Лучынка (часопіс)/6/Папараць кветка
← Пасьмертны ўспамін | Папараць кветка Публіцыстыка Аўтар: Цётка 1914 год |
Стары шлях → |
Папараць кветка.
I.
Папараць кветка — гэта сымвал усёзнаньня. Народы ўсяго сьвету выцягіваюць да яе рукі, ідуць с спрагненымі сэрцамі. Шукаючы папараць-кветкі ўсёзнаньня, тысячы ахвяр гіне ад непасільных трудоў і працы. Часам ад такой ахвяры ажно ўся людзкасьць жахам ускалыхнецца. Але папараць кветка зводзіць, як звадзіла і цягне да сябе. Паход людзкасьці ў напрамі шуканьня расьце і крэпне. Пратаптаны ўжо сьцежачкі, праведзяны дарогі, дарожкі, вядуць шырокіе гасьцінцы. А хто здатнейшы і адважнейшы, дык сьпешае на цянькі праз нязьведаные яшчэ нетры першы свой сьлед правесьці.
Тайніцу за тайніцай людзі вырываюць у прыроды. Чалавек ужо стаў панам страшэнна глыбокіх акіанаў. Штучна ўсіляным вокам ён сьмела зазірнуў у нязьмерну выжыню зораў. Хутка, мо там нойдзе сваіх братоў — людзей і загаворэ з імі. У паветры чалавек лётае, як птушка[1]; па моры плыве шпарчэй рыбы[2]; слова сваё жывое за дзесяткі тысячаў міль кідае мігам[3]; голас свой перэдае за соткі вёрст[4]; пяруны і маланкі ўзяў у свае рукі і ўжо болей яны яму не страшны[5]. Высланцы людзей усё ідуць далей і далей, падымаюцца ўсё выжэй і выжэй па лесвіцы навукі; для іх праца будняга дня на ральлі для здабываньня кавалка чорнага хлеба не мае ніякога значэньня і вагі. Высланцы гэтые, не мяркуючы, як тые кветкі расьліны, або як тые новые крэпкіе атожылкі дрэваў, каторые пнуцца да сонца і ўбіраюць у сябе сьветлые яго праменьні. За іх і для іх астаюцца карэньні ў чорнай глебі, ў зямлі, скуль у цемнаце цягнуць жывые сокі, і кормюць, і даюць сілу, моц сваім вярхом—атожылкам, сваім кветкам, каб яны пекна маглі зацьвісьці і закрасаваць.
Аднак нельга сказаць, каб карэньні расьліны, паміма свае цяжкае працы, ня мелі супольных жаданьняў і ідэалаў аб красе, аб сонцы так, як хочуць іх вярхі і закрасаваўшые кветкі.
Як карэньні, каб пракарміць усю расьліну астаюцца ў зямлі, так карэньні людзкасьці — хлебаробы, каб здабыць хлеб будні, каб пражывіць тых, што аддаліся ўсецэла навуцы — мусюць аставацца на зямлі, пры чорнай ральлі, разрываць яе нетра—грудзі жалезнымі нарогамі, сеяць зерняты, пільнаваць іх і пасьля ў поці чэла свайго зьнімаць, як дасьпеюць. Кожны дзень хлебароба ад сьвітаньня да зьмерканьня поўны цяжкай, простай работы.
Аднак у хвіліны лягчэйшай працы, ў гадзіны сьвяткаваньня і хлебароб вылынае сваёй думкай за рамкі практычнай карысьці і рвецца ён тады здабыць папараць кветку. Думка яго, узгадаваная прымітыўнай жаваранчынай песьняй, узбагачаная няхітрай пазалотай дасьпеваючай паласы жыта шукае цуду.
Так, — тут мусіць быць цуд і толькі цуд!! Бо папараць кветку ўсёзнаньне каб здабыць — патрэба не мала часу. На гэта патрэба амаль што не ўсяго кароткага жыцьця чалавека. А як жэ хлебаробу адняць сваю руку ад чорнага загону? Апусьцее тады ніва, гарады пачалі б галадаць, край абяднее.
Не, хлебаробе! тут мусіць быць цуд і толькі цуд, каб ты ўсё тое зразумеў адразу, чаго дабіліся навукова тые, каторых ты корміш дзьвема сваімі намазолянымі рукамі. Добра што ты ў яго верыш, бо верай сваёй засеваеш зерняты ў сэрцы сваіх сыноў жаданьня дабыць папараць кветку.
