Перайсці да зместу

Лучынка (часопіс)/4/Паветра

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шчодрая афяра Паветра
Публіцыстыка

1914 год
⁂ (Баліць душа мая і сэрцэ цяжка б’ецца…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паветра.

Заўсёды бывае так, што чым звычайней якая небудзь рэч, тым меней мы аб ёй знаем, бо наагул усім звычайным чалавек цікавіцца мала. Што, напрыклад, можа быць звычайней за паветра? — хіба толькі вада, ды земля. А тым часам, калі спытаць якога небудзь дабрадзея, нават і не саўсім цёмнага, а трохі адукаванага, што гэта за яно паветра, то бадай што заўсёды пачуеш такі атказ: што-ж, ведама, паветра — пустата і болей нічога. І такі пагляд на паветра саўсім зразумелы, бо паветра не мае ніякога коляру, ну і здаецца чалавеку, быццам паветра і сапраўды пустата. Але кожын вельмі лёгка можэ праканацца, што гэта не так, што паветра не пустата. Калі паматаць рукой у паветры каля твару, то пачуеш, як у твар дзьме вецяр, — ось гэты то вецяр і ёсьць паветра. Ну, каліб паветра было пустата, то гэтага ветру быць бы не магло, бо ня было-б чаму рухацца. Есьць і другі спосаб праканацца, што паветра не пустата. Возьмем якую небудзь пасудзіну і двойчы яе зважым: перш разам с паветрам, а пасьля пустую, высмактаўшы з яе паветра насосам. Пакажэцца, што пасудзіна разам с паветрам ваду важуць болей, чым тая-ж пасудзіна пустая, а гэта можа быць толькі дзеля таго, што паветра мае вагу. А раз гэта так, раз паветра мae вагу, значыць яно не пустата, бо пустата, ведама як пустата, нічога важыць ня може.

Калі-б паветра на ўсякай вышыні ад зямлі мела адну вагу, як у нізі — гэтак і ў версі, то тады-б таўсьціня паветровага слою над зямлёй, ці як кажуць, таўсьціня атмасфэры, мела-б 12 вёрст — значыцца, калі б мы зляцелі на вышыню 12 вёрст ад зямлі, то выжэй бы паветра ня было. Але, калі мы зважым якую небудзь пасудзіну разам с паветрам, узятым зьнізу, і тую ж пасудзіну разам с паветрам, узятым на версі, то пабачым, што паветра ў нізе мае большую вагу, чым у версі; чым выжэй, тым вага паветра ўсё зьменшаецца і зьменшаецца, ці кажучы іначэй, паветра робіцца ўсё радзейшым і радзейшым. Праз гэта таўсьціня атмасфэры куды болей чым 12 вёрст; некаторые вучоные лічуць, што яно даходзіць 300 вёрст, але большая частка вучоных думаюць, што паветра ёсьць усюды, на ўсякай, самай вялікай вышыні, толькі там яно вельмі рэдкае.

Аднак, хоць паветра ёсьць ўсюды на ўсякай вышыні, жыць чалавек можа толькі саўсім нізка ліну зямлёй. А гэта за тым, што паветра чым выжэй, дык усё радзейшае і радзейшае і разам с тым усё меней дагоднае для дыханьня чалавека. Ужо на горах, што маюць у выжыню 4-5 вёрст, паветра такое рэдкае, што дыхаць ім чалавек можэ толькі з вялікім трудам. А выжэй — ешчэ цяжэй. Аб гэтым добра даведаліся авіатары, тые людзі, што лётаюць па паветры.

Аднаму з іх, французскаму вучонаму Гэ-Мосаку, здарылося ўзляцець на выжыню 12 вёрст, дык ён тамака ледзь не задушыўся, і толькі шчаслівы прыпадак выратаваў яго ад сьмерці.

Ізноў-жэ такі, жыць высока над зямлёй чалавеку не дазваляе сьцюжа, што пануе там. Каб зразумець аб ёй, даволі сказаць, што ўжо на горах, што маюць на 4-5 вёрст у выжыню, ляжыць вечны, ніколі не таючы сьнег, а ў таго самага Гэ-Масака, што узляцеў на выжыню 12 вёрст, уся адзежа на целі парабілося ад сьцюжы каляная. Разумецца, што ў такіх варунках чалавек жыць ня можэ.

Усе такіе рэчы, як паветра, каторые здаюцца чалавеку пустатой і каторые усёж-ткі можна абмацаць, называюцца газамі. Газаў багата ёсьць ў прыродзе, лічуць нават, што з усякай рэчы, з усякага матэр‘ялу пры спрыяючых варунках можэ зрабіцца газ. Калі мы будзем нагрэваць кавалак лёду, дык ён хутка зробіцца вадой. Прапускаючы праз гэтую ваду электрычэства, тое самае, што ідзе па тэлеграфнаму дроту, мы пабачым, як з вады зробюцца два газы: вадарод і кісларод. А з вадароду, ды кіслароду можна ізноў зрабіць ваду, а з вады лёд. Але наагул зрабіць газ жыдкім, цякучым, такім як вада, ці алей, вельмі трудна, хоць усё-ж ткі можна. Для гэтага трэба вельмі моцна ціснуць на газ асобымі прыладамі, і каб пры гэтым быў надта вялікі холад. Такім чынам зрабілі цякучымі ўсе газы: ёсьць цякучы вадарод, кісларод, цякучае паветра і іншые.

Значыцца, паветра — гэта газ, але газ ня просты, а складны, бо, як даведаліся вучоные людзі, павятра складаецца з неколькіх газаў. Глаўнейшые між гэтых газаў — кісларод і азот; апрача гэтага ёсьць ешчэ трошкі вуглянога квасу.

