Перайсці да зместу

Лучынка (часопіс)/6/Успаміны с паездкі ў Фінляндзію

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Стары шлях Успаміны с паездкі ў Фінляндзію
Публіцыстыка
Аўтар: Цётка
1914 год
Далікатнасьць за далікатнасьць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Успаміны с паездкі у Фінляндзію.

У дарозе.

У палові сакавіка, перад ад‘ездам у Фінляндзію прышлося пабываць у Вільні і Мінску. Нішто: дожджык трусіць; зіма старушка рушыла з мейсца, толькі астаткі сьнегу дзе ня дзе лежаць па стрэхах. Балотца, праўда, плывае па вуліцах, але не так ужо блага, можна з бяды чэкаць лепшага часу — вясны.

А вось селі ў цягнік і праз ноч з Вільні ў Пецярбурзе апынуліся. Або… якая страха! Пекла вірутнае: чалавек чалавека, у поруч ідучы, не бачыць: туман, дождж, імгла нейкая ліпкая, клейкая чалавека абседаіць. Людзі панурные, згнобленые, паморшчэные, як тры дні ня еўшы, кудысь ідуць, едуць, сьпешаюць.

Хацелі і мы затрымацца — думаем — сталіца: што ні крок — то міністар, сэнатар, або якая іншая вялікая шышка пад бокам, толькі пальцамі ткнуць і гасударственая Дума — сьвянцоны хлябок есьць; шмат чаго цікавага можна даведацца, пачуць, але куды! так неяк гэта захмурэнае неба, гэты густы, мокры туман, ды казённые, высокіе дамы чалавека пужаюць, гнятуць, што ахвота адпадала надаўжэй затрымацца ў гэткі прадвесновы час.

Ледзь здолелі перавясьці клумкі з аднаго вагзалу на другі і ўскочыць да вагону.

Едзем у Фінляндзію. Кандуктар ветла (грэчна) спраўджае білеты. Вагоны чысьценкіе, меншые ад нашых, толькі вокны не памерна вялікіе, а ў іх праз усю вялічыню ўстаўлена толькі адна шыба — гэта, каб рамы шмат мейсца не займалі і каб, як хто едзе ў Фінляндзіі, мог як найбольш убачыць край і яго людзей.

Цягнік бяжыць крыху баржджэй, як у Pacei. На станціях затрымліваецца карацей.

У вагоні едзе колькі фінаў мужчын і адна кабета з дзецьмі. Усе сьветларусые, вочы сініе, нізкі лоб, куксаваты твар, здаровые. Цікавасьць ці ўсе фіны такіе? Кабета вышла з вагону вады ўзяць; дзіценятка пачало плакаць, мужчыны ўсе цопнуліся дзіця забаўляць, адзін нават узяў на рукі.

Пэўна фіны дзяцей любюць, у нас так пасажыры не дбаюць аб чужых дзецях.

На станціях стаіць шмат звошчыкаў, коні ўсе невялічкіе каштанаватые, санкі малеваные розна, малые, пекные; вазьніцы адзеты ў шэрые самадзялковые марынаркі і порткі, на галовах шапкі баранковые, пацягнены шэрым сукном, з вушамі, с патыліцы — цёплы брыль i с пераду брыль; агулам кажучы, шапка выгледае, як каптур.

Зіма цьвёрдая, сьнегу многа, кажуць — па Вялікадні за тыдні два зіма толькі рушыць. Во як позна; ў нас ужо цяпер на прагалачках трава зелянее. Мы чулі, што ў Фінляндзіі цяпер найлепшы час для тых, хто хочэ адпачыць, або палячыцца, бо прымарозкі ешчэ стаяць, а слонка ўжо сьвеціць, цёпла, паветра здарова, і спакойна старонка. Праўда, праз вокны вагону — па Пецярбурзе Фінляндзія нам выдаецца як іншы нейкі сьвет. Сьнег — беленькі ўсё пакрывае, слонка па ім густымі праменьнямі коўзаецца; лес і лес, як вокам сьцягнуць.

Даліны з горкамі пераменіваюцца, скалы вісяць, а раўніна замерзлых вазёраў вылынае.

Трэба ведаць, што Фінляндзія гэта старонка лясоў, вазёр і скалаў. На аднэй станціі цягнік затрымаўся на неколькі мінут, каб у буфеце, калі хто хочэ, закусіў. Высыпаліся і мы з вагону. Станція вельмі чыста. Два сталы пекна накрыты, застаўлены ядой, якую толькі здумаць: там і мяса, і рыба, яйкі, сыры розных гатункаў, малако, гарбата, квас, піва. Як толькі падходзіш да стала, мусіш заплаціць марку, фінскую манэту вартасьці 38 капеяк. Пасьля калі хочыш, еш колькі душа прымае, a не — крошку палажы на зуб — плата аднакова: там жыватоў люцкіх ня меруць, — такі звычай укараніўся пэўна дзеля таго, што ніхто с фінаў не мае ў натуры сваей, каб карыстаць больш за тое, чым плаце. Фіна ня трэба пільнаваць, ён сам у сябе стаіць на стражы. Дзеля таго на станціі фіны ядуць паволі, ня сьпешаючы, як у сябе ў хаце за сталом.