Сыны твае — гэта высланцы, гэта закрасаваўшые кветкі людзкасьці. Бо дагэтуль вучоные выходзілі і выходзюць найбольш з нетра працавітай беднаты.
Сьпі хлебаробе, сьпі! Прыдзе час — папараць кветка дастанецца табе ў рукі.
II.
Прапрадзяды нашые калісьці у прадвеках глядзелі на прыроду іншымі вачыма, чым мы — прапраўнукі іхніе. Сонцэ, пярун, вецяр — яны прызнавалі тады за сваіх багоў, каторые маглі рабіць чалавеку і дабро, і зло, зважаючы, як чалавек на гэта заслужываў. Дзеля гэтага людзі таго веку прыносілі ахвяры сваім багом, сьвяткавалі сьвяты ў іх чэсьць.
Сонцэ ў нашых прапрадзядаў называлася Дажбогам; яно лічылася богам ураджаю, богам сьветла, дабра і цепла. Вотаж у час найвышэйшага стаяньня сонца на небі — ў палове чэрвеня, ў час найбольшага разросту і розквіту на зямлі, калі ўжо ўсё засеянае пусьціла расткі, завязалася і пачне ўжо хутка радзіць, людзі ў чэсьць бога—сонца сьвяткавалі сьвята, каторае называлася Купальле.
Купальле — гэта сьвята яснасьці, сьвета і найбольшага разросту сіл у прыродзі. Пасьля Купальля сонцэ паварочывала на сваю зімовую дарогу, паволі, незначна яно апускалася ніжэй, сьвяціла з воддалі.
Прапрадзед наш, тады не маючы ні кніг, ні газэт, ні праложаных шырокіх дарог, каторые вялі б яго да мястэчак, якіе ў нас ёсьць цяпер, пільней узіраўся ў жывую кнігу прыроды і па свойму ўсякае яе з‘явішчэ тлумачыў.
Найвышэйшае стаяньне сонца перад паваротам на зімовую дарогу і найбольшы расцьвет — разрост у прыродзі, хуткі час раджэньня овачаў праз усякую расьліну, — чалавек з гэтага ўсяго стварыў сабе паняцьце, каторае пасьля стала верай, што ў гэты дзень, значыць на Купальле, Дажбог жэніцца с царэўнай мора — Ладай.
С песьняў вельмі старых даведываемся, як людзі больш, лепш разумелі вясельля Дажбога: Дажбог, стоючы найвыжэй на небі, убачыў Ладу з доўгай залатой касой — царэўну мора, як яна езьдзіла па мору ў залатым чоўні, срыбнымі весламі плескала па вадзе. Дажбог, спусьціўшыся да марскога цара, пачаў прасіць, каб цар аддаў дачку за яго замуж, але марскі цар загневаўся, хацеў затрымаць і ўкараць Дажбога. Добра, што Дажбогу ўдалося ўцячы. Тады Дажбог прыслаў сваіх слуг на бераг мора; прышлі тые, разлажылі ўселякіе уборы дарагіе, а між іншымі вельмі пекные зялёные чаравічкі. Лада вышла, пачала прымерываць, тут слугі Дажбогавы падхапілі Ладу, занесьлі да свайго пана. Дажбог ажаніўся з Ладай.
Гэтак зразумеўшы Купальскае сьвята, нашы прапрадзеды ўзялі прыклад з багоў і пачалі на Купальле „умыкаць“ сабе дзеўчат на жонкі.
Зьбіраліся „між сёлы на узьлесі“ каля ракі, або возера, разводзілі вогнішчы, пілі, елі, пеялі; абліўшы смалой кола, запалівалі і кацілі з гары на знак, што сонцэ хутка пачне ніжэй хадзіць.
Калі прышло хрысьціянства, то паганскае народнае сьвята злучылася с хрысьціянскім сьвятам Івана Хрысьціцеля, каторы сьвяткуецца 24 чэрвеня. Гэта сталося Тым лягчэй, што слова хрысьціць — значыць — у вадзе занурыць, купаць. Вотаж пад слова Купальле заместа паняцьця — сьвятло, ясьнасьць, багацьце, уражай — падставілі паняцьце — купель — купаць. Гэткім спосабам с тэй пары з 23-яга на 24-ае чэрвеня ў ночку спраўлялася сьвята абычаям даўнейшым, а на заўтра людзі ішлі да касьцёлу, цэрквы і сьвяткавалі ўжо сьвята хрысьціянскае — сабе сучаснае.