Усе гэтые газы выгледаюць як адзін, але між імі ёсьць значная рожніца. У кіслародзе усё добра гарыць, а вугляны квас і азот — наадварот — гасюць усякі агонь. Цяжэйшы з іх вугляны квас, а затым кісларод, а лягчэйшы — азот.

З усіх гэтых газаў найвялікшую цану для чэлавека мае кісларод. Для жыцьця чэлавека ён патрабнейшы за ўсё; калі не хапае кіслароду, чэлавек памірае. Каб зразумець усё значэньне кіслароду для чэлавека, скажэмо колькі слоў аб кругавароце крыві ў целі чэлавека. Як усім ведама, ў чалавека у грудзёх знаходзіцца сэрцэ; ад яго, ідзе таўстая жыла аорта, ад каторай расходзіцца па усім целі багата дробных жылак, а ад іх ідуць ешчэ данчэйшые, і праз гэта кроў ёсьць па усім целі; даволі, напрыклад, кальнуць руку іголкай, каб пацякла кроў. Па аорце і па гэтых дробных жылках кроў ідзе чыстая, карысная для чэлавека. Другіе — тонкіе жылкі — гэтак сама параскіданые па ўсім целі, злучаюцца адна з адной і па крысе зьбіраюцца ў таўстые жылы. Па гэтых жылах ідзе ўжо нячыстая, шкодная для чалавека і, праходзючы праз лёгкіе, яна і ачышчаецца кіслародам, каторы трапляе у лёгкіе разам с паветрам і праціскаецца праз тонкіе сьценкі жылак у самую кроў. Зрабіўшыся ізноў чыстай, кроў з лёгкіх ідзе далей у сэрцэ, аткуль ізноў трапляе ў аорту і т. д.

З гэтага мы бачым, якое вялікае значэньне для чэлавека мае кісларод: ён ачышчае брудную кроў, вельмі шкодную для чэлавека; і калі як небудзь затрымаць доступ паветру ў лёгкіе, а разам з ім і кіслароду, то брудная кроў не ачышчаецца, і чэлавек умірае, ці як кажуць, душыцца.

Аднак, калі дыхаць саўсім чыстым кіслародам, то дыханьне і наагул усё жыцьцё ў целі чэлавека ідзе вельмі хутка, хутчэй чым трэба, і дзеля гэтага саўсім чысты кісларод шкодны для дыханьня. Тады-ж, калі трэба падтрымаць сілы уміраючага, яму даюць ўдыхаць чысты кісларод; глытаючы яго, чэлавек жыве ешчэ праз колькі гадзінаў.

Насколькі кісларод карысны для чэлавека і наагул для жывёлаў, настолькі вугляны квас шкодны для іх, бо, трапляючы ў кроў, ён атручае яе. Дыхаючы, чэлавек, як і іншые жывёлы, глытае толькі кісларод, а выдыхае вугляны квас. Вугляны квас заўсёды знаходзіцца ў паветры, толькі яго супроць кіслароду саўсім мала, а таму ён зазвычай і ня можэ вельмі шкодзіць чэлавеку. Але, калі яго зьбіраецца багата, тады ад яго можна нават памерці. Каля гораду Нэаполю, ў Італіі, ёсьць так званая „сабачая пячэра“. У ёй знаходзіцца шмат вуглянога квасу, што выходзе сам з зямлі, але ён, як цяжэйшы за паветра, трымаецца пры самым нізе, у аршын над зямлёй, а на версі знаходзіцца паветра. Праз гэта чалавек бяз шкоды для сябе можэ увайсьці ў гэтую пячэру, тым часам сабака, як толькі ўскочэ туды, зараз здыхае: яго атручае вугляны квас. Затым-то гэтая пячэра і завецца „сабачай“.

А для расьлінаў вугляны квас вельмі карысны, і так сама патрэбны ім, як чалавеку кісларод; бо расьліны удыхаюць вугляны квас, а выдыхаюць кісларод, каторы ўдыхае чалавек і ўсе жывёлы. Такім парадкам робіцца вечны кругаварот частак паветру ў прыродзе і нішто ня гіне марна.

Што датыча азоту, то для жывёлаў ён не мае ніякага значэньня сам праз сябе, за тое для расьлінаў азот вельмі важная рэч, бо яны ім жывюцца. Большая частка расьлінаў ня можэ цягнуць азоту проста с паветру, і прымушаны здаволівацца тым азотам, што ёсьць у зямлі. Але ёсьць і такіе расьліны, што могуць цягнуць азот ня толькі з зямлі, але і проста с паветру.

Гэта — так званые бабовые, або матыльковые расьліны, напр. боб, гарох, віка. На іхніх карэньнях нарастаюць гузочкі, ў каторых ёсьць вельмі дробные жывучкі — бактэрыі. От гэтые то бактэрыі і цягнуць азот с паветру. Калі пасьля гэтые расьліны зьгніваюць, азот ўсё-ж ткі застаецца ў зямлі і такім чынам узбагачывае глебу.

„Апрача ўсіх гэтых газаў, у паветры ёсьць ешчэ вадзяная пара, с каторай робіцца дождж і сьнег; ёсьціка ешчэ і дробные жывучкі — бактэрыі і бацыллы, у тым ліку і бацыллы заразлівых хваробаў. Разам с паветрам яны трапляюць у цела чалавека і заражаюць яго. Усяго болей гэтых бактэрый каля гарадоў, фабрыкаў і заводаў, а ўсяго меней іх на палёх і ў лясох, і таму лясное і польнае паветра карысьней за ўсякае іншае для здароўя чалавека.

Пулавы.

А. Бал