Ліст Вацлава Ластоўскага да Кастуся Езавітава (24 студзеня 1920)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліст Вацлава Ластоўскага (Менск) да Кастуся Езавітава (Рыга)
Ліст
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
24 студзеня 1920
Крыніца: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, Т. 1, кн. 1, 1998 г., б. 622-623
Рукапіс у Дзяржаўным Архіве Летувы: Фонд 582 вопіс 2 справа 54 аркуш 7 і адваротны бок

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мой ліст Езавітаву.

Высокапаважаны таварышу.

Карыстаючыся зручнасьцю перэсылаю Вам навіны.

Найперш справа Рады.

У гэтай Сэсыі адбылося тры заседаньня: 9.XI.—12.XI.—13.XII. 1919.

На заседаньні 12.XI Рада папоўнілася блізка 20 сябрамі С.Р. Гэткім чынам у Радзе, разам з С-ф. сталася наша большасьць. Перад апошнім заседаньнем выясьнілося, што левые фракцыі і цэнтр высказываюць недаверье міністэрству Луцкевіча. Тады с-д і правые с П.П.С. пастанавілі знішчыць Раду і утварыць Дырэкторыю, як яны казалі — «з адпаведных беларускіх дзеячоў». На заседаньне Рады не зьявіліся, якое адбывалося публічна у Юбілейным доме; а на прыватнай гасподзе у Власава абіралі Дырэкторыю, якую назвалі «Найвышэйшай Радай». Распалажэньне сіл было такое: зарэгістравалося у Мандатнай Камісыі 70 радных (26 с-р, 13 с-д, 13 цэнтр, 5 злучвасць, 5 с-ф, 2 П.П.С., 4 Народнай партыі, 2 б. парт. 1 нар. соц.; выключэна Радай 16 прэдстаўнікоў ад неістнуючых організацый: 2 с-р, 3 с-д, 4 цэнтр 1 с-ф 1 н.с.) і прынята 9 прэдстаўнікоў ад новаутварыўшыхся організацый: 3 с-р, 2 с-д, 1 цэнтр, 2 злучнасць, 1 Народн. парт. На заседаньне кворум было 27 сяброў (палавіна зарэгістраваных). 13.XII.19 зьявілося 32 сябры, зн. зверх кворума 5 сяброў. У канцы заседаньня былі прыняты у склад Рады 9 новых сяброў.

Пасьля выбароў у Радзе, Найвышэйшая Рада пачала сыпаць даносы вустна і друкам (гл. «Беларусь») на скутак чаго арэштавалі 4 сяброў Прэзыдыуму Рады і Ураду, рэшта або скрываецца, або перэбіраецца заграніцу,

Прыйміце крокі, каб у друку разьясніць гэту справу. І наагул з нашай Дырэкторыей у нас пастаноўлена, як мага бароцца, як [з] напыовальнай і дзержаўнай здрадай, якая вядзе нас не да Незалежнасці а да нацыональна-культурнай аўтаноміі у Польшчы. У краю усё жывое за намі і з намі, з намі і народ, асабліва пасьля арэштоў. Яны-ж апіраюцца толькі на польскіе штыкі і саміх сябе.

Усякіх друкоў па зкзэмпляру будзе для Вас захавана.

Затым шчыры прывет ВЛаст

24.1.20

Паведамце аб усім тут выложэным усе нашы загранічные Міссыі.