Але было колькі расейцаў, дык тые завіхаліся каля яды, ажно папацелі. Аб сабе трудна сказаць: лепш відна з боку, аднак мушу прызнацца, што добра такі пасіленай вярнулася ў вагон, ажно цяпло па жылах разышлося, — весялей стала; ўсе закускі былі вельмі смачные…

Прыехалі да гораду „Віпуры“, па расейску Выборг, гэта найбліжэйшы вялікі горад у Фінляндзіі ад Пецярбургу. Не затрымываемся у Віпуры — аткладаем гэта на пасьля — с паваротам, бо цяпер маем ешчэ праехаць колькі станцяў, а аттуль фурманкай да аднаго гаспадара у нейкую вёску Лоттоло. Да аднаго тамтэйшага гаспадара далі нам адрэс — казалі танна бярэ, еда гаспадарская, добрая, здаровая, так што можна адпачыць і паправіцца, а разам с тым прыгледзіцца да вясковага ў фінаў жыцьця.

Мусімо гадзіну чэкаць на іншы цягнік, каб ехаць далей. Агледаем вагзал нова пабудаваны: вельмі пекны — як палац выкаваны с шэрага камню. Адразу відно, што фінскі народ дэмакратычны: стараецца, каб усе былі роўные, дзеля таго на вокзалі 1, 2 і 3-я клясы ўсе аднаковы: такіе самые крэслы, такіе самые сталы, такая самая чыстасьць усюды; ня то што ў Расеі: ў першай клясе крэслы аксамітные, канапы плюшовые, а ў трэцьцяй — сьметнічак…

Купілі кніжку с фінскімі і расейскімі словамі, будзем с помачай кніжкі гаварыць, бо як бачымо фінчыкі па расейску не разумеюць, хоць і блізка жывуць, а куды ж нам — беларусам с сваей гутаркай цопацца да іх: мы народ дальшы ад фінаў і мала ім знаны.

Пераселі у іншы цягнік. Едзем. Лес і лес: нідзе людзкіх сяліб ня відаць. Вучымся словы: хлеб — па фінску „лейпа“, масла — „войта“, малако — „майта“. Хоць каб крыху падвучыцца, а то чаго добрага не разгаворышся с фінчыкамі і прыдзецца хоць назад аглоблі павярнуць. Пры навуцэ час праляцеў хутка, і не агледзіліся, як прыехалі ўжо на сваю станцію.

На станціі Ганільля.

Цягнік затрымаўся; ледзь толькі мы выскачыць, ды чыноўнік почту аддаць — здолелі, як машына ўжо засьвістала і пашла. Станція малая; ніхто ня прыехаў акром нас. Вечар блізка, а да таго Лоттоло, куды нам трэба ехаць ешчэ верст двананцаць. Якую тут раду чыніць, каб каня дастаць? Шукаемо у кніжцы, як па фінску конь; нашлі: „хэвонен“. Хай сабе і хэвонен, але далей што? Ажно бачым паводаль нейкі чалавек на воз збаны ад малака пакуе. Мы да яго: і рукамі, і нагамі, і носам гаворымо, выкручываем, паказываем на мігі што нам патрэбна фурманка. Чалавек уважна паугледаўся на нашы гігі-мігі, нешта забарматаў па свойму і пашоў кудысь спакойна.

Думаем: справа дрэнная — яму не да нас — сваю работу пэўна мае. Вярнуліся на станцію; праз ваконца сівенькі чыноўнік у вакулярах выдае газэты; дзетак як жмыру набралася; кожнае падходзе ў чарод, пекна паклоніцца, возьме газэціну, зноў паклоніцца і выбегае са станціі. Куды-ж ізноў да так занятога чалавека падыходзіць і дурыць галаву, ды ешчэ ня умеючы гаварыць па фінску. Як тут даць рады? Ажно дзьверы скрып — той самы чалавечак, у каторага мы пыталі, ды ешчэ з некім высокім ні то чыноўнікам, ні то панам пекна убраным, ідзе — на нас, рукой паказывае. Пан падышоў да нас і, вельмі дрэнна па расейску гаворучы, стаў дапытываць, чаго нам патрэба. Значыцца, той чалавек, аб каторым мы думалі, што і ўвагі на нас не зьвярнуў, пабег па гэтага пана і прывёў, каб ён з намі разгаварыўся. Мы сказалі, што нам патрэбна фурманка; пан растлумачыў чалавеку па фінску, а той зараз зноў кудысь скрыўся. Праз мінут дзесяць пад‘ехаў малады хлопец. Пан нам сказаў заплаціць тры маркі — цэна сталая. А той чалавечак, што столькі фатыгаваўся для нас — і ў наш бок не глядзеў — зноў свае збаны пакаваў у воз, ня чэкаючы ніякога дзякуй. Усе фінчыкі такіе, як мы пасьля праканаліся. Кожны фінчык лічыць абавязкам сваім, а не ласкай — памагчы бліжняму ў патрэбе, ўсё роўна якой ён ні ёсьць веры, або націі.

Нам раней сказалі, што фінчыкі вельмі ня любюць рускіх, бо правіцельства страшэнна іх прыціскае, але яны, відаць, бачуць рожніцу паміж правіцельствам расейскім, а расейскім народам; а калі і маюць што ў сэрцы, то культурнасьць іх душы ім не пазваляе абыйсьціся груба з госьцям-чужынцам, прыехаўшым палядзець на іх край і народ.

