Перайсці да зместу

Ліст Вацлава Ластоўскага да Язэпа Дылы (6 чэрвеня 1920)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліст Вацлава Ластоўскага (Рыга) да Язэпа Дылы (Масква)
Ліст
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
6 чэрвеня 1920 году
Крыніца: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, Т. 1, кн. 1, 1998 г., б. 776-777
Рукапісная копія ў Дзяржаўным Архіве Летувы: Фонд 582 вопіс 1 справа 45 аркуш 40 і адваротны бок.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дарагі і глыбока шанаваны Таварышу.

Памятаю і знаю Вас з лістоў, якіе Вы пісалі калісь у «Нашу Ніву». Чоткі, буйны характар пісьма Назара Бываеўскаго глыбока ўрэзаўся ў памяць, бо характарам гэтым пісаў шчыра любячый бацькаўшчыну грамадзянін, які разам з народам ня толькі перэжываў яго нядолю, але заўсёды шукаў леку на гэну нядолю і даваў яго народу. «Яйцо вас збагаці!» казаў Бываеўскі і заклікаў да еднаньня на экономічным грунце. Мінуло неколькі гадоў і цяпер перад грамадзянамі Беларусі выніклі новые горызонты, новые гороскопы на будучыну. Цяпер грамадзяне Беларусі дарагой кождаму чэлавеку волі, бо бяз волі, без незалежнасці Беларусь ня будзе ні экономічна, ні культурна развівацца. Зменяючыся адна за аднэй окупацыі навучылі, што німа і ня можэ быць долі там, дзе пануе няволя, дзе ў сваей хаце народ не гаспадар і пакуль край будзе служыць заездам насцеж аткрытым усякаму ня будзе ён ні шчасьлівым, ні багатым. Дзеля гэтаго, німа цяпер на Беларусі популярнейшай думкі, як аб Незалежнасці. Гэта думка кінула народ наш да поўстаньнёў супроць ненавіднай панска-польскай окупацыі. Барадзьба няроўная і дзеля гэтаго шмат крыві узяла яна бязвіннай беларускай. Кладуць галовы інтэлігенты і простые селяне, нават падросткі дзеўчаткі. Чэсць іх сьвятой памяці.

Наша справа цяпер стаіць моцна: Захад Эўропы спадзяемся у скорым часе дасць прызнаньне нашай дзержаўнасці. Хочэм прызнаньня незалежнасці Беларусі і ад Расеі і верым, што незалежнасць будзе нам прызнана. Падробна аб усім ніхай Вам раскажуць.

Затым прыміце павітаньне ад усіх любячых бацькаўшчыну, якіе знаюць усе аб Вас, як аб лепшым яе сыну.

С пашанай ВЛаст…