў вясковы кут.

Тады-сяды стаў заглядаці
Ўсё да Натальчыных вакон,
Хоць і глядзелі бацька, маці
На гэта коса з першых дзён.

Пасьля к сабе яе стаў клікаць,
Яна ішла за ім, як цень,
Аж пачала ўся вёска тыкаць
На дзеўку пальцамі што дзень.

XI

Людзкая хітрасць даніманьнем
Патрапіць шмат зла натварыць,
Калі прыкінецца сьвятляным
Сьвятлом, што праўдаю гарыць.

Душу вам лёстачкамі выйме,
І павядзе на павадку
Яе пуцінамі крывымі
І ўжо ня ўскреснуць белаку.

3 Наталькай вышла гэтак сама,
Сама к бядзе пашла сваей.
Зьвязаўшы дружбай сабе з ямай,
Ня дбала сьвету і людзей.

Забыла ўсе Машэкі ласкі,
Каханьне шчырае яго, —
Пад чарам ворагавай казкі
Зраклася мілага свайго.

Не прачувала горкай долі.
Якую лёс людзям нашле:
Раз, як пашла ў двор, дык болей
Яе ня ўбачылі ў сяле.

Сваю так сетку распускае
На мух услужлівы павук.
Пакуль ня ўваліцца якая
І ўсіх ня выведае мук.

XII

Мінула восень, а за ёю
Прышла з марозамі зіма.
Машэка жыў з сваёй сям‘ёю, —
Ня жыў, а блукаўся як цьма.

Як-бы ня чуў дакучных кпінак,
Адданы гору і жальбе;
Ўжо ведаў, дзе нашла прыпынак
Яго Наталька для сябе.

Падчас бліжэй к двару падходзіў.
Страшэнна кляў і выгражаў,
І страх на стражу усю наводзіў,
Якую пан сабе дзяржаў.

Але ня меў Машэка сілы
Такой, што сьцены-б разваліў
Туды, дзе вораг з яго мілай
Пасьцель пуховую дзяліў.

Ня мог на мак яму зьмяць косьці,
Пракляцьце толькі прызываў,
Ад сьцен адходзіў з большай злосьцю
І штосьці жуткае кнаваў.

З дня ў дзень хмурней ён станавіўся,
Расла ў ім помста, як зьмяя —
І сам, як гадзіна, ў ёй, віўся,
Ў жыцьці ня бачучы пуцьця.

XIII

Што ёсьць на сьвеце горш ад памсты
Што знойдзеш ад яе страшней,
Каго ня згоніць з сьцежкі простай,
Ня ўкіне ў цьму, за ноч цямней?

Душу і думы атумане,
Ачэпіць зводным павуцьцём,
І распасьцяжыць уладаньне
Над целам, над ўсім жыцьцём.

Засела так яна ў Машэкі
І суладаць з ёю ня мог,
Крыві-б пусьціў, здаецца, рэкі
І ў іх-бы з крыўдай сваёй лёг.

Крывёй ці віннай, ці нявіннай
На сьмерць упіўся-бы з душой,
Другіх губіў-бы і сам гінуў,
Абы цярпеў чужы і свой.

У муках страшных дачакаўся
Машэка першых дзён вясны.
І з вёскай роднай папрашчаўся,
Уцёк з радзімай стараны.

У пушчу ўцёк, у ёй асеўся,
Зьмяніўся ўвесь, як ваўкалак,
У скуру воўчую адзеўся
І стаў на жыр выходзіць так.

XIV

Так страшным стала яго імя
На ўсю аколіцу з тых дат
Паміж сваімі і чужымі,
Як страшны імем сваім кат.

З сваёй бярлогі на дарогу
Вылазіў грозны, з булавой,
Як пошасьць, сеяў скрозь трывогу,
Загоны росячы крывёй.

Спачатку дань жыцьцём плацілі
Яму адны багатыры.
Пасьля знаходзілі ў магіле
Спачын і вёсак жыхары.

Не памагалі мольбы, чары. —
Крывавы суд тварыў, караў;
Абезгалоўлены ахвяры
З сабою ў пушчы забіраў.

Дарма шукаюць яго схову
Бацькі забітых і сыны,
Адно зьбірае больш галоваў
Ён з непамернай тэй вайны.

Што дзень расьце Машэка ў славу,
Расьце з крывавага жніва,
Бароніць пушча яго справаў,
А гымн пяе яму сава.

XV

Ці доўга йшчэ-бы гаспадарыў
Ён гаспадаркаю такой,
Крывёй палошчучы папары,
Крывёй гарачаю людзкой,

Каб ня сустрэў сярод дарогі
Адно здарэньне, як той вір,
Калі раз выбрыўшы з бярлогі,
Йшоў з булавой сваёй на жыр.

Ішоў і ўбачыў, як карэта
Напроць кацілася якраз;
Машэка рады знайдзе гэтай
І не марнуе дарма час.