Кожна сотка гадоў, кожнае пакаленьне прыбаўляла, зьменяла звычай, расшырала яго, багаціла. Зрадзілася паняцьце, што бог грымотаў — Пярун маланкамі, стукам, грукам разганяе цёмную сілу, затрымвае кола сонца, змушае яго стаяць найвышэй, пячы і сушыць усё жывое на зямлі. Паволі пяруновую сілу — вогністы коляр перанесла фантазія людзкая ў папараць кветку, с каторай — усё роўна, як з выжыні неба — чалавек усё можэ ўбачыць і зразумець на зямлі.
Спрыяючы цёплы час на Купальле памог гэтаму сьвяту зрабіцца найбагатшым сьвятам у абраднасьці. Чалавек на Купальле ўсе сілы добрые і злые, спрыяючые і варожые бачыць каля сябе, каторые паміж сабой змагаюцца, а з гэтага змаганьня кветка-папараць зацьвітае. Добрая сіла хочэ яе даць чалавеку, а злая — вырывае кветку с чалавечых рук.
III.
Нідзе так абраднасьць сьвяткаваньня Купальля багата не развілася, як у Беларусі, бо тут гэта сьвяткаваньне найдаўжэй захавалася. У іншых старонках яно даўно ўжо забытое; інтэлігентные толькі людзі там яго абходзюць, як памятнік калісьці вельмі багатага прапрадзедаўскага народнага сьвята.
У нас наадварот: у колькі вёрстах ад Мінска — губэрнскага гораду, дзе чыгунка што дзень сьвішчэ, вёскі спраўляюць Купальле. Дзеўкі вянкі ўюць, пушчаюць на ваду, палюць вогнішчы, скачуць праз іх, каб урадзіла вялікая збожэ.
Інтэлігентные сьвядомые беларусы — ў Вільні спраўляюць Купальле так, што ўсенек горад — чыя толькі змога — высыпаецца на берагі Вільлі, каб палядзець на беларускае Купальле.
Сьвядомым беларусам-інтэлігентам хочэцца с Купальля зрабіць націанальнае беларускае сьвята.
Але народ беларускі, народ усенек — пачынаючы ад хмурнага Палесься, па узбярэжам рэк Нёману, Дзьвіны, Вільлі, па глухіх берагох Белавежскай пушчы ешчэ глыбока верыць у цуды Купальскай ночы і сьніць аб папараць кветцы, аб кветцы пяруновай, што красуе крывава-вогністым колярам. Але кругом гэтай кветкі разлягліся зямные сілы, страшные зьмеі сыкаюць, зьверы дзікіе галоднымі зубамі ляскаюць…
Папараць кветка зацьвітае на мамэнт, толькі на адзін кароценькі мамэнт, — земля ад страху дрыжыць, пяруны бьюць, злые сілы сьвішчуць, рагочуць, рапухі глядзяць зялёнымі вылуплянымі вачыма, вужакі аплетаюцца каля ног… хлебароб-беларус выцягівае спрацаваную руку… яго спрагнёнае сэрцэ захлыстываецца надзеяй, што ось-ось вырве папараць кветку, тады перад ім адчынюцца дарогі ў незнаные краі, ў нязьведаные гасударствы, адразу зразумее мову найменшай кветачкі, расьлінкі, кожнага дрэўца, і стане чалавекам усёведаючым і шчасьлівым.
Да папараць кветкі выцягіваюць рукі ня толькі дарослые-сталые; малые дзеткі таксама сушуць свае сьветларусые галоўкі, як здабыць гэту цудоўную кветку у страшную Купальскую ночку.
— „Пойдзем“ — не раз у маленкосьці бяруцца брат с сятрычкай за ручкі — „будзем маліцца“, шэпчуць дробнымі губкамі… Іх нявінные сэрцы і самі праз сябе прачуваюць, што душа чыстая павінна быць дапушчана да цуду.
Верце, дзеткі беларускіе, верце: цэлы сьвет вам падтакне, што вы заслужываеце на папараць кветку, на папараць кветку сымвал — знаньня, навукі!!
Мацей Крапіука.