Мы селі у санкі, падзякаўваўшы фінам за іх ўвагу для нас і паехалі. Зараз зьвярнулі у права. Пачаўся лес. Дарожка вузенькая адна толькі ішла, каторай мы ехалі, а так ні дарожкі, ні сьцежачкі, ні сьледу люцкога. От барані Бо завея, а чалавек мала абазнаны з мейсцам папаўся, ды зьбіўся з дарогі — аман у гэтых лясох. Дзіўны край, думаем у душы, вочы с цікавым перелякам разбегаюцца ўвокал. Хочыцца як найшырэйшы абраз гэтага фінскага лесу захаваць для успаміну у хвіліны вольные ад працы…

Наш фурман сядзіць, як шэры каменчык, твар халодны спакойны, сьветлые вочы нярухома гледзяць на скалы. Дасталі цукеркі, пачаставалі фінчыка. Узяць — узяў, але неяк машынальна, як бы то яго нічога не абходзіла.

Пачало цямнець. Лес ані крышку не зьмяніўся, толькі здалёк паказаўся чырвоны вугол нейкай будыніны.

— „Лоттоло“, — ткнуў пальцам вазніца.

Мы ажно прыўсталі на санках. Конік борзда узьбег на горку; перад нашымі вачыма вылынаў фальварачак; дом вялікі ў цёмна вішнёвы коляр вымалёваны; вокны вялікіе з зялёнымі вакяніцамі; сам дом на два канцы; ганак ашклёны, на гарэ такіе ж вялікіе вокны і малы ганачак; далей будынкаў з восем увокал параскіданы. — „Дзяў, дзяў“, выскачыўшы, перэняў нас сыты, маленачкі жоўценькі сабачка. Гэткіе самые сабачкі блізка што ў кожнага гаспадара мы пасьля спатыкалі; чуткіе яны, зьвяглівые, але ня кусаюцца.

Ад‘ехаўшы с поў вярсты, мы зноў такі ж самы фальварчак убачылі, а там — справа, злева — на вярсту, а то і далей, і бліжэй усё фальваркі і фальваркі. Дарожка — вуліца пашла крута, так што блізка міма ўсіх сяліб прышлося праежджаць. Сэрца — тук-тук — адзывалася сільней каля кожных варот; здаецца гаварыло: тут-тут затрымаемся, але вазніца, нярухома седзючы, далей вёз і далей. Дарожка вузенькая то у права, то ў лева паварочывала; адны сялібы хаваліся за горкамі, другіе — выхіляліся з за далінак. Перад сабой убачылі мы за якую вярсту вельмі пекны дом на гарэ пасярод высокіх дрэў. Дом усё блізіўся і блізіўся, а мы набіралі пэўнасьці, што іменна там жыве Кюмеляін, да каторага едзем. Ужо, па праўдзі сказаць, нават смакавалі, як гэта будзе цёпла, добра і пекна. Раптам хлопец скруціў у лева на малое падворка пад паветку.

— „Кюмеляін!“ паказаў рукой на шэры дом у другім дзядзінцы вазніца. Зразу спужалася думка, хоць дом Кюмеляйна вельмы добры быў — проста фальварковы нашага багатшага шляхціца. Нечага чэкаць — хоцькі ня хоцькі вылазім, хоць усё пагледаем ешчэ на гэны пекны дом, каля каторага мы перш былі пэўны, што затрымаемся: стаіць ён усяго ад нас на якіх крокаў сорак і як бы дражніцца. „Вязі, вязі!“ нешта ў нутры быццам просіць вазніцу. Але ён ужо з нашымі клумкамі стаіць на парозі і чэкае покуль мы не падыдзем, каб разам увайсьці ў хату.

Адчынілі дзьверы; ўвайшлі; хата цёплая, відная, прасторная міла прывітала нас. Людзі за сталом седзяць, каву з булкай пьюць. Машына краўцоўская стаіць, сталярскі варштат. Пачынаемо гаварыць; ніхто ні слова бачымо не разумее; у кніжцы пачынаем шукаць слоў фінскіх: натыкаемся, як па фінску будзе ас дзванковы, як называюцца рожные дарагіе віны, як лёкай, але як папрасіцца на начлег — такіх слоў німа; мусіць то кніжка толькі для вялікіх паноў пісана. Толькі малая поўтарагодняя дзяўчынка, здаецца, найлепш нас разумее: засьмеялася, кіўнула галоўкай, узяла ад нас цукерак, смокчэ і жычліва ў наш бок пагледае. А так — усе спакойна седзяць, ядуць, як бы ня чужые, падарожные людзі сюды увайшлі, а толькі крыху халоднай пары праз адчыняные дзьверы ўвярнуло і ўсё тут. Адно да другога толькі часам памалюсеньку скажэ якое слова. А тут цямняе; думаем: вазніца зараз ад‘едзе — начуй пасьля хоць у лесі.

Пачынаемо мігамі паказываць на ложка — што хочым спаць, на хлеб на стале — што хочым есьці. Нічога! Проста людзі нейкіе бязбожные, бяз сэрца, ані варушуцца з мейсца. Адно бабы памалу кратаюцца каля гаспадаркі: адна нешта пачынае варыць, другая вышла з ведрамі па ваду.