Мінута. Ўжо стрымаў ён коні,
Як сноп, зваліўся ўжо фурман,
Ўжо булавой у дзьверцы звоне,
З карэты скочыў к яму пан;

Але ня ўсьпеў і азірнуцца,
Як на зямлі няжыў ляжыць;
Машэка доўбняй замахнуцца
Яшчэ на некага сьпящыць…

І дзіва дзіў: рука самлела,
Сьлязамі вочы залілісь…
Наталька тут яго сядзела
І так глядзела, як калісь!

XVI

Як чалавек не азьвярэе
З якіх там колечы прычын, —
Надойдзе час і азарэе
Яго душа хоць міг адзін.

Чуцьцё прабудзіцца людзкое,
Дабро у сэрцы ажыве,
І зацьвітуць красой сьвятою
Дзіцячы думкі ў галаве.

Чуць толькі ўгледзіў у калясцы
Машэка любую сваю, —
Ў яе ўтануў даўнейшай ласцы,
Ёй пакарыўся без баю.

Бы тую пёрынку птушыну,
Ў сваю бярлогу яе нёс.
З лісточкаў мяккую пярыну
Ён слаў, і сам у радасьць рос.

Быў рад сваёй так доўгай згубе,
Ў нагах з пакораю сядаў,
Як здаўна, песьціў і галубіў,
І словы чулыя складаў.

А толькі бедную Натальку
Жыцьцё з ім цешыць не магло,
Як тую грэшную русалку —
Жывыя людзі і сьвятло.

XVII

Спазнаўшы панскія раскошы,
Дзіцё сяла і грамады,
Ня мела сіл змагчы ў пустошы
І адзіноцтва і жуды.

Хоць на Машэку спазірала
Прыхільным поглядам пад час,
А ўсё у думках штось кнавала,
Агонь благі ў вачох ня гас.

У думках думала няўпынна,
Як ёй разбойніка згубіць,
Якога ня магла нявінна
Ўжо так, як некалі, любіць.

Раз, калі спаў Машэка з ёю,
Зрабіць надумала сваё —
За кроў пралітую крывёю
Яму яго забраць жыцьцё.

Паціху ўстала, нож агромны
Ўзяла ў яго з-пад галавы
І утапіла ў шыі соннай,
Ды той застаўся йшчэ жывы.

Яна другі раз замахнула
І трэці раз перавяла, —
Яго і жылка ня дрыгнула, —
Душа ад цела адышла.

XVIII

Так страшна той разбойнік згінуў,
Што ўмеў любіць і забіваць;
На грэх пусьціўся праз дзяўчыну
І мусіў праз яе сканаць.

Яна сваё зрабіўшы дзела,
Ўжо страхам гнаная нямым,
У вёску родную ляцела
І расказала аб усім.

Прынесла добрыя ўсім весьці,
Што ўжо разбойніка няма;
Яе віталі добрай чэсьцю,
З усімі цешылась сама.

Вяла з сабой сяло народу,
Дзе спаў Машэка вечным сном,
Куды йшчэ ўчора усе ходы
Былі закрытыя людзём.

Зышлася вёска над Машэкай
Нядаўну бачыці гразу,
І ня было там чалавека.
Каб хоць адну пусьціў сьлязу.

Йшлі ад яго к гары вялікай
Ахвяры дзе яго ляглі, —
Касьцей знаходзілі бяз ліку,
Галоў бяз ліку там знайшлі.

XIX

Капалі ў пушчы дол глыбокі,
Дно высьцілалі у кару
І насып сыпалі высокі, —
Машэку насып, як цару.

А на гары тэй недалёкай
Хавалі косьці у зямлі
Ахвяр, што ад рукі нялёгкай
Бяз часу на той сьвет зышлі.

За днямі дні пабеглі шпарка,
Ў няпамяць шоу за годам, год,
Мянялась сьвету гаспадарка
Жыцьцё-быцьцё зьмяняў народ.

Той насып, дзе ляжаў Машэка,
У мох і дзерава аброс;
Пякла улетку яго сьпека,
Зімой трашчаў над ім мароз.

Машэкі імем сталі маткі
Пужаць, калышучы, дзяцей,
А кумкі, зьбегшысь на папрадкі,
Аб ім шаптаць адна аднэй.

Яго высокую магілу —
Дзе лес ды вецер панаваў —
Знаць, што вялікую меў сілу,
„Магілай Льва“ народ назваў.

XX

Над ёю з часам дрэвы палі,
І горад вырас, як з зямлі.
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.

Там, дзе пушчар быў і балота —
Муры глядзяцца ў раку,
Зіяюць вежы пазалотай,
Жыцьцё кіпіць, як у гаршку.

Пры самым месьце, дзе хаваці
Людцы нябошчыкаў нясуць,
Гару з магілкамі відаці —
Яе Машэкавай завуць.

І ціха, ціха на гары тэй.
Чарнеюць пліты і крыжы,
То летнім сонейкам сагрэты,
То зьзябшы ўзімку, ў маразы.

Падчас вясной заблудзіць птушка.
Зазвоніць песенькай сваёй.
Павесялее спяча душка.
Ды ўзноў засьне яшчэ мацней.

А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі,
А што? — нам грэшным не паняць!

2—VII—13 г.

цана 25 кап.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.