Як жэ тут вам паказаць ешчэ, думаем, што мы хочым у вас застацца? Плацімо вазніцы і паказываем, махаючы рукамі: Ганільля, Ганільля, — значыцца — едзь сабе, едзь, а самі сядаем на свае куфэрачкі і мігамі кажэмо, што на іх будзем спаць. Кабета, вышаўшая з ведрамі вярнулася, падыйшла да старога дзядулі і нешта сказала, на нас гледзючы. Тады старэнькі устаў, узяў нас за рукі, нешта па свойму загаварыў і павёў нас с хаты праз сенцы у другі канец дому.

Адчыніў дзьверы і мы ўвайшлі у два пакоікі чысьценькіе цёпленькіе, як вульлі пчаліные; сьцены выклеены блакітным паперам, падлога памалевана, камоды, крэслы стаяць, на стале шыдэлковая сарвэта, у вокнах фіраначкі. Бухае агонь у печах, адна кабета ложкі нам сьцеле, а другая — нясе каву, масла, пірагі, варэные яйкі. Вады прынесьлі мыцца, ручнікі чыстые павесілі; відно што ўсё нарыхтована ўжо для нашага начлегу.

Ешчэ ня усьпелі мы пасіліцца, як увайшла бабуля, прывіталася з намі па расейску, ды кажэ: „Кюмеляйны па мяне прыслалі, каб з вамі разгаварыцца, бо яны ня ўмеюць па расейску, а я дзесяць гадоў таму назад служыла ў Пецярбурзе за кухарку — дык крыху прылажылася“.

Зараз уся сямейка Кюмеляйнаў сабралася. Мы ўсе паселі, бабулю пасадзілі па сярэдзіне, дзядуль падкінуў у печку дроў і пачалася гутарка. Найперш гаспадары сказалі праз бабулю, што годзюцца, каб мы ў іх жылі, абецалі тое, а тое даваць есьці і столькі, а столькі назначылі плаціць. Цэна была такая малая, што прышлося толькі зразу згадзіцца на яе і пекна падзякаваць Пасьля расказалі колькі ў іх сямейцы чалавек і хто дзе жыве. Даведаліся мы, што старшы сын у Амэрыцы, паказалі нам яго фатаграфію. Бацька, гэты самы дзядуль, аб каторым раней успаміналі, стукнуўшы пальцам у партрэт сына: „Хюве пойка!“ сказаў, — пекны хлопец, значыцца. Маленькі хлопчык Таўно, думаючы, відаць, нам дагадзіць, спранжыновага ваўчка пусьціў. Прынесьлі цукеркаў поўную талерку, бо, як пасьля даведаліся, стары Кюмеляін трымае крамку. Бабуля каваліха адвітаўшыся, запрасіла да сябе ў госьці, а калі патрэба будзе аб чым пагаварыць, то каб па яе падсылалі мы, але хіба такой патрэбы ня будзе, сказала на астатак, бо вернецца дачка Кюмеляйна, што паехала да мястэчка, а яна ўмее крыху гаварыць па расейску: ў іх с Харкава такрок жыла нейкая паненка — Мар‘я Васілеўна, дык ад яе Мары навучылася.

Праўда, і стары дзядуль Янко неколькі слоў знаў па расейску, ды відаць ешчэ хацеў падучыцца, бо ходзючу па пакоіку, тыкаў пальцам у кожную рэч і дапытываў: „руські?“ Мы казалі: печ, стол, лямпа, крэсла; а ён нам кожную гэткую рэч называў па фінску. Пасьля — на дабранач сказаў: „Хювэсті!“ — значыцца — ўсяго добрага, і вышаў.

У Кюмеляйна.

На заўтра нас абудзіў сланэчны ранак. Выглянулі мы праз вакно — лес блізка стаяў, у лева — замерзлае возера. Вуліцай — хлопчыкі і дзяўчынкі с кніжкамі ў торбачках да школы беглі. Мары, вярнуўшаяся з мястэчка, прасунула галаву праз дзьверы: „хуомэнта“ — дзеньдобры аддала і стала дапытываць: „кофе, кофе? хоцэте? хоцэте?“ Мы патакнулі галавой, што хочэмо. На тацы, накрытай сарвэткай, прынесьлі каву, жбанок парэнага, гарачага малака, яйкі, масла і смажэную кабаніну з бульбай паранай.

Пасьнедаўшы, мы вышлі абгледзіць будову і ўсю гаспадарку Кюмеляйна. Хата, дзе самі жывуць Кюмеляйны, ў каторай учора мы былі, але ў такой тарапаці добра ўсяго не разгледзілі на падлодзы, чатыры вялікіе вокны, пяць вузенькіх дрэўняных ложкаў стаіць на вішнёва памалеваных, на нач яны расцягіваюцца — шырокімі робюцца. У старых — коўдры аўчынкамі падбіты, ў маладых — вайлаковые.

Дзьве шырокіе, нізкіе бэлькі ідуць праз усю хату: адна — уздоўж, другая — ўпоперак; на іх вешаюць адзеньне, калыскі, кладуць гаспадарскіе прылады, як сякеры, сьвідры, гэблі; ў покуцьцю дзьве да сьцяны прыбітые шафкі, ў іх лежаць кніжкі, газэты.

Такая у старане ціхая вёска, як Лоттоло, мае два разы на тыдзень почту; кожны гаспадар выпісывае газэту, а то і дзьве; каторая газэта дарагавата, то згаворываецца двох-трох суседзяў, што бліжэй жывуць ад сябе і выпісываюць газэту супольна. Чалавек сумысьля наняты круглы год прыносе почту два разы на тыдзень; разам с тым ён прадае маркі, аткрытые пісулькі, забірае напісаные лісты.

Цікавы такі фінскі пачтальён як раз ось прышоў. Вялікая раменная торба набіта туга газэтамі, лістамі; развозіць ён гэту газэту на „келках“.

Келкі — гэта такіе саначкі: два жалезные палазы с поўтрэцьця аршына даўжынёй; на палазох умацована крэсла, на каторае пачтальён кладзе свае клумкі, сам апіраецца на поручы крэсла і стае нагамі на палазы; аднэй нагой полаз падпіхне, значыцца, падтаўкне, каб келкі рушылі з мейсца. А як у Фінляндзіі дарога ня роўная — з горкі на горку, то як дзе разгонюцца такіе келкі, дык шпарчэй шыбкага каня бягуць. Шмат фінаў на торг, вагзал, да кірхі гэтак едзе. Жонку нават часта, або дзіця — пасадзіць на крэсла, сам стане на палазы і гайда ў дарогу; пад горку, праўда, прыходзіцца аднэй нагой падпіхаць, але за тое з горкі як ляціць!

Пачтыльён прывёз газэту, ліст з Амэрыкі ад сына Янко, выпіў кавы і паехаў на келках далей. Мы кончым абгледаць хату. У шафцы шмат кніжак гаспадарскіх. На мейсцы нашага ложачніку — каля парогу — стаіць шафка с судзьдзем: ісподкі, кубачкі, талеркі, паўміскі, відэльцы, толькі келішкаў німа, бо фіны ня пьюць ніякіх трункаў. Найцікавейша — печ: вялікая, высокая, ажно пад столь, толькі адзін кот туды можэ узьлесьці, а фін, хоць і мае зіму ў поўтара разы даўжэйшую і зімнейшую, чым у нас, аднак на печ ніколі ня лезе. Падпечку таксама німа, — куры зімуюць разам са скацінай у хлеве. У печы фінляндка — гаспадыня паліць раз у дзень — зраньня; нічога ў ёй не варыць, толькі хлеб, абе пірагі пячэ. Усеняк жар выгрэбаецца у прыпечак; прыпечак у сярэдзіне пусты, зьверху накрыты тоўстай бляхай с фаеркамі; да жару дроў падкідаецца, на фаеркі ставюць гаршкі, варыцца страва. Пад прыпечкам ніколі агонь не гасьне, кава праз цэлы дзень стаіць гарачая. У фінляндцаў ёсьць звычай кожнага прышоўшага чалавека пачаставаць кавай. Усё роўна як наш чалавек, увайшоўшы ў чужую хату, зараз закурывае люльку, так у фінаў сьвежы чалавек зараз сядае за стол і каву пье.

Сенцы на падлозі, пры сенцах камора таксама на падлозі; пры сьценах каморы паробляны палічкі, шуфлядкі, панасыпаные крупамі, мукой; вада ў цэбры стаіць, абрусікам накрыта; ганак — з лавачкамі. Напроць хаты стаіць з ганачкам сьвіран даўгі, раздзеляны на колькі станцяў, да кожнай з іх вядуць асобные дзьверы. У адной станці фін хавае збожа, у другой — куфры, адзеньне, у трэцьцяй — ложкі, дзе летам сьпяць; болей на хатнім падворку нічога німа; на другім у поруч падворку стаяць вазоўня, стайня, хлеў. У хлеве Кюмеляін мае шэсьць каровак, бычка, двое целятак; у малым хляўчуку — з дзесяць авечак. Скаціну дагледаюць толькі кабеты; мужчыны — коней. Кароў кормюць трасянкай, у каторай больш сена, чым саломы, бо сенажацяў маюць фіны даволі, а збожа сеюць нямнога — трудна там зямлю адваеваць у скалаў і возераў. Поюць скаціну ў хлеве пойлам: вада, падкалочэна мукой. Ваду на саначках з недалёкай студні падвозюць: адна кабета саначкі цягне, другая — падпіхае.

Мы кабетам на падмогу падасьпелі — саначкі ажно забурчэлі. — „Харасо, харасо!“ пахвалівае нас Мары. Напаіўшы, пачалі кароў чэсаць згрэбламі. Каровы так прывыклі, што самі выцягіваюць шыі ешчэ здалёк.

Хлеў мае тры вокны ашклёны. Падсьцілаюць жывёлу насушаным ў летку торфам. Зімой толькі гэты торф рэжуць у сечкарні спэціальнай. Мы і торфу памаглі нарэзаць. Кабеты — як мага — разгаварыліся. І дачка Кюмеляйна Мары звецца і сынавая — Мары. А муж Мары — значыцца сын дзядуля Янкі — завецца Іван. Іван тут жэ каля коняў пахаджае. Пытаем, а ці б‘юць у вас мужчыны кабет? — „Эй-эй-не-не“, атказываюць з нейкім ніто дзівам, ні то страхам: як то мужчына асьмеліўся б на кабету руку падняць?

Пасьля, як мы ўбачылі, фіны таксама і дзяцей ніколі ня бьюць. Дзіця проста не разумее, што гэта значэ, калі на яго замахнуцца, або дзіцяці пагразіць. Толькі ж і дзеткі, праўду сказаць, іншые зусім там, як у нас: дзіцяці нават у галоўку ня прыходзіць, каб яно магло старшага не паслухаць, або са старшым дражніцца.

Пасьля абгледзілі мы ешчэ лазьню, па фінску „саўна“. Стаіць за горадам; нішто хатка — с комінам, з вокнамі; ў сярэдзіне палок зроблены. Печ каменная, яе нагрэваюць, пасьля мокрымі венікамі пырскаюць на распаленые каменьні, пара бухае і лазьня гатова. Фін вельмі любіць лазьню; парыцца ў ёй разоў тры на тыдзень; нават дзяцей малых — аднагодкаў с сабой забірае. Паручыся, фін не раз выскачэ на мароз, астыне, пасядзіць на сьнягу, ды зноў у лазьню і гэтак гартуюцца. Фін дроў не шкадуе, бо мае лесу даволі.

Саўна яго ўжо ад поўдня паліцца каб да вечара добра нагрэлася. — „Саўна! саўна!“ кожны раз дзядуль Янко нас заахвочываў у лазьню. Мы са сьмехам пыталі: што, дзядуль, ізноў лазьня?“ — „Ю-ю-ю!“ — так, так, атказываў, сьмяючыся. — „Хюве! Саўна!“

Будні дзень у фінау.

У Кюмеляйна акром дачкі Мары і сынавой Мары, ёсьць ешчэ сестра незамужня — Катры і старая 96 гадоў цётка, бабулька сухая —зморшчаная, скручаная, не мяркуючы, як лупіна с цыбулі. Глянеш, ды падумаеш: от чалавека і сьмерць забыла і жыцьцё ня хочэ.

Дзеці, унукі паміралі, асталася адна; прадала гаспадарку за 10,000 марак і у братняга сына свой доўгі век дажывае. Жыве ў пачоці; нічога ня робіць. Малая Галена штораз бярэ бабулю за спадніцу і вядзе да стала есьці. Абедзьве нічога ня робюць, часам нат супольна забаўляюцца.

Малодшые кабеты ў хаці Кюмеляйна, як і ўсе фінкі, найбольш часу свайго трацюць на даглёд скаціны: трасуць трасянку, поюць, доюць каровак, а ў кожнага гаспадара іх штук шэсьць, а то і больш. Масла ў фінаў вельмі добрае, тварог смашны, але сыраў німа звычаю рабіць — так і з‘едаюць тварагом, а то найбольш квасным млекам, або выпіваюць салодкім.

Шмат займае часу папратваньне ў хаці: мыцьцё пасудзя, чышчэньне гаршкоў; што суботу мыюць падлогі ў хаці, каморы, сенцах; пасьцелі на падворку ветруцца; медзяные імбрычкі вычысьцюць, як люстэрка, хоць ты прыбірайся перад імі.

Каля дзяцей — таксама шмат работы; але ж і гадуюцца яны там па панску. Каптурчыкі гафтаваные, кашулькі з анталяжамі, ў панчошках, чэравічках, сукеначкі кароценькіе. Калысачка, або ложачка чысьценькае, каўдэрка белай посьцілкай падшыта. Толькі падушкі шмат горшые ад нашых: малые, як кулячкі, напханы курыным, або дзікіх качак пер‘ям і то, здаецца, не драным.

Фінскіе кабеты блізка што зусім не прадуць; лён там ня родзіць. Воўну калісь пралі на сукно і ткалі, але цяпер карысьней аддаваць яе на фабрыку, дзе за невялікую плату пераробюць на сукно, каторае вельмі падобна да нашага самадзялковага сівога сукна, але крыху цянейшае.

С сукна толькі мужчыны робюць сабе адзеньне, кабеты апратаюцца у крамнае. Кожна гаспададыня-кабета мае ножную машыну да шыцьця. Дзяцей і сябе абшывае сама. Панчохі і рукавіцы робюць у хаці і ўжо на іх прадуць воўну самі на калаўротах-лежакох. Прасьніцы прыладжаны да калаўроткаў; на прасьніцах некаторых шмат вырэзана узораў.

Мужчыны зімой найбольш працуюць у лесі. Рыхтуюць дровы на цэлы год, матэр‘ял на будову, платы папраўляюць, бо кожнага гаспадара-фіна лес навокал абгароджаны; у летку у ім скаціна пасецца без пастуха. Папраўляюць будынкі, упражку, гаспадарскіе прылады: вазы, драбіны, граблі, вілы і т. п. Сена прывозюць с сенажацяў далёкіх, бо сенажаткі фінскіе знаходзюцца паводаль ад сяліб, на іх пабудаваны адрыны. У Фінляндзіі вельмі кароткіе весна і лета, — людзям тады нельга часу траціць на звозку сена да хаты.

У летку фіны с сяліб выежджаюць усе на поле — там днююць і начуюць. Хат толькі старэнькіе, ды дзеці пільнуюць. У Кюмеляйна ёсьць таксама такая хата за вёрстаў чатыры ад Лоттоло: стаіць у ёй стол, два пустые ложкі, шафа, печ. Кругом цягнуцца ніўкі. Малоцюць збожа ручной малатарняй, сьперша падсушыўшы яго ў сушнях.

Што ядуць фіны.

Фіны-селяне куды лепш ядуць ад нашых селянаў-беларусаў. Фін разы с чатыры на дзень пье каву. Што суботу пякуць пірагі. Зімой мяса ядуць тры разы на дзень: на сьнеданьне, абед і вячэру. Найчасьцей мяса падсмажываюць з бульбай, або варуць з рыжовымі крупамі. Фінкі-гаспадыні кілбасаў ня робюць; вяндліны, а таксама сланіны і сала на лета — ў запас не прыгатаўляюць. Усё мяса з‘едаюць за зіму, а летам толькі малаком жывюцца. Фін запасу з яды рабіць ня любе: што мае — тое зараз спажывае.

Зімой на сьнеданьне робюць каву, смажуць мяса, параная бульба і кваснае млека. Ніколі абіранай бульбы с соляй не варуць. На абед — каша з рыжу, мяса, млека кваснае, салодкае парэнае і капуста, або рэдзенькі з журавін кісель. Яду заўсёды фін папівае або малаком параным, або квасам хлебным. Хлеб пякуць маленькімі булачкамі — як пірагі — такі смашны. Пасьля абеду — на падвячорак — каву пьюць з млекам, часам з булкай і з маслам, часам толькі чыстую каву. На вячэру зноў мяса, млека кваснае, бульба.

Бяз млека, асабліва без кваснага фін ня седае за стол. Быў калісьці час, што фіны толькі квасным млекам і жылі. Каровак у кожнага гаспадара даволі.

Нядзеля.

Дзядуль Янко сядзіць у адным кутку і чытае біблію ў голас, а Мома — цётка дзядулі, аб каторай ужо і сьмерць забылася — столькі мае гадоў бабуля — у другім куточку ня чытае, а пяе ў голас з бібліі. Голас выходзіць ні то с пад зямлі, ні то ката ў мяшку, але ніхто ня сьмее закпіць з бабулі; я ня вытрывала, і — каб не засьмеяцца, ледзь уцекла с хаты.

Кабеты ідуць на сход таварыства біблійнага. Моладзь робіць платные вечарынкі, с каторых даход аткладаецца на новую школу ў Лоттоло. Хочуць зрабіць сад пры вучылішчы, каб дзеці заахвочываліся і ў сябе садзілі дрэўкі, бо дагэтуль у Фінляндзіі німа садоў — клімат надта суровы. Аднак некаторые фруктовые дрэвы маглі б і тут радзіць. Дык усё сяло Лоттоло хочэ і ў сябе ў будучыне завесьці сады.

Аднае нядзелі папрасілі мы каня, каб паехаць да кірхі. Іван закратаўся; сам прыбраўся ў сівое адзеньне суконнае. Мне далі суконные барлячы, рукавіцы. Паехалі. Дарога санная — як люстра…

Да мястэчка Яські 14 вёрст. Лес і лес. Вёска Лоттоло даўжынёй вёрст з восем цягнецца. У Фінляндзіі німа такіх вёсак, як у нас. Там каля скалаў асобна сялібы папрычэпляны, па сярэдзіне часам лежаць возеры; адны да другіх езьдзюць у госьці на чоўнах.

Прыехалі ў Яські. Вялікі жалезны мост перакінены праз раку Вуоксу. Рэка быстрая; ніколі не замерзае. Берагам рэчкі коньні пастаўлены, панакрываны цёплымі гунькамі, ядуць аброк с торбаў. Да коняў фінскіх — не падходзь: надта злые — гатовы ўкусіць; большая часьць — каштанаватые.

Вайшлі ў кірху. Напалена цёпла. Сама кірха чысьценькая — такрок толькі аднавілі. Уся застаўлена лаўкамі. Народ — хлебаробы, — ні воднага капелюха ня відаць. Кабеты найбольш у белых хустачках, у чорных бурносах. Мужчыны ў шэрае сукно адзеты. Большая часьць фінляндчыкоў сьветла русые, крэпкіе, здаровые, шчокі румяные; маладые хлопцы нізка стрыгуць галовы; старые мужчыны носюць валасы даўгіе пад скобку, як нашые палешукі, на перадзі — раздзеляны.

У кірсе ўсе пяюць псальмы. Фіны ўсе лютэраны. Адзін пастар адпраўляе імшу пры аўтары, адзеты ў даўгую чорную сукню, як ксяндзоўскую сутану, толькі с фалдамі на плячох. Сам барадаты, таусты. Другі — з амбоніі казаньне гаварыў: гэты — голяны — падобны да ксендза. Народ — як сьцяна спакойна слухае, ані вокам ня міргне — і не спазнаць, што ў яго на душы робіцца, аб чым ён думае… Пяюць страшэнна нудна, аднастайна, як скала стогне, калі ў яе размерна біць молатам. Ажно галава закруцілася нам, ня прывыкшым да такога пеяньня.

Як вышлі па набажэнстві, дык кожны адразу ў санкі сеў і „но, кося, да хаты!“ Крамы ў сьвята зачыняны, піўных — німа, гарэлкі — ані званьня.

У нашага каня адляцела падкова, як толькі з вярсту ад‘ехалі ад Яськаў. Іван зараз завярнуў каштанчыка; заехаў да аднаго каваля — німа ў хаці; заехаў да другога — німа; тады павярнуў у права і паехалі мы да вёскі за вярсты дзьве ад Яськаў — да сваякоў Кюмеляйна. Там нам зараз далі кавы; каню прыбілі падкову. Крыху пагрэліся. Першы раз напаткалі такога фіна: стары — гадоў 60, відно бывалы і мову расейску добра знае, але не хацеў гаварыць па расейску, — сказаў, што ня любе. Мы яму растлумачылі, што мы не расейцы; паглядаў на нас жычліва, прасіў есьці, піць, але гаварыць — не гаварыў — роўна запрысягнуў гэтай мовы ня ўжываць. Адвіталіся і ўжо ва ўсёй спраўнасьці паехалі.

Трэба ведаць, што фін вельмі ацэнівае тую карысьць, якую прыносе яму конь і дзеля таго, як сябе самога, так дагледае каня. Пугі — ніколі ня ўжывае. Конь падкаваны, вычышчаны, накормляны, накрыты, стайня цёплая.

Фінскі народ.

Фінляндзія гэтак сама лежала паміж двума сільнымі суседнімі гасударствамі, як і наша Беларусь.

Адзін сусед супольны быў і нам, і фінам — гэта Расея. Другім суседам у нас была Польша, а ў Фінляндзіі — Швэція. Фінаў, як і нас, то адзін сільны сусед браў у свае жалезные рукі, то другі. І абодвы суседы паводле свае сілы і змогі стараліся быць дабрадзеямі-апекунамі. Швэція раней стала панам у Фінляндзіі; фінская шляхта паволі папераменяла свае прозьвішчы на манер швецкіх і ашвэдзілася. Мовы свае зараклася, пачала гаварыць па швэцку. Чыноўнікам туды і дарогу лёс клаў, каб у сільнейшага шукаць наград, чыноў і высокіх пэнсій. Духавенства таксама стала на старане сільнейшых. Адзін народ толькі, учапіўшыся сваімі ніўкамі да цьвёрдых скал, астаўся верным прадзедавай мові і прадзедавым звычаям. Ен, зліўшыся ў вялікую аднастайную народную масу, зажыў асобным сваім жыцьцём.

Фін, гледзючы у дны сваіх чыстых вазёраў, на сьветлае блакітнае неба, на яві сьніў аб долі лепшай; у казкі, песьні уплетаў сваю мінуўшчыну слаўных дзядоў, сваіх рыцароў, песьціў нясьмертэльнымі успамінамі у сваіх сэрцах.

Гадоў сорак таму назад уся інтэлігенція сьмеялася, як над нечым дзяцінным, незграбным і вельмі неразумным, над старадаўнай фінскай мовай. Але сыны фінскага народу, дабіўшыся да сьвятынь высшай школы, атрымаўшы высшую навуку, сказалі: не! Мы не дзеля таго дабіваліся аб сухім хлебе і вадзе, каб потым вам, паны, яе прадаваць за срыбнікі Юды! Мы — сыны мужыцкага народу, мы — ўнукі дзедаў — рыцароў хлебаробаў, каторые аткладалі саху на бок, пакідалі дзетак галодных, хапалі за меч і баранілі перад швэдамі назалежнасьць свае роднае старонкі; аб іх сьведчуць нашы цьвёрдые скалы, аб іх пяюць нашые народные песьні. Мы праўнукі іх, мы з народу і застанёмся народам!

І пашлі да сваіх айцоў, матак, сёстраў, братоў з жывым сьвядомым словам: мы фіны — сумаляйны (значыцца: жыцелі балотаў, возераў), мы любім свае балоты і возеры, скалы і горы, мы да іх падобны, наша мова да іх падобна. Мы — як усё цэлае — прэдстаўляем характэрны цікавы куток і народ між іншымі краямі і народамі.

І фіны ўзяліся сьвядома да працы. Не адзін с торбай на плечах пашоў па краю зьбіраць песьні народные, казкі, легенды. Як толькі гэты матэр‘ял быў сабраны і аддрукаваны, шляхта ажно зьдзівілася вялікаму багацьцю душы народнай.

Бяздоннай крыніцай паэзія біла с песень, с казак, з легенд; жалезная сіла і любоў да роднага краю з народных твораў вызірала. Тады зразумелі, што гэта не забава, што з гэтай сілай трэба лічыцца. Вось дзе пан і гаспадар краю: хлебароб, што сэрцам прыпаў да каменнай глебы і працай любоўнай просіць ад яе хлеба.

Фінляндзкі народ цяпер займае шчытнае мейсцэ паміж культурнымі народамі. Фінляндзкі унівэрсытэт што год с сваіх сьцен выпушчае маладую армію сыноў хлебаробаў, каторые ідуць у народ і працуюць з забыцьцям шчасьця свайго я. Народу шчасьце — іх шчасьце. Фінляндзкі народ першы ў Эўропі прызнаў роўные правы кабетам. Кабета — матка — сьвядомая фінляндка патрыётка — ешчэ ў калысцы пачне навучаць свае дзеткі любіць родны край, родны народ, любіць і паважаць справядлівасьць роднага народу. І ніякая сіла перерабіць цяпер фінскі народ на іншы капыл — ўжо не здалее, бо сьвдяомасьць народу, культурнасьць яго — стаяць выжэй усякай сілы.

Ц—